Нацыянальныя асаблівасці светаадлюстравання ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя

Высвятленне асаблівасцей нацыянальнага светаадлюстравання, мастацкай карціны свету, якія праяўляюцца ў мастацка-вобразнай сістэме твораў малой прозы ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў. Спецыфічныя праявы канцэптуалізацыі неарамантычнага кірунку.

Рубрика Литература
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 52,4 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені

кандыдата філалагічных навук па спецыяльнасцях

10.01.03 - літаратура народаў краін замежжа (украінская)

10.01.01 - беларуская літаратура

Нацыянальныя асаблівасці светаадлюстравання ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя

Воран Ірына Аляксандраўна

Мінск, 2011

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце

Навуковы кіраўнік Чарота Іван Аляксеевіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Афіцыйныя апаненты: Мушынскі Міхаіл Іосіфавіч, доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік ДНУ “Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я.Купалы НАН Беларусі”, член-карэспандэнт НАН Беларусі

Уткевіч Вольга Іванаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры філасофіі УА “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт”

Апаніруючая арганізацыя УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў»

УВОДЗІНЫ

У нацыянальных культурах, якія сутыкнуліся на парозе ХХІ стагоддзя з рознымі праявамі глабалізацыі ў выглядзе запазычанняў і перайманняў іншага ладу жыцця, стэрэатыпаў паводзін і думак, іншых каштоўнасцей і традыцый, прыярытэтаў, усё актыўней актуалізуецца праблема нацыянальнай ідэнтычнасці, захавання самабытнасці. Развіццё кампаратыўнай навукі, з аднаго боку, абумоўлена працэсам глабалізацыі, уключэннем ў сусветны кантэкст вялікай колькасці літаратур, прызнаннем рознароднасці, варыятыўнасці мастацка-эстэтычных з'яў у розных культурах, якія стварылі поле для дыялогу на многіх узроўнях; а з іншага боку - дзякуючы кампаратыўным даследаванням вызначаецца нацыянальная самабытнасць, непаўторнасць гэтых культур.

Украінская і беларуская літаратуры намі абраны для параўнальнага аналізу не выпадкова. Найбольш трывалыя ўзаемасувязі існуюць паміж літаратурамі, звязанымі агульнасцю сваіх першавытокаў у межах тыпалагічна блізкага культурна-гістарычнага тыпу, да якога належаць усходнеславянскія літаратуры (руская, украінская, беларуская), шырэй - славянскія. Абумоўленыя комплексам гістарычна і генетычна прадвызначаных фактараў (элементамі матэрыяльнай культуры, падобнасцю ментальных рыс, роднасцю моў, агульнасцю фальклорных вобразаў і да т.п.) блізкароднасныя (напрыклад, усходнеславянскія) літаратуры маюць вялікі пласт генетычна прадвызначанай агульнай спадчыны, але ў развіцці яе выяўляюць адметнасці. Даследаванне гэтых агульных і адметных рыс нацыянальнага светаадчування, адмысловага ўспрымання і мастацкага адлюстравання свету дазваляе больш поўна вызначыць сутнасць і значнасць кожнай асобнай літаратуры.

Найбольш выразныя паказальнікі ўнікальнасці народа - нацыянальнае светабачанне, асаблівы спосаб успрымання свету - адносяцца да найбольш цяжка ўлоўных адзнак. Выяўленне асаблівасцей нацыянальнага светаўспрымання і яго мастацкага адлюстравання ў літаратуры, цесна звязанага з такімі паняццямі, як “народны дух”, нацыянальная эстэтыка, ва ўкраінскай і беларускай літаратурах адбываецца на пачатку ХХ стагоддзя. Пісьменнікі гэтага перыяду імкнуцца як мага больш поўна адлюстраваць самабытнасць свайго народа, сцвердзіць каштоўнасць нацыянальнай і асабістай годнасці, паказаць адметнасці яго духоўнага свету. Таму даследаванне нацыянальных асаблівасцей светаўспрымання і светаадлюстравання ва ўкраінскай і беларускай літаратурах гэтага перыяду непасрэдна суадносіцца з выяўленнем сутнасці нацыянальнага Косма-Псіха-Логаса.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЦЫ

Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі Дысертацыйнае даследаванне праведзена ў адпаведнасці з планавай тэмай кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага універсітэта “Беларуская літаратура ХХ-ХХІ стст. у іншаславянскіх краінах” (2006-2010 гг., № 20062049).

Мэта і задачы даследавання

Мэта работы - выявіць асаблівасці нацыянальнага светаадлюстравання, якія праяўляюцца ў мастацка-вобразнай структуры твораў украінскай і беларускай малой прозы пачатку ХХ стагоддзя як рэпрэзентантаў адметных культур.

У сувязі з вышэй вызначанай мэтай ставяцца і вырашаюцца наступныя задачы:

- прасачыць і асэнсаваць асаблівасці ўсведамлення ўкраінскімі і беларускімі творцамі пачатку ХХ стагоддзя самабытнасці сваіх літаратур;

- адзначыць спецыфічныя праявы канцэптуалізацыі неарамантычнага кірунку ва ўкраінскай і беларускай крытыцы пачатку ХХ стагоддзя;

- выявіць адметнасці прасторавага светаўспрымання і яго адлюстравання ў творах ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў;

- знайсці канкрэтныя адрозненні ва ўкраінскай і беларускай карцінах свету;

- высветліць асаблівасці ідэі сакралізацыі-асваення прасторы ў залежнасці ад характару ўзаемаадносін героя і зямлі ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя;

- вызначыць агульнае і адметнае ў функцыянаванні архетыпа “дом/хата” як увасаблення цэнтра Сусвету.

Аб'ект і прадмет даследавання

У дысертацыі аб'ектам даследавання з'яўляюцца творы ўкраінскай і беларускай малой прозы пачатку ХХ стагоддзя: навелы “Intermezzo”, “У дарозе”, “Як мы ездзілі да Крыніцы”, “У грэшны свет”, “Сон”, “На крылах песні” М. Кацюбінскага, навелы “Бітва”, “Прырода”, “Некультурная”, “Сагравай, сонца!”, “Ліст асуджанага ваякі да сваёй жонкі”, “За гатар” В. Кабылянскай, навелы “Выводзілі з сяла”, “Анёл”, “Каменны крыж”, “Майстар”, “Восень”, “Сіняя кніжачка”, “Яна - зямля” В. Стафаніка, “Пад абухам”, “Мара вірла”, “Ціхі свет”, “За гарою” М. Яцкава, “Чычка”, “Дзед”, “Бабін ход” М Чарамшыны, “Роднае карэнне”, “У лазні”, “Патаёмнае”, “Цёмны лес”, “Лірныя спевы”, “У чым яго крыўда?” М. Гарэцкага, “Казкі жыцця” Я. Коласа, “Нараджэнне”, “Мары”, “Прывід” В. Ластоўскага, абразкі і мініяцюры, а таксама апавяданні “Туга старога Міхайла”, “Дванаццацігоднікі”, “Дзе канец свету?”, “На Каляды к сыну”, “Ашчаслівіла”, “На зачарованых гонях”, “Умарыўся” З. Бядулі, “Прысяга над крывавымі разорамі”, “Асеннія лісткі” Цёткі, “Гаротная”, “Дуб-дзядуля” Ядвігіна Ш.

Прадмет даследавання - нацыянальныя карціны свету, адметнасці светаадлюстравання, выяўленыя ў творах украінскіх і беларускіх празаікаў.

Метадалагічная база даследавання складвалася з улікам:

- асноўных прынцыпаў параўнальна-тыпалагічнага метаду даследавання літаратур (В. Жырмунскі, Д. Дзюрышын, І. Нікалюкін, М. Сібінавіч і інш.);

- істотных вынікаў сістэмна-структурнага аналізу твораў (М. Бахтіна, Ю. Лотман і інш.);

- плённых падыходаў да этнічных асаблівасцей культур (О. Шпенглер, Л. Гумілёў, Г. Гачаў, В. Яніў і інш.);

- філасофскія вучэнні і тэорыі міфа, якія датычацца яго сувязі з мастацкай літаратурнай творчасцю (Э. Кассірэр, У. Тапароў, М. Эліядэ і інш.);

- псіхааналітычных даследаванняў К.-Г. Юнга, Н. Фрая па праблеме архетыпа;

- сучасных славяназнаўчых распрацовак (Г. Лазко, У. Лобач, С. Санько, Т. Шамякіна, І. Чарота і інш.).

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Ідэйна-мастацкія арыенціры ўкраінскай і беларускай літаратур пачатку ХХ стагоддзя прадвызначаюцца засваеннем пісьменнікамі Украіны і Беларусі філасофска-эстэтычных катэгорый і паняццяў заходнееўрапейскага мадэрнізму, а таксама пераасэнсаваннем і паглыбленнем зместу фальклорна-міфалагічнага матэрыялу, зваротам да народнай эстэтыкі і адметнага светапогляду, якія складаюць аснову этнічнага ядра культуры.

2. Як ва ўкраінскай, так і ў беларускай крытыцы для азначэння новага кірунку, які аб'яднаў усе нерэалістычныя плыні з дамінуючым суб'ектыўным пачаткам, найчасцей ужываецца тэрмін “неарамантызм”. Гэты тэрмін падкрэслівае пераемнасць і традыцыйную скіраванасць развіцця ў спалучэнні з пэўнымі тэндэнцыямі заходнееўрапейскага мадэрнізму, вызначаючы сутнасць украінскай і беларускай форм яго рэцэпцыі. Неарамантыкам характэрны зварот да пантэістычнай філасофіі, схільнасць да міфалагізацыі рэчаіснасці, фантастыкі, містыкі, а таксама аднаўленне фальклорна-міфалагічных архетыпаў, сімвалаў этнічнага светаўспрымання.

3. Нацыянальная прастора (этнапрастора) ва ўкраінскай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя ўяўляе сабой пэўную сістэму каардынат светаўспрымання і прадвызначае адлюстраванне своеасаблівай мадэлі свету. Адметныя прыродныя вобразы (стэпу, раўніны, гор, поля і інш.) набываюць у мастацкіх творах статус сімвалаў-акцэнтаў і вызначаюць рэгіянальныя асаблівасці ўкраінскай карціны свету.

4. У беларускай малой прозе прадстаўлена карціна свету, якая прадвызначаецца спецыфікай беларускай прыроды, яе адметнымі ландшафтнымі кампанентамі (раўнінай, лесам, балотам), адпаведным спосабам прасторавага мыслення, а таксама спецыфічным светапоглядам і мастацкім светаадлюстраваннем.

5. У беларускай і ўкраінскай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя важнае месца займае катэгорыя сакральнага, якая выяўляецца ва ўзаемаадносінах героя з зямлёй. Мадэль гэтых узаемаадносін абумоўлена сакральным сэнсам зямлі ў структуры народнага светапогляду і рэалізуецца ў агульнай для абедзвюх культур ідэі “ўкаранёнасці”. Значнае месца ў асэнсаванні сакральнасці зямлі ўкраінскімі пісьменнікамі займае міф пра маці-зямлю, якая становіцца правадніком у вечнасць, прыймаючы ў сваё ўлонне чалавека пасля смерці і ствараючы тым самым перадумовы для яго перараджэння.

6. У беларускай і ўкраінскай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя яскрава адлюстравалася міфалагічная структараванасць нацыянальнай прасторы, у аснову якой пакладзена ідэя Цэнтра як сімвала стварэння Сусвету. Абсалютнай кропкай адліку ў беларускай і ўкраінскай карцінах свету выступае дом/хата, якая з'яўляецца ўвасабленнем ахоўнай, падкантрольнай чалавеку зоны, адлюстраваннем парадку як супрацьлегласці Хаосу.

Асабісты ўклад дысертанта

Дысертацыя напісана асабіста аўтарам без сааўтараў, з'яўляецца самастойнай працай.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Асноўныя палажэнні дысертацыі апрабоўваліся ў дакладах і паведамленнях на Міжнародных навуковых канферэнцыях: “Леся Українка в європейському контексті” (18-19 кастрычніка 2008 г., г. Луцк, Валынскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Л. Украінкі); “Пушкін і сусветная культура” (21-22 красавіка 2009, г. Мінск, БДПУ імя М. Танка), “Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай” (15-17 кастрычніка 2009, г. Мінск, БДУ), “Максім Багдановіч і сучасны літаратурны працэс” (27 лістапада 2009, г. Мінск, Літаратурны музей М. Багдановіча), “Полікультурна діяльність 2010” (12-13 красавіка 2010 г., г. Кіеў, Гуманітарны інстытут пры Нацыянальным авіяцыйным універсітэце), “Узаемадзеянне літаратур у сусветным літаратурным працэсе. Праблемы гістарычнай і тэарэтычнай паэтыкі” (17-19 верасня 2010, г. Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы), “Сусветны літаратурны працэс: аўтар - жанр - стыль” (14-15 кастрычніка 2010, г. Брэст, БрДУ імя А.С. Пушкіна), “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах” (7-8 кастрычніка 2010, г. Гомель, ГДУ імя Ф. Скарыны), “Культура и наука эпохи Шопена» (10 снежня 2010, г. Брэст, БрДУ імя А.С. Пушкіна), «Фольклор и современная культура» (21-22 красавіка 2011 г., г. Мінск, БДУ); Рэспубліканскіх канферэнцыях маладых вучоных (19 мая 2006, 15 мая 2009, г. Брэст, БрДУ імя А.С. Пушкіна).

Апублікаванасць вынікаў даследавання

Асноўны змест дысертацыйнага даследавання адлюстраваны ў 15 публікацыях, у тым ліку 4 артыкулы апублікаваны ў навуковых часопісах, рэкамендаваных ВАК (2,06 аўт. аркуша), 3 - у зборніках навуковых прац (1,25 аўт. аркуша), 8 - у зборніках матэрыялаў дакладаў на навуковых канферэнцыях (1,89 аўт. аркуша). Агульны аб'ём апублікаваных матэрыялаў складае 5,2 аўтарскіх аркуша.

Структура і аб'ём дысертацыі

Дысертацыйнае даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі работы, трох раздзелаў і заключэння. Агульны аб'ём - 99 старонак. Спіс выкарыстаных крыніц складае 186 найменняў і займае 13 старонак.

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ

Першы раздзел “Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры” мае два падраздзелы: “Гісторыяграфія праблемы” і “Ідэйна-эстэтычныя пошукі ва ўкраінскай і беларускай літаратурах пачатку ХХ стагоддзя”.

У першым падраздзеле падкрэсліваецца неабходнасць разгляду ўкраінскай і беларускай літаратур у кантэксце духоўнай супольнасці, якой з'яўляецца славянская культура, што дазваляе вызначыць сэнс, вартасць і сутнасць кожнай асобнай літаратуры.

Адзначаецца, што этнапрастора, у якой фарміруецца і сцвярджаецца народ, мае значнае ўздзеянне на фарміраванне нацыянальнага светапогляду, непаўторнай культуры, самабытнага ладу і стылю мыслення і, адпаведна, таксама на характар светаадлюстравання. Узаемаадносіны чалавека з прасторай выяўляюцца, найперш, праз упарадкаванне, уладкоўванне, размяшчэнне сябе і сваіх рэчаў у прасторы, дзе ўсё мае сваё строга вызначанае месца, прычыну і час. Гэта ператварае прастору ў семіятычны тэкст, прыдатны для расшыфроўкі. Паколькі прыродныя рэаліі (горы, стэп, нізіна, балота, лес, рака, мора) займаюць значнае месца ў стварэнні нацыянальнай мастацкай карціны свету, то вылучэнне найбольш характэрных адзінак этнапрасторы або іх спалучэнняў у тканіне мастацкіх твораў можа даць даволі поўную інфармацыю не толькі пра асаблівасці нацыянальнага ландшафту, але і пра спецыфічны псіха-ментальны вобраз свету, які ўключае прасторавую сістэму каардынат, ландшафтную формулу, прадвызначаную прыродным асяроддзем, рэльефам прасторы і замацаваную ў калектыўнай свядомасці пэўнага народа. Гэтая мадэль вызначаецца з дапамогай прасторавых параметраў светаўспрымання (верх/ніз, гарызанталь/вертыкаль, мяжа/бязмежжа і да т.п.), уключаючы ў сябе тыя характэрныя знакі, сімвалы, ключавыя ўяўленні (напрыклад, прастора-часавыя), якія апісваюць пэўную рэальную прастору і вымалёўваюць адметную “ідэаграму “этнас у сусвеце” (тэрмін І. Чароты), своеасаблівую карціну свету. У літаратуры найбольш яскрава яна ўвасабляецца праз пейзажы, прыродаапісанні.

У другім падраздзеле “Ідэйна-эстэтычныя пошукі ва ўкраінскай і беларускай літаратурах пачатку ХХ стагоддзя” паказаны працэс фарміравання новай эстэтыкі, які выразна адбіўся на змесце літаратурных дыскусій (1901-1903 гг. - ва ўкраінскай, 1913-1914 гг. - у беларускай літаратуры). Праблему “нацыянальнага ў літаратурах” мы суадносім таксама з усведамленнем ўкраінскімі і беларускімі пісьменнікамі і крытыкамі самабытнасці нацыянальнага літаратурнага працэсу на гістарычна вырашальным этапе выбару шляхоў далейшага мастацкага развіцця, фарміравання нацыянальна-арыентаваных мадэрністычных плыняў. Належнай увагі патрабуюць тэндэнцыі, якія складаліся ў апазіцыі да заходнееўрапейскага мадэрнізму і традыцыйнага народніцтва, набыўшы ў тагачаснай і сучаснай крытыцы азначэнне неарамантычных.

Гэта пазначылася на духоўных, ідэйных пошуках пісьменнікаў, яскрава адлюстравалася ў спробах пераасэнсавання катэгорый “народнасці літаратуры”, “народнасці паэзіі і паэта”, “народа”, у інакшым выкарыстанні фальклорна-міфалагічнага матэрыялу, напаўненні яго новым філасофскім зместам, у звароце да пантэістычнага светапогляду, а таксама ва ўзвядзенні асобы ў статус абсалютнай каштоўнасці. Адбывалася таксама ўсведамленне мастакамі самабытнасці сваёй культуры, адмысловага адчування хараства, катэгорый этычнага і эстэтычнага, якія грунтуюцца на народным, глыбінным (нават неўсвядомленым) адчуванні гердэраўскага “народнага духу” і прадвызначаюць характар мастацкага адлюстравання свету.

Другі раздзел “Нацыянальная карціна свету ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя” складаецца з двух падраздзелаў: “Агульнанацыянальныя і рэгіянальныя рысы ўкраінскай карціны свету ў малой прозе пачатку ХХ стагоддзя” і ”Асаблівасці нацыянальнай карціны свету ў беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя”.

У першым падраздзеле адзначаецца, што ўкраінская карціна свету мае свае рэгіянальныя адметнасці, своеасабліва адлюстраваныя ў малой прозе даследаваных пісьменнікаў. Яна, калі абагульняць, прадстаўлена двума рэгіянальнымі варыянтамі, якія прадвызначаны прыродна-ландшафтнымі асаблівасцямі нацыянальнай прасторы - раўнінным (стэпавым) і горным тыпамі.

Раўнінны тып прасторы адлюстраваны ў малой прозе М. Кацюбінскага. Хоць у гэтага пісьменніка знаходзім і горныя краявіды, аднак аналіз яго пейзажных замалёвак, якія ўражваюць панарамнасцю, маляўнічасцю, асаблівым прасторавым светаадчуваннем, дазваляе далучыць яго да мастакоў “стэпавой стыхіі”. Для абазначэння прасторы пісьменнік часцей выкарыстоўвае топасы “стэпу”, “поля” і “мора”, якія падкрэсліваюць імкненне герояў да ўнутранай свабоды, вызвалення ад рамак (грамадскіх, сацыяльных і г.д.); а да таго ж, у яго навелах прырода супрацьстаўляецца гораду. Мастацкая карціна свету М.Кацюбінскага вызначаецца адчуваннем прасторавай неабсяжнасці, бясконцасці, якая разгортваецца па гарызанталі ў розныя бакі, без абмежавання, раскоўваючы ў душы героя адчуванне паўнаты жыцця, развіваючы пачуццёвасць, успрымальнасць да з'яў навакольнай прыроды. Гэта праяўляецца ў незвычайнай маляўнічасці створанага пейзажу і фарміраванні ў герояў такіх рыс характару, як адкрытасць, стыхійнасць праяўлення пачуццяў, свабодалюбівасць. У навеле М. Кацюбінскага “Intermezzo” азначэнне раўніннай прасторы топасам “стэп” падкрэслівае ўласцівае герою жаданне свабоды, волі (якая архетыпічна суадносіцца з гэтым прыродным вобразам) ад гарадскога спусташальнага тлуму, ад умоў жыцця, якія нівелююць асобу. Прырода ў гэтага пісьменніка валодае выратавальнай, ачышчальнай сілай, моцнай актыўнай энергіяй (навелы “У дарозе”, “Intermezzo”). Мадэль свету ў М. Кацюбінскага прадстаўлена двухкампанентнай структурай паводле прасторавага параметру “верх-ніз”: “стэп, раўніна або мора - неба”. Яна вызначае і асаблівае адчуванне руху ў прасторы, калі хуткасць і напрамак падкантрольныя волі чалавека (гэта таксама дазваляе яму пачуваць сябе незалежным, вольным), што адлюстроўваецца ў матыве дарогі як пастаянным развіцці асобы, пошуку свайго прызначэння.

Характар заходнеўкраінскай прасторы, ускладненай горамі, спускамі, пад'ёмамі, густымі лясамі, неабходнасцю пастаянна пераадольваць прыродныя “перашкоды”, фарміруе ў герояў малой прозы В. Кабылянскай, М. Яцкава, М. Чарамшыны асаблівае светаўспрыманне, спецыфічную філасофію жыцця. Моцныя духам, незалежныя героі пісьменнікаў імкнуцца да самаўдасканалення, да свабоды, “пераадольваюць сябе”, а горы становяцца ў іх свядомасці вызначальным сакральным дэтэрмінантам духоўнага, маральна-этычнага жыцця. Горы ў малой прозе В. Кабылянскай, М. Яцкава, М. Чарамшыны ствараюць прастору, максімальна адпаведную інтымна-асобаснаму свету герояў, поўнаму памкненняў да ідэалаў, духоўнай самарэалізацыі. Так, канцэптуальным чыннікам мастацкага свету В. Кабылянскай з'яўляецца матыў сілы, дыянісійскага і апалонаўскага пачаткаў у чалавеку, іх трагічнае раздваенне паміж разумным і інстынктыўным (біялагічным, прыродным), што праявілася ў супастаўленні вобразаў “верхавін” і “далін”. “Верхавіны” з'яўляюцца сімвалам духоўнай вышыні, чысціні, сілы. Таму пошукі лірычным героем духоўнасці, унутранай незалежнасці, свабоды духу цесна звязаны з гэтым прыродным вобразам-сімвалам. Значнае месца вобраз гор набывае ў антываеннай прозе М. Яцкава, дзе ён выступае ў якасці супрацьпастаўлення прыроднага жадання свабоды, гармоніі - свету задушлівай, антыгуманнай атмасферы вайны.

Неарамантыкаў прыцягвае стыхійнасць прыроды, непадкантрольнасць валявой натуры, гармонія сілы духу і красы, што праявілася ў выкарыстанні пісьменнікамі для перадачы дынамікі ўнутранага свету герояў, іх перажыванняў прыродных вобразаў-стыхій. Асабліва пісьменнікам-неарамантыкам імпануе неўтаймаваная, зменлівая марская стыхія - сімвал дыянісійскага пачатку, якому супрацьстаяць (або якія ўраўнаважваюць) стэп, раўніна (у М. Кацюбінскага) ці горы (у В. Кабылянскай) - увасабленне пэўнай статычнасці, стрыманасці.

У другім падраздзеле на матэрыяле мастацкіх твораў М. Гарэцкага, Я. Коласа і З. Бядулі зроблены аналіз вобразаў прыроды, якія дамінуюць у пейзажных замалёўках названых пісьменнікаў. Асэнсоўваецца іх роля ў стварэнні нацыянальнай карціны свету празаікаў, на аснове якой вылучаны асаблівасці прасторава-часавай арганізацыі адмысловай мадэлі свету. Так, высветлена, што значнае месца ў беларускай мастацкай карціне свету належыць топасам лесу і балота, якія, у сваю чаргу, перадаюць спецыфічны прасторавы лад мыслення. Лясная і балотная стыхіі ў народных уяўленнях заўсёды асацыяваліся з таямнічым, загадкавым светам, месцам вечнага супрацьстаяння Космасу і Хаосу, Святла і Цемры, стаўшы ключавымі складнікамі “патаёмнаcці” свету беларускай прасторы. Матыў “патаёмнага”, пошукі “пакрыёмнага” ў сферы натуральнага быцця становяцца дамінантнымі ў ранняй прозе М. Гарэцкага, у “Казках жыцця” Я. Коласа, абразках і апавяданнях З. Бядулі. Падкрэсліваецца самабытнасць аўтарскай трактоўкі прыродна-ландшафтных вобразаў, разнастайнасць іх ідэйна-эстэтычнага зместу, унікальнасць “родных кутоў”, кожны з якіх выразна выяўляе як рэгіянальную, так і нацыянальную адметнасць беларускай прасторы.

М. Гарэцкі ў сваіх апавяданнях стварае спецыфічны вобраз свету - “аграмаднае бяздонне надземнае”, “захаванае” сярод пушчаў і балот, дзе бег часу цалкам падпарадкаваны прыроднаму рытму, штогадоваму цыклу памірання і аднаўлення ўсяго жывога, а таму ў пэўным сэнсе нязменнага, статычнага (найперш - адносна цывілізацыі, навукова-тэхнічнага прагрэсу) ладу жыцця і мыслення ў цэлым. Пісьменнік, малюючы “бясконцае, бяздоннае балота, што цягнецца ў непраходны лес, немаведама куды”, усё ж больш акцэнтуе ўвагу не на гарызантальнай яго скіраванасці (плошчы, якую яно займае), а на вертыкальнай яго сутнасці, бяздоннасці, глыбіні, на яго здольнасці зберагаць краявід, запавольваць час. А такім чынам падкрэсліваецца схільнасць насельнікаў дадзенай прасторы вызначаць нязменнасць, стабільнасць, паўтаральнасць (у прыродным кругазвароце), нават статычнасць як пазітыўную якасць. Героі-інтэлігенты апавяданняў Гарэцкага разумеюць неабходнасць дынамізацыі развіцця беларускай вёскі, свядомасці землякоў, але пры гэтым адчуваюць унутраны дыскамфорт ад неабходнасці мяняць звыклы лад жыцця, засвоены ад нараджэння. Яны адчуваюць пэўны адыход ад “каранёў”, што праявілася ў шматлікіх пытаннях, якія падвяргаюць сумненню тое, што не патрабуе доказаў для бацькоў, дзядоў, аднавяскоўцаў, а з'яўляецца аксіяматычнай ісцінай. З іншага боку, героі разумеюць неабходнасць захавання ў сабе этнічнага ядра, без якога немагчымае паўнавартаснае развіццё нацыянальнага арганізма. Роздумы-балансаванні паміж “прагрэсам” і “архаікай”, “горадам” і “вёскай” адлюстраваны ў ранняй прозе М. Гарэцкага.

У мастацкай карціне З. Бядулі містычныя, загадкавыя абрысы атрымлівае вобраз-сімвал балота, водная стыхія, якія выступаюць ў якасці медытатыўнай кропкі беларускага ландшафту, дзе актуалізуецца духоўнае жыццё чалавека, далёкае ад паўсядзённага побыту. “Нешта казачнае”, “нешта таемнае” хаваецца ў пейзажных замалёўках пісьменніка, дзе туга, смутак пераплятаецца з жаданнем спасцігнуць загадку “гэтых дзіўных малюнкаў”. Адказы на шматлікія пытанні лірычны герой шукае ў прыродзе, найчасцей у локусах воднай стыхіі, якія з'яўляюцца жывой субстанцыяй, але не бягучай вадою, а менавіта стаячай, якая здольна назапашваць і зберагаць у межах дадзенай прасторы нейкі жыццёвы досвед, мудрасць. «Балота» досыць часта ўжываецца з азначэннем «дзікае» - у сэнсе неспазнаная, «некранутая чалавечай рукой прастора», існуючая ў пазачасавай праекцыі, дзе пазнаецца глыбінная існасць чалавечага быцця і рэчаў, яго акаляючых.

Кніга “Казкі жыцця” Я. Коласа таксама змяшчае адметны прыродна-ландшафтны вобраз беларускай прасторы, яго спецыфічную прасторавую арганізацыю, якая прадвызначана ўсёй сукупнасцю рэгіянальных пейзажаў. Беларускі Космас прадстаўлены тыповым ландшафтам, які дае поўнае ўяўленне пра этнапрастору як ідэальна напоўненую мясцовасць, дзе ёсць усе неабходныя для паўнавартаснага быцця “кампаненты” (лес, возера, рака, балота, узгорак і т.п.). Аўтар падкрэслівае завершанасць, максімальную напоўненасць пейзажу ўсімі “абавязковымі” ландшафтнымі локусамі, якія дазваляюць азначаць дадзеную прастору як звыклую, “правільную” мадэль свету, дзе “ўсё ёсць”. Таму лад, які пануе ў межах гэтай прасторы, успрымаецца як “адвечны закон, устаноўлены з самага ўтварэння сусвету, выяўленне пэўнай гармоніі дабра і хараства” (навела “Залаты прамень”).

З. Бядуля, М. Гарэцкі, Я. Колас важнае значэнне надаюць лесу, у адлюстраванні якога праяўляецца істотная асаблівасць беларускага светаадчування: для існавання чалавеку неабходна пэўнае адчуванне псіхалагічна-этнічнай утульнасці. А такой для беларусаў з'яўляецца трохкампанентная вертыкальная мадэль свету, што складаецца з зямлі, лесу і неба. Адсутнасць лесу, расліннасці ў прасторы, якую назірае беларус, успрымаецца ім як нязвыклы ландшафт. Раўніна абавязкова павінна абмяжоўвацца, упірацца ў лясны масіў, візуальна лакалізуючы месца пражывання-быцця ў нейкіх межах, у якіх ён адчувае сябе спакойна і ўпэўнена і якая выключае бясконцасць, неабсяжнасць. Такое жаданне звыклага для ўспрымання прасторы звязваецца намі з паняццем прасторавай утульнасці, якую ўтварае пэўны ландшафт і якая ляжыць у аснове нацыянальнага светаадчування. Гэтае светаадчуванне, цесна звязанае з прыродна-ландшафтнымі рэаліямі, з'яўляецца агульным для ўсіх насельнікаў пэўнай прасторы, ўспрымаецца як увасабленне ўпарадкаванасці, ладу і выражаецца ў пейзажы. Таму парушэнне гармоніі ва ўнутраным свеце, у жыцці герояў і ўкраінскай, і беларускай малой прозы перадаецца праз змены ў навакольным краявідзе, выкліканыя гвалтоўным уздзеяннем на прыроду чужынцамі (навела “Бітва” В. Кабылянскай, апавяданне “Туга старога Міхайлы” З. Бядулі і інш.) альбо вымушаным знаходжаннем на чужыне (“На крылах песні” М. Кацюбінскага, “Мара вірла” М. Яцкава).

Такім чынам, адлюстраванне нацыянальнай прасторы, прыроды ў беларускай малой прозе названых аўтараў абагульнена асаблівасцямі нацыянальнага светаадчування, адмысловага ўспрымання свету, што дазваляе пісьменнікам вырашаць важныя духоўныя, экзістэнцыйныя, маральна-этычныя праблем.

Трэці раздзел “Адлюстраванне сакральнай сферы ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя” мае два падраздзелы: “Камунікатыўная мадэль узаемадзеяння героя і зямлі ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя” і “Архетып “дом/хата” ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя”.

У міфалагічнай карціне свету, якая складае аснову этнічнай культуры, асаблівую вагу мае катэгорыя сакральнага. У нашым даследаванні яна звязваецца найперш з міфалагічным мысленнем ў структуры светапогляду кожнага народа, якое з'яўляецца своеасаблівым сцвярджэннем трансцэндэнтнай існасці быцця чалавека. А ў гэтым плане нельга не ўлічваць ідэю вызначэння цэнтра Сувету, своеасаблівай кропкі адліку, ад якой пачынаецца структурызацыя прасторы, падзел яе на сакральную і прафанную тэрыторыі. Такой кропкай ва ўкраінскай і беларускай культуры з'яўляецца дом/хата. Ад яе сакральная прастора разгортваецца да бацькоўскага надзелу, сваёй зямлі, а далей - да маштабаў Бацькаўшчыны, якой супрацьстаіць чужына, “не-прастора”.

У першым падраздзеле трэцяга раздзела аналізуецца характар адлюстравання ў малой прозе ўзаемаадносін героя з зямлёй. Адзначаецца, што ўкраінскімі і беларускімі пісьменнікамі падкрэсліваецца глыбінная сувязь чалавека з прасторай, якую ён апрацоўвае. Праца на зямлі - гэта акт сакралізацыі-асваення прасторы героямі твораў В. Стафаніка, М. Яцкава, Цёткі, З. Бядулі. Матыў укаранёнасці, зрастання чалавека з глебай, характэрны для ўкраінскай і беларускай малой прозы пачатку ХХ стагоддзя, узыходзіць да вядомага славянскай культуры архетыпу Сусветнага Дрэва, якое з'яўляецца своеасаблівай воссю свету, што пранізвае ўсю светабудову. Пошук спрадвечных асноў нацыянальнага быцця, сапраўднай існасці чалавека, які апынуўся на раздарожжы прапанаваных цывілізацыяй прыярытэтаў і адвечных каштоўнасцей, адлюстраваўся ў звароце да стрыжнёвых арыентацый аўтахтоннай культуры. Гэта і праявілася ў звароце да вобразаў Дрэва - Крыжа (геаметрызаванага варыянту Сусветнага Дрэва, паводле У. Тапарова) - Чалавека (раскрыжаванага). Крыж сімвалізуе ўзыходжанне духа, імкненне да Бога. Такім чынам, праца на зямлі становіцца перадумовай духоўнасці чалавека, спасціжэння ім сэнсу быцця. У беларускай і ўкраінскай малой прозе з'яўляецца вобраз “раскрыжаванага чалавека” (“Прысяга над крывавымі разорамі” Цёткі, “Лан”, “Каменны крыж” В. Стафаніка і інш.), які прыносіць у ахвяру зямлі свае сілы. Пакутліва пераносячы цяжкую працу, але настойліва пераадольваючы боль, ён сцвярджае сваёй працай трансцэндэнтнае “я-існаванне”.

“Раскрыжаваны”, “укаранёны” ў зямлю чалавек рэпрэзентуе спецыфічную мадэль свету паводле прасторавых параметраў “ніз-верх”: засяроджанасць на нізе як увасабленні сакральнай кропкі сусвету і боскага прызначэння чалавека з супрацьпастаўленнем павярхоўнасці надземнай, “перакаціпольнасцю” качавога светаўладкавання. Таму страту зямлi героi ўкраінскай і беларускай малой прозы ўспрымаюць як парушэнне гармонii, як страту жыццёвай асновы. Разбурэнне гэтых спрадвечных асноў прыводзіць да разбурэння тоеснасці, самасці герояў В. Стафаніка, З. Бядулі, М. Гарэцкага.

Ідэя сакралізацыі “прасторы”, такім чынам, вядзе да сакралізацыі “чалавечага жыцця”, “духоўнасці чалавека”. В. Стафанік, М. Яцкаў, В. Кабылянская робяць акцэнт менавіта на “ўзаемадзеянні” селяніна з зямлёй. Гэта асабліва яскрава адлюстравалася ў навеле В. Стафаніка “Яна - зямля”, дзе чалавек благаслаўляецца дадзенай яму прасторай, зямлёй, узнагароджваецца за старанную працу не толькі матэрыяльным дабрабытам, але і забяспечвае духоўныя патрэбы: вызначае яго быційнае прызначэнне - працу на сваім надзеле, шанаванне “роднага кута”, Бацькаўшчыны, а таксама продкаў, свайго роду.

Такім чынам, неабходнай умовай сувязі чалавека з зямлёй з'яўляецца ўшанаванне яе працаю. Яе занядбанне прыводзіць да маральнага калецтва, збяднення духоўнага. Асаблівы змест набывае зямля, што засталася ад дзядоў-прадзедаў, якая ў славянскім светапоглядзе цесна звязана з культам продкаў, з уяўленнямі пра зямлю як улонне продкаў, якое далучае чалавека да вечнасці ў бясконцым родавым коле “жывых-памерлых-ненароджаных”, правадніка да Бога. Гэтыя ўяўленні адлюстраваліся ў навелах В. Стафаніка, В. Кабылянскай. У супрацьстаўленне да “сваёй” зямлі вылучаецца “чужая” прастора за межамі Бацькаўшчыны, якая страчвае сакральныя функцыі для чужынца. Таму для герояў украінскай і беларускай малой прозы так важна быць пахаванымі менавіта на “сваёй” зямлі.

У другім падраздзеле разглядаецца архетып “дом/хата”, асаблівасці яго адлюстравання ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя. Выяўлена, што хата ва ўкраінскай і беларускай літаратурах адухатвараецца, выяўляючы духоўны досвед чалавека, які грунтуецца на шанаванні традыцый, маральна-этычных норм, адвечных звычаяў і рытуалаў. Архетып дома ў славянскай традыцыі цесна звязаны з культам продкаў і родавым міфам. Памерлыя продкі, якія застаюцца, паводле народных уяўленняў, у ніжнім ярусе жылля, заўсёды падтрымліваюць “зямных” прадстаўнікоў роду, выконваючы ў адносінах да іх ахоўную функцыю, забяспечваючы сям'ю ўраджаем і шчаслівай доляй. Таму хата становіцца своеасаблівай зарукай бясконцай сутнасці чалавека, яе паўтаральнасці ў ланцугу жывых-памёрлых-ненароджаных. Парушэнне гэтага ладу вядзе да духоўнай смерці чалавека, выпадзення з родавага кола і страты ім здольнасці да перастварэння-перараджэння ў наступных пакаленнях. Пакінуць, прадаць сваю хату для чалавека азначае пазбаўленне апекі роду, свайго карэння, а значыць і будучыні. Гэтыя ўяўленні знаходзяць мастацкае асэнсаванне ў малой прозе В. Стафаніка, М. Яцкава, М. Гарэцкага, З. Бядулі.

Архетып дома/хаты цесна звязаны з архетыпам мяжы. Адкрытая, неабмежаваная прастора па-за хатаю, дваром звязана з хаосам і небяспекай для чалавека, ён абараняе сябе ад варожых сіл (ці то нячыстай сілы, ці то недабразычлівых чужынцаў і падобнага) створанай ім, структураванай і падкантрольнай прасторай свайго дому, акрэсленай яго сценамі, якія з'яўляюцца ўвасабленнем архетыпу мяжы. Асабліва яскрава імкненне чалавека да вызначэння мяжы сваёй недатыкальнасці праявілася ў апавяданні М. Гарэцкага “Патаёмнае”, дзе старая бабуля апавядае пра “нешта нявідзімае”, якое ходзіць уначы “па зямлі, за гумнамі, за людскімі лазнямі”, заганяючы ўсё жывое ў свае жыллё. “Нешта” (або “патаёмнае”) становіцца яскравым увасабленнем Хаосу, бясформеннага, неапазнавальнага, а таму безназоўнага. Сцены дома павінны абараняць чалавека ад цёмных сіл, таму ім адводзіцца істотная роля ў вызначэнні долі герояў (апавяданні Ядвігіна Ш. “Гаротная”, В. Ластоўскага “Мары”, “Прывід”, В. Кабылянскай “Сагравай, сонца”, “За гатар” і інш.) У беларускай малой прозе назіраецца асаблівая засяроджанасць на вобразе сцен дома як увасабленні архетыпу мяжы, на супрацьстаўленні “сваёй” тэрыторыі, якая дапамагае і ахоўвае, і “чужога” іншасвету, пагрозлівага і варожага для чалавека, або на кантрастным супастаўленні сучаснага і мінулага. Сцены хаты асацыююцца з пераходным станам, які перажывае чалавек у сваім жыцці ў дадзены момант; няпэўнасць, неадназначнасць, няўпэўненасць у сучасным і будучым, якія знаходзяць сваё адлюстраванне ва ўнутраных перажываннях герояў беларускай малой прозы, перадаюць пачуццё нестабільнасці, страху за будучае бацькаўшчыны, адказнасць перад якой у гэты вырашальны для яе перыяд адчувалі пісьменнікі.

У структуры дома важным атрыбутыўным кампанентам родавага міфа і ўвасабленнем архетыпа Мяжы таксама з'яўляецца парог, прызба як сімвалы пераходу, дзе сутыкаюцца сфера зямнога пражывання сям'і і сфера трансцэндэнтнага існавання роду. Таму героі ўкраінскай малой прозы, развітваючыся з хатай, бацькаўшчынай, выбраўшыся ў далёкую дарогу, звяртаюцца па благаславенне і прабачэнне сваіх грахоў да парога, г.зн. да продкаў, да свайго роду (навелы “Сіняя кніжачка”, “Каменны крыж” В. Стафаніка, “Сагравай, сонца!” В. Кабылянскай). Старыя людзі на схіле свайго жыцця падводзяць вынікі на парозе, на прызбе (апавяданні “Асеннія лісты” Цёткі, “Анёл” В. Стафаніка), героі спавядаюць свае грахі на прызбе перад тым, як яе пакінуць (навела “Сіняя кніжачка” В. Стафаніка).

Cтруктурызацыя сакральнай прасторы ва ўкраінскай і беларускай малой прозе грунтуецца на супрацьстаўленні асвоенай-касмізаванай тэрыторыі, якая ўспрымаецца як “свая”, і неапазнавальнай, неасвоенай “не-прасторы”, што размяшчаецца па-за межамі роднага (хаты, вёскі, радзімы), асацыючыся з чужыной. Сакральная прастора, такім чынам, набывае выгляд своеасаблівых сакральных (канцэнтрычных, паводле Т. Валодзінай) колаў, якія абумоўлены ступенню асвоенасці чалавекам прасторы, блізкасці да цэнтру ўласнага Сусвету - хаты (г. зв. гарызантальная вось): хата, сядзіба - сяло, вёска - Бацькаўшчына. Бацькаўшчына становіцца апошнім сегментам сакральнай прасторы, якая мяжуе з не-прасторай - чужыной, што адлюстроўваецца ў малой прозе як асяродак Цемры, Хаосу, цёмнага свету (“Каменны крыж”, “Сіняя кніжачка”, “Яна - зямля!”, “Выводзілі з сяла” В. Стафаніка, “Ліст асуджанага ваякі да сваёй жонкі”, “Сагравай, сонца!” В. Кабылянскай, “Пад абухам”, “Душы кланяюцца” М. Яцкава; “Умарыўся”, “Дванаццацігоднікі” З. Бядулі, “Хмарка”, “Крыніца” Я. Коласа).

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі

1. Заканамерансці ўкраінскага і беларускага літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя, асноўныя вектары духоўных, філасофскіх, ідэйна-эстэтычных пошукаў пісьменнікаў і крытыкаў маюць тыпалагічнае падабенства ў складаны і супярэчлівы перыяд гісторыі: абедзве літаратуры выбіраюць дыскусійны варыянт абмеркавання перспектыў развіцця сваіх літаратур. Свядомасці ўкраінскіх і беларускіх мастакоў уласцівы якасныя змены ў ракурсе бачання прыроды творчасці, крытэрыяў яе вартасці, усведамленне значнасці роднай культуры, адметнага светапогляду ў фарміраванні літаратурнай традыцыі, а таксама патрэбы артыкуляцыі гэтых асноўных канстант нацыянальньнага быцця ў мастацкіх творах. У пошуках ідэйна-эстэтычных асноў украінскія і беларускія пісьменнікі амаль сінхронна звярнуліся да рамантычных традыцый і народнай эстэтыкі, якія своеасабліва адраджаліся на пачатку ХХ стагоддзя ў славянскіх літаратурах [1, 2, 3, 5, 8, 11, 12].

2. Шырокае ўжыванне тэрміна “неарамантызм” у дачыненні да новых плыняў у літаратуры канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя тагачаснымі і сучаснымі ўкраінскімі і беларускімі літаратуразнаўцамі вытлумачваецца спробай выявіць спецыфіку славянскага “мадэрнізму”, яго дыферэнцыяванасць адносна класічнага канону і дыстанцыянаванасць адносна дэкадансу, які стаў філасофскай асновай еўрапейскага мадэрнізму. Рамантычны пошук недасягальнага ідэалу трансфармуецца неарамантыкамі ў пошук ідэальнага сярод зямнога, ім імпануе пантэістычная філасофія, што пазначылася ў частых зваротах мастакоў да свету прыроды, у схільнасці да міфалагізацыі рэчаіснасці, фантастыкі, містыкі, якія дазваляюць увасобіць ідэальнае ў зямных формах. Гэта адбілася на жанравых параметрах твораў, у якіх праявіліся неарамантычныя тэндэнцыі: лірычныя абразкі і мініяцюры (М.Гарэцкага, Зм.Бядулі, В.Ластоўскага), пейзажныя навелы (В.Кабылянскай, М.Кацюбінскага), алегарычныя навелы (Я.Коласа, Ядвігіна Ш.) і г.д. У творчасці неарамантыкаў праз аднаўленне фальклорна-міфалагічных архетыпаў, сімвалаў этнічнага светаўспрымання, праз зварот да міфа як спосабу рэінтэрпрэтацыі спадчыны адбываецца канструяванне нацыянальнага Міфа [1, 2, 3, 5, 11, 12, 15].

3. Украінская малая проза пачатку ХХ стагоддзя прадстаўляе адметную карціну свету, адлюстраваную з дапамогай нацыянальна-спецыфічных прыродных вобразаў этнапрасторы, якія складаюць аснову мастацка-вобразнай сістэмы і вызначаюць рэгіянальныя адметнасці створаных пісьменнікамі вобразаў свету. Кожны з гэтых вобразаў дэтэрмінаваны ландшафтнымі, прыроднымі асаблівасцямі этнапрасторы і найлепш прадстаўлены ў прыродаапісальных творах. У мастацкім пейзажы - своеасаблівая мадэль светабудовы, прасторавага мыслення, адмысловае светаадчуванне народа. Адметнасці светаадлюстравання праяўляюцца не толькі на ўзроўні выбару прыродных вобразаў, якія найлепш рэпрэзентуюць прастору, але і ў інтэпрэртатыўных асаблівасцях успрымання ненатуральных для роднага краявіда топасаў. Украінская мадэль свету прадстаўлена двума варыянтамі, прадвызначанымі прыродна-ландшафтнымі асаблівасцямі нацыянальнай прасторы - раўнінным (стэпавым) і горным тыпам. Раўнінны (стэпавы) тып прасторы, адлюстраваны ў малой прозе М.Кацюбінскага, прадстаўлены двухкампанентнай структурай паводле прасторавага параметру “верх-ніз” - “стэп (зямля)-неба”. Мастацкая карціна свету вызначаецца адчуваннем прасторавай неабсяжнасці, бясконцасці, якая скіроўвае па гарызанталі ў розныя бакі, без абмежавання, раскоўваючы ў душы героя адчуванне паўнаты жыцця, развіваючы пачуццёвасць, успрымальнасць да з'яў акаляючай прыроды, што пазначаецца на незвычайнай маляўнічасці створанага пейзажу і фарміраванні ў герояў такіх рыс характару, як адкрытасць, стыхійнасць праяўлення пачуццяў, свабодалюбівасць. Гэта ўсё вызначае і асаблівае адчуванне руху ў прасторы, які падкантрольны волі чалавека, што таксама дазваляе яму пачуваць сябе незалежным, вольным. Характар жа заходнеўкраінскай прасторы, ускладненай прыроднымі перашкодамі (горамі, спускамі, пад'ёмамі, густымі лясамі) выразна адлюстраваўся ў малой прозе В.Кабылянскай, М.Яцкава, М.Чарамшыны. Горы з'яўляюцца сімвалам духоўнай вышыні, чысціні, сілы. Таму пошукі героем духоўнасці, унутранай незалежнасці, свабоды духу цесна звязаны з гэтым прыродным вобразам, што адлюстравалася ў неарамантычным матыве супрацьстаяння гор далінам. Такім чынам, у пейзажных замалёўках выразна праяўляецца рэгіянальнасць, якая змяшчае спецыфічныя прыродныя вобразы, топасы, якія найбольш характарныя для дадзенай прасторы. Гэтыя вобразы становяцца важным кампанентамі не толькі нацыянальнай прыроды, але і характарыстык унутранага свету герояў украінскай малой прозы [4, 6, 14, 15].

4. Этнапрастора, адлюстраваная ў беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя (М.Гарэцкага, Я.Коласа, Зм.Бядулі, В.Ластоўскага), выступае як дэтэрмінанта нацыянальнага светаўспрымання і светаадлюстравання, дзе немалаважную ролю выконвае лес, а таксама балота як інварыянт спалучэння зямлі і вады. Надаючы універсальным канстантам нацыянальнага быцця спецыфічны каларыт, выконваючы ролі своеасаблівых акцэнтаў прасторы, яны значна ўплываюць на прасторавае светаадчуванне, філасофію жыцця беларусаў. Густыя лясы ў спалучэнні з непраходнымі балотамі фарміруюць спецыфічную прасторавую мадэль свету: вертыкальна арыентаваную, замкнёную, нязменную структуру універсуму; беларуская прастора - абмежаваная, лакальная, строга акрэсленая. Так, у “Казках жыцця” Я.Коласа ўвага канцэнтруецца на невялікай тэрыторыі, а калі яна і вызначаецца прасторнасцю, то абавязкова акрэсленай межамі лесу. Таму лес абумоўлівае спецыфічную сістэму каардынат светаўспрымання, вызначае вертыкальную арыентаванасць ва ўспрыманні беларусамі навакольнага свету. Таму ў адлюстраванні нацыянальнай прасторы М.Гарэцкі найчасцей засяроджвае ўвагу на бяздоннасці, глыбіні (балота, лесу), неспазнанасці як дамінантных прыкмет не толькі мясцовасці, але і ўнутранага свету яе насельнікаў. У ранніх апавяданнях гэтага пісьменніка галоўным лейтматывам з'яўляецца тэма “ўкаранёнасці”, вернасці традыцыям, народнаму светаадчуванню. Прыродная вертыкаль, якую стварае лес у спалучэнні з балотам, набывае асаблівы змест і ў малой прозе Зм.Бядулі. Лес ў яго творах (асабліва ў абразках і мініяцюрах) выступае ў ролі медыятыўнага локуса, які яднае нябесную і зямную сферы, стварае асаблівыя ўмовы для актуалізацыі духоўнага жыцця чалавека. Адсутнасць прасторавага размаху замацоўвае ў свядомасці беларусаў адметныя асаблівасці светаўспрымання, фарміруе спецыфічны этнапсіхатып, які вылучаецца схільнасцю да паглыблення ў сябе, абвостранай рэфлексійнасці. Гэтыя рысы выразна праглядаюцца ў герояў малой прозы Я.Коласа, М.Гарэцкага, В.Ластоўскага і Зм.Бядулі. У гэтых аўтараў навідавоку самабытнасць трактоўкі прыродна-ландшафтных вобразаў, разнастайнасць іх ідэйна-эстэтычнага зместу, ўнікальнасць кожнага адлюстравання “роднага кута”, кожны з якіх выразна дэманструе як рэгіянальную, так і нацыянальную адметнасць беларускай прасторы [4, 6, 14].

5. Сакральным кампанентам украінскай і беларускай нацыянальнай карціны свету з'яўляецца зямля. Яна ўспрымаецца пісьменнікамі як цэнтр сялянскага светапарадку, аснова асноў чалавека, што вызначае яго дабрабыт, вымярае маральныя якасці і фізічныя здольнасці. Прывязанасць да зямлі для ўкраінцаў і беларусаў мае найперш духоўную аснову: гэта жаданне анталагічнага пошуку, iмкненне метафiзiчна вызначыцца, акрэсліць сваё месца ў свеце. Характар узаемадзеяння селяніна з зямлёй абумоўлены прыроднымі (ландшафтнымі, кліматычнымі) асаблівасцямі нацыянальнай прасторы і вызначаецца праз агульную для ўкраінцаў і беларусаў ідэю ўкаранёнасці, якая ўвасоблена ў малой прозе вобразамі Сусветнага Дрэва, крыжа, крыві (В.Стафаніка, М.Гарэцкага, Цёткі, З.Бядулі і інш.). Сакральны сэнс зямлі надае родавы міф, згодна якому родная глеба з'яўляецца ўлоннем продкаў, зарукай паўтаральнасці чалавека ў родавым коле [4, 6, 7].

6. У беларускай і ўкраінскай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя яскрава ўвасобілася міфалагічная ідэя Цэнтра як сімвала стварэння Сусвету, “пачатку ўсіх пачаткаў”. Абсалютнай кропкай адліку ў беларускай і ўкраінскай карціне свету з'яўляецца дом/хата, структурныя часткі якой маюць глыбокі сімвалічны, архетыпічны змест, што адбілася на асаблівасцях іх адлюстравання ў малой прозе (В.Стафаніка, В.Кабылянскай, М.Гарэцкага, В.Ластоўскага і інш.). Праз архетып дому (хаты) ў малой прозе пачатку ХХ стагоддзя пісьменнікамі вырашаюцца важныя ідэйна-філасофскія, экзістэнцыйныя пытанні пра суадносіны народнага, архаічнага светапогляду і сучаснага бачання свету, цывілізацыйна абумоўленага і прыроднага ў чалавеку, а таксама пра лёс чалавека, народа і Бацькаўшчыны [6, 13, 14].

Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў

Вынікі работы могуць быць выкарыстаны пры далейшым навуковым асэнсаванні і разуменніи ролі народазнаўчага матэрыялу ў структуры мастацкіх твораў, вызначэнні новых кірункаў літаратуразнаўчых даследаванняў, а таксама пры распрацоўцы лекцый і семінарскіх заняткаў па курсу “Славянскія літаратуры пачатку ХХ стагоддзя” ў вышэйшых навучальных установах, па гісторыі беларускай літаратуры ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, спецкурсаў па кампаратывістыцы, падрыхтоўцы курсавых і дыпломных работ. Матэрыялы і высновы дадзенай дысертацыйнай работы з'яўляюцца актуальнымі для кампаратыўных даследаванняў па ўкраінскай і беларускай літаратурах пачатку ХХ стагоддзя.

нацыянальны светаадлюстравання ўкраінскі беларускі

СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ

1. Воран І.А. Ідэйна-эстэтычныя пошукі ва ўкраінскай і беларускай літаратурах пачатку ХХ стагоддзя / І.А. Воран // Веснік БДУ. - Серыя 4. - 2010. - № 1. - С.12-16.

2. Ворон І. Асаблівасці рэцэпцыі польскага мадэрнізму ў беларускай і ўкраінскай крытыцы пачатку ХХ стагоддзя / І.Ворон // Науковий вісник Чернівецького національного університету імені Юрія Федьковича: зб. наук. Праць / наук ред. Бунчук Б.І. - Чернівці: Рута, 2010. - Вип.: 496-497: Слов'янська філологія. - С. 15-20.

3. Воран І.А. Канцэптуалізацыя неарамантызму ў беларускай і ўкраінскай літаратурах пачатку ХХ стагоддзя / І.А. Воран // Вестник ПГУ. - Серия А. - 2011. - № 2. - С. 9-13.

4. Воран І. Асаблівасці нацыянальнай мадэлі свету ў беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя / І.Воран // Роднае слова. - 2011. - № 7. - С. 34-37.

5. Ворон І. Концепція національної літератури в літературно-критичних статтях М.Богдановича і Л.Українки / І. Ворон // Волинь філологічна: текст і контекст. Польська, українська, білоруська і російська літератури в європейському контексті: Зб. наук. пр. - Випуск 6. - У 2 ч. - ч. 1 / Упор. Л.К. Оляндер. - Луцьк: РВВ “Вежа” Волинського національного університету ім. Лесі Українки, 2008. - С. 284-296.

6. Воран І.А. Адлюстраванне сакральнай прасторы ў беларускай і ўкраінскай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя / І.А. Воран // Чтение: рецепция и интерпретация: сб. науч. ст. В 2 ч. / ГрГУ им. Я.Купалы; редкол.: Т.Е. Автухович (отв. ред.) [и др.]. - Гродно: ГрГУ, 2011. - С. 160-166.

7. Воран І.А. Камунікатыўная мадэль узаемадзеяння героя з зямлёй (на матэрыяле беларускай і ўкраінскай малой прозы пачатку ХХ стагоддзя) / І.А. Воран // Мировой лит. проц.: автор - жанр - стиль: сб. науч. тр.; под общ. Ред. Т.В. Сенькевич. [Электронный ресурс]. - 2011. - Режим доступа. - http://www.brsu.by/page/filologya/ - С. 38-40.

8. Воран І.А. Асаблівасці ранняга ўкраінскага мадэрнізму / І.А. Воран // ІХ республиканская межвузовская научно-методическая конференция молодых учёных: сб. материалов, Брест, 19 мая 2006 г. / М-во образования Респ. Беларусь, Брест. гос. ун-т имени А.С. Пушкина; под общ. ред. Б.М. Лепешко. - Брест: Изд-во БрГУ, 2006. - С. 91-93.

9. Ворон И.А. Да пытання нацыянальнай канцэпцыі літаратуры: А.С. Пушкін і Л. Украінка / І.А. Воран // Пушкин и мировая культура: Материалы ІІІ Междунар. конф., г. Минск, 21-22 апр. 2009 г. В 2 ч. Ч. 1 / Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка; редкол.: В.Д. Стариченок [и др.]. - Минск: РИВШ, 2009. - С. 153-157.

10. Воран І.А. Тэндэнцыі развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя / І.А. Воран // ХІ республиканская научно-методическая конференция молодых учёных: Сб. материалов, Брест, 15 мая 2009 г. / М-во образования Респ. Беларусь, Брест. гос. ун-т имени А.С.Пушкина; под общ. ред. К.К. Красовского. - Брест: БрГУ, 2009. - С. 137-139.

11. Воран І.А. Актуальныя пытанні ў літаратурных дыскусіях Украіны і Беларусі пачатку ХХ стагоддзя / І.А. Воран // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: Матэрыялы ІХ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 70-годдзю філал. фак. Беларус. дзярж. ун-та, Мінск, 15-17 кастр. 2009 г. У 2 ч. Ч. 1. / пад рэд. В.П. Рагойшы; рэдкал.: В.П. Рагойша (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Выд. Цэнтр БДУ, 2010. - С. 20-24.

12. Воран І. “Забыты шлях” М. Багдановіча як рэфлексія на літаратурную дыскусію 1913-1914 гадоў / І. Воран // Максім Багдановіч і сучасны літаратурны працэс: Матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., прысвеч. 100-годдзю першых публікацый вершаў Максіма Багдановіча, Мінск, 27 ліст. 2009 г. Максім Багдановіч і яго акружэнне на хвалях Першай сусветнай вайны: музейныя чытанні, прысвеч. 95-годдзю Мінскага аддзела Беларускага таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, Мінск, 10 снеж. 2010 г. / Літ. музей М. Багдановіча; рэдкал.: В.П.Рагойша [і інш.]; уклад. К.А. Кандраценка. - Мінск: РІВШ, 2011. - С. 11-14.

13. Воран І. Вобраз сонца ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя / І. Воран // “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, міжнародныя навуковыя чытанні. (2010, Гомель). 7-8 кастрычніка 2010 г.: [да 85-годдзя з дня нараджэння І. Навуменкі: матэрыялы] / рэдкал. І.Ф. Штэйнер (адк. рэд.) [і інш.]. - Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. - С. 93-98.

14. Ворон І. Національна модель світу в малій прозі В. Стефаника і М. Горецького / І. Ворон // Полікультуротворча діяльність 2010: Матеріали Міжнар. наук.-практ. конф. м. Київ, 12-13 квітня 2010, Національний авіаційний університет / редкол. Тюрменко І.І. та ін. - К.: Вид-во Нац. авіац. ун-ту «НАУ-друк», 2010. - С.37-38.

15. Воран І.А. Неарамантычныя тэндэнцыі ў малой прозе В. Кабылянскай / І.А. Воран // Наука и культура эпохи Шопена (к 200-летию со дня рождения): Сб. материалов Междунар. научно-практического семинара преподавателей и студентов, Брест, 10 декабря 2010 г. / Брест. гос. ун-т имени А.С. Пушкина; редкол.: Е.Г. Кивака [и др.]. - Брест: БрГУ, 2011. - С. 40-44.

РЭЗЮМЭ

Воран Ірына Аляксандраўна

Нацыянальныя асаблівасці светаадлюстравання ва ўкраінскай і беларускай малой прозе пачатку ХХ стагоддзя

Ключавыя словы: малая проза, неарамантызм, светаадлюстраванне, вобраз свету, архетып, пейзаж, міф, сакральнае, зямля, дом/хата.

Мэтай дысертацыі з'яўляецца высвятленне асаблівасцей нацыянальнага светаадлюстравання, мастацкай карціны свету, якія праяўляюцца ў мастацка-вобразнай сістэме твораў малой прозы М. Кацюбінскага, В. Кабылянскай, В. Стафаніка, М. Яцкава, М.Чарамшыны, М. Гарэцкага, Я. Коласа, З. Бядулі, В. Ластоўскага, Цёткі, Ядвігіна Ш. як рэпрэзентантаў адметных культур.

Метадалагічнай асновай дысертацыі з'яўляюцца асноўныя прынцыпы параўнальна-тыпалагічнага метаду даследавання літаратур; сістэмна-структурны, псіхааналітычны падыходы да аналізу твораў.

Навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў. Дысертацыйная работа з'ўляецца першай спробай параўнальнага аналізу твораў малой прозы ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя ў аспекце мастацкага адлюстравання нацыянальнай мадэлі свету, спецыфічнага прасторавага мыслення, дэтэрмінаванага прыродна-ландшафтнымі ўмовамі і выражанага ў пейзажы, у выкарыстанні прыродных вобразаў. Аналізуюцца архетыпы дому і мяжы, у інтэпрэтацыі якіх выяўлены тыпалагічныя сыходжанні і адметнасці. Адзначаецца канцэптуальнае адзінства ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў у асэнсаванні сакральнага сэнсу зямлі, прывязанасць да якой мае, найперш, духоўны змест.

...

Подобные документы

  • Агульная характарыстыка літаратурнага працэсу ХХ стагоддзя праблемна-тэматычны аспект твораў малой прозы (на прыкладзе творчасці Якуба Коласа, Дзмітрака Бядулі, Цёткі). Філасофскія матывы ў творах. Іх выхаваўчая роля і адраджэнская скіраванасць твораў.

    курсовая работа [104,7 K], добавлен 13.12.2013

  • Змітрок Бядуля як прадстаўніккагорты беларускіх пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак беларускай літаратуры XX ст. Кароткі нарыс яго жыцця і творчасці, агульная характреистимка і аналіз твораў, іх праблематыка. Імпрэсіянізм як галоўная якасць лірыкі.

    курсовая работа [56,9 K], добавлен 25.03.2013

  • Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.

    курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

  • Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.

    дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015

  • Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.

    реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010

  • Мастацкія асаблівасці прозы Ш. Ядвігіна, яго шлях ад твораў сатырычна завостраных, алегарычных, блізкіх да фальклорных да рэалістычна-псіхалагічных апавяданняў і лірыка-філасофскіх імпрэсій. Фальклорныя матывы ў творах. Спосабы мастацкай тыпізацыі герояў.

    курсовая работа [86,7 K], добавлен 17.12.2014

  • Рэгіянальныя асаблівасці прозы І. Мележа (на падставе палескіх раманаў). Ахарактарызаваць творчасць пісьменнікаў з вышыні дасягненняў літаратуразнаўства і крытыкі. Паказаць звычаі і абрады, тыповасць абставін на Палессі. Адзначыць асаблівасці характараў.

    курсовая работа [57,0 K], добавлен 20.01.2014

  • Ядвігін III (Антон Іванавіч Лявіцкі) — адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы — жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Рэвалюцыя 1905 г. - пераломная вяха у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і ў жыцці і творчасці Ядвігіна III.

    реферат [39,0 K], добавлен 13.12.2011

  • Паэмы А. Александровіча "Цені на сонцы", "Паэма імя вызвалення", "Паэма пра ворага". Эстэтычны ўзровень твораў на гісторыка-рэвалюцыйную тэму. Захады па ўзмацненню гуманістычнага пафасу прозы. Стан развіцця беларускай драматургіі на пачатку 30-х гадоў.

    курсовая работа [50,0 K], добавлен 23.02.2011

  • Класіфікацыя літаратурных твораў па іх мастацка-эстэтычных вартасцяў і функцыянальнай ролі ў чытацкай аўдыторыі. Адметныя асаблівасці літаратурнай класікі, масавай літаратуры і белетрыстыкі. Змены ў складзе каштоўнасна-функцыянальных слаёў літаратуры.

    реферат [34,0 K], добавлен 22.02.2011

  • Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.

    контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010

  • Жыццёвы і творчы шлях вядомага беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага. Тэма жаночай лёсу, развіццё характару і духоўных перажыванняў ў малой прозе і раманах "Сцежкі-дарожкі", "Вязьмо". Розныя падыходы літаратара да паказу жанчыны ў савецкім грамадстве.

    курсовая работа [32,4 K], добавлен 26.11.2010

  • Дэфініцыя і спецыфіка паняцця "лірычная проза". Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры. Вызначыня моўна-стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча. Асноўныя вобразныя сродкі. Даследаванне эсэ, лістоў, крытычных артыкулаў і нарысаў.

    курсовая работа [45,4 K], добавлен 20.06.2009

  • Асаблівасці паэзіі пра Чарнобыль, яго характарыстыка як канцэпта сучаснай мастацкай свядомасці. Чарнобыльская тэматыка ў сучаснай прозе. Сімволіка і стылёва-функцыянальная адметнасць твораў на чарнобыльскую тэму. Чарнобыльская міфатворчасць, яе рысы.

    курсовая работа [68,4 K], добавлен 10.12.2013

  • Леапольд Іванавіч Родзевіч як адзін з вядомых пісьменнікаў-нашаніўцаў. Драматургічный дэбют Л. Родзевіча, драматургічная спадчына. Камедыйныя жанры ў "малой" драматургіі мятця. Творчыя набыткі Л. Родзевіча ў паэзіі і прозе, спецыфічны беларускі гумар.

    реферат [27,3 K], добавлен 23.02.2011

  • Аналіз літаратурнай пародыі як віду мастацтва. Месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Аналіз літаратуразнаўчых крыніц, прысвечаных пародыям і эпіграмы ў беларускай літаратуры. Эвалюцыя іх у творчасці сучасных пісьменнікаў.

    дипломная работа [101,3 K], добавлен 26.06.2013

  • Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.

    реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011

  • Біяграфія і асаблівасці станаўлення творчай індывідуальнасці А.С. Грачанікава (1938-1991), а таксама аналіз палескіх матываў і пейзажных вобразаў у яго лірыкі. Апісанне і значэнне "малой радзімы" ў творчасці беларускіх спявае, у тым ліку і А. Грачанікава.

    курсовая работа [35,2 K], добавлен 16.03.2010

  • Сродкі суб’ектыўнай ацэнкі, якія ўжываюцца ў літаратуры. Аўтарскі стыль прозы Якуба Коласа ў аспекце ўжывання ім моўных сродкаў для стварэння суб’ектыўнай ацэнкі; аналіз ягоных твораў: трылогіі "На ростанях", аповесцяў "Дрыгва" і "На прасторах жыцця".

    дипломная работа [118,8 K], добавлен 18.06.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.