Паэзія Антона Гарэцкага і станаўленне рамантычнай традыцыі ў польскамоўнай літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя

Польскамоўная паэзія Беларусі XIX ст. - адна з неад'емных частак айчыннага мастацтва слова, якая моцна звязаная з працэсам фарміравання новай беларускай літаратуры. Спецыфiка асэнсавання падзей паўстання 1830-1831 гадоў у паэзіі Антона Гарэцкага.

Рубрика Литература
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 40,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru

Размещено на http://www.allbest.ru

Уводзіны

Польскамоўная паэзія Беларусі ХІХ ст. з'яўляецца неад'емнай часткай айчыннага мастацтва слова, якая моцна звязана з працэсам фарміравання новай беларускай літаратуры. Актуальнымі праблемамі ў сучасным літаратуразнаўстве з'яўляюцца высвятленне нацыянальных асаблівасцей гэтай польскамоўнай спадчыны ў айчынным прыгожым пісьменстве, а таксама рэканструкцыя характэрнага менавіта для беларускай літаратуры шляху развіцця, з улікам таго факта, што літаратура Беларусі ХІХ ст., гэтак жа як польская або ўкраінская, належала да адзінай культурнай прасторы краін былой Рэчы Паспалітай. Вырашэнне дадзеных праблем прадугледжвае ўвядзенне ў кантэкст літаратуры Беларусі новых постацей, творчасць якіх засведчыла з'яўленне нацыянальных рыс у айчыннай паэзіі. Пры гэтым важна звяртаць увагу не толькі на выкарыстанне паэтам або пісьменнікам беларускіх фальклорных матываў, гістарычных сюжэтаў, тапанімікі або лексікі, але і на тое, як у творчасці польскамоўнага аўтара ўвасобіўся духоўны і гістарычны вопыт беларускага народа: як паўплывалі на фармаванне лірычнага героя тыя ці іншыя палітычныя і сацыяльныя зрухі; якія літаратурныя тэндэнцыі былі характэрны менавіта для беларускай культуры; як змянялася змястоўнае напаўненне і фармальны воблік твораў асобных жанраў у сувязі з вызначальнымі падзеямі эпохі і г. д. Сярод паэтаў, у творчасці якіх найвыразней выявіліся вышэйзгаданыя мастацкія асаблівасці, важнае месца займае Антон Гарэцкі (1787-1861), асоба і літаратурная спадчына якога яшчэ не станавіліся аб'ектам спецыяльнага аналізу ў беларускім літаратуразнаўстве.

Творчасць А. Гарэцкага -- з'ява пераходнага перыяду паміж Асветніцтвам і Рамантызмам на землях Літвы-Беларусі. Паводле эстэтыкі яе слушна аднесці да перадрамантызму, з якім у многіх еўрапейскіх літаратурах і звязвалася станаўленне нацыянальных адметнасцей. Перадрамантызм як літаратурны феномен таксама яшчэ вельмі слаба вывучаны ў беларускім літаратуразнаўстве, а паколькі менавіта ў ім зарадзіліся і атрымалі развіццё многія элементы рамантычнай паэтыкі, то вывучэнне творчасці Антона Гарэцкага як прадстаўніка перадрамантычнага руху на беларускіх землях набывае яшчэ большую актуальнасць. Улічваючы тое, што развіццё і станаўленне пэўных літаратурных з'яў найбольш дакладна можна пазнаць праз параўнанне падобных фактаў на працягу пэўнага перыяду, творчасць А. Гарэцкага мэтазгодна даследаваць праз супастаўленне спадчыны паэта з творчымі здабыткамі яго сучаснікаў, папярэднікаў і наступнікаў, а менавіта: Ф. Князьніна, А. Нарушэвіча, Ю. У. Нямцэвіча, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі і інш.

Дадзенае даследаванне набывае актуальнасць і запатрабаванасць таксама па той прычыне, што вывучэнне паэзіі А. Гарэцкага прадугледжвае Тыпавая вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў «Гісторыя беларускай літаратуры (ХІ-ХІХ стагоддзі)» (2011 г.), а менавіта раздзел «Літаратура эпохі Рамантызму (20-40-я гг. ХІХ ст.): асаблівасці развіцця». У той жа час беларускамоўнаму чытачу былі даступны толькі пяць перакладзеных з польскай мовы вершаў А. Гарэцкага (пераклады зробленыя У. Мархелем і К. Цвіркам), а навуковых звестак пра жыццёвы і творчы шлях паэта, пра яго ўзаемадачыненні з іншымі мастакамі слова ў Беларусі і ўплыў на літаратурны працэс відавочна не хапала.

Усе гэтыя фактары павышаюць цікавасць да творчасці А. Гарэцкага як прадстаўніка перадрамантычнага руху ў Беларусі, актуалізуюць яе вывучэнне і спрыяюць выпрацоўцы новага погляду на асобныя тэндэнцыі літаратурнага працэсу Беларусі ў ХІХ стагоддзі.

Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі

Даследаванне выканана ў адпаведнасці з дзяржаўнымі планавымі навуковымі тэмамі кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ: «Беларуская шматмоўная літаратура ў эстэтычных сістэмах: ад Сярэднявечча да рэалізму» (2006-2010 гг. выканання, нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20062157), «Станаўленне мастацкай традыцыі ў шматмоўнай літаратуры Беларусі ХІ-ХІХ стст.» (2011-2015 гг. выканання, нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20112200).

Мэта і задачы даследавання.

Мэта даследавання -- выявіць мастацкія асаблівасці вершаваных твораў Антона Гарэцкага ў кантэксце перадрамантычнага руху ў літаратуры Беларусі, а таксама ролю паэта ў станаўленні рамантычнай традыцыі і ў развіцці вызначальных мастацкіх тэндэнцый айчыннай паэзіі ХІХ стагоддзя.

Дасягненне пастаўленай мэты прадугледжвае вырашэнне наступных задач:

- даследаваць навуковыя, публіцыстычныя і мемуарныя крыніцы, прысвечаныя асобе і творчасці А. Гарэцкага, з мэтай высвятлення праблем і супярэчлівых пытанняў, якія засталіся нявырашанымі ў даследаванні спадчыны паэта; паказаць на аснове існуючых біяграфічных крыніц асобу Антона Гарэцкага ў сувязі з вызначальнымі падзеямі тагачаснай эпохі;

- прааналізаваць вайсковую лірыку Антона Гарэцкага, прысвечаную напалеонаўскім войнам, і высветліць яе адметнасць у параўнанні з паэтычнымі творамі падобнай тэматыкі ў спадчыне Ю. У. Нямцэвіча, А. Міцкевіча і У. Сыракомлі;

- вызначыць спецыфіку асэнсавання падзей паўстання 1830-1831 гадоў у паэзіі А. Гарэцкага праз супастаўленне яго вершаў з творамі А. Міцкевіча і А. Рыпінскага, прысвечанымі падобнай праблематыцы;

- выявіць адметнасць сатырычнай паэзіі А. Гарэцкага ў кантэксце творчасці Таварыства шубраўцаў, акрэсліць наватарскія тэндэнцыі байкапіснай спадчыны паэта ў кантэксце развіцця перадрамантычнай байкі (А. Нарушэвіч, Ф. Князьнін, Ю. У. Нямцэвіч, А. Міцкевіч).

Аб'ектам даследавання з'яўляецца паэтычная творчасць Антона Гарэцкага і творы паэтаў перадрамантычнага і рамантычнага руху. Прадметам -- мастацкія асаблівасці вайсковай лірыкі паэта, прысвечанай праблематыцы напалеонаўскіх войнаў і паўстання 1830-1831 гадоў, асаблівасці яго байкапіснай творчасці, а таксама ўплыў А. Гарэцкага на станаўленне рамантычнай традыцыі ў літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя. Выбар аб'екта і прадмета даследавання абумоўлены тым, што ўнікальная па сваіх мастацкіх асаблівасцях творчая спадчына А. Гарэцкага яшчэ не вывучана ў беларускім літаратуразнаўстве, а спецыфіка асэнсавання паэтам важных праблем жыцця народа ў канцы XVIII - першай трэці ХІХ стагоддзя дазваляе вызначыць важныя тэндэнцыі развіцця літаратуры ў дадзены перыяд.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону.

1. Жыццёвы і творчы шлях А. Гарэцкага распачаўся пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і быў цесна звязаны з вызваленчым рухам першай трэці ХІХ стагоддзя. Таму творчасць паэта стала не толькі мастацкім дакументам эпохі, але і сродкам барацьбы за незалежнасць. Уваходжанне А. Гарэцкага ў літаратуру выклікала спрэчкі ў літаратурных асяродках краін былой Рэчы Паспалітай: літвінска-беларускія літаратурныя колы пераважна з прыхільнасцю паставіліся да наватарства А. Гарэцкага ў галіне паэтыкі (адмаўленне ад класіцысцкіх канонаў, зварот да ўласнай творчай інтуіцыі і пачуцця, простасць мовы, чулы лірызм), лічылі яго лідарам літаратурнага жыцця на землях тагачасных Літвы і Беларусі, пераймалі асаблівасці яго творчасці; літаратурныя асяродкі Польшчы негатыўна ўспрынялі яго паэзію як неадпаведную высокаму мастацтву. Справакаваныя А. Гарэцкім спрэчкі пра т. зв. «новы» стыль у літаратуры выявілі два розныя погляды на шляхі развіцця літаратуры.

2. Вайсковая лірыка А. Гарэцкага, прысвечаная тэматыцы напалеонаўскіх войнаў, працягвала традыцыю «песні незалежнасці» ў вызваленчай літаратуры Рэчы Паспалітай. У гэтай паэзіі выявіўся асноўны мастацкі воблік лірычнага героя А. Гарэцкага -- воблік барда, што было характэрна таксама для Ю. У. Нямцэвіча і У. Сыракомлі. Асаблівасці «паэзіі легіёнаў» А. Гарэцкага (тыртэйская патрыятычная страсць, фарміраванне вобраза легіянера, узмацненне пачуццёвасці ў адносінах воіна да Айчыны) атрымалі далейшае развіццё ў рамантычнай паэзіі А. Міцкевіча і У. Сыракомлі.

3. Найбольш актуальным у пасляваеннай і перадпаўстанцкай лірыцы А. Гарэцкага было пытанне Божай справядлівасці ў свеце і Божай міласэрнасці ў адносінах да злачынцаў. У разважаннях над ім паэт прыйшоў да ідэі хрысціянскай пакоры і прабачэння, а сродкі мастацкага асэнсавання гэтай праблематыкі пераняў А. Міцкевіч пры стварэнні паэмы «Дзяды». Спецыфічная біблійная сімволіка ў паэзіі А. Гарэцкага была абумоўлена патрэбаю даць звышнатуральнае абгрунтаванне пакутаў народа і знайсці надзею на аднаўленне пасля палітычнага краху. Лірычны герой А. Гарэцкага прайшоў эвалюцыю ад «легендарнасці» да «безыменнасці», што ў літаратуры Рамантызму паспрыяла стварэнню героя ў масцы. Шляхі «збаўлення» паэт бачыў у дасягненні еднасці паміж народамі ў барацьбе, у захаванні адзінства ўнутры літвінска-беларускага народа і вяртанні да былых шляхецкіх каштоўнасцей.

4. Спроба А. Гарэцкага рэалізаваць свой сатырычны талент у дзейнасці Таварыства шубраўцаў не дала плённых вынікаў -- паэт пакінуў аб'яднанне, не згаджаючыся з яго эстэтычнымі прынцыпамі. У байкапіснай спадчыне А. Гарэцкага назіраліся істотныя жанравыя і стылёвыя трансфармацыі ў параўнанні з байкамі А. Нарушэвіча, Ф. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча, абумоўленыя зваротам паэта да перадрамантычных тэндэнцый (навізна і арыгінальнасць тэматыкі і праблематыкі, канкрэтны гістарычны змест байкавай алегорыі, асэнсаванне характэрных рыс нацыянальнага характару). Герой баек А. Гарэцкага вельмі блізкі да рамантычнага героя: гэта пакутнік і месіяніст, які бачыць глыбіню і сілу ў схаваным і нябачным, гатовы да самаахвярнасці ў барацьбе за праўду і справядлівасць.

Асабісты ўклад суіскальніка.

Дысертацыйнае даследаванне з'яўляецца вынікам самастойнай пошукавай працы аўтара.

Некаторыя факты, прааналізаваныя ў дысертацыі, былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы артыкула «Асоба і творчасць Антона Гарэцкага» ў суаўтарстве з І. Э. Багдановіч [13].

Апрабацыя вынікаў дысертацыі.

Вынікі даследавання былі прадстаўлены аўтарам на дзесяці навуковых і навукова-практычных канферэнцыях: 1. Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні» (Магілёў, 26-27 красавіка 2007 г.); 2. XV Гарэцкіх чытаннях «Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх грамадска-культурнае і навукова-творчае асяроддзе» (Мінск, 7 чэрвеня 2007 г.); 3. VІІІ Міжнародных Купалаўскіх чытаннях (Мінск, 26-27 чэрвеня 2007 г.); 4. Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (Мінск, 1-3 лістапада 2007 г.); 5. Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні» (Магілёў, 24 красавіка 2008 г.); 6. Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуска-польскія літаратурныя, моўныя і гістарычныя сувязі» (Мінск, 9-10 ліпеня 2009 г.); 7. Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (Мінск, 15-16 кастрычніка 2009 г.); 8. V Міжнародным кангрэсе беларусістаў (Мінск, 20-21 мая 2010 г.); 9. Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларуская пісьмовая спадчына ў кантэксце еўрапейскага культурна-гістарычнага працэсу ХІ-ХІХ стагоддзяў: вытокі, традыцыі, уплывы» (Мінск, 24 мая 2010 г.); 10. ХХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя і гістарычныя сувязі», (Мінск, 28-29 чэрвеня 2011 г.).

Асноўныя вынікі даследавання па тэме дысертацыі адлюстраваны ў 18-ці публікацыях. Сярод іх -- 4 ў рэцэнзаваных навуковых часопісах і зборніках, у тым ліку выданнях замежнага друку (2,2 аўт. арк.), 14 публікацый у навуковых зборніках, перыядычных выданнях і матэрыялах навуковых канферэнцый. Агульны аб'ём апублікаванага матэрыялу -- 6,2 аўт. арк.

1. Асоба Антона Гарэцкага ў літаратуразнаўстве

У раздзеле 1.1 «Творчасць А. Гарэцкага ў крытыцы і мемуарыстыцы ХІХ стагоддзя і навуковых даследаваннях ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў» праводзіцца агляд літаратуры па тэме дысертацыі, даецца нарыс асноўных этапаў вывучэння спадчыны паэта. У падраздзеле 1.1.1 «Праблема творчага метаду А. Гарэцкага ў літаратурнай крытыцы ХІХ стагоддзя» прааналізаваны крытычныя матэрыялы ХІХ ст., у якіх упершыню было пастаўлена пытанне аб неардынарнасці стылёвай манеры паэта. Сучаснікі А. Гарэцкага адразу ж заўважылі, што на фоне агульнага падпарадкавання канонам класіцызму ў мастацтве (гэта было прычынаю пэўнай незадаволенасці сярод чытачоў) творчасць паэта ўяўляе з сябе зусім новы феномен, які не ўпісваецца ў тагачасную эстэтычную парадыгму. Гэтую адрознасць літаратары адчувалі яшчэ толькі інтуітыўна, не маглі даць ёй дакладнага навуковага абгрунтавання і звярталіся часцей за ўсё толькі да параўнанняў, каб падкрэсліць навізну творчасці А. Гарэцкага ў літаратурным кантэксце таго часу. Аўтар, які падпісаўся крыптанімам Z.K., а таксама К. Вуйціцкі і ананімны рэцэнзент зборніка А. Гарэцкага «Wolny gіos» («Вольны голас») сярод найбольш выразных рыс «новага стылю» паэта вылучалі чысціню мовы, прастату апавядання, дабрадушны гумар, і -- што было асабліва непадобна да творчасці класіцыстаў -- глыбокую пачуццёвасць, «паэтычнае намашчэнне», адмаўленне ад «прытворных вобразаў» ды «смешных прэтэнзій», якія ў творчасці класіцыстаў ужо сталі расчароўваць чытачоў пачатку ХІХ ст. Аднак некаторыя літаратары перыяду Рамантызму асцерагаліся называць паэтыку твораў А. Гарэцкага рамантычнай, знаходзячы ў яго, наступніка класіцыстаў, толькі рамантычны лад мыслення.

  • У падраздзеле 1.1.2 «А. Гарэцкі ў спрэчках паміж польскімі крытыкамі і літвінска-беларускімі літаратарамі ХІХ стагоддзя» прааналізаваны літаратурныя спрэчкі ў беларуска-літвінскіх і польскіх асяродках, выкліканыя «новым стылем» А. Гарэцкага. Гэтыя дыскусіі выразна паказалі тое, што беларуска-літвінскія і польскія літаратары па-рознаму ўяўлялі шляхі развіцця сваіх айчынных літаратур (хоць яны пісалі на адной мове і працягвалі лічыць сябе прадстаўнікамі адной літаратуры -- літаратуры Рэчы Паспалітай). На адным баку спрэчак стаялі ў першую чаргу тыя літаратары, што былі ўзгадаваны Віленскім універсітэтам (А. Э. Адынец, А. Міцкевіч і інш.), на другім -- пісьменнікі і крытыкі Варшавы (у гэтай справе на іх чале быў Ф. Мараўскі). У той час, як А. Э. Адынец лічыў А. Гарэцкага прадвеснікам «абуджанай да жыцця нацыянальнай паэзіі», а А. Міцкевіч разам з многімі іншымі маладымі прадстаўнікамі літвінска-беларускай паэзіі актыўна наследаваў стылёвыя і вобразныя асаблівасці яго творчасці, варшаўскія літаратары папракалі А. Гарэцкага ў «неабчэсанасці» стылю, намякалі на правінцыйнасць паэта, называючы яго «смаргонскім Піндарам», «песняром пінскіх лясоў» і саркастычна характарызуючы як лідара «новага Парнасу» (сатыра Ф. Мараўскага «Nowy Parnas» / «Новы Парнас»). Час ад часу меркаванні адносна «новага стылю» разыходзіліся і ўнутры варшаўскіх асяродкаў, што засведчылі «Wspomnienia literackie z dawnych czasуw» («Літаратурныя ўспаміны пра даўнія часы») Ф. С. Дмахоўскага. У пэўным сэнсе гэтыя спрэчкі выяўлялі барацьбу за шырэйшае кола чытачоў паміж прадстаўнікамі «старога» і «новага» стылю.
    • У падраздзеле 1.1.3 «Прычыны папулярнасці „новага“ стылю А. Гарэцкага вачыма яго сучаснікаў» прааналізаваны крытычныя і літаратуразнаўчыя працы, у якіх даследчыкі ставяць за мэту вызначыць асноўныя прынцыпы такога папулярнага «новага стылю» А. Гарэцкага і крыніцы яго творчага натхнення. У. Нерынг, К. Вуйціцкі, Ю. Беліньскі і некаторыя іншыя даследчыкі прыйшлі да высновы, што А. Гарэцкі, не маючы высокіх мастакоўскіх амбіцый, пазбягаў наследавання вывучаных узораў вершаскладання, а кіраваўся ўласнай літаратурнай інтуіцыяй і выключным жыццёвым досведам, набытым у войнах і замежных падарожжах. А. Міцкевіч, аналізуючы ў курсе лекцый «Literaturа sіowiaсskа» («Славянская літаратура») паэзію былой Рэчы Паспалітай, прысвечаную напалеонаўскай тэматыцы, вылучаў «паэтаў-пераймальнікаў» (або паэтаў «працы шкалярскай») і «паэтаў вайсковых» (тых, якія пішуць пра ўласна перажытае) і адметным прадстаўніком апошніх лічыў менавіта А. Гарэцкага. Асноўны пафас творчасці паэта -- па сутнасці, пераняты ў далейшым рамантыкамі -- упершыню вызначыў Л. Рэттэль у прадмове да пасмяротнага зборніка А. Гарэцкага «Pieњni» («Песні»). На думку літаратара, гэта рэлігійная і патрыятычная натхнёнасць. З рэлігійнасці і глыбокай пачуццёвасці нараджаўся містыцызм і схільнасць бачыць у кожнай падзеі з гісторыі Айчыны містычныя знакі, якія дазвалялі растлумачыць тагачасным чытачам сэнс цярпенняў народа.
      • У падраздзеле 1.1.4 «Асоба А. Гарэцкага ў мемуарнай літаратуры, а таксама ў навуковых даследаваннях ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў: актуальныя праблемы і задачы» даследаваны навуковыя і мемуарныя крыніцы ХХ ст. (успаміны выдадзены паводле рукапісаў ХІХ ст.), дзе закранаюцца праблемы жыцця і творчасці А. Гарэцкага. Аўтары мемуараў засяроджваліся пераважна на тых фактах, якія былі звязаны з перыядамі найбольшай папулярнасці А. Гарэцкага, часцей за ўсё -- з яго творчай і грамадскай дзейнасцю да паўстання 1830-1831 гг. Успамінаючы пра жыццё паэта ў эміграцыі (1831-1861), мемуарысты пішуць пра яго як пра паэта ў рэтраспектыўным плане -- як пра калісьці слаўнага байкапісца і песняра, акцэнтуючы ўвагу ўжо не на творчасці А. Гарэцкага ў гэты перыяд, а больш на яго аўтарытэце і вайскова-жаўнерскай легендарнасці.
      • Навукоўцы ХХ стагоддзя зноў жа засяроджваліся ў першую чаргу на праблеме стылю А. Гарэцкага, на неадназначнасці яго твораў з пункту гледжання класіцысцкай і рамантычнай паэтыкі. У сукупнасці гэтыя даследаванні распрацавалі новы навуковы погляд на А. Гарэцкага як на паэта пераходнага перыяду, або асветніцка-рамантычнага пералому, а таксама як лідара літаратурнага жыцця Літвы-Беларусі першай трэці ХІХ стагоддзя, творчасць якога паўплывала на істотныя зрухі ў працэсе фармавання рамантычнай эстэтыкі.
      • Раздзел 1.2 «Жыццёвы шлях А. Гарэцкага» прысвечаны даследаванню гісторыі жыцця А. Гарэцкага, цесна звязанага з айчыннай гісторыяй. Паэт нарадзіўся ў 1787 г. у сям'і адваката, удзельніка паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, што абумовіла і патрыятычнае выхаванне самога А. Гарэцкага. Ён увайшоў у літаратуру ўжо пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай, калі народу, які апынуўся на руінах сваёй дзяржавы, патрэбна была моцная духоўная кансалідацыя. Творчасць А. Гарэцкага, якая нараджалася з глыбокай пачуццёвасці і рэлігійнасці, афарбаваная патрыятычным пафасам, менавіта ў гэты час, напярэдадні вайны 1812 г., адыгрывала падобную кансалідуючую ролю. Сам паэт, удзельнік напалеонаўскіх войнаў, з часам расчараваўся ў палітыцы Напалеона, аднак праз некаторы час актыўна ўзяўся за падрыхтоўку паўстання ў Літве-Беларусі. Заняпад вызваленчага руху 1830-1831 гг. вымусіў паэта эміграваць у Францыю, дзе ён правёў апошнія 30 гадоў жыцця, удзельнічаючы ў грамадскім і культурным руху беларуска-літвінскай эміграцыі. Памёр А. Гарэцкі ў 1861 г. у Парыжы, таксама ў знакавы год для гісторыі Беларусі.
      • 2. Вайсковая паэзія Антона Гарэцкага
      • Складаецца з двух раздзелаў. У раздзеле 2.1 «„Паэзія легіёнаў“ А. Гарэцкага і напалеонаўская тэматыка ў творчасці Ю. У. Нямцэвіча, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі» прааналізавана вайсковая паэзія А. Гарэцкага, прысвечаная напалеонаўскім войнам, у кантэксце твораў іншых аўтараў Беларусі на гэтую ж тэматыку. Удзел у напалеонаўскіх войнах уяўляецца паэтам як працяг барацьбы за незалежнасць, распачатай на папярэдніх этапах айчыннай гісторыі (Барская канфедэрацыя, паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі). Трываласць гэтай барацьбы на працягу многіх дзесяцігоддзяў абумовіла ўзнікненне традыцыі «песні незалежнасці»: творы, напісаныя на адным з этапаў вызваленчай барацьбы, станавіліся своеасаблівымі вайсковымі ці проста патрыятычнымі гімнамі, якія ўздымалі на змаганне наступныя пакаленні на новых этапах вызваленчага руху. З гэтай традыцыі вынікае асаблівасць аўтарскага вобліку А. Гарэцкага -- вобліку барда, апявальніка славы продкаў («Њmierж Jasiсskiego» / «Смерць Ясінскага», «Na zgon generaіa D№browskiego» / «На смерць генерала Дамброўскага» і інш.). Для гэтага паэт неаднаразова выкарыстоўваў жанр гістарычнага спеву і думы, наследуючы Ю. У. Нямцэвіча. Абодва паэты трансфармавалі асаблівасці жанру думы, надзяляючы адносіны героя з народам тымі рысамі, якія характэрны для адносінаў паміж героем і яго абранніцай. Вялікае значэнне для лірычнага персанажа паэзіі напалеонаўскіх войнаў мела катэгорыя славы, якая была ў сваю чаргу нацыястваральным фактарам і якую прыносілі народу ваяры. Побач з нацыянальнымі героямі ў лірыцы А. Гарэцкага і іншых паэтаў культавае аблічча меў вобраз Напалеона, з якім звязваліся надзеі на вызваленне. Нягледзячы на пазнейшае расчараванне ў яго палітыцы, паэты працягвалі звязваць з яго асобаю абуджэнне спадзяванняў на вызваленне, узмацненне пачуцця нацыянальнай годнасці і ўзняцце народнага духу да барацьбы («Napoleonista» / «Напалеаніст» У. Сыракомлі; «Pan Tadeusz» / «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча). Легіянерская паэзія А. Гарэцкага дала літаратуры вобраз легіянера-«напалеаніста», змагара за Айчыну, а У. Сыракомля і А. Міцкевіч у літаратуры Рамантызму ахінулі гэты вобраз легендарнасцю і настальгіяй, зрабілі сімвалам барацьбы за незалежнасць.
      • Раздзел 2.2 «Паўстанне 1830-1831 гадоў у творчасці А. Гарэцкага» прысвечаны аналізу патрыятычнай лірыкі паэта, у якой асэнсоўваецца неабходнасць далейшага змагання пасля паражэння напалеонаўскіх войнаў і ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. Раздзел складаецца з трох падраздзелаў. У падраздзеле 2.2.1 «Праблемы помсты і прабачэння, справядлівасці і міласэрнасці ў паэзіі А. Гарэцкага і ІІІ частцы „Дзядоў“ А. Міцкевіча» разгледжана тое, як у вершах А. Гарэцкага («Dwa widziadіa» / «Два бачанні», «Њmierж zdrajcy Ojczyzny» / «Смерць здрадніка Айчыны» і інш.) і паэме А. Міцкевіча «Дзяды» асэнсоўваецца маральны аспект помсты захопнікам і ўсталявання справядлівасці. Абгрунтавана думка, што паміж «Смерцю здрадніка Айчыны» А. Гарэцкага і «Дзядамі» А. Міцкевіча ёсць моцная пераемная сувязь: А. Міцкевіч наследаваў ад свайго папярэдніка атрыбутыку рамантычнага двухсвецця, у якім жывуць персанажы, але стварыў героя-антыпода ў дачыненні да «здрадніка Айчыны». Апошні не здолеў пакаяцца за свае цяжкія правіны нават тады, калі яго прасіў аб гэтым раптоўна ўзніклы дух памерлай Айчыны, таму за ім сыходзіць з іншасвету «чорны дух», рукамі якога і ажыццяўляецца справядлівасць. З біблійнага кантэксту вобраза «чорнага духа» вынікае, што гэта «анёл-губіцель», «жорсткі анёл» -- Бог пасылае яго да людзей у выключных выпадках іх грахоўнага жыцця. Падобны генезіс мае вобраз чорнага крука ў паэме «Дзяды». А. Гарэцкі і А. Міцкевіч выяўляюць тое, што лёс чалавечай душы -- як ворага-здрадніка, так і абаронцы Айчыны -- залежыць ад здольнасці чалавека стаць на шлях пакаяння, навяртання да веры і хрысціянскай пакоры. Гэта ж датычыць лёсу народа, яго духу ў сітуацыі дзяржаўнага заняпаду.
      • У падраздзеле 2.2.2 «Біблійная сімволіка ў паўстанцкай творчасці А. Гарэцкага» прааналізаваны старазапаветныя і новазапаветныя вобразы, якія выкарыстаныя А. Гарэцкім пры мастацкім асэнсаванні гісторыі народа. «Ключом» да разумення многіх паўстанцкіх вершаў паэта з'яўляецца біблійнае паняцце збаўлення. Гістарычныя падзеі ў Літве-Беларусі А. Гарэцкі праецыруе на старазапаветную гісторыю габрэйскага народа, паказваючы, што літвінска-беларускі народ, як і кожны іншы, з'яўляецца сакральнай супольнасцю, адным цэлым у вачах Бога, і кожны чалавек нясе вялікую адказнасць за лёс свайго народа. У параўнанні з лірыкай напалеонаўскіх войнаў у паўстанцкай паэзіі А. Гарэцкага змяніўся тып героя-змагара -- гэта ўжо не выдатная, слаўная асоба, а безыменны жаўнер, імя якога ахутана таямніцаю («Tu bezymienny» / «Тут безыменны»). У дадзеным выпадку назіраецца тэндэнцыя да паказу таямнічай прыроды гераізму (у творчасці А. Міцкевіча гэта разаўецца ў вобраз героя з маскаю: «Њmierж Pуіkownika» / «Смерць палкоўніка», «Graїyna» / «Гражына»). З гэтым матывам звязаны біблійны матыў гібелі немаўлят, а таксама прытчавая гісторыя пра смерць зярняці, якія леглі ў аснову многіх вершаў А. Гарэцкага, у тым ліку байкі «Djabeі i zboїe» («Чорт і збожжа»), якую выкарыстаў А. Міцкевіч у дрэздэнскіх «Дзядах». Недарэмнасць ахвяры, сімвалізаванай у вобразе зярняці або памерлых немаўлят, пацвярджаецца А. Гарэцкім праз выкарыстанне матыву ўваскрашэння, вера ў якое спарадзіла таксама культ дзядоў («Pieњni pisane w czasie powstania Litwy w 1831 r.» / «Песні, напісаныя падчас паўстання Літвы ў 1831 г.», «Powinnoњж» / «Абавязак» А. Гарэцкага, «Дзяды» А. Міцкевіча).
      • Падраздзел 2.2.3 «Асэнсаванне шляхоў да шчаслівай будучыні ў патрыятычнай лірыцы А. Гарэцкага» прысвечаны аналізу таго, як аўтар асэнсоўваў спосабы пераадолення зла, што закранула Літву-Беларусь, і шляхі адраджэння заняпалай дзяржавы. Першаю ўмоваю гэтага адраджэння ён лічыў падтрымку з боку іншых народаў. Крыўда на іх за абыякавасць да лёсу Рэчы Паспалітай прывяла паэта да стварэння вершаў з містычным зместам, дзе на дапамогу літвінам-беларусам прыходзяць сілы з іншасвету, анёлы, духі продкаў («Њpiew barda» / «Спеў барда»). Такі ж творчы прыём выкарыстоўвае А. Рыпінскі («Dwoje objawieс» / «Два бачанні»). Яшчэ адной умоваю адраджэння паэт лічыў еднасць у самім літвінскім народзе, адзінства ўсіх яго сацыяльных слаёў у барацьбе з чужакамі («Chіop i szlachcic» / «Мужык і шляхціц», «Baluj№» / «Балююць»), адсутнасць жа гэтага адзінства, на думку паэта, і з'яўляецца прычынаю зла. Наступная ўмова адраджэння дзяржавы -- адраджэнне духоўнае, г.зн. навяртанне, давер да Божага Провіду, зварот да былых шляхецкіх ідэалаў, сярод якіх галоўныя -- вернасць Айчыне і гатоўнасць змагацца за свабоду («Do Jana Ledochowskiego» / «Да Яна Ледахоўскага» і інш.).
      • Трэцяя глава «Сатырычная творчасць Антона Гарэцкага» складаецца з двух раздзелаў. У раздзеле 3.1 «Паэзія А. Гарэцкага ў кантэксце творчасці шубраўцаў» гутарка ідзе пра тое, наколькі сатырычная творчасць паэта адпавядала эстэтычнай праграме Таварыства шубраўцаў, сябрам якога ён стаў у 1818 г., а таксама пра тое, якія сродкі для дасягнення мэтаў таварыства прапаноўваў сам А. Гарэцкі і па якой прычыне аўтар пакінуў гэтае аб'яднанне. З самага пачатку існавання таварыства А. Гарэцкі ў паэтычнай форме публікаваў негатыўныя крытычныя водгукі аб спосабах яго дзейнасці («Wуі i owieczka» / «Вол і авечка», «Morze i rzeki» / «Мора і рэкі»). Хоць фармальна паэзія А. Гарэцкага адпавядала патрабаванням «шубраўскага стылю» (які падразумяваў сатырычнае высмейванне грамадскіх заганаў), але сам паэт спрачаўся з сябрамі таварыства супраць празмернай іншасказальнасці ў мастацкім творы, што была характэрна для шубраўскай літаратуры. Прычынаю выхаду паэта з таварыства стала непаразуменне з іншымі сябрамі аб'яднання ў трактоўцы задачаў і сродкаў сатыры, а таксама збліжэнне паэта з будучымі ўдзельнікамі філамацкага руху, які ўяўляў сабою «гістарычную апазіцыю» Таварыству шубраўцаў.
      • Раздзел 3.2 «Байкі А. Гарэцкага і байкапісная традыцыя перадрамантызму ў літаратуры Беларусі» прысвечаны аналізу байкапіснай спадчыны паэта, выяўленню наватарскіх рыс у ёй і ўплыву А. Гарэцкага на эвалюцыю гэтага жанру ў літаратуры Беларусі. У падраздзеле 3.2.1 «Творчасць А. Гарэцкага і развіццё жанру байкі ў канцы XVIII - пачатку ХІХ стагоддзя» паказана, як паэзія А. Гарэцкага паўплывала на ўяўленні пра задачы жанру байкі ў айчыннай літаратуры пачатку ХІХ ст., а таксама на развіццё крытэрыяў арыгінальнасці і навізны ў байкапісанні. Паэт выкарыстоўваў алегарычную форму байкі перш за ўсё як маску наіўнасці і адчужанасці ад рэчаіснасці. Вобразна-метафарычнае адлюстраванне жыццёвай мудрасці і павучальнасць адышлі для паэта на другі план, а алегорыя стала служыць выяўленню канкрэтных гістарычных рэалій («Bajka o furmanach» / «Байка пра фурманаў» і інш.). Падобная тэндэнцыя назіралася ў творчасці Ю. У. Нямцэвіча («Pszczoіy i Truteс» / «Пчолы і труцень» і інш.), якому А. Гарэцкі ў многім наследаваў. Для абодвух паэтаў вялікае значэнне мела ўстаноўка на выяўленне найбольш характэрных рыс тагачаснага грамадства, што патрабавала не прамога перакладу баек антычных аўтараў (як у Асветніцтве), а навізны і арыгінальнасці ў тэматыцы і праблематыцы. Калі ж паэты звярталіся да перакладу твораў сваіх папярэднікаў, то таксама ўсё часцей напаўнялі гэтыя пераклады алюзіямі на актуальныя для іх палітычныя і сацыяльныя рэаліі.
      • У падраздзеле 3.2.2 «Вобраз разбуранай Айчыны і стаўленне героя да зла ў байках А. Гарэцкага і яго папярэднікаў (Ф. Д. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча)» прасочана эвалюцыя мастацкага асэнсавання дзяржаўнага заняпаду Рэчы Паспалітай у літаратуры Беларусі на прыкладзе баек Ф. Д. Князьніна, Ю.У. Нямцэвіча і іх паслядоўніка А. Гарэцкага; паказана, як героі іх твораў рэагавалі на гэтыя гістарычныя падзеі і якія спосабы выбіралі для выпраўлення сітуацыі. А. Гарэцкі ў адлюстраванні гэтых праблем абапіраўся на традыцыі сваіх папярэднікаў, але з развіццём літаратурнай эстэтыкі і з набыццём новага гістарычна-сацыяльнага вопыту надаў ім новае гучанне. Так, праблемы дзяржаўнага заняпаду ўздымаліся яшчэ ў творчасці Ф. Д. Князьніна, але аўтар знаходзіў ім рацыянальнае вырашэнне, спадзяваўся на рэформы. У выпадку няшчаснай развязкі сітуацыі герой Ф. Д. Князьніна скараўся перад лёсам, «парадкам натуры». У байках Ю.У. Нямцэвіча герой-ахвяра не супрацьстаіць ворагу (драпежніку) адзін на адзін, а спрабуе аказаць супраціўленне з дапамогаю іншых пакрыўджаных і здабыць перамогу. У некаторых выпадках герой пакладаецца не на рацыянальнае вырашэнне праблем, а на сілу пачуцця, якое здольна пакіраваць ім у змаганні са злом («Szczury» / «Пацукі»). Ю. У. Нямцэвіч супастаўляе дзве пазіцыі герояў, два стаўленні да гісторыі: 1) пазіцыю героя-летуценніка, які мае рэтраспектыўны і настальгічны погляд на гісторыю і не бачыць шляхоў вырашэння праблем; 2) героя, які спадзяецца выключна на сваю карпатлівую працу. У паэзіі Ю. У. Нямцэвіча з'яўляецца таксама ірацыянальны элемент у пошуках шляхоў змагання са злом -- «іскра», жывая сіла ў «чыстым духу», якая здольна стаць магутным «полымем». У байках А. Гарэцкага гэтыя пазіцыі герояў перанараджаюцца ў пазіцыі героя-пакутніка і героя-месіяніста. Аўтар адмаўляецца ад летуценніцтва або скаронасці перад лёсам і сцвярджае ідэю ахвярнасці, пакутніцтва, яго герой у такім вымушаным «парадку натуры» бачыць неверагодную таемную моц, што пасля прынясе вялікі плён («Djabeі i zboїe» / «Чорт і збожжа» і інш.). З такой пазіцыі вынікае і месіянізм у творчасці А. Гарэцкага: да паўстання 1830-1831 гг. месіянскую ролю, на думку лірычнага героя, адыгрывае ўвесь народ, а пасля заняпаду вызваленчага руху герой усё часцей выяўляе спадзяванні на цудоўнае выратаванне дзякуючы адной выключнай асобе, месіі.
      • Падраздзел 3.2.3 «Сацыяльная праблематыка ў байках А. Гарэцкага: традыцыі і наватарства» прысвечаны выяўленню і аналізу таго, як А. Гарэцкі, а таксама яго папярэднікі і наступнікі асэнсоўвалі ў мастацтве сацыяльныя прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай і паражэння вызваленчага руху. Байкі А. Гарэцкага, Ф. Д. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча і А. Міцкевіча сведчаць пра тое, што корань зла паэты бачылі перш за ўсё ў пагаршэнні духоўнага стану грамадства. Для распрацоўкі актуальных сацыяльных праблем паэты выбіралі знакамітыя ўзоры байкапісання -- творы Эзопа, Федра, Лафантэна. Аднак калі ў Ф. Д. Князьніна наследаванне выяўлялася ў непасрэдным перакладзе гэтых твораў, то астатнія паэты напаўнялі старадаўнія сюжэты актуальнай, вострай праблематыкай. Яскравы прыклад -- байкі «Їаby o krуla prosz№ce» («Жабы, якія просяць караля») Ф. Д. Князьніна, «Їaby co prosiіy o krуla» («Жабы, якія прасілі караля») А. Гарэцкага і «Їaby i ich krуle» («Жабы і іх каралі») А. Міцкевіча, у якіх высмейваюцца прэтэнзіі тых, хто лічыць, быццам усе сацыяльна-палітычныя праблемы павінны быць вырашаны дзякуючы пастановам вышэйшай улады. У адрозненне ад Ф. Д. Князьніна А. Гарэцкі адсунуў на другі план дыдактычнасць твора, асноўную ўвагу звярнуўшы на яго сатырычнасць: праблематыка завастраецца не на адвечных чалавечых заганах, а на канкрэтнай сацыяльнай і палітычнай сітуацыі, алюзіі на якую прысутнічаюць у байкавай алегорыі; у байцы А. Міцкевіча відавочнае наследаванне А. Гарэцкаму: паэт зрабіў гэтыя алюзіі яшчэ больш празрыстымі, у выніку чаго байка чытаецца не як пераказ Эзопавага сюжэта, а як арыгінальны твор. Яшчэ адзін прыклад наватарства А. Гарэцкага і яго ўплыву на эвалюцыю жанру байкі -- твор «Mysz miejska i szczur wiejski» («Гарадская мыш і вясковы пацук»), сюжэт якой запазычаны ім у Лафантэна. У адрозненне ад Ю. У. Нямцэвіча, які таксама распрацоўваў гэты сюжэт (з запазычаннем у Гарацыя), А. Гарэцкі паказаў нарастанне саслоўнай напружанасці паміж алегарычнымі героямі (вяскоўцам і гараджанкай), узняў праблему пагарды да селяніна-«прастака» і надзяліў герояў чыста народнымі рысамі. Многія байкі А. Гарэцкага, у аснове якіх ляжаць класічныя сюжэты, таксама ўспрымаюцца як арыгінальныя творы за кошт напаўнення іх актуальнай сацыяльнай канрэтыкай (выкрыццё псеўдапатрыятызму ў байцы «Patryota» / «Патрыёт», баязлівасці і абыякавасці да бяды бліжняга ў байках «Muchy i paj№k» / «Мухі і павук», «Czyїe» / «Чыжы» і інш.). Усё гэта дае падставу суаднесці ролю А. Гарэцкага ў развіцці айчыннай байкі з роляй І. Крылова ў развіцці рускай байкі: апошні таксама пачынаў тварыць у пераходны перыяд літаратуры, паводле М. Гогаля, кожная яго байка мела «гістарычнае паходжанне», бо паэт «адсочваў усялякую падзею ўнутры дзяржавы», «на ўсё падаваў свой голас» і надзяляў герояў чыста народнымі рысамі.

Заключэнне

паэзія польскамоўны беларускі

Праведзенае даследаванне паэтычнай творчасці А. Гарэцкага як прадстаўніка перадрамантызму ў літаратуры Беларусі дазваляе зрабіць наступныя высновы:

1. А. Гарэцкі ўвайшоў у літаратурнае жыццё Літвы-Беларусі ў адзін з самых складаных перыядаў айчыннай гісторыі -- пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай, у самым пачатку 1800-х гадоў, калі народ перажываў заняпад уласнай дзяржавы. Гэтыя падзеі абумовілі патрэбу з'яўлення такога творцы ў айчыннай літаратуры, як А. Гарэцкі -- таго, хто на руінах Айчыны адшукае, увядзе ў літаратуру і зробіць у ёй вядучымі тыя традыцыі папярэднікаў, якія будуць патрэбныя для захавання ў народа пачуцця еднасці і самасвядомасці, і тыя ідэі новага часу, якія будуць неабходныя народу для барацьбы за сваю незалежнасць.

Асаблівасці тагачаснага культурнага жыцця ў краінах былой Рэчы Паспалітай спрычыніліся да таго, што ўспрыманне творчасці А. Гарэцкага сярод сучаснікаў было супярэчлівым, што выявіла два розныя погляды на шляхі развіцця літаратуры. Адна з тэндэнцый ахоплівала літаратурныя асяродкі былога Вялікага Княства Літоўскага; яе прыхільнікі актыўна пераймалі тыя прынцыпы ў мастацтве слова, якія сцвярджаў А. Гарэцкі, што даходзіла часам да масавасці і раздражняла вядомых польскіх крытыкаў; у выніку гэтага літвінска-беларуская літаратурная моладзь, якая адчула новыя патрэбы часу і ўслед за А. Гарэцкім ужо не заўсёды прытрымлівалася канонаў класіцысцкай паэтыкі, папракалася ў правінцыйнасці і невуцтве. Другую плынь прадстаўлялі пісьменнікі польскіх літаратурных асяродкаў. Штуршок да яе фарміравання і актыўнай спрэчкі з літвінска-беларускімі літаратарамі дала вершаваная сатыра «Новы Парнас» Ф. Мараўскага. Гэтая сатыра, скіраваная галоўным чынам у адрас А. Гарэцкага і ўсіх яго прыхільнікаў (у т. л. А. Міцкевіча), хоць і ў грубай форме, але выяўляла менавіта тыя супярэчнасці літаратурнага жыцця, якія былі звязаны з развіццём перадрамантычных тэндэнцый, а менавіта спрэчкі наконт моўных асаблівасцей стылю, адлюстраванага мастацкага свету і сістэмы вобразаў [1; 4; 5; 12; 13; 14; 18].

2. Ранняя лірыка А. Гарэцкага мела пераважна патрыятычны пафас і служыла ідэі вяртання незалежнасці Айчыне. Творчасць паэта 1800-1810-х гадоў тэматыкай і праблематыкай была звязана з яго ўдзелам у напалеонаўскіх войнах, якія ўяўляліся А. Гарэцкаму шляхам да вяртання незалежнасці народам былой Рэчы Паспалітай. «Паэзія легіёнаў» А. Гарэцкага стала састаўным «звяном» традыцыі «песні незалежнасці», заканамерным этапам яе развіцця, якому папярэднічала стварэнне і пашырэнне вызваленчых песень і вершаў перыяду паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі.

Імкненне працягнуць традыцыю «песні незалежнасці» паспрыяла стварэнню своеасаблівага мастацкага аблічча А. Гарэцкага -- аблічча паэта-барда, які сваю задачу бачыў у апяванні гераічнай славы продкаў і праз гэта спадзяваўся абудзіць у сучаснікаў ваяўнічы вызваленчы запал (больш за ўсё гэта выявілася ў вершах са зборнікаў «Poezyie Litwina» / «Паэзія Літвіна», «Bajki i poezje nowe» / «Байкі і новыя вершы», «Kіosek polski, czyli Nowy tomik pism» / «Польскі каласок, або Новы томік вершаў», «Wolny gіos» / «Вольны голас»). Падобную ролю ў паэзіі абраў Ю. У. Нямцэвіч («Њpiewy Historyczne» / «Гістарычныя спевы»), у крыху мадыфікаваным выглядзе ёю скарыстаўся У. Сыракомля (гавэнды, паэма «Uіas» / «Улас», лібрэта кантаты «Franciszek z Assyїu» / «Францішак Асізскі»).

Адметнасць «паэзіі легіёнаў» А. Гарэцкага як прадстаўніка перадрамантыму заключаецца ў наступным: 1) у ёй выявілася тыртэйская патрыятычная страсць маладога пакалення пачатку ХІХ ст., якая будзе настальгічна апетая наступнікамі -- прадстаўнікамі першага і другога пакалення рамантыкаў -- А. Міцкевічам («Pan Tadeusz» / «Пан Тадэвуш»), У. Сыракомлем («Napoleonista» / «Напалеаніст»); 2) у «паэзіі легіёнаў» А. Гарэцкага былі мадыфікаваныя жанравыя асаблівасці думы, напрыклад, у «Dumie o Generale Grabowskim» / «Думе пра генерала Грабоўскага» і некаторых іншых назіраецца тэндэнцыя да ўзмацнення пачуццёвасці паміж народам, родным краем і іх абаронцамі; падобная тэндэнцыя характэрна таксама для творчасці Ю. У. Нямцэвіча («Pogrzeb Jуzefa Poniatowskiego» / «Пахаванне Юзафа Панятоўскага»); 3) паэзія напалеонаўскай тэматыкі А. Гарэцкага дала літаратуры перадрамантызму ў Беларусі вобраз легіянера-ваяра -- жарснага і цалкам адданага Айчыне змагара, які стаў героем нацыянальнай легенды пра вызваленне ў творчасці А. Міцкевіча (вобраз Яцака Сапліцы - ксяндза Робака) і У. Сыракомлі (вобраз «напалеаніста») [1; 3; 9; 10; 15; 16].

3. Ключавым у лірыцы А. Гарэцкага пасляваеннай пары стала асэнсаванне дылемы помсты ворагу і хрысціянскай пакоры, а таксама пытанне аб Божай справядлівасці і Божай міласэрнасці (балада «Њmierж zdrajcy Ojczyzny» / «Смерць здрадніка Айчыны» са зборніка «Паэзія Літвіна»). Дадзеная праблематыка была перанятая А. Міцкевічам і распрацаваная ў дрэздэнскіх «Дзядах» з выкарыстаннем той жа сімволікі, ідэй і сістэмы вобразаў, якія згодна з перадрамантычнай традыцыяй увёў у сваю баладу А. Гарэцкі, гэта перш за ўсё: 1) прынцыпы і шляхі ўзаемадзеяння зямнога і нябеснага светаў, уплыў барацьбы гэтых светаў на душу чалавека; 2) увядзенне вобраза «жорсткага анёла», або «анёла-губіцеля» як таго, хто ажыццяўляе ў зямным свеце Божую справядлівасць (чорны дух у А. Гарэцкага і чорны крук у А. Міцкевіча); 3) сцвярджэнне ідэі хрысціянскай пакоры і прабачэння.

Лірыка А. Гарэцкага, прысвечаная мастацкаму асэнсаванню паўстання 1830-1831 гг., адносіцца да наступнага этапа ў развіцці традыцыі «песні незалежнасці». Для яе характэрна ўзмоцненая інтэнсіўнасць рэлігійнага пачуцця і насычанасць біблійнай сімволікай -- рысы, што былі абумоўлены патрэбаю народа ў звышнатуральнай, Боскай дапамозе ў змаганні за вызваленне. У лірыцы А. Гарэцкага назіраецца праекцыя вобразаў і ідэй Старога і Новага Запаветаў на тагачасную сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Айчыне. Гэтыя ідэі павінны былі аднавіць у народзе надзею як стваральную і падбадзёрвальную сілу, кансалідаваць народ у сітуацыі палітычнага краху праз выяўленне аналогій з гісторыяй габрэйскага народа. На гэтых жа ідэях грунтаваліся месіянскія матывы ў паўстанцкай творчасці А. Гарэцкага.

У сувязі з пашырэннем перадрамантычных тэндэнцый і рухам «углыб», да таямнічага і невядомага, якое хоць і нябачна, але тоіць патэнцыйную вялікую моц, змяніліся характарыстыкі лірычнага героя А. Гарэцкага: на змену легіянеру або геніяльнаму правадыру, ахутанаму славаю і легендамі, прыходзіць безыменны, невядомы герой («Tu bezymienny» / «Тут безыменны» са зборніка «Байкі і новыя вершы»), імя якога застаецца тым большай загадкаю, чым большы ўчынак ён здзейсніў і чым большую самаахвярнасць праявіў. Затым у Рамантызме гэтая тэндэнцыя прывяла да стварэння героя ў масцы (А. Міцкевіч «Graїyna» / «Гражына», «Њmierж Pуіkownika» / «Смерць палкоўніка»).

Шлях да жаданага ў народзе «збаўлення», якое прадказвала аналагічная гісторыя габрэйскага народа, бачыўся лірычнаму герою А. Гарэцкага праз вырашэнне наступных праблем: 1) дасягненне адзінства ўсіх народаў перад абліччам гвалту і несправядлівасці («Pieњс barda na obchуd 29 Listopada 1842 w Paryїu» / «Спеў барда на святкаванне 29 лістапада 1842 г. у Парыжы»); гэтую ж ідэю падтрымліваў А. Рыпінскі («Dwa widziadіa» / «Два бачанні»); 2) дасягненне адзінства ўнутры літвінска-беларускага народа, для чаго неабходна пазбавіцца супярэчнасцей паміж рознымі саслоўямі, г. зн., палепшыць становішча і быт сялян (творы з кніг «Rozmaitoњci» / «Рознае», «Siewba, czyli Nowy tomik pism» / «Сяўба, або Новы томік твораў»); 3) вяртанне і актуалізацыя сярод суайчыннікаў, асабліва сярод моладзі, даўніх шляхецкіх каштоўнасцей: веры і служэння Айчыне («Do Jana Ledochowskiego» / «Да Яна Ледахоўскага», «Do Karola Borkowskiego» / «Да Караля Баркоўскага» і іншыя творы з выданняў «Nowy zbiorek wierszy» / «Новы зборнік вершаў», «Nowe pisemko» / «Новая кніжачка») [1; 2; 6; 8; 10; 13; 14; 17].

4. Сатырычная творчасць А. Гарэцкага была скіравана на вырашэнне тых жа мастацкіх задач, што і яго вайсковая лірыка. Рэалізаваць свой сатырычны талент А. Гарэцкі спрабаваў у патрыятычна настроеным Таварыстве шубраўцаў (вершы гэтага перыяду пасля ўвайшлі ў зборнікі «Kіosek polski, czyli Nowy tomik pism» / «Польскі каласок, або Новы томік вершаў», «Jeszcze tomik pism» / «Яшчэ адзін томік твораў»). Аднак эстэтычная праграма гэтага аб'яднання не задавальняла паэта ў наступным: 1) шубраўцы выкарыстоўвалі празмерна завуаляваную метафарычную мову ў барацьбе з грамадскімі заганамі; 2) крытыка гэтых заганаў часам даводзіла да парушэння прынцыпаў гуманізму. Выхад А. Гарэцкага з таварыства быў заканамерным яшчэ і па прычыне ўзнікнення «гістарычнай апазіцыі» да аб'яднання шубраўцаў -- тайных студэнцкіх таварыстваў у Віленскім універсітэце, з якімі паэт пачаў плённа супрацоўнічаць.

Самастойныя творчыя пошукі А. Гарэцкага ў байкапісанні, не арыентаваныя на выкананне шубраўскай праграмы, паспрыялі таму, што ў літаратуры Беларусі пачалі змяняцца задачы (адпаведна, і фармальныя асаблівасці) жанру байкі, а менавіта: 1) байкавая алегорыя перастала служыць пераважна дыдактычным мэтам, а пачала выяўляць канкрэтныя гістарычныя сітуацыі і тагачасныя сацыяльныя праблемы, пра якія немагчыма было гаварыць без выкарыстання «эзопавай» мовы («Bajka o furmanach» / «Байка пра фурманаў», «Ostatnia bajka» / «Апошняя байка»); такое ж выкарыстанне жанру байкі было характэрным для творчасці Ю. У. Нямцэвіча («Pszczoіy i Truteс» / «Пчолы і труцень» і інш.); 2) усё большую вагу ў байкапісанні набывалі перадрамантычныя прынцыпы навізны і арыгінальнасці. Пераклады з Эзопа і Лафантэна саступалі месца творам, якія з'яўляліся на мясцовым матэрыяле, а калі байкапісцы і звярталіся да класічных сюжэтаў і ўзораў, то напаўнялі іх актуальным палітычным ці сацыяльным падтэкстам (сюжэт пра жабаў, якія прасілі караля, у Эзопа, Ф. Князьніна, А. Гарэцкага, А. Міцкевіча; байка пра вясковага і гарадскога пацука ў Эзопа, Лафантэна, А. Гарэцкага, Ю. У. Нямцэвіча); 3) байкі сталі выяўляць найбольш характэрныя рысы нацыянальнага характару і тыя заганы грамадства, якія былі асабліва актуальныя ў дадзены гістарычны перыяд (напр., вобраз псеўдапатрыёта ў байках Лафантэна, А. Нарушэвіча, А. Гарэцкага).

Асноўным прадметам мастацкага асэнсавання ў байках А. Гарэцкага стала сітуацыя палітычнага (і духоўнага) заняпаду ў краіне. Супастаўляючы творы А. Гарэцкага з творамі яго папярэднікаў Ф. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча, можна назіраць у байцы канца XVIII - першай трэці ХІХ стагоддзя эвалюцыю лірычнага героя, які апынуўся ў сітуацыі заняпалай айчыны: ад героя, які ва ўсім, што адбываецца, бачыць «парадак натуры», да героя-летуценніка і затым -- актыўнага шукальніка розных шляхоў змянення рэчаіснасці (у прыватнасці, адраджэння разбуранай Айчыны). Лірычны герой баек А. Гарэцкага ў гэтым ланцужку эвалюцыі заняў асаблівае месца: гэта герой-пакутнік і герой-месіяніст; у звычайным «парадку прыроды» ён бачыць надзвычайную скрытую моц, для рэалізацыі якой гатовы ісці на ахвяру, нават ахвяраваць уласным жыццём; галоўны шлях змянення рэчаіснасці гэты герой бачыць у пакутніцтве і выкананні свайго прадвызначанага Богам пасланніцтва [1; 4; 7; 11].

Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў.

Матэрыялы і вынікі дысертацыйнага даследавання могуць быць выкарыстаны ў вучэбным працэсе пры чытанні лекцый, правядзенні спецкурсаў і семінараў, пры напісанні літаратуразнаўчых прац, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускай і польскай літаратур, па польска-беларускіх літаратурных сувязях.

Матэрыялы дысертацыі ўжо знайшлі сваё выкарыстанне пры падрыхтоўцы «Праграмаў цыкла музейна-педагагічных заняткаў па музею „Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя“» супрацоўнікамі аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь [23], пры падрыхтоўцы радыёперадач «Нам засталася спадчына» (тэма перадачы: «Асоба і творчасць Антона Гарэцкага»; канал «Культура» Беларускага радыё), «Гаспода» (тэма перадачы: «Імправізацыя радка»; Першы нацыянальны канал Беларускага радыё).

Літаратура

1. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. «Слаўся, святая любоў да Айчыны»: Паэтычная спадчына Антона Гарэцкага / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Роднае слова. - 2009. - № 4. - С. 8-12.

2. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Паўстанцкая лірыка Антона Гарэцкага 1830-х гг. і традыцыя «песні незалежнасці» / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Studia biaіorutenistyczne. - T. 4. - Lublin: UMCS, 2010. - S. 159-172.

3. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Ранняя творчасць Антона Гарэцкага і традыцыі польскамоўнай літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Сер. 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. - 2010. - № 1. - С. 9-12.

4. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Сацыяльная праблематыка ў байкапіснай творчасці Антона Гарэцкага: традыцыі і наватарства / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Роднае слова. - 2012. - № 5. - С. 3-7.

5. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Малітвы за волю / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Наша вера. - 2005. - № 1. - С. 36.

6. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Паўстанцкая паэзія Антона Гарэцкага / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: навук. зб. / пад агульн. рэд. М.В. Хаўстовіча. - Вып. 6. - Мінск: Права і эканоміка, 2005. - С. 129-133.

7. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Афарыстычныя досціпы «смаргонскага Піндара» / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: навук. зб. / пад агульн. рэд. М.В. Хаўстовіча. -Вып. 8. - Мінск: Права і эканоміка, 2007. - С. 133-137.

8. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Адам Міцкевіч і Антон Гарэцкі: жыццёвыя стасункі і творчае супрацоўніцтва / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Міфалогія - фальклор - літаратура: праблемы паэтыкі: Зб. навук. прац / пад агульн. рэд. В.П. Рагойшы. - Вып. 6. - Мінск: БДУ, 2008. - С. 109-114.

9. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Творчасць Антона Гарэцкага: унёсак у стварэнне «напалеонаўскай эпапеі» / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: навук. зб. / пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. - Вып. 9. - Мінск: Права і эканоміка, 2008. - С. 157-165.

10. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Творчасць Антона Гарэцкага ў кантэксце беларускай паэзіі эпохі Рамантызму / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Сб. науч. работ студентов высших учебных заведений Респ. Беларусь «НИРС-2007». - Минск: БГУ, 2008. - С. 328-330.

11. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Творчасць Антона Гарэцкага і эстэтычная праграма Таварыства шубраўцаў / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Беларускае літаратуразнаўства: навук.-метад. зб. / гал. рэд. Л.Д. Сінькова. - Вып. 7. - Мінск: БДУ; Паркус плюс, 2009. - С. 64-68.

12. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Рэцэпцыя творчасці Антона Гарэцкага ў даследаваннях ХІХ стагоддзя / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Беларускае літаратуразнаўства: навук.-метад. зб. / гал. рэд. Л.Д. Сінькова. - Вып. 8. - Мінск, 2010. - С. 89-94.

13. Багдановіч, І.Э., Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Асоба і творчасць Антона Гарэцкага / І.Э. Багдановіч, Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Куляшоўскія чытанні: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., Магілёў, 26-27 крас. 2007 г. / Магіл. дзярж. ун-т імя А.А. Куляшова; рэд. савет: В. І. Рагаўцоў [і інш.] - Магілёў, 2007. - С. 29-31.

14. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Літаратурны «сваяк» братоў Гарэцкіх: Асоба і творчасць Антона Гарэцкага / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх грамадска-культурнае і навукова-творчае асяроддзе: матэрыялы ХV Гарэцкіх чытанняў, Мінск, 7 чэрв. 2007 г. / рэдкал.: Р. Гарэцкі (адказ. рэд.) [і інш.]. - Мінск, 2008. - С. 97-101.

15. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Рэлігійны гімн «Boїe coњ Polskк...» і традыцыя «песні незалежнасці» ў літаратуры ХІХ стагоддзя / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Куляшоўскія чытанні: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., Магілёў, 24 крас. 2008 г. / Магіл. дзярж. ун-т імя А.А. Куляшова; рэд. савет: В.М. Мартынава [і інш.]. - Магілёў, 2008. - С. 33-35.

16. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. «Песні на ваяцкі лад» Янкі Купалы і паэзія легіёнаў Антона Гарэцкага: пераемнасць традыцыі / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Мастацкі свет Янкі Купалы: класічна-анталагічнае і непаўторна-індывідуальнае: VІІІ Міжнар. Купалаўскія чытанні: матэрыялы канф., Мінск, 26-27 чэрвеня 2007 г. / М-ва культуры Рэсп. Беларусь, Дзярж. літ. музей Янкі Купалы, Міжнар. фонд Янкі Купалы; рэдкал.: В.П. Рагойша (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск, 2009. - С. 138-142.

17. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Паэзія А. Гарэцкага і дрэздэнскія «Дзяды» А. Міцкевіча: выбар шляху барацьбы са злом / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: Матэрыялы ІХ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 70-годдзю філал. фак. БДУ, Мінск, 15-16 кастрычніка 2009 г.: у 2 ч. / Беларус. дзярж. ун-т; пад рэд. В.П. Рагойшы. - Мінск, 2010. - Ч. 1. - С. 259-264.

18. Серэхан (Шаўчэнка), Г.І. Рэцэпцыя творчасці А. Гарэцкага ў літаратурных крыніцах і даследаваннях ХІХ-ХХ стст. / Г.І. Серэхан (Шаўчэнка) // Беларуская пісьмовая спадчына ў кантэксце еўрапейскага культурна-гістарычнага працэсу ХІ-ХІХ стагоддзяў: вытокі, традыцыі, уплывы: матэрыялы Рэспубл. навук.-практ. канф., Мінск, 24 мая 2010 г. / Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; рэдкал.: А.У. Бразгуноў, В.А. Чамярыцкі (нав. рэд.) [і інш.]. - Мінск, 2010. - С. 240-246.

...

Подобные документы

  • Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры. Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры. Размежаванне парабалы і прытчы. Талент, паэзія і творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый. Сусветная місія беларускай літаратуры.

    реферат [33,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Развіццё паэзіі ў 20 гг. ў дзвюх асноўных ідэйна-мастацкіх плынях: нацыянальнай і пралетарска-рэвалюцыйнай. Асэнсавання Беларускага Шляху – лёсу маці-Беларусі ў новых гістарычных умовах. Апяванне "казкі прышлага часу". Пастаральнасць і фальклорны лірызм.

    реферат [31,5 K], добавлен 24.02.2011

  • Агульная характарыстыка эпохі і літаратуры. Паэзія, творчасць Андрэя Рымшы. Жанравыя формы і мастацка-стылістычныя прыёмы беларускай літаратуры. Панегірычныя (усхваляльныя) і рэлігійныя (рэлігійна-медытатыўныя) паэзія. Проза: парадыйна-сатырычныя творы.

    реферат [34,3 K], добавлен 25.02.2011

  • Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.

    реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011

  • Развіццё літаратуры і драматургіі Заходняй Беларусі. Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі. Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба. Зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча "Веснавыя мелодыі". Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у яе творчасці.

    реферат [44,9 K], добавлен 24.02.2011

  • М. Багдановіч – прадстаўнік паэзіі "чыстай красы", тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры. Творчасць Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну.

    реферат [65,7 K], добавлен 23.03.2011

  • Роля паэзіі ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны. Кантраснае спалучэнне ў творах любові і нянавісці, традыцыйных вобразаў-сімвалаў і лірычна-песенных інтанацый. Значэнне сатырычнай камедыі ў беларускай літаратуры.

    курсовая работа [65,2 K], добавлен 23.02.2011

  • Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.

    курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013

  • Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.

    реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

  • Агульная характарыстыка эпохі і літаратуры першай паловы XVI ст. Францыск Скарына. Першая друкаваная скарынаўская кніга – Псалтыр. Прадмовы Скарыны як важная крыніца вывучэння яго светапогляду. Лацінамоўная паэзія Беларусі XVI–XVІIІ ст. Мікола Гусоўскі.

    курсовая работа [97,7 K], добавлен 24.02.2011

  • Вывучэнне біяграфіі Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі) - пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Псеўданімы, якімі яна карысталася ў сваёй творчасці. Літаратурная спадчына Цёткі (паэзія, проза, публіцыстыка), яе значэнне ў беларускай літаратуры.

    реферат [39,3 K], добавлен 26.03.2013

  • Аналіз літаратурнай пародыі як віду мастацтва. Месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Аналіз літаратуразнаўчых крыніц, прысвечаных пародыям і эпіграмы ў беларускай літаратуры. Эвалюцыя іх у творчасці сучасных пісьменнікаў.

    дипломная работа [101,3 K], добавлен 26.06.2013

  • Паняцце канцэпту ў лінгвістычнай літаратуры з пункту погляду розных навуковых пазіцый. Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах, шчасце з пункту погляду этыкі, філасофіі, псіхалогіі. Вобразна-выяўленчы, патэнцыял канцэпту шчасце ў мове сучаснай паэзіі.

    дипломная работа [100,1 K], добавлен 04.03.2010

  • Паняцце літаратуры. Генезіс і эвалюцыя мастацкай славеснасці і поглядаў на яе. Мастацкія магчымасці слова. "Нярэчыўнасць" вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка. Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і і ў сучасным тэхнізаваным свеце.

    реферат [30,6 K], добавлен 25.02.2011

  • Вызначэнне месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Дыферэнцыяцыя поглядаў даследчыкаў на сатырычны род. Пародыя, эпіграма, працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ ст. Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі.

    курсовая работа [49,0 K], добавлен 05.03.2010

  • Беларускі авангард 20-х гг. і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку XX ст. "Рэвалюцыйны" авангард у беларускай паэзіі 20-х гг. "Узвышша" і сусветны мастацкі вопыт. Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы. Эсэізм як вызначальная ідэя XX ст.

    реферат [37,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.

    реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011

  • З'яўленне барока як вядучага мастацкага кірунку шматмоўны літаратуры Беларусі, які злучыў у сабе рэнесансную і сярэднявечную традыцыі. Характарыстыка стылю: шматзначнасць, метафарычнасць, кантрастнасць і парадаксальнасць. Творчасць Сімяона Полацкі.

    курсовая работа [58,3 K], добавлен 25.02.2011

  • Фарміравання светапогляду Лучыны. Уплыв пазітывізму на паэтычную творчасць і вырашэнне праблемы тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Характарыстыка пошукаў сэнсу сэнсу жыцця і шчасця ў лірыцы паэта. Адметнасці мастацкага вырашэння тэмы смерці ў яго паэзіі.

    курсовая работа [48,6 K], добавлен 27.06.2016

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.