Фарміраванне гуманістычнай свядомасці ў беларускай класічнай паэзіі і сучаснасць

Станаўлення гуманізму як асноватворнай светапогляднай парадыгмы. Шлях рэвалюцыйнай барацьбы ў паэзіі Цёткі, рэабілітаваць шматмільённы беларускі народ у вачах чалавецтва і свету у творах Я. Купала. Літаратура 1930-я гг. як "зброя класавай барацьбы".

Рубрика Литература
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 25.05.2015
Размер файла 21,3 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Фарміраванне гуманістычнай свядомасці ў беларускай класічнай паэзіі і сучаснасць

А. І. Бельскі

На мяжы ХІХ-ХХ стст. для беларускай літаратуры асаблівую актуальнасць набывала пытанне станаўлення гуманізму як асноватворнай светапогляднай парадыгмы. Больш за тое, на пачатку ХХ ст. сацыяльна-палітычны крызіс набыў абрысы катастрофы. Стыхія рэвалюцыйнай барацьбы ў выніку канчаткова пахавала царскае самаўладства. Падзеі першай рускай рэвалюцыі абудзілі магутны ўздым народных мас. Ідэя змагання і нацыянальнага вызвалення захапілі Цётку і Я. Купалу, якія ўсведамлялі, што гісторыя дае беларусам шанец здабыць свабоду, абараніць нацыянальную годнасць і зацвердзіць сваю значнасць, раўнапраўе сярод іншых народаў, адстаяць сацыяльныя і культурныя правы. Цётка з упэўненасцю пісала: «Веру, братцы: людзьмі станем…» [1, с. 54]. Я. Купала выразна сфармуляваў ідэю гуманістычнага адраджэння асобы і нацыі ў цэлым: «А чаго ж, чаго захацелась ім, // Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім? // - Людзьмі звацца» [2, І, с. 160]. Паднявольныя народы, у тым ліку беларускі, мелі патрэбу ў нацыянальным самаўсведамленні, духоўным узвышэнні, сцвярджэнні гуманістычнага характару жыцця.

Разам з тым эпоха рэвалюцый - час непрымірымасці, вялікай нянавісці, руйнавання, тэрору і кровапраліцця. Менавіта ў такія перыяды гісторыі, па словах А. Блока, людзі як ніколі «пачынаюць… адчуваць адзін у адным ворагаў», і «гэтае размежаванне… праявілася з асаблівай сілай і прывяло да крызісу гуманізму» [3, с. 332]. Калі правіла баль дыктатура сілы, адбываўся распад асобы, гуманістычная культура ў яе высокім разуменні была ў заняпадзе.

Радыкальны шлях рэвалюцыйнай барацьбы яскрава ўвасобіўся ў паэзіі Цёткі. Грозную марскую стыхію яна параўноўвае з усенародным гневам, які знішчыць царызм як найвялікшае зло. Рамантычны ідэал свабоды ўяўляе для паэтэсы запаветную мару асабістую і народную. Цётка разумела, што шлях да свабоды суровы, цяжкі і трагічны, яна ўслаўляла бой-змаганне, лічыла разбурэнне «турмы народаў» вышэйшай справядлівасцю. Аднак не ўсё можна вытлумачыць у яе творах з пазіцый так званага рэвалюцыйнага гуманізму. З гуманістычным вобразам рэвалюцыянера-барацьбіта не зусім арганічна стасуецца паэтызацыя раз'юшанага, лютага гневу, прага пакарання, расправы, гібелі-смерці, дэманстрацыя жорсткасці і адсутнасці ўсялякай міласэрнасці: «Чую яшчэ голас з неба, // Што цара павесіць трэба!» [1, с. 64]. Крывавая стыхія чалавеказабойства пануе ў свеце: «…Хлапец ляжыць без ног і рук. // Ах, льецца кроў праз цэлы гоні!»; «…І там зноў трупаў навалілі, // І там нявінну точаць кроў. // Нясецца гром з сталіц па краю, // Вяроўкі шыбеніц скрыпяць» [1, с. 70]. Усведамленне таго, хто самы галоўны віноўнік народнага гора, з'явілася яшчэ да Цёткі, у беларускай літаратуры ХІХ ст.: «…глум, здзерства і несправядлівасць выходзіць ад самога цара - ён-то… трымае нас у няволі» [4, с. 33]. У творах паэтэсы выяўляецца стаўленне да цара як да ворага, тырана, «зладзея»: «…Гасудар, // Ці наеўся ты слёз? // Ці напіўся крыві, // Ці накрыўдзіўся нас?» [1, с. 68]. Ён - цар - увасабленне антынароднай улады, абсалютная канцэнтрацыя зла. Як мы памятаем, у выніку рэвалюцыі 1905 г., падчас якой пралілася людская кроў («Крывавая нядзеля»), была расстраляна вера ў добрага цара. Як і вядома нам сёння тое, чым закончылася забойства цара Мікалая ІІ у 1918 г.: пачаліся чырвоны і белы тэрор, а затым сталінскі генацыд… Цётка не дажыла да гэтых падзей і не магла прадбачыць вынікі радыкальна-крывавага знішчэння ўлады. Хаця яшчэ раней, у сакавіку 1881 г., быў забіты цар-рэфарматар Аляксандр ІІ, які скасаваў прыгоннае права… Што адбылося ці змянілася пасля гэтага на ўскраінах Расійскай імперыі - іншая справа і іншая тэма. І ўсё ж Цётка зрабіла вельмі істотнае маральна-хрысціянскае назіранне: рэвалюцыя - крыжовы шлях: «Хаджу па хаце, як атруты, // У жылах чую зімны лёд. // З кутоў глядзяць мярцоў шкілеты, // Па косткі плюшчыць цёпла кроў» [1, с. 70]. Рэвалюцыя, скіраваная на здзяйсненне высокіх мэт і тварэнне новага, абарочваецца і трагізмам гісторыі.

Я. Купала выдатна ўсведамляў сваю ідэйна-мастацкую звышзадачу - маральна рэабілітаваць шматмільённы беларускі народ у вачах чалавецтва і свету, паказаць рэальнасць духоўнага адраджэння «Маладой Беларусі», зацвердзіць яе права на «свой пачэсны пасад між народамі» [2, ІІІ, с. 99].. З эстэтычна-этычнага ўзвышэння чалавечай годнасці селяніна (у шырокім сэнсе беларуса) і пачынаўся Я. Купала як паэт. Купала бачыў галоўнае, універсальнае ў чалавеку, таму і заклікаў яго адчуць сябе самога, спасцігнуць уласную сапраўдную існасць. Перад намі не проста паэт, а грамадская асоба, у светапоглядзе якой арганічна спалучана асабістае і агульнанароднае. На матэрыяле кніг «Жалейка», «Гусляр», «Шляхам жыцця» можна пераканацца, што ў аснове яго думак, роздумаў, назіранняў ляжыць пачуццё адказнасці за жыццё народнае, пакуты чалавека, недасканалае ўладкаванне грамадства: «А слёзы другіх, што ліюцца над намі, // Ці ж могуць даць спаць нам спакойна?..» [2, І, с. 89] і інш. Гуманнасць пазіцыі паэта відавочная: ён з хрысціянскім спачуваннем і шкадаваннем ставіўся да прыніжаных, спакутаваных, бяспраўных людзей, даведзеных да прымітыўнага, убогага існавання. Карціны сацыяльнай рэчаіснасці ўяўляюць перакулены, дысгарманічны свет, які ператварыўся для «цёмных, нешчаслівых» у зямное пекла. І гэта Купала ўспрымаў як найвялікшую трагедыю, нацыянальную катастрофу.

Паэт выступаў за захаванне самабытнага «я» беларуса ў вялікім свеце: «…Кожны народ сам сабе пан; // І беларус можа змясціцца // Ў сям'і нялічанай славян!» [2, І, с. 134]. Купалу займаў нацыятворчы працэс, ён прадэманстраваў патрыятычна-пасіянарнае выяўленне ўнутраных сіл і памкненняў народа. У паэзіі Я. Купалы вельмі выразная нацыянальная рыса гуманізму. Беларуса, беларускі народ паэт уключае ў кантэкст суіснавання з іншымі народамі і чалавецтвам.

У канцэпцыю чалавечай асобы Я. Купала паклаў агульназначныя ідэі і каштоўнасці, найперш такія, як свабода, справядлівасць і роўнасць. Свабода, воля ўяўляюцца паэту як ідэал, праява вышэйшых - касмічных, боскіх - сіл, іх уплыву на асобу чалавека. Невыпадкова матыў свабоды ў сэнсавым кантэксце вершаў паўстае поруч з вобразамі сонца, неба, зор, ветру і іншых актыўных прыродных стыхій. Герой Купалы прызнаецца: «Малюся свабоднаму ветру - віхуры, // Што лётае птушкай ад краю да краю…» [2, ІІІ, с. 76]. Свабода для Купалы - гэта ўнутраная прастора асобы, выяўленне яе вышэйшай існасці. «Дух чалавека рвецца ўдаль» [2, ІІ, с. 201] і перасягае зямное вымярэнне. Паэт скіроўвае нас ад хаосу, дысгармоніі рэчаіснасці да космасу, яго хараства і велічы: «На небе свабода, святло і прыволле, - // А думцы замала: няма там людзей…» [2, ІІ, с. 128]. Сімвалам волі ў яго паэзіі выступае вобраз сокала: «Як сокал, і я б мкнуў да зор: // Там сонца, раздолле, прастор; // Без жалю б пакінуў зямлю, // І хатку, і долю сваю» [2, І, с. 169]. Сонца, зоркі - сведкі і саўдзельнікі людскога лёсу: «Плача сонца маладое // Над планетай над старою, // Іскры сыплюцца цурком…» [2, ІІ, с. 164]. Паэт быццам жадае заклікаць нябесныя сілы перамагчы зямную цемру, зло і прасвятліць народнае жыццё. Як можна пераканацца, гуманізм паэта ў шэрагу твораў набывае ярка выяўлены рамантычны характар.

Любоў - важны сэнсаўтваральны матыў Купалавай паэзіі. Сэрца, душа - вобразы, якія яскрава характарызуюць унутраны свет паэта (вершы «Сэрца спытай…», «Адгукніся, душа!» і інш.). Паэт сэрцам і душой моліцца, адгукаецца на з'явы жыцця і свету, хвалюецца пра вечныя каштоўнасці, і ўсё гэта выразна раскрывае гуманізм яго духоўнага светаадчування. Сэрца ёсць універсальны орган чалавечага духу, гэта выток, цэнтр гуманізму. Існуе меркаванне: «Мы павінны ўключыць у сферу сэрца ўвесь свет, бо сэрца ёсць мікракосм існага» [14, с. 151]. цётка гуманізм купала паэзія

Крызіс чалавека прымусіў паэта задумацца пра маштабны, эпахальны характар канфлікту дабра і зла, і адначасова падштурхнуў да пошуку новай, глабальнай у сваёй аснове, гуманістычнай канцэпцыі быцця. Этычныя нормы знікалі, бурлілі нянавісць і злосць. Гэта быў час пагарды да чалавека, разладу грамадства, вялікіх узрушэнняў і бітваў. Я. Купала разумеў, што людзі, як і ў дабіблейскую эпоху, не памяняліся: «Раскрыйся нанова, магіла: // Страшней цябе людзі і свет» [2, VІІ, с. 33]. У вершы «Чалавеку» ён гаворыць пра абмежаваныя чалавечыя магчымасці. Імкнучыся адшукаць сэнс быцця, ён востра адчуваў, што ёсць таемная духоўная крыніца ўздзеяння на чалавека. Паэт шукаў сродак сваёй узаемасувязі з Богам, каб знайсці шлях выратавання для людзей і Бацькаўшчыны. Пасля палымяных грамадзянскіх вершаў у абарону значнасці чалавека ён ствараў паэтычныя малітвы, у якіх просіць «прасветласці божай» [2, І, с. 151]. Скіраванасць чалавека і народа да Бога вызначае сутнасць аўтарскай канцэпцыі свету: «Малюся… // Магутнаму Богу - Ўсясвету малюся…» [2, ІІІ, с. 77].

Ідэя чалавекалюбства вызначальная ў паэзіі Я. Купалы, які прытрымліваўся этыкі хрысціянскага гуманізму: «…Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час, // Брацтва, роўнасць, супольнасць і згода!» [2, ІІ, с. 48]. Сэнс быцця для Купалы заключаецца ў духоўнай еднасці, чалавечым братэрстве, згодзе, мірным існаванні. Разам з тым паэт адчуваў сябе сынам свету, нават шырэй - чалавекам сусвету: «Мой дом - прыволле звёзднай далі…» [2, ІІ, с. 112]. У такім планетна-касмічным аспекце мысліў і М. Багдановіч, што яднае яго, як і Купалу, з рускімі сімвалістамі: «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?» [6, с. 155]. Гуманістычнае мысленне Я. Купалы па-сапраўднаму маштабнае, яно, як мы пераканаліся, пашыраецца да агульначалавечага, планетнага маштабу. Паэт апярэджваў сваю эпоху, ён марыў пра гуманістычны вобраз новай Беларусі і новы дзень чалавецтва. Сучасная філасофская думка сцвярджае «неабходнасць новага, Планетнага гуманізму… Мы павінны прызнаць тое, што кожны чалавек на планеце Зямля роўны іншым у сваёй вартасці і каштоўнасці, незалежна ад месца пражывання і перакананняў» [7].

У гады Першай сусветнай вайны і пераломныя 1918-1920-я гг. гуманістычны вопыт падказваў Купалу, што трэба супрацьстаяць чарговым сацыяльна-палітычным катаклізмам усёй сваёй чалавечай сутнасцю. На Захадзе тады гаварылася пра «заняпад Еўропы» (О. Шпэнглер), у Беларусі таксама пачыналася вялікая катастрофа гуманізму.

Канфлікт чалавека і грамадства прывёў у 1930-я гг. да занядбання агульначалавечых каштоўнасцей. Літаратура на той час разглядалася як «зброя класавай барацьбы». Абясцэньвалася чалавечае жыццё, узвышалася і апраўдвалася бесчалавечнасць. Сведчаннем таму вершы М. Чарота «Свой прыгавор падпісваю першы…», М. Лужаніна «Дзень гневу», Я. Купалы «Мала іх павесіць…» і інш. Доўгі час культывавалася думка, што «сапраўдны гуманізм - …гуманізм сацыялістычны, які спалучае ў сабе вялікую любоў да працоўнага чалавека і лютую нянавісць да яго ворагаў» [8, с. 346]. Грамадству і літаратуры трэба было прайсці складаны шлях цяжкіх выпрабаванняў і страт, каб урэшце знайсці філасофіі знішчэння і руйнавання гуманістычную альтэрнатыву. Аднавіць парушаны парадак светабудовы, пазначыць «шлях да чалавечае чыстаты» (К. Чорны), шлях, па якім «наперад ісці чалавеку гуманнаму» (А. Адамовіч). Літаратура пераарыентоўвала свядомасць чалавека на агульначалавечыя маральныя каштоўнасці (творы К. Чорнага, І. Шамякіна, Я. Брыля, П. Панчанкі, М. Танка, А. Куляшова, В. Быкава і інш.). Невыпадкова ў новым ХХІ ст. як прыярытэтны вылучаецца «агульначалавечы (духоўны) узровень каштоўнасцей, якому павінны быць падпарадкаваны зямныя (матэрыяльныя) каштоўнасці, каб пазбегнуць рэгрэсу і гібелі чалавецтва» [9, с. 174].

У сучаснай літаратуры можна адзначыць некалькі тэндэнцый -- публіцыстычнае сцвярджэнне гуманізму як вызначальнай парадыгмы. Вуснамі сваёй гераіні В. Быкаў сцвярджае, што самае галоўнае ў жыцці: «Чалавечнасць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д'ябла…» [10, с. 89]. Маральна-этычная лексіка, гуманістычны пафас з'яўляюцца вызначальнымі ў сучаснай беларускай паэзіі. У вершах, створаных на апошнім жыццёвым этапе, С. Грахоўскі піша словы Любоў, Сумленне, Дабро, Праўда, Праца з вялікай літары: тым самым ён пазначае сацыяльна-маральныя і гуманістычныя арыенціры, падкрэслівае вызначальную ролю вечных каштоўнасцяў у светаўладкаванні грамадства. Пафасам сцвярджэння хрысціянскага чалавекалюбства, дабрыні і міласэрнасці прасякнута кніга Р. Барадуліна «Ксты».

Наступная тэндэнцыя - канцэпцыя разладу і трагізму быцця -- выявілася ў творах П. Панчанкі, І. Шамякіна, В. Казько і інш. Пісьменнікі паказваць, як у пераходны час, на мяжы стагоддзяў, «пераможанай аказалася гуманная цывілізацыя». І. Шамякін, як і яго героі-літаратары з аповесцяў «Paradies auf erden», «Вернісаж», «Крывінка» і інш., займае крытычную пазіцыю ў адносінах да рэчаіснасці, якая стала непразрыстай і дысгарманічнай. Ён выказвае контраргументы адносна “зямнога раю” для абраных і таго свету, дзе правяць баль людзі-маскі. Пісьменнік раскрыў усю глыбіню маральнага падзення і дэградацыі прадстаўнікоў сучаснага грамадства.

Сумна, нават прыкра пра гэта казаць, але некаторыя пісьменнікі скаціліся да адкрытай гомафобіі, выяўлення агрэсіўнасці. Сёння для іх слова «чалавек» гучыць брыдка. Адзін з нашых сучаснікаў дагаварыўся да таго, што «ўсе людзі -- быдла. Вар'яцееш ад адной толькі думкі, што з гэтым быдлам ты пражывеш усё сваё наканаванае жыццё» [11]. Чалавек, як ні парадаксальна, перастаў асобнымі пісьменнікамі ўспрымацца як штосьці прыгожае і сакральнае, пра яго гаворыцца з нянавісцю, пагардай, цынізмам. І ўсё ж філасофіі «чалавек чалавеку - воўк» такія пісьменнікі, як І. Шамякін, Р. Барадулін, Я. Сіпакоў і іншыя, супрацьпастаўляюць здаровы сэнс, схільнасць асобы да развіцця ўнутранага (маральнага) патэнцыялу. Гуманістычная філасофія адзначае, што неабходна кіравацца «ідэаламі розуму і маральнай мудрасці», «удасканальваць мысленне», пры гэтым трэба «адкінуць песімізм, страх, змрочныя прароцтвы», імкнуцца да «жыццёвых стандартаў, дабратыту, культуры і свабоды» [12]. Менавіта ўнутраным, гуманным станам асобы, глыбока этычнымі паводзінамі людзей і вызначаецца прагрэс грамадства, яго перспектывы. Гэта выдатна паказала класічная і сучасная беларуская літаратура.

Литература

1. Цётка. Выбраныя творы / Цётка. - Мінск, 2001.

2. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. - Мінск, 1995-2003. - Т. 1-7. Цытаты ў тэксце падаюцца з пазначэннем адпаведнага тома і старонкі.

3. Блок, А. О литературе / А. Блок; сост. и коммент. Т. Бедняковой; вст. ст. Д. Максимова. - 2-е изд., доп. - М., 1989.

4. Каліноўскі, К. За нашую вольнасць: творы, дакументы / К. Каліноўскі. - Мінск, 1999.

5. Учение Живой Этики. Сердце. - М., 1995.

6. Багдановіч, М. Выбраныя творы / М. Багдановіч. - Мінск, 1996.

7. Андреева, Л. С. Природа человека и гуманизм: Междунар. науч. конф. «Природа человека и гуманизм: антропологическое измерение техногенной цивилизации», Владимир, ВГПУ, 28-29 сент. 2007 г. / Л. С. Андреева - Режим доступа: www.atheismru.narod.ru/humanism/journal/45/andreyeva.htm - - Дата доступа: 16.02.2010.

8. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, 1917-1940 / В. В. Казлова [і інш.]; пад рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. - Мінск, 1981.

9. Башкова, Н. В. Преображение человека в философии русского космизма / Н. В. Башкова. - М., 2007.

10. Быкаў, В. Сьцяна / В. Быкаў. - Менск, 1997.

11. Глобус, А. Сінема / А. Глобус // ЛіМ. - 1992. - 11 снеж.

12. Куртц, П. Гуманизм и скептицизм - парадигмы культуры третьего тысячелетия / П. Куртц. - Режим доступа: www.gumer.info/.../kurtc_gumsk.php - - Дата доступа: 31.05.2010.

Размещено на Allbest.ru

...

Подобные документы

  • Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.

    курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013

  • Беларускі авангард 20-х гг. і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку XX ст. "Рэвалюцыйны" авангард у беларускай паэзіі 20-х гг. "Узвышша" і сусветны мастацкі вопыт. Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы. Эсэізм як вызначальная ідэя XX ст.

    реферат [37,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.

    реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011

  • Развіццё літаратуры і драматургіі Заходняй Беларусі. Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі. Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба. Зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча "Веснавыя мелодыі". Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у яе творчасці.

    реферат [44,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Роля паэзіі ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны. Кантраснае спалучэнне ў творах любові і нянавісці, традыцыйных вобразаў-сімвалаў і лірычна-песенных інтанацый. Значэнне сатырычнай камедыі ў беларускай літаратуры.

    курсовая работа [65,2 K], добавлен 23.02.2011

  • Міфалогія і міфалагемы. Праявы салярнага культу ў традыцыях розных народаў. Міфалагема Сонца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету славян. Семантыка, функцыянальнасць міфалагемы Сонца ў традыцыйнай беларускай літаратуры і значэнне ў неабрадавай паэзіі.

    курсовая работа [116,9 K], добавлен 15.04.2010

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

  • Вывучэнне біяграфіі Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі) - пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Псеўданімы, якімі яна карысталася ў сваёй творчасці. Літаратурная спадчына Цёткі (паэзія, проза, публіцыстыка), яе значэнне ў беларускай літаратуры.

    реферат [39,3 K], добавлен 26.03.2013

  • Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.

    реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011

  • Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.

    дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016

  • Творчае жыццё Максіма Танка. Духоўная, маральна-філасофская, гуманістычная эвалюцыя лірычнага героя ў паэзіі М. Танка. Праблемна-сімвалічнае поле паэзіі. Вобраз "сонца", канцэпт "дарога". Колеравая палітра вершаў. Асаблівасці паэтычнага радка М. Танка.

    курсовая работа [199,1 K], добавлен 03.02.2014

  • Асаблівасці сінтаксісу у паэзіі Леаніда Дранько-Майсюка. Няпоўныя сказы у паэзіі і іх стылістычная роля. Аднасастаўныя сказы, іх вобразна-выяўленчыя адметнасці. Фігуры паэтычнага сінтаксісу: анадыплозіс, анафара, ампліфікацыя, дыяфара, эпіфара, падваенне.

    курсовая работа [41,1 K], добавлен 22.08.2013

  • Паняцце канцэпту ў лінгвістычнай літаратуры з пункту погляду розных навуковых пазіцый. Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах, шчасце з пункту погляду этыкі, філасофіі, псіхалогіі. Вобразна-выяўленчы, патэнцыял канцэпту шчасце ў мове сучаснай паэзіі.

    дипломная работа [100,1 K], добавлен 04.03.2010

  • Максім Іванавіч Гарэцкі як выдатный дзеяч беларускай культуры, гонар і сумленне нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. Літаратурный дэбют Гарэцкага, праяўлення наватарства в яго творах.

    контрольная работа [44,9 K], добавлен 22.02.2011

  • Асаблівасці станаўлення і асноўныя прыкметы ўласнабеларускай старажытнай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця. Летапіс як найбольш значный жанр беларускай літаратуры XV — пачатку XVI ст. Арыгінапьны твори жанра царкоўна-рэлігійнага пісьменства.

    курсовая работа [44,0 K], добавлен 24.02.2011

  • Фарміравання светапогляду Лучыны. Уплыв пазітывізму на паэтычную творчасць і вырашэнне праблемы тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Характарыстыка пошукаў сэнсу сэнсу жыцця і шчасця ў лірыцы паэта. Адметнасці мастацкага вырашэння тэмы смерці ў яго паэзіі.

    курсовая работа [48,6 K], добавлен 27.06.2016

  • Развіццё паэзіі ў 20 гг. ў дзвюх асноўных ідэйна-мастацкіх плынях: нацыянальнай і пралетарска-рэвалюцыйнай. Асэнсавання Беларускага Шляху – лёсу маці-Беларусі ў новых гістарычных умовах. Апяванне "казкі прышлага часу". Пастаральнасць і фальклорны лірызм.

    реферат [31,5 K], добавлен 24.02.2011

  • Выкарыстанне ў паэзіі М. Багдановіча індывідуальна аўтарскіх, народна-паэтычных эпітэтаў, а таксама эпітэтаў-прыдаткаў. Вызначанне найбольш выкарыстоўваемых каляровых эпітэтаў ў вершах паэта, а таксама колерав, якія аўтар ужывае ў адзінкавых выпадках.

    курсовая работа [35,8 K], добавлен 27.10.2013

  • Аналіз літаратурнай спадчыні Віктара Шніпа з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Тэматычнае напоўненне паэзіі. Нацыянальныя матывы ў лірыцы. Мастацкія і жанравыя асаблівасці вершаў і творчай манеры аўтара. Інтымная лірыка паэта.

    дипломная работа [132,2 K], добавлен 11.12.2013

  • Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.

    реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.