Традыцыя паэзіі Максіма Танка з акцэнтаванай нацыянальна-культурнай канцэптуальнасцю ў беларускім верлібры XX – пачатку XXI стагоддзя

Вызначэнне ступені даследаванасці ў беларускім літаратуразнаўстве праблемы прэзентацыі нацыянальнага ў верлібры. Аналіз нацыянальнай змястоўнасці ў свабодных вершах М. Танка, як іх канстытутыўную рысу. Даследаванне семантыкі у верлібрах А. Разанава.

Рубрика Литература
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 62,3 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

УДК821.161.3-1.09«19/20»(043.3)

Аўтарэферат

дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук

Традыцыя паэзіі Максіма Танка з акцэнтаванай нацыянальна-культурнай канцэптуальнасцю ў беларускім верлібры XX - пачатку XXI стагоддзя

па спецыяльнасці 10.01.01 - беларуская літаратура

Дубоўская Таццяна Аляксандраўна

Мінск, 2015

Работа выканана ва ўстанове адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава»

Навуковы кіраўнік: Сінькова Людміла Дзмітрыеўна, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Афіцыйныя апаненты:

Гніламедаў Уладзімір Васільевіч, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»

Лявонава Ева Аляксандраўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры замежнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Апаніруючая арганізацыя: УА «Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт»

Абарона адбудзецца 27 лістапада 2015 года ў 14.30 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.12 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце (220030, г. Мінск, вул. К. Маркса, 31, філалагічны факультэт, аўд. 62; тэл. вучонага сакратара: 327-63-78).

З дысертацыяй можна пазнаёміцца ў Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Аўтарэферат разасланы « » кастрычніка 2015 г.

Вучоны сакратар савета па абароне дысертацый М. М. Хмяльніцкі.

Уводзіны

Крызіс нацыянальнай, ментальнай самаідэнтыфікацыі, ідэнтычнасці (у анталагічным і аксіялагічным планах) - канцэптуальная праблема, якую актыўна даследуюць сучасныя навукоўцы. Посткаланіяльны свет разбурае не толькі метанаратывы, але і больш дробныя дыскурсы - можна сказаць, што ўсё цэласнае бясконца разбураецца. Цяперашняя эпоха як крызісная характарызуецца якраз гэтай праблематыкай: чалавек страчвае цэласнае ўяўленне пра свет і пра сябе. І тэарэтыкі посткаланіялізму, і літаратуразнаўцы адзначаюць, што асоба вымушана перажываць гэты свой стан татальнай памежнасці, гібрыднасці, падлегласці хвалям глабалізацыі, якія сціраюць пэўнасць паміж сваім і чужым. Разам з тым цэласнасць светаадчування і светаадлюстравання, душэўная гармонія і духоўная моц сучаснага чалавека застаюцца прыярытэтнымі каштоўнасцямі як у рэальным жыцці грамадства, так і ў мастацтве. Апошняе як мадэль жыцця заўсёды прэзентуе свайго творцу ў яго этнічнай, нацыянальнай пэўнасці.

Адной з самых развітых мастацкіх форм для адлюстравання сучаснасці ў лірыцы з'яўляецца верлібр. Свабодны верш ХХ стагоддзя на Захадзе ў сваёй жанравай сутнасці аформіўся і замацаваўся як з'ява авангарда (у прыватнасці, у англамоўнай паэзіі), як форма прынцыпова свабодная ад канвенцыйнай дысцыпліны, кананічнай пэўнасці. Верлібр невыпадкова стаў самай распаўсюджанай лірычнай формай для выяўлення найперш філасофскага зместу. Свабодны верш арганічна адпавядае ўстаноўкам на максімальную творчую свабоду паэта. Пры гэтым у кожнай нацыянальнай літаратурнай традыцыі верлібр мае свае адметныя мадыфікацыі, звязаныя з імёнамі вялікіх творцаў.

У беларускай літаратуры ХХ ст. названая тэндэнцыя разняволення паэтычнага выказвання выявілася надзвычай выразна. Яна прасочваецца найперш у творчасці класікаў беларускага прыгожага пісьменства: Вацлава Ластоўскага, Максіма Багдановіча, Максіма Танка. Гэтыя паэты ў значнай ступені выявілі такія тэндэнцыі, актуальныя для мастацтва ХХ ст., як адлюстраванне разбуранасці быцця, раскрыццё асабовай актыўнасці, пошукаў суб'екта па гарманізацыі свету ў часы навуковых адкрыццяў, сацыяльных катастроф і пераўтварэнняў сусветных маштабаў. Разам з тым менавіта М. Танк стаў заснавальнікам той традыцыі, якую прадоўжылі знакамітыя беларускія творцы ХХ ст.: звязваць у свабодным вершы падкрэсленую, тэндэнцыйна вылучаную нацыянальна-культурную канцэптуальнасць з універсальна-філасофскім ідэйным зместам.

Прэзентацыя нацыянальнага ў верлібрах, створаных паэтамі Беларусі, як спецыяльная праблема асобна не вылучалася і не даследавалася айчыннымі тэарэтыкамі і гісторыкамі літаратуры. Між тым канцэпты з нацыянальнымі канатацыямі выразна вызначаюць аблічча беларускага верлібра, вылучаюць яго ў шырокай плыні сусветнай верлібравай паэзіі.

Актуальнасць дысертацыі абумоўлена: 1) недастатковай вывучанасцю свабоднага верша ў беларускім літаратуразнаўстве з пункту гледжання нацыянальнай маркіраванасці яго жанравай паэтыкі; 2) наспелай патрэбай у новым звароце да спадчыны Максіма Танка з вылучэннем паняцця «танкаўская традыцыя ў беларускім верлібры»; 3) запатрабаванасцю ў культурнай прасторы Рэспублікі Беларусь мастацкіх узораў з папулярызацыяй нацыянальнай спадчыны як у рэгіянальных, так і агульнанацыянальных, універсальных аспектах.

Агульная характарыстыка работы

Сувязь работы з навуковымі праграмамі і тэмамі

Дысертацыя выканана ў рамках тэмы «Заканамернасці і тэндэнцыі развіцця беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стст.», якая распрацоўваецца на кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (№ д/р 2113921, тэрмін выканання: 1 кв. 2011 - 4 кв. 2015 г., этап: «Літаратура і сучасная культура») і ўваходзіць у Дзяржаўную праграму фундаментальных даследаванняў «Беларуская мова і беларуская літаратура ў гістарычным развіцці і сучасным грамадстве, іх сувязь і ўзаемадзеянне з іншымі мовамі і сусветным літаратурным працэсам».

Мэта і задачы даследавання

Мэтай дысертацыі з'яўляецца вызначэнне спецыфікі беларускага верлібра ХХ - пачатку ХХІ ст. як мастацкай формы з акцэнтаванай нацыянальна-культурнай канцэптуальнасцю, што было замацавана ў паэзіі М. Танка і зрабілася танкаўскай традыцыяй у пазнейшым беларускім верлібры.

Акрэсленая мэта рэалізуецца з дапамогай вырашэння наступных задач:

1) вызначыць ступень даследаванасці ў беларускім літаратуразнаўстве праблемы прэзентацыі нацыянальнага ў верлібры;

2) выявіць дамінанту нацыянальнай змястоўнасці ў свабодных вершах М. Танка як іх канстытутыўную рысу;

3) вылучыць канцэпты з агульнаславянскай і нацыянальна-беларускай семантыкай у верлібрах А. Разанава;

4) вызначыць канцэптуальныя вобразы нацыянальнага зместу ў свабодных вершах У. Арлова;

5) вылучыць і ахарактарызаваць нацыянальныя канатацыі ў нямецкамоўных вершах А. Разанава;

6) выявіць трансфармацыю нацыянальна-культурнага зместу верлібраў М. Танка пры перакладзе з беларускай на рускую мову.

Аб'ектам даследавання выступае беларускі верлібр XX -пачатку XXI ст. у яго хрэстаматыйных і аўтарытэтных узорах (творы М. Танка, А. Разанава, У. Арлова). Прадметам даследавання з'яўляюцца вобразы і канцэпты з нацыянальна-культурным зместам як найважнейшыя складнікі свабодных вершаў М. Танка і яго паслядоўнікаў у жанравай форме беларускага верлібра XX - пачатку XXI ст.

Матэрыялам даследавання паслужылі тэксты са збору твораў М. Танка ў 13 тамах (2006-2012), паэтычныя зборнікі А. Разанава «Вастрыё стралы: версэты, паэтычныя мініяцюры» (1988), «Танец з вужакамі: выбранае» (1999), «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007), «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009), «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010), «Hannoversche Punktierungen» (2002), «Wortdichte» (2003), «Der Zweig zeigt dem Baum wohin er wachsen soll: Gedichte» (2006), «Das dritte Auge: Punktierungen» (2007), «Der Mond denkt, die Sonne sinnt: Wortdichte» (2011) і У. Арлова «Там, за дзвярыма: Вершы ў прозе» (1991), «Фаўна сноў: Вершы» (1995), «Сьвецяцца вокны ды нікога за імі: Вершы» (2012), а таксама зборнік перакладаў Я. А. Хялемскага «Танк Максим. Нарочанские сосны: Книга новых стихов» (1982).

Навуковая навізна

У дадзенай дысертацыі беларускі верлібр ХХ - пачатку XXI ст. упершыню вызначаны як мастацкая форма, у якой суб'ект паэтычнага выказвання імкнецца гарманізаваць свет на грунце ментальна-нацыянальным. Упершыню аргументавана даказваецца, што М. Танк зрабіў акцэнт на вобразах з падкрэсленымі нацыянальна-культурнымі канатацыямі ў верлібры менавіта галоўным, неадменным кампанентам гэтай формы вершавання. Такая аўтарская інтэнцыя ўпершыню вызначаецца як адна з вядучых характарыстык верлібраў М. Танка - танкаўская традыцыя. У дысертацыі даказана, што гэтая традыцыя - рабіць абавязковы акцэнт у свабодным вершы на вобразах з нацыянальнай канцэптуальнасцю - найбольш паслядоўна развіта А. Разанавым (як у беларускамоўных, так і ў нямецкамоўных верлібрах) і У. Арловым.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Беларускі верлібр у сусветным кантэксце вылучаецца спецыфічнасцю аўтарскай устаноўкі, якая грунтоўна сцвердзілася ў лірыцы М. Танка: ён першым з беларускіх лірыкаў свядома, праграмна, мэтанакіравана і паслядоўна замацаваў у форме верлібра прысутнасць уласнабеларускай міфапаэтыкі, гісторыі, этнаграфіі (найперш праз рознаўзроўневыя артэфакты - ад рэчаў да мовы). Гэтая аўтарская інтэнцыя з'яўляецца адной з асноўных характарыстык верлібраў М. Танка і зрабілася традыцыяй М. Танка. Яна звязана са звышзадачай паэта: у сувязі з нявырашанасцю многіх праблем нацыянальнага адраджэння ў беларускай культуры ХХ ст. як мага паўней у актуальнай форме раскрыць культуру і менталітэт беларускага народа. Падобная скіраванасць адрознівае айчынны верлібр ад большасці ўзораў гэтай мастацкай формы ў літаратурах замежжа, дзе яна арыентаваная перадусім на абстрактнае мысленне, а праблемы нацыянальнага адраджэння не стаяць на парадку дня. У свабодных вершах М. Танка асэнсоўваюцца глабальныя праблемы, аднак аснова вобразаў, рэчыўны свет, канкрэтыка, лад маўлення маюць спецыяльна акцэнтаваную нацыянальную афарбоўку. Паколькі праз канцэпт раскрываецца вертыкальны зрэз культуры, у свабодных вершах мастака прысутнічаюць таксама вобразы з выразнымі слядамі агульнаславянскай міфалогіі як маркёра ментальна-нацыянальнага зместу, што пацвярджае класічны статус М. Танка як вялікага паэта славянскага свету.

2. Найбольш глыбокае, творчае засваенне і развіццё традыцый патрыятычнага верлібра М. Танка назіраліся ў лірыцы А. Разанава: гэта прыклад не аналагічнага наследавання, а ідэйна-канцэптуальнай пераемнасці. Верлібры А. Разанава па форме непадобныя да танкаўскіх; у іх раскрываецца менш аптымістычнае, у параўнанні з танкаўскім, светаадчуванне; больш індывідуалізму, засяроджанасці на свеце адзінкі, асобы, якой некамфортна ў соцыуме. У творах А. Разанава відавочныя ўплывы экзістэнцыяльнага светаразумення: з абсурдам, неспасціжнасцю і патойбочнасцю сэнсаў, пошукамі паратунку ўнутры сябе. Аднак, падобна танкаўскім, канцэпты з агульнаславянскай і нацыянальна-беларускай семантыкай выступаюць у свабодных вершах А. Разанава тым апірышчам, грунтам, на якім асоба можа адшукаць свае цэласнасць і самаідэнтыфікацыю. Гэта апеляцыя да роду, радаводу, трывалых канстантаў беларускага быцця, традыцыйнай этнаграфічнай рэчыўнасці, што з'яўляецца асновай пераемнасці.

3. У верлібрах У. Арлова танкаўская традыцыя адлюстравання нацыянальнага зместу выяўляецца найбольш непасрэдна. Ідэі беларускага адраджэння ў верлібрах У. Арлова звязаны пераважна з гістарычнай тэматыкай. Паэтызацыя артэфактаў, аб'ектаў з гістарычным следам, з рэтраспектывай - адметная стылёвая рыса яго свабодных вершаў. У сваіх творах паэт звяртаецца да культурных феноменаў духоўнага жыцця праз рэчы і вобразы, якія сімвалізуюць мінулае і ўяўляюць сёння гісторыка-нацыянальную каштоўнасць. Найбольш частотнымі і прэзентатыўнымі вобразамі з акцэнтаванай нацыянальна-культурнай канцэптуальнасцю ў верлібрах У. Арлова з'яўляюцца выявы ідэальнага горада, чужой зямлі, сутоння, цягніка, жорнаў, лёхаў. Зваротам да нацыянальнай гісторыі абумоўлены таксама неарамантычныя інтанацыі ў стылёвай палітры верлібраў У. Арлова.

4. Нямецкамоўная творчасць А. Разанава, прадстаўленая жанравай формай Wortdichte, вызначаецца базіснай беларускай нацыянальна-культурнай вобразнасцю. У Wortdichte паэт часта выкарыстоўвае нямецкія лексемы, у якіх актуалізуецца семантыка, звязаная з беларускай культурай. У нямецкамоўных вершах А. Разанава выяўляюцца тыя канцэпты з адбіткамі славянскай і беларускай ментальнасці, што займелі пачатак у ранейшай творчасці пісьменніка, найперш у яго вершаказах.

5. Свабодныя вершы з кніг-білінгваў «Гановерскія пункціры» і «Трэцяе вока» па сваёй жывапіснасці падобныя да беларускамоўных пункціраў А. Разанава: традыцыйныя для беларускіх мініяцюр вобразы знайшлі сваё адлюстраванне не толькі ў Wortdichtе, але і ва ўсёй нямецкамоўнай творчасці паэта. Еўрапейскія карані, еўрапейскі ўрбаністычны характар беларускай ментальнасці сугестыўна перадаюцца чытачу разанаўскіх пункціраў, замацоўваючы ў чытацкай свядомасці высокі статус айчыннай культуры.

6. Надзвычай выразна нацыянальна-культурная канцэптуальнасць выяўляецца таксама ў мастацкіх перакладах, дзе ўзнікае іншародны фон, адбываецца міжкультурная камунікацыя; гэта пацвярджаецца праведзеным аналізам перакладаў верлібраў М. Танка на рускую мову. Найбольш вядомыя і прызнаныя з іх зроблены Я. Хялемскім. Нацыянальныя маркіроўкі танкаўскага верлібра стварылі максімальныя цяжкасці для перакладчыка пры вырашэнні такой задачы, як пошук адпаведнікаў для безэквівалентнай лексікі, што пазначае культурна-побытавыя асаблівасці, фальклорныя традыцыі беларусаў. Я. Хялемскі ў большасці выпадкаў захаваў нацыянальна маркіраваныя канатацыі ў паэтычным слове М. Танка як асноўныя, базісныя для верлібравай асацыятыўнай вобразнасці. Гэтым здабытак Я. Хялемскага адрозніваецца ад большасці перастварэнняў танкаўскіх верлібраў на рускай мове (М. Браўн, П. Сямынін, Б. Ірынін, К. Алтайскі, І. Бурсаў, П. Шубін, В. Колычаў, А. Андрэеў, І. Васілеўскі і інш.), у якіх нацыянальны складнік перадаецца неадэкватна. У падобных выпадках рускамоўны чытач пазбаўлены магчымасці адчуць і зразумець не толькі паэзію М. Танка, але і ідэйна-мастацкую спецыфіку класічнага беларускага верлібра ў цэлым.

Асабісты ўклад саіскальніка

Дысертацыя выканана цалкам самастойна. Аўтарам упершыню ў новым ракурсе прааналізаваны свабодныя вершы Максіма Танка: з вылучэннем і вызначэннем іх нацыянальна-культурнай канцэптуальнасці, якая менавіта гэтым паэтам-наватарам была свядома і паслядоўна замацавана ў свабодным вершы, што гістарычна складваўся як форма медытатыўнай лірыкі. Дзякуючы вопыту М. Танка названая канцэптуальнасць пачала адыгрываць у верлібравай форме вядучую ролю; яна вызначана ў дысертацыі як танкаўская традыцыя ў беларускім свабодным вершы. Выяўлены яе засваенне і развіццё ў паэзіі Алеся Разанава і Уладзіміра Арлова, чые верлібры лагічна працягваюць і ўзбагачаюць кірунак, распрацаваны М. Танкам. Асобны акцэнт зроблены на вобразах беларускай культуры ў нямецкамоўных вершах А. Разанава і творах М. Танка ў перакладзе на рускую мову, паколькі нацыянальна-культурная канцэптуальнасць выяўляецца з асаблівай выразнасцю на іншакультурным фоне. Абгрунтавана палажэнне аб тым, што акцэнтаваная нацыянальна-культурная канцэптуальнасць - вядучая рыса свабодных вершаў М. Танка, А. Разанава, У. Арлова, якая вылучае беларускі верлібр на фоне сусветнай літаратурнай прасторы, дзе свабодны верш разглядаецца хутчэй як мастацкая форма інтэлектуальна-філасофскага напрамку без этнічных дамінантаў, з тэндэнцыяй да абстрагавання ад канкрэтна этнічнай глебы.

Артыкулы, у якіх апублікаваны вынікі даследавання, напісаны без суаўтараў і адлюстроўваюць уклад дысертанта ў беларускае літаратуразнаўства.

Апрабацыя дысертацыі і інфармацыя аб выкарыстанні яе вынікаў

Асноўныя палажэнні і вынікі дысертацыйнага даследавання прайшлі апрабацыю на наступных рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях: «Машеровские чтения»: международная научно-практическая конференция студентов, аспирантов и молодых ученых (Витебск, ВГУ имени П. М. Машерова, 24-25 марта 2009 г.; 28-29 октября 2010 г.; 29-30 сентября 2011 г.; 24-25 сентября 2013 г.); «Куляшоўскія чытанні»: міжнародная навукова-практычная канферэнцыя (Магілёў, МДУ імя А. А. Куляшова, 26-27 красавіка 2012 г.); «Содружество наук»: международная научно-практическая конференция молодых исследователей (Барановичи, БарГУ, 21-22 мая 2009 г.; 19-20 мая 2011 г.; 23-24 мая 2012 г.); XII Республиканская научно-методическая конференция молодых ученых (Брест, БрГУ имени А. С. Пушкина, 14 мая 2010 г.), XIII Республиканская научно-методическая конференция молодых ученых (Брест, БрГУ имени А. С. Пушкина, 13 мая 2011 г.); «Актуальные проблемы в изучении и преподавании общественно-гуманитарных наук (дисциплин)»: I Международная научная конференция (Витебск, Витебский филиал УО ФПБ «МИТСО», 2-3 декабря 2010 г.); «Беларуская мова і літаратура ў славянскім этнакультурным кантэксце»: рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя (Віцебск, ВДУ імя П. М. Машэрава, 21-22 кастрычніка 2010 г.); «От идеи - к инновации»: республиканская студенческая научно-практическая конференция (Мозырь, МГПУ имени И. П. Шамякина, 24 апреля 2008 г.; 23 апреля 2009 г.; 29 апреля 2010 г.; 28 апреля 2011 г.); «Образование XXI века»: региональная научно-практическая конференция студентов и магистрантов (Витебск, ВГУ имени П. М. Машерова, 24-25 марта 2010 г.; 24-25 марта 2011 г.; 29-30 марта 2012 г.); «Наука - образованию, производству, экономике»: региональная научно-практическая конференция преподавателей, научных сотрудников и аспирантов (Витебск, ВГУ имени П. М. Машерова, 13-14 марта 2013 г.; 13-14 марта 2014 г.).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Асноўныя палажэнні і вынікі дысертацыйнага даследавання знайшлі адлюстраванне ў 33 публікацыях (6,1 друк. арк.), сярод якіх 5 - артыкулы ў навуковых часопісах, рэкамендаваных ВАК (2,5 друк. арк.), 7 - артыкулы ў навуковых зборніках, 21 - матэрыялы навуковых канферэнцый.

Структура і аб'ём дысертацыі

Дысертацыя складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі работы, трох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спіса. Агульны аб'ём дысертацыі - 123 старонкі. Асноўны тэкст дысертацыі складаюць 103 старонкі. Бібліяграфія займае 20 старонак і ўтрымлівае 239 назваў (з іх 206 - спіс выкарыстаных крыніц, 33 - спіс публікацый саіскальніка вучонай ступені).

Асноўны змест дысертацыі

Першая глава «Выяўленне нацыянальнага ў верлібры: ступень даследаванасці праблемы ў беларускім літаратуразнаўстве» складаецца з двух раздзелаў і мае аглядава-аналітычны характар.

У раздзеле 1.1 «Тэрмін “канцэпт” у апісанні нацыянальна-культурнай семантыкі літаратурнага твора» на аснове аналізу навуковых прац С. А. Аскольдава, Ю. С. Сцяпанава, Д. С. Ліхачова, В. М. Тэліі, В. А. Маславай, Е. А. Лявонавай, Н. У. Валодзінай, А. С. Кубраковай, С. С. Нярэцінай, В. Я. Бяспалавай, Т. І. Васільевай і інш. даецца разгорнутая характарыстыка такіх дэфініцый, як «канцэпт», «мастацкі канцэпт», «канцэптасфера». Тэрмін «канцэпт» актыўна функцыянуе ў літаратуразнаўстве, захоўваючы шматзначнасць, якая адпавядае распаўсюджанай у сучаснай навуковай парадыгме тэндэнцыі да міждысцыплінарнасці. Мастацкі канцэпт - гэта складаная зместавая структура, у якой зліваюцца ў адзінае цэлае індывідуальна-аўтарскае разуменне і традыцыя нацыянальнага выкарыстання пэўных вобразаў.

Раздзел 1.2 «З гісторыі станаўлення беларускага верлібра і яго вывучэння ў ХХ - пачатку XXI ст.» мае два падраздзелы.

Падраздзел 1.2.1 «Развіццё беларускага верлібра ў творчасці паэтаў розных пакаленняў і яго ацэнкі ў літаратуразнаўчых працах» прысвечаны вывучэнню свабоднага верша і яго мадыфікацый у творчасці М. Багдановіча і В. Ластоўскага - пачынальнікаў пазначанай жанравай формы ў айчыннай паэзіі. Аналізуюцца літаратуразнаўчыя працы В. П. Рагойшы, І. Я. Навуменкі, У. В. Гніламедава, Р. С. Бярозкіна, Д. Я. Бугаёва, А. К. Кабаковіч, І. Д. Ралько, І. Э. Багдановіч, У. Ю. Верынай, В. У. Барысенка, Я. Я. Янушкевіча, І. М. Запрудскага, Л. Сільновай, у якіх даследуецца верлібравая творчасць вышэйназваных лірыкаў. Адзначаецца, што ў 1920-я гады верлібр - адзін з папулярных паэтычных жанраў у творчасці паэтаў «Маладняка» і «Узвышша» (У. Дубоўка, М. Чарот, У. Жылка). З 1960-х гадоў у рэчышчы новай паэтычнай формы актыўна працавалі А. Вярцінскі, Я. Юхнавец, С. Дзяргай, К. Кірэенка, М. Арочка, М. Стральцоў, Р. Барадулін, У. Караткевіч, Я. Сіпакоў, М. Купрэеў, А. Наўроцкі, А. Баршчэўскі (Барскі), Я. Чыквін, А. Лойка, Ю. Голуб, Н. Загорская, Н. Артымовіч, Г. Тварановіч-Сеўрук, М. Лукша, М. Рудкоўскі, А. Мінкін, І. Бабкоў, А. Сыс, Л. Сом, А. Спрынчан, В. Аксак, І. Жарнасек, В. Слінко, А. Чобат, М. Шчур і многія іншыя айчынныя паэты.

На сучасным этапе верлібр узбагаціў жанравую палітру многіх маладых беларускіх паэтаў (М. Башура, В. Бурлак, З. Вішнёў, В. Гапеева, У. Гарачка, В. Жыбуль, А. Івашчанка, А. Кавалеўскі, В. Кустава, М. Мартысевіч, В. Морт, А. Нікіпорчык, В. Трэнас, А. Туровіч, А. Хадановіч, В. Чайкоўская і інш.). Робіцца акцэнт на тым, што большасць названых аўтараў успрымаюць свабодны верш як заходнюю традыцыю, як форму, у якой дамінуе інтэлектуальна-філасофскі змест і якая нібы супрацьпастаўляецца традыцыйнай сілаба-тоніцы і нацыянальна маркіраванай канцэптуальнасці. Авангардная вобразнасць, перформанснасць, эротыка, эстэтызацыя пачварнага - асноўныя складнікі верлібраў маладых паэтаў.

У падраздзеле 1.2.2 «Асэнсаванне верлібравай творчасці Максіма Танка, Алеся Разанава, Уладзіміра Арлова беларускімі навукоўцамі» прыводзіцца канцэптуальная характарыстыка літаратуразнаўчых прац В. П. Рагойшы, У. В. Гніламедава, М. М. Арочкі, Д. Я. Бугаёва, Р. С. Бярозкіна, У. А. Калесніка, У. М. Конана, А. К. Кабаковіч, І. Д. Ралько, А. А. Лойкі, М. І. Мішчанчука, Е. А. Лявонавай, І. Ф. Штэйнера, У. Ю. Верынай, А. С. Івашчанкі, М. У. Мікуліча, Г. М. Кісліцынай, Т. А. Ціхановіч і інш. па верлібравай творчасці вышэйназваных лірыкаў.

Адзначаецца, што верлібр разглядаецца даследчыкамі пераважна ў кантэксце ўсёй паэзіі лірыкаў як важны, заканамерны этап іх творчасці. Аднак актуальнай задачай на сённяшні дзень застаецца спецыяльнае даследаванне свабодных вершаў М. Танка, А. Разанава, У. Арлова ў аспекце іх нацыянальна-культурнай канцэптуальнасці, з акцэнтуацыяй на тым, што ў верлібравых формах танкаўская дэманстратыўнасць у ментальна-этнічнай маркіраванасці вобразнага ладу знаходзіць свой працяг у свабодных вершах А. Разанава і У. Арлова. Якраз названая асаблівасць айчыннага верлібра ў параўнанні з замежным засталася па-за ўвагай даследчыкаў творчасці пазначаных паэтаў. верлібр літаратуразнаўство беларускі танк

Другая глава «Спалучэнне нацыянальна маркіраванага з універсальна-філасофскім у беларускім верлібры XX - пачатку XXI ст. (на прыкладзе творчасці Максіма Танка, Алеся Разанава, Уладзіміра Арлова)» складаецца з трох раздзелаў і прысвечана вывучэнню верлібравай творчасці вышэйназваных паэтаў.

У раздзеле 2.1 «Акцэнтаваная нацыянальна-культурная канцэптуальнасць у свабодных вершах Максіма Танка» скіравана ўвага на вобразны свет верлібраў М. Танка, якія вылучаюцца этнакультурнай спецыфікай.

Як паэта культуры, М. Танка нязменна прыцягвала біблейская вобразнасць з яе максімальнай абагульненасцю, універсальнасцю. Але ў вершах лірыка біблейскі падтэкст рэалізуецца ў метафарах, заснаваных на беларускіх рэаліях: менавіта такім чынам біблейскі складнік робіцца паэтычна-яскравым (верлібры «Мой каўчэг», «Тайная вячэра»). Элементы агульнаславянскага і ўласнабеларускага міфа-фальклорных павер'яў утрымліваюць верлібры «Кажаны», «У часы шматсерыйных фільмаў…»: вобразы кажана - сімвала цемры - і зязюлі. У апошнім вершы зязюля - шматзначны вобраз не толькі беларускай, але і ўсёй славянскай міфапаэтычнай традыцыі. Канцэптам з акцэнтаванай беларускай ментальнай семантыкай у гэтым вершы з'яўляецца таксама вобраз дзяўчыны з поўнымі вёдрамі чыстай крынічнай вады, якая ідзе насустрач хлопцу. Гэта канцэптуальнае пазначэнне ідэальнага, ідылічнага ў народным разуменні кахання. Такі вобраз часта сустракаецца ў фальклоры, у аўтарскай беларускай лірыцы.

Падобныя элементы вуснай народнай творчасці і міфалагічныя вобразы нярэдка сустракаюцца ў тых верлібрах М. Танка, што адлюстроўваюць унутраны свет беларусаў, іх уяўленні пра жыццё, духоўныя першакаштоўнасці («Сёмая вада па кісялю», «Пра філосафаў», «Снег і дождж», «Заклінанне», «Спас - усяму час», «Пра адпушчэнне грахоў» і інш.).

Асобнае месца ў творчасці М. Танка займае вобраз лесу. У верлібры «Вы абмінаеце асенні лес…» пазначаны топас паказаны ў повязі з характэрнымі прыкметамі беларускага быцця: «патронныя старыя гільзы», «калючыя засекі з дроту», «запалыя зямлянкі», «партызанскія кастры». Частотнымі з'яўляюцца таксама канцэптуальныя выявы сасны, якая сімвалізуе родны Нарачанскі край паэта; вярбы - аднаго з пашыраных фальклорных і літаратурных вобразаў у беларусаў, што асацыіруецца пераважна са смуткам і жальбай. У верлібры паэта «Над акопам» вярба суадносіцца з вобразам Беларусі-Плачкі.

Паэтызацыя народных першакаштоўнасцей і беларускага вясковага побыту - адметная стылёвая рыса творчасці М. Танка. Яна знайшла сваё яскравае ўвасабленне ў верлібрах «Узыход сонца», «Помню: маці заўсёды клалася спаць…», «Ізноў на той сцежцы юнацкай…», «Змярканне», «Вёска мая», «Сон пра агарод» і інш. Канкрэтныя рэаліі сялянскага жыцця складаюць аснову сучаснага светаўспрымання паэта. Кожная з'ява, кожная рэч, кожны прадмет, якія знаходзяцца ў эпіцэнтры аўтарскага аповеду, набліжаюцца да «паэтычнага “одапісу”» (выраз М. М. Арочкі) («Жазло», «Вада», «Настаўнік», «Венікі» і інш.), з'яўляюцца захавальнікамі ўласнай гісторыі і гісторыі сваіх гаспадароў («Барана», «Прайшоў міма…», «Гліняныя пеўнікі», «Раскладанне лыжак» і інш.).

Многія свабодныя вершы М. Танка ўтрымліваюць дэталізаваную, падрабязную этнаграфічную і культуралагічную інфармацыю («Centauria», «Узору не знаю я прыгажэйшага...», «Закалыхваючы, / Пэўна, стомленая…», «Працягласць дня і ночы»); паэт распавядае пра рэцэптуру прыгатавання нацыянальных страў («Аўсяны кісель»), пра асобныя моманты сямейнай абраднасці («Выкуп нявесты», «Пасля неспадзяваных стрэч…»), пра распаўсюджаныя на Беларусі рамёствы («Як я стаў паэтам», «Пляценне кошыка»). Аснова шэрага верлібраў - канцэпт «Радзіма» («Заўсёды можна знайсці…», «Ёсць на маёй Радзіме…» і інш.); нацыянальным скарбам, духоўным артэфактам для паэта з'яўляецца беларуская мова, лёс якой непарыўна звязаны з гістарычным лёсам беларускага народа («Не толькі ўзяў таму я гэту мову…»). У выніку М. Танк у свабодных вершах сцвярджае вызначальную ролю нацыянальнага, абраднага, этнаграфічнага ў матэрыяльным і духоўным свеце беларусаў.

Раздзел 2.2 «Нацыянальная “паэтычная філасофія” ў свабодных вершах Алеся Разанава» прысвечаны творчасці А. Разанава ў нацыянальным кантэксце. У раздзеле сцверджана: у паэзіі творцы выразна вылучаюцца вобразы з яскравай нацыянальнай канцэптуальнасцю, і гэта не супярэчыць таму факту, што цэнтральныя тэмы свабодных вершаў паэта ў пераважнай большасці філасофска-анталагічнага і аксіялагічнага зместу. Экзістэнцыяльнае светаадчуванне, характэрнае для паэта, робіць частотнай у яго вершах тэму сумнеўнасці, хісткасці, раўнадушнасці да жыцця сучаснага беларуса (верлібры «Краты», «Прыкметы», «Sumus ne simus»). Разбуранасць і раздробленасць свету, разгубленасць сучаснага чалавека - праблемы, якія асэнсоўваюцца ў версэтах А. Разанава па-філасофску і адначасова з выхадам у вертыкальны нацыянальна-культурны кантэкст: ментальны ўціск пазіцыянуецца як нешта знешняе, глабальнае, амаль неадольнае для асобы (свабодныя вершы «Завея», «Шэрань»).

Вызначальную ролю ў верлібрах А. Разанава адыгрываюць канцэптуальныя матывы і вобразы (дрэва, лес, радзіма, спадчына, бацькі, знаёмыя і інш.), праз якія выяўляецца аўтарскае светабачанне і якія ўказваюць на лейтматывы творчасці паэта. Адным з ключавых з'яўляецца вобраз горада. Ён у Разанава асацыіруецца з урбанізацыяй, асіміляцыяй, русіфікацыяй карэннага беларускага насельніцтва, з ментальнай драмай для дзясяткаў тысяч тых сялян - захавальнікаў традыцый, мовы, - што прыехалі працаваць на гарадскія заводы і жыць у заводскіх інтэрнатах («Стары горад»). Адначасова ён прадстае і як горад ідэальны, што жыве ў марах беларусаў («Вандроўны горад»). Канцэптуальны ў паэзіі творцы вобраз страчанага раю сімвалізуе адарванасць чалавечай цывілізацыі ад прыроды, парушаную між імі гармонію («Паляванне ў райскай даліне», «Далечыня»). Беларусы - паляўнічыя з часоў «Песні пра зубра», але, маючы гісторыю, поўную гвалту, моцна прагнуць гармоніі ў свеце, душэўнага спакою, гарманічных стасункаў усяго жывога. Ключавымі канцэптамі верлібраў паэта часта становяцца вобразы рэчаў. У версэтах аўтар па-філасофску асэнсоўвае само паняцце «рэчы» праз узаемадачыненне да асобы. Чалавек пазіцыянуецца як залежны ад матэрыяльнага. Асабліва - беларус, які вечна на раздарожжы, на ростанях, не так Дома, як у Пошуках будучыні (К. Чорны), Пошуках прытулку (І. Шамякін), ніяк не абжывецца, вечны Пасажыр у цягніку (як у паэмах У. Дубоўкі). Такім чынам, ёсць у падтэксце і канцэптуальнае зерне - гэтая фарба ў беларускай карціне свету, гэтыя канатацыі ў вобразах пасажыра і сумак (рус.), валізак (польск.), торбаў (бел.). Рэч у паэта - гэта ўвасабленне ўлады над чалавекам («Пасажыры»), кругавароту жыцця («Рэчы-II»), сведка быцця чалавека, што захоўвае памяць пра свайго ўладальніка («Рэчы»), сімвал духоўнай повязі чалавека са сваімі каранямі («Маленькія ночвы», «Парог», «Кладкі»).

У раздзеле 2.3 «Канцэпцыя нацыянальнага ў верлібрах Уладзіміра Арлова» даследуюцца нацыянальна маркіраваныя вобразы ў творчасці У. Арлова. У свабодных вершах лірыка катэгорыя нацыянальнага як пачатак, з дапамогай якога гарманізуецца свет, адлюстроўваецца найбольш непасрэдна (у параўнанні з М. Танкам і А. Разанавым). Ідэі беларускага адраджэння, што актуалізаваліся ў айчыннай культуры пачатку і апошняй трэці ХХ ст., у верлібрах паэта звязаны пераважна з гістарычнай тэматыкай, галоўнай ва ўсёй творчай і чалавечай біяграфіі лірыка (вершы «Архіварыус Война», «Ефрасіння», «Брытанскі музей», «Бібліятэка імя Скарыны ў Лондане», «Ян Баршчэўскі», «Прага», «Аднойчы даўно», «1864» і інш.). Сувязь часоў і пакаленняў - адна з цэнтральных тэм творчасці У. Арлова. Яна гучыць у свабодным вершы «Жорны», дзе незапатрабаваныя жорны - тая рэч, якая сімвалізуе занядбаную Беларусь. Творца паэтызуе беларускія прымхі, прыкметы, павер'і і забабоны, тым самым падкрэсліваючы глыбокую веру беларусаў у магутныя сілы прыроды («Вучыла бабуля»). Беларусы - варажбіты, сваёй сувяззю з міфапаэтычным вылучаюцца нават у славянскім свеце. Такая вера ў патаемнае («патаёмнае», па выразе М. Гарэцкага), «пережитки древнего миросозерцания у белоруссов» (А. Я. Багдановіч) робяцца прадметам асэнсавання ў верлібрах У. Арлова.

Тэма нацыянальнага самавызначэння - скразная ў свабодных вершах У. Арлова («Поплаў», «Помнік», «Чужаніца», «Чалавекаптушкі», «Страта», «Асуджаныя»). Канцэпт «Радзіма» асноўны ў творчасці лірыка. У паэзіі У. Арлова, як і А. Разанава, прысутнічае вобраз ідэальнага горада, горада-ўтопіі, які ўвасабляе сабой свабоду. Гэта, безумоўна, сімвалізацыя Полацка, роднага горада паэта, калыскі беларускага этнасу і дзяржаўнасці, а таксама сімвалізацыя знакамітых полацкіх лабірынтаў («Лёхі»).

Многія верлібры У. Арлова з'яўляюцца ўзорамі сучаснай інтымнай, эратычнай лірыкі («Доўгае развітанне», «Першая жанчына», «Тое лета», «Заставайся безыменнаю», «Пакой», «Каханка»). Ім уласцівы эўфемічнасць, цнатлівая іншасказальнасць - найбольш характэрныя рысы менавіта беларускага светавыяўлення. Гэтая традыцыя ў сучаснай моладзевай паэзіі заўважна разбураецца праз татальнае парушэнне ўсіх «табу», але ў верлібрах У. Арлова захоўваецца традыцыя маральнай нормы, па кантрасце з экспансіяй у беларускую літаратуру выяў анармальна-дэструктыўнай і хваравіта-трансгрэсіўнай псіхікі.

Трэцяя глава «Нацыянальныя канатацыі на іншакультурным фоне (на прыкладзе нямецкамоўных вершаў Алеся Разанава і твораў Максіма Танка ў перакладзе на рускую мову)» складаецца з трох раздзелаў.

У раздзеле 3.1 «Вобразы беларускай культуры ў вершасловах (Wortdichte) і вершаказах Алеся Разанава» даследуюцца жанравыя асаблівасці і вобразная аснова нямецкамоўных вершасловаў і беларускамоўных вершаказаў паэта. Вершасловы з кнігі «Der Mond denkt, die Sonne sinnt: Wortdichte» («Месяц думае, сонца разважае: Вершасловы», Мінск, 2011) па форме і змесце блізкія да вершаказаў, у якіх цэнтральная роля адводзіцца гукапісу, асацыятыўным магчымасцям слова, праз якія раскрываецца сутнасць пэўных прадметаў або з'яў - этнакультурных артэфактаў беларусаў. Многія нямецкамоўныя творы лірыка маюць аднолькавую назву з беларускімі вершаказамі («Sдge» - «Піла», «Nagel» -«Цвік», «Ofen» - «Печ», «Kahn» - «Човен», «Regen» - «Дождж», «Eichel» -«Жолуд», «Waage» - «Шалі», «Nacht» - «Ноч», «Wald» - «Лес», «Tasche» -«Кішэня» і інш.), а некаторыя з іх - «судакрананне» і па сэнсе. У вершасловах паэт часта выкарыстоўвае нямецкія словы, у якіх актуалізуецца і беларуская семантыка: der Ofen - печ, die Tцpfe - чыгуны, der Reifen - абруч, das Fass - бочка, die Truhe - куфар і інш. Ключавую ролю ў нямецкамоўных вершах адыгрываюць канцэпты з адбіткамі славянскай і беларускай ментальнасці, якія мелі месца ў ранейшай творчасці А. Разанава і атрымалі сваё пашырэнне ў вершасловах: die Eiche - дрэва жыцця, дуб; der Weg - шлях, гасцінец; die Sonne - сонца; der Mond - месяц, маладзік, поўня, ветах і інш. Усе яны выяўляюць спецыфічныя рысы менталітэту беларусаў, іх матэрыяльнай і духоўнай культуры, побыту.

Раздзел 3.2 «Беларуская ментальнасць на фоне нямецкага кантэксту ў кнігах Алеся Разанава «Гановерскія пункціры» і «Трэцяе вока» прысвечаны нямецкамоўным вершам паэта.

Адметнасцю паэтычных мініяцюр кнігі «Гановерскія пункціры» з'яўляецца ўрбаністычны хранатоп. У кнізе Гановер падаецца не праз канкрэтнае апісанне горада, а праз прызму ўспрымання лірычным героем гарадской паўсядзённасці; вершы падобныя да нататак, у якіх лірык фіксуе запрыкмечаныя імгненні, суадносныя з традыцыйным для яго жыццёвым вопытам («Нагледзеліся на людзей?!.», «І трохі пагрэўся…», «Змешваюцца з людскою / гамонкай…», «Прыхінулася да вушака…» і інш.). У паэтычных мініяцюрах заўважаюцца ашчаднасць, прастата, «будзённасць» мастацкіх тропаў. У выніку ж Гановер (аналагічна - Базэль і інш.) успрымаецца як надзвычай блізкі, «свой» для беларускага чалавека. Паэт нібы разбурае бар'ер адчужанасці, стварае ўражанне еўрапейскай сваяцкасці, свабоды і даступнасці культурнай камунікацыі.

Многія пейзажныя замалёўкі з «гановерскага» цыкла без кантэксту могуць успрымацца як творы, напісаныя з адсылкай да традыцыйнай беларускай рэчаіснасці («Ці ў гэты бок дзьму?..», «Вясна на дварэ!..», «Выпхнуў на ўскрай затокі…» і інш.). У такіх паэтычных мініяцюрах мы не ўбачым экзатычнасці, якая б указвала на спецыфічнасць нямецкага ландшафту, яго непадобнасць да беларускага; хутчэй наадварот, па сваёй вобразнасці некаторыя «гановерскія» творы маюць падабенства з раннімі пункцірамі паэта.

У адрозненне ад «гановерскіх» мініяцюр горад у мініяцюрах «швейцарскага» цыкла з'яўляецца своеасаблівай дэкарацыяй, фонам, на якім адбываецца сустрэча паэта з невядомым. Хранатоп у кнізе «Трэцяе вока» нейтральны, з дамінаваннем універсалій. На пярэдні план выступаюць дэталі пейзажу, які, як у «Гановерскіх пункцірах», па сваёй маляўнічасці набліжаецца да беларускага. Малюнкі прыроды без цяжкасці суадносяцца з беларускай прасторай. Яны арганічна ўпісваюцца ў айчынны ландшафт (вершы «Рыфмы і рытм…», «Сонца заходзіць…», «Возера…»).

Першакрыніцамі шматлікіх вобразаў кнігі-білінгвы з'яўляюцца выявы беларускамоўных пункціраў: дзьмухавец, крапіва, ручай, бяроза, туман, груша, сланечнік, качка і інш. Чытач, які добра знаёмы з пункцірамі паэтычных зборнікаў «Назаўжды», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляванне ў райскай даліне», «Рэчаіснасць», «Танец з вужакамі», без цяжкасці заўважыць вобразнае падабенства мініяцюр з творамі «швейцарскага» цыкла. У некаторых вершах надзвычай выразна адчуваецца настальгія паэта па Радзіме дзякуючы тым вобразам, у якіх захаваны сляды славянскай і нацыянальнай міфалогіі («Полымем, / дымам / і попелам…», «Хваля на хвалях…», «Схаваў галаву ў азярыну...»).

У раздзеле 3.3 «Трансфармацыя нацыянальна-культурнага зместу верлібраў Максіма Танка пры перакладзе з беларускай на рускую мову» даследуюцца пераклады на рускай мове свабодных вершаў М. Танка з кнігі «Нарочанские сосны» (1972) Я. А. Хялемскага, якая была адзначана Ленінскай прэміяй у 1978 годзе.

Кніга «Нарочанские сосны» М. Танка ў перакладзе Я. А. Хялемскага - прыклад перастварэння беларускай паэзіі з захаваннем характэрнай для яе нацыянальна-культурнай маркіраванасці, якая выразна прасочваецца ў верлібрах паэта. Разам з тым у перакладах Я. А. Хялемскага не заўсёды захоўваецца нацыянальны каларыт арыгінала. Заўсёднай праблемай для перакладчыка з'яўляецца пошук адпаведнасцей для перадачы безэквівалентнай лексікі. Я. Хялемскі ў цэлым вельмі добра справіўся з падобнай задачай. Аднак непазбежныя недакладнасці ў перадачы асобных этнаграфічных дэталяў, а часам і лексіка-семантычная неадпаведнасць выяўляюцца пры перакладзе Я. А. Хялемскім шэрага свабодных вершаў М. Танка. Гэта, напрыклад, «Мыццё бабкі Улляны» («бацвінне» - «борщ»), «У беларускую восень» («пуні» - «сараи»), «Красная плошча» («гумнішча» - «сарай», «буслы» - «журавли»), «Звон кропляў» («вочап студні» - «колодец»), «Хата з краю» («качарэжнік» - «ухват», «конаўкі» - «чарки»), «Паўказка» («паўлапця» - «полусапог», «луста» - «еда», «харчи»; «хадакі» - «валенки», «лапці» - «ботинки»), «Узыход сонца» («прыпечак» - «печь»), «Ты, можа, прыгадаеш дзень той…» («пантоплі» - «туфельки»), «Завея» («лейцы» - «жгут», «скабы» - «оконца») і інш. Беларуская безэквівалентная лексіка, якая прысутнічае ў пазначаных верлібрах і адлюстроўвае матэрыяльную культуру беларусаў, пры перастварэнні на рускую мову губляе сваю этнічную знакавасць.

Пры перакладзе верлібраў на рускую мову заўважаюцца таксама пропускі канцэптуальна значымых радкоў, збыткоўныя беларусізмы, выпадкі неапраўданай трансфармацыі вобразнага зместу і інш.

Пазначаныя праблемы ў перадачы нацыянальна-культурнага зместу верлібраў М. Танка пры перакладзе іх на рускую мову найбольш выразна выяўляюцца ў працы тых аўтараў (М. Браўн, П. Сямынін, Б. Ірынін, К. Алтайскі, І. Бурсаў, П. Шубін, В. Колычаў, А. Андрэеў, І. Васілеўскі і інш.), што маюць меншы прафесійны досвед, а магчыма, і меншы талент, вопыт, меншую чуйнасць і сардэчную прыхільнасць да беларускай культуры, чым Я. А. Хялемскі. У цэлым пераствораная па-руску лірыка М. Танка больш часта адпавядае статусу падрадковага перакладу (да чаго нявопытных аўтараў схіляюць уяўная прастата верлібравай формы і блізкароднаснасць беларускай і рускай моў), чым паўнавартасным паэтычным узнаўленням па-руску, узоры якіх прадстаўлены найперш у творчым даробку вядомага знаўцы беларускай лірыкі ХХ ст. Якава Хялемскага.

Заключэнне

Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі

1. Мастацкая форма верлібра ў літаратурах свету арыентаваная найперш на абагульнена-філасофскае бачанне рэчаіснасці без спецыяльных акцэнтаў на нацыянальным (этнаграфічным і ментальным). Аднак класік беларускай літаратуры ХХ ст. Максім Танк зрабіў менавіта верлібр аптымальнай формай для адлюстравання акцэнтаванай нацыянальна-культурнай інфармацыі. Гэта дало падставы для вызначэння падобнай аўтарскай інтэнцыі як адной з вядучых характарыстык танкаўскай лірыкі, а таксама як традыцыі Максіма Танка ў беларускім верлібры ХХ - пачатку ХХІ ст. Яна звязана са звышзадачай паэта: у сувязі з нявырашанасцю многіх праблем нацыянальнага адраджэння ў беларускай культуры ХХ ст. як мага паўней у актуальнай форме раскрыць гісторыю беларускага народа, яго менталітэт, спецыфічныя рысы характару, культурна-побытавыя асаблівасці беларусаў, іх духоўную спадчыну. Нацыянальная канцэптуальнасць у паэтыцы верлібраў М. Танка акцэнтуецца лірыкам праз наступныя прыёмы і спосабы мастацкага выказвання: біблейскі падтэкст, які рэалізуецца ў метафарах, заснаваных на беларускіх рэаліях; рознаўзроўневыя асацыятыўныя адсылкі да агульнаславянскай і ўласнабеларускай міфалогіі і нацыянальнай гісторыі; яскравыя фальклорна-паэтычныя вобразы, якія могуць уключацца ў традыцыйныя рытуалы; выяўленне этнаграфічна-побытавай характэрнасці з рэчыўна-прадметнай дэталёвасцю; выкарыстанне фальклорных рэмінісцэнцый, біблейскіх матываў, міфалагічных вобразаў, якія адлюстроўваюць унутраны свет беларусаў, іх уяўленні пра жыццё, духоўныя першакаштоўнасці; аўтарскае паэтычнае тлумачэнне фразеалагізмаў, біблейскіх сюжэтаў, прыказак, прымавак; тэндэнцыйную падкрэсленасць нацыянальнага, абраднага, этнакультурнага; паэтызацыю рыс нацыянальнага характару; падкрэсліванне зямных першакаштоўнасцей, роднага дому, бацькоўскіх запаветаў, духоўнай культуры продкаў і ўвогуле патрыятызму як любові менавіта да этнічна маркіраванага. Разам з тым танкаўскі верш захоўвае спецыфічную ўніверсальнасць і філасафічнасць жанру, гарантуючы беларушчыне натуральнае ўваходжанне ў сусветны кантэкст [5; 9; 20; 25; 29; 30].

2. Танкаўская традыцыя нацыянальнай маркіраванасці паэтыкі выразна выяўляецца ў верлібравай творчасці А. Разанава: гэта прыклад не аналагічнага наследавання, а ідэйна-канцэптуальнай пераемнасці. Верлібры А. Разанава па форме непадобныя да танкаўскіх; у іх раскрываецца менш аптымістычнае, у параўнанні з танкаўскім, светаадчуванне; больш індывідуалізму, засяроджанасці на свеце адзінкі, асобы, якой некамфортна ў соцыуме. Больш відавочныя ўплывы экзістэнцыяльнага светаразумення: з абсурдам, неспасціжнасцю і патойбочнасцю сэнсаў, пошукамі паратунку ўнутры сябе. Аднак, падобна танкаўскім, канцэпты з агульнаславянскай і нацыянальна-беларускай семантыкай выступаюць у свабодных вершах паэта тым апірышчам, грунтам, на якім можна адшукаць свае цэласнасць і самаідэнтыфікацыю. Гэта апеляцыя да роду, радаводу, трывалых канстантаў беларускага быцця, традыцыйнай этнаграфічнай рэчыўнасці, што з'яўляецца асновай пераемнасці. Праз канцэптуальныя вобразы дрэва, радзімы, горада, родных людзей і рэчаў (парог, кладкі, ночвы і інш.) аўтар сцвярджае наступную ідэю: чалавек можа адшукаць сваю цэласнасць найперш на грунце ментальнасці (бо яна - нешта аб'ектыўна зададзенае), на грунце нацыянальным [1; 7; 10; 11; 13; 16; 19; 20; 22; 23; 25].

3. У верлібрах У. Арлова катэгорыя нацыянальнага адлюстроўваецца найбольш непасрэдна. Ідэі беларускага адраджэння ў паэзіі У. Арлова звязаны пераважна з гістарычнай тэматыкай. Паэтызацыя артэфактаў, аб'ектаў з гістарычным следам, з рэтраспектывай - адметная стылёвая рыса свабодных вершаў пісьменніка. У сваіх творах паэт звяртаецца да культурных феноменаў духоўнага жыцця праз рэчы і вобразы, якія сімвалізуюць мінулае і ўяўляюць сёння гісторыка-нацыянальную каштоўнасць. Найбольш частотнымі і прэзентатыўнымі вобразамі з акцэнтаванай нацыянальна-культурнай канцэптуальнасцю ў верлібрах У. Арлова з'яўляюцца выявы ідэальнага горада, чужой зямлі, сутоння, цягніка, жорнаў, лёхаў. Зваротам да нацыянальнай гісторыі абумоўлены таксама неарамантычныя інтанацыі ў стылёвай палітры свабодных вершаў У. Арлова. Верлібры пісьменніка скіраваны на свядомую прапаганду, узвелічэнне і сцвярджэнне ўсяго беларускага як вызначальнага фактару ментальнай сталасці суайчынніка, яго нацыянальнай самаідэнтыфікацыі [1; 10; 28; 32].

4. Нямецкамоўная творчасць А. Разанава, прадстаўленая жанравай формай Wortdichte, характарызуецца беларускай нацыянальна-культурнай вобразнасцю. У Wortdichte паэт часта выкарыстоўвае нямецкія лексемы, у якіх актуалізуецца семантыка, звязаная з беларускай культурай. У нашым успрыняцці гэта рэчы і прадметы быту не столькі немцаў, колькі беларусаў (der Ofen - печ, die Tцpfe - чыгуны, der Reifen - абруч, das Fass - бочка, die Truhe - куфар), а таксама канцэпты з адбіткамі славянскай і беларускай ментальнасці (die Eiche - дрэва жыцця, дуб; der Weg - шлях, гасцінец; die Sonne - сонца; der Mond - месяц, маладзік, поўня, ветах). Пазначаныя вобразы і канцэпты займелі пачатак у ранейшай творчасці пісьменніка, найперш у яго вершаказах, і атрымалі свой працяг у яго нямецкамоўных вершах. Усе яны адлюстроўваюць асаблівасці светапогляду беларусаў (міфалагічныя ўяўленні, этнакультурную спецыфіку, гісторыю нашага народа).

Wortdichte А. Разанава маюць жанрава-стылёвае падабенства з беларускімі вершаказамі. У абедзвюх жанравых формах ключавая роля належыць гукавой арганізацыі твора, слову, яго патэнцыяльным магчымасцям. Некаторыя Wortdichte паэта выглядаюць як перастварэнні напісаных раней вершаказаў: адна і тая ж думка, толькі рознымі сродкамі рэалізаваная, выказаная ў нямецкамоўным і беларускамоўным творах. Адрозненне вершаказаў і Wortdichte паэта выяўляецца ў фармальнай лаканічнасці апошніх. Нямецкамоўныя вершы А. Разанава адлюстроўваюць агульную тэндэнцыю сучаснай культуры да лаканізму, інтэнсіфікацыі ў сродках перадачы інфармацыі. Важнымі адрозненнямі з'яўляюцца таксама статычнасць першых і дынамізм, анімацыйнасць, візуальнасць апошніх [2; 3; 12; 18; 33].

5. Вершы А. Разанава з кніг-білінгваў «Гановерскія пункціры» і «Трэцяе вока» па сваёй мастацкай сутнасці знітаваныя з ранейшай верлібравай паэзіяй пісьменніка. Гэтыя творы «апраменены» настальгіяй паэта па Радзіме, што выяўляецца ў традыцыйных для беларускіх мініяцюр вобразах (дзьмухавец, крапіва, бульба, ручай, бяроза, туман, груша, сланечнік, качка, чарот, рабіна), а таксама ў безэквівалентнай лексіцы. Паэтычныя мініяцюры - малюнкі-імпрэсіі, напоўненыя вобразамі з нацыянальнай канцэптуальнасцю. Еўрапейскія карані, еўрапейскі ўрбаністычны характар беларускай ментальнасці сугестыўна перадаюцца чытачу разанаўскіх пункціраў, замацоўваючы ў чытацкай свядомасці высокі статус айчыннай культуры. Такім чынам, паэт нанова сцвярджае беларусаў на законным пасадзе між еўрапейцамі, разбурае псіхалагічныя бар'еры ў міжэтнічнай камунікацыі [4; 6; 12].

6. Нацыянальна-культурная канцэптуальнасць надзвычай выразна выяўляецца ў мастацкіх перакладах, дзе ўзнікае іншародны фон, адбываецца міжкультурная камунікацыя. У замежным кантэксце, у якім пераствараецца беларускае паэтычнае слова, адбываецца непазбежная трансфармацыя некаторых элементаў нацыянальна-культурнай канцэптуальнасці. Гэта пацвярджаецца праведзеным аналізам перакладаў верлібраў М. Танка на рускую мову. Найбольш вядомыя і прызнаныя з іх зроблены Я. Хялемскім. Кніга «Нарочанские сосны» М. Танка ў яго перакладзе прэзентуе рускамоўнаму чытачу беларускую паэзію з характэрнай для яе нацыянальна-культурнай маркіраванасцю, якая выразна выяўляецца ў свабодных вершах паэта. Нацыянальныя маркіроўкі танкаўскага верлібра стварылі максімальныя цяжкасці для перакладчыка пры вырашэнні такой задачы, як пошук адпаведнікаў для безэквівалентнай лексікі, што пазначае культурна-побытавыя асаблівасці, фальклорныя традыцыі беларусаў. Я. Хялемскі ў большасці выпадкаў захаваў нацыянальна маркіраваныя канатацыі ў паэтычным слове М. Танка як асноўныя, базісныя для верлібравай асацыятыўнай вобразнасці. Гэтым здабытак перакладчыка адрозніваецца ад большасці перастварэнняў танкаўскіх верлібраў на рускай мове (М. Браўн, П. Сямынін, Б. Ірынін, К. Алтайскі, І. Бурсаў, П. Шубін, В. Колычаў, А. Андрэеў, І. Васілеўскі і інш.), у якіх акцэнт на нацыянальным складніку ігнаруецца або перадаецца неадэкватна. У падобных выпадках рускамоўны чытач пазбаўлены магчымасці адчуць і зразумець не толькі паэзію М. Танка, але і ідэйна-мастацкую спецыфіку класічнага беларускага верлібра ў цэлым [5].

Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў

Матэрыялы і вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны для далейшага вывучэння беларускай літаратуры XX-XXI стст., даследаванняў на сумежжы літаратуразнаўства і этназнаўства; пры стварэнні навучальных дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры XX-XXI стст., тэорыі літаратуры; у адукацыйнай практыцы. Манаграфія па матэрыялах дысертацыі можа быць камерцыйным прадуктам.

Спіс публікацый па тэме дысертацыі

Артыкулы ў навуковых часопісах, рэкамендаваных ВАК

1. Дубоўская, Т. А. Мастацкі канцэпт у кантэксце сучаснай навукі пра літаратуру / Т. А. Дубоўская // Ученые записки УО «ВГУ имени П. М. Машерова» : сб. науч. тр. - 2013. - Т. 15. - С. 118-123.

2. Дубоўская, Т. А. «Der Mond denkt, die Sonne sinnt», або Ментальна-нацыянальныя вобразы ў вершасловах Алеся Разанава / Т. А. Дубоўская // Полымя. - 2013. - № 12. - С. 92-99.

3. Дубоўская, Т. А. Вобразы беларускай культуры ў Wortdichte (вершасловах) і вершаказах Алеся Разанава / Т. А. Дубоўская // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Сер. 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. - 2013. - № 3. - С. 10-14.

4. Дубоўская, Т. А. Беларуская ментальнасць на фоне нямецкага кантэксту ў кнігах А. Разанава «Гановерскія пункціры» і «Трэцяе вока» / Т. А. Дубоўская // Вес. Беларус. дзярж. пед. ун-та. Сер. 1, Педагогіка. Псіхалогія. Філалогія. - 2014. - № 3. - С. 62-67.

5. Дубоўская, Т. А. Акцэнтаваная нацыянальна-культурная канцэптуальнасць у свабодных вершах Максіма Танка / Т. А. Дубоўская // Полымя. - 2014. - № 10. - С. 149-159.

Артыкулы ў навуковых зборніках

6. Дубоўская, Т. А. Пункціры А. Разанава: шлях наватарства / Т. А. Дубоўская // Традыцыі духоўнай культуры ў сучасным свеце : зб. навук. арт. маладых даследчыкаў / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; рэдкал.: Д. В. Дзятко (адк. рэд.) [і інш.]. - Мінск, 2008. - С. 43-45.

7. Дубоўская, Т. А. Мастацкі свет А. Разанава ў кантэксце беларускай інтэлектуальнай паэзіі / Т. А. Дубоўская // Сб. науч. работ студентов высш. учеб. заведений Респ. Беларусь «НИРС 2010» / Белорус. гос. ун-т ; редкол.: А. И. Жук (пред.) [и др.]. - Минск, 2011. - С. 493-494.

8. Дубоўская, Т. А. Творчая індывідуальнасць Зміцера Вішнёва: паэт эксперыменту / Т. А. Дубоўская // Классика и современность : сб. науч. тр. молодых ученых-филологов / Брест. гос. ун-т ; науч. ред. Т. В. Сенькевич. - Брест, 2011. - С. 82-84.

9. Дубоўская, Т. А. Верлібр у беларускай паэзіі: спецыфіка жанравага вызначэння / Т. А. Дубоўская // Материалы XV Научной сессии преподавателей и студентов : сб. докл. / ВФ УО ФПБ «Международный университет “МИТСО”» ; редкол.: В. А. Космач (отв. ред.) [и др.]. - Витебск, 2012. - С. 145-147.

10. Дубоўская, Т. А. Верлібры А. Разанава і У. Арлова ў кантэксце беларускай інтэлектуальнай паэзіі / Т. А. Дубоўская // Беларускае літаратуразнаўства : навук.-метад. зб. / Беларус. дзярж. ун-т ; гал. рэд. Л. Д. Сінькова. - Мінск, 2012. - Вып. 10. - С. 40-43.

...

Подобные документы

  • Творчае жыццё Максіма Танка. Духоўная, маральна-філасофская, гуманістычная эвалюцыя лірычнага героя ў паэзіі М. Танка. Праблемна-сімвалічнае поле паэзіі. Вобраз "сонца", канцэпт "дарога". Колеравая палітра вершаў. Асаблівасці паэтычнага радка М. Танка.

    курсовая работа [199,1 K], добавлен 03.02.2014

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

  • Выкарыстанне ў паэзіі М. Багдановіча індывідуальна аўтарскіх, народна-паэтычных эпітэтаў, а таксама эпітэтаў-прыдаткаў. Вызначанне найбольш выкарыстоўваемых каляровых эпітэтаў ў вершах паэта, а таксама колерав, якія аўтар ужывае ў адзінкавых выпадках.

    курсовая работа [35,8 K], добавлен 27.10.2013

  • Сучасная беларуская паэзiя. Даследаванне інтымнай лірыкі знакамітага песняра Максіма Багдановіча. Раскрыцця вобраза кахання і любові на старонках яго зборніка: "У зачарованым царстве", "Каханне і смерць", "На ціхім Дунаі", цыклы "Мадонны" і "Эрас".

    курсовая работа [49,1 K], добавлен 06.02.2014

  • М. Багдановіч – прадстаўнік паэзіі "чыстай красы", тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры. Творчасць Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну.

    реферат [65,7 K], добавлен 23.03.2011

  • Пейзажныя вершы-замалёўкі Багдановіча. Суадносіны рацыянальнага і інтуітыўнага ў паэзіі Максіма. Сімвалізм канца XIX - пачатку XX ст. Пейзажныя вершы паэта. Максім Багдановіч як глыбокі, тонкі лірык. "Эміграцкая песня" як адзін з лепшых вершаў паэта.

    курсовая работа [88,9 K], добавлен 24.03.2013

  • Творчасць Алеся Разанава і мастацкія прынцыпы сюррэалізму. Асаблівасці спасціжэння рэчаіснасці ў лірыцы паэта. Асацыятыўны падтэкст твораў. Змясоўная паралель "лагічнасць і нелагічнасць" вершаў. Лінгвістычныя і экстралінгвістычныя разважанні над паэзіяй.

    курсовая работа [64,7 K], добавлен 29.07.2016

  • Беларускі авангард 20-х гг. і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку XX ст. "Рэвалюцыйны" авангард у беларускай паэзіі 20-х гг. "Узвышша" і сусветны мастацкі вопыт. Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы. Эсэізм як вызначальная ідэя XX ст.

    реферат [37,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Фарміравання светапогляду Лучыны. Уплыв пазітывізму на паэтычную творчасць і вырашэнне праблемы тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Характарыстыка пошукаў сэнсу сэнсу жыцця і шчасця ў лірыцы паэта. Адметнасці мастацкага вырашэння тэмы смерці ў яго паэзіі.

    курсовая работа [48,6 K], добавлен 27.06.2016

  • Агульная характарыстыка літаратурнага працэсу ХХ стагоддзя праблемна-тэматычны аспект твораў малой прозы (на прыкладзе творчасці Якуба Коласа, Дзмітрака Бядулі, Цёткі). Філасофскія матывы ў творах. Іх выхаваўчая роля і адраджэнская скіраванасць твораў.

    курсовая работа [104,7 K], добавлен 13.12.2013

  • Асаблівасці сінтаксісу у паэзіі Леаніда Дранько-Майсюка. Няпоўныя сказы у паэзіі і іх стылістычная роля. Аднасастаўныя сказы, іх вобразна-выяўленчыя адметнасці. Фігуры паэтычнага сінтаксісу: анадыплозіс, анафара, ампліфікацыя, дыяфара, эпіфара, падваенне.

    курсовая работа [41,1 K], добавлен 22.08.2013

  • Азнаямленьне з біяграфічнай гісторыяй жыцця і зараджэннем літаратурнага таленту Яна Чачота. Стылістычнае асаблівасцю спявае стала выкарыстанне нацыянальнага фальклору пры напісанні балад "Свіцязь", "Мышанка". Вызначэнне ўкладу Яна ў галіну мовазнаўства.

    контрольная работа [16,3 K], добавлен 01.03.2010

  • Жыццёвы, творчы шлях В. Зуёнка. Савецкі перыяд творчасці, паэзія для дзяцей, тэма сяброўства, любоўная лірыка. Паэзія 60-80-х гг.: агульначалавечыя тэмы. Праблемы нацыянальнай культуры, філасофская лірыка ў творчасці Зуёнка. Постсавецкі перыяд творчасці.

    курсовая работа [48,3 K], добавлен 26.02.2010

  • Ужыванне фразеалагічных і свабодных словазлучэнняў у мове твораў аднаго з самых цікавых класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа. Культурна-бытавая дэталь у паэме "Новая зямля". Віды фразеалагізмаў, сродкі стварэння гумару ў коласаўскай паэме.

    курсовая работа [77,2 K], добавлен 22.01.2016

  • Вацлаў Ластоўскі, паплечнік Я. Купалы і М. Багдановіча, стаяў у самым цэнтры беларускага нацыянальнага руху, народжанага на хвалі рэвалюцыйнага ўздыму 1905-1907 гг. У нацыянальнай гісторыі В. Ластоўскі застанецца і як актыўны грамадскі і дзяржаўны дзеяч.

    реферат [28,0 K], добавлен 25.02.2011

  • Беларусь і беларусы ў вершах Алеся Пісьмянкова. Метафізіка кахання. Лірычны герой Алеся Пісьмянкова. Асаблівасць мастакоўскага почырку. Эцюдная манера запісу некаторых споведзяў. Гармонія колераў і фарбаў. Эстэтыка пахаў ў паэзіі А. Пісьмянкова.

    дипломная работа [108,2 K], добавлен 24.12.2014

  • Літаратурная спадчына В. Казько з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Важныя і актуальныя праблемы, раскрытыя пісьменнікам у творы. Раскрыццё канцэпцыі чалавека ў рамане. Вызначэнне ўзаемаадносін чалавека і сусвету.

    курсовая работа [40,5 K], добавлен 29.07.2016

  • Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.

    реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011

  • Отомо Якамоти - последний великий поэт эпохи "Манъёсю". Происхождение поэта, основные этапы его жизненного пути и творчества. Жанр танка в основе поэзии О. Якамоти. Особенности лирических стихотворений, их наполненность чувствами печали, тоски и уныния.

    презентация [18,9 M], добавлен 17.02.2017

  • Развіццё паэзіі ў 20 гг. ў дзвюх асноўных ідэйна-мастацкіх плынях: нацыянальнай і пралетарска-рэвалюцыйнай. Асэнсавання Беларускага Шляху – лёсу маці-Беларусі ў новых гістарычных умовах. Апяванне "казкі прышлага часу". Пастаральнасць і фальклорны лірызм.

    реферат [31,5 K], добавлен 24.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.