Гісторыя развіцця адукацыі ў Беларусі ў XVIII - XX стагоддзях
Вывучэнне гісторыі фарміравання і дзейнасці кабінетаў і калекцый пры вышэйшых і сярэдніх навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII - пачатку XX стст. Музеі Гродзенскай медыцынскай і Полацкай езуіцкай акадэміі. Кабінеты Віленскага універсітэта.
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 09.04.2015 |
Размер файла | 67,9 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
План
- Уводзіны
- Раздзел 1. Кабінеты і калекцыі пры вышэйшых навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII- пачатку XX стст
- 1.1 Музей Полацкай езуіцкай акадэміі
- 1.2 Кабінеты Віленскага універсітэта
- 1.3 Музей Гродзенскай медыцынскай акадэміі
- 1.4 Музей Горы-Горацкага земляробчага інстытута
- Раздзел 2. Кабінеты і калекцыі пры сярэдніх навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII - пачатку XX стст
- 2.1 Кабінеты і калекцыі пры мужчынскіх гімназіях
- 2.2 Кабінеты і калекцыі пры жаночых навучальных установах
- Заключэнне
- Спіс літаратуры
Уводзіны
На сёняшні дзень, калі ўзрасла цікавасць даследчыкаў да мінулага нацыянальнай беларускай культуры, яе вывучэнне не можа быць поўным без разгляду гістарычнага шляху, пройдзенага музеямі. Музеі адыгралі важную ролю ў станаўленні і развіцці беларускай культуры, іх дзейнасць спрыяла захаванню найбольш каштоўных гістарычных помнікаў, развіццю навукі, мастацтва, фарміраванню культурнага асяроддзя.
Распаўсюджанай з'явай ў развіцці музейнай справы на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII - пачатку XX ст. стала ўзнікненне музейных калекцый пры навучальных установах. Звычайна яны ўяўлялі сабой вучэбныя кабінеты з нагляднымі сродкамі навучання. Некаторыя з іх, дзякуючы намаганням адданых сваёй справе выкладчыкаў, пераўтварыліся ў паўнавартасныя калекцыі з яскрава акрэсленай адукацыйна-выхаваўчай сацыяльнай функцыяй музеяў.
Неабходна акрэсліць, што ўяўлялі сабой вучэбныя калекцыі дадзенага перыяду. Зыходзячы з апісанняў кабінетаў пры універсітэтах, гімназіях і іншых навучальных установах, у склад вучэбных калекцый уваходзілі фізічныя прылады і машыны, мінералагічныя, батанічныя, заалагічныя ўзоры, геаграфічныя і гістарычныя матэрыялы (карты, глобусы, атласы), мадэлі і ўзоры для малявання і чарчэння. Усе дапаможнікі выкарыстоўваліся настаўнікамі і вучнямі пры правядзенні заняткаў па адпаведных дысцыплінах. Некаторыя кабінеты былі даступны для наведвання шырокай публікай і карысталіся высокай папулярнасцю.
У пачатку ХХ ст. паўстала вялікая колькасць вучэбных кабінетаў і калекцый, якія склаліся са спецыфічных экспанатаў (пераважна наглядныя дапаможнікі і педагагічная літаратура). Перш за ўсе гэта тычыцца сярэдніх навучальных устаноў. Навучальныя дапаможнікі адыгрывалі важную ролю ў справе адукацыі і асветы, і асабліва неабходныя былі для нагляднага засваення такіх прадметаў, як гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка.
У сваёй працы я разглядаю гісторыю стварэння калекцый і кабінетаў пры вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. І калі пры універсітэтах і калегіумах можна адзначыць ужо існаванне сапраўдных музеяў з экспазіцыямі, каталогамі, правядзеннем навуковай працы з прадметамі, то пры размове аб сярэдніх навучальных установах можна ўзгадаць толькі існаванне калекцый і асобных кабінетаў, прадметы якіх выкарыстоўваліся ў вучэбнай дзейнасці. кабінет музей навучальны акадэмія
Мэта дадзенай працы - аналіз працэсу станаўлення і развіцця вучэбных калекцый і кабінетаў пры навучальных установах як збораў музейнага характару. Асноўныя задачы, якія неабходна вырашыць у ходзе даследавання, наступныя:
1. Разгледзець і прааналізаваць працэс стварэння вучэбных калекцый і кабінетаў навучальных дапаможнікаў пры ўстановах адукацыі на Беларусі ў вызначаны перыяд.
2. Прасачыць шляхі папаўнення калекцый і кабінетаў новымі прадметамі і матэрыяламі.
3. Выявіць прычыны ўзнікнення вучэбных калекцый і іх ролю ў працэсе навучання.
Актуальнасць тэмы вызначаецца той прычынай, што стварэнне цэласнай карціны гісторыі музейнай справы Беларусі немагчыма без вывучэння калекцый вучэбных матэрыялаў і дапаможнікаў ХІХ - пачатку ХХ ст., якія,у сваю чаргу, з'яўляюцца правобразамі сучасных вучэбных музеяў пры установах адукацыі. Вывучэнне гісторыі стварэння і развіцця кабінетаў пры навучальных установах павінна прывесці да набыцця пэўнага вопыту ў арганізацыі адпаведных кабінетаў у сучасных школах і універсітэтах.
На сёняшні дзень не існуе абагульняючай працы па гісторыі вучэбных калекцый пры вышэйшых і сярэдніх навучальных установах на Беларусі. Узгадванні аб існаванні кабінетаў змяшчаюцца ў працах Еўдакімавай, Пастуховай, якія апісваюць гісторыю стварэння і развіцця сярэдніх навучальных устаноў.
Значныя звесткі аб складзе і гісторыі фарміравання калекцый змяшчаюцца ў справаздачах аб стане гімназій і вучылішч, якія былі напісаны іх настаўнікамі і дырэктарамі. У іх можна знайсці інфармацыю аб пагадовым папаўненні калекцый, аб фінансавых сродках, якія выдаткоўваліся на набыццё новых матэрыялаў, а таксама вопісы маёмасці з пералікам прадметаў, якія ўваходзілі ў склад збору.
Амаль кожная гімназія мела сваіх біёграфаў у асобах гімназічных выкладчыкаў. Гісторыю гімназій занатавалі ў “Памятных запісках”, “Гістарычных запісках”, “Нарысах” настаўнікі Мінскай мужчынскай гімназіі Н. А. Адо, В. Г. Краснянскі, выкладчык Слуцкай гімназіі І. А. Глебаў, выкладчык Магілеўскай гімназіі М. І. Сазонаў, выкладчык Гомельскай мужчынскай гімназіі І. П. Максімаў, настаўнік Полацкага кадэцкага корпуса В. П. Вікенцьеў і інш. Звесткі аб стане калекцый змяшчаюцца таксама ў апублікаваных актах рэвізій гімназій.
Кароткая гісторыя і апісанне калекцый пры гімназіях змяшчаецца ў “Сборнику сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа” (1873). Гэта адна з першых спроб абагульнення звестак аб гімназіях і вучылішчах, якая дае даволі поўнае ўяўленне аб распаўсюджанасці і стане вучэбных калекцый і кабінетаў. Але матэрыял пададзены фактаграфічна, без спробы яго аналізу.
Біёграфам Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытута можна назваць С. Г. Цітовіча, які ў шэрагу сваіх прац закрануў і пытанне існавання музея сельскагаспадарчых прылад. Падрабязнае апісанне калекцый Віленскага універсітэта, гісторыі іх стварэння далі ў сваіх працах В. Севяргін, П. Масоніус.
Асобныя артыкулы на пэўныя тэмы па дадзенай праблеме друкаваліся ў зборніках матэрыялаў навуковых канферэнцый. Напрыклад, І. М. Сімакова разгледзела гісторыю вучэбных калекцый Віцебскай гімназіі. М. А. Ступакевіч напісала артыкул аб гісторыі развіцця Слонімскай жаночай гімназіі, дзе змяшчаліся звесткі аб існаванні пры ёй калекцый. Вытокі фарміравання нумізматычнай калекцыі Віленскага універсітэта прасачыла Д. Грымалаускайтэ. У артыкулах Т. Бліновай падрабязна апісана дзейнасць езуітаў па стварэнні музея пры Полацкім калегіуме. Некаторыя аспекты гісторыі музеяў пры ўстановах адукацыі разглядаліся ў часопісных артыкулах. Так, аб музеі натуральнай гісторыі і батанічным садзе пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі ў сваіх артыкулах узгадвалі П. Дашкевіч, Б. В. Кляпацкі, В. Г. Анціпаў, Ф. І. Ігнатовіч.
Такім чынам, можна сказаць, што большасць даследчыкаў абмяжоўваюцца разглядам канкрэтных вузкіх праблем. Адзіную спробу абагульніць і прааналізаваць звесткі аб існаванні музеяў пры навучальных установах Беларусі на сёння зрабіў А. А. Гужалоўскі, які прысвяціў дадзенай тэме цэлы раздзел у кнізе “Нараджэнне беларускага музея”. Аўтар выяўляе агульныя тэндэнцыі фарміравання і развіцця вучэбных калекцый, прапануе каштоўныя матэрыялы па гісторыі музеяў пры вышэйшых навучальных установах, але калекцыі пры гімназіях і вучылішчах раглядаюцца ім даволі павярхоўна.
Дадзеная праца напісана на аснове вывучэння і аналізу літаратурных крыніц, рэвізій, справаздач аб дзейнасці навучальных устаноў, артыкулаў на асобныя тэмы, і з'яўляецца спробай абагульніць разрозненыя звесткі, якія змяшчаюцца ў розных крыніцах.
Раздзел 1. Кабінеты і калекцыі пры вышэйшых навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII- пачатку XX стст
1.1 Музей Полацкай езуіцкай акадэміі
Па загаду польскага караля Стэфана Баторыя ў 1580 г. быў адкрыты Полацкі езуіцкі калегіум, першым рэктарам якога стаў вядомы прапаведнік Пётр Скарга. Полацкі калегіум з'яўляўся адным з найбагацейшых у Беларусі. Архітэктурны комплекс Полацкага езуіцкага калегіума з'яўляўся найбольш значным будынкам у горадзе. Каменны сабор Святога Стэфана, пабудаваны ў 1745 г. пры калегіуме, быў галоўнай архітэктурнай дамінантай цэнтра Полацка. Полацкі езуіцкі калегіум рыхтаваў выкладчыкаў па шэрагу дысцыплін для іншых навучальных устаноў езуітаў [44].
Перыяд высокага ўздыму Полацкага калегіума пачаўся ў апошняй чвэрці ХVІІІ ст., калі забаронены папам Кліментам ХІV ордэн езуітаў захаваўся з дазволу Кацярыны ІІ толькі ў Беларусі, а Полацк зрабіўся сталіцай ордэна. Сярод сяброў ордэна, што з'язджаліся сюды з усяго свету, было шмат выдатных навукоўцаў, педагогаў, мастакоў і літаратараў. Пасаду прафесара тэалогіі і архітэктуры ў калегіуме займаў таленавіты італьянскі жывапісец і архітэктар Каятан Анджыяліні. Полацкім студэнтам чытаў лекцыі доктар Сарбоны, гісторык і археолаг Дзід'е Рышардо. Многія, хто ехаў у Беларусь з Еўропы, прывозілі з сабой прыродазнаўчыя зборы, мастацкія вырабы, розныя механізмы і кнігі. Калегіум валодаў багацейшай бібліятэкай, якая налічвала каля 40000 тамоў кніг. У 1812 г. езуіты дамагліся перайменавання калегіума ў акадэмію з правамі універсітэта [29, c. 15].
Да ліку найважнейшых дасягненняў полацкіх езуітаў адносіцца стварэнне музея, які быў уладкаваны па тыпу кунсткамеры. Ініцыятарам сістэматызацыі прывезеных у Полацк калекцый і стварэння на іх аснове музейнай экспазіцыі быў выкладчык калегіума, а затым і генерал ордэна славенец Габрыэль Грубер. У 1788 г. па яго праекту да галоўнага будынка калегіі быў прыбудаваны корпус, дзе размясціліся навуковыя кабінеты і музей для выкладчыкаў і студэнтаў.Такім чынам, афіцыйнай датай пачатку дзейнасці музея лічыцца 1788 год - год пабудовы будынка, у якім размяшчаліся яго калекцыі. Аднак магчыма, што і да гэтага часу існаваў невялікі збор розных прылад [12, c. 56].
З імем Г. Грубера звязана абсталяванне астранамічнага, фізічнага, мінералагічнага і хімічнага кабінетаў, а таксама стварэнне карціннай галерэі. У музеі захоўвалася мноства мастацкіх вырабаў з каштоўных камянёў, каралаў і бурштыну, унікальныя нумізматычная і археалагічная калекцыі, зброя розных часоў і народаў, рукапісы старажытных актаў. Г. Грубер, акрамя таго, што асабіста стварыў для музея некалькі даволі дасканалых механізмаў і прылад, таксама з братоў ордэна падрыхтаваў механікаў, якія сталі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы і дапамагалі яму ў абсталяванні музея. Напрыклад, Схопфер Францыск-Ксаверый (1761-1808) стаў вядомым механікам, кавалём і гадзіннікавых спраў майстрам. Ён будаваў механічныя млыны, вынайшаў машыну для стрыжкі сукна, якая ўпершыню была паспяхова выкарыстана на езуіцкай фабрыцы ў Полацку. З высокім прафесіяналізмам вырабляў розныя машыны для музея Схмідт Кшыштаф (1745-1812). Выдатным столярам і скульптарам быў Ян Сомерэр (?-1823), які па заданні Г. Грубера выконваў усё неабходнае для кабінетаў калегіума [3, c. 60]. Пасля ад'езду Г. Грубера ў 1800 г. у Пецярбург на працягу дзевяці гадоў музеем кіраваў Франчэска Рыка, які значна павялічыў калекцыі, а пасля яго смерці і да самага выгнання езуітаў з Расіі - вучань Грубера Юзэф Цітовіч [12, c. 56].
Музей размяшчаўся ў трохпавярховым будынку злева ад касцёла, дзе займаў два паверхі. Трэці паверх быў жылым. Усе памяшканні музея былі ўпрыгожаны фрэскамі. На першым паверсе размясцілася лабараторыя, пакой для іспытаў і публічных мерапрыемстваў, кабінет натуральнай гісторыі. У кабінеце натуральнай гісторыі ўсе экспанаты размяшчаліся ў пяці шафах, дзе знаходзіліся зародышы людзей і звяроў, чучалы некаторых жывёл і птушак, біўні маманта. Кабінет прыродазнаўства змяшчаў таксама багатыя калекцыі "розных зямельных металаў, каштоўных і іншых рэдкіх камянёў, мармуру і каменных рэчаў, як замежных, так і ўнутраных, паміж якіх ёсць выдатны збор сібірскіх металаў, а таксама адмысловы збор земляў, камянёў і рэчываў закамянелых, у акружнасці горада Полацка сабраных" [4, c. 245-246]. Захоўваліся таксама 387 парод дрэваў, 518 тыпаў раслін, закамянелыя рэшткі жывёл, выдатная калекцыя ракавін. У 98 спецыяльных начыннях змяшчаліся ўзоры раствораў [12, c. 57].
Хімічная лабараторыя таксама была забяспечана разнастайным абсталяваннем. У ёй мелася ўсё неабходнае для розных хімічных вопытаў: шкляныя пасудзіны і прылады, печы для расплаўлення і ачышчэння матэрыялаў.
На другім паверсе ўсе тры залі былі заняты пад фізічны кабінет. У калідоры размяшчалася мастацкая галерэя, дзе дэманстраваліся 4 мазаічныя карціны, партрэты, пейзажы, карціны на міфалагічныя сюжэты, выкананыя алеем і тушшу, 2000 гравюр, некалькі дзесяткаў выяў вядомых педагогаў і выпускнікоў калегіума. Сярод гэтых твораў вылучаліся карціны С. Чаховіча, партрэты Кальвіна і Марціна Лютэра пэндзля невядомых мастакоў, карціны С. Розы і П. П. Рубенса на дрэве (“Смерць Архімеда”, “Пошукі Архімедавай магілы”), копіі з работ Рафаэля і Тыцыяна. Некалькі карцін-копій належалі пэндзлю польскага мастака Недвецкага, былога выхаванца езуітаў. Аўтарам некаторых твораў быў Г. Грубер. Інтэр'ер галерэі дапаўнялі скульптурныя партрэты, мазаікі, розныя бурштынавыя рэчы, чатыры пальмавыя лісты з малабарскім пісьмом, а таксама больш 4000 гіпсавых адбіткаў разнастайных медалёў, вайсковы рыштунак. Па апісаннях сучаснікаў, адзін з кароткіх калідораў быў завешаны партрэтамі знакамітых езуітаў; другі ? светлы, прамы, доўгі калідор быў упрыгожаны партрэтамі польскіх каралёў, а насупраць уваходу размяшчаўся вялікі партрэт Стэфана Баторыя [3, c. 61-62]. Адзін з партрэтаў выкладчыка акадэміі - магістра архітэктуры і жывапісу Язэпа Празора, захоўваецца зараз у Маскве, другі - прафесара старажытных усходніх моў Міхаэля Квіена - у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея РБ. Цікавымі экспанатамі былі партрэт Кацярыны Вялікай, зроблены са слановай косці і ўстаўлены ў срэбную раму, і яйка з мініяцюрнымі шахматамі, шашкамі і кеглямі. Каля дзвярэй стаялі тры драўляныя манекены ў рыцарскіх латах [24, c. 369-370].
Багатымі калекцыямі валодаў і фізіка-механічны кабінет, дзе былі сабраны розныя прыборы мясцовай і замежнай вытворчасці.У ім знаходзіліся шматлікія фізічныя, механічныя, аптычныя, астранамічныя апараты, электрычныя машыны. Па ўспамінах А. Слізеня, былога вучня полацкіх езуітаў, у кабінеце стаяў вялікі тэлескоп, розныя дзейючыя мадэлі механізмаў. Тут жа знаходзілася па-майстэрску выкананая чарапахавая канторка. Можна адзначыць, што большасць з механізмаў была выканана ў Полацку [4, c. 246-247]. Цікавасць у наведвальнікаў музея выклікала “размаўляючая галава”. Як апісвае А. Сапуноў, галава старога з доўгімі сівымі валасамі была ўбудавана высока ў сцяне, амаль пад столлю. Галава мела багатую міміку, рухаліся вочы, і, галоўнае, яна размаўляла на ўсіх вядомых мовах. “Езуіт, які суправаджаў наведвальнікаў музея, прапаноўваў ім задаваць любыя пытанні на розных мовах. Галава адразу ж адказвала дакладна, гучна, лагічна - за сцяной сядзеў вопытны механік, які прыводзіў у рух вочы і ўвесь твар галавы і адказваў на пытанні” [29, c. 30].
Да музея таксама была далучана асобная зала для размяшчэння архітэктурных мадэляў. Зала была абсталявана для заняткаў маляваннем, жывапісам і архітэктурай, і забяспечана разнастайнымі мадэлямі, кнігамі, малюнкамі і гравюрамі. У ёй былі прадстаўлены мадэлі будынкаў усіх архітэктурных стыляў эпохі антычнасці і сярэднявечча: дарыйскага, іанічнага, карынфскага, раманскага і гатычнага, а таксама выкананыя з алебастру дэталі асобных ордэраў, у прыватнасці, іанічныя і карынфскія капітэлі. Экспанаты выкарыстоўваліся для правядзення ўрокаў па архітэктуры. Арыгінальным экспанатам была мадэль пабудовы карабля з ветразямі.
Такім чынам, можна вызначыць некалькі асноўных крыніц папаўнення калекцый музея. Па-першае, самастойны выраб розных механізмаў і машын для фізіка-механічнага кабінета Г. Груберам і яго вучнямі. Па-другое, тут асядалі вынікі навукова-даследчай працы, якая праводзілася музеем і вучнямі калегіума. Па-трэцяе, у кабінетах размяшчаліся розныя рэчы, падараваныя езуітамі, якія прыбывалі ў Полацк з іншых краін [3, c. 61].
Полацкі калегіум і яго музей не абыходзілі ўвагай і прадстаўнікі правячых колаў Расійскай імперыі. Так, у час падарожжа ў 1780 г. калегіум наведала Кацярына ІІ, а ў ліпені 1802 г. “прыемна здзіўлены” экспазіцыяй музея быў Аляксандр І [12, c. 58].
Падчас Айчыннай вайны 1812 г. музей быў моцна пашкоджаны: у яго памяшканнях размясціліся французскія вайсковыя часткі. Маршал Сен-Сіp распарадзіўся выкінуць большасць экспанатаў, пакінуўшы толькі некаторыя прадметы, якія знаходзіліся ў сцянных шафах. Пры пераносе некаторыя з экспанатаў былі настолькі пашкоджаны, што не падлягалі ўзнаўленню. Так, французскімі салдатамі была знішчана калекцыя рэдкіх ракавін, а таксама шэраг іншых прадметаў з кабінета натуральнай гісторыі [4, c. 248].
У 1820 г. езуіты былі высланы з Расійскай імперыі, а Полацкая акадэмія была ліквідавана. Загадам ад 10 сакавіка 1822 г. усе езуіцкія будынкі, бібліятэка, кабінеты, тыпаграфія былі перададзены піярам з абавязацельствам утрымоўваць вучылішча ці ліцэй. Аднак праз 8 гадоў піяры таксама былі высланы з Полацка. У будынках езуіцкага калегіума размясцілі кадэцкі корпус [29, c. 20].
У сувязі з арганізацыяй кадэцкага вучылішча Міністэрства асветы накіравала экстраардынарнага прафесара Пецярбургскага універсітэта Д. Папова для вызначэння каштоўнасці рэчаў, якія знаходзіліся ў музеі. Ён павінен быў вызначыць, якія калекцыі могуць быць карыснымі для вучэбнага працэсу ў новай навучальнай установе і будуць пакінуты ў Полацку, а якія будуць адпраўлены ў Пецярбург. У дапамогу яму прызначылі калежскага сакратара Шапялевіча. Так, у выніку іх працы частку экспанатаў адправілі ў Пецярбург, частку пакінулі на месцы. У Пецярбург былі адпраўлены некаторыя каштоўныя рэчы з галерэі: чатыры мазаічныя карціны, розныя дэкаратыўныя прадметы, пальмавыя лісты з малабарскім пісьмом, гіпсавыя адбіткі медалёў і чарапахавая канторка [4, c. 249]. З фізічнага кабінета ўсе прыборы, якія адносіліся выключна да навуковай фізікі, пакінулі корпусу, а прыборы, створаныя з забаўляльнымі мэтамі, і прылады для мараходства адправілі ў Пецярбург. Царская камісія знішчыла таемнае памяшканне з сістэмай правадоў, адкуль механікі кіравалі сваімі работамі. “Размаўляючая галава” была, хутчэй за ўсё, выкінута на сметнік. Усяго з акадэміі было адпраўлена 2 вялікія скрыні (па 160 перагародак у кожнай) з калекцыямі, 2 скрыні з карцінамі, 3 - з сонечным гадзіннікам, мазаікамі, антыкварыятам. Расфарміроўвалася і бібліятэка - было вывезена 256 пудоў кніг, і лепшыя з іх трапілі ў Маскву і Пецярбург. Дзве тысячы тамоў пакінулі кадэцкаму корпусу [24, c. 381-382]. Частка бібліятэкі была адаслана ў Віленскі універсітэт, затым перададзена Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Другую частку раздзялілі паміж Полацкай духоўнай семінарыяй і Віцебскай гімназіяй. Тыпаграфію акадэміі перавезлі ў Кіеў [29, c. 20]. Архіў таксама быў вывезены, частку яго ў час Першай сусветнай вайны знайшоў генерал А. Жыркевіч аж у Сімбірску. Некаторыя рукапісы ён выкупіў і вярнуў у мясцовыя архівы, астатняе было прададзена на абгортачную паперу [24, с. 382-383].
Такім чынам, можна адзначыць, што Полацкі езуіцкі калегіум змяшчаў адну з найбольш значных і каштоўных калекцый у параўнанні з іншымі навучальнымі ўстановамі на тэрыторыі Беларусі. Езуіты клапаціліся аб узроўні адукацыі сваіх вучняў, таму вялікую ўвагу надавалі менавіта выкарыстанню музейных экспанатаў у працэсе навучання. Папаўненне складу калекцый калегіума было адным з важнейшых накірункаў дзейнасці настаўніцкага калектыву: многія выкладчыкі займаліся вынаходніцтвам ці вырабам розных механізмаў, некаторыя праводзілі даследчыцкую працу, вынікі якой паступалі ў калекцыі музея. Неабходна адзначыць, што аўдыторыя музея не абмяжоўвалася настаўнікамі і вучнямі калегіума ? на публічныя вопыты і лекцыі прыходзілі шматлікія зацікаўленыя, мерапрыемствы музея набывалі шырокую грамадскую вядомасць.
1.2 Кабінеты Віленскага універсітэта
Віленскі універсітэт мае доўгую і складаную гісторыю. І амаль з моманту заснавання калегіума пачалі фарміравацца калекцыі яго кабінетаў.
27 верасня 1570 г. на аснове парафіяльнай школы езуіты заснавалі ў Вільні калегіум, разлічаны на 160 навучэнцаў. 1 красавіка 1579 г. Стэфан Баторый выдаў прывілей, згодна з якім езуіцкі калегіум ператвараўся ў акадэмію, а кароль і вялікі князь вызначалі на гэта адпаведныя сродкі. Віленская акадэмія была адзінай вышэйшай школай у ВКЛ і важным цэнтрам контррэфармацыі. Пасля скасавання ордэна іезуітаў (1773 г.) Віленская акадэмія ў 1781 г. ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага ? свецкую навучальную ўстанову, што кантралявалася Адукацыйнай камісіяй. Паводле падпісанага 4 красавіка 1803 г. Аляксандрам I акта Галоўная школа пераўтваралася ў Імператарскі Віленскі універсітэт, які стаў цэнтрам адукацыі для васьмі губерняў - Віленскай, Гродненскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай. Ганаровым апекуном і патронам універсітэта стаў князь Адам Чартарыйскі. Час росквіту універсітэта - перыяд да паўстання 1830-1831 гг. З-за непасрэднай ці ўскоснай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі шляхецкага паўстання рэскрыптам Мікалая I ад 1 мая 1832 г. універсітэт быў закрыты. Медыцынскі і тэалагічны факультэты ператварыліся ў Медыка-хірургічную акадэмію, якую потым перадалі Кіеўкаму універсітэту Св. Уладзіміра, і ў каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеную ў Санкт-Пецярбург. З 1855 г. у будынках універсітета знаходзіўся Музей старажытнасцяў, потым Публічная бібліятэка, архіў і дзве мужчынскія гімназіі [43].
Яшчэ ў час існавання калегіума пачала складвацца універсітэцкая бібліятэка. У яе аснову была пакладзена прыватная бібліятэка вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, якую калегіум атрымаў паводле тэстаменту пасля яго смерці (7 ліпеня 1572 г.). Другое значнае ахвяраванне ў бібліятэку ? кніжны збор, завешчаны віленскім епіскапам В. Пратасевічам. Свой уклад у фарміраванне кніжных калекцый акадэміі ўнеслі віленскі епіскап Яўстафій Валовіч (1630) і жмудскі епіскап Мікалай Пац (1619). Паступіла ў калегіум і знакамітая бібліятэка канцлера Льва Сапегі (больш 2 тыс. тамоў) [16, c. 106].
У 1753 г. на сродкі мсціслаўскай кашталянкі Лізаветы Пузыны (1700-1768) у Віленскай акадэміі была заснавана астралагічная абсерваторыя, а пры ёй -- фізічны і астранамічны факультэты [40, c. 287]. План астранамічнай абсерваторыі распрацаваў архітэктар, матэматык і астраном Томаш Жаброўскі (1714-1758), які стаў яе першым дырэктарам. Памяшканні абсерваторыі былі дабудаваны да будынка акадэміі і ўключалі ў сябе рэпрэзентацыйную Белую залу, над якой надбудавалі павільён для прыбораў, дзве вежы і назіральную пляцоўку. Князь Міхаіл Казімір Радзівіл (1702-1762), ахвяраваў абсерваторыі тэлескоп у 4 футы даўжынёй, выраблены ў Германіі. Тэлескоп быў абшыты скурай, з гравіраваным золатам надпісам, і ён да сёняшняга часу захоўваецца ў музеі Віленскага універсітэта. Яшчэ адзін тэлескоп быў ахвяраваны віленскім біскупам Юзафам Сапегам (1708-1754). Для закупкі астранамічных прылад у Англію ездзіў будучы рэктар універсітэта Марцін Пачобут-Адляніцкі [18, c. 6-7].
Кабінет фізікі пры Галоўнай школе ВКЛ быў заснаваны яшчэ ў 1775 г. Апекуном прызначаны прафесар фізікі Юзэф Міцкевіч (1744-1817). Ён яшчэ на працягу 80-90-х гг. сабраў невялікую калекцыю механізмаў і фізічных прыбораў, прычым некаторыя з іх былі сканструяваны мясцовымі майстрамі. У склад кабінета ўваходзіў “стары музей фізікі”, які быў закладзены раней па ініцыятыве І. Масальскага і апісаны ў люстрацыі 1773 г. Затым музей папаўняўся за кошт уласных сродкаў і клопатаў Ю. Міцкевіча, які заказваў метэаралагічныя, электрычныя і аэрастатычныя прыборы нават з Лондана. Пераемнік Ю. Міцкевіча, прафесар С. Стэбулевіч, значна ўзбагаціў калекцыю кабінета выпісанымі з Парыжа больш дасканалымі механізмамі [12, c. 59]. У так званых “канторках” (іх было сем) разам з мінераламі і іншымі прадметамі захоўваліся медалі і манеты [10, c. 45]. В. М. Севяргін у сваіх запісках адзначаў, што склад фізічнага кабінета недастатковы, нягледзячы на наяўнасць у ім разнастайных мадэляў машын, кругоў для гальванічных эксперыментаў і іншых прыбораў [33, c. 52].
Хімічная лабараторыя знаходзілася ў лепшым стане, мела добрыя прыборы для хімічных даследаванняў. Па ініцыятыве прафесара хіміі А. Снядэцкага (1768-1826) быў узведзены будынак, у якім размясціліся хімічны кабінет, лабараторыя і зала амфітэатра [42, c. 25].
У 1781 г. пасля закрыцця Гродзенскай медыцынскай акадэміі на базе прывезеных з Гродна калекцый Ж. Э. Жылібер заснаваў пры Галоўнай школе батанічны сад. Яго пачынанні працягваў нямецкі натураліст Іаган Фостэр (1754-1795), запрошаны ў 1784 г. у Вільню Адукацыйнай камісіяй. І. Фостэр таксама сабраў багатыя зборы насякомых, рыб. У перыяд 1781-1792 гг. за сад і музей пры ім адказваў прафесар філасофіі і доктар медыцыны Ф. Шпіцнагель [16, c. 112]. Пазней доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар батанікі і заалогіі Віленскага універсітэта Станіслаў Юндзіл (1761-1847) аднавіў ужо занядбаны батанічны сад і ў 1799 г. перанес яго з тэрыторыі Галоўнай школы на бераг ракі Вілейкі да падножжа замкавай і Трохкрыжовай гор [40, c. 287-288]. Ст. Юндзіл пабудаваў аранжэрэі, вывеў новыя віды раслін, сістэматызаваў калекцыі і склаў некалькі іх каталогаў. Так, па дадзеных каталога 1802 г. у батанічным садзе Галоўнай школы налічвалася 1072 віды раслін. Актыўна праводзіўся абмен раслінамі, насеннем з іншымі батанічнымі садамі Еўропы (з Берліна, Варшавы, Парыжа і т.д.). Напрыклад, у 1801 г. універсітэцкі сад атрымаў насенне рэдкіх раслін з Кракава і калекцыю сіберыйскіх кустоў ад Л. Плятэра. Увогуле, гэта быў адзін з самых багатых у Еўропе батанічных садоў (па каталогу 1824 г. налічваў 6565 відаў раслін). Пры садзе функцыянаваў закладзены яшчэ Ж. Э. Жыліберам кабінет натуральнай гісторыі, зборы якога ў 1801 г. былі перанесены на Сарокішкі ў прадмесце Вільні. Пасля Ст. Юндзіла загадвалі батанічным садам і музеем Юзэф Юндзіл (1794-1877), Кароль Вітзэль (?-1830), Станіслаў Горскі (1802-1864), які правёў грунтоўную навуковую рэарганізацыю калекцый. Пасля ліквідацыі універсітэта батанічныя калекцыі адышлі Медыка-хірургічнай акадэміі, і паступова сад прыйшоў у заняпад [42, c. 30-31].
Прыкладна ў канцы XVIII ст. пачынаецца праца па стварэнні ў Галоўнай школе ВКЛ мінералагічнага, заалагічнага, анатамічнага і нумізматычнага кабінетаў. Спачатку фарміраванне калекцый ішло марудна, археалагічныя знаходкі і іншыя прадметы безсістэмна захоўваліся на гарышчы. Аднак ужо ў першай трэці ХІХ ст. склад кабінетаў пашырыўся [12, c. 59].
Заалагічны збор быў небагаты. У кабінеце былі выстаўлены і сістэматызаваны дары і набыткі, атрыманыя ў розныя часы ад шматлікіх асоб. Гордасцю яго быў зубр, падараваны музею Аляксандрам І. Загадчыкамі кабінета былі прафесары Ф. Шпіцнагель і Ст. Юндзіл. Яны ж адказвалі і за фарміраванне мінералагічнага збору, які займаў дзве залі. Большасць экспанатаў мінералагічнага кабінета складалі горныя пароды. Апошнім і даволі рэдкім набыткам для кабінета сталі дзве вялікія глыбы метэарытнага жалеза, знойдзеныя на Валыні. З дэкаратыўных прадметаў сваімі памерамі вылучаўся келіх, зроблены з бурага агату з чырвонымі палосамі [33, c. 55].
Калекцыі кабінетаў універсітэта пастаянна папаўняліся за кошт ахвяраванняў. Так, у жніўні 1803 г. артылерыйскі генерал Станіслаў Костка Патоцкі ахвяраваў універсітэту калекцыю эстампаў, якую збіраў на працягу 20 гадоў [31, c. 403]. У 1804 г. М. Валіцкі ахвяраваў Віленскаму універсітэту мінералагічную калекцыю. Паколькі калекцыя не была ўпарадкавана, задача па складанні каталога прадметаў была ўскладзена на ад'юнкта. Акрамя мінералагічнай калекцыі М. Валіцкі прыслаў таксама збор каштоўных камянёў [31, c. 1113].
Цікавымі і карыснымі для навучання прадметамі валодаў анатамічны кабінет. У яго калекцыю ўваходзілі шкілет чалавека, мумія, збор паталогій чалавечага цела (да 30 адзінак). Усе экспанаты былі сабраны на беларускіх тэрыторыях. Адказны за кабінет - доктар Лабенвейн, які выкарыстоўваў калекцыі пры выкладанні анатоміі і фізіялогіі чалавека [33, c. 55-56].
У 1803 г. у нумізматычнай калекцыі, якая ўваходзіла ў склад фізічнага кабінета, было 463 адзінкі захоўвання: 268 медалёў, 195 манет. Пачатак фарміравання асобнага мюнц-кабінета - 1805 г. [10, c. 45]. Значныя змены адбыліся ў арганізацыі нумізматычнай калекцыі ў 1820-х гг., калі яна пашырылася за кошт калекцый мюнц-кабінета закрытага Валынскага ліцэя і прыватнай калекцыі магістра філасофіі А. Багаткевіча. Паводле каталога 1831 г. калекцыя налічвала 21439 адзінак. Да калекцыі манет і медалёў далучалася невялікая калекцыя рэдкасцей [12, c. 60]. Ёсць меркаванні, што нумізматычная калекцыя была перададзена ў спадчыну ад калегіума езуітаў. Пры закрыцці універсітэта ў зборы нумізматычнага кабінета налічвалася 4128 адзінак захоўвання: 848 антычных манет, 3831 манета перыяду сярэднявякоўя і новага часу (у тым ліку плацёжныя зліткі і папяровыя грашовыя знакі), 377 медалёў. Пасля закрыцця універсітэта калекцыя была падзелена і вывезена ў Імператарскія універсітэты ў Харкаве і Кіеве (захоўваецца ў Нацыянальным музеі Украіны) [10, c. 44].
Падчас рэарганізацыі 1822-1824 гг., якую правёў прафесар Л. Баянус (1776-1872), новае аблічча набыў заалагічны кабінет (больш 200 экспанатаў), пашырыўся анатамічны збор, які ў 1827 г. налічваў 755 адзінак [12, c. 60].
У 1829 г. на чале з прафесарам заалогіі і мінералогіі Э. І. Эйхвальдам была праведзена навуковая экспедыцыя з мэтай даследавання правага берага Дняпра ад Кіева да Чорнага мора. Вынікі экспедыцыі значна папоўнілі мінералагічную калекцыю універсітэта [16, c. 121].
Далейшыя работы па пашырэнні кабінетаў Віленскага універсітэта былі спынены з прычыны паўстання 1831 г., пасля падаўлення якога універсітэт быў закрыты, а большасць калекцый размеркавана па іншых навучальных установах. Так, значная частка вучэбных дапаможнікаў была аддадзена ў Кіеўскі і Харкаўскі універсітэты. Медыка-хірургічнай акадэміі пакінулі бібліятэку (16 тыс. тамоў кніг), батанічны сад і кабінеты: мінералагічны (16541 прадмет, акрамя таго 1283 мінералы з заходніх губерняў), анатамічны (3 тыс. прадметаў), заалагічны (2 тыс. прадметаў), параўнальнай анатоміі (1600 прадметаў), фізічны (416 прадметаў). У 1841 г. акадэмія была ліквідавана [16, c. 122].
Разглядаючы гісторыю заснавання кабінетаў пры Віленскім універсітэце нельга не адзначыць значны ўклад мецэнатаў, на чые сродкі набываліся неабходныя прадметы і ўзоры. Актыўную працу па камплектаванню калекцый праводзілі і выкладчыкі, якія не толькі папаўнялі універсітэцкія калекцыі, але і пісалі на іх аснове свае навуковыя працы. У цэлым, калекцыі Віленскага універсітэта вылучаліся паўнатой і разнастайнацю, некаторыя з іх мелі свае каталогі, што яшчэ раз пацвярджае навуковы падыход выкладчыкаў да фарміравання збораў.
1.3 Музей Гродзенскай медыцынскай акадэміі
Адкрыццё медыцынскай школы ў Гродна адбылося ў 1777 г. пры каралі Станіславе Аўгусце. Ініцыятарам і заснавальнікам яе выступіў Антоній Тызенгаўз (1733-1785), які з намерам пашырэння асветы заснаваў таксама кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную школы. Медыцынская школа ў 1778 г. была пераўтворана ў акадэмію [28, c. 64].
Медыцынская і ветэрынарная школы пачалі сваю дзейнасць у непрыстасаваных памяшканнях, але на працягу 1775-1777 гг. быў распрацаваны праект (архітэктары І. М. Мёзер і Дж. Сака) і распачалося будаўніцтва спецыялізаванай медыцынскай установы. Будынкі акадэміі ўзводзіліся ў стылі барока, вызначаліся сіметрычнай кампазіцыяй і мелі калідорную планіроўку [6, c. 60].
У 1775 г. для кіраўніцтва школай А. Тызенгаўз спецыяльна запрасіў Жана Эмануэля Жылібера (1741-1814) - французскага вучонага, хірурга, доктара медыцыны. 9 мая 1776 г. быў падпісаны дагавор паміж А. Тызенгаўзам і Ж. Э. Жыліберам, у адпаведнасці з якім апошні павінен быў заснаваць музей і закласці сад пры медыцынскай школе. Едучы з Ліёна, Жылібер захапіў з сабой багаты гербарый з 3000 раслінамі і бібліятэку. За час сваёй працы ў Гродна Ж. Э. Жылібер напісаў шмат прац па флоры Беларусі, Літвы, Польшчы, па эпідэміялогіі эндэмічных хвароб у гэтых краінах. На аснове звестак, сабраных падчас экспедыцый па наваколлю Гродна, Беластока, Варшавы, Вільні, Наваградка, Нясвіжа, Шчорсаў, Вішнева Ж. Э. Жылібер стварыў 5-томную працу “Флора Літвы” (1781 г.) [28, c. 65]. Распрацаваўшы план сумеснага са студэнтамі шырокага вывучэння мясцовай флоры, фауны і мінералаў, ён сабраў значную калекцыю, якая лягла ў аснову будучага музея. Акрамя таго, за гэты час вучоны заснаваў акушэрскую і ветэрынарную школы, клінічны шпіталь, анатамічны тэатр, навуковую бібліятэку [13, c. 213-214].
На прылягаючых да акадэміі тэрыторыях быў разбіты батанічны сад, які ўжо ў 1778 г. налічваў 1500 відаў айчынных і экзатычных раслін (нават з Паўднёвай Амерыкі). Сад хутка атрымаў званне “каралеўскі”. Насенне і сажанцы сюды дасылалі з Англіі (А. Соландэр), Аўстрыі (Жаскуін), Расіі (П. Палас). Звыш 500 мясцовых раслін мелі практычнае прызначэнне - з іх выраблялі лекі. Архітэктурную частку батанічнага саду спраектаваў Дж. Сака. У цэнтры сада знаходзіліся дзве аранжэрэі і дом садоўніка, які даглядаў за раслінамі.
На сродкі А. Тызенгаўза і падараванні караля Станіслава Панятоўскага ў медыцынскай школе была створана бібліятэка спецыялізаванай літаратуры, якая ўжо ў першыя гады дзейнасці налічвала звыш 3 тыс. тамоў кніг. Дзякуючы прыватным ахвяраванням хутка ўзрастала колькасць разнастайнага вучэбнага абсталявання і матэрыялаў. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ахвяраваў акадэміі фізічны і анатамічны (са шкілетамі людзей і жывёл) кабінеты. Падканцлер літоўскі І. Храптовіч перадаў ёй унікальную калекцыю мінералаў, якая разам з набытым у нясвіжскіх Радзівілаў зборам рэдкіх камянёў уключала да 10 тысяч адзінак. Акрамя таго, у акадэміі захоўвалася 300 выяў разнастайных раслін, выразаных на медных пласцінах, прызначаных для друкавання гравюр. Пласціны - медзярыты ? былі зроблены ў пачатку XVII ст. прафесарам батанікі універсітэта Монпелье П'ерам дэ Белевелем па заказу французскага караля Генрыха IV і спецыяльна набыты Ж. Э. Жыліберам для акадэміі.
Актыўна дзейнічаў анатамічны тэатр, дзе студэнты вывучалі ўнутраны свет і будову чалавека і жывёл. Але праз інтрыгі езуітаў ён быў хутка закрыты. У Гродна ўзнік і першы ў Беларусі дзяржаўны заалагічны музей. Яго галоўным гонарам быў зубр, які жыў у прасторным вальеры [28, c. 65-66].
У 1780 г., калі А. Тызенгаўза звольнілі з усіх пасад, у медыцынскай акадэміі пачаліся фінансавыя цяжкасці, таму што гродзенскі магістрат перастаў выдаткоўваць сродкі на яе існаванне. У 1781 г. акадэмія была пераведзена ў Вільню, дзе на яе аснове стварылі медыцынскі факультэт пры Віленскім універсітэце. Туды ж пераехаў і Ж. Э. Жылібер, які перавёз з Гродна на 75 вазах, і на баржах па Неману і Віліі большую частку бібліятэкі (3 тыс. тамоў, з якіх 500 - рэдкія выданні), абсталяванне анатамічнага і фізічнага кабінетаў (хірургічныя, матэматычныя, астранамічныя інструменты і прыборы), расліны з батанічнага сада, вялікую калекцыю мінералаў, акамянеласцяў, насякомых, чучал звяроў, птушак, рыб. Тое нешматлікае, што засталося ў Гродна (кнігі, асобныя адзінкі вучэбнага абсталявання) было перададзена ў мясцовую акруговую 6-класную школу (пазней - гімназію) [28, c. 66].
Гродзенская медыцынская акадэмія, як і калекцыі пры ёй, былі створаны па ініцыятыве і на сродкі прыватнай асобы - А. Тызенгаўза. Для павелічэння калекцый вялікае значэнне мелі навуковыя экспедыцыі, якія арганізоўваў Ж. Э. Жылібер разам са сваімі вучнямі, і ў ходзе якіх збіраліся ўзоры мясцовай флоры і фауны. Ужо ў першыя гады існавання музей пры медыцынскай акадэміі уражваў наведвальнікаў багаццем і разнастайнасцю сваіх прыродазнаўчых калекцый. Дзякуючы намаганням Ж. Э. Жылібера, асновай для грунтоўнай працы якога былі калекцыі музея, іх можна лічыць першай спробай стварэння навуковай базы для вывучэння флоры і фауны беларускіх тэрыторый.
1.4 Музей Горы-Горацкага земляробчага інстытута
30 мая 1837 г. у Горках адбылася ўрачыстая закладка галоўнага вучэбнага корпуса земляробчай школы, прымеркаваная да 165-годдзя з дня нараджэння Пятра І. Да 1840 г. пад кіраўніцтвам архітэктара Анжэла Кампіоні было пабудавана 35 будынкаў, у тым ліку і аранжэрэя. 15 жніўня 1840 г. адбылося адкрыццё земляробчай школы, якая праз восем гадоў была ператворана ў інстытут [19, c. 7].
Адначасова з вучэбнымі заняткамі ў школе праводзіліся навуковыя даследаванні. Для гэтага выкарыстоўвалі спецыяльны ўчастак у батанічным садзе. Вопытамі кіравалі прафесар Б. А. Цалінскі, ад'юнкт-прафесар Б. Г. Міхельсон [19, c. 10].
З 1844 г. былі ўведзены агранамічныя падарожжы студэнтаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў. У перыяд 1844-1862 гг. праведзена 17 падарожжаў, першыя з якіх адбыліся пад кіраўніцтвам Б. А. Цалінскага ў 1844 г. па Магілёўскай і Віцебскай губернях [19, c. 22].
Вялікае значэнне для павышэння ўзроўня культуры сельскай гаспадаркі ў Беларусі мелі выстаўкі сельскіх гаспадароў, якія праводзіліся пры інстытуце тры гады: 1850, 1853, 1857. На выставах экспанаваліся лепшыя ўзоры сельскагаспадарчых культур, земляробчыя прылады працы і машыны, вырабы рамеснікаў [19, c. 37]. У 1854 г. у “Запісках Горы-Горацкага земляробчага інстытута” была змешчана справаздача аб выстаўцы сельскіх вырабаў, на якой экспанаваліся 1432 экспанаты сельскагаспадарчай прадукцыі, земляробчых прылад і машын, саматужных вырабаў. Выставы адыгрывалі значную ролю ў абмене інфармацыяй паміж вытворцамі і спажыўцамі, давалі стымул да мадэрнізацыі пэўных галін вытворчасці.
У выніку навуковых даследаванняў, экспедыцый і выстаў паступова фарміраваліся музейныя зборы. У 1846 г. прафесар аграноміі Б. А. Цалінскі прадставіў на разгляд вучонага камітэта міністэрства дзяржаўных маёмасцей праект “аб стварэнні пры школе музеума айчыннай сельскагаспадарчай прамысловасці” [12, c. 61]. У фонд музея павінны былі трапіць узоры усіх магчымых прадметаў і прылад працы, якімі карысталіся сельскія гаспадары. Пачалася планавая збіральніцкая праца. Большасць прадметаў была даслана ў музей праз палаты дзяржаўных маёмасцей. Такім чынам, пры інстытуце былі створаны бібліятэка (больш 3 тыс. тамоў) і наступныя аддзелы музея: заалагічны, анатамічны, сельскагаспадарчых машын (141 плуг, 12 сеялак, 16 малатарняў, жняяркі і г.д.) [21, c. 93].
Адзін са шляхоў папаўнення фондаў музея - набыццё прадметаў на сусветных прамысловых выставах. Так, на Лонданскай сусветнай выставе ў 1851 г. былі набыты сельскагаспадарчыя прылады і машыны, вырабленыя ў ЗША і Вялікабрытаніі. Мэтанакіраваная збіральніцкая праца падтрымлівалася шчодрым фінансаваннем з боку кіраўніцтва інстытута [12, c. 62].
На працягу 15 гадоў свайго існавання музей актыўна папаўняўся прадметамі і ўжо ў 1856 г. агульная колькасць прадметаў у фондзе склала 18 тысяч адзінак [11, c. 48-49].
Музей размяшчаўся ў галоўным корпусе інстытута і быў адчынены для наведвання два разы ў тыдзень. Музейная аўдыторыя была даволі шырокая і ўключала не толькі студэнтаў і выкладчыкаў, але і мясцовых гаспадароў, якія цікавіліся дасягненнямі ў галіне сельскай гаспадаркі. Прадметы з калекцый выкарыстоўваліся студэнтамі і выкладчыкамі на занятках, а таксама для дэманстрацыі ў час правядзення сельскагаспадарчых з'ездаў пры інстытуце [12, c. 62].
Гісторыя стварэння аднаго са старэйшых батанічных садоў Беларусі звязана з імем вядомага батаніка і садавода Эдуарда Фёдаравіча Рэго (1816-?). Працы па стварэнні сада на базе аранжэрэі пачаліся з 1841 г. У 1847 г. пад кіраўніцтвам Э. Ф. Рэго быў заснаваны дэндрарый пад першапачатковай назвай “древесный питомник” на плошчы 14,5 га. Праект дэндрарыя, які ўяўляў сабой у той час сапраўдны шэдэўр садова-паркавага мастацтва, распрацаваў А. Кампіоні [19, c. 19]. Па ініцыятыве Э. Ф. Рэго ў склад гадавальніка ўключалася дубрава на беразе ракі Капылкі, і ў выніку плошча дэндрарыя склала каля 90 га. У якасці ляснога запаведніка да дэндрарыя прымыкаў лясны масіў (урочышча “Добренное”) плошчай каля 150 га. У 1849-1863 гг. пад кіраўніцтвам Э. Ф. Рэго ў Горках была сабрана вялікая калекцыя драўнінна-хмызняковых раслін (каля 900 відаў і форм), створаны дэндралагічны парк, які з'яўляецца помнікам прыроды Беларусі. Э. Ф. Рэго стварыў 12 унікальных паркавых ландшафтаў, пры кампаноўцы экспазіцыі ён ужываў розныя стылі, выкарыстоўваў класічны прынцып чаргавання закрытых і адкрытых участкаў. Таксама ў батанічным садзе Э. Ф. Рэго сабраў да 1863 г. унікальную калекцыю бэзу (87 відаў, сартоў). Прадстаўлены былі таксама акацыі, каштаны, арэхі, рабіны, яблыні, кедры, піхты і інш. [19, c. 68-70].
У цэлым, калекцыя батанічнага саду складалася з 3875 раслін. Меліся фруктовы і лясны гадавальнікі [20, c. 55].
У 1863 г. работы па камплектаванню музея і батанічнага сада былі спынены з прычыны ўдзелу ў паўстанні многіх студэнтаў. Інстытут быў зачынены і пераведзены ў Пецярбург. У Горках засталіся толькі ніжэйшыя класы вучылішча. Калекцыі музея, мадэлі, інструменты былі адасланы ў Лясны і Межавы інстытут у Пецярбург. Менш каштоўныя прадметы засталіся ў Горы-Горках і пазней былі распрададзены [12, c. 63].
Стварэнне музея пры Горы-Горацкім інстытуце было вынікам развіцця сельскагаспадарчай адукацыі ў Расійскай імперыі. Калекцыі інтэнсіўна папаўняліся на працягу ўсяго перыяду існавання музея, пры гэтым крыніцамі камплектавання былі і мэтанакіраванае набыццё прадметаў, і экспедыцыі, і выставы сельскіх гаспадароў, і прыватныя ахвяраванні. У выніку, музей, які першапачаткова ствараўся як вучэбны, пазней стаў асновай для правядзення навуковых даследванняў, сельскагаспадарчых з'ездаў і канферэнцый.
Раздзел 2. Кабінеты і калекцыі пры сярэдніх навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў XVIII - пачатку XX стст
2.1 Кабінеты і калекцыі пры мужчынскіх гімназіях
У XVIII ст. значная частка навучальных устаноў Беларусі падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. У 1773 г. дзейнасць езуіцкага ордэна была забаронена, што прывяло да закрыцця навучальных устаноў, якія знаходзіліся пад іх апекай, і паклала пачатак фарміраванню свецкай сістэмы адукацыі на беларускіх землях.
Першыя спробы заснаваць стройную і пастаянную сістэму грамадскіх школ у Расійскай імперыі адносяцца да часоў кіравання Кацярыны ІІ. У 1782 г. была створана камісія, якая прыняла “Статут народных вучылішчаў Расійскай імперыі”, паводле якога неабходна было стварыць ва ўездных гарадах малыя народныя вучылішчы для першапачатковага навучання дзяцей усіх саслоўяў, а ў губернскіх гарадах галоўныя народныя вучылішчы. У Беларусі гэты план быў ажыццёўлены толькі ў 1789 г., а да гэтага ў краі не было ніводнага дзяржаўнага вучылішча: адукацыя знаходзілася поўнасцю ў руках уніяцкага і каталіцкага духавенства.
У 1802 г. у Расійскай імперыі было створана Міністэрства народнай асветы. Паводле Статута 1804 г. сістэма адукацыі ўключала ў сябе прыходскія вучылішчы з гадавым тэрмінам навучання (пачатковая школа), двухгадовыя павятовыя вучылішчы, чатырохгадовыя гімназіі і універсітэты. Станоўчымі вынікамі дадзенай рэформы на Беларусі з'явіліся рост свецкіх агульнаадукацыйных школ і колькасці навучэнцаў у іх, увядзенне ў навучальныя планы прыродазнаўчых дысцыплін, развіццё жаночай адукацыі. Да 1810 г. у Беларусі гімназіі існавалі ўжо ў кожнай губерні.
Паводле Статута 1804 г. сярэднія навучальныя ўстановы павінны былі праводзіць статыстычныя даследаванні, збіраць звесткі аб эканамічным стане свайго рэгіёна, складаць падрабязныя геаграфічныя апісанні. Вучні разам з настаўнікамі аглядалі мясцовыя мануфактуры, наведвалі кірмашы, у час летніх вакацый здзяйсняліся працяглыя вандроўкі па Беларусі, у ходзе якіх назапашваліся веды і матэрыялы па геаграфіі, мінералогіі, біялогіі. Для захавання і больш эфектыўнага выкарыстання сабраных матэрыялаў і дапаможнікаў пры гімназіях і вучылішчах ствараліся спецыяльныя кабінеты. Адказваў за арганізацыю кабінетаў адзін з выкладчыкаў навучальнай установы [14, c. 70-71].
Пасля падаўлення паўстання 1830 - 1831 гг. урадавая палітыка ў заходніх губернях карэнным чынам змянілася: узмацнілася барацьба супраць паланізацыі на беларускіх землях, і важная роля ў гэтай справе адводзілася навучальным установам. Пашыраліся свецкія формы адукацыі. Урадавая палітыка русіфікацыі пасля шляхецкага паўстання ўключала ператварэнне манастырскіх гімназій духоўных ордэнаў у чатырохкласныя дзяржаўныя вучылішчы і гімназіі. Адпаведна, новаўтвораным пераемнікам пераходзілі калекцыі і кабінеты папярэднікаў. Так, ва ўрадавую сярэднюю школу было пераўтворана Гродзенскае дамініканскае вучылішча. Гродзенская гімназія атрымала “ў спадчыну” ад дамініканскага вучылішча 10000 кніг, фізічны і мінералагічны кабінеты, хімічную лабараторыю, батанічны сад [14, c. 27].
У другой палове ХІХ ст. актывізуецца працэс стварэння вучэбных кабінетаў і калекцый пры гімназіях і вучылішчах, што абумоўлена імкненнем да рэалізацыі прынцыпу нагляднасці навучання. Тым больш, што на тэрыторыі Беларусі не засталося вышэйшых навучальных устаноў, таму ўвесь цяжар у працэсе асветы і адукацыі насельніцтва лёг на сярэднія навучальныя ўстановы. Для паляпшэння якасці і эфектыўнасці навучання неабходна было выкарыстоўваць наглядныя матэрыялы і дапаможнікі. Можна разгледзець найбольш яскравыя прыклады арганізацыі вучэбных калекцый пры гімназіях і вучылішчах.
Калекцыі Слуцкай мужчынскай гімназіі размяшчаліся ў галоўным каменным будынку побач з актавай залай і бібліятэкай [9, с. 24]. Кабінеты пры гімназіі з'явіліся не адразу, а пачалі складвацца дзякуючы ахвяраванням і асігнаванням Сінода. Так, сакратар педагагічнага савета І. А. Глебаў адзначае, што ў 1809 г. склад фізічных і матэматычных прыбораў гімназіі абмяжоўваўся адной электрычнай машынай і геаметрычным столікам [8, c. 33-34]. У 1825 г. была набыта гальванічная машына, але, напэўна, сапсаваная, бо адразу ж на яе рамонт выдзелілі 300 злотых (45 рублей). Да 1826 г. збор фізічнага кабінета гімназіі ўключаў ужо 2 электрычныя машыны, геаметрычны столік, 2 глобусы, 3 геаграфічныя атласы, 12 асобных геаграфічных карт, землямерны ланцуг, паветраны насос з камплектам прыбораў, барометр, тэрмометр, некалькі шкляных прыбораў для здабывання газаў [8, c. 53].
Паступова, дзякуючы асігнаванням Сінода і невялікім ахвяраванням прыватных асоб, кабінеты гімназіі павялічваліся. Ужо ў 1860 г. фізічны кабінет уключаў 32 геаграфічныя карты і атласы, 3 глобусы і 100 прыбораў, але многія з іх былі ў дрэнным стане і непрыдатныя да выкарыстання. У гэты час пачаў фарміравацца кабінет прыродазнаўчых навук, і першапачаткова ён ўключаў толькі атлас Шуберта з 13 заалагічных карт. Мінералагічны кабінет таксама не вылучаўся разнастайнасцю калекцый і складаўся з адной скрыні мадэляў каштоўных камянеў. Адсутнасць шматлікіх неабходных дапаможнікаў адбівалася на якасці навучання ў гімназіі, і такія дысцыпліны як фізіка, геаграфія, прыродазнаўчыя навукі не дасягалі высокага ўзроўню выкладання [8, с. 112].
Да 1868 г. пагоршыўся стан фізічнага кабінета, які складаўся ўжо з 86 машын і прыбораў, прычым большая іх частка (32 адзінкі) патрабавала рамонту, 24 адзінкі былі канчаткова сапсаваны і вызначаны для спісання, і толькі 20 адзінак маглі быць выкарыстаны для правядзення фізічных эксперыментаў. Мінералагічны і прыродазнаўчы кабінеты за дадзены перыяд не папоўніліся і складаліся па-ранейшаму толькі з 13 заалагічных карт Шуберта і скрыні мадэляў каштоўных камянеў. Гэты перыяд можна вызначыць як час заняпаду калекцый Слуцкай гімназіі, адсутнасці неабходнага догляду за прадметамі і сістэматычнага іх папаўнення.
У канцы 1871-1872 навучальнага года фізічны, мінералагічны і заалагічны кабінеты Слуцкай гімназіі былі дапоўнены шматлікімі прадметамі за кошт кабінетаў закрытых Кейданскай, Навагрудскай і Паневежскай гімназій і Свіслачскай прагімназіі [8, c. 140-141]. З гэтага часу пачынаецца актыўнае папаўненне кабінетаў і іх збор з кожным годам расце. Так, у 1891-1892 навучальным годзе фізічны кабінет складаўся з 275 прыбораў. Прыродазнаўчы кабінет на 1 студзеня 1892 г. уключаў 566 прадметаў, у тым ліку 513 па заалогіі, 29 па батаніцы, 24 іншыя прадметы. Некаторыя навучальныя дапаможнікі не ўваходзілі склад кабінетаў, напрыклад, 111 лексіконаў, 136 атласаў, глобусаў, геаграфічных і гістарычных карт, 704 мадэлі і ўзоры для малявання і чарчэння і інш. [9, c. 39].
У справаздачы аб стане Слуцкай гімназіі за 1897-1898 навучальны год адзначаецца існаванне паўнавартасных фізічнага, мінералагічнага, прыродазнаўчага і гісторыка-геаграфічнага кабінетаў. Педагагічны Савет гімназіі выкарыстоўваў усе сродкі для папаўнення бібліятэкі і кабінетаў новымі прадметамі. Збор фізічнага кабінета на 1 студзеня 1898 г. павялічыўся да 354 інструментаў і прыбораў, прыродазнаўчы кабінет уключаў ужо 586 адзінак, з іх па заалогіі - 531, па батаніцы - 31, іншых - 24. Аддзел навучальных дапаможнікаў таксама штогод папаўняўся і знаходзіўся ў здавальняючым стане [2, c. 32].
Па дадзеных на 1 студзеня 1900 г. фізічны кабінет гімназіі ўключаў 832 прыборы, прыродазнаўчы кабінет - 586 адзінак, гісторыка-геаграфічны кабінет - 676 атласаў, глобусаў, геаграфічных і гістарычных карт, 830 мадэлей і ўзораў для малявання і чарчэння, 19 пропісей і 497 іншых дапаможнікаў [8, c. 156].
Паводле справаздачы сакратара педагагічнага савета Ф. І. Гейнце за 1901-1902 навучальны год, фізічны кабінет Слуцкай гімназіі налічваў 990 прыбораў і інструментаў, кабінет прыродазнаўчых навук - 382 заалагічныя прадметы. У гэты перыяд быў заснаваны кабінет рымскіх старажытнасцей, для якога набылі 1 мадэль на суму 37 рублей 46 капеек. У 1901-1902 гг. для фізічнага кабінета былі набыты 83 прыборы коштам 183 рубля 34 капейкі. Пры фізічным кабінеце існавала таксама метэаралагічная станцыя, назіранні на якой праводзіліся вучнямі 6-7 класаў [7, c. 34-35].
Такім чынам, на пачатак ХХ ст. Слуцкая мужчынская гімназія валодала даволі значнымі калекцыямі фізічных прыбораў, мінералагічных, заалагічных і батанічных узораў, навучальных дапаможнікаў, што, безумоўна, станоўча адбівалася на якасці выкладання адпаведных курсаў.
Багатым складам вызначаліся і вучэбныя кабінеты Магілёўскай мужчынскай гімназіі, створанай на базе Галоўнага чатырохкласнага вучылішча ў 1809 г. Заснаванне фізічнага і прыродазнаўчага кабінетаў адносіцца яшчэ да часу адкрыцця Галоўнага вучылішча, г. зн. да 1789 года. З 1830 г. кабінеты і бібліятэкі былі размешчаны ў галоўным каменным будынку гімназіі. Як адзначае выкладчык гімназіі М. Сазонаў, аб існаванні кабінетаў да 1850 г. у архівах захаваліся толькі агульныя звесткі, з якіх вядома, што кабінеты не мелі асобнага памяшкання і змяшчалі невялікую колькасць вучэбных дапаможнікаў. Першапачаткова яны папаўняліся галоўным чынам дапаможнікамі, якія альбо былі ахвяраваны прыватнымі асобамі, альбо канфіскаваны з езуіцкіх вучылішчаў. У канцы 70-х гг. ХІХ ст. для кабінетаў былі вылучаны асобныя памяшканні, у большым з якіх уладкавалі клас фізікі. З гэтага часу актывізаваўся працэс папаўнення калекцый дапаможнікамі і новымі прадметамі [35, c. 101].
...Подобные документы
Прычыны глыбокага эканамічнага заняпаду Беларусі ў XVII-XVIII ст. Рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва. Развіццё сельскай гаспадаркі, гарадоў. Эканамічны ўздым у Беларусі ў другой палове XVIII ст., сацыяльна-эканамічнае значэнне яе далучэння да Расіі.
реферат [20,0 K], добавлен 21.01.2011Гісторыя вывучэння навукі пра глебы Беларусі. Работы па даследаванні глебаў у першыя пасляваенныя гады, сканцэнтраванны ў аддзеле глебазнаўства Інстытута сацыялістычнай сельскай гаспадаркі АН БССР. Глебазнаўства ў навучальных установах Беларусі.
реферат [40,3 K], добавлен 17.01.2016Аналіз міграцыйных працэсаў на тэрыторыі Беларусі з ІV па VII стст. Рассяленне індаеўрапейцаў, балцкі этап у этнічнай гісторыі беларусаў. Усходнеславянскія саюзы плямен на тэрыторыі Беларусі. Асаблівасці грамадскага ладу, асноўныя заняткі і вераванні.
контрольная работа [3,5 M], добавлен 21.12.2012Феадальнае землеуладанне і сялянская гаспадарка Беларусі у XVII-XVIII стагоддзях. Становішча сялянства. Развіцце гарадоу Беларусі. Арганізація рамяства і гандлю. Саціяльная барацьба у XVII-XVIII стагоддзях. Узмацненне феадальнай эксплуатацыі сялянства.
контрольная работа [43,0 K], добавлен 23.11.2008Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (40 тыс. гадоў да н.э. - 3-2 тыс. гадоў да н.э.). Індаеўрапейцы – першае несельніцтва Паўднёвай і Заходняй Еўропы (3-2 тыс. гг. да н.э. - да нашага часу). Балты і з’яўленне славян на тэрыторыі Беларусі.
реферат [25,0 K], добавлен 16.03.2010Крызіс старажытнага грамадства, звязаны з разлажэннем першабытнаабшчыннага ладу на тэрыторыі Беларусі. Пытанне паходжання славян на тэрыторыі Беларусі, дэмаграфічный рост у VІІІ-ІХ стст. Асноўны масіў славянства склалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы.
реферат [13,8 K], добавлен 28.03.2010Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў. Польская храністы яб гісторыі беларускіх зямель. Гістарычныя веды ў творах царкоўна-рэлігійнай палемікі XVI-XVII стст. Лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі в Беларусі.
реферат [75,3 K], добавлен 04.03.2009Гісторыя з'яўлення і распаўсюджвання хрысціянства на землях сучаснай Беларусі. Перадумовы і значэнне падставы Полацкай і Тураўскай епархій. Аналіз ўкладу Е. Полацкай, К. Тураўскага і К. Смаляціч у развіццё культуры Беларусі ў эпоху ранняга сярэднявечча.
контрольная работа [22,0 K], добавлен 24.11.2010Сярэдзіна XVII ст. як пачаток разбуральнага веку ў гісторыі Беларусі. Гістарычныя ўмовы развіцця культуры. Барока на беларускiх землях. Развіццё асветы і навукі. Прыгонны тэатр. Мастацкія вырабы мануфактур і іх значэнне, асартымент і разнавіднасці.
презентация [4,1 M], добавлен 24.09.2013Асаблівасці палітыкі расійскага ўрада ў галіне адміністрацыйнага кіравання, судаводства і заканадаўства ў Беларусі на працягу XVIII - пачатку XIX стагоддзя. Аснова канфесійнай палітыкі. Палітычнае становішча Беларусі падчас Айчыннай вайны 1812 г.
контрольная работа [35,3 K], добавлен 23.09.2012Вывучэнне тэндэнцый развіцця, сацыяльнага статусу і ролі нацыянальнай журналістыкі Беларусі як фактару фарміравання беларускай нацыі і дзяржаўнасці ў гады інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны, у перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі, ў гады першых пяцігодак.
реферат [30,4 K], добавлен 29.03.2011Беларуская вёска ў сярэдзіне XVII-XVIII ст. Катэгорыі сялян і іх становішча. Заняпад гарадскога жыцця ў час ваеннага ліхалецця, яго паступовае ажыўленне. Прычыны адставання эканамічнага развіцця. Сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі да Расіі.
контрольная работа [54,7 K], добавлен 25.05.2014Становішча на тэрыторыі Беларусі ў IV-VII cт. Эпоха ваеннай дэмакратыі. Усходнеславянскія саюзы плямен (крывічы, дрыгавічы, радзімічы). Славянская каланізацыя ў землях Панямоння. Падзеі ў Полацкім княстве ў 970-х – 1003гг. Час Брачыслава та У. Чарадзея.
контрольная работа [511,2 K], добавлен 28.05.2012Канфесіянальная гісторыя Беларусі - складаная і шматгранная. Канфессiйная сiтуацыя на Беларусi у другой палове XIX - пачатку XX ст. Канфесiйнае заканадауства у дачыненнi да культавага будаунiцтва. Становiшча у будаунiцтве розных культавых будынкау.
дипломная работа [141,4 K], добавлен 12.05.2013Агульная характарыстыка сельскай гаспадаркі ў Беларусі XIX ст. Перадумовы, значэнне і наступствы прамысловага перавароту і гаспадарчых рэформаў у Беларусі ў першай палове XIX ст. Гісторыя станаўлення і далейшага развіцця фабрычна-завадской прамысловасці.
реферат [25,1 K], добавлен 22.12.2010Асноўныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці. Гаспадарчае развіццё княстваў, зямель і гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў IX — першай палове XIII ст.: земляробства, бортніцтва, хатнія промыслы. Эканамічныя прычыны феадальнай раздробленасці.
реферат [35,5 K], добавлен 21.01.2011Станаўленне савецкай сістэмы адукацыі. Станаўленне сеткі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Літаратура і мастацтва. Літаратурныя аб’яднанні. Станаўленне нацыянальнага тэатра. Выяўленчае і музычнае мастацтва та адносіны да царквы і рэлігіі.
реферат [41,0 K], добавлен 23.11.2013Канфесійнае жыцце ў Заходняй Беларусі у перыяд 1921-1939 гг. Прычыны і перадумовы ўзнікнення і развіцця уніяцкай парафіі на тэрыторыі Беларусі. Руплівая праца В. Аношкі і яго ўплыў на беларускую рэлігійную жыццё. Заснавання ўсходняй семінарыі ў г. Дубна.
реферат [30,6 K], добавлен 27.08.2012Утварэнне Рэчы Паспалітай. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст. Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI - першай палове XVII ст. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII-XVIII ст. Эканамічны ўздым на Беларусі ў XVIII ст.
курсовая работа [96,9 K], добавлен 21.01.2011Узнiкненне чалавечага грамадства як надзвычай доўгi i складаны працэс. Пранікненне старажытнага чалавека на тэрыторыю Беларусі. Найбольш важные дасягненням першабытных людзей. Бронзавы век на тэрыторыi Беларусi. Археалагiчныя культура бронзавага веку.
реферат [21,8 K], добавлен 15.01.2011