Патэнтавая дакументацыя Рэспублікі Беларусь: сутнасць, экспертыза каштоўнасці і адбор на дзяржаўнае захоўванне
Патэнтавая дакументацыя Рэспублікі Беларусь - інструмент, які фарміруе частку Дзяржаўнага патэнтавага фонду і з’яўляецца стратэгічным інфармацыйным рэсурсам. Напрамкі забеспячэння доступу да дакументаванай інфармацыі Нацыянальнага архіўнага фонду.
Рубрика | Государство и право |
Вид | автореферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 19.08.2018 |
Размер файла | 41,1 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru
Размещено на http://www.allbest.ru
Уводзіны
На фарміраванне эфектыўных механізмаў кіравання прамысловай уласнасцю ўплываюць многія фактары, сярод якіх значная роля належыць арганізацыі працы з патэнтавай дакументацыяй Рэспублікі Беларусь. Патэнтавая дакументацыя змяшчае звесткі аб аб'ектах прамысловай уласнасці (далей - АПУ), з'яўляючыся адной з найбольш рэпрэзентатыўных крыніц інфармацыі аб перадавых навукова-тэхнічных і дызайнерскіх распрацоўках.
Пастановай Савета Міністраў ад 02.03.2012 № 205 зацверджана стратэгія Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці на 2012-2020 гг., якой вызначаюцца асноўныя накірункі дзяржаўнай палітыкі і адпаведныя ім задачы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Аднымі з прыярытэтных задач па развіцці інфраструктуры сістэмы інтэлектуальнай уласнасці Стратэгіяй названы фарміраванне і вядзенне Дзяржаўнага патэнтавага фонду Рэспублікі Беларусь (далей - ДПФ).
Сацыяльна-эканамічнае значэнне сістэм дакументацыі выяўляецца ў забеспячэнні дзейнасці пэўных галін і (або) рэалізацыі функцый. У галіновых сістэмах дакументацыі фіксуецца вытворчая дзейнасць, уласцівая канкрэтнай галіне гаспадаркі, культуры, аховы здароўя і г.д. У функцыянальных сістэмах адлюстроўваюцца найважнейшыя грамадскія функцыі. Галіной і (або) грамадскай функцыяй вызначаюцца спецыфіка складу і зместу адпаведнай сістэмы дакументацыі, яе ўласныя функцыі сацыяльна-эканамічнага характару.
Прымаючы гэта да ўвагі, вывучэнне нацыянальнай патэнтавай дакументацыі як сацыяльна-эканамічнай з'явы і пытанняў ўдасканалення арганізацыі працы з ёю бачыцца неабходнай умовай эфектыўнай рэалізацыі стратэгіі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці і мае важнае практычнае значэнне.
Раскрыццё сутнасці патэнтавай дакументацыі з'яўляецца неабходнай умовай для стварэння эфектыўнай сістэмы яе экспертызы каштоўнасці і адбору на дзяржаўнае захоўванне, што пакуль застаецца надзвычай актуальнай праблемай. Комплексны характар названай праблемы склаўся ў працэсе гістарычнага развіцця сістэмы патэнтавай дакументацыі і абумоўлены спецыфікай прававой аховы АПУ, шматаспектнасцю патэнтавай інфармацыі, неабходнасцю забеспячэння доступу да патэнтавай дакументацыі, якая мае практычную значнасць і навукова-гістарычную каштоўнасць. Дадзеная акалічнасць вымагае дэталевага даследавання арганізацыйных, прававых і інфармацыйных аспектаў стварэння патэнтавай дакументацыі і работы з ею ў кантэксце гістарычнага развіцця. Пры гэтым ключавымі пытаннямі з'яўляюцца распрацоўка эфектыўных падыходаў да камплектавання патэнтавай дакументацыяй ДПФ (аспект практычнай значнасці) і Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь (далей - НАФ) (аспект навукова-гістарычнай каштоўнасці) і арганізацыі доступу да яе ў рамках названых інфармацыйных рэсурсаў, на што істотна ўплывае спецыфіка складу, зместу і функцый патэнтавай дакументацыі.
Нягледзячы на тое, што камплектаванне патэнтавай дакументацыяй ДПФ і НАФ з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці, комплекснай распрацоўкі тэмы дагэтуль не праводзілася.
Работа выканана ў рамках тэм “Выяўленне відавога складу і вызначэнне навукова-гістарычнай, сацыякультурнай і практычнай значнасці навукова-даследчай і патэнтавай дакументацыі”, якая распрацоўвалася ў межах Тэматычнага плана навуковых даследаванняў і распрацовак, накіраваных на навукова-тэхнічнае забеспячэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на 2009 год ад 01.04.2009, і “Распрацоўка прынцыпаў экспертызы каштоўнасці і адбору на пастаяннае захоўванне патэнтавай дакументацыі”, якая распрацоўвалася ў межах названага плана на 2013 год ад 12.03.2013.
Мэта і задачы даследавання/
Мэтай даследавання з'яўляецца раскрыццё сутнасці патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь як сацыяльна-эканамічнай з'явы і распрацоўка эфектыўных падыходаў да арганізацыі яе экспертызы каштоўнасці і адбору на дзяржаўнае захоўванне. Для дасягнення мэты пастаўлены і вырашаюцца наступныя задачы:
- вызначыць склад, змест і функцыі патэнтавай дакументацыі;
- акрэсліць стан і перспектывы развіцця патэнтава-інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай і гандлёва-прамысловай дзейнасці, вызначыць склад, крыніцы камплектавання нацыянальнай часткі ДПФ і напрамкі забеспячэння доступу да яе;
- вызначыць этапы развіцця сістэмы патэнтавай дакументацыі ў кантэксце фарміравання нацыянальнай патэнтавай сістэмы Рэспублікі Беларусь;
- распрацаваць прынцыпы экспертызы каштоўнасці патэнтавай дакументацыі, выявіць віды патэнтавай дакументацыі з паўтаральнай інфармацыяй і формы яе паўтаральнасці;
- вызначыць катэгорыі крыніц камплектавання НАФ патэнтавай дакументацыяй і напрамкі яе адбору на дзяржаўнае захоўванне.
Аб'ектам дысертацыйнага даследавання з'яўляецца патэнтавая дакументацыя Рэспублікі Беларусь. Прадметам даследавання - сацыяльна-эканамічная значнасць патэнтавай дакументацыі, яе навукова-гістарычная каштоўнасць.
Даследаванне ў большай частцы ахоплівае перыяд 1992 г. - пачатак ХХІ ст. Ніжняя храналагічная мяжа работы - 1992 г. - вызначаецца пачаткам фарміравання нацыянальнай патэнтавай сістэмы і з'яўленнем патэнтавых дакументаў Рэспублікі Беларусь. Верхняя храналагічная мяжа работы - пачатак ХХІ ст. - вызначаецца сучаснасцю.
Навуковая навізна/
Праблема, вывучаемая ў дысертацыі, не з'яўлялася прадметам комплекснага навуковага даследавання ні ў айчыннай, ні ў замежнай літаратуры. Вызначаны склад патэнтавай дакументацыі, ахарактарызаваны яе інфармацыйны змест і асноўныя функцыі. Вызначаны склад, напрамкі камплектавання і забеспячэння доступу да нацыянальнай часткі ДПФ. Упершыню акрэслены этапы станаўлення і развіцця сістэмы патэнтавай дакументацыі. Вызначаны крыніцы камплектавання НАФ патэнтавай дакументацыяй і напрамкі яе адбору. Распрацаваны прапановы па тэрмінах захоўвання патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь і мадэль арганізацыі правядзення яе экспертызы каштоўнасці і адбору на пастаяннае захоўванне. патэнтны архіўны дакументацыя
Палажэнні, якія выносяцца на абарону
1. Сістэма патэнтавай дакументацыі ўтвараецца ў рамках нацыянальнай патэнтавай сістэмы і адлюстроўвае яе функцыю па афармленні прававой аховы АПУ. У склад сістэмы патэнтавай дакументацыі ўваходзяць: 1. заяўкі на АПУ і дакументы па іх разглядзе; 2. дакументаваная інфармацыя дзяржаўных рэестраў АПУ і дакументы па ўнясенні змен і дапаўненняў у дзяржаўныя рэестры; 3. ахоўныя дакументы на АПУ і афіцыйныя выданні патэнтавага органа. Патэнтавая дакументацыя фармальна аднесена да сістэмы навукова-тэхнічнай дакументацыі, але некаторыя віды патэнтавых дакументаў не змяшчаюць навукова-тэхнічнай інфармацыі. Змест патэнтавых дакументаў вызначаецца працэсам афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ, падчас якога першасная патэнтавая інфармацыя заявак на АПУ трансфармуецца ў другасную патэнтаваю інфармацыю дзяржаўных рэестраў АПУ, ахоўных дакументаў і афіцыйных выданняў.
Патэнтавыя дакументы выконваюць шэраг функцый, сярод якіх асноўнымі з'яўляюцца прававая, інфармацыйная, камунікатыўная і сацыяльная функцыі, а таксама функцыя ўліку. Прававая функцыя ўласцівая ўсім катэгорыям патэнтавых дакументаў і абумоўлена рэгістрацыйным прынцыпам прававой аховы АПУ. Інфармацыйная функцыя рэалізуецца шляхам фіксацыі, захавання і перадачы патэнтавай інфармацыі ў прасторы і часе. Камунікатыўная функцыя патэнтавай дакументацыі адлюстроўваецца ў арганізацыі і падтрыманні інфармацыйнай сувязі паміж заяўнікамі (уладальнікамі АПУ) і патэнтавым органам. Адной з асноўных функцый дзяржаўных рэестраў АПУ з'яўляецца функцыя ўліку. Сацыяльная функцыя патэнтавай дакументацыі вынікае з грамадскай патрэбы афармлення прававой аховы АПУ і іх сацыяльнага значэння.
2. Патэнтавая дакументацыя Рэспублікі Беларусь фарміруе нацыянальную частку ДПФ. Для абазначэння нацыянальнай часткі ДПФ уведзены тэрмін Нацыянальны патэнтавы фонд Рэспублікі Беларусь (далей - НПФ). НПФ можна вызначыць як рэсурс навукова-тэхнічнай і прававой інфармацыі аб АПУ, які ўключае нацыянальную патэнтавую дакументацыю і базы даных АПУ, прызначаныя для задавальнення запатрабаванняў карыстальнікаў патэнтавай інфармацыі. Крыніцай камплектавання НПФ з'яўляецца патэнтавы орган. Сярод напрамкаў забеспячэння доступу да дакументаванай інфармацыі НПФ вызначаны наступныя: 1. выпуск афіцыйных выданняў патэнтавага органа; 2. фарміраванне інтэрнэт-баз даных; 3. размяшчэнне патэнтавых дакументаў Беларусі ў міжнародных патэнтава-інфармацыйных сістэмах; 4. прадстаўленне інфармацыі падчас ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур і аказання платных патэнтава-інфармацыйных паслуг. Асноўным напрамкам развіцця НПФ з'яўляецца ўдасканаленне арганізацыі яго выкарыстання ў сетцы Інтэрнэт.
3. У станаўленні і развіцці сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай патэнтавай сістэмы ў цэлым можна выдзяліць тры этапы. Першы этап (1992-1997 гг.) вызначаецца закладваннем канцэптуальных асноў нацыянальнай патэнтавай сістэмы і характарызуецца фарміраваннем інстытуцыянальнай структуры аховы прамысловай уласнасці, сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь. Другі этап (1997-2001 гг.) характарызуецца павышэннем статусу патэнтавага органа да ўзроўню рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, распаўсюджваннем прававой аховы на новыя віды АПУ і папаўненнем складу сістэмы патэнтавай дакументацыі дакументамі аб трох новых відах АПУ. Трэці этап (2001 г. - па сучасны момант) характарызуецца паніжэннем статусу патэнтавага органа да ўзроўню дзяржаўнай установы з элементамі органа дзяржаўнага кіравання, завяршэннем афармлення заканадаўства ў сферы прамысловай уласнасці і фарміраваннем складу сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь у сучасным выглядзе.
4. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі навукова-гістарычнай каштоўнасці патэнтавых дакументаў з'яўляюцца крытэрыі зместу. Крытэрыі паходжання і знешніх асаблівасцяў пры экспертызе каштоўнасці патэнтавай дакументацыі маюць абмежаванае ўжыванне. Падчас патэнтавай экспертызы фактычна ажыццяўляецца праверка адпаведнасці заявак на вынаходствы спецыфічным крытэрыям ацэнкі навукова-тэхнічнай дакументацыі. Патэнтавая экспертыза з'яўляецца найважнейшым этапам экспертызы каштоўнасці заявак на вынаходствы, на аснове вынікаў якога пацвярджаецца або не пацвярджаецца навукова-гістарычная каштоўнасць і практычная значнасць дакументаў дадзенай катэгорыі, і ажыццяўляецца асноўны адбор заявак на пастаяннае захоўванне.
Напрамкі ўзнікнення паўтаральнай дакументнай інфармацыі і формы паўтаральнасці вызначаюцца зместам і структурай працэсу патэнтавання і абумоўлены трансфармацыяй першаснай патэнтавай інфармацыі заявак на АПУ і дакументаў па іх разглядзе ў другасную патэнтаваю інфармацыю дзяржаўных рэестраў, ахоўных дакументаў і афіцыйных выданняў патэнтавага органа. На ўзнікненне патэнтавых дакументаў з паўтаральнай інфармацыяй аказваюць істотнае ўздзеянне характар і накіраванасць сувязяў патэнтавага органа і заяўнікаў (праваўладальнікаў АПУ), парадак сведчання выключных правоў, аўтарства і прыярытэту, неабходнасць забеспячэння дзяржаўнага ўліку АПУ, а таксама рэалізацыя прынцыпу апавяшчэння аб выключных правах. Для патэнтавых дакументаў найбольш характэрнымі з'яўляюцца наступныя формы паўтаральнасці інфармацыі: 1. дублетнасць; 2. цытаванне; 3. варыянтнасць; 4. рэфераванне.
5. Асноўнай крыніцай камплектавання НАФ патэнтавай дакументацыяй з'яўляецца патэнтавы орган. Іншымі крыніцамі камплектавання НАФ выступаюць арганізацыі-заяўнікі (праваўладальнікі АПУ), якія з'яўляюцца аднастайнымі або падобнымі па сваім функцыянальна-мэтавым прызначэнні. Арганізацыі-заяўнікі (праваўладальнікі АПУ), у дзейнасці якіх утвараюцца патэнтавыя дакументы, належаць ў асноўным да двух катэгорый: 1. навукова-даследчыя і адукацыйныя ўстановы, 2. вытворчыя і гандлёвыя прадпрыемствы. Аптымальныя напрамкі адбору на пастаяннае захоўванне розных катэгорый нацыянальнай патэнтавай дакументацыі наступныя: 1. у патэнтавым органе ажыццяўляецца адбор заявак на АПУ і дакументаў па іх разглядзе, дзяржаўных рэестраў АПУ Рэспублікі Беларусь, афіцыйных выданняў патэнтавага органа. 2. у арганізацыях-заяўніках (праваўладальніках) - ахоўных дакументаў на АПУ.
Асабісты ўклад суіскальніка.
Дысертацыя з'яўляецца вынікам самастойнай даследчыцкай працы. У дысертацыі ўпершыню комплексна разгледжаны сістэма патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь, правядзенне яе экспертызы каштоўнасці і адбору на дзяржаўнае захоўванне. Аўтарам выяўлены, сістэматызаваны і ўведзены ў навуковы зварот значны аб'ём дакументальных крыніц, праведзены іх аналіз, апрацавана літаратура па тэме даследавання.
Апрабацыя дысертацыі і інфармацыя аб выкарыстанні яе вынікаў
Асноўныя палажэнні і вынікі дысертацыйнага даследавання прайшлі апрабацыю на 8 міжнародных і 2 рэспубліканскіх канферэнцыях: 1) 65-я навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта (Мінск, БДУ, 13 - 16 мая 2008 г.); 2) “Научные стремления - 2010”: Рэспубліканская навукова-практычная маладзежная канферэнцыя з міжнародным удзелам (Мінск, НАН Беларусі, 1 - 3 лістапада 2010 г.); 3) “Праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі”: Міжнародная навуковая канферэнцыя (Мінск, БДУ, 18 - 19 сакавіка 2011 г.); 4) “Актуальныя праблемы крыніцазнаўства айчыннай гісторыі”: Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя (Віцебск, ВДУ імя П.М. Машэрава, 6 - 7 кастрычніка 2011 г.); 5) “Развитие информатизации и государственной системы научно-технической информации (РИНТИ-2011)”: X Міжнародная канферэнцыя (Мінск, АІПІ НАН Беларусі, 23 лістапада 2011 г.); 6) “Коммуникация в социально-гуманитарном знании, экономике, образовании”: III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя (Мінск, БДУ, 29 - 31 сакавіка 2012 г.); 7) “Управление в социальных и экономических системах”: XXI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя (Мінск, Мінскі інстытут кіравання, 15 мая 2012 г.); 8) “Историческое наследие Беларуси: выявление, сохранение и изучение”: Міжнародная навуковая канферэнцыя (Мінск, БДУ, 17 - 18 мая 2012 г.); 9) “Развитие информатизации и государственной системы научно-технической информации (РИНТИ-2012)”: XI Міжнародная канферэнцыя (Мінск, АІПІ НАН Беларусі, 15 лістапада 2012 г.); 10) “Актуальные проблемы международных отношений и дипломатии (вторая половина XX - начало XXI вв.)”: Міжнародная навуковая канферэнцыя (Віцебск, ВДУ імя П.М. Машэрава, 25 - 26 красавіка 2013 г.).
Вынікі дысертацыі знайшлі практычнае ўкараненне пры распрацоўцы нарматыўных актаў і метадычных дакументаў Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (далей - ДКНТ), Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей - Дэпартамент) (акты ўкаранення: ДКНТ ад 24.04.2012, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці ад 10.08.2014, Дэпартамента ад 05.09.2014; даведка Дэпартамента ад 05.09.2014).
1. Патэнтавая дакументацыя як сацыяльна-эканамічная з'ява
У раздзеле 1.1 “Гістарыяграфія і метады даследавання” прадстаўлены аналітычны агляд літаратуры і метадалагічныя асновы дысертацыйнага даследавання.
Сярод прац айчынных і замежных спецыялістаў, якія ў той ці іншай ступені закранаюць пытанні стварэння патэнтавай дакументацыі і арганізацыі працы з ею, можна выдзяліць тры асноўныя групы. Першая група прадстаўлена працамі па агульных пытаннях прававой аховы прамысловай уласнасці і яе асобных аб'ектаў, афармлення іх дзяржаўнай рэгістрацыі (В.У. Арлова, А.А. Горадаў, В.Ю. Джэрмакян, Д.У. Іванова, У.Я. Кітайскі, С.С. Лосеў, Т.У. Маеўская, Ю.В. Нечапурэнка, В.У. Рачкоўскі, С.А. Сударыкаў, Н.Б. Суханава, В.Ф. Чыгір). У даследаваннях іншых аўтараў (другая група) патэнтавая дакументацыя разглядаецца як рэсурс навукова-тэхнічнай інфармацыі і адлюстроўваюцца пытанні яе арганізацыі, захоўвання і выкарыстання ў рамках сістэмы патэнтава-інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай і гандлёва-прамысловай сфер эканомікі (А.М. Бераснеў, В.В. Васільчанка, А.П. Калеснікаў, В.А. Касап, Л.Р. Кравец, І.В. Крылоў, В.І. Кудашоў, Н.І. Сафронава, Ю.У. Харук). Працы трэцяй групы прысвечаны праблемам тэорыі і арганізацыі архіўнай справы і экспертызы каштоўнасці дакументаў (У.М. Аўтакратаў, А.У. Аляксеева, А.М. Бяляўскі, В.Ю. Жук, А.Я. Рыбакоў, У.В. Фядосаў, В.Л. Насевіч, В.Д. Ярошкіна).
У савецкі час даследаванню розных аспектаў патэнтавай дакументацыі надавалася даволі шмат увагі. У працах савецкіх даследчыкаў (А.П. Калеснікаў, І.В. Крылоў, В.Д. Ярошкіна) патэнтавая дакументацыя разглядаецца ўжо як самастойная катэгорыя дакументацыі, якая з'яўляецца вынікам гістарычнага развіцця вынаходніцкай дзейнасці. Разам з тым, у выніку адсутнасці выразных крытэрыяў вызначэння складу і структуры патэнтавай дакументацыі, акцэнт у гэтых працах робіцца на даследаванне дакументаў па вынаходствах. У 1990-я гг. у сувязі з адсутнасцю кваліфікаваных спецыялістаў-тэарэтыкаў і спецыялізаваных перыядычных выданняў назіраецца спад навуковай актыўнасці ў разглядаемай галіне. Актывізацыя даследаванняў у сферы інтэлектуальнай і прамысловай уласнасці пачынаецца ў першай палове 2000-х гг., што абумоўлена шэрагам фактараў: дэклараваннем кіраўніцтвам краіны пераходу на інавацыйны шлях развіцця, афармленнем нацыянальнай патэнтавай сістэмы і выяўленнем праблем праваўжывання палажэнняў першых законаў аб ахове прамысловай уласнасці.
Навуковыя інтарэсы даследчыкаў ахоплівалі розныя аспекты - прававыя (С.А. Сударыкаў, С.С. Лосеў, І.В. Папова, Т.В. Маеўская, Д.У. Іванова, В.У. Рачкоўскі, В.Ф. Чыгір, Я.В. Зінкевіч) эканамічныя (В.І. Кудашоў, Ю.В. Нечапурэнка), інфармацыйныя (А.М. Бераснеў, Л.Р. Кравец, В.В. Васільчанка, Н.І. Сафронава, Ю.У. Харук). Аднак у сувязі з тым, што пераважная ўвага даследчыкаў была скіравана на адлюстраванне прававых і эканамічных аспектаў аховы АПУ, пытанняў забеспячэння доступу да патэнтавай інфармацыі функцыянаванне патэнтавай дакументацыі як сацыяльна-эканамічнай з'явы пададзена аўтарамі дадзеных работ дастаткова фрагментарна і не вылучаецца ў якасці асобнай праблемы.
Пытанні экспертызы каштоўнасці і адбору на пастаяннае захоўванне патэнтавай і навукова-тэхнічнай дакументацыі ў цэлым беларускімі дакументазнаўцамі і архівазнаўцамі закраналіся павярхоўна. Правядзенне экспертызы каштоўнасці патэнтавых дакументаў Рэспублікі Беларусь увогуле не разглядалася айчынным архівазнаўствам. Дастаткова вялікая ўвага беларускімі, савецкімі і расійскімі даследчыкамі надавалася і працягвае надавацца цяпер пытанням гісторыі і тэорыі экспертызы каштоўнасці дакументаў (А.М. Бурава, У.М. Аўтакратаў, А.У. Аляксеева, А.Я. Рыбакоў, У.В. Фядосаў, А.М. Бяляўскі), складання пералікаў дакументаў з указаннем тэрмінаў захоўвання (С.У. Жумар, Э.М. Давыдава), экспертызы каштоўнасці электронных дакументаў і інфармацыйных рэсурсаў (В.Л. Насевіч, В.Ю. Жук, У.І. Ціханаў). Аднак публікацыі па дадзеных пытаннях не адлюстроўваюць спецыфікі экспертызы каштоўнасці патэнтавай дакументацыі.
Метадалагічныя асновы даследавання праблемы грунтуюцца на прынцыпах гістарызму, аб'ектыўнасці і сістэмнасці, што дазваляе ўсебакова вывучыць прадмет даследавання ў яго развіцці, пераемнасці і сувязі. Комплекснае выкарыстанне агульнанавуковых і спецыяльных метадаў (сістэмны падыход, структурна-функцыянальны, параўнальны, гісторыка-генетычны, праблемна-храналагічны, уніфікацыі дакументаў, экспертызы каштоўнасці) садзейнічала стварэнню аб'ектыўнага і поўнага прадстаўлення аб патэнтавай дакументацыі як сацыяльна-эканамічнай з'яве, распрацоўцы эфектыўных падыходаў да арганізацыі яе экспертызы каштоўнасці і адбору на дзяржаўнае захоўванне.
У раздзеле 1.2 “Сістэма патэнтавай дакументацыі: склад, змест і функцыі” на аснове сістэмнага падыходу вызначаюцца элементы сістэмы патэнтавай дакументацыі і сувязі паміж імі, характэрызуюцца яе інфармацыйны змест і асноўныя функцыі.
У дачыненні да АПУ (акрамя ноу-хау) у сусветнай практыцы замацаваны рэгістрацыйны прынцып прававой аховы. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам выключнае права на той ці іншы аховаздольны вынік інтэлектуальнай дзейнасці або сродак індывідуалізацыі ўзнікае толькі пры ўмове дзяржаўнай рэгістрацыі і выдачы ахоўнага дакумента, які пацвярджае правы на адпаведны АПУ. Устаноўлена , што ў поўнай меры рэгістрацыйны прынцып рэалізуецца ў дачыненні да сямі відаў АПУ: 1. вынаходствы, 2. карысныя мадэлі, 3. прамысловыя ўзоры, 4. гатункі раслін, 5. тапалогіі інтэгральных мікрасхем, 6. таварныя знакі і знакі абслугоўвання, 7. геаграфічныя ўказанні.
Праведзены аналіз заканадаўства аб ахове АПУ, на аснове якога акрэслены асноўныя этапы афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ. Кожны этап дзейнасці па афармленні дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ знаходзіць адлюстраванне ў адпаведных дакументах, якія ў сукупнасці ўтвараюць сістэму патэнтавай дакументацыі. Выяўлены катэгорыі дакументаў, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы патэнтавання АПУ: 1. заяўкі на АПУ і дакументы па іх разглядзе; 2. дзяржаўныя рэестры АПУ і дакументы па ўнясенні ў іх змен і дадаткаў; 3. ахоўныя дакументы на АПУ і афіцыйныя выданні патэнтавага органа. Разгледжаны склад дакументаў дадзеных катэгорый.
Інфармацыйны змест патэнтавых дакументаў разгледжаны праз прызму паняцця “патэнтавая інфармацыя”. Раскрыты комплексны характар патэнтавай інфармацыі, якая ўключае наступныя аспекты: прававы і навукова-тэхнічны (дакументы аб вынаходствах, карысных мадэлях, гатунках раслін, тапалогіях інтэгральных мікрасхем), прававы і знакава-графічны нетэхнічнага характару (дакументы аб прамысловых узорах, таварных знаках і знаках абслугоўвання, найменнях месцаў паходжання тавараў).
Вызначаны асноўныя функцыі патэнтавай дакументацыі (прававая, інфармацыйная, камунікатыўная і сацыяльная функцыі, а таксама функцыя ўліку) і праведзены іх аналіз.
У раздзеле 1.3 “Патэнтавая дакументацыя Рэспублікі Беларусь у складзе інфармацыйных рэсурсаў” прадстаўлена характарыстыка патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь як неад'емнай часткі ДПФ у складзе інфармацыйных рэсурсаў.
Дзякуючы комплекснай прыродзе і агульнадаступнасці, патэнтавая дакументацыя з'яўляецца стратэгічным інфармацыйным рэсурсам пры распрацоўцы і рэалізацыі навукова-тэхнічнай і гандлёва-прамысловай палітыкі арганізацый, правядзенні навуковых даследаванняў. Доступ да нацыянальнай патэнтавай дакументацыі, якая мае практычную значнасць, для зацікаўленых асоб арганізуецца ў рамках фарміравання і функцыянавання нацыянальнай часткі ДПФ. Для абазначэння нацыянальнай часткі ДПФ уведзены тэрмін НПФ. Вызначаны склад, напрамкі камплектавання і забеспячэння доступу да інфармацыі НПФ.
Традыцыйна доступ да патэнтавай дакументацыі, якая выдаецца патэнтавым органам і паступае ў рамках міжнароднага абмену на папяровых і электронных носьбітах, забяспечваецца Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкай. Названая ўстанова выконвае ў рэспубліцы функцыі цэнтральнага сховішча патэнтавых дакументаў для азнаямлення грамадскасці з патэнтамі на вынаходствы, карыснымі мадэлямі, прамысловымі ўзорамі і таварнымі знакамі згодна з артыкулам 14 Парыжскай канвенцыі па ахове прамысловай уласнасці 1883 г. Разам з тым, ва ўмовах развіцця інфармацыйных тэхналогій патэнтавыя ведамствы вядучых краін адмаўляюцца ад міжнароднага абмену патэнтавай дакументацыяй, аддаючы перавагу размяшчэнню патэнтава-інфармацыйныя рэсурсаў і афіцыйных выданняў анлайн у сетцы Інтэрнэт.
2. Развіццё сістэмы патэнтавай дакументацыі ў кантэксце фарміравання нацыянальнай патэнтавай сістэмы Рэспублікі Беларусь
На аснове гісторыка-генетычнага метаду характарызуецца працэс фарміравання сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай патэнтавай сістэмы ў цэлым ад узнікнення да сучаснага стану.
У пачатку 1990-х гг. у Рэспубліцы Беларусь пачаўся працэс дзяржаўнага будаўніцтва ў сферы прамысловай уласнасці. У 1992 г. пры Урадзе Рэспублікі Беларусь быў утвораны нацыянальны патэнтавы орган (Белдзяржпатэнт), на які былі ўскладзены функцыі па распрацоўцы нарматыўнай базы па прамысловай уласнасці, афармленні дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ і інфармацыйна-метадалагічнага забеспячэнні патэнтавай дзейнасці. Былі распрацаваны і прыняты першыя законы Рэспублікі Беларусь аб ахове АПУ: “Аб патэнтах на вынаходствы”, “Аб патэнтах на прамысловыя ўзоры”, “Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання”. У 1995 г. асноўны блок патэнтавых законаў 1993 г. папоўніўся Законам “Аб патэнтах на гатункі раслін”. Законамі была закладзена аснова па стварэнні і арганізацыі працы з рознымі катэгорыямі патэнтавай дакументацыі, у тым ліку заяўкамі на АПУ і дакументамі па іх разглядзе, дзяржаўнымі рэестрамі АПУ, ахоўнымі дакументамі на АПУ і афіцыйнымі выданнямі патэнтавага органа.
Перыяд 1997-2001 гг. характарызуецца павышэннем статусу нацыянальнага патэнтавага органа да ўзроўню рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання. На патэнтавы орган былі ўскладзены функцыі фарміравання і ажыццяўлення мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы АПУ, міжнароднага супрацоўніцтва па пытаннях патэнтавай дзейнасці і аховы прамысловай уласнасці. Адным з яго прыярытэтных накірункаў дзейнасці па-ранейшаму з'яўлялася стварэнне і ўдасканаленне прававой базы аховы АПУ ў Рэспубліцы Беларусь. Дзейнасць па ахове прамысловай уласнасці і выданні патэнтавай дакументацыі ахоплівала ўсё новыя віды вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. З 1997 г. у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца прававая ахова карысных мадэляў, з 1998 г. - тапалогій інтэгральных мікрасхем. З'яўляюцца другасныя дакументы па ахове гатункаў раслін. Міжнароднае супрацоўніцтва развіваецца ў напрамках аховы асобных АПУ і міжнароднага абмену патэнтавай дакументацыяй. Адзначаецца, што ў гэты час нягледзячы на статус патэнтавага органа, яго калектыву прыходзілася вырашаць мноства праблем, абумоўленых адсутнасцю належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, неабходнасцю развіцця інфармацыйнага забеспячэння дзейнасці па афармленні дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ і стварэння адзінай аўтаматызаванай сістэмы.
З 2001 г. па сучасны момант нацыянальны патэнтавы орган з'яўляецца дзяржаўнай установай у структуры Камітэта па навуцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (з 2004 г. - Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь). З 2004 г. дзейнасць патэнтавага органа пачала рэгламентавацца адначасова двума рознаўзроўневымі арганізацыйнымі дакументамі. З прыняццем Законаў Рэспублікі Беларусь “Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры” і “Аб геаграфічных указаннях” у цэлым было завершана фарміраванне сістэмы нацыянальнага заканадаўства ў сферы аховы АПУ і складу патэнтавай дакументацыі ў сучасным выглядзе. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва з міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі, а таксама з замежнымі патэнтавымі ведамствамі ў сферы афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ. Адначасова распачынаецца працэс аўтаматызацыі афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ, захоўвання і выкарыстання патэнтавай дакументацыі ў патэнтавым органе.
На аснове праблемна-храналагічнага метаду выдзелены этапы станаўлення і развіцця сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай патэнтавай сістэмы ў цэлым.
Глава 3 “Экспертыза каштоўнасці і адбор на пастаяннае захоўванне патэнтавай дакументацыі”.
У дадзенай главе разглядаецца адзін з найважнейшых напрамкаў работы з патэнтавай дакументацыяй Рэспублікі Беларусь ў патэнтавым органе і арганізацыях-заяўніках (праваўладальніках АПУ) - правядзенне экспертызы каштоўнасці і адбор на пастаяннае захоўванне. Вызначаюцца крыніцы камплектавання НАФ патэнтавай дакументацыяй і напрамкі адбору на пастаяннае захоўванне розных катэгорый нацыянальнай патэнтавай дакументацыі.
Ключавым элементам нацыянальнай патэнтавай сістэмы Рэспублікі Беларусь з'яўляецца патэнтавы орган - Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, які ажыццяўляе прыём і разгляд заявак на АПУ, рэгістрацыю АПУ і вядзенне дзяржаўных рэестраў, выдачу ахоўных дакументаў і выпуск афіцыйных выданняў, распрацоўку і рэалізацыю прапаноў па нарматыўнай рэгламентацыі і аптымізацыі дадзеных працэсаў. Для выяўлення відаў арганізацый (акрамя патэнтавага органа), у дзейнасці якіх утвараюцца патэнтавыя дакументы, прааналізаваны склад заяўнікаў і ўладальнікаў АПУ. На аснове аналізу дзяржаўных рэестраў АПУ і інфармацыі баз-даных патэнтавага органа сярод арганізацый-заяўнікаў (праваўладальнікаў АПУ) устаноўлена, што патэнтавыя дакументы ў асноўным ўтвараюцца ў навукова-даследчых і адукацыйных ўстановах, на вытворчых і гандлёвых прадпрыемствах.
З улікам спецыфікі відаў арганізацый-крыніц камплектавання НАФ патэнтавай дакументацыяй, яе складу і зместу разгледжаны магчымасці выкарыстання агульных і спецыфічных крытэрыяў экспертызы каштоўнасці дакументаў у дачыненні да розных катэгорый патэнтавай дакументацыі. На аснове адаптацыі спецыфічных крытэрыяў экспертызы каштоўнасці навукова-тэхнічнай дакументацыі прапанаваны спецыфічныя крытэрыі экспертызы каштоўнасці патэнтавай дакументацыі.
Змест працэсу афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ і пераемнасць патэнтавых дакументаў падчас гэтага працэсу спараджаюць паўтаральнасць інфармацыі дадзеных дакументаў. Вызначаны найбольш характэрныя формы паўтаральнасці інфармацыі ў патэнтавай дакументацыі.
На аснове спецыфічных крытэрыяў экспертызы каштоўнасці патэнтавай дакументацыі з улікам формаў паўтаральнасці інфармацыі ў яе асобных катэгорыях распрацаваны прапановы па тэрмінах захоўвання патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь і мадэль арганізацыі правядзення яе экспертызы каштоўнасці і адбору на пастаяннае захоўванне ў розных арганізацыях.
Заключэнне
Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі.
1. Сістэма патэнтавай дакументацыі, якая ўтвараецца ў працэсе функцыянавання нацыянальнай патэнтавай сістэмы, адлюстроўвае функцыю афармлення прававой аховы АПУ, да якіх адносяцца: 1. вынаходствы; 2. карысныя мадэлі; 3. прамысловыя ўзоры; 4. гатункі раслін; 5. тапалогіі інтэгральных мікрасхем; 6. таварныя знакі і знакі абслугоўвання; 7. геаграфічныя ўказанні. Неабходнасць абслугоўвання дадзенай функцыі ўсімі кампанентамі сістэмы патэнтавай дакументацыі забяспечвае яе цэласнасць і ўстойлівае развіццё, вызначае характар ўзаемасувязяў паміж кампанентамі. Структураўтваральнымі кампанентамі сістэмы патэнтавай дакументацыі, якія адначасова з'яўляюцца яе падсістэмамі і адлюстроўваюць асноўныя этапы дакументавання афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ, з'яўляюцца: 1. заяўкі на АПУ і дакументы па іх разглядзе; 2. дакументаваная інфармацыя дзяржаўных рэестраў АПУ і дакументы па ўнясенні ў іх змен і дапаўненняў; 3. ахоўныя дакументы на АПУ і афіцыйныя выданні патэнтавага органа.
Патэнтавая інфармацыя змяшчае звесткі аб меркаваных і зарэгістраваных АПУ, заяўніках, праваўладальніках. Патэнтавы дакумент можна ідэнтыфікаваць як патэнтавую інфармацыю, зафіксаваную на матэрыяльным носьбіце. Некаторыя віды патэнтавых дакументаў зусім не змяшчаюць навукова-тэхнічнай інфармацыі. Агульная колькасць дакументаў дадзеных відаў значна перавышае колькасць патэнтавых дакументаў з навукова-тэхнічнай інфармацыі. Эмерджэнтнай уласцівасцю патэнтавай дакументацыі з'яўляецца непарыўнае спалучэнне прававой і навукова-тэхнічнай інфармацыі (дакументы аб вынаходствах, карысных мадэлях, гатунках раслін, тапалогіях інтэгральных мікрасхем), прававой і знакава-графічнай інфармацыі нетэхнічнага характару (дакументы аб прамысловых узорах, таварных знаках і знаках абслугоўвання, найменнях месцаў паходжання тавараў), што абумоўлена іх узаемазалежнасцю ў вырашэнні задачы афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ.
Патэнтавыя дакументы выконваюць шэраг функцый, сярод якіх асноўнымі з'яўляюцца прававая, інфармацыйная, камунікатыўная і сацыяльная функцыі, а таксама функцыя ўліку.
Прававая функцыя патэнтавай дакументацыі вынікае з неабходнасці рэалізацыі функцыі афармлення прававой аховы АПУ нацыянальнай патэнтавай сістэмы і таму з'яўляецца ўласцівай усім яе катэгорыям. Дадзенай акалічнасцю абумоўлена пераважная роля прававой функцыі сярод іншых функцый сістэмы патэнтавай дакументацыі, яе вызначальны ўплыў на склад і змест сістэмы. Выкананне прававой функцыі выяўляецца ў матываваным жаданні атрымаць выключныя правы на АПУ, неабходнасці сведчання выключных правоў, аўтарства, прыярытэту АПУ і вызначэння аб'ёму прававой аховы АПУ. Інфармацыйная функцыя рэалізуецца шляхам фіксацыі, захавання і перадачы патэнтавай інфармацыі ў прасторы і часе. Характэрнай асаблівасцю патэнтавай дакументацыі з'яўляецца агульнадаступнасць інфармацыі большасці яе катэгорый, што выклікана неабходнасцю раскрыцця сутнасці АПУ для грамадства і апавяшчэння аб выключных правах. Камунікатыўная функцыя патэнтавай дакументацыі выяўляецца ў арганізацыі і падтрыманні інфармацыйнай сувязі паміж заяўнікамі (уладальнікамі АПУ) і патэнтавым органам. Патэнтавыя дакументы можна разглядаць як каналы камунікацыі, так і як камунікаты (аб'екты, якія перадаюцца ў працэсе камунікацыі). Адной з асноўных функцый дзяржаўных рэестраў АПУ з'яўляецца функцыя ўліку. Аб'ектамі ўліку выступаюць АПУ, якія ахоўваюцца на аснове рэгістрацыйнага прынцыпу, і аперацыі з імі. Сацыяльная функцыя патэнтавай дакументацыі спараджаецца грамадскай патрэбай афармлення прававой аховы АПУ, сведчання выключных правоў, прыярытэту і аўтарства. Пры гэтым патэнтавая дакументацыя не толькі з'яўляецца прадуктам сацыяльных адносін па стварэнні і выкарыстанні вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці і сродкаў індывідуалізацыі, але і ў пэўнай ступені фарміруе іх. Сацыяльная функцыя патэнтавай дакументацыі абумоўлена сацыяльным значэннем розных відаў АПУ і выключных правоў на іх.
Сістэма патэнтавай дакументацыі з'яўляецца спецыяльнай сістэмай дакументацыі функцыянальнага тыпу з унікальным складам дакументаў і комплексным характарам інфармацыі, што абумоўлена неабходнасцю рэалізацыі шэрагу сацыяльна-эканамічных функцый. Узаемасувязі паміж дакументамі сістэмы патэнтавай дакументацыі вызначаюцца зместам і структурай працэсу афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ і выяўляюцца ў трансфармацыі першаснай патэнтавай інфармацыі заявак на АПУ ў другасную патэнтавую інфармацыю дзяржаўных рэестраў АПУ, ахоўных дакументаў і афіцыйных выданняў. Дамінуючая роля прававой функцыі сярод іншых функцый сістэмы патэнтавай дакументацыі, унікальны склад і комплексны характар інфармацыі дакументаў, большасць з якіх не змяшчае навукова-тэхнічнай інфармацыі, патрабуюць перагляду месца названай сістэмы ў складзе навукова-тэхнічнай дакументацыі. Патэнтавая дакументацыя з'яўляецца злучным звяном паміж макрасістэмамі навукова-тэхнічнай і кіраўніцка-прававой дакументацыі і валодае прыкметамі абедзвюх [1; 2; 6; 7; 9; 10; 14].
2. Патэнтавая дакументацыя Рэспублікі Беларусь фарміруе нацыянальную частку ДПФ і з'яўляецца стратэгічным інфармацыйным рэсурсам пры распрацоўцы і рэалізацыі навукова-тэхнічнай і гандлёва-прамысловай палітыкі арганізацый, правядзенні навуковых даследаванняў. Для абазначэння нацыянальнай часткі ДПФ дысертантам быў уведзены тэрмін НПФ. НПФ у сваю чаргу можна вызначыць як рэсурс навукова-тэхнічнай і прававой інфармацыі аб АПУ, які ўключае нацыянальную патэнтавую дакументацыю і базы даных АПУ, прызначаныя для задавальнення запатрабаванняў карыстальнікаў патэнтавай інфармацыі. Крыніцай камплектавання НПФ з'яўляецца нацыянальны патэнтавы орган. Удасканаленне фарміравання і арганізацыі доступу да НПФ выступае асноўным накірункам развіцця ДПФ.
Сярод напрамкаў забеспячэння доступу да дакументаванай інфармацыі НПФ дысертантам вызначаны наступныя: 1. выпуск афіцыйных выданняў патэнтавага органа, доступ да якіх у Беларусі забяспечваецца ў РНТБ і яе філіялах, на афіцыйным сайце патэнтавага органа; 2. фарміраванне інтэрнэт-баз даных; 3. размяшчэнне патэнтавых дакументаў Беларусі ў міжнародных патэнтава-інфармацыйных сістэмах; 4. прадастаўленне інфармацыі падчас ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур і аказання платных патэнтава-інфармацыйных паслуг. У сваю чаргу, спосабамі прадастаўлення інфармацыі ў рамках адміністрацыйных працэдур і платных патэнтава-інфармацыйных паслуг могуць з'яўляцца: азнаямленне з дакументамі, якія ўтрымліваюць запытаную інфармацыю; прадастаўленне копіі дакумента, які ўтрымлівае запытаную інфармацыю, або выпіскі з яго; прадастаўленне пісьмовага адказу, які ўтрымлівае запытаную інфармацыю.
Ва ўмовах распаўсюджвання інфармацыйных тэхналогій асноўнай задачай ў сферы патэнтава-інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай і гандлёва-прамысловай дзейнасці з'яўляецца развіццё НПФ на аснове ўдасканалення арганізацыі яго выкарыстання ў сетцы Інтэрнэт для максімальнага задавальнення запатрабаванняў карыстальнікаў нацыянальнай патэнтавай сістэмы. Адным са шляхоў аптымізацыі доступа да НПФ, як паказвае замежны досвед, магла бы быць дапрацоўка наяўных пошукавых баз даных да формы адкрытых электронных рэестраў, якія адлюстроўваюць поўны жыццёвы цыкл АПУ [2; 6; 8; 13; 16].
3. У пачатку 1990-х гг. у Рэспубліцы Беларусь у рамках станаўлення нацыянальнай патэнтавай сістэмы распачаўся працэс фарміравання сістэмы патэнтавай дакументацыі. У станаўленні і развіцці сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай патэнтавай сістэмы ў цэлым можна выдзяліць тры этапы. Крытэрыямі выдзялення дадзеных этапаў з'яўляюцца: 1. стан і ўзровень нарматыўнай рэгламентацыі прававой аховы АПУ; 2. функцыі і структура дзяржаўнай патэнтавай службы; 3. склад і структура сістэмы патэнтавай дакументацыі.
На першым этапе (1992-1997 гг.) адбываецца закладванне канцэптуальных асноў нацыянальнай патэнтавай сістэмы. Фарміруецца інстытуцыянальная структура аховы прамысловай уласнасці: утвараецца нацыянальны патэнтавы орган, на які ўскладваюцца функцыі па прыёму і разглядзе заявак на АПУ, рэгістрацыі АПУ і вядзенні адпаведных дзяржаўных рэестраў, выдачы ахоўных дакументаў на АПУ і выпуску афіцыйных выданняў; ажыццяўляецца падрыхтоўка і атэстацыя першых патэнтавых павераных. На аснове міжнароднай практыкі і з улікам савецкага досведу прымаюцца першыя законы Рэспублікі Беларусь аб ахове АПУ, якімі закладваюцца прававыя асновы для ажыццяўлення афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ і выдання нацыянальнай патэнтавай дакументацыі. Фарміруюцца асноўныя напрамкі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы аховы прамысловай уласнасці, сярод якіх прыярытэтнымі выступаюць супрацоўніцтва з Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці і аднаўленне сувязяў з краінамі СНД. У гэтых умовах пачынаецца фарміраванне сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым структура дадзенай сістэмы ўжо на першапачатковым этапе цалкам адпавядае сучаснай структуры і змяшчае ўсе яе базавыя кампаненты. Аднак дадзеныя катэгорыі патэнтавай дакументацыі першапачаткова адносяцца толькі да трох відаў АПУ: 1. вынаходствы; 2. прамысловыя ўзоры; 3. таварныя знакі і знакі абслугоўвання. Напрыканцы дадзенага перыяду з'яўляюцца першасныя дакументы па гатунках раслін. Значную частку нацыянальнай патэнтавай дакументацыі складаюць дакументы па перарэгістраваных савецкіх АПУ.
Другі этап (1997-2001 гг.) характарызуецца павышэннем статусу патэнтавага органа да ўзроўню рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, якому былі нададзены функцыі па распрацоўцы і ажыццяўленні мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы прамысловай уласнасці. Ажыццяўляецца далейшае фарміраванне заканадаўства ў адпаведнай галіне. Прававая ахова распаўсюджвалася на новыя віды вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці: карысныя мадэлі і тапалогіі інтэгральных мікрасхем. Міжнароднае супрацоўніцтва развіваецца ў напрамках аховы асобных АПУ і міжнароднага абмену патэнтавай дакументацыяй. Менавіта ў дадзены перыяд з'яўляюцца другасныя патэнтавыя дакументы па гатунках раслін, негледзячы на тое, что прававая ахова названага віду АПУ была нарматыўна забяспечана яшчэ на першапачатковым этапе. У сувязі з гэтым, склад сістэмы патэнтавай дакументацыі папаўняецца новымі відамі дакументаў аб гатунках раслін, дакументамі аб карысных мадэлях і тапалогіях інтэгральных мікрасхем. Развіваюцца тэхналагічныя працэсы працы з патэнтавымі дакументамі ў патэнтавым органе.
На трэцім этапе (2001 г. - па сучасны момант) адбываецца паніжэнне статусу патэнтавага органа да ўзроўню дзяржаўнай установы з элементамі органа дзяржаўнага кіравання. Дзейнасць патэнтавага органа рэгламентуецца адначасова двума арганізацыйнымі дакументамі рознай юрыдычнай сілы і статусу. Завяршаецца афармленне сістэмы заканадаўства ў сферы прамысловай уласнасці, якое ў цэлым адпавядае міжнародным дагаворам, дазваляе забяспечыць афармленне дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ і функцыянаванне сістэмы патэнтава-інфармацыйнага забеспячэння. Накірункі развіцця нацыянальнай патэнтавай сістэмы вызначаюцца праграмнымі дакументамі Урада Беларусі. Арганізацыя афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ, захоўвання і выкарыстання патэнтавай дакументацыі адбываецца на аснове ўкаранення інфармацыйных тэхналогій. Развіваюцца інтэграцыйныя працэсы ў сферы аховы і афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі АПУ ў рамках Мытнага саюза і АЭП. З'яўляецца новая катэгорыя патэнтавай дакументацыі, якая змяшчае інфармацыю аб найменнях месцаў паходжання тавараў, і, такім чынам, завяршаецца фарміраванне складу сістэмы патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь у сучасным выглядзе [3; 4; 11; 12; 18].
4. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі патэнтавых дакументаў з'яўляюцца крытэрыі зместу: значнасць інфармацыі, якая змяшчаецца ў дакуменце, від і разнавіднасць дакумента, паўтаральнасць інфармацыі дакумента ў іншых дакументах. Крытэрыі паходжання і знешніх асаблівасцяў пры экспертызе каштоўнасці патэнтавай дакументацыі маюць абмежаванае ўжыванне. На аснове адаптацыі спецыфічных крытэрыяў экспертызы каштоўнасці навукова-тэхнічнай дакументацыі дысертантам прапанаваны спецыфічныя крытэрыі экспертызы каштоўнасці патэнтавай дакументацыі: 1. навізна, унікальнасць, арыгінальнасць АПУ; 2. ступень адлюстравання ўзроўню развіцця навукі і тэхнікі, вытворчасці і гандлю ў адпаведны перыяд развіцця грамадства; 3. значнасць АПУ на момант укаранення для развіцця канкрэтных галін і народнай гаспадаркі ў цэлым; 4. эканамічная эфектыўнасць выкарыстання АПУ; 5. сацыяльная эфектыўнасць АПУ; 6. грамадскае прызнанне аўтара (аўтараў) і (або) заяўніка (праваўладальніка АПУ).
Падчас патэнтавай экспертызы фактычна ажыццяўляецца праверка адпаведнасці заявак на вынаходствы спецыфічным крытэрыям ацэнкі навукова-тэхнічнай дакументацыі: прынцыповая навізна, унікальнасць вырашэння праблемы, канструкцыі, тэхналогіі, ступень адлюстравання ўзроўню навукі і тэхнікі, вытворчасці ў адпаведны перыяд развіцця грамадства. Патэнтавая экспертыза з'яўляецца найважнейшым этапам экспертызы каштоўнасці заявак на вынаходствы, на аснове вынікаў якога пацвярджаецца або не пацвярджаецца навукова-гістарычная каштоўнасць і практычная значнасць дакументаў дадзенай катэгорыі, і ажыццяўляецца асноўны адбор заявак пастаяннага тэрміну захоўвання.
Напрамкі ўзнікнення паўтаральнай дакументнай інфармацыі і формы паўтаральнасці вызначаюцца зместам і структурай працэсу патэнтавання і абумоўлены трансфармацыяй першаснай патэнтавай інфармацыі заявак на АПУ і дакументаў па іх разглядзе ў другасную патэнтаваю інфармацыю дзяржаўных рэестраў, ахоўных дакументаў і афіцыйных выданняў патэнтавага органа. На ўзнікненне патэнтавых дакументаў з паўтаральнай інфармацыяй аказваюць істотнае ўздзеянне характар і накіраванасць сувязяў патэнтавага органа і заяўнікаў (уладальнікаў АПУ), парадак сведчання выключных правоў, аўтарства і прыярытэту, неабходнасць забеспячэння дзяржаўнага ўліку АПУ, а таксама рэалізацыя прынцыпу апавяшчэння аб выключных правах.
Для патэнтавых дакументаў найбольш характэрнымі з'яўляюцца наступныя формы паўтаральнасці інфармацыі: дублетнасць (экземпляры заявак, афіцыйных выданняў патэнтавага органа, папяровыя і электронныя формы дзяржаўных рэестраў і афіцыйных выданняў), цытаванне (паўтор бібліяграфічных даных у розных відах патэнтавых дакументаў, паўтор інфармацыі дзяржаўных рэестраў у адпаведных выпісках), варыянтнасць (розныя варыянты дакументаў заявак) і рэфераванне (перадача ў скарочаным выглядзе ў формулах і рэфератах зместу апісанняў вынаходстваў і карысных мадэляў).
Заяўкі на АПУ, па якiх выдадзены ахоўныя дакументы, і дакументы па іх разглядзе, дзяржаўныя рэестры АПУ, ахоўныя дакументы і арыгінал-макеты афіцыйных выданняў патэнтнага органа маюць сапраўдную навукова-гістарычную каштоўнасць і падлягаюць пастаяннаму захоўванню. Заяўкі на АПУ - вынікі інтэлектуальнай дзейнасці (вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, гатункі раслін, тапалогіі інтэгральных мікрасхем), па якіх прыняты адмоўныя рашэнні, адкліканыя заяўкі на гэтыя аб'екты і дакументы па іх разглядзе маюць патэнцыйную навукова-гістарычную каштоўнасць і падлягаюць экспертызе каштоўнасці ў патэнтавым органе. Таму для дадзеных катэгорый дакументаў з'яўляецца абгрунтаваным замацаванне адпаведных тэрмінаў захоўвання з адзнакамі ЭПК. Пры правядзенні іх экспертызы каштоўнасці мэтазгодна выкарыстоўваць спецыфічныя крытэрыі ацэнкі патэнтавай дакументацыі [5; 15; 17].
5. Асноўнай крыніцай камплектавання НАФ патэнтавай дакументацыяй з'яўляецца патэнтавы орган. У сувязі з гэтым, патэнтавы орган павінен з'яўляцца асноўнай крыніцай камплектавання Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі патэнтавай дакументацыяй. Іншымі крыніцамі камплектавання НАФ выступаюць арганізацыі-заяўнікі (праваўладальнікі), якія з'яўляюцца аднастайнымі або падобнымі па сваім функцыянальна-мэтавым прызначэнні. Арганізацыі-заяўнікі (праваўладальнікі АПУ), у дзейнасці якіх утвараюцца патэнтавыя дакументы (заяўкі на АПУ і дакументы па іх разглядзе, дакументы па ўнясенні змен і дапаўненняў у дзяржаўныя рэестры АПУ, ахоўныя дакументы), належаць ў асноўным да двух катэгорый: 1. навукова-даследчыя і адукацыйныя ўстановы (дакументы па вынаходствах, карысных мадэлях, прамысловых узорах, гатунках раслін, тапалогіях інтэгральных мікрасхем), 2. вытворчыя і гандлёвыя прадпрыемствы (дакументы па таварных знаках, найменнях месцаў паходжання тавараў, часткова па вынаходствах, карысных мадэлях, прамысловых ўзорах, тапалогіях інтэгральных мікрасхем).
Пры гэтым дысертантам абгрунтаваны наступныя напрамкі адбору на пастаяннае захоўванне розных катэгорый нацыянальнай патэнтавай дакументацыі: 1. у патэнтавым органе ажыццяўляецца адбор заявак на АПУ і дакументаў па іх разглядзе, дзяржаўных рэестраў АПУ Рэспублікі Беларусь, афіцыйных выданняў патэнтавага органа. 2. у арганізацыях-праваўладальніках - ахоўных дакументаў на АПУ.
На аснове дадзеных высноваў распрацаваны прапановы па тэрмінах захоўвання патэнтавай дакументацыі Рэспублікі Беларусь і мадэль арганізацыі правядзення яе экспертызы каштоўнасці і адбору на пастаяннае захоўванне ў розных арганізацыях [5; 14; 15].
Рэкамендацыі па практычнаму выкарыстанню вынікаў.
Вынікі даследавання мэтазгодна выкарыстоўваць: 1. у рабоце ДКНТ, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў у сферы прамысловай уласнасці, фарміраванні мерапрыемстваў па развіцці нацыянальнай часткі ДПФ; 2. у рабоце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, арганізацый-заяўнікаў (праваўладальнікаў АПУ), дзяржаўных архіўных устаноў пры арганізацыі экспертызы каштоўнасці патэнтавай дакументацыі.
Праведзеныя даследаванні выкананы з улікам пераходу Рэспублікі Беларусь на інавацыйны шлях развіцця і дазваляюць павысіць якасць патэнтава-інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай і гандлёва-прамысловай сфер нацыянальнай эканомікі. Акрамя таго, выяўленыя праблемы могуць служыць базай для працягу даследаванняў і назапашвання досведу па забеспячэнні захоўвання і выкарыстання патэнтавай дакументацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Літаратура
1. Мальчэўскі, Я.С. Склад сістэмы патэнтавай дакументацыі / Я.С. Мальчэўскі // Беларускі археаграфічны штогоднік: навук. зб. / Белар. навук.-даследчы ін-т дакументазнаўства і архіўнай справы. - Мінск, 2010. - Вып. 11. - С. 116-124.
2. Мальчэўскі, Я.С. Змест патэнтавых дакументаў / Я.С. Мальчэўскі // Архівы і справаводства. - 2011. - № 5. - С.117-125.
3. Мальчэўскі, Я.С. Станаўленне і развіццё дзяржаўнай патэнтавай службы ў Рэспубліцы Беларусь / Я.С. Мальчэўскі // Беларускі археаграфічны штогоднік: навук. зб. / Белар. навук.-даследчы ін-т дакументазнаўства і архіўнай справы. - Мінск, 2011. - Вып. 12. - С. 86-97.
4. Мальчэўскі, Я. С. Крыніцы па гісторыі дзяржаўнай патэнтавай службы Рэспублікі Беларусь / Я. С. Мальчэўскі // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны: навук. зб. / БДУ. - Мінск, 2012. - Вып. 7. - C. 90-98.
5. Мальчэўскі Я.С. Экспертыза каштоўнасці патэнтавых дакументаў / Я.С. Мальчэўскі // Беларускі археаграфічны штогоднік: навук. зб. / Белар. навук.-даследчы ін-т дакументазнаўства і архіўнай справы. - Мінск, 2012. - Вып. 13. - С. 217-230.
6. Мальчевский, Е.С. Документирование государственного учета объектов промышленной собственности / Е.С. Мальчевский // Архівы і справаводства. - 2013. - № 3. - С.130-136.
Артыкулы ў іншых выданнях
7. Мальчевский, Е.С. Нормативное регулирование ведения и предоставления сведений из государственных реестров объектов промышленной собственности / Е.С. Мальчевский // Интеллектуальная собственность в Беларуси. - 2011. - № 4. - С.22-26.
8. Мальчевский, Е.С. Организация патентно-информационного обеспечения / Е.С. Мальчевский // Информатика. - 2013. - № 2 (38). - С. 90-94.
9. Мальчэўскі, Я.С. Сістэма патэнтавай дакументацыі / Я.С. Мальчэўскі // Сборник работ 65-й науч. конф. студентов и аспирантов Белгосуниверситета, Минск, 13-16 мая 2008 г.: в 3 ч. / БГУ. - Минск, 2008. - Ч. 1. - С. 98-102.
10. Мальчэўскі, Я.С. Дакументаванне афармлення дзяржаўнай рэгістрацыі аб'ектаў прамысловай уласнасці / Я.С. Мальчэўскі // Научные стремления - 2010: сборник материалов Респ. науч.-практ. молодежной конф. c междунар. участием, Минск, 1-3 нояб. 2010 г. / НАН Беларуси. - Минск: Беларуская навука, 2010. - С. 130-133.
11. Мальчэўскі, Я.С. Станаўленне і развіццё патэнтавага органа Рэспублікі Беларусь / Я.С. Мальчэўскі // Праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі: матэрыялы міжнар. навук. канф., прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння І.А. Юхо, Мінск, 18-19 сак. 2011 г. / БДУ. - Мінск, 2011. - C. 80-84.
12. Мальчэўскі, Я.С. Крыніцы па гісторыі патэнтавай справы ў Рэспубліцы Беларусь / Я.С. Мальчэўскі // Актуальныя праблемы крыніцазнаўства айчыннай гісторыі: матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф., прысвечанай 450-годдзю віцебскага гарадскога права і 100-годдзю выдання першай кнігі зборніка “Полоцко-Витебская старина”, Віцебск, 6-7 кастр. 2011 г. / УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”. - Віцебск, 2011. - С. 239-242.
13. Мальчевский, Е.С. Состояние и перспективы развития патентно-информационного обеспечения научной и научно-технической деятельности в Республике Беларусь / Е.С. Мальчевский // Развитие информатизации и государственной системы научно-технической информации (РИНТИ-2011): доклады X Междунар. конф., Минск, 23 нояб. 2011 г. / ОИПИ НАН Беларуси. - Минск, 2011. - С. 34-38.
...Подобные документы
Гісторыя мясцовага самакіравання Рэспублікі Беларусь у 1991-1996 гг. як частка гісторыі Беларусі. Самастойнае вырашэнне справаў насельніцтвам мясцовасці ўласнымі сродкамі. Закон ад 20.02.1991 г. "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні Рэспублікі Беларусь".
курсовая работа [80,6 K], добавлен 26.11.2014Азнаямленне з сутнасцю, прыкметамі і класіфікацыяй злачынстваў па крымінальнай праве Рэспублікі Беларусь. Разгляд паняцці і формаў рэалізацыі крымінальнай адказнасці. Вызначэнне абставінаў, обтяживающих і палягчающих пакарання па заканадаўству Беларусі.
реферат [17,3 K], добавлен 07.05.2012Землі водного фонду як самостійна категорія земель України. Правовий режим земель водного фонду: поняття, види, зміст і набуття права власності. Контроль за використанням та охороною земель водного фонду, відповідальність за порушення правового режиму.
дипломная работа [173,3 K], добавлен 16.05.2012Разуменнем дзяржаўнага кіравання у антычныя епоху, позняга адраджэнн. Дагаворная тэорыя паходжання дзяржавы Ж.Ж. Русо, Т Гобса. Развіток і прыхільніки грамадскай і дзяржаўнай тэорыі самакіравання ў Расіі. Фарміравання сучаснага дэмакратычнага дзяржавы.
реферат [34,1 K], добавлен 22.11.2010Поняття оренди і майнового найму. Завдання Фонду державного майна України. Функції Фонду державного майна України. Речові права на нерухоме майно за законодавством України. Функції Фонду у сфері приватизації, оренди та концесії державного майна.
реферат [23,7 K], добавлен 08.02.2011Межы зямельнага ўчастка як прававая і тэхнічная аснова вядзення зямельнага кадастру. Нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгулююць зямельныя дачынення ў Рэспублікі Беларусь. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне. Экалагічныя ўмовы землекарыстання.
курсовая работа [2,9 M], добавлен 25.05.2015Теоретичні аспекти діяльності Пенсійного фонду. Формування, розподіл і використання в процесі суспільного виробництва грошових фондів для фінансування пенсійного забезпечення. Вирішення проблеми формування коштів та доходів бюджету Пенсійного фонду.
курсовая работа [86,4 K], добавлен 10.08.2010Організаційно-правова характеристика управління Пенсійного фонду України у м. Могилів-Подільський. Дослідження порядку та джерел формування коштів, видів та структури надходжень до фонду. Аналіз змін податкового кодексу та впливу їх на управління ПФУ.
отчет по практике [246,9 K], добавлен 05.03.2012Зміст пенсійної реформи в Україні. Причини фінансової незбалансованості Пенсійного фонду. Порядок формування та подання звіту щодо сум нарахованих внесків до Накопичувального фонду. Адміністративна відповідальність за порушення пенсійного законодавства.
курсовая работа [55,8 K], добавлен 16.07.2010Права та обов'язки громадянина-власника житлового приміщення та інших мешканців в належному їм помешканні. Державний контроль за використання і схоронністю житлового фонду. Форми власності житлового фонду. Функції головної державної житлової інспекції.
реферат [21,1 K], добавлен 27.04.2011Структура районного управління Пенсійного фонду. Порядок прийняття на роботу і звільнення службовців, їх основні обов’язки. Робочий час і його використання. Прийом, оформлення та розгляд документів для призначення і перерахунку пенсій, поновлення виплат.
отчет по практике [38,3 K], добавлен 02.06.2015Процедури реєстрації та взяття на облік бюджетної установи як платника єдиного внеску на загальнообов'язкове соціальне страхування. Порядок відкриття та закриття рахунків в органах Державної казначейської служби України. Фінансування Пенсійного фонду.
курсовая работа [55,7 K], добавлен 12.04.2014Возникновение института Президентства в Республике Беларусь. Взаимоотношение Президента Республики Беларусь с иными органами власти, основные группы полномочий. Полномочия Президента Республики Беларусь в нормотворческой сфере. Администрация Президента.
дипломная работа [122,1 K], добавлен 22.11.2008Анализ состояния преступности в Республике Беларусь по субъектному составу. Киберпреступность в Республике Беларусь. Сравнение состояния преступности в Республики Беларусь с преступностью в других странах мира. Рейтинг стран по уровню преступности.
курсовая работа [772,7 K], добавлен 16.10.2021Понятие, конституционно-правовое регулирование и принципы гражданства Республики Беларусь. Основания и порядок приобретения и прекращения (выход или отказ) гражданства Республики Беларусь. Условия и порядок приема в гражданство Республики Беларусь.
реферат [24,0 K], добавлен 11.03.2011Экономические предпосылки проведения земельной реформы в Республике Беларусь. Право государственной и частной собственности на земли Республики Беларусь. Пути реформирования предприятий агропромышленного комплекса с учетом сохранения специализации.
курсовая работа [55,3 K], добавлен 15.11.2010Понятие и принципы гражданства Республики Беларусь и его правовое закрепление. Гражданство детей при изменении гражданства родителей. Классификация государственных органов Республики Беларусь. Порядок организации и проведение выборов депутатов.
контрольная работа [38,3 K], добавлен 06.02.2010Виды суверенитета, признаки Республики Беларусь как суверенного государства. Порядок назначения референдумов в Республике Беларусь. Основные права, свободы и обязанности иностранных граждан и лиц без гражданства. Предоставление убежища в Беларуси.
контрольная работа [22,9 K], добавлен 14.04.2010Понятие конституционного строя, административно-территориальное устройство Республики Беларусь. Политические партии, общественные объединения и религиозные организации. Конституционные принципы политики и государственная символика Республики Беларусь.
реферат [29,7 K], добавлен 25.11.2010Методологические подходы исследования системы военной безопасности Республики Беларусь. Организационно-правовой механизм обеспечения военной безопасности Республики Беларусь, место и роль в нем органов внешней разведки. Органы пограничной службы.
реферат [22,4 K], добавлен 16.10.2012