Стварэнне і дзейнасць Таргавіцкай канфедэрацыі на землях Вялікага княства Літоўскага (май 1792 г. – верасень 1793 г.)

Выяўленне асаблівасцей механізма дзеяння інстытутаў улады Таргавіцкай шляхецкай канфедэрацыі як грамадска-палітычнага феномена на землях Вялікага княства Літоўскага. Пазіцыя канфедэратаў пры ўзаемадзеяннях з вайсковымі аддзеламі Расійскай імперыі.

Рубрика История и исторические личности
Вид анализ книги
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 61,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Беларускі дзяржаўны універсітэт

Аўтарэферат дысертацыі на саісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук па спецыяльнасці 07.00.02 - айчынная гісторыя

Стварэнне і дзейнасць Таргавіцкай канфедэрацыі на землях Вялікага княства Літоўскага (май 1792 г. - верасень 1793 г.)

Аніпяркоў Вадзім Вадзімавіч

Мінск, 2010

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце

Навуковы кіраўнік: Казакоў Юры Леанідавіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Афіцыйныя апаненты: Гужалоўскі Аляксандр Аляксандравіч, доктар гістарычных навук, дацэнт, прафесар кафедры этналогіі, музеязнаўства і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Падалінскі Уладзімір Аляксеевіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры эканамічнай гісторыі УА “Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт”.

Апаніруючая арганізацыя: УА «Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М. Машэрава»

УВОДЗІНЫ

“Канфедэрацыя” (ад лац. confoederatio - саюз, аб'яднанне) - часовы саслоўны саюз, які ствараўся дзеля дасягнення пэўнай палітычнай мэты. У Рэчы Паспалітай права шляхты на стварэнне канфедэрацый рэалізавала ідэю прамой саслоўнай дэмакратыі. На тэрыторыях, якія былі ахоплены канфедэрацкімі інстытутамі, дзейнасць дзяржапарату прыпынялася, функцыі ўлады пераходзілі да “народа-шляхты” ў форме абраных “народам” прадстаўнікоў, якія ўтваралі інстытуты надзвычайнай улады ў выглядзе сістэмы канфедэрацкіх саюзаў. Беспаспяховыя спробы сойма забараніць канфедэрацыі выявілі сувязь такой формы палітычнай актыўнасці шляхты з інтарэсамі дзяржаў - апанентаў Рэчы Паспалітай. Выкарыстанне канфедэрацый як механізма ліквідацыі Рэчы Паспалітай стала прадметам шырокай грамадскай увагі і дыскусій, якія не спыняюцца да цяперашняга часу.

З моманту стварэння незалежнай Беларусі гісторыя функцыянавання шляхецкіх канфедэрацый набывае новае значэнне для айчыннай гістарыяграфіі. Гэта праблема пачала разглядацца не толькі як частка мінулага суседніх краін, Літвы і Польшчы, але і сваёй нацыянальнай гістарычнай традыцыі. Узважаны аналіз усіх станоўчых і адмоўных аспектаў палітыка-прававой спадчыны нашай краіны асабліва важны ў сітуацыі, калі Рэспубліка Беларусь вызначае ўласныя прыярытэты развіцця ўнутры сусветнай супольнасці нацый.

Даводзіцца канстатаваць, што на сённяшні момант лепей вывучаны агульны палітычны кантэкст дзейнасці канфедэрацкіх рухаў у Рэчы Паспалітай, чым уласна работа іх інстытутаў. У прыватнасці, гісторыю Таргавіцкай канфедэрацыі ў навуковай літаратуры стала прынята разглядаць непарыўна з праблематыкай падзелаў Рэчы Паспалітай. Пры такім падыходзе аналіз дзейнасці канфедэратаў ператварыўся ў пошук адказу на пытанне аб узроўні віны мясцовай шляхты за знікненне Рэчы Паспалітай. Між тым, калі паставіць асобнае пытанне пра механізм дзеяння інстытутаў улады Таргавіцкай канфедэрацыі, зробіцца відавочным, што яшчэ не вывучаныя многія факты функцыянавання руху, цэлыя кірункі дзейнасці канфедэрацыі засталіся па-за ўвагай навукоўцаў або патрабуюць тлумачэння на аснове іншых метадалагічных падыходаў.

У рабоце першачарговае вырашэнне атрымала праблема падрабязнага аналізу дакументаў рэгіянальных канфедэрацый, якія дзейнічалі на беларускіх землях. Вывучэнне іх канцылярскай дзейнасці садзейнічае працэсу вяртання дзяржаўна-прававой спадчыны ВКЛ у айчынную гістарыяграфію, дазваляе паказаць удзел насельніцтва Беларусі ў грамадска-палітычных працэсах, якія адбываліся на тэрыторыі шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ

Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі, тэмамі. Даследаванне выканана ў рамках НДР № 691/91 кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў БДУ “Грамадская думка Беларусі ХVІ-ХVІІІ стст. у кантэксце сацыякультурных працэсаў у краінах Усходняй Еўропы”, якая выконвалася ў 2006-2008 гг., і НДР № 563/91 “Рэлігійна-канфесіянальнае становішча на тэрыторыі Беларусі на фоне агульнаеўрапейскіх працэсаў Новага часу (другая палова ХVІ-ХVІІІ ст.)”, якая распрацоўваецца ў 2006-2010 гг.

Мэта і задачы даследавання. Мэтай даследавання з'яўляецца выяўленне асаблівасцей механізма дзеяння інстытутаў улады Таргавіцкай шляхецкай канфедэрацыі як грамадска-палітычнага феномена на землях ВКЛ.

У адпаведнасці з мэтай былі пастаўлены наступныя задачы:

1. высветліць асаблівасці разгортвання таргавіцкага руху ў ВКЛ, паказаць, якія задачы з'яўляліся прыярытэтнымі для яго арганізатараў;

2. вызначыць механізм утварэння рэгіянальных канфедэрацый;

3. знайсці крытэрыі, якія выяўлялі б разнастайнасць пазіцый шляхты ў стаўленні да канфедэрацыі;

4. акрэсліць пазіцыю канфедэратаў пры ўзаемадзеяннях з вайсковымі аддзеламі Расійскай імперыі і ахарактарызаваць іх вынікі;

5. прааналізаваць работу судоў рэгіянальных канфедэрацый, вызначыць формы кантролю над адміністрацыйнай і судовай дзейнасцю канфедэрацый з боку цэнтральнага кіраўніцтва;

6. разглядзець ідэалагічны напрамак дзейнасці канфедэрацыі, паказаць яе ўплыў на грамадскія працэсы.

Аб'ектам даследавання з'яўляюцца органы цэнтральнай і рэгіянальнай улады Таргавіцкай канфедэрацыі, кампетэнцыі якіх распаўсюджваліся на землі ВКЛ; прадметам даследавання - арганізацыя і дзейнасць Таргавіцкай канфедэрацыі як сістэмы органаў улады на землях ВКЛ: утварэнне і ўзаемаадносіны яе інстытутаў, ажыццяўленне імі судаводства, сувязь мясцовых канфедэрацый з вайсковымі аддзеламі Расійскай імперыі, іх адносіны з насельніцтвам.

Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:

1. Таргавіцкая канфедэрацыя з'яўлялася сродкам рэалізацыі палітычных інтарэсаў Расійскай імперыі на землях ВКЛ і Польскага Каралеўства. Па меркаванні кіраўнікоў руху, яна дазваляла Кацярыне ІІ аднавіць уплыў Расійскай імперыі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай без ажыццяўлення падзелавага сцэнарыя і супрацоўніцтва з суседнімі манархамі. У гэтай сувязі для канфедэратаў было важным засведчыць легітымнасць свайго руху і паказаць яго падтрымку ў грамадстве.

2. У адрозненне ад Польскага Каралеўства, у ВКЛ канфедэрацкі рух пачынаўся з абвяшчэння канфедэрацый ніжэйшага ўзроўню. Каб кантраляваць іх фарміраванне, Кацярына ІІ надала расійскаму генерал-паручніку Ш. Касакоўскаму статус рэгіментарыя войска ВКЛ. Першыя канфедэрацыі ўтвараліся праз яго давераных асоб, якія ў далейшым атрымалі найменне консулаў Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ. У шэрагу паветаў структуры руху ўзніклі толькі пасля таго, як да канфедэрацыі далучыўся кароль.

3. Уступленне шляхты ў канфедэрацкі саюз праходзіла ў розных формах, якія сведчылі як пра пэўны ўзровень падтрымкі, так і апазіцыйнасці адносна канфедэрацыі. Мноства шляхты прыступала да руху не так, як таго жадала таргавіцкае кіраўніцтва. Разнастайнасць пазіцый асобных шляхціцаў у адносінах да канфедэрацыі прасочваецца ў змесце дакументаў, якія складаліся ў момант іх далучэння да руху. Тэрмін складання дакумента з'яўляўся другім крытэрыем, які сведчыў пра стаўленне шляхціца да канфедэрацыі.

4. Функцыянаванне таргавіцкіх інстытутаў улады адбывалася ў форме сістэмнай арганізацыі з прынцыпамі іерархічнага падзелу. Кіраўніцтва рухам ажыццяўляла кантроль над дзейнасцю мясцовых канфедэрацый, разглядаючы іх справаздачы, судовыя апеляцыі і скаргі з боку насельніцтва. Мясцовыя канфедэрацыі выконвалі ролю пасрэдніцкіх інстытутаў у стасунках насельніцтва з вайскоўцамі Расійскай імперыі. У працэсе функцыянавання таргавіцкіх інстытутаў назіралася пагаршэнне адносін паміж мясцовымі канфедэрацыямі, расійскімі войскамі і насельніцтвам.

5. Таргавіцкая канфедэрацыя мела характар надзвычайнай улады. Яе ўтварэнне прыпыніла дзейнасць пастаянных дзяржаўных інстытутаў, у тым ліку судовых. Суды Таргавіцкай канфедэрацыі атрымалі больш шырокія паўнамоцтвы ў параўнанні з канфедэрацыямі, якія існавалі ў ВКЛ у папярэдні час. На працягу існавання руху назіралася паэтапнае абмежаванне іх дзейнасці, звязанае з аднаўленнем у краіне звычайнай судовай сістэмы.

6. Таргавіцкая канфедэрацыя ініцыявала працэс рэвізіі і частковай адмены норм грамадскага жыцця, якія ў Рэчы Паспалітай усталявалі папярэднія носьбіты палітычнай улады. Стваральнікі праграмных дакументаў канфедэрацыі ўлічылі геапалітычныя абставіны сваёй дзейнасці, якую разглядалі неадрыўна ад барацьбы супраць пашырэння на кантыненце ідэй Французскай рэвалюцыі.

Асабісты ўклад саіскальніка. Дысертацыя выканана самастойна, іншыя аўтары ў правядзенні даследавання і вызначэнні яго вынікаў не ўдзельнічалі. У айчыннай гістарыяграфіі ўпершыню прадстаўлена работа, прысвечаная разгляду шляхецкай канфедэрацыі як самастойнага кампанента грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай. У параўнанні з работамі замежных аўтараў у дысертацыі пашыраны прадмет даследавання таргавіцкага руху. Вызначана ідэалогія канфедэрацыі, у дэталях паказана практыка ўзаемадзеяння яе рэгіянальных інстытутаў з вайсковымі аддзеламі Расіі, разгледжаны лакальныя канфлікты, якія ўзнікалі ў таргавіцкім асяродку. Выкарыстанне дакументаў ваяводскіх і павятовых канцылярый Таргавіцкай канфедэрацыі дазволіла паказаць тэрытарыяльныя асаблівасці развіцця руху таргавічан, падрабязна апісаць працэс стварэння ў ваяводствах і паветах мясцовых канфедэрацый, акрэсліць характар канцылярскай дзейнасці ў іх судах, прадставіць біяграфічныя звесткі аб урадніках канфедэрацый. Упершыню праведзена класіфікацыя дакументаў далучэння да руху, якая дазволіла аўтару прымяніць новыя крытэрыі ў высвятленні пазіцыі шляхты ВКЛ у падзеях 1792-1793 гг. Даследаванне феномена канфедэрацыі пабудавана на выкарыстанні сістэмнага падыходу, які патрабаваў спалучаць спецыяльныя гістарычныя метады з структурна-функцыянальным аналізам інстытутаў канфедэрацыі. Гэта дазволіла пазбегнуць празмернай ідэалагізацыі тэмы і такім чынам у параўнанні з папярэднімі работамі ў большай ступені рэалізаваць прынцып аб'ектыўнасці ў раскрыцці падзей, звязаных з узнікненнем і дзейнасцю руху таргавічан.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Матэрыялы і вынікі даследавання прадстаўлены на шасці міжнародных канферэнцыях: Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь і Еўропа: узаемадзеянне культур (гісторыя, урокі, досвед і сучаснасць)” (Віцебск, 30 лістапада - 1 снежня 2000 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Шлях України та Польщі до порозуміння. Важкі питання сусідства” (Кіеў, 11-13 верасня 2001 г.); ХІІ Мiжнароднай навуковай канферэнцыi “Шлях да ўзаемнасцi” (Гродна, 11-12 лістапада 2004 г.); ІІ Мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Асоба ў гісторыі: гераічнае і трагічнае” (Брэст, 12-13 лістапада 2004 г.); Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларускае грамадства ў геапалітычных умовах пачатку ХХІ стагоддзя: прававыя, эканамічныя і сацыякультурныя праблемы” (Мінск, 10 снежня 2004 г.); Міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі “Еўропа: актуальныя праблемы этнакультуры” (Мінск, 28 красавіка 2010 г.).

Апублікаванасць вынікаў. Па тэме дысертацыйнага даследавання апублікавана 13 навуковых работ, з іх 5 - у навуковых выданнях, якія ўнесены ў “Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь”, 3 - у зборніках навуковых артыкулаў, 5 - у зборніках матэрыялаў канферэнцый і тэзісах выступленняў на навукова-практычных канферэнцыях. Агульны аб'ём апублікаваных матэрыялаў складае 5,2 аўтарскага аркуша (навуковыя артыкулы - 2,8 аўтарскага аркуша).

Структура і аб'ём дысертацыі. Дысертацыя складаецца з пераліку ўмоўных скарачэнняў, уводзін, агульнай характарыстыкі работы, чатырох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спіса, двух дадаткаў. Поўны аб'ём дысертацыі - 188 старонак, з іх 115 - асноўны тэкст, 28 - бібліяграфічны спіс (271 найменне), 45 - дадаткі.

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ РАБОТЫ

У главе 1 “Гістарыяграфія і крыніцы. Метады даследавання” аналізуюцца навуковая літаратура, архіўныя і апублікаваныя крыніцы па тэме дысертацыі, прынцыпы і метады іх крытычнага вывучэння.

У раздзеле 1.1 “Гістарыяграфія” акрэслены асноўныя этапы, на працягу якіх адбываліся змены ў падыходах да вывучэння праблемы.

У ХІХ - пач. ХХ ст. склалася негатыўная грамадская ацэнка Таргавіцкай канфедэрацыі, якая атрымала завершанае навуковае абгрунтаванне ў работах гісторыкаў “варшаўскай школы” Т. Корзана, У. Смаленскага Korzon T. Wewnкtrzne dzieje Polski za Stanisіawa Augusta (1764-1794): badania historyczne ze stanowiska ekonomicznego i administracyjnego: w 6 t. / T. Korzon. - Krakуw: Ksiкgarnia Zwoliсskiego i S-ki - Warszawa: Ksiкgarnia Teodora Paprockiego i S-ki, 1897-1898. - T. 5. - 1898. - 298 s.; Smoleсski, W. Konfederacja targowicka / W. Smoleсski. - Krakуw : nakіadem autora, 1903. - 463 s.. Апошнія дзесяцігоддзі Рэчы Паспалітай разглядаліся імі як перыяд патрыятычнага ўздыму, спыненага звонку гвалтоўным ажыццяўленнем падзелаў. У дачыненні праблем Таргавіцкай канфедэрацыі для гісторыкаў гэтага кірунку было важна давесці перавагу вонкавага фактару ў яе арганізацыі, паказаць нязначнасць колькасці ўдзельнікаў, незадаволенасць палітыкай і самім фактам канфедэрацыі ў кожнай з грамадскіх груп. Таргавічане паказваліся як невялікая купка здрайцаў, аддзеленая ад астатняга народа.

У сярэдзіне ХХ ст. гісторыя канфедэрацыі была падвергнута пераасэнсаванню з пазіцый марксісцкай метадалогіі гісторыі, якая скіроўвала навукоўцаў у бок сацыяльнага тлумачэння дадзеных падзей. Таргавіцкая канфедэрацыя пачала разглядацца як ахоўны інстытут феадальнай фармацыі, які перад набліжэннем аграрнай рэвалюцыі дзейнічаў у інтарэсах і карыстаўся падтрымкай кансерватыўнай большасці магнацтва і шляхты Гл.: История Белорусской ССР : в 2 т. / Акад. Наук БССР, Ин-т истории. - Минск: Изд-во Акад. Наук БССР, 1961. - Т.1 / редкол.: Л.С. Абецедарский [и др.] - С. 254-255; Игнатенко, А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина XVII-XVIII вв.) / А.П. Игнатенко. - Минск : Изд-во БГУ, 1974. - С.158; W№sicki, J. Konfederacja targowicka i ostatni sejm Rzeczypospolitej z 1793 roku : (studium historyczno-prawne) / J. W№sicki. - Poznaс : Poznaсskie Towarzystwo Przyjaciуі Nauk, 1952. - S. 9-11, 141-142; Mіynarski, Z. Targowiczane i patrioci u schiіku Rzeczypospolitej / Z. Mіynarski. - Warszawa: Czytelnik, 1950. - S.14.. Савецкія і польскія гісторыкі-марксісты падкрэслівалі наяўнасць у канфедэрацыі глыбокага сацыяльнага радаводу, што змяншала фактар расійскай інтэрвенцыі ў падзеях 1792 г.

З 70-х гг. ХХ ст. назіралася адступленне ад традыцыйных падыходаў да разгляду шляхецкіх канфедэрацый. Увага даследчыкаў усё больш засяроджвалася на аспектах рэгіянальнай дзейнасці таргавіцкіх інстытутаў. У гэтай сувязі вызначылася тэндэнцыя лакалізацыі праблемы ў адпаведнасці з тэрыторыямі краін, з якіх паходзяць даследчыкі Праблемным у гістарыяграфіі прызнаецца таксама пытанне ўзнікнення Таргавіцкай канфедэрацыі, даследаваць якое належным чынам гісторыкам перашкаджала адсутнасць адкрытага доступу да значнай часткі дакументаў. Найбольшыя магчымасці працаваць з крыніцамі гэткага роду мелі расійскія гісторыкі. Гл.: Соловьёв, С.М. История падения Польши / С.М. Соловьёв. - Москва: тип. Грачёва и К°, 1863. - 370 с.; Елисеева, О.И. Геополитические проекты Г.А. Потёмкина / О.И. Елисеева. - Москва: Институт российской истории РАН, 2000. - 344 с.; Стегний, П. В. Разделы Польши и дипломатия Екатерины II. 1772, 1793, 1795. / П.В. Стегний. - Москва : Междунар. отношения, 2002. - 692 с. . У даследаваннях сучасных замежных аўтараў (А. Абрамскі, Д. Рольнік, Р. Шмігельскітэ-Стукене) праглядаецца імкненне абмяжоўваць таргавіцкую тэму пераважна землямі Польшчы і Літвы Аbramski, A. S№downictwo podczas konfederacji w Polsce : (1672-1793) / A. Abramski. - Katowice : UЊ, 1986. - 175 s.; Rolnik, D. Szlachta koronna wobec konfederacji targowickiej: (maj 1792-styczeс 1793) / D. Rolnik. - Katowice : Wydaw. Uniwersytetu Њl№skiego, 2000. - 182 s.; Љmigelskytл-Stukienл, R. Lietuvos Didюiosios Kunigaikрtystлs konfederacijos susidarymas ir veikla 1792-1793 metais / R. Рmigelskytл-Stukienл. - Vilnius : Lietuvos Istorijos Institutas, 2003. - 429 s..

Відавочнай стала неабходнасць правядзення асобных даследаванняў у дачыненні тэрыторыі Беларусі. У апошнія дзесяцігоддзі інтарэс беларускіх гісторыкаў да пытанняў, звязаных з узнікненнем і функцыянаваннем Таргавіцкай канфедэрацыі, прыкметна ўзрос. Таргавіцкая тэма прысутнічае ў асобных артыкулах (М.Г. Нікіцін, Г.В. Прыбытка) Никитин, М.Г. К вопросу о добровольном присоединении белорусской шляхты к Тарговицкой конфедерации / М.Г. Никитин // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Сер. 3, Гісторыя. Філасофія. Псіхалогія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Права. - 1995. - № 1. - С. 15-19; Прыбытка, Г. Барацьба магнацкіх груповак у XVIII ст. / Г. Прыбытка // Спадчына. - 1996. - № 1. - С. 80-150., таксама як састаўны кампанент работ з больш шырокім прадметам аналізу (Я.К. Анішчанка, У.П. Емяльянчык, А.Я. Ляскоў, Т.І. Макарава) Анішчанка, Я.К.  Інкарпарацыя : Літ. правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я.K. Анiшчанка. - Мінск : В. Хурсік, 2003. - 468 с.; Емяльянчык, У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на Беларусі ) / У. Емяльянчык. - Мінск : Беларусь, 1994. - 160 с.; Ляскоў, А.Я. Прававыя i палiтычныя iдэi ў Беларусi ў канцы ХVIII стагоддзя : дыс. ... канд. юрыд. навук: 12.00.01 / А.Я. Ляскоў. - Мінск, 1999. - 104 л.; Макарова, Т.И. Присоединение Белоруссии к России в конце XVIII в.: (государственно-правовой аспект) : дис. … канд. юрид. наук: 12.00.01. - Мінск., 1992. - 206 л. . Тым не менш, ніводнай абагульняючай работы па гэтай тэме ў беларускай гістарыяграфіі пакуль не з'явілася.

У раздзеле 1.2 “Крыніцы” вылучаны пяць галоўных груп крыніц, выкарыстаных у даследаванні:

1) заканадаўчыя матэрыялы, прадстаўленыя законамі і пастановамі Чатырохгадовага (1788-1792 гг.) і Гродзенскага (1793 г.) соймаў Рэчы Паспалітай, асобныя з якіх маюць прамое дачыненне да дзейнасці таргавічан. Іх выданне было ажыццёўлена ў ІХ і Х тамах папулярнай серыі “Volumina Legum”, запачаткаванай намаганнямі ордэна піяраў;

2) дакументы таргавіцкага справаводства, якія паходзяць з канцылярый рэгіянальных судоў Таргавіцкай канфедэрацыі. Такія дакументы заносіліся канфедэратамі ў тры групы кніг: актавыя кнігі, пратаколы і рэестры. У актавых кнігах перапісваліся ўсе дакументы натарыяльнага характару, а таксама тыя, якія мелі дачыненне да спраў, што разглядаліся судамі. Дадаткова яны ўключаюць вялікую колькасць арганізацыйна-распарадчых дакументаў канфедэрацыі. Кнігі пратаколаў змяшчалі лаканічныя запісы ўсяго, што было зроблена і вырашана на пасяджэнні мясцовай канфедэрацыі. Рэестры былі кнігамі, у якія заносілі кароткую інфармацыю пра справы, што падлягалі судоваму разгляду;

3) матэрыялы перапіскі расійскіх службовых асоб, сярод іх асабістая перапіска Кацярыны ІІ і Р.А. Пацёмкіна, а таксама вайсковая перапіска перыяду Таргавіцкай канфедэрацыі. Да апошняй адносяцца не толькі афіцыйныя справаздачы (у ліку іншых - кіраўнікоў расійскага войска ў ВКЛ М.М. Крачэтнікава і О.А. Ігельстрома), але і матэрыялы прыватнага характару. У адрозненне ад афіцыйных рапартаў такія лісты звычайна не траплялі на вочы вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Расіі. З гэтай прычыны яны істотна адрозніваюцца ад першай групы па характару прыведзенай у іх інфармацыі. Прыкладам крыніц такога роду з'яўляюцца лісты М.М. Крачэтнікава да старшыні Ваеннай калегіі Расіі М.І. Салтыкова;

4) публіцыстыка. Адлюстраванне таргавіцкіх падзей у публіцыстыцы было абмежавана з прычыны цэнзуры, усталяванай над газетамі. Таргавічане зачынілі найбольш папулярнае выданне, якое дзейнічала ў часы Чатырохгадовага сойма, - “Нацыянальную і замежную газету”, а яшчэ адно перыядычнае выданне “Варшаўскі карэспандэнт” вымушана было хаваць антытаргавіцкія настроі сваіх выдаўцоў. Газета абвясціла пра немагчымасць надалей публікаваць матэрыялы з крытычнай ацэнкай дзейнасці ўлад. У матэрыялы свецкай хронікі выдаўцы газеты ўключалі эпізоды бягучага жыцця кіраўнікоў канфедэрацыі, паведамленні аб ладжаных імі ўрачыстасцях, банкетах з удзелам расійскіх генералаў;

5) мемуарная літаратура прадстаўлена ўспамінамі Л. Энгельгарта, Н. Кіцкі, Е. Кітовіча, К. Плятэра, Б. Міхалоўскага, М.К. Агінскага, Ю. Сулкоўскага. У цэлым мемуары характарызуе вельмі тэндэнцыйнае апісанне азначанага перыяду, што схіляла аўтара з асцярогай падыходзіць да выкарыстання інфармацыі з гэтай групы крыніц.

У раздзеле 1.3 «Метады даследавання» падкрэсліваецца, што даследаванне грунтуецца на галоўных прынцыпах гістарычнага пазнання: гістарызме, аб'ектыўнасці, каштоўнасным і сістэмным падыходах. Сістэмны падыход прадугледжваў, сярод іншага, ажыццяўленне элементнага і структурна-функцыянальнага аналізу інстытутаў Таргавіцкай канфедэрацыі Гл. : Кизима, С. А. Системный подход в историческом исследовании: сущность, методика, реализация: на примере изучения реформ и этнич. процессов: дис. …канд. ист. наук : 07. 00. 09 / С. А. Кизима. - Минск, 2000. - Л.  24-30. .

У даследаванні былі выкарыстаны агульнанавуковыя (узыходжанне ад канкрэтнага да абстрактнага, індукцыя, дэдукцыя, інш.), спецыяльна-гістарычныя (гісторыка-генетычны, гісторыка-сістэмны, гісторыка-параўнальны, гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-біяграфічны) і інавацыйныя (кантэнт-аналіз) метады.

У главе 2 “Узнікненне інстытутаў канфедэрацыі” паказана ўзаемная абумоўленасць працэсу падрыхтоўкі Таргавіцкай канфедэрацыі, спецыфікі разгортвання канфедэрацкага руху на землях ВКЛ, формаў далучэння да руху шляхты. Глава складаецца з трох раздзелаў.

Раздзел 2.1 “Генезіс Таргавіцкай канфедэрацыі” прысвечаны аналізу падзей, якія папярэднічалі яе абвяшчэнню. Рашэнні Чатырохгадовага сойма (1788-1792 гг.) павялічылі супярэчнасці ў адносінах Рэчы Паспалітай з Расійскай імперыяй, пасля чаго Кацярына ІІ пачала думаць пра замену ў суседняй краіне палітычнага кіраўніцтва. Падрыхтоўка Таргавіцкай канфедэрацыі стала вынікам папярэдняга ўзаемадзеяння расійскага пасольства з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі ў Рэчы Паспалітай. Цэнтральнае месца ва ўсталяванні такіх кантактаў належала Р.А. Пацёмкіну, які каардынаваў дзеянні кожнага з тытульных ініцыятараў канфедэрацыі, а таксама намаганні пасла Расіі ў Варшаве Я.І. Булгакава. Пратэкцыя Р.А. Пацёмкіна садзейнічала вылучэнню Ш. Касакоўскага на ролю кіраўніка канфедэрацкага руху ў ВКЛ. Стварэнне інстытутаў канфедэрацыі ён планаваў распачаць адначасовым абвяшчэннем у некалькіх паветах ВКЛ канфедэрацый ніжэйшага ўзроўню яшчэ да ўваходу на іх тэрыторыю расійскага войска. План Ш. Касакоўскага маляваў перад імператрыцай карціну актыўнага фарміравання на землях ВКЛ апазіцыйных Канстытуцыі 3 мая структур, гатовых па першаму сігналу прыняць форму прыхільных Расіі канфедэрацый. 18 мая 1792 г. войскі Расійскай імперыі перайшлі мяжу Польскага Каралеўства, 22 мая - уступілі ў ВКЛ. Расійскі ўрад не жадаў выглядаць ініцыятарам ваеннага канфлікту, таму вайна Рэчы Паспалітай абвешчана не была, а ўвядзенне войскаў тлумачылася просьбай Генеральнай канфедэрацыі Польскага Каралеўства, акт якой з фальшывай датай 14 мая 1792 г. быў абвешчаны ў мястэчку Таргавіца.

У раздзеле 2.2 “Фарміраванне тэрытарыяльных структур канфедэрацыі на землях ВКЛ” паказаны механізм утварэння мясцовых органаў таргавіцкай улады ў сталіцах ваяводстваў і паветаў. Першыя рэгіянальныя канфедэрацыі ў ВКЛ былі створаны ва Ушачах, Халопенічах ды Браславе - адміністрацыйных цэнтрах, бліжэйшых да мяжы з Расіяй. Іх арганізавалі праз некалькі дзён пасля пераходу расійскім войскам Дзвіны. У актах названых канфедэрацый абвяшчалася, што мясцовая шляхта далучаецца да пратэсту, агучанага ў Таргавіцы шляхтай Польскага Каралеўства, і перадае палітычную ўладу ў сваіх паветах часовым інстытутам кіравання ў складзе старшыні (маршалка) і дарадцаў (консулаў). Дакументы змяшчалі даты, якія апярэдзілі ўступленне расійскага войска на тэрыторыю ВКЛ, што надавала канфедэрацкаму руху бачнасць самастойнай ініцыятывы.

Большасць канфедэрацый былі створаны пасля таго, як расійскія войскі ўвайшлі ў Вільню і 25 чэрвеня 1792 г. была абвешчана Генеральная канфедэрацыя ВКЛ. У Мінску, Ваўкавыску, Ашмянах, Лідзе, Наваградку, Гродне фарміраваннем інстытутаў таргавіцкай улады займаліся дэлегаты Генеральнай канфедэрацыі, якія выязджалі ў адміністрацыйныя цэнтры з паўнамоцтвамі вызначэння складу мясцовых канфедэрацый. Пры дапамозе расійскіх войскаў яны зацвярджалі подпісамі шляхты акты канфедэрацый, складзеныя на ўзор або таргавіцкага акта, або акта Браслаўскай канфедэрацыі. У чэрвені-ліпені 1792 г. утварэнне канфедэрацый праходзіла з выкарыстаннем сродкаў прымусу і са значным спазненнем, што выклікала моцную крытыку кіраўніцтва руху з боку генерал-аншэфа расійскіх войскаў М.М. Крачэтнікава. У Брэсце, Пінску, Бабруйску, Слуцку, Мазыры, Слоніме і Чарэі фарміраванне інстытутаў таргавіцкай улады адбывалася ў жніўні-кастрычніку 1792 г. пад уплывам далучэння да канфедэрацыі караля. У гэтых адміністрацыйных цэнтрах ураднікі і шляхта ўваходзілі ў структуры Таргавіцкай канфедэрацыі, перакладаючы адказнасць за здзейснены крок на манарха. Далучэнне караля да руху азначала яго легітымацыю, але адначасова павялічыла ідэйныя разыходжанні ў асяродку таргавіцкіх службоўцаў. Фарміраванне складу мясцовых канфедэрацый зрабілася прадметам палітычнай барацьбы ініцыятараў руху з прыхільнікамі караля.

У раздзеле 2.3 “Формы далучэння шляхты ВКЛ да Таргавіцкай канфедэрацыі” праведзена класіфікацыя дакументаў уваходу шляхты ў канфедэрацкі саюз. Судовыя кнігі канфедэрацыі дазваляюць вылучыць чатыры асноўныя формы далучэння шляхты ВКЛ да руху: 1) далучэнне ў форме асабістага подпісу пад актам рэгіянальнай канфедэрацыі выглядала найбольш відавочным сведчаннем прызнання канфедэрацыі, калі шляхціц выступаў не толькі прыхільнікам, але і ініцыятарам стварэння інстытутаў таргавіцкай улады ва ўласным павеце; 2) далучэнне ў форме асабіста складзенай прысягі на ўзор Генеральнай канфедэрацыі не ўключала шляхціца ў працэс арганізацыі таргавіцкіх інстытутаў улады, але змяшчала прыняцце ім шырокага спектра абавязацельстваў, звязаных з публічным вырачэннем Канстытуцыі 3 мая і барацьбой з прыхільнікамі мінулых рэформаў; 3) далучэнне да канфедэрацыі без складання прысягі з'яўлялася праявай хісткага кампрамісу паміж таргавіцкім кіраўніцтвам і шляхецкай супольнасцю, пры якім кіраўнікі руху атрымоўвалі ад шляхты фармальнае прызнанне ў якасці легітымных носьбітаў улады, а прадстаўнікі шляхты пазбягалі больш моцных формаў прыняцця руху, звязаных з клятвай вырачэння Канстытуцыі 3 мая; 4) саступка права подпісу пад дакументам далучэння іншай асобе з'яўлялася найбольш слабай формай прызнання руху, якая не патрабавала пацвердзіць уласнай рукой факт далучэння да канфедэрацыі і асабіста прысутнічаць у яе канцылярыі.

Усе сведчанні аб далучэнні шляхты да Таргавіцкай канфедэрацыі ўносіліся ў кнігі канфедэрацкіх судоў пад агульнай назвай “акцэсы” (ад лац. accessus - уваходжанне). Складанне акцэсаў заняло вялікі адрэзак часу з мая па кастрычнік 1792 г.

У главе 3 “Функцыянаванне інстытутаў канфедэрацыі на землях ВКЛ” дзейнасць руху разглядаецца як вынік узаемадзеяння інстытутаў канфедэрацыі ў ваяводствах і паветах, іх цэнтральнага кіраўніцтва, вайсковых аддзелаў Расійскай імперыі і насельніцтва. Глава складаецца з трох раздзелаў.

У раздзеле 3.1 “Рэгіянальныя канфедэрацыі ва ўзаемаадносінах з цэнтральным кіраўніцтвам” паказаны парадак каардынацыі дзейнасці паміж інстытутамі, якія існавалі на розных узроўнях таргавіцкага апарату ўлады. Інстытутамі ніжэйшага ўзроўню з'яўляліся рэгіянальныя канфедэрацыі, якія былі створаны ў сталіцах ваяводстваў і паветаў. Іерархічнага падзелу паміж імі не існавала: ваяводскія канфедэрацыі ў адносінах да павета не з'яўляліся органамі больш высокай інстанцыі. Адносіны паміж таргавіцкімі інстытутамі мелі пераважна субардынацыйны характар: мясцовыя канфедэрацыі зносіліся часцей не паміж сабой, а з цэнтральным кіраўніцтвам. На беларуска-літоўскіх землях яго функцыі належалі Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ, якая ажыццяўляла судовы і адміністрацыйны кантроль над дзейнасцю інстытутаў у ваяводствах і паветах. Такі кантроль абапіраўся на пісьмовую карэспандэнцыю: штомесячныя рапарты мясцовых канфедэрацый, пісьмовыя загады цэнтральнага кіраўніцтва. Адміністрацыйны кантроль забяспечваў магчымасць Генеральнай канфедэрацыі вызначаць і карэктаваць склад мясцовых канфедэрацый, права накіроўваць сваіх консулаў для ўдзелу ў пасяджэннях канфедэрацый ніжэйшага ўзроўню. Механізмам судовага кантролю выступаў падзел судоў на інстанцыі. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выконвала функцыі суда другой інстанцыі, у які насельніцтва магло звяртацца з апеляцыямі на судовыя рашэнні рэгіянальных канфедэрацый. Іншымі формамі звароту насельніцтва да Генеральнай канфедэрацыі былі скаргі і просьбы. Умовай іх складання была прэтэнзія да рэгіянальнай канфедэрацыі, якая не магла або не жадала вырашыць пэўнае пытанне, хоць тэкст прашэння ў адрозненне ад скаргі не выкладаў такі папрок у адкрытай форме. Пры ініцыяванні зносін з Генеральнай канфедэрацыяй рэгіянальныя канфедэрацыі высылалі ў яе рэзідэнцыю сваіх дэлегатаў, таксама выкарыстоўвалі пісьмовыя звароты ў форме запытанняў і просьбаў. Перапіска ўнутры руху нярэдка выяўляла факты карупцыі і канфлікты ў асяродку яго службоўцаў.

У раздзеле 3.2 “Узаемаадносіны канфедэрацый з расійскім войскам” паказана пасрэдніцкая роля таргавіцкіх інстытутаў у зносінах мясцовых жыхароў з вайсковымі аддзеламі Расійскай імперыі. Ва ўмовах знаходжання на тэрыторыі краіны расійскага войска канфедэрацыі пазіцыянавалі сябе як інстытут, які выконвае функцыі абароны насельніцтва. Таргавічане манапалізавалі права прымянення сродкаў пакарання ў дачыненні да мясцовых жыхароў, прэтэнзіі да якіх з боку расійскіх вайскоўцаў патрабавалі судовага ўмяшання канфедэрацый. Таргавіцкія суды таксама маглі прасіць аб пакаранні расійскіх вайскоўцаў, якіх на падставе інфармацыі, атрыманай ад насельніцтва, лічылі вінаватымі ў злоўжываннях, але канчатковае рашэнне па гэтых пытаннях выносілі ўжо кіраўнікі расійскага войска. Калі брыгадны генерал лічыў гэта патрэбным, ён разглядаў справу ў прысутнасці прадстаўніка канфедэрацыі і пакрыўджаных. Пасрэдніцкая роля канфедэрацый праяўлялася і ў сітуацыях, якія патрабавалі адміністрацыйнага рэгулявання стасункаў расійскіх войскаў з насельніцтвам: у сувязі з раскватараваннем расійскіх вайскоўцаў у гарадах і вёсках, аказаннем ім паштовых і падводных паслуг.

Уступаючы ў зносіны з расійскім войскам, канфедэраты падрабязна дакументавалі прычыны, акалічнасці і вынікі сваёй дзейнасці. Большасць такіх дакументаў канфедэрацыі паўстала на глебе не супрацоўніцтва, а канфліктаў з расійскімі вайсковымі аддзеламі. Іх пастаяннымі прычынамі былі цяжкасці з прыцягненнем расійскіх вайскоўцаў да судовай адказнасці, сітуацыя вакол беглых сялян. Расійскае войска ажыццяўляла іх пошук па вёсках, а канфедэрацыі, рэагуючы на скаргі землеўласнікаў, такія захады аспрэчвалі. Канфлікты ўзнікалі ў сувязі з пастаўкамі на склады расійскіх войскаў правіянту і фуражу, які браўся ў мясцовых землеўладальнікаў па распараджэнні канфедэрацый, што ператварала іх дзейнасць у аб'ект пастаяннай крытыкі і шляхты, і расійскіх войскаў. Каталізатарамі ў гэтым працэсе выступалі агульны недахоп прадуктаў харчавання, нізкія закупачныя кошты, прапанаваныя расійскім кіраўніцтвам. Шляхта адмаўлялася здаваць фураж і правіянт у запатрабаванай колькасці, а расійскія войскі, ігнаруючы пратэсты таргавічан, праводзілі гвалтоўныя рэквізіцыі прадукцыі. Настроі большасці канфедэратаў характарызавала незадаволенасць умовамі працы. Крытыку іх дзейнасці з боку шляхты ўзмацняла практыка сталага выкарыстання судамі канфедэрацыі расійскіх войскаў.

У раздзеле 3.3 “Судаводства рэгіянальных канфедэрацый” паказаны парадак і ўмовы дзейнасці ў сталіцах ваяводстваў і паветаў канфедэрацкіх судоў першай інстанцыі. Кіраўніцтва руху загадала іх ствараць замест звычайных судоў, даручаючы функцыі суддзяў маршалкам, консулам і пісарам канфедэрацый. Суды мелі права працаваць у складзе трох і болей чалавек. Звычайна шэсць консулаў рэгіянальнай канфедэрацыі падзяляліся на камплекты з двух чалавек, каб па чарзе засядаць у судзе разам з маршалкам і пісарам. Рашэнні (судовыя і адміністрацыйныя) канфедэраты прымалі простай большасцю. Дапаможныя функцыі ў судах выконвалі інстыгатары і рэгенты.

Судовыя кнігі дазваляюць сцвярджаць, што Таргавіцкая канфедэрацыя імкнулася наследаваць прыклад земскіх судоў, рэгулюючы пэўныя адхіленні ад традыцыйнай судовай практыкі распараджэннямі цэнтральнага кіраўніцтва. Працэсу ў судах, як правіла, папярэднічала ўнясенне пакрыўджаным бокам маніфеста. Звычайна ён складаўся пасля запрашэння на месца здарэння вознага, які дакументальна фіксаваў характар і памер правапарушэння. Пасля таго як іск пацярпелага прымаўся судом да разгляду, справа трапляла ў адзін з судовых рэестраў, а пазванай асобе возны прывозіў павестку. Няяўка ў суд на працягу двух тыдняў выклікала накладанне грашовага пакарання. У сітуацыі, калі судовая спрэчка адбывалася паміж шляхціцамі, са складу суда вызначаліся дзве асобы, якія павінны былі прадстаўляць інтарэсы бакоў падчас следства. На даследаванне спраў з удзелам падданых Расійскай імперыі канфедэрацыі накіроўвалі аднаго консула, а інтарэсы другога боку прадстаўляў расійскі афіцэр. Распаўсюджанымі формамі пакарання ў судах канфедэрацыі былі грашовы штраф, турэмнае зняволенне, сячэнне розгамі. Суды захоўвалі за сабой і права вынясення смяротных прысудаў; аднак дакументы таргавічан не сведчаць аб актыўным выкарыстанні гэтай формы пакарання.

Таргавіцкія суды прымалі да разгляду іскі аб парушэнні правоў уласнасці, якія дагэтуль не ўваходзілі ў прадмет судовага разгляду шляхецкіх канфедэрацый. Справы палітычнага характару траплялі ў групу “violate sеcuritatis” аб парушэнні павагі і бяспекі судоў, грамадскага парадку ў горадзе судовай дзейнасці. У судаводстве рэгіянальных канфедэрацый яны займалі невялікае месца. Значна часцей таргавіцкія суды прымалі рашэнні па справах “учынкавых” (прадмет правапарушэння ў іх закранаў не толькі ўласнасць, але і асобу пацярпелага) і “крымінальных” (аб крадзяжах, забойствах, моцным збіцці, рабаўніцтве).

Глава 4 “Уплыў канфедэрацыі на грамадскія працэсы” прысвечана высвятленню прычын і формаў умяшання таргавічан у грамадскія адносіны, а таксама яго дактрынальнага абгрунтавання з боку канфедэрацыі. Глава складаецца з двух раздзелаў.

У раздзеле 4.1 “Грамадскія канфлікты на землях ВКЛ ў перыяд дзейнасці канфедэрацыі” дзейнасць таргавічан разглядаецца на фоне разнастайных грамадскіх канфліктаў, якія разгортваліся паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і рэлігійнымі групамі, а таксама ўнутры гэтых груп.

Асобныя захады канфедэратаў былі накіраваны на пераразмеркаванне зямельнай уласнасці ўнутры пануючага саслоўя. У прыватнасці, Генеральная канфедэрацыя ВКЛ замяніла апекуна малалетняга Д. Радзівіла, перадаючы кіраўніцтва яго маёмасцю віленскаму ваяводзе М. Радзівілу, які прыняў удзел у стварэнні руху. Па жаданні Кацярыны ІІ кіраўніцтва канфедэрацыі ўмяшалася ў адносіны ўнутры Слуцкага праваслаўнага архімандрыцтва, узнаўляючы ўладу ранейшага кіраўніка В. Садкоўскага, што мела не толькі царкоўныя, але і эканамічныя наступствы. Іншыя ўдзельнікі канфліктных сітуацый таксама ўжывалі з карысцю для сябе наяўнасць на тэрыторыі краіны расійскіх войскаў. У дакументах канфедэрацыі апісваюцца шматлікія выпадкі найму расійскіх казакоў яўрэямі для спагнання пратэрмінаваных пазык і асобнымі шляхціцамі - пры ажыццяўленні наездаў на гаспадарку суседняга феадала. З мэтай зашкодзіць сваім праціўнікам насельніцтва выкарыстоўвала практыку даносаў, якія накіроўваліся ў рэзідэнцыі расійскіх войскаў.

У выпадку сялянскіх хваляванняў канфедэрацыі накіроўвалі расійскія або мясцовыя войскі на іх уціхамірванне. Дадатковую нагоду для супярэчнасцей паміж памешчыкамі і сялянамі стварыў абавязак забеспячэння расійскіх войскаў. Памешчыкі імкнуліся перакласці яго на сваіх сялян, а канфедэрацыі часам такія захады аспрэчвалі, баючыся росту сацыяльнай напружанасці. Адкрыццё мяжы з боку ВКЛ, голад у спалучэнні з вайсковымі злоўжываннямі садзейнічалі актывізацыі ўцёкаў сялян у Расійскую імперыю. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ у гэтай сувязі забараніла прыгонным ездзіць па тэрыторыі краіны без пісьмовага дазволу ад памешчыка. Праверкай такіх дакументаў і выпіскай “пашпартоў” з правам выезду за мяжу займаліся канфедэрацыі памежных паветаў. У іх данясеннях адзначалася, што працэс пераходу сялянамі мяжы набыў масавы характар і слаба кантралюецца канфедэрацкімі ўладамі.

Частка насельніцтва ў сітуацыі эканамічнай і палітычнай нестабільнасці пачынала займацца рабаўніцтвам. Шэрагі рабаўнікоў павялічваліся за кошт дэмабілізаваных з войска, якія не пажадалі вяртацца да сваіх звыклых заняткаў. Ш. Касакоўскі загадваў іх вышукваць і судзіць. У канфедэрацкі суд схопленых рабаўнікоў прыводзілі, калі высвятлялася, што яны былі прыгоннымі пэўнага памешчыка, у іншых выпадках з імі абыходзіліся без следства.

У перыяд, які папярэднічаў Таргавіцкай канфедэрацыі, частка гарадоў і мястэчак атрымалі або пацвердзілі даўнія дэкрэты на самакіраванне. Такія нарматыўныя акты суды канфедэрацыі ў большасці выпадкаў лічылі неправамоцнымі, узнаўляючы над гарадамі ўладу старастаў. Незадаволеныя вяртаннем старых павіннасцяў, мяшчане ўсяляк ухіляліся ад іх выканання, што прымушала кіраўнікоў адміністрацыі зноў звяртацца ў суды рэгіянальных канфедэрацый. Таргавіцкія суды таксама скасоўвалі самастойныя захады гарадоў, накіраваныя на ліквідацыю аўтаноміі кагалаў і падпарадкаванне яўрэйскага насельніцтва гарадскім законам.

У раздзеле 4.2 “Пытанні палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця ў дакументах Таргавіцкай канфедэрацыі” паказана, з дапамогай якіх аргументаў абгрунтоўвалася неабходнасць умяшання канфедэрацыі ў грамадскія працэсы.

На старонках таргавіцкіх універсалаў канфедэраты праводзілі завочную дыскусію са сваімі палітычнымі апанентамі па шырокім коле пытанняў замежнай і ўнутранай палітыкі, сацыяльнага развіцця. Іх агульны змест быў пабудаваны на апаніраванні рэформам Чатырохгадовага сойма. У яго дзейнасці таргавічане бачылі небяспечную спробу ўзмацніць цэнтральныя інстытуты дзяржавы за кошт пазбаўлення значэння такіх грамадскіх структур, як царква, правінцыя, рэгіён і саслоўе. На думку таргавічан, Чатырохгадовы сойм узурпіраваў уладу пасля таго, як у 1790 г. вызваліў сваіх паслоў ад неабходнасці падпарадкоўвацца інструкцыям выбаршчыкаў. З гэтага часу адносіны паміж людзьмі пачалі рэгламентавацца пераважна паперамі, а не комплексам звычаяў і традыцый, сфарміраваных цягам мінулых стагоддзяў. У кантэксце вяртання парушаных традыцый таргавічанамі актыўна выкарыстоўвалася тэма аднаўлення дзяржаўных прэрагатываў ВКЛ.

Пры вывучэнні праграмных дакументаў канфедэрацыі намі была пастаўлена задача вызначыць сістэму паняццяў, якія ўжываліся іх аўтарамі. Для гэтага аналіз дакументаў руху праводзіўся шляхам выяўлення ў іх тэкстах асноўных сэнсавых катэгорый, вызначэння перыядычнасці іх ужывання і ўзаемасувязей. Найчасцей у тэкстах канфедэрацыі прысутнічалі тэрміны “свабода” і “вера”. Паняцце рэлігіі таргавічане ўжывалі непарыўна з катэгорыяй грамадзянскай свабоды, разглядаючы іх у якасці галоўных прынцыпаў развіцця грамадства. “Крызіс веры” апісваецца імі як сімптом разбурэння сацыяльных структур, а выйсце з яго набывае выгляд канкрэтных захадаў па ўпарадкаванні дзейнасці Касцёла. Тэрмін “уласнасць” разглядаецца канфедэратамі пераважна на карпаратыўным узроўні. У разуменні таргавічан, дабрабыт індывіда палягае на прэрагатывах, уласцівых яго саслоўнай групе, а замах на ўласнасць акрэсліваецца як пазбаўленне саслоўяў належных ім палітычных і эканамічных прэрагатываў. Гэта адбылося, калі Чатырохгадовы сойм адмяніў манаполію саслоўяў на характэрныя для іх заняткі. Канфедэрацыя прымала адваротныя рашэнні, паводле якіх прадстаўнікі гарадоў былі выдалены з цэнтральных інстытутаў дзяржавы, а ад шляхціцаў патрабавалі адмовіцца ад прынятага імі гарадскога права. Была таксама адменена рэкруцкая павіннасць для сялян.

Знешнепалітычная праграма кіраўнікоў руху была пабудавана на ідэі саюза з Расійскай імперыяй, падтрымка якой разглядалася як гарантыя захавання дзяржавы, а таксама сродак спынення распаўсюджвання ўнутры краіны разбуральных уплываў, крыніцай якіх называлася рэвалюцыйная Францыя.

таргавіцкая шляхецкая канфедэрацыя

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Такім чынам, у перыяд з мая 1792 г. па верасень 1793 г. на землях ВКЛ функцыі палітычнай улады рэалізоўвалі інстытуты Таргавіцкай канфедэрацыі. Іх дзейнасць мела ўзгоднены характар і была накіравана на вырашэнне комплексу распарадча-арганізацыйных, судовых і ідэалагічных задач.

Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі

1. Таргавіцкая канфедэрацыя з'яўлялася сродкам рэалізацыі палітычных інтарэсаў Расійскай імперыі на землях Рэчы Паспалітай. У перыяд, які папярэднічаў Таргавіцкай канфедэрацыі, разгортваўся канфлікт Расійскай імперыі з Рэччу Паспалітай, які схіляў расійскіх кіраўнікоў шукаць спосабы яго хуткага вырашэння на сваю карысць. Падрыхтоўчая праца па стварэнні Таргавіцкай канфедэрацыі распачалася ў лютым 1791 г. пасля таго, як расійскае пасольства вычарпала спосабы дыпламатычнага ўздзеяння на падзеі ў Варшаве, а развіццё Французскай рэвалюцыі прымусіла Кацярыну ІІ адмовіцца ад ініцыявання ўнутры Рэчы Паспалітай саслоўна-рэлігійнай вайны, сцэнарый якой з 1789 г. распрацоўваў Р.А. Пацёмкін [4; 13].

У сакавіку-красавіку 1792 г. у Пецярбургу праходзіў заключны этап падрыхтоўкі Таргавіцкай канфедэрацыі. На ім ініцыятарам руху прыходзілася даказваць магчымасць рэалізацыі мэтаў расійскай палітыкі ў Рэчы Паспалітай уласнымі сіламі, бо расійскім кіраўніцтвам разглядаліся альтэрнатыўныя сцэнарыі інтэрвенцыі на землі Рэчы Паспалітай. У такой сітуацыі для канфедэратаў было важным засведчыць самастойнасць свайго руху і паказаць яго падтрымку ўнутры краіны. Разыходжанні ў поглядах Ш. Касакоўскага з С. Шчэнсным Патоцкім і С. Жавускім у лютым-красавіку 1792 г. прывялі да размежавання канфедэрацкіх рухаў у ВКЛ і Польскім Каралеўстве. Механізмы іх разгортвання істотна адрозніваліся паміж сабой. На землях Польскага Каралеўства, у мястэчку Таргавіца, спачатку была абвешчана Генеральная канфедэрацыя, потым узнікалі падпарадкаваныя ёй інстытуты ў ваяводствах і паветах. На тэрыторыі ВКЛ у маі-чэрвені 1792 г. адбылося абвяшчэнне першых рэгіянальных канфедэрацый, якія праз пэўны час стварылі цэнтральнае кіраўніцтва рухам. У адпаведнасці з гістарычнай традыцыяй абвяшчэнне Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ адбылося ў Вільні 25 чэрвеня 1792 г. [1; 5; 6].

2. На землях ВКЛ канфедэрацыі былі абвешчаны ў кожным адміністрацыйным цэнтры ваяводства і павета, акрамя тых, якія сталі сталіцамі новых паветаў у выніку адміністрацыйнай рэформы 1791 г. Выключэннем у гэтым шэрагу быў г. Слуцк. Ініцыятары руху імкнуліся кантраляваць яго разгортванне ў рэгіёнах. Паколькі ў ВКЛ Генеральная канфедэрацыя была абвешчана пазней за канфедэрацыі ніжэйшага ўзроўню, адзінай прававой падставай такога кантролю быў статус рэгіментарыя войска ВКЛ, які ў маі 1792 г. Кацярына ІІ надала Ш. Касакоўскаму. Рэгіянальныя канфедэрацыі ўтвараліся праз яго давераных асоб, якія пазней атрымалі найменне консулаў Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ. З дапамогай расійскіх войскаў яны зацвярджалі подпісамі шляхты акты аб утварэнні канфедэрацый, складзеныя на адзін ўзор. Ш. Касакоўскі разлічваў на працягу месяца, яшчэ да ўваходу расійскіх войскаў у Вільню, стварыць канфедэрацыі ў шмат якіх адміністрацыйных цэнтрах. Такі план рэалізаваны не быў. У большасці паветаў канфедэрацыі ўзніклі ў значна больш позні, чым планавалі арганізатары руху, тэрмін, многія з іх - толькі ў выніку таго, што да Таргавіцкай канфедэрацыі далучыўся кароль. Канстатацыяй слабых пазіцый таргавічан у грамадстве сталі лісты генерал-аншэфа расійскіх войскаў М.М. Крачэтнікава, які адкрыта пісаў кіраўніцтву, што абяцанні Ш. Касакоўскага не спраўдзіліся. Шляхта не падтрымала палітычныя ініцыятывы Расіі і не пачала добраахвотна далучацца да канфедэрацыі [4; 8; 13].

3. Формай рэгулявання індывідуальных адносін паміж канкрэтнымі шляхціцамі і канфедэрацкім кіраўніцтвам з'яўляліся так званыя акцэсы - дакументы ўваходу шляхты ў канфедэрацкі саюз. У адных выпадках іх складанне з'яўлялася сведчаннем падтрымкі руху, у другіх - толькі актам асабістага прызнання канфедэрацыі ўладай у краіне. Для шляхты такая працэдура перастала быць прадметам палітычнага выбару ў выніку далучэння да Таргавіцкай канфедэрацыі караля з войскам. Пасля спынення баявых дзеянняў адмова скласці акцэс трактавалася як непадпарадкаванне дзяржаўнаму кіраўніцтву. Працэдуру далучэння істотным чынам ускладнялі аспекты этыкі шляхецкіх паводзін, бо ў лютым 1792 г. шляхта звязала сябе клятвай вернасці Канстытуцыі 3 мая, а тэкст далучэння да канфедэрацыі ўтрымліваў абяцанне ўсімі сіламі Канстытуцыю знішчаць. Не жадаючы цалкам дзейнічаць насуперак публічна засведчаным перакананням, многія прадстаўнікі шляхты прыступалі да канфедэрацыі не так, як таго патрабавала таргавіцкае кіраўніцтва. Вялікая колькасць акцэсаў была складзена без слоў прысягі, якую патрабавала канфедэрацыя, без пацвярджэння факта далучэння да руху ўласнай рукой, з перакладаннем палітычнай адказнасці за здзейснены крок на манарха. У гэтай сувязі робіцца відавочным, што выразам індывідуальных палітычных поглядаў шляхціца з'яўляўся не сам факт шляхецкага акцэсу, а форма, у якой ён прыступаў да канфедэрацыі [3].

4. Функцыянаванне інстытутаў Таргавіцкай канфедэрацыі адбывалася ў форме сістэмнай арганізацыі з прынцыпамі іерархічнага падзелу. Таргавіцкі адміністрацыйны апарат дзейнічаў на двух узроўнях. Рухам сумесна кіравалі Генеральныя канфедэрацыі ВКЛ і Польскага Каралеўства, якія аб'ядналіся ў агульную структуру на ганаровым з'ездзе ў Брэсце 11 верасня 1792 г. Ім падпарадкоўваліся канфедэрацыі ў ваяводствах і паветах, размешчаныя на ніжэйшым узроўні адміністрацыйнай іерархіі. Унутры таргавіцкай сістэмы цэнтральнаму кіраўніцтву належалі функцыі вызначэння палітычнай праграмы, асноўных кірункаў сацыяльнай палітыкі, міжнародныя дачыненні. Рэгіянальныя канфедэрацыі ў адрозненне ад кіраўніцтва рэдка акцэнтавалі ўвагу на палітычных матывах сваёй дзейнасці, часцей яны дэкларавалі імкненне дзейнічаць у рамках задачы аднаўлення судаводства, спыненага ў паветах, і абароны насельніцтва ад злоўжыванняў расійскага войска. Кантроль над дзейнасцю мясцовых канфедэрацый кіраўніцтва руху ажыццяўляла ў форме разгляду іх штомесячных справаздач, апеляцый на рашэнні канфедэрацкіх судоў першай інстанцыі, скаргаў з боку насельніцтва [5; 10].

Ваяводскія і павятовыя канфедэрацыі выконвалі ролю пасрэдніцкіх інстытутаў у стасунках насельніцтва з вайсковымі аддзеламі Расійскай імперыі. Канфедэрацкія суды атрымалі магчымасць разглядаць канфлікты расійскіх вайскоўцаў з мясцовымі жыхарамі, пры гэтым рашэнні па такіх справах звычайна выносілі на карысць апошніх. З іншага боку, канфедэрацыі рэгулярна звярталіся па дапамогу да расійскіх войскаў у сітуацыях, якія патрабавалі ад іх выкарыстання прымусовых рэсурсаў улады, што павялічвала незадаволенасць канфедэрацыяй у грамадстве і дазваляла шляхце ставіць пад сумнеў законнасць яе дзеянняў. Канфедэрацыі былі адказныя за забеспячэнне войскаў правіянтам і фуражом. Узаемаадносіны па гэтым пытанні канфедэратаў, расійскіх войскаў і мясцовага насельніцтва набылі канфліктны характар [5; 12].

5. Таргавіцкая канфедэрацыя мела характар надзвычайнай улады. Яе ўтварэнне прыпыніла функцыянаванне пастаянных дзяржаўных інстытутаў, што мела ўплыў на характар крымінагеннай сітуацыі. Дзейнасць канфедэрацыі праходзіла на фоне актывізацыі шляхецкіх наездаў, павелічэння нелегальнай міграцыі, рабаўніцтва, іншых грамадскіх канфліктаў, значная частка якіх была абумоўлена прычынамі, далёкімі ад палітыкі. Інстытуты Таргавіцкай канфедэрацыі атрымалі больш шырокія судовыя паўнамоцтвы ў параўнанні з канфедэрацыямі, якія існавалі ў папярэднія часы, але агульную задачу па выпраўленні сітуацыі ў гэтым кірунку не выканалі. Дзейнасць канфедэрацыі не прадугледжвала падзелу выканаўчых і судовых кампетэнцый. Функцыі суддзяў належалі маршалкам, пісарам і консулам мясцовых канфедэрацый. На працягу існавання канфедэрацыі назіралася паступовае скарачэнне паўнамоцтваў яе інстытутаў, звязанае з аднаўленнем дзейнасці ў краіне выканаўчых і судовых органаў улады. Ліквідацыя структур Таргавіцкай канфедэрацыі на землях ВКЛ праходзіла ў два этапы: спачатку - на тэрыторыі, далучанай да Расійскай імперыі ў красавіку 1793 г., а на астатняй тэрыторыі - 15 верасня 1793 г. рашэннем Гродзенскага сойма [5; 12].

6. З дапамогай арганізацыйна-распарадчых дакументаў Таргавіцкая канфедэрацыя санкцыянавала працэс рэвізіі і частковай замены нормаў грамадскага жыцця, якія ўсталявалі ў Рэчы Паспалітай папярэднія носьбіты палітычнай улады. Сваю дзейнасць канфедэраты лічылі рэакцыяй часткі грамадства на рэформы Чатырохгадовага сойма, якія называлі шкоднымі для краіны. Дакументы таргавічан сцвярджалі прыярытэт традыцый над зменлівымі нормамі права. Праграмныя палажэнні канфедэрацыі даводзілі неабходнасць захавання асноўных кампанентаў феадальнага грамадства, што прадугледжвала замацаванне манаполіі саслоўяў на характэрныя для іх віды заняткаў, наданне партыкулярным інтарэсам прыярытэтнага значэння ў грамадстве. Непасрэднае адлюстраванне ў змесце таргавіцкіх дакументаў знайшлі геапалітычныя абставіны ўзнікнення руху. Існаванне канфедэрацыі супала з часам барацьбы манархаў Еўропы з Французскай рэвалюцыяй і павінна было спыніць распаўсюджванне ліберальных ідэй у Рэчы Паспалітай. Можна сцвярджаць, што ў асноўных пунктах палітычная праграма таргавічан адпавядала ідэалогіі еўрапейскага кансерватызму [2; 7; 9; 10; 11].

Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў

Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе даследавання, паспяхова ўведзены ў навучальны працэс. Работа мае практычнае значэнне з пункту гледжання ўвядзення ў навуковы ўжытак многіх архіўных матэрыялаў, выкарыстанне якіх дазваляе стварыць спецыяльныя курсы па гісторыі ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, дзейнасці ў ХVIII ст. інстытутаў палітычнай улады. Палажэнні і высновы дысертацыі прыдатныя для выкарыстання ў падрыхтоўцы спецыяльных і абагульняючых работ па гісторыі Беларусі, падручнікаў для ВНУ і сярэдніх школ. Вынікі даследавання маюць значнасць пры арганізацыі пасяджэнняў навуковых “круглых сталоў”, міжнародных даследчых праектаў з удзелам спецыялістаў па палітычнай гісторыі, гісторыі права і міжнародных адносін Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Структура і методыка даследавання могуць быць прыменены ў працэсе вывучэння іншых канфедэрацкіх рухаў, якія дзейнічалі ў розны час на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

...

Подобные документы

  • Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў у XIV – першай палове XV ст. Прычыні варожых адносін Вялікага княства Літоўскага з Масквой. Ваенныя няўдачы 1500 г. та унія з Польшчай. Ваенная кампанія 1507 г., звязана з паўстаннем у ВКЛ.

    реферат [16,2 K], добавлен 28.11.2009

  • Калыска беларускай дзяржаўнасці і месца, дзе фарміравалася беларуская народнасць. Назва Вялікага Княства. Утварэння Вялікага княства Літоўскага, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел беларускіх зямель у ХVI ст.

    реферат [35,9 K], добавлен 08.04.2012

  • Фарміраванне адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, форм іх землеўладання і землекарыстання у ВКЛ у XIV – першай палове XVI ст. Рост велікакняжацкай улады. Палітычны лад Вялікага княства Літоўскага, мясцовае кіраванне.

    реферат [16,7 K], добавлен 28.11.2009

  • Канстытуцыя 3 мая 1791 г. і заняпад Рэчы Паспалітай. Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту. Грамадзка-палітычнае й духовае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага у сярэдзіне XVI ст. Ідэалёгія асноўных накірункаў заходнеэўрапейскага пратэстантызму.

    реферат [23,3 K], добавлен 27.08.2011

  • Перамога войск Вялікага княства Літоўскага на чале з Альгердам над татара-манголамі на рэках Сінія Воды і Ворскла. Гістарычнае значэнне разгрома крыжакоў пад Грунвальдам. Войны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай у канцы XV-XVI ст.

    контрольная работа [34,9 K], добавлен 24.11.2010

  • Тры розныя падыходы да разгляду гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Канцэпцыя ўтварэння ВКЛ М. Ермаловіча. Барацьба Полацкага княства з ордэнам мечаносцаў, адпор полчышчам татара-манголаў. Аб'яднальны працэс заходнерускіх зямель пры князі Гедыміне.

    реферат [30,3 K], добавлен 28.11.2009

  • Аналіз нормаў Статута 1588 г., што вызначылі структуру, кампетэнцыю, характар дзейнасці цэнтральных устаноў і службовых асоб. Агляд найбольш важных норм цывільнага, дзяржаўнага, ваеннага права, асаблiвасцей крымінальнага права Вялікага княства Літоўскага.

    контрольная работа [33,2 K], добавлен 29.06.2011

  • Першае збліжэнне Вялікага княства Літоўскага і Польскай дзяржавы. Пачатак Лівонскай вайны. Пытанне заключэння уніі з Польшчай, особеності вылучаных патрабаванняў. Вялікае княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай, характарыстыка палажэнняў Статута 1588.

    реферат [17,8 K], добавлен 28.08.2011

  • Значэнне ўтварэння Вялікага княства Літоўскага для эканамічнага развіцця Беларусі. Сельскагаспадарчая вытворчасць, формы землеўладання і землекарыстання XIII-XVI ст. Павіннасці і катэгорыі сялян. Жывёлагадоўля, сялянская гаспадарка, формы павіннасцяў.

    реферат [50,2 K], добавлен 21.01.2011

  • У канцы 30 - 40-ых гадоў XIII ст., калі землі ўсходніх славян папалі пад мангола-татарскае ярмо, у Панямонні, на балта-славянскім сумежжы узнікае новая дзяржава - Літоўскае ці, Вялікае Наваградскае княства. Пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі.

    реферат [47,1 K], добавлен 10.06.2008

  • Знешнепалітычнае становішча ва Ўсходняй Еўропе напярэдадні пачатку літоўска-маскоўскай канфрантацыі. Узмацненне канфрантацыі паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай у 70-х гг. XV ст., іх першыя ваенныя сутыкненні. Войны 1507–1508, 1512–1522, 1534-1537 гг.

    курсовая работа [80,6 K], добавлен 04.03.2010

  • Беларускі тэрыторыі у складзе ВКЛ – час далейшага прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, рамястве і развіцця феадальных адносін. Існаванне гарадоў з магдэбургскім правам. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй, набегамі ардынцаў і суперніцтва з Маскоўскай дзяржавай.

    реферат [51,6 K], добавлен 15.12.2010

  • Ігнацый Юзаф Літавор (Іаахім Храптовіч) - грамадскі, палітычны i дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, прыхільнік фізіякратызму на Беларусі, публіцыст, паэт, перакладчык; стваральнік i член Адукацыйнай камісіі па кіраўніцтве народнай асветай.

    реферат [16,0 K], добавлен 19.11.2012

  • Грамадска-палітычнае жыццё Aшмянскага павета ў складзе Расійскай Імперыі. Палітыка расійскага урада на далучаных землях. Вайна 1812 года. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух. Дынаміка і структура насельніцтва. Гаспадарка і становішча сялян.

    курсовая работа [56,4 K], добавлен 19.11.2012

  • Вывучэнне сутнасці, перадумовы прыняцця, станоўчых і адмоўных бакоў Люблінскай уніі. Вызначэнне ўмоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага на палітычнай арэне XV-XVI ст. Высвятленне асноўных момантаў і вынікаў аб'яднання дзяржавы ў Рэч Паспалітую.

    контрольная работа [272,9 K], добавлен 08.08.2010

  • Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Палітычнае становішча ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. Асноўныя накірункі развіцця ВКЛ у XV ст. Палітычнае становішча Беларусі. Дзяржаўны лад і органы кіравання. Гаспадарчае развіцце беларускіх зямель.

    курсовая работа [99,9 K], добавлен 21.01.2011

  • Рэч Паспалітая - федэрацыя Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, якая ўзнікла ў выніку Люблінскай уніі ў 1569 годзе і ліквідаваная ў 1795 годзе з падзелам паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Перадумовы і гістарычнае значэнне Люблінскай уніі.

    контрольная работа [33,1 K], добавлен 26.09.2012

  • Аб’ектыўнае вывучэнне і аналіз вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у кантексце гісторы Беларусі. Выразны захопніцкі характар, прычыны і падрыхтоўка да вайны Расіі з Рэччу паспалітай 1654-1667 гг. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.

    курсовая работа [37,0 K], добавлен 28.03.2010

  • Прычыны, якія прывялі да вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Стан Расіі напярэдадні вайны, яе дыпламатычная палітыка, палітыка царызму на акупаванай тэрыторыі. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў 1654-1655 та 1656-1667 гг.

    курсовая работа [32,4 K], добавлен 03.07.2010

  • Старажытнарускае права (Руская Праўда). Прычыны і асноўныя рысы кадыфікацыі ў 15 стагоддзі. Значэнне агульназямельных прывілеяў у прававой сістэме Вялікага Княства Літоўскага 15 стагоддзя. Аналіз утрымання нормаў прывілею 1447 гады, Судзебніка 1468 гады.

    реферат [20,4 K], добавлен 27.07.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.