Культура Беларусі ў 20 ст.

Культурнае жыццё Беларусі ў часы ваеннага ліхалецця (1914-1921). Культурнае жыццё ў БССР у часы беларусізацыі (1920-я гады)і у другой палове 20 ст., а таксама Заходняй Беларусі (1921-1939). Культура Беларусі і беларускага замежжа на сучасным этапе.

Рубрика Культура и искусство
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 14.02.2014
Размер файла 41,5 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Культура Беларусі ў 20 ст.

1. Культурнае жыццё Беларусі ў часы ваеннага ліхалецця (1914-1921).

Першая сусветная вайнай вогненным катком пракацілася па Беларусі, прынёсшы з сабой незлічоныя беды і пакуты для яе жыхароў. У 1915 г. каля 2 млн. беларусаў - пераважна з Віленскай і Гродзенскай губерняў - вымушаны былі пакінуць родныя хаты і выехаць у бежанства на ўсход. На некалькі гадоў беларускую зямлю падзяліла лінія фронту. Вільня і Гародня апынуліся пад нямецкай акупацыяй, а Мінск, Віцебск і Магілёў - у прыфрантавой паласе расійскай арміі.

Натуральна, што ў ваенным часе праблемы культуры адступаюць на другі план. Але і ў гэтых неверагодна складаных умовах беларускія дзеячы спрабавалі рабіць справу на карысць нацыянальнага адраджэння. Тыя з іх, якія апынуліся ў акупаванай у 1915 г. немцамі Вільні, імкнуліся выкарыстаць той момант, што немцы гатовы былі ў пэўнай ступені падтрымаць беларускую культуру (гэтай падтрымкай, якую нельга таксама перабольшваць, немцы спрабавалі стварыць працівагу вельмі агрэсіўнаму польскаму руху). Беларускія дзеячы атрымалі магчымасць займацца культурна-асветнымі справамі, не закранаючы палітыкі. У выніку першая беларуская школка ў зоне нямецкай акупацыі паўстала ўжо ў 1915 г. Восенню 1916 г. была ўтворана Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, у якой да 1918 г. прайшлі перападрыхтоўку 144 настаўнікі. Вясной 1918 г. налічвалася ўжо паводле розных звестак некалькі соцен школак з беларускай мовай навучання. Беларускія дзеячы, у першую чаргу Вацлаў Ластоўскі, наладзілі ў Вільні выданне беларускамоўных падручнікаў. За 1915-1918 гг. тут убачылі свет 9 такіх падручнікаў. Прычым большасць з іх падрыхтаваў да выдання сам Вацлаў Ластоўскі, які выконваў проста каласальны аб'ём работы. У 1916 г. у Вільні быў створаны беларускі тэатр пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. Гэты тэатр ставіў творы Э.Ажэшка, перакладзеныя на беларускую мову, а таксама драматычныя творы самаго Ф.Аляхновіча. Тэатральныя пастаноўкі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. пачало актыўна развівацца беларускае культурнае жыццё, у тым ліку і школьніцтва на беларускай мове, таксама ва Ўсходняй Беларусі. У верасні 1917 г. Радаслаў Астроўскі арганізаваў першую ў гісторыі беларускую гімназію ў Слуцку. Асабліва актыўна пачало развівацца беларускае нацыянальна-культурнае жыццё пасля абвяшчэння ў Мінску ў сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта ў сферы культурна-асветніцкай дзейнасці ўрад БНР дасягнуў найбольшых поспехаў за кароткі часовы адрэзак свайго існавання. Беларускія культурна-асветныя арганізацыі паўсталі таксама ў Пецярбурзе, Маскве і многіх іншых гарадах Расіі і Украіны, дзе былі значныя асяродкі бежанцаў з Беларусі.

У Вільні, Мінску, Гародні і інш. гарадах выходзілі ў той час дзесяткі беларускіх кніг і перыядычных выданняў. Толькі за 1918 г. убачылі свет 35 кніжак на беларускай мове, з іх 28 у Вільні і 4 у Мінску. Сярод гэтых кніг можна вылучыць “Граматыку“ Браніслава Тарашкевіча, якая стала падставай для развіцця беларускага правапісу. У 1919-1920 гг. былі выдадзены такія падручнікі на беларускай мове, як “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі“ Усевалада Ігнатоўскага, “Геаграфія Беларусі“ Аркадзя Смоліча, “Гісторыя беларускай літаратуры“ Максіма Гарэцкага“. Гэтыя кнігі прызначаліся найперш для беларускага школьніцтва. У 1918 г. у часе дзейнасці ў Мінску ўрада БНР была зроблена спроба ўтварэння першага ў гісторыі Беларускага Народнага Універсітэта. Тады ж у Мінску былі заснаваны курсы беларусазнаўства для настаўнікаў.

У красавіку 1917 г. паўстала Першае таварыства Беларускай драмы і камедыі ў Мінску. У маі 1918 г. тут быў створаны Беларускі народны тэатр на чале з Фларыянам Ждановічам і Уладзіславам Галубком. У чэрвені 1918 г. у Мінск пераехаў з Вільні Ф.Аляхновіч і арганізаваў сваю тэатральную трупу.

Умовы для развіцця беларускай культуры ў ваенным часе былі вельмі няпростыя. На змену нямецкай акупацыі ў 1918 г. прыйшла ўлада бальшавікоў і палякаў, якія амаль няспынна ваявалі паміж сабой да 1921 г. І тыя, і другія часта разглядалі беларускіх дзеячоў як ворагаў і не ўспрымалі самую ідэю самабытнай беларускай нацыі. Беларускі ж рух не быў дастаткова моцным у палітычным і ваенным сэнсе, каб абараніць уласную дзяржаву. І ўсё ж разгляданы перыяд вельмі важны. Менавіта тады былі створаны інстытуцыалізаваныя формы для развіцця беларускай культуры, масавы характар набыло школьніцтва на беларускай мове, даволі шырока распаўсюдзіўся нацыянальны друк. У асяроддзі дзеячоў камуністычнай партыі беларускага паходжання сфармавалася дастаткова моцная плынь, прадстаўнікі якой былі прыхільнікамі адраджэння беларускай мовы і ўсебаковага развіцця беларускай культуры ва ўмовах пабудовы сацыялістычнага грамадства. Менавіта яны сталі галоўным рухавіком у правядзенні палітыкі беларусізацыі ў БССР у наступныя гады.

2. Культурнае жыццё ў БССР у часы беларусізацыі (1920-я гады)

Надзвычай цікавым перыядам у гісторыі беларускай культуры з'яўляюцца 1920-я гады. Гэты перыяд часта атаясамляецца з тэрмінам беларусізацыя, якім акрэсліваўся вельмі важны напрамак урадавай палітыкі ў БССР у галіне культуры. Б-ыя была накіравана на ўзвышэнне статусу беларускай мовы і нацыянальнай культуры ў жыцці рэспублікі. Падобныя працэсы адбываліся тады і ў іншых рэспубліках СССР, але галоўнай падставай Б-ыі ўсё ж можна лічыць нацыянальнае адраджэнне пачатку 20 ст., ідэі якога захапілі шырокія колы беларускай інтэлігенцыі. Афіцыйна пачаткам Б-цыі лічыцца 1924 г., хаця праявы яе адчуваліся ў палітыцы ўрада БССР ужо з 1920 г.

Галоўным кірункам беларусізацыі стаў перавод на беларускую мову сістэмы адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Напрыклад, у 1922 г. каля 20 % пачатковых школ працавалі на беларускай мове. У1925/26 навучальным годзе ўжо каля 80 % пачатковых школ перайшло на беларускую мову навучання, а таксама каля 40 % сямігодак ( у 1924/25 гг. - усяго 1,6 %). У праграму навучання ўсіх школ на тэрыторыі БССР абавязкова ўводзіліся беларуская мова, гісторыя і геаграфія. Беларусізацыя датычыла таксама прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў ( у 1925 г. ужо каля 60 % гэтых устаноў было пераведзена на беларускую мову). Значна складаней выглядала справа з вышэйшай школай. Трэба прызнаць, што ў 1920-я гады назіралася даволі бурнае развіццё вышэйшай адукацыі ў БССР. Так, у 1921 г. быў утвораны БДУ, які стаў галоўнай навучальнай установай рэспублікі. Неўзабаве паўстала яшчэ некалькі ВНУ. Выкладчыцкі корпус фармаваўся з навуковых кадраў, выхаваных у царскія часы. Пры агульнай высокай навуковай культуры, яго прадстаўнікі слаба валодалі ў большасці сваёй беларускай мовай, а некаторыя ставіліся да яе проста недабразычліва. Так, у БДУ сярод выкладчыкаў-беларусаў толькі 29 % прызналі, што дастаткова добра валодаюць беларускай мовай. Усяго ж выкладчыкі-беларусы складалі 25 % выкладчыцкага корпусу ў двух ВНУ Мінска - БДУ і БСГА (сельска-гаспадарчая акадэмія), у той час як студэнты-беларусы - 45 %. У 1925/26 г. толькі 14 % лекцыйных гадзін у БДУ выкладалася на беларускай мове. Але, нягледзячы на ўсе праблемы, справа беларусізацыі памалу пасоўвалася наперад. Асабліва папулярнай была беларуская мова і культура сярод навучэнцаў мінскага педагагічнага тэхнікума.

У рэчышчы палітыкі беларусізацыі былі пераведзены на беларускую мову выдавецкая справа і друк БССР. Так, у 1921 г. у рэспубліцы была выдадзена 141 кніга на расійскай мове і 22 на беларускай. У 1925/26 г. убачылі свет 107 беларускіх кніг і 7 расійскіх. У 1927 г. у БССР выходзілі 10 газет на беларускай мове, 3 - на ідзіш, 3 - на расійскай мове, 2 - на польскай мове, 1 - на літоўскай. З 16 рэспубліканскіх часопісаў на беларускай мове выходзілі 10, у тым ліку і орган ЦК КПБ(б) “Бальшавік Беларусі“.

У 1920-я гады назіраецца бурнае развіццё навукі ў БССР. У 1922 г. быў створаны Інстытут Беларускай Культуры, які стаў галоўнай навучальнай установай рэспублікі. У 1929 г. на яго аснове паўстала Акадэмія Навук БССР. Асабліва актыўна развівалася беларусазнаўства. Вельмі шмат было зроблена ў кірунку вывучэння і ўнармавання беларускай мовы. Спецыяльна створаная тэрміналагічная камісія (1921) падрыхтавала 24 тамы беларускай тэрміналогіі. Быў выдадзены расійска-беларускі слоўнік М.Байкова і С.Некрашэвіча, які налічваў 60 тыс. слоў. У лістападзе 1926 г. у Мінску была праведзена канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу, для ўдзелу у якой сабралася 69 навукоўцаў з розных краін. У тым жа 1926 г. у Мінску прайшлі з'езды археолагаў і краязнаўцаў. Можна адзначыць высокі ўзровень гістарычнай навукі. Першым рэктарам БДУ быў бліскучы гісторык Уладзімір Пічэта. Вывучэннем гісторыі Беларусі ў тыя гады займаліся такія выдатныя даследчыкі, як Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аляксандр Цвікевіч, Усевалад Ігнатоўскі, Дзмітры Даўгяла. Гісторыю мастацтва Беларусі даследаваў Мікола Шчакаціхін. Савецкая ўлада аднак імкнулася кантраляваць адну з самых “ідэалагічных” навук. У 1926 г. было забаронена выданне “Гісторыі Беларусі“ Доўнара-Запольскага. Гэтая кніга дайшла да чытача ўжо толькі пасля “гарбачоўскай” перабудовы. Апроч гуманітарных навук актыўна развіваліся і прыродазнаўчыя. Асабліва бурна адбывалася геаграфічнае вывучэнне Беларусі такімі даследчыкамі як Смоліч, Гарэцкі, Грамыка, Азбукін. Навуковыя працы друкаваліся ў спецыяльных выданнях - “Запісы Інстытута Беларускай Культуры“, “Працы БДУ“, “ Наш край“ і інш.

Вельмі бурна развіваецца ў 1920-я гады літаратурнае жыццё. Актыўна працуюць у гэты час паэты-нашаніўцы Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля. Але ў літаратуру прыходзіць шмат маладых аўтараў, якія вылучаюцца надзвычай радыкальным стаўленнем да паэзіі і мастацтва ўвогуле. Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч закладаюць новую плынь, якую акрэслілі словам бурапенная. Гэты тэрмін выдатна адлюстроўваў сутнасць з'явы. Твор М.Чарота “Босыя на вогнішчы“ (1921 г.) прызналі першым па-сапраўднаму пралетарскім творам у беларускай літаратуры. Такая паэзія атрымала афіцыйную падтрымку партыйнай улады, якая бачыла ў літаратуры найперш сродак класавай барацьбы з буржуазіяй. У 1922 г. пачаў выходзіць часопіс “Полымя“. Гэты часопіс павінен быў служыць прапагандзе твораў новай пралетарскай літаратуры. У 1923 г. пачаў выходзіць часопіс “Маладняк“, вакол якога паўстала арганізацыя маладых пісьменнікаў пад такой жа назвай. У хуткім часе гэтая арганізацыя налічвала ўжо каля 500 сяброў і мела філіі ў розных гарадах БССР. Пісьменнікі-нашаніўцы (Купала, Колас і інш.) сустрэліся з вострай крытыкай маладых. Гэтую крытыку падтрымалі і партыйныя органы. Пасля выхаду першага ж нумару быў забаронены часопіс “Адраджэнне“, у якім сярод іншых твораў былі надрукаваны фрагменты “Новай Зямлі“ Я.Коласа. Гэты твор, які стаў пазней гонарам беларускай літаратуры, абвінавачвалі ў “дзікім нацыянальна-інтэлігенцкім патрыятызме і сялянскіх звычаях“. У 1926 г. адбыўся раскол “Маладняка“. Частка выступіўшых з яго літаратараў утварыла арганізацыю “Узвышша“. Гэтыя літаратары не маглі пагадзіцца з “пралеткультаўскім“ прымітывізмам, поўным адмаўленнем літаратурнай спадчыны. “Узвышша“ зграмадзіла наймацнейшых маладых аўтараў - Кузьму Чорнага, Кандрата Крапіву, Язэпа Пушчу, Уладзіміра Дубоўку і інш. У 1927 г. старэйшыя пісьменнікі і частка былых “маладнякоўцаў“ утварылі літаратурнае аб'яднанне “Полымя“. У гэтае аб'яднанне ўвайшлі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот і інш. Але плюралізму літаратурнага жыцця ў БССР паступова прыходзіў канец. У маі 1928 г. ЦК КПБ(б) прыняў пастанову “Аб беларускай мастацкай і літаратурнай крытыцы“. З гэтага часу партыйныя органы пачалі манапольна кіраваць літаратурай, адвольна вызначаць грамадскую актуальнасць ці шкоднасць тых ці іншых твораў. За верш “Пасеклі край наш папалам“ быў высланы ў 1929 г. за межы БССР паэт Алесь Дудар. Былі прызнаны шкоднымі сатырычны твор “Запіскі Самсона Самасуя“ Андрэя Мрыя і паэма “Лісты да сабакі“ Язэпа Пушчы. Узмацнілася крытыка творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Актыўна развіваецца ў БССР у 1920-я гады тэатральнае жыццё. У 1920 г. у Мінску быў урачыста адчынены Беларускі дзяржаўны тэатр. У гэтым тэатры дзейнічалі беларуская, расійская і яўрэйская трупы. Беларуская трупа ставіла “Паўлінку“ і “Раскіданае гняздо“ Я.Купалы, “Машэку“, “Кастуся Каліноўскага“, “Каваля-ваяводу“ Я.Міровіча. Апошні з 1921 па 1931 г. быў мастацкім кіраўніком тэатра. У 1920 г. у Мінску таксама быў заснаваны тэатр пад кіраўніцтвам У.Галубка, які ў 1926 г. быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр. У. Галубок стаў першым народным артыстам БССР. У 1926 г. у Віцебску быў утвораны Другі Беларускі Дзяржаўны Тэатр (БДТ-ІІ). У рэпертуары беларускіх тэатральных калектываў вялікую ролю адыгрывалі беларускамоўныя творы, прысвечаныя праблемам нацыянальнай гісторыі. Але такая сітуацыя не задавальняла савецкую ўладу. Партыйныя органы настойвалі на тым, каб у рэпертуары пераважалі бальшавіцкія творы, такія як “Мяцеж“ Дз.Фурманава, “Разлом“ Лаўранёва і т.п. У 1928 г. па гэтай праблеме адбылася дыскусія ў друку, у выніку якой прыхільнікі самабытнасці беларускага тэатру былі жорстка раскрытыкаваны партыйнымі ўладамі. Афіцыйная палітыка партыі ўсё больш накіроўвалася на выцясненне п'ес, прысвечаных нацыянальнаму жыццю беларускага народа. Былі, напрыклад, забаронены п'есы “Апраметная“ Шашалевіча і “Тутэйшыя“ Купалы.

Важнай з'явай разгляданага перыяду стала нараджэнне беларускага кіно. Ужо ў 1922 г. было створана Упраўленне па справах кінематаграфіі “Кінорэсбел“, якая, аднак, праз год была распушчана. У 1924 г. паўстала новая арганізацыя - Белдзяржкіно. Была таксама створана кінастудыя “Савецкая Беларусь“. Вытворчасць фільмаў у Беларусі пачалася з дакументальнай хронікі, якая павінна была ўслаўляць будаўніцтва новага грамадства. Першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль“ стварыў у 1926 г. рэжысёр Юры Тарыч па сцэнару Міхася Чарота. У фільме распавядалася пра беларускіх партызанаў. Другі фільм Ю.Тарыча “Да заўтра“ (1929 г.) быў прысвечаны жыццю беларусаў у польскай дзяржаве. У 1929 г. рэжысёр У. Гордзін стварыў фільм “Кастусь Каліноўскі“. Такім чынам, першыя беларускія мастацкія фільмы вылучаліся нацыянальным кірункам сваёй тэматыкі.

Цэнтрам выяўленчага мастацтва ў Беларусі напачатку 1920-х гадоў быў Віцебск, дзе працавалі такія выдатныя мастакі, як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мсціслаў Дабужынскі, Юдаль Пэн. Заснавальнік стылю супрэматызм К.Малевіч утварыў аб'яднанне мастакоў “УНОВІС“ (ад рускага слова уновись). Яго сябры лічылі, што паколькі стары свет разбураны, дык мастацтва таксама павінна выпрацаваць новыя формы. Аднак у 1922 г. гэтае аб'яднанне было зачынена. Многія мастакі (у тым ліку М.Шагал і К.Малевіч) пакінулі Віцебск.

У канцы 1920-х гадоў у грамадскім жыцці БССР усё болей пачынаюць выяўляцца рысы надыходзячага таталітарызму, які грунтаваўся на ўсхваленні і абагаўленні асобы Сталіна. Гэтая тэндэнцыя мела агульны характар для ўсіх рэспублік вялізнага Савецкага Саюза. Тэорыя аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры пабудовы сацыялізму апраўдвала фізічнае вынішчэнне ўсіх нязгодных з новым курсам. У 1930 г. органы ДПУ “выкрылі“ антысавецкі “Саюз Вызвалення Беларусі“, які складаўся з выдатных дзеячоў беларускай культуры. У выніку сфабрыкаванага судовага працэсу было выслана за межы БССР звыш 80 дзеячоў культуры і навукі. У 1933 г. зноў быў выкрыты міфічны Беларускі Нацыянальны Цэнтр. У выніку новага судовага працэсу было рэпрэсавана каля 160 чалавек. І махавік жорсткіх і бессэнсоўных рэпрэсій з кожным годам набіраў абароты. На працягу 1930-х гадоў быў фактычна знішчаны ўвесь цвет беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і многія з тых, хто самааддана служыў савецкай уладзе. А тыя ж, хто захаваў жыццё, як, напрыклад, Я.Купала і Я.Колас, павінны былі ўслаўляць “вялікага Сталіна“ і адракацца ад сваіх загінуўшых сяброў. У літаратурным жыцці і мастацтве адбываюцца працэсы прымітывізацыі, грубай сацыялагізацыі, катастрафічна падае ўзровень навукі, асабліва гуманітарнай. Усё гэта мела страшэнныя наступствы для развіцця беларускай культуры, у якой толькі пачалі ў 1920-я гады па-сапраўднаму фармавацца многія высокія кірункі. Гэтыя наступствы наклалі адбітак на працэс развіцця беларускай культуры на працягу ўсяго 20-га стагоддзя.

3. Культура Заходняй Беларусі (1921-1939)

У выніку Рыжскай мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расіяй заходнія землі Беларусі апынуліся ў складзе польскай дзяржавы - ІІ Рэчы Паспалітай. Беларускае насельніцтва пражывала пераважна ў складзе чатырох ваяводстваў - Беластоцкага, Віленскага, Наваградскага і Палескага. Умовы для развіцця беларускай нацыянальнай культуры ў міжваеннай польскай дзяржаве былі вельмі неспрыяльнымі. Польскі ўрад праводзіў палітыку моўнай асіміляцыі беларускага сялянскага насельніцтва. Напрыклад, у 1928 г. налічвалася ўсяго 21 дзяржаўная школа, у якой выкладанне вялося па-беларуску, і яшчэ 44 т. зв. утраквістычныя школы, дзе беларуская мова суіснавала з польскай. Але ў рэчаіснасці асноўныя прадметы ў такіх школах выкладаліся па-польску. Змаганне за права беларускага насельніцтва вучыць дзяцей на роднай мове вяло Таварыства Беларускай Школы (1921-1937). У 1928 г. гадоў гэтае таварыства налічвала каля 10 тыс. сяброў. Яго актывісты сабралі ў 1924-1925 гг. каля 16 тыс. дэкларацый на адкрыццё 412 беларускіх школ. Але патрабаванні беларускага насельніцтва ігнараваліся ўладамі, а актывісты ТБШ жорстка пераследаваліся паліцыяй. Гэтаму садзейнічала і тое, што КПЗБ (Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі), якая мела вельмі моцныя ўплывы ў ТБШ, штурхала гэтую арганізацыю на палітычныя крокі і тым самым аблягчала заданне польскай паліцыі і аслабляла беларускую культурна-асветніцкую працу. Яшчэ адной беларускай культурна-асветнай арганізацыяй быў Інстытут Беларускай Гаспадаркі і Культуры. Гэтую арганізацыю па-сутнасці ўзначальвалі каталіцкія ксяндзы, якія мелі беларускую нацыянальную свядомасць і змагаліся за тое, каб каталіцкі касцёл на беларускіх землях адпавядаў нацыянальнаму характару насельніцтва. Гурткі ТБШ і БІГіКу ўтваралі ў мястэчках і вёсках беларускія бібліятэкі і хаты-чытальні, драматычныя гурткі. Асаблівай папулярнасцю сярод сялянскага насельніцтва карысталіся пастаноўкі беларускіх п'ес, наладжаныя гэтымі драматычнымі гурткамі. Актывісты вясковых гурткоў працавалі ў неверагодна цяжкіх умовах, рэдка каму з іх удавалася пазбягаць арыштаў і жорсткіх фізічных катаванняў у паліцэйскіх пастарунках.

Вельмі важнымі асяродкамі нацыянальнай культуры з'яўляліся беларускія гімназіі ў Вільні, Наваградку, Клецку і Радашковічах. Гэтыя гімназіі не толькі давалі магчымасць беларускай вясковай моладзі атрымаць добрую адукацыю на роднай мове, але і рабілі іх свядомымі патрыётамі свайго краю. Таму беларускія гімназіі адчувалі моцны ціск з боку ўладаў, якія ўвесь час абвінавачвалі іх у антыдзяржаўнай дзейнасці. Так, у 1929 г. была зачынена Радашковіцкая гімназія, якая налічвала на той час 240 вучняў. Услед за ёй зачынілі і Клецкую гімназію, а гімназіі ў Вільні і Наваградку былі пераўтвораны ў філіі польскіх дзяржаўных гімназій. Так мэтанакіравана праводзілася палітыка на поўнае знішчэнне беларускага школьніцтва. У выніку напачатку 1930-х гадоў сярод студэнтаў Віленскага універсітэта беларусаў налічвалася ўсяго каля 2 %. У 1937 г. захавалася толькі 5 утраквістычных дзяржаўных школаў, а яшчэ ў 44 польскіх школах беларуская мова выкладалася як прадмет. Аднак, нягледзячы на катастрафічны стан беларускамоўнай адукацыі, дзяржаўная палітыка паланізацыі беларусаў так і не дасягнула поспеху. Наадварот, часта яна выклікала нянавісць да польскай дзяржавы сярод шырокіх пластоў насельніцтва, што ў будучым мела вельмі адмоўныя наступствы для польска-беларускіх нацыянальных стасункаў.

Цэнтрам беларускага культурнага жыцця ў міжваеннай польскай дзяржаве была Вільня.Так, за гэты час у ІІ Рэчы Паспалітай убачылі свет 233 выданні на беларускай мове, а з іх 221 выйшла ў Вільні. У Вільні актыўна працавалі на беларускай культурніцкай ніве такія дзеячы як ксёндз Адам Станкевіч (лідэр беларускага каталіцкага руху), Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі і мн. інш. Палітычныя лідары беларускага руху ў польскай дзяржаве таксама былі творчымі людзмі, якія пакінулі свой след у нашай культуры - Браніслаў Тарашкевіч (у польскай турме перакладаў на беларускую мову літаратурную класіку), Ігнат Дварчанін (даследаваў жыццё і творчасць Ф.Скарыны), Сымон Рак-Міхайлоўскі (пісаў музыку на вершы беларускіх паэтаў) і інш.

Палітыка аказвала вельмі моцны ўплыў на творчасць пісьменнікаў Заходняй Беларусі, якая прасякнута матывам нацыянальнага адраджэння, вызваленчай барацьбы супраць нацыянальнага ўціску. У гэты час прыйшлі ў беларускую літаратуру Максім Танк, Піліп Пястрак, Алесь Салагуб, Міхась Васілёк, Міхась Машара, Ніна Тарас, Валянцін Таўлай, Пятрусь Граніт, Пётра Сяўрук і інш. Вышэйназваныя аўтары былі бліжэй да грамадоўскага лагеру (ад назвы Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады - самай масавай беларускай палітычнай арганізацыі ў ІІ Рэчы Паспалітай), паходзілі з сялянства, вялікую ўвагу надавалі сацыяльна-класавым праблемам. Многія з іх прытрымліваліся левых поглядаў, сімпатызавалі КПЗБ. Другая плынь беларускіх літаратараў адмоўна ставілася да камунізму, бачыла выратаванне Беларусі толькі ў нацыянальным адраджэнні і хрысціянскіх ідэях. Да іх ліку належыць аднесці Макара Краўцова, Наталлю Арсеньеву, Андрэя Зязюлю, Казіміра Сваяка, Вінцука Адважнага.

Беларуская высокая культура ў польскай дзяржаве не зводзілася толькі да літаратуры. Вельмі вялікай папулярнасцю цешыўся Беларускі народны хор пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. На опернай сцэне блістаў спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, які быў шчырым беларускім патрыётам. У Вільні зграмадзілася колка выдатных беларускіх мастакоў - Язэп Драздовіч, Пётра Сергіевіч, Язэп Горыд, Міхал Сеўрук, Павел Южык і інш. Многія з іх прайшлі школу выдатнага майстра пейзажнага жанру Фердынанда Рушчыца, які выкладаў жывапіс у Віленскім універсітэце. Хоць Рушчыц лічыў сябе палякам, але шчыра любіў свой край і бескарысліва дапамагаў таленавітым беларускім хлопцам. Асабліва цікавай асобай быў Язэп Драздовіч. Яго творчасць вылучаецца арыгінальнасцю, сваёй касмічнай тэматыкай. Драздовіч быў адданым патрыётам Беларусі, чалавекам, абсалютна абыякавым да матэрыяльных дабротаў. Значную частку свайго жыцця ён прысвяціў таму, што блукаў па беларускіх вёсках сваёй роднай Дзісненшчыны і пісаў за невялікую плату карціны для сялян.

Большасць дзеячоў беларускай культуры, якія жылі і тварылі ў міжваеннай польскай дзяржаве, напаткаў вельмі трагічны лёс. Напачатку іх пераследавалі польскія ўлады, а пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР многія аказаліся ў кіпцюрах савецкіх карных органаў, паколькі іх светапогляд не адпавядаў патрабаванням таталітарнага рэжыму.

4. Культурнае жыццё ў БССР у другой палове 20 ст.

Культурнае жыццё савецкай Беларусі ў пасляваенныя гады вызначаецца шэрагам супярэчлівых з'яваў. З аднаго боку ў цяжкіх умовах пасляваеннага аднаўлення назіралася бурнае развіццё ў многіх сферах культурнага жыцця. Імкліва ўзрастала колькасць ВНУ, школ, культурна-асветных устаноў. Павышаўся ўзровень матэрыяльнага жыцця насельніцтва. Вялікая колькасць жыхароў Беларусі, асабліва сярод моладзі, шчыра верыла ў хуткую пабудову камуністычнага грамадства і не шкадавала сілаў дзеля гэтага будаўніцтва. Аднак нечалавечная таталітарная сістэма накладала свой жахлівы адбітак на культурнае жыццё, калечыла лёсы многіх дзеячоў культуры. Да 1953 г. не спыняўся махавік рэпрэсіяў, зацягваючы людзей у страшэнны вір Гулагу. Так, паўторна мусілі прайсці гэты шлях беларускія пісьменнікі Ст.Шушкевіч, С.Грахоўскі, А.Пальчэўскі, Б.Мікуліч.У літаратуры дамінаваў культ Сталіна, які знайшоў увасабленне ў сумна вядомым вершаваным віншаванні жывому богу ад беларускага народу. Вельмі адмоўнай праявай таталітарызму стаў наступ на рэлігію, які меў катастрафічныя наступсты для маральнага здароўя нацыі.

У сярэдзіне 1950-х гадоў адбываюцца істотныя змены ў жыцці савецкага грамадства, звязаныя з ХХ з'ездам КПСС і асуджэннем культу асобы Сталіна. Адбываецца масавае вяртанне вязняў, якія здолелі выжыць у Гулагу. Многія з рэпрэсаваных дзеячоў культуры былі пасмяротна рэабілітаваныя, што мела важнае значэнне для іх творчай спадчыны. Людзі мастацтва цяпер атрымалі больш шырокія рамкі для рэалізацыі сваіх творчых ідэй, хаця гэтыя рамкі па-ранейшаму вызначаліся партыйнай уладай.

У канцы 1950-х - 1960-я гады ў беларускую літаратуру прыходзіць новае пакаленне, якое часта называюць “шасцідзесятнікамі“. Менавіта ў 60-я гады раскрываецца шматгранны талент Уладзіміра Караткевіча (1930-1984). Ён пачынаў з паэтычных зборнікаў, але вядомасць атрымаў дзякуючы сваім творам у жанры гістарычнай прозы: “Каласы пад сярпом тваім“ (1968), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ (1972), “Чорны замак Альшанскі“ (1983). Менавіта на творах Караткевіча выхоўвалася любоў да роднай гісторыі ў цэлага пакалення беларускай моладзі, якая не магла знайсці праўды пра мінулае сваёй бацькаўшчыны ў абскубаных афіцыёзных падручніках па гісторыі БССР.

У 1960 г. з'яўляецца першая аповесць Васіля Быкава “Жураўліны крык“. Чалавек у жудасных умовах вайны - вось галоўная праблема, якая прыцягвала пісьменніка. У аповесці “Мёртвым не баліць“ (1965) ён паказвае жахлівую праўду, якую на той час паказваць было нельга. За “непраўдзівасць“ і “аднабаковасць“ пісьменніка жорстка крытыкавалі на розных узроўнях. Аднак час пасля “адлігі“ усё ж быў не такі жорскі, як пры Сталіне. Быкаў атрымаў магчымасць працаваць і друкавацца надалей, і беларуская літаратура ўзбагацілася цэлым шэрагам выдатных твораў, прысвечаных па-ранейшаму ваеннай тэматыцы. Менавіта з імёнам В.Быкава і У. Караткевіча і асыцыявалася у свядомасці адукаваных людзей у савецкі час беларуская культура за межамі нашай рэспублікі. Хаця можна назваць яшчэ нямала вельмі яркіх беларускіх пісьменнікаў, і ў першую чаргу Івана Мележа.

Далёка за межамі Беларусі ведалі ў савецкія часы і музыкальны калектыў (як у той час гаварылі - вакальна-інструментальны ансамбль) “Песняры“. Яго стварыў у 1969 г. Уладзімір Мулявін (1941). Ансамбль асабліва плённа працаваў у стылі фольк - сучасная апрацоўка народных песен. Яго творчасць была адзначана на многіх міжнародных музычных фестывалях. Можна ўзгадаць такія апрацоўкі, як “Касіў Ясь канюшыну“, “Ой рана на Івана“, “Купалінка“, “Рэчанька“, “А ў полі вярба“. Своеасаблівай візітнай карткай “Песняроў“ сталі таксама песні “Алеся“, “Александрына“, “Жураўлі на Палессе ляцяць“.

Адным з ключавых працэсаў, які вызначаў у вялікай ступені кірунак развіцця беларускай культуры ў другой палове 20 ст., стаў працэс скарачэння сферы выкарыстання беларускай мовы і пераход большасці насельніцтва на расійскую мову. Вялікую ролю тут адыграла масавае перасяленне беларусаў з вёскі ў горад у 60-70-я гады. Паколькі беларускамоўнае гарадское асяроддзе было амаль знішчана ў 1930-я гады, дык беларуская мова ўспрымалася як вясковая, а ўчорашнія калгаснікі імкнуліся як мага хутчэй засвоіць больш прэстыжную ў іх вачах расійскую мову, каб такім чынам падвысіць свой статус. Але працэс выцяснення беларускай мовы распачаўся ўжо адразу пасля вайны. У 1952 г. у Мінску налічвалася ўсяго 9 беларускіх школ з 46 ( у 1945 г. было 14 з 28). А ў чэрвені 1953 г. апошні раз беларуская мова прагучала на пленуме ЦК КПБ(б). Кіраўнік КПСС Мікіта Хрушчоў, пад час свайго візіту ў Мінск, адкрыта прызываў моладзь пераходзіць на рускую мову з мэтай больш хуткай інтэграцыі ў нацыянальную супольнасць новага тыпу - савецкі народ. Такую пазіцыю цалкам падтрымлівала і партыйнае кіраўніцтва ў Мінску. У выніку ў 1985 г. толькі 23 % школ у Беларусі лічыліся беларускамоўнымі. Амаль цалкам была выцеснена беларуская мова з устаноў вышэйшай адукацыі. У 1985 г. з 3431 кнігі, выдадзенай у БССР, толькі 393 былі на беларускай мове. З 212 газет на беларускай мове выходзілі 130, але яны складалі толькі трэць агульнага накладу. У выніку беларуская мова і нацыянальная культура апынуліся на мяжы амаль поўнага знікнення. Сярод еўрапейскіх народаў параўнальныя па маштабам працэсы назіраліся толькі сярод невялікага народу лужыцкіх сербаў у ГДР. Аднак большасцю насельніцтва БССР гэтыя працэсы ўспрымаліся як цалкам нармальныя і нават пажаданыя. Парадаксальнасць сітуацыі заключалася аднак у тым, што найлепшыя творы культуры, якія з'явіліся ў БССР, былі менавіта беларускамоўнымі. У адрозненне ад ірландцаў, якія стварылі магутную літаратуру на ангельскай мове, у разгляданы перыяд так і не паўстала самабытная расійскамоўная культура Беларусі. Гэты факт сведчыў, што беларуская культура, і ў тым ліку беларуская мова, захоўвае ў сабе вельмі магутны творчы патэнцыял, які грунтуецца на багацейшай і цалкам самабытнай культурна-гістарычнай спадчыне.

5. Культура Беларусі на сучасным этапе.

Вельмі істотныя змены ва ўмовах культурнага жыцця Беларусі адбыліся ў часы т. зв. гарбачоўскай перабудовы (пач. у 1985 г.). У грамадстве паступова набіралі сілу працэсы лібералізацыі і галоснасці. Абрынулася таталітарная аднапартыйная сістэма, якая дзесяцігоддзямі жостка кантралявала жыццё людзей у СССР. Неўзабаве разваліўся і такі б здавалася магутны Савецкі Саюз, і Беларусь стала незалежнай суверэннай дзяржавай. Але аказалася, што набыццё асабістай свабоды творчасці не гарантуе аўтаматычнага з'яўлення шэдэўраў літаратуры і мастацтва. Больш таго, многія прадстаўнікі творчага асяроддзя не здолелі адаптавацца да новых умоваў, надыход камерцыялізацыі культурнага жыцця, рынкавых адносінаў стаў для іх асабістай трагедыяй, выклікаў настальгію па старых часах, калі абласканыя ўладай пісьменнікі і мастакі мелі гарантаваны дабрабыт і магчымасць выдаваць і выстаўляць свае творы. Таму, напэўна, галоўным дасягненнем культурнага жыцця Беларусі ў перабудовачныя часы стала вяртанне імёнаў і твораў тых дзеячоў беларускай культуры, якія шмат гадоў замоўчваліся. Так, са «спецсховішчаў» былі вернуты і надрукаваны празаічныя творы А.Мрыя, М.Гарэцкага, А.Гаруна, Л.Калюгі, П.Галавача, В.Ластоўскага і г.д. Былі выдадзены таксама творы беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў Наталлі Арсенневай, Майсея Сяднёва, Алеся Салаўся і інш. З увагай і цікавасцю чытач сустрэў аповесці-ўспаміны беларускіх літаратараў, якія прайшлі пекла сталінскага гулагу: “Зона маўчання“ і “З воўчым білетам“ Сяргея Грахоўскага, “У кіпцюрах ГПУ“ Францішка Аляхновіча, “Споведзь“ Ларысы Геніюш і інш. культура беларусізацыі замежжа

Да найбольш трагічных тэмаў нядаўняй беларускай гісторыі і сучаснасці звяртаецца і класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў. Так, у 1993 г. была апублікавана яго аповесць “Сцюжа“, у якой паказана жыццё беларускай вёскі ў часе калектывізацыі і рэпрэсій. Пазней В.Быкаў усё часцей звяртаецца да новага для сябе літаратурнага жанру - прытчы, і спрабуе асэнсаваць праблемы сучаснага беларускага грамадства.

Перабудова выклікала ў беларускім адукаваным грамадстве абуджэнне цікавасці да гісторыі сваёй радзімы. З вялікай цікавасцю чытач сутрэў гісторыка-літаратурныя творы Кастуся Тарасава, Уладзіміра Арлова, Вітаўта Чаропкі. Да гістарычнай прозы звярнуліся Леанід Дайнека і Вольга Іпатава.

Многія пісьменнікі звярнуліся да найбольш трагічнай праблемы сучаснай беларускай гісторыі - Чарнобыля. Асаблівую вядомасць за межамі нашай краіны набыла “Чернобыльская молітва“ Святланы Алексіевіч, найбольш папулярнай рускамоўнай пісьменніцы Беларусі.

Адметнай з'явай тэатральнага жыцця Беларусі ў перабудовачныя часы стала стварэнне новых тэатральных калектываў. Так, у 1993 г. адкрыў свой першы сезон Дзяржаўны тэатр лабараторыя “Вольная сцэна“ (пазней Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі). Тэатральныя калектывы пачалі ўсё больш актыўна звяртацца да ідэі нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. У 1990 г. рэжысёр Мікалай Пінігін паставіў у Купалаўскім тэатры славутую п'су Я.Купалы “Тутэйшыя“. У 1991 г. ён ставіць спектакль “Ідылія“ паводле лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. Да беларускамоўнай драматычнай спадчыны пачалі звяртацца таксама Альтэрнатыўны тэатр, тэатр драмы “Дзе-Я?“ і інш. калектывы.

Найбольш яркай новай з'явай у музычным жыцці Беларусі стала творчасць беларускамоўных рок-гуртоў. У савецкія часы рок-музыка, якая з'яўляецца найбольш характэрнай асаблівасцю моладзевай культуры 20 ст., разглядалася ўладамі як праява буржуазнай масавай культуры, сродак абалваньвання моладзі, і знаходзілася па-сутнасці на паўлегальным становішчы. У перабудовачныя часы назіраецца імклівы рост зацікаўлення рокам у моладзевым асяроддзі. Паўстаюць беларускамоўныя рок-гурты - “Бонда“,“Мроя“, “Мясцовы час“ і інш. Большасць з іх у хуткім часе распадаецца, але на іх месца прыходзяць новыя. У беларускай рок-музыцы 1990-х найбольш значную ролю адыгралі такія гурты, як “Крама“, “Уліс“, “Новае Неба“. У апошнія гады несумненным лідарам у беларускай рок-музыцы стаў гурт “НРМ”.

Значную папулярнасць набылі калектывы, якія працавалі ў кірунку фольк-рок. Тут трэба назваць гурт “Палац“, з якога пазней выйшла трыо “Крыві“ і некалькі самастойных выканаўцаў. Вялікай павагай да аўтэнтычнасці беларускай народнай музыкі вылучаўся гурт “Троіца“ пад кіраўніцтвам Івана Кірчука, які, на жаль, вельмі рэдка выступае на радзіме. Значная частка беларускіх рок-гуртоў стварае свае песні на англійскай і расійскай мове. Але агульнай праблемай для ўсіх выканаўцаў з'яўляецца слабасць беларускага музычнага бізнэсу, адсутнасць грошай і магчымасцяў для якаснага запісу сваіх твораў. Таму на сённяшні дзень большасць беларускай моладзі слухае выключна заходнюю і расійскую рок і поп музыку і амаль зусім нічога не ведае пра айчынных выканаўцаў. Праўда, у апошнія гады праглядваюцца змены да лепшага і творы беларускіх выканаўцаў становяцца ўсё больш вядомымі і папулярнымі.

На сённяшні дзень беларуская культура перажывае няпростыя часы, звязаныя з агульнай вельмі складанай эканамічнай і сацыяльнай сітуацыяй. З гэтай прычыны ў цяжкім становішчы знаходзіцца, напрыклад, кінематограф. Цяжка выдаваць свае творы пісьменнікам. Вельмі няпроста выжываць навуцы і г.д. Кожны творца мусіць рабіць выбар паміж працай над сур'ёзнымі праблемамі і магчымасцю зарабіць грошы на т.зв. халтуры. Вельмі няпроста сёння гаварыць пра лёс беларускамоўнай культуры, паколькі большая частка сучаснага насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога, ужо не карыстаецца ў штодзённым жыцці беларускай мовай. Але несумненным з'яўляецца тое, што беларуская культура з гонарам вытрымае ўсе выпрабаванні, захавае сваю нацыянальную самабытнасць і непаўторнасць і яшчэ ўзбагаціць выдатнымі шэдэўрамі скарбніцу лепшых набыткаў сусветнай культуры.

6. Культура беларускага замежжа

У 20 ст. шмат асяродкаў беларускага культурнага жыцця паўстала за межамі нашай Бацькаўшчыны. Напачатку 20 ст. сотні тысяч беларусаў выязджалі на заробкі ў Паўночную Амерыку. У 1921 г. у Ню Ёрку і Чыкага былі ўтвораны першыя беларускія арганізацыі, а ў 1926 г. пачала выходзіць першая ў ЗША газета на беларускай мове “Беларуская трыбуна“ (рэд.Я.Варонка). Пасля першай сусветнай вайны і расійскай рэвалюцыі беларускія палітычныя эмігранты стварылі асяродкі беларускага культурнага жыцця ў Рызе (Латвія), Коўне (Літва), Празе (Чэхія). Напрыклад, у Латвіі ў 1920-х гадах працавала беларуская гімназія, каля 50 пачатковых школ. У 1930-я гады значны паток працоўнай эміграцыі з Заходняй Беларусі накіраваўся ў Лацінскую Амерыку (каля 350 тыс. чалавек). У 1934 г. у Аргенціне паўстала Беларускае культурна-асветнае таварыства, у 1938 г. - таварыства “Белавежа“.

У пасляваенны перыяд актыўнай дзейнасцю на ніве беларускай культуры вызначалася эмігранцкае асяроддзе ў ЗША. Найбольш актыўнай працай вылучалася арганізацыя Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне, у склад якога ўваходзілі Наталля Арсеннева, Ян Запруднік, Зора і Вітаўт Кіпелі і інш. З 1950 г. у ЗША выходзіць газета “Беларус“. Выдаюцца часопісы на беларускай мове: “Беларуская Думка“, “Беларускі Свет“, “Летапіс беларускай эміграцыі“, “Полацак“. У 1972 г. у ЗША налічвалася 14 беларускамоўных выданняў з агульным накладам 10000 асобнікаў. У 1951 г. у Ню Ёрку дзеячамі эміграцыі быў створаны Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, які збіраў архіў беларускай эміграцыі, выдаваў свае навуковыя “Запісы…“. Рэлігійнае жыццё беларусаў у ЗША развіваецца пераважна ў рамках Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Апроч Паўночнай Амерыкі асяродкі беларускага культурнага жыцця існуюць таксама ў Аўстраліі і краінах Заходняй Еўропы. Напрыклад, з 1948 па 1980 г. у Парыжы, а затым Лондане выходзіў беларускі рэлігійны часопіс “Божым Шляхам“. Па сённяшні дзень у сталіцы Вялікабрытаніі жыве і актыўна працуе на ніве беларускай культуры вядомы рэлігійны дзеяч айцец Надсан.

Пасля распаду Савецкага Саюза асяродкі беларускай культуры пачалі паўставаць у рэспубліках былой адзінай краіны. На сённяшні дзень існуюць дзесяткі беларускіх таварыстваў, многія з якіх праводзяць актыўную працу па развіцці нацыянальнай культуры. Можна вылучыць беларускае таварыства ў Іркуцку (Расійская федэрацыя), якое займаецца вывучэннем і захаваннем традыцыйнай культуры беларускіх сялян, якія перасяліліся ў Сібір яшчэ напачатку 20 ст.

Вельмі цікавым і самабытным асяродкам беларускай культуры з'яўляецца беларуская грамада на Беласточчыне (Падляшскае ваяводства ў сучаснай Польшчы). У пасляваенны час тамтэйшым беларусам прыйшлося сутыкнуцца з працэсамі моўнай і культурнай паланізацыі. Беларуская нацыянальная культура спіхвалася ў рамкі этнаграфізму. У 1956 г. у Беластоку было ўтворана Беларускае Гісторыка-Культурнае Таварыства. На той час на Беласточчыне налічвалася 66 беларускіх пачатковых школ і 90 школ, дзе беларуская мова вывучалася як прадмет. У 1960-я гады назіраецца некаторы ўздым беларускай культуры. Былі ўтвораны кафедра беларускай філалогіі ў Беластоцкай філіі Варшаўскага універсітэта, беларускі фальклорны калектыў “Лявоніха“, музей беларускай народнай культуры ў Белавежы. У 1967/68 г. колькасць вучняў, якія вывучалі беларускую мову, дасягнула лічбы 12504. Але ў 1970-я гады адбываецца сапраўдная катастрофа. Працэс паланізацыі хутка пайшоў наперад. У 1972 г. распаўся гурт “Лявоніха“, у 1973 г. быў зачынены музей у Белавежы. У 1980/81 г. колькасць вучняў, што вывучалі беларускую мову, складала ўсяго 4068 чалавек.

Напачатку 1980-х гадоў пачынаецца адраджэнне беларускага нацыянальнага жыцця ў Польшчы. У 1981 г. быў створаны аргкамітэт Беларускага Аб'яднання Студэнтаў (БАС). Афіцыйна БАС было зарэгістравана ў 1988 г. Менавіта з шэрагаў гэтай арганізацыі выйшла большасць сённяшніх беларускіх дзеячоў Беласточчыны. Нягледзячы на ўсе складанасці, беларуская культурнае жыццё на Падляшшы вылучаецца актыўнасцю і самабытнасцю. Выходзіць цэлы шэраг перыядычных выданняў на беларускай мове (тыднёвік “Ніва“, навуковы часопіс “Беларускі гістарычны сшытак“, шэраг моладзевых і краязнаўчых выданняў). Штогод праводзіцца фестываль беларускай рок-музыкі “Басовішча“. Далёка за межамі Беласточчыны вядомая творчасць пісьменніка Сакрата Яновіча, перакладчыка Я.Максімюка, мастака Ю.Тарасевіча. Вельмі плённа працуюць на ніве беларускай гістарычнай навукі Антось і Яўген Мірановічы, Алег Латышонак, Лена Глагоўская. Актыўнасць, беларускі патрыятызм і самаадданасць гэтых людзей дае спадзяванне на тое, што беларускае культурнае жыццё на Беласточчыне не памрэ, а беларуская культура займе сваё пачэснае месца сярод культур народаў Еўрапейскага Звязу.

Літаратура

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси ХVІ в.--30-я годы ХХ в. Мінск, 1996.

Беларусы: гісторыя этналагічнага вывучэння. Т.3. Мінск, 1999.

Гісторыя беларускага мастацтва. Т.4.

Дробаў Л. Н. Жывапіс Савецкай Беларусі (1917--1975). Мн., 1979.

Інстытут беларускай культуры. Мінск, 1993.

Калубовіч А. Крокі гісторыі. Менск, 1993

Калубовіч А. На крыжовай дарозе. Мінск, 1994.

Канфесіі на Беларусі (кан.18 - 20 стст.). Мн., 1998.

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996.

Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Ф. Шантыра, У. Ігнатоўскага, Я. Лёсіка / Прадм. Б.Сачанкі. Мн., 1993.

Нарысы гісторыі Беларусі. Т.2. Мінск, 1994.

Няфёд У. Гiсторыя беларускага тэатра, Мінск, 1982.

Бергман А. Слова пра Тарашкевіча. Мінск, 1994.

Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921 - 1939 г.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. №2.

Канфесіі на Беларусі (кан.18 - 20 ст.). Мінск, 1998.

Нарысы гісторыі Беларусі. Т.2. Мінск, 1994.

Лiс А. Бранiслаў Тарашкевiч. Мінск, 1966.

Лiс А. Вечны вандроўнiк. Нарыс пра мастака Язэпа Драздовiча. Мінск, 1984.

Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн.,1994.

Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына. Гродна, 1998.

Пяткевіч Аляксей. Маршруты кніжнага слова: З гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне. Варшава, 2002.

Трацяк Я. Беларускае духавенства ў перашай палове ХХ ст. // Беларускі гістарычны часопіс, №2, 1994.

Токць С. Беларуская вёска на мяжы эпох. Гродна, 2003.

У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд. Беласток, 2001

Гісторыя беларускага мастацтва. Т.6.

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мінск, 1971.

Гісторыя беларускага тэатра. Т.1-3. Мінск,1983-1987.

Дробаў Л. Н. Жывапіс Савецкай Беларусі (1917--1975). Мн., 1979.

История белорусского кино. Кн.1-2. Минск, 1969-1970.

Лакотка А. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мінск, 1999.

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996.

Няфед У. Гiсторыя беларускага тэатра. Мінск, 1982.

Беларусы: Этнагеаграфія. Дэмаграфія. Дыяспара. Канфесіі: Атлас / Рэд. кал.: С. А. Польскі і інш. Мн., 1996.

Грицкевіч В. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986.

Калубовіч А. Крокі гісторыі. Менск, 1993

Калубовіч А. На крыжовай дарозе. Мінск, 1994.

Кіпель В. Беларусы ў ЗША.

Культура беларускага замежжа. Мн., Т.1-3.

Пранчак Л. I. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.

Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусi. Мн., 1990.

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. Мн., 1991.

Снапкоўскі У. Эміграцыя // Полымя. 1995. № 11. С. 196-221.

Сташкевіч А. Беларусы як нацыянальная меншасць у Польшчы // Бел. гіст. часопіс. 1995. № 2.

Туга па Радзіме: Паэзія беларускай эміграцыі / Уклад., прадм. і біяграф. даведкі Б. Сачанкі. Мн., 1992.

Размещено на Allbest.ru

...

Подобные документы

  • Перыяды у гісторыі культуры Беларусі сярэдзіны XVI-XVIII ст. Асвета і кнігадрукаванне Беларусі у XVI ст. Адметная роль беларускі друкар магіляўчанін Спірыдона Собаль ў кірылічным кнігадрукаванні. Бібліятэчная і архіўная справа Беларусі у XVI ст.

    реферат [42,2 K], добавлен 29.11.2009

  • Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва, паняцці "Беларускія губерні", "Беларускі край" і "Паўночна-Заходнія губерні". Нацыянальна-культурнае развіццё Беларусі пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, развіццё адукацыі.

    реферат [26,0 K], добавлен 03.12.2009

  • Ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569-1795 гг. рэлігійных працэсаў (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная ўнія). Перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў. Культура барока.

    реферат [33,5 K], добавлен 21.01.2011

  • Традыцыйная культура і культура пануючага класа Беларусі X-XIII ст. Розвиток вусноъ народнаї творчасці, пісьменнасці, літаратури, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Царква і рэлігія, архітэктура і будаўніцтво у XIV–XVI ст. Берасцейская царкоўная ўнія.

    реферат [53,8 K], добавлен 21.01.2011

  • Станавленне буржуазнага грамадства, якэя паскорыла працэсы культурнага жыцця Беларусі ў канцы ХIХ ст., ўздзеянне на развіццё культуры руской культуры. Вядучае месца мастацкай літаратуры, тэатральная і музычная культура выяўленчае мастацтва і архітэктура.

    реферат [17,5 K], добавлен 31.12.2010

  • Станаўленне і развіццё сістэмы адукацыі ў 1920-х гг. Палітыка беларусізацыі. Узмацненне адміністрацыйна-партыйнага кантролю ў сферы культуры. Адносіны Савецкай улады да рэлігіі і царквы. Вынікі "культурнай рэвалюцыі" у 30-гг. Дасягненні і супярэчнасці.

    реферат [58,6 K], добавлен 17.12.2010

  • Спецыфічныя рысы эпохі Адраджэння на тэрыторыі Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Францішак Скарына - першадрукар, прадстаўнік рэнесансавай культуры на Беларусі. Станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва. Замкі і храми.

    реферат [29,2 K], добавлен 28.11.2009

  • Характарыстыка мастацтва першабытнага ладу на тэрыторыi Беларусi. Выяўленчае мастацтва старажытных зямель Беларусі. Мастацтва Беларусі 14 - 16 стагоддзяў. Жывапіс Беларусі 14-16 стагоддзяў. Беларуская графіка 14 - 16 стагоддзяў.

    реферат [29,4 K], добавлен 17.03.2002

  • Культавае дойлідства на Беларусі эпохі адраджэння. Стыль барока і класіцызм у культавым дойлідстве. Асаблівасці развіцця культавага дойлідства. Петрапаўлаўская царква як помнік архітэктуры. Гісторыя храма. Роля храма у сучасным жыцці праваслаўных мінчан.

    контрольная работа [29,6 K], добавлен 26.12.2013

  • Купалле на Беларусі: агульная характарыстыка свята: генезіс і этымалогія назвы, паходжанне свята, асноўныя абрады і звычаі. Гульнёвыя дзеі: семантыка i сімволіка. Падрыхтоўка і правядзенне свята: творчая заяўка, рэжысерская задума, літаратурны сцэнарый.

    дипломная работа [102,7 K], добавлен 12.12.2013

  • Тэатральнае жыццё ў Беларусі напачатку XX стагоддзя. Біяграфія рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага. Зараджэнню прафесійнага мастацтва, музычна-драматычныя кружкі і з'яўленню нацыянальнага балета.

    реферат [933,0 K], добавлен 05.12.2014

  • Станаўленне беларускай літаратурнай мовы і беларускай літаратуры. Фарміраванне беларускай нацыі. Тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва, архітэктура і іх камерцыйный характар. Рамантычныя матывы ў гістарычным і пейзажным жывапісе, папулярнасць графікі.

    реферат [24,4 K], добавлен 03.12.2009

  • Агляд асноўных этапаў развіцця беларускага выяўленчага мастацтва. Мастацтва старажытнабеларускіх княстваў. Спецыфіка развіцця беларускага жывапісу, графікі і скульптуры на працягу X-пачатку XX стагоддзя. Разгляд мастацтва рукапіснай кнігі і пластыкі.

    курсовая работа [146,3 K], добавлен 12.12.2013

  • Барока – стыль у еўрапейскім мастацтве XVI – сярэдзіны XVIII ст., гістарыяграфія і крыніцы. Асаблівасці эстэтыкі беларускага барока. Аналіз развіццё каталіцкай, праваслаўнай, уніяцкай культавай архітэктуры XVII і XVIII ст. Палацава-паркавая архітэктура.

    курсовая работа [82,4 K], добавлен 15.12.2016

  • Значны ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569–1795 гг. рэлігійны працэсы. Буйнейшыя прыватныя тэатры Беларусi: тэатр Радзівілаў у Слуцку, Слонімскі Міхала Казіміра Агінскага, Гродзенскім Антонія Тызенгаўза, тэатр Зорыча. Самыя вялікія капэлы.

    реферат [41,1 K], добавлен 12.12.2011

  • Аналіз арнаментальнай сімволікі ўсходніх славян па этнаграфічных матэрыялах вышыўкі і ткацтва, сабраным на тэрыторыі сучасных Беларусі, Украіны, еўрапейская часткі Расіі. Сеіятычны аналіз старажытных арнаментаў. Сімвалы Сусвету і сімвалы Чалавека.

    статья [17,1 K], добавлен 10.05.2013

  • Мужчынскае і жаночае адзенне ў розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі. Святочнае адзенне і рэгіанальныя асаблівасці. Мужчынскія і жаночыя галаўныя ўборы беларусаў. Абутак як неад’емна частка касцюма. Захаванне, трансфармацыя святочнага адзення.

    курсовая работа [75,0 K], добавлен 19.02.2014

  • Советская культура, массовая культура, элитарная культура. Марксизм-ленинизм как господствовавшая идеология. Христианская культура, языческая культура, раннеязыческая культура. Алгоритм развития советской, русской, славянской и протославянской культур.

    статья [30,9 K], добавлен 25.03.2009

  • Понятие культура. Культурный отбор и специфика культур. Элементы культуры. Предназначение культуры. Культура как ценностно-нормативная система. Культура и поведение. Культура и социализация. Культура и социальный контроль. Национальная культура.

    реферат [41,0 K], добавлен 24.03.2007

  • Деятельность командиров, органов по работе с личным составом и военных учреждений культуры по организации и проведению культурной работы среди военнослужащих внутренних войск. Осуществление мероприятий по организации отдыха личного состава в часы досуга.

    курсовая работа [223,7 K], добавлен 18.09.2014

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.