Лексіка-семантычная структура ідыялекту Міхася Зарэцкага
Змест і аб'ём паняццяў ідыялект, ідыястыль. Якія адзінкі фарміруюць лексіка-семантычную спецыфіку ідыялекту М. Зарэцкага. Устойлівыя моўныя адметнасці аўтарскага ідыялекту, якія тычацца наяўнасці індывідуальных зменаў у ацэначнай канатацыі лексем.
Рубрика | Литература |
Вид | автореферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 19.08.2018 |
Размер файла | 54,4 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ
УДК 811.161.3'42(043.3) + 821.161.3.09(092)(043.3)
Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
лексіка-семантычная структура ідыялекту міхася зарэцкага
Пятрова Наталля Яўгеньеўна
Мінск, 2012
Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце
Навуковы кіраўнік:
Афіцыйныя апаненты:
Апаніруючая арганізацыя: Бадзевіч Зінаіда Іванаўна,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Гіруцкі Анатоль Антонавіч,
доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства УА "Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. М. Танка"
Пісарэнка Алена Міхайлаўна,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў"
ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” НАН Беларусі
Абарона адбудзецца “21” снежня 2012 г. у 16. 00 гадзін на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.11 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. К.Маркса, 31, філалагічны факультэт, аўд. 62; тэлефон вучонага сакратара 209-55-58.
З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аўтарэферат разасланы “20” лістапада 2012 г.
Вучоны сакратар
савета па абароне дысертацый С.М. Запрудскі
УВОДЗІНЫ
Даследаванне індывідуальнай творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў - адна з важных і надзённых задач сучаснага мовазнаўства. Нягледзячы на тое, што розныя аспекты гэтай праблемы сталі аб'ектам увагі беларускіх і замежных лінгвістаў, многія пытанні засталіся неасветленыя і патрабуюць пільнай увагі і дэталёвага вывучэння: размежаванне тэрмінаў стыль, мова твораў, ідыястыль, ідыялект, акрэсленне іх зместу і аб'ёму.
Актуальнасць дысертацыі абумоўлена неабходнасцю далейшай распрацоўкі тэорыі і практыкі вывучэння ідыялекту, што звязана з выкарыстаннем метадалагічнага апарату новых лінгвістычных кірункаў у аналізе літаратурнага матэрыялу. Напрыклад, даследаванне ідыялекту цесна звязана з такімі напрамкамі сучаснай лінгвістыкі, як прагмалінгвістыка, кагнітыўная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, камунікатыўная стылістыка тэксту, псіхалінгвістыка, этналінгвістыка, лінгвакультуралогія і інш. У дысертацыі ўпершыню разглядаецца лексіка-семантычная структура ідыялекту і робіцца спроба яе аналізу з пазіцыі моўнай асобы носьбіта ідыялекту.
У беларускім мовазнаўстве літаратурная спадчына вядомага пісьменніка Міхася Зарэцкага (Касянкова Міхаіла Яфімавіча) даследавана недастаткова. Нешматлікія работы, прысвечаныя моўнаму майстэрству пісьменніка, у большасці звернуты да аналізу гутарковых элементаў яго тэкстаў (працы М. Абабуркі, Я. Станкевіча, І. Ячмянёвай). Разам з тым проза М. Зарэцкага - пісьменніка, які знаходзіўся ля вытокаў станаўлення беларускай літаратуры, новай літаратурнай мовы, гісторыя якой пачалася з фіксацыі на пісьме жывой народнай гаворкі, - дае багаты і каштоўны матэрыял для назірання над асаблівасцямі фарміравання стылю мастацкай літаратуры, раскрывае спосабы і сродкі выпрацоўкі асноўных нормаў беларускай літаратурнай мовы. Выбар лексікі, асэнсаванне структуры сказа і цэласнасці тэксту залежалі не толькі ад таленавітасці М. Зарэцкага, ад яго філалагічнай падрыхтаванасці, тонкага, глыбокага разумення зместу беларускага слова, адчування яго гучання, але і ад палітычнай сітуацыі, якая склалася ў эпоху аўтара, ад статусу беларускай мовы ў краіне і іншых экстралінгвістычных фактараў. Таму каштоўнасць даследавання бачыцца і ў тым, што яно дазваляе вылучыць спецыфічныя рысы мастацкага маўлення пісьменніка, устанавіць месца яго творчасці ў сучасным моўным працэсе, убачыць пераемнасць лепшых традыцый пачынальнікаў беларускай літаратурнай мовы. Матэрыялам працы паслужыў чатырохтомны Збор твораў М. Зарэцкага, выданне якога ў 1989 - 1992 гг. ажыццявіў Інстытут літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі. Туды ўвайшлі ўсе вядомыя творы пісьменніка: апавяданні, аповесць “Голы звер”, раманы “Сцежкі-дарожкі” і “Вязьмо”, п'есы, публіцыстыка.
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі, тэмамі
Дысертацыя выканана на кафедры сучаснай беларускай мовы УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт” у межах навуковых тэм Дзяржаўнай праграмы кафедры сучаснай беларускай мовы ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”: “Тэарэтычная граматыка беларускай мовы” (№ 20012496, 2001 - 2005 гг.), “Структурна-семантычныя асновы беларускай літаратурнай мовы” (№ 20062058, 2006 - 2010 гг.), “Сучасная беларуская літаратурная мова: нормы, дынаміка, функцыянаванне” (№ 20112203, 2011 - 2015 гг.).
Мэта дысертацыі і задачы даследавання
Мэтай работы з'яўляецца выяўленне лексіка-семантычнай структуры ідыялекту М. Зарэцкага. Дасягненне пастаўленай мэты прадугледжвае вырашэнне наступных задач:
1) удакладніць змест і аб'ём паняццяў ідыялект, ідыястыль;
2) устанавіць, якія адзінкі фарміруюць лексіка-семантычную спецыфіку ідыялекту М. Зарэцкага;
3) прааналізаваць устойлівыя моўныя адметнасці аўтарскага ідыялекту, якія тычацца наяўнасці індывідуальных зменаў у ацэначнай канатацыі лексем, складу ключавых слоў, наяўнасці індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў;
4) высветліць характар семантыка-тэматычнай і арэальнай адметнасці індывідуальнага лексікона М. Зарэцкага;
5) вызначыць рысы моўнай асобы пісьменніка.
Аб'ект даследавання - ідыялект М. Зарэцкага. Прадмет даследавання - лексіка-семантычная структура ідыялекту пісьменніка.
Выбар аб'екта і прадмета даследавання прадыктаваны недастатковай вырашанасцю ў беларускім мовазнаўстве праблемы ідыялекту і ідыястылю пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, а таксама недастатковай колькасцю прац, прысвечаных лінгвістычнаму аналізу прозы М. Зарэцкага.
Палажэнні, якія выносяцца на абарону:
1. Лексіка-семантычная структура ідыялекту М. Зарэцкага вызначаецца суадносінамі паміж, з аднаго боку, маўленчым узусам беларускай мовы ў гады літаратурнай дзейнасці пісьменніка (1921 - 1936 гг.) і, з другога боку, шэрагам устойлівых моўных адметнасцей аўтарскага ідыялекту, якія тычацца тэматычнай структуры індывідуальнага лексікона пісьменніка, складу ключавых лексем, наяўнасці індывідуальна-аўтарскіх словаўтваральных і семантычных неалагізмаў, індывідуальных зменаў у ацэначнай канатацыі лексем.
2. У лексіка-семантычнай структуры ідыялекту М. Зарэцкага адлюстраваны наступныя спосабы праяўлення моўнай індывідуальнасці асобы: словатворчасць; кантэкстуальныя пераўтварэнні - аўтарская канатацыя, нетрадыцыйная словаспалучальнасць, пашырэнне семантыкі слоў.
Словатворчасць аўтара найбольш выразна рэпрэзентуюць індывідуальна-аўтарскія прыметнікі-кампазіты (сумна-далёкі, вадзяніста-блакітны, манастырска-нудны, пагардліва-ласкавы і інш.). Сярод кантэкстуальных пераўтварэнняў у ідыялекце М. Зарэцкага прадуктыўнасцю вылучаецца аўтарскае канатаванне (апалогія, артэрыя, Галілей, мухамор, туземец, формула і інш.) і нетрадыцыйная словаспалучальнасць (высокакультурны садзіст, ненажэрныя багатыры, афіцэр грацыёзна нагнуўся, прыгожая морда, чатырохпавярховы ўздых і інш.). Для творчай манеры пісьменніка характэрна з'яўленне пеяратыўных канатацый, якія ў ідыялекце вызначаюцца як сродкі эксплікацыі адносін пісьменніка да рэчаіснасці. Лексічныя адзінкі, якія развілі ў тэкстах М. Зарэцкага дадатковую семантыку, часта характарызуюцца асаблівай функцыянальнай роляй у выніку паўторнага выкарыстання ці графічнага выдзялення.
3. Найважнейшыя ключавыя словы ў ідыялекце М. Зарэцкага - словы жыццё, смерць, багна (балота), віхор (віхура), чорны. Яны актуалізуюць ідэйна-тэматычную накіраванасць усёй творчасці пісьменніка і служаць асновай для разумення светаўспрымання М. Зарэцкага.
Лексічныя адзінкі жыццё, смерць, багна (балота), чорны ў кантэкстах аўтара часцей выкарыстоўваюцца з дадатковымі пеяратыўнымі значэннямі, адмоўна характарызуюць эпоху 20 - 30-ых гг. ХХ ст. Слова віхор (віхура) у кантэкстах М. Зарэцкага мае меліяратыўную афарбоўку, што пярэчыць традыцыйнаму фальклорна-міфалагічнаму вобразу віхру (віхуры).
У ідыялекце М. Зарэцкага развіццё пеяратыўных і меліяратыўных канатацый ключавых слоў найперш ажыццяўляецца ў напрамку сімвалізацыі (жыццё - радасць; смерць - шчасце і інш.), семантычнага ўскладнення (жыццё шапатнула; смерць - лютая, злосная - не дала сябе разгадаць і інш.) і канкрэтызацыі ўзуальных значэнняў (балота - `трывожная эпоха 20 - 30-ых гг. ХХ ст.'; віхор - `рэвалюцыя'; чорны - `бездапаможны' і інш.).
4. Сродкі выражэння ацэнкі ў ідыялекце М. Зарэцкага з'яўляюцца паказчыкамі фрагмента індывідуальнай карціны свету пісьменніка, яго каштоўнасных арыенціраў. Як сродкі выражэння ацэнкі пісьменнік найчасцей выкарыстоўвае метафары (хваля жудасці; хмара непакою і інш.), эпітэты (тупа-чырвоныя вочы; жабіна грымаса і інш.), параўнанні (чарвяком атрутным; як звяры), фразеалагізмы (костачкі добрых людзей перабіраць; скаліць прыветна зубы і інш.), лаянкавую лексіку (сволач; шкура і інш.).
Аўтарская перавага ў эксплікацыі ацэнак праявілася ў пашыраным ужыванні лексічных адзінак з дадатковай семай неадабрэння. Адметнасцю творчай манеры пісьменніка з'яўляецца выкарыстанне меліяратываў у якасці пеяратыўнай ацэнкі і заонімаў як пеяратываў.
5. Семантыка-тэматычная і арэальная адметнасць індывідуальнага лексікона М. Зарэцкага абумоўлена спалучэннем, з аднаго боку, разнастайнай і шырока прадстаўленай кніжнай лексікі, якая адносіцца да сфер філасофіі, псіхалогіі, музыкі, рэлігіі (раяль, кантральта, сальфеджыо, псіхіка, меланхолія, фаталізм, флегматык-філосаф, экзальтацыя, этыка, сафізм, сацыялогія, артадаксальны, ікона, біблейскі і інш.) і адпавядае нормам літаратурнай мовы, а з другога боку, народна-дыялектнай лексікі, характэрнай для беларускіх гаворак Віцебшчыны і Магілёўшчыны (палаці, кулёк, лёх, чабаты, смуродзіна, дуля, скачок, шчыгульны, бязрупатны, раскеплены, лахаць, нікаць, угрунь і інш.).
Асабісты ўклад саіскальніка
Дысертацыя з'яўляецца вынікам самастойнага даследавання саіскальніка. У працы выкладзены вынікі ўласных назіранняў на аснове аналізу і сістэматызацыі фактычнага матэрыялу, сабранага асабіста аўтарам. Усе надрукаваныя работы па тэме дысертацыі напісаны без сааўтарства.
Апрабацыя вынікаў дысертацыі
Вынікі даследавання прайшлі апрабацыю на наступных навуковых канферэнцыях: III Международная научная конференция “Наука - образованию, производству, экономике” (Минск, 2005); IV Международная научная конференция “Наука - образованию, производству, экономике” (Минск, 2006); V Международная научная конференция “Наука - образованию, производству, экономике” (Минск, 2007); IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Скарына і наш час” (Гомель, 2008 г.); VIII Международная научная конференция “Язык и социум” (Минск, 2008 г.); VII Международная научная конференция “Наука - образованию, производству, экономике” (Минск, 2009); Международная конференция “Теория и практика преподавания языков в негуманитарных вузах: этнокультурный и социолингвистический аспекты” (Минск, 2009 г.); VIII Международная научная конференция “Наука - образованию, производству, экономике” (Минск, 2010); ІХ Международная научная конференция “Язык и социум” (Минск, 2010 г.).
Апублікаванасць вынікаў дысертацыі
Па тэме дысертацыі апублікаваны 4 навуковыя артыкулы ў рэцэнзуемых перыядычных выданнях (аб'ём 1,5 аўт. арк.), 5 артыкулаў у зборніках навуковых прац (аб'ём 1,5 аўт. арк.), 8 матэрыялаў і тэзісаў дакладаў навуковых канферэнцый (аб'ём 3 аўт. арк.). Агульны аб'ём публікацый - 96 старонак, што складае 6 аўт. арк.
Структура і аб'ём дысертацыі
Дысертацыя складаецца з пераліку ўмоўных абазначэнняў, уводзінаў, агульнай характарыстыкі работы, трох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спіса, дадатку. Агульны аб'ём - 141 старонка, асноўны тэкст працы займае 115 старонак, бібліяграфічны спіс - 16 старонак, дадатак - 10 старонак. Спіс выкарыстаных крыніц уключае 188 пазіцый, спіс публікацый саіскальніка - 17 пазіцый.
АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ
моўныя зарэцкі лексема ідыялект
Першая глава “Тэарэтычныя асновы вывучэння ідыялекту пісьменніка” складаецца з трох раздзелаў.
У раздзеле 1.1 “Паняцце моўнай асобы” разглядаецца гісторыя вывучэння паняцця моўнай асобы, раскрываецца змест тэрмінаў моўная асоба, карціна свету, індывідуальная карціна свету, моўная карціна свету. Аналізуюцца асноўныя напрамкі распрацоўкі тыпалогіі моўнай асобы: тыпалогія моўнай асобы з пазіцыі этнакультурнай лінгвістыкі, класіфікацыя паводле псіхалагічных тыпаў, сацыялагічная тыпалогія асоб, тыпы моўных асоб на аснове асаблівасцей культуры маўлення, нарматыўна-цэнтрычная мадэль моўнай асобы і інш. (працы А.М. Залогінай, В.І. Карасіка, М.В. Ляпон, В.А. Ляшчынскай, В.Б. Сірацінінай, С.А. Сухіх і інш.). Разнастайнасць падыходаў да вызначэння тыпалогіі моўнай асобы тлумачыцца складанай прыродай яе феномена. Выбар той ці іншай тыпалогіі залежыць ад асаблівасцей прадмета аналізу, а таксама ад прыярытэтаў самога даследчыка, які можа карыстацца адначасова некалькімі яе разнавіднасцямі. Высвятляецца, што моўная асоба і ідыялект фарміруюцца сумесна, разглядаюцца лінгвістычныя і экстралінгвістычныя фактары, якія ўплываюць на іх станаўленне.
У раздзеле 1.2 “Да пытання аб змесце і аб'ёме паняццяў ідыялект / ідыястыль” адзначаецца, што да гэтага часу ў сучасным мовазнаўстве не выпрацаваны адзіны падыход да вытлумачэння паняццяў ідыялект і ідыястыль; падаецца кароткі агляд асноўных праблем у размежаванні зместу і аб'ёму гэтых тэрмінаў (працы Г.Н. Бальшаковай, А.В. Бяловай, В.П. Грыгор'ева, С.Т. Заляна, І.А. Тарасавай, Н.А. Фацеевай, В.Н. Чарыкавай, І.А. Шырокавай і інш.). Фармулююцца палажэнні, на якія абапіраецца разуменне сутнасці паняццяў ідыялект і ідыястыль. Зыходнае ў вызначэнні іх зместу і аб'ёму тое, што яны з'яўляюцца індывідуальнымі з'явамі, увасабляюць суб'ектыўнае. Кампаненты ідыялекту - адзінкі мовы на ўсіх яе ўзроўнях (фанемным, марфемным, лексічным і сінтаксічным). Разам з тым не ўсе моўныя рэсурсы, якімі карыстаецца аўтар, уваходзяць у структуру яго ідыялекту, а толькі тыя, якія з'яўляюцца тыповымі для моўнай асобы і адлюстроўваюць індывідуальную карціну свету. У склад ідыястылю ўваходзяць такія прыёмы, спосабы арганізацыі тэксту, фігуры і г. д., што з'яўляюцца пераважнымі для аўтара, але выбар якіх абумоўлены спецыфікай моўнай асобы (напрыклад, уласным густам, асаблівасцямі мыслення і г.д.). Вызначальную ролю ў вытлумачэнні паняццяў ідыялект і ідыястыль набывае аўтарская інтэнцыя (лац. intentio - імкненне) - усвядомлены намер аўтара тэксту надаць моўнай адзінцы пэўную кантэкстуальную значнасць. Паколькі моўны матэрыял рэалізуецца ў разнастайных стылістычных прыёмах і спосабах арганізацыі тэксту, паняцце ідыястыль вызначаецца ў дысертацыі як шырэйшае, чым паняцце ідыялект.
Раздзел 1.3 “Лексіка-семантычная спецыфіка ідыялекту М. Зарэцкага” прысвечаны разгляду моўных адзінак, якія фарміруюць адметнасць аўтарскага ідыялекту. Звяртаецца ўвага на тое, што індывідуальнасць любой моўнай асобы найперш праяўляецца ў слове, таму лексічная падсістэма вызначаецца асноўнай у складзе ідыялекту. Замест тэрміна лексічная падсістэма ідыялекту прапануецца карыстацца назвай лексіка-семантычная падсістэма ідыялекту, раскрываецца аб'ём і змест гэтага паняцця.
Разглядаецца лексіка-семантычная структура ідыялекту М. Зарэцкага. Яна вызначаецца суадносінамі паміж маўленчым узусам беларускай мовы ў гады літаратурнай дзейнасці пісьменніка (20 - 30-ыя гг. ХХ ст.) і шэрагам устойлівых моўных адметнасцей аўтарскага ідыялекту. Цэнтральную ролю ў індывідуалізацыі ідыялекту М. Зарэцкага адыгрываюць словаўтваральныя неалагізмы, ці наватворы, а таксама ўзуальныя словы, якія развілі новую, кантэкстуальна абумоўленую семантыку. У ідыялект уваходзяць таксама адзінкі, якія рэпрэзентуюць рысы моўнай асобы як рэальнага чалавека: ключавыя словы і сродкі выражэння ацэначнай семантыкі, што адлюстроўваюць аўтарскае светабачанне. Найменшую ролю ў індывідуалізацыі мовы М. Зарэцкага адыгрываюць словы, якія характарызуюць носьбіта ідыялекту як прадстаўніка пэўнага гістарычнага, сацыяльнага і этнакультурнага асяроддзя: запазычанні, дыялектызмы, размоўная лексіка, фразеалагізмы. Дыялектная лексіка з тэкстаў М. Зарэцкага фарміруе арэальную адметнасць ідыялекту. Тэматычную спецыфіку аўтарскага лексікона рэпрэзентуюць запазычанні, фразеалагізмы, размоўныя і дыялектныя словы.
Другая глава “Спосабы праяўляення моўнай індывідуальнасці ў тэкстах М. Зарэцкага” прысвечана разгляду наватвораў і кантэкстуальных пераўтварэнняў.
У раздзеле 2.1 “Словатворчасць М. Зарэцкага як праяўленне моўнай індывідуальнасці носьбіта ідыялекту” аналізуюцца наватворы, выбраныя з тэкстаў аўтара. Звяртаецца ўвага на неабходнасць адрознення аказіяналізмаў ад дыялектных адзінак, а таксама ад малавядомых слоў, якія выкарыстоўваліся ў гады літаратурнай дзейнасці пісьменніка (20 - 30-ыя гг. ХХ ст.). Паводле марфалагічнай прыналежнасці ў аўтарскіх кантэкстах ужываюцца наступныя тыпы індывідуальна-аўтарскіх утварэнняў: субстантыўныя, ад'ектыўныя, дзеяслоўныя і адвербіяльныя формы.
Найбольш выразнымі рэпрэзентантамі ідыялекту М. Зарэцкага з'яўляюцца прыметнікі-наватворы. Прадуктыўнасцю вызначаюцца складаныя прыметнікі, сярод якіх асабліва пашырэны індывідуальна-аўтарскія злітныя эпітэты - прыметнікі-кампазіты. Семантычная напоўненасць кампанентаў такіх адзінак заснавана на аб'яднанні аднатыпных прымет: падазрона-настарожаны, незамутнёна-спакойны, сонечна-светлы, энергічна-рухлівы і інш.; аб'яднанні розных прымет, якія характарызуюць адзін прадмет, адну з'яву: пярэста-шумлівы, халодна-высокі, хітра-таемны, сіва-люстраны і інш.; аб'яднанні лагічна неспалучальных прымет: пагардліва-ласкавы, трывожна-радасны, турботна-вясёлы, радасна-крыважэрны і інш.; выражэнні адным з кампанентаў складанага прыметніка адносін параўнання: агнёва-прагны, шэра-сталёвы, манастырска-нудны, вясёлкава-ясны і інш.; выражэнні першым кампанентам складанага прыметніка ступені праяўлення якасці: дзіўна-глыбокі, жудасна-чорны і інш.; выражэнні першым кампанентам прычыны наяўнасці прыметы: хваравіта-бледны, ліхаманкава-бліскучы і інш.; выкарыстанні каляроніма ў якасці кампанента складанага прыметніка: разгонна-зялёны, лілова-смутны, халодна-срэбны, жоўта-тужлівы і інш.
Аказіянальныя назоўнікі, дзеясловы і прыслоўі ў ідыялекце пісьменніка адзінкавыя. Самым пашыраным спосабам утварэння аказіянальных субстантываў у ідыялекце М. Зарэцкага з'яўляецца суфіксальны: радаснасць, станоўкасць, давольнасць, правадырства, слюмачанне, дуроніца. Асобныя аўтарскія назоўнікі ўтвораны прэфіксальна-нульсуфіксальным спосабам (скрозьдонне), спосабам складання (разнацвет). Аказіянальныя дзеясловы ўтвораны суфіксальным спосабам (ціхамірыць), суфіксальна-постфіксальным (сур'ёзіцца), прэфіксальна-постфіксальным (расслюмачыцца). Суфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны і спосаб складання характэрны для наватвораў-прыслоўяў: зырліва, напераспехі, дзеля-гадзіся.
Словаўтваральныя неалагізмы выкарыстоўваюцца ў тэкстах М. Зарэцкага з рознай інтэнсіўнасцю: у ранніх творах іх налічваецца значна менш, чым у позніх. Так, у яго прозе 1921 - 1926 гг. выкарыстана 63 выпадкі ўжывання аказіяналізмаў, у творах 1927 - 1929 гг. фіксуецца 302 наватворы, у больш позні перыяд (1930 - 1936 гг.) налічваецца 236 такіх адзінак*. На падставе гэтых фактаў робіцца выснова, што ідыялект М. Зарэцкага адрозніваецца дынамізмам, а моўная асоба пісьменніка праявіла імкненне да працэсу моўнага ўзбагачэння сваіх тэкстаў.
Раздзел 2.2 “Кантэкстуальнае пераўтварэнне ўзуальных лексічных адзінак у тэкстах М. Зарэцкага” складаецца з трох падраздзелаў.
У падраздзеле 2.2.1 адзначаецца, што для ідыялекту М. Зарэцкага характэрна ўзнікненне пеяратыўных семантычных адценняў, неўласцівых пэўным словам як адзінкам агульнанароднай мовы. Напрыклад, канататыўны кампанент лексемы герой у традыцыйным выкарыстанні меліяратыўны. Пісьменнік укладае ў сэнс слова адценне зневажальнасці, якое становіцца больш выразным за кошт выдзялення слова пры дапамозе двукосся: У 1918 годзе тут лютавалі ў крывавай раскошы ашалелыя банды пана Доўбар-Мусніцкага - “героя”, які ... заліў Беларусь крывёй мірнага жыхарства, асвятліў яе крывавым бляскам пажараў, агаласіў смяротным стогнам і плачам. Называючы туземцамі насельнікаў палескай вёскі Кузьмічы, якія жывуць у адвечным жудасным брудзе і цемрадзі, якія зусім не ведаюць лазні і апынуліся ў царстве старажытнага дзікунства, М. Зарэцкі адначасова ўкладае ў значэнне слова адценне спачування і іроніі, за кошт чаго яно характарызуецца экспрэсіяй зніжанага характару. Лексічная адзінка палітык, якая ўзуальна не мае адмоўнай семантыкі, у рамане “Вязьмо” развівае негатыўную канатацыю пры характарыстыцы злоснага кулака Гвардыяна: Гвардыян - палітык. Ён нідзе не паказваецца , ні з кім не размаўляе, а тым часам усе канцы ў яго сыходзяцца. Для стварэння вобраза гэтага ж персанажа аўтар выбірае таксама лексему трон, традыцыйнае значэнне якой пазбаўлена пеяратыўнай, іранічнай семантыкі. Называючы тронам звычайнае крэсла, пісьменнік стварае запамінальны вобраз карыслівага і хцівага чалавека, прагнага да нажывы: У двух процілежных кутах стаіць па вялізным трумо, а ў трэцім куту, што супроць абразоў, - наймілейшая Гвардыянава рэч - шырокае і глыбокае спрунжынавае крэсла. На гэтым троне любіў часам пасядзець Цімафей Міронавіч.
Назіранні паказалі, што ў ідыялекце пісьменніка пашыраны лексічныя адзінкі, канататыўныя кампаненты якіх выяўляюць аўтарскую іронію. Прыкладамі могуць служыць словы рыцар, фараон, філосаф, формула, апалогія, Галілей, Дон Кіхот і інш. Так, формулай пісьменнік называе эканаміста Пражэню, гаворку неадукаванага селяніна - апалогіяй, звычайных інжынераў Гнеўку і Прышчэпава - балотнымі фараонамі, філосаф у кантэкстах М. Зарэцкага - просты селянін Плакс і інш. За кошт такіх семантычных пераўтварэнняў аўтар стварае запамінальныя вобразы, засяроджвае ўвагу чытача на якаснай характарыстыцы персанажаў.
Падраздзел 2.2.2 прысвечаны разгляду нетрадыцыйнай спалучальнасці слоў у тэкстах М. Зарэцкага. Звяртаецца ўвага на вызначэнне сутнасці паняцця нетрадыцыйная спалучальнасць, прыводзяцца сінанімічныя назвы, падаюцца заўвагі пра методыку адбору нетрадыцыйных словазлучэнняў.
Часцей за ўсё нетрадыцыйная спалучальнасць слоў у кантэкстах М. Зарэцкага суправаджаецца іроніяй: ненажэрныя багатыры, высокакультурны садзіст, морда прыгожая, асартымент контррэвалюцыянераў, гатунак амбіцыі і інш. Спалучэнне ненажэрныя багатыры пашырае ўяўленне аб семантычных сувязях слоў. Нейтральная лексема багатыр (`той, хто валодае вялікай маёмасцю; казачны асілак') ва ўзуальным выкарыстанні не мае негатыўнай канатацыі, але ў аўтарскім кантэксце стылістычная афарбоўка слова ўспрымаецца як зніжаная. За кошт збліжэння слова багатыр з размоўным прыметнікам ненажэрны, які мае адмоўную семантыку, кантэкст вызначаецца пеяратыўнымі адценнямі сэнсу. Аб'яднанне ў адным радзе азначэння прыгожы з назоўнікам морда стварае камічную сітуацыю, якая з'яўляецца паказчыкам негатыўнага зараду экспрэсіі. Сэнсава кантрастуюць лексічныя адзінкі і ў выразах высокакультурны садзіст, морда прыгожая і інш., што ўзмацняе ацэначны кампанент і г.д.
У падраздзеле 2.2.3 разглядаюцца выпадкі пашырэння семантыкі слоў. Такія кантэкстуальныя пераўтварэнні найчасцей адбываюцца з назоўнікамі, якія выступаюць у ролі загалоўкаў твораў. Напрыклад, назоўнік вязьмо (`перавясла; складанае спляценне чаго-небудзь, вузел') на ўзроўні макракантэксту аднайменнага рамана набывае арыгінальную аўтарскую канцэптуалізацыю. Па-першае, лексема асэнсоўваецца як `крыніца душэўных перажыванняў', якія суправаджаюць галоўнага героя. Па-другое, слова вязьмо развівае аўтарскае значэнне `падзеі на сяле зімой 1930 года', што з'явілася пад уплывам аўтарскай ацэнкі рэчаіснасці, рэаліі якой пісьменнік успрымаў як нешта пераблытанае, трывожнае і супярэчлівае. Гэтым словам М. Зарэцкі акрэсліў свае адносіны да калектывізацыі, у выніку чаго дабро і зло, шчасце і пакуты цесна перапляліся. Такое пераасэнсаванне лексемы вязьмо дазволіла пісьменніку адлюстраваць супярэчнасці падзей сваёй эпохі, у якой парушаны гуманныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі.
Аўтарскую канцэптуалізацыю атрымалі і іншыя лексічныя адзінкі, якія выконваюць функцыю загалоўкаў твораў, напрыклад, бель -`заслона, павалока, пялёнка на вачах, памутненне', крывічы - `адраджэнцы', голы звер - `чалавеканенавіснік', ворагі - `ахвяры рэвалюцыі' і інш. Адзначаюцца выпадкі пашырэння семантыкі дзеясловаў (плюхаць, поўзаць, астояцца), прыводзяцца прыклады змянення зместу лексем у выніку развіцця метафарычных значэнняў (гук нязграбна кульнуўся, ложак злосна вышчарыўся). Падкрэсліваецца, што такія кантэкстуальна-семантычныя пераўтварэнні ўзуальных моўных адзінак не толькі забяспечваюць арыгінальнасць і вобразнасць аўтарскіх кантэкстаў, але і з'яўляюцца паказчыкамі спецыфікі мастацка-эстэтычнага мыслення пісьменніка. Агульнавядомыя словы ў такім ужыванні вызначаюцца асаблівай роляй, з'яўляюцца рэпрэзентантамі адносін пісьменніка да рэчаіснасці.
Раздзел 2.3 “Асноўныя спосабы і прыёмы арганізацыі слоў у тэкстах М. Зарэцкага” складаецца з двух падраздзелаў.
У падраздзеле 2.3.1 разглядаецца графічнае выдзяленне лексем у тэкстах пісьменніка. Пры дапамозе графічных сродкаў узуальныя лексемы характарызуюцца асаблівай функцыянальнай роляй, дадатковымі адценнямі сэнсу, г. зн. творча пераўтвараюцца аўтарам, адлюстроўваюць індывідуальную карціну свету: Адзін за адным пазбаўляюцца “святыя пастыры” сваіх слухмяных авечак і трацяць цёплыя наседжаныя гнёзды ... У сваім арсенале яны не маюць іншае зброі, апрача старога ржавага “цуду”, якое ўсім даўно ўжо абрыдла і не дае жаданага эфекту...; Трудна было б паверыць, што такія “культурныя” забавы магчымы ў дваццатым стагоддзі, каб не было жывых сведак гэтага жудаснага факта. У прыведзеных кантэкстах словы з традыцыйна станоўчай ацэнкай пры дапамозе графічнага выдзялення развілі дадатковы пеяратыўны сэнс. У такіх выпадках не толькі семантыка лексічных адзінак, але і іх форма сведчаць, што ў кантэксце прысутнічае імпліцытны змест.
Падраздзел 2.3.2 прысвечаны разгляду лексічных і семантычных паўтораў. Лексічныя паўторы ў кантэкстах носьбіта ідыялекту выступаюць як спосабы экспрэсіўнага ўзмацнення, выдзялення значнага вобраза, індывідуалізацыі маўлення персанажаў. Разам з тым даволі часта пры дапамозе такога прыёму пісьменнік перадае падтэкставую інфармацыю: паўтараючыся, словы ці выразы набываюць дадатковыя адценні сэнсу, а гэта значыць, творча пераўтвараюцца аўтарам і набываюць статус ідыялектных адзінак. Напрыклад: І хто можа забараніць шчыра і моцна любіць цябе, жоўта-тужлівая, сумная восень! Восень жыцця чалавека [Мар'я; т.1, с.75]. Пісьменнік, рэалізуючы прыём кантактнага паўтору назоўніка восень, пашырае сэнсавыя рамкі моўнай адзінкі. Падчас першага ўвядзення лексема мае агульнавядомае значэнне, называючы пару года паміж летам і зімою, пры паўторным ужыванні - развівае метафарычны сэнс: назва пары года суадносіцца з паняццем жыцця чалавека на мяжы старасці. Перад чытачом паўстае не проста вынік шматразовага паўтарэння, а прынцыпова іншая з'ява і па сваёй функцыі, і па сваім прагматычным эфекце. У выніку аўтарскай інтэрпрэтацыі ўзуальнае слова пераходзіць у слова-вобраз, становіцца сімвалам і вызначаецца адзінкай ідыялекту М. Зарэцкага.
Актыўным сродкам эксплікацыі суб'ектыўнай пазіцыі аўтара выступае семантычны паўтор, які рэпрэзентуюць сінонімы з тэкстаў пісьменніка. Назіранні паказалі, што такі прыём дапамагае М. Зарэцкаму ў паглыбленні псіхалагізму пры характарыстыцы персанажаў: Ён бачыў, як знерваваная, раздражнёная сялянская моладзь ... арганізуе партызанскія атрады ...; ... Карызна, недаверлівы, сцеражлівы, трымаў скрозь дзелавы, пагардліва-ласкавы тон; Славін ... з сумнай павольнасцю зацягнуў; Але дужа не хацеў ён ... гараваў, плакаў ... Яна тож плакала, жалкавала аб сваёй долі і інш. Пры дапамозе семантычнага паўтору пісьменнік стварае псіхалагічныя характары, дасягае дакладнасці, дэталізацыі і ўдакладнення вобразаў.
Трэцяя глава “Слова як паказчык фрагмента індывідуальнай карціны свету М. Зарэцкага” складаецца з трох раздзелаў.
У раздзеле 3.1 “Ключавыя словы ў ідыялекце М. Зарэцкага” вызначаюцца асноўныя крытэрыі выдзялення ключавых слоў у тэкстах М. Зарэцкага, разглядаюцца ключавыя словы жыццё, смерць, багна (балота), віхор (віхура), чорны. Звяртаецца ўвага, што гэтыя адзінкі мовы звязаны з жыццёвым вопытам пісьменніка і характарызуюцца ідэйна-тэматычнай накіраванасцю яго твораў, з'яўляюцца фіксатарамі найбольш істотнай для носьбіта ідыялекту інфармацыі, вызначаюцца ўнутранымі патрэбамі аўтара ў адлюстраванні ўласнага светапогляду, з'яўляюцца высокачастотнымі ў тэкстах пісьменніка, уваходзяць у склад загалоўкаў яго твораў і назваў зборнікаў.
Асабліва важныя, знакавыя ў ідыялекце М. Зарэцкага ключавыя словы жыццё і смерць, значнасць якіх абумоўлена хрысціянскім светаўспрыманнем асобы М. Зарэцкага. Аўтар не проста імкнецца даследаваць жыццё чалавека праз сістэму мастацкіх вобразаў, а па-філасофску асэнсоўвае гэтыя з'явы. Творы пісьменніка вызначаюцца ўвагай да жыцця чалавека наогул, незалежна ад сацыяльна-класавай прыналежнасці.
У тэкстах М. Зарэцкага словы жыццё і смерць развіваюць як аб'ектыўныя, так і індывідуальна-аўтарскія сэнсы і асацыяцыі. Найбольшае пашырэнне ў ідыялекце атрымалі пеяратыўныя сэнсы слова жыццё: жыццё - чорная камлыга; жыццё - цьменне маруднае; жыццё - злачынны лад; жыццё - багна; жыццё - ланцугі; жыццё - пыл і інш. Меліяратыўная афарбоўка лексемы жыццё таксама сустракаецца ў кантэкстах М. Зарэцкага: жыццё - пышнае, квяцістае дрэва; жыццё - мора; жыццё - поле і інш. Даволі часта развіццё такіх канатацый ажыццяўляецца ў напрамку сімвалізацыі аб'ектыўных значэнняў, напрыклад, моўная адзінка жыццё ў аўтарскіх кантэкстах семантычна збліжаецца са словам радасць. Такое суб'ектыўна-асабістае разуменне сутнасці жыцця арыентуецца на асаблівасці менталітэту беларускага народа, на нацыянальна-культурную спецыфіку вобраза жыцця ў моўнай свядомасці беларусаў. Слова смерць трактуецца пісьменнікам як таемны пераход у нябыт. Спецыфіка аўтарскага светаўспрымання адчуваецца ў дыяметральна процілеглай асацыяцыі: смерць - гэта не толькі пераход у нябыт, не толькі знішчэнне жывой істоты; смерць - гэта адначасова і дабратворная субстанцыя, якая збаўляе чалавека ад фізічных і душэўных пакут. У ідыялекце М. Зарэцкага таксама пашыраны кантэксты, у якіх агульная семантыка слова смерць мае значэнне `акт гвалтоўнай гібелі'. Такое семантычнае напаўненне ключавой лексемы тлумачыцца сацыяльна-гістарычнымі ўмовамі 20 - 30-ых гг. ХХ ст. Звяртаецца ўвага на тое, што аўтарскае разуменне сутнасці жыцця і смерці заснавана ў ідыялекце на спалучэнні хрысціянскай этыкі з традыцыйнай культурай беларусаў, звязваецца ў светаўспрыманні пісьменніка з арыгінальнай рэпрэзентацыяй ідэі вечнага існавання чалавека.
У ідыялекце пісьменніка статус ключавых слоў набываюць лексемы багна (балота) і віхор (віхура). Яны з'яўляюцца важнымі сродкамі раскрыцця цэнтральных праблем творчасці празаіка. Іх выкарыстанне заснавана на спалучэнні фальклорна-міфалагічных і індывідуальна-аўтарскіх сэнсаў. Пры дапамозе гэтых адзінак М. Зарэцкі часцей адлюстроўвае не прыродныя стыхіі, а сацыяльныя з'явы чалавечага жыцця. У тэкстах носьбіта ідыялекту лексема багна (балота) асацыятыўна звязана з ключавым словам жыццё, семантычна ўскладняецца за кошт з'яўлення пеяратыўных сэнсаў і рэпрэзентуе неспакойную, трывожную эпоху аўтара. Лексічная адзінка віхор (віхура) у тэкстах пісьменніка развівае меліяратыўную канатацыю і характарызуе высакародных людзей, свабоду, ачышчальную сілу рэвалюцыі.
Найбольш значным для індывідуальнай моўнай карціны свету М. Зарэцкага з'яўляецца чорны колер, які адлюстроўвае аўтарскае бачанне свету, эксплікуе ацэнку носьбіта ідыялекту на падзеі сваёй эпохі. У тэкстах М. Зарэцкага лексема чорны найчасцей развівае адмоўныя канатацыі, выклікае ў чытача цэлы шэраг негатыўных асацыяцый. Пры дапамозе чорнага колеру празаік стварае псіхалагічнае, філасофскае асэнсаванне рэалій рэчаіснасці. Для моўнай асобы М. Зарэцкага гэты колер з'яўляецца сімвалам супярэчлівага жыцця, у якім апынуліся сучаснікі пісьменніка.
У раздзеле 3.2 “Сродкі выражэння ацэначнай семантыкі ў ідыялекце М. Зарэцкага” адзначаецца, што пашыранымі сродкамі, якія рэалізуюць ацэнку, у тэкстах аўтара выступаюць параўнанні і метафары. Назіраецца тэндэнцыя пераважнага іх выкарыстання ў функцыі пеяратыўнай ацэнкі: Цімафей Міронавіч ужо ўсміхаецца шырокаю, застылаю, як у жабы, усмешкаю; ... вусы шавяліліся, як у таракана; І знаходзяцца яшчэ ішакі, якія, вульгарызуючы і прафануючы праўдзівыя думкі правадыроў, у тупой абмежаванасці сваёй заяўляюць, што гэта ёсць наша правільная арыентацыя; Страус ты палахлівы; А каму горш за ўсё не скажа Марылька пра свайго Васілька, дык гэта свайму мужыку - Ахрэму даўгалыгаму, чаплі нялюбай і інш. Адметнасцю аўтарскага словаўжывання з'яўляецца выкарыстанне меліяратываў у функцыі пеяратыўнай ацэнкі: Здохнеш ты раней за мяне, мая ласачка; Перш табе нутро павыверне, мая зязюлечка і інш. Адна з прыкмет творчай манеры М. Зарэцкага - гэта актыўнасць меліяратыўных ацэначных канатацый, якія ствараюцца пры дапамозе фітонімаў: Але і ў яе ... вусны, як журавіны; ... сінія вочкі яе пырхалі трапятлівымі васількамі; ... зграбная і прыгожая, як маладая сасонка; ... уяўляю сябе маленькай дзяўчынкай - бязвіннай, чыстай, як незабудка; ... ён глядзеў на гэту руку - кволую, як белая лілея.
Большасць ацэначных сродкаў у аўтарскіх кантэкстах дапамагае пісьменніку выразіць абурэнне ў іранічнай форме, што ў пэўнай ступені згладжвае пеяратыўнасць выказвання. Аналіз сродкаў выражэння ацэначнай семантыкі ў тэкстах М. Зарэцкага сведчыць, што аўтарская пазіцыя найчасцей праяўляецца ў імпліцытнай форме.
У раздзеле 3.3 “Сацыяльна-гістарычны кантэкст эпохі аўтара і ідыялект” адзначаецца, што моўная асоба, выбіраючы ўзуальныя лексічныя сродкі, аддае перавагу толькі асобным моўным адзінкам. Выбар гэтых сродкаў звязаны з жыццёвым шляхам моўнай асобы, яе светапоглядам, каштоўнаснымі арыенцірамі, інтарэсамі і інш. Важнымі крыніцамі ў пазнанні моўнай асобы М. Зарэцкага з'яўляюцца дыялектызмы, размоўныя лексемы, фразеалагізмы, запазычаная лексіка. Значнасць гэтых лексічных сродкаў для моўнай асобы М. Зарэцкага акрэсліваецца не толькі іх высокай канцэнтрацыяй у тэкстах аўтара, але і сэнсавай нагрузкай ва ўвасабленні асноўных тэм твораў. Адносіны пісьменніка да гэтых сродкаў, аналіз іх прадметнай сферы эксплікуюць арыентацыі аўтарскага светапогляду, дазваляюць раскрыць сувязь моўнай асобы М. Зарэцкага з этнакультурным асяроддзем, у якім ён жыў і якое адлюстравана ў яго творах.
Раздзел складаецца з двух падраздзелаў. У падраздзеле 3.3.1 разглядаюцца дыялектызмы, размоўныя лексемы, фразеалагізмы. Гэтыя адзінкі з'яўляюцца адзнакамі моўнай асобы пісьменніка як прадстаўніка пэўнай сацыяльнай і этнакультурнай прасторы. Пры дапамозе дыялектызмаў, размоўных лексем, фразеалагізмаў пісьменнік імкнецца перадаць асаблівасці побыту простых людзей, усе тонкасці і адценні іх паводзін, псіхалагічнага стану. Фразеалагізмы адлюстроўваюць прыналежнасць моўнай асобы пісьменніка да беларускай лінгвакультуры, акрэсліваюць нацыянальную адметнасць беларускага жыцця.
Аналіз дыялектнай і размоўнай лексікі вызначыў увагу пісьменніка да феномена чалавека. Назіраецца пашыранае ўжыванне дыялектных адзінак, што ў першую чаргу зафіксаваны ў дыялектных слоўніках паўночна-ўсходняй тэрытарыяльнай прыналежнасці: кулёк, лёх, палаці, струшанка, павучынка, зняцейкі, скачок, жалкаваць, маргелка, чабаты і інш.
Наяўнасць многіх дыялектызмаў у тэкстах М. Зарэцкага тлумачыцца недастатковай кадыфікацыяй беларускай літаратурнай мовы ў 20 - 30-ыя гг. ХХ ст. Некаторыя фанетычныя і марфалагічныя з'явы, якія ў сучаснай мове кваліфікуюцца як дыялектныя, у эпоху аўтара былі нарматыўнымі, напрыклад, граматычныя формы з канчаткамі -ох (-ёх) у месным склоне (у грудзёх); перадача запазычанага ф як х, хв (хварбы, пархумы); формы дзеясловаў 3-яй асобы адзіночнага ліку I спражэння з канчаткамі -ець, -аць, -эць замест -е, -э, -а (папсуець, адаб'ець) і інш. Адзначаецца, што ў даследаванні ідыялекту М. Зарэцкага аналіз абласной лексікі карысны тым, што дазваляе параўнаць ужыванне асобных слоў у беларускай мове ў 20 - 30-ыя гг. ХХ ст. і ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, дапамагае скласці пэўнае ўражанне пра моўныя традыцыі ў гады літаратурнай дзейнасці пісьменніка.
Падраздзел 3.3.2 прысвечаны аналізу запазычанай лексікі. Іншамоўныя словы ўзбагацілі ідыялект і высвецілі асобу высокаадукаванага пісьменніка. М. Зарэцкі актыўна ўводзіць у тэксты запазычанні, у выкарыстанні якіх прасочваецца эвалюцыя ідыялекту аўтара. Так, у яго тэкстах 1921 - 1926 гг. налічваецца 95 запазычаных заходнееўрапейскіх лексем, у творах 1927 - 1929 гг. фіксуецца 517 заходнееўрапейскіх запазычанняў, а ў тэкстах 1930 - 1936 гг. аўтар выкарыстаў 585 такіх слоў. Гэтыя колькасныя паказчыкі адлюстроўваюць не толькі эвалюцыю ідыялекту М. Зарэцкага, але і эвалюцыю аўтарскага светапогляду. Пісьменнік, хутчэй за ўсё, на пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці быў скіраваны на здабыткі нацыянальнай літаратуры, дзе запазычаная лексіка не была актыўнай. Асэнсаваўшы багатыя выяўленчыя магчымасці запазычаных слоў, М. Зарэцкі стаў карыстацца імі, што ўзбагаціла ідыялект.
У тэкстах празаіка пераважаюць іншамоўныя найменні, звязаныя з сацыяльна-палітычнай і культурна-нацыянальнай сферамі. Найбольш важнымі сферамі чалавечай дзейнасці аўтар лічыць інтэлектуальную працу і творчасць. Для пісьменніка аказаліся прыярытэтнымі такія галіны, як музыка, рэлігія, псіхалогія і філасофія.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Праведзены аналіз лексіка-семантычнай структуры ідыялекту М. Зарэцкага дае падставы сцвярджаць:
1. Даследаваны ў рабоце матэрыял дазваляе ўдакладніць змест і аб'ём паняццяў ідыялект, ідыястыль: ідыялект - сукупнасць моўных сродкаў, якія паводле аўтарскай інтэнцыі адлюстроўваюць фрагмент індывідуальнай карціны свету; ідыястыль - індывідуальны спосаб арганізацыі моўных сродкаў (сукупнасць прыёмаў, фігур, тропаў, функцый, што пераважаюць у тэкстах), які паводле аўтарскай інтэнцыі адлюстроўвае фрагмент індывідуальнай карціны свету.
Моўныя факты, выбраныя з твораў М. Зарэцкага, дазваляюць устанавіць, што лексіка-семантычная структура ідыялекту М. Зарэцкага вызначаецца суадносінамі паміж маўленчым узусам беларускай мовы ў 1921 - 1936 гг. і ўстойлівымі моўнымі адметнасцямі аўтарскага ідыялекту.
Аснову ідыялекту М. Зарэцкага складаюць аказіянальныя лексічныя адзінкі, паколькі іменна яны ў першую чаргу вызначаюць індывідуальнасць мовы пісьменніка. У яго тэкстах шырока выкарыстоўваюцца аўтарскія складаныя прыметнікі (ласкавабароды, нервова-разгонны, пагардліва-ласкавы, тупа-чырвоны і інш.), аказіянальныя назоўнікі (радаснасць, станоўкасць, дуроніца і інш.), аўтарскія дзеясловы і прыслоўі (ціхамірыць, сур'ёзіцца, зырліва, дзеля-гадзіся і інш.). Асобную зону ў ідыялекце М. Зарэцкага ўтвараюць узуальныя словы, якія ў тэкстах пісьменніка развілі індывідуальна-аўтарскія значэнні ці сэнсавыя прырашчэнні. Напрыклад, словы любачка, туземец, трубадур, мухамор, апалогія, трон, герой, палітык, рыцар, формула, фараон і інш., якія не маюць негатыўнай семантыкі, у кантэкстах аўтара пераўтвараюцца ў лексічныя адзінкі з дадатковымі пеяратыўнымі, часцей іранічнымі канатацыямі. У тэкстах пісьменніка лексіка-семантычную спецыфіку ідыялекту вызначаюць таксама нетрадыцыйныя словазлучэнні: высокакультурны садзіст, гатунак амбіцыі, шалёная любасць, сляпы дзень і інш. Значэнні, адрозныя ад узуальных, у ідыялекце пісьменніка развілі словы вязьмо (`крыніца душэўных перажыванняў', `падзеі на сяле зімой 1930 года'), плюхаць (`сказаць нешта не падумаўшы'), крывічы (`адраджэнцы') і інш.
Індывідуальнасць моўнай асобы выяўляецца не толькі ў стварэнні новых слоў ці значэнняў, але і ў выбары ўзуальных лексем, іх тэматыцы, пераважным выкарыстанні. Гэта дае падставы аднесці да сродкаў індывідуалізацыі тэксту ключавыя словы (лексемы жыццё, смерць, багна, віхор, чорны) і сродкі выражэння ацэначнай семантыкі (у ідыялекце М. Зарэцкага пашыранымі сродкамі выражэння ацэначнай семантыкі з'яўляюцца параўнанні, метафары, эпітэты, размоўная і лаянкавая лексіка, фразеалагізмы), а таксама словы, якія вызначаюць семантыка-тэматычную і арэальную адметнасць індывідуальнага лексікона аўтара (у ідыялекце М. Зарэцкага гэтая зона ў першую чаргу прадстаўлена дыялектызмамі, размоўнымі адзінкамі, запазычанымі заходнееўрапейскімі лексемамі, фразеалагізмамі). Прыярытэты аўтара ў выбары і тэматыцы лексічных адзінак звязаны з жыццёвым вопытам пісьменніка, яго каштоўнаснымі арыенцірамі, характарызуюць моўную асобу з боку прыналежнасці да пэўнага нацыянальнага і сацыяльнага асяроддзя, складаюць уяўленне аб асаблівасцях паводзін, характару, высвятляюць яе веды аб свеце, інтарэсы, сістэму ацэнак і г.д. [3; 4; 9; 12; 13; 14; 15; 16].
2. Вялікую ролю ў азначэнні ідыялекту набывае аўтарская інтэнцыя - свядомы намер надаць моўнай адзінцы пэўную кантэкстуальную значнасць. М. Зарэцкі пераўтварае ўзуальныя сродкі мовы ў спецыфічную сістэму сваёй рэпрэзентацыі, у выніку чаго з'яўляюцца адметныя моўныя адзінкі, якія і вызначаюць ідыялект. Яны выяўляюцца шляхам выбаркі з тэкстаў слоў, якія пры суаднясенні з агульнанароднай мовай будуць формай ці зместам адрознівацца ад узуальных адзінак. У лексіка-семантычнай структуры ідыялекту М. Зарэцкага адлюстраваны такія спосабы праяўлення моўнай індывідуальнасці асобы, як словатворчасць і кантэкстуальныя пераўтварэнні (канатацыя, нетрадыцыйная словаспалучальнасць, пашырэнне семантыкі слоў).
Паводле марфалагічнай прыналежнасці ў кантэкстах М. Зарэцкага ўжываюцца наступныя тыпы індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў: субстантыўныя, ад'ектыўныя, дзеяслоўныя і адвербіяльныя (зафіксавана 601 адзінка). Сярод новых слоў у тэкстах М. Зарэцкага пераважаюць аўтарскія прыметнікі-кампазіты (576 адзінак): манастырска-нудны, радасна-крыважэрны, пагардліва-ласкавы, халодна-высокі і інш. Такія адзінкі з'яўляюцца сродкамі эксплікацыі асацыятыўнага мыслення пісьменніка. Аказіянальныя назоўнікі, дзеясловы і прыслоўі ў лексіка-семантычнай падсістэме ідыялекту М. Зарэцкага непрадуктыўныя (зафіксавана 19 адзінак): давольнасць, слюмачанне, разнацвет, скрозьдонне, расслюмачыцца, напераспехі і інш. Колькасныя падлікі наватвораў з тэкстаў М. Зарэцкага розных перыядаў (у ранніх творах іх налічваецца значна менш, чым у позніх) дазволілі прыйсці да высновы, што ідыялект - з'ява дынамічная, якая развіваецца на працягу ўсёй літаратурнай дзейнасці моўнай асобы. Істотная колькасная перавага словаўтваральных неалагізмаў у позніх творах М. Зарэцкага ў параўнанні з раннімі сведчыць, што ідыялект з'яўляецца паказчыкам аўтарскай эвалюцыі, якая найперш праявілася ў імкненні аўтара да ўзбагачэння лексікона.
Характэрным спосабам індывідуалізацыі ў тэкстах М. Зарэцкага з'яўляецца кантэкстуальнае канатаванне, прычым часцей адбываецца пеярызацыя ўзуальнага значэння моўнай адзінкі. Гэта можна назіраць на прыкладзе выкарыстання такіх слоў, як палітык, верхавод, апартаменты, рыцар, трон, формула і інш., якія ў кантэкстах пісьменніка атрымалі негатыўныя, зніжаныя канатацыі. З'яўленне дадатковых сэнсавых прырашчэнняў абумоўлена як мікракантэкстам, так і макракантэкстам і матывуецца найперш асаблівасцямі вобразаў. Вялікае значэнне ў ідыялекце М. Зарэцкага набываюць канататыўныя кампаненты, якія паведамляюць аб аўтарскай іроніі.
Адным з важных паказчыкаў непаўторнасці ідыялекту М. Зарэцкага з'яўляюцца адзінкі, аўтарскае выкарыстанне якіх заснавана на
нетрадыцыйнай словаспалучальнасці: асартымент контррэвалюцыянераў, морда прыгожая, багатыры ненажэрныя, афіцэр грацыёзна нагнуўся, дубовы смех, скура балота, танец вагона, цела фактаў, грымаса хутарызацыі і інш. У ідыялекце пісьменніка такія пераўтварэнні часта перадаюць іронію і імпліцытную ацэнку. У тэкстах назіраецца тэндэнцыя да збліжэння нейтральных слоў з размоўнымі адзінкамі, у выніку чаго стылістычная афарбоўка нейтральнага, пазбаўленага экспрэсіі слова ўспрымаецца як зніжаная.
Пашырэнне семантыкі ўзуальных лексічных адзінак не атрымала асаблівага распаўсюджвання ў тэкстах М. Зарэцкага. Тым не менш семантычныя неалагізмы таксама адлюстроўваюць вобразнае бачанне пісьменніка, дапамагаюць аўтару выразіць свае адносіны да рэчаіснасці. Назіранні паказалі, што ў тэкстах М. Зарэцкага ў нетрадыцыйных значэннях найчасцей выкарыстоўваюцца назоўнікі і дзеясловы, якія выконваюць функцыю загалоўкаў твораў: голы звер - `чалавеканенавіснік', крывічы - `адраджэнцы', ворагі - `ахвяры рэвалюцыі', вязьмо - `падзеі на сяле зімой 1930 года', бель - `заслона, павалока, пялёнка на вачах, памутненне' і інш.
Да сродкаў узмацнення сэнсу, эксплікацыі пазіцыі моўнай асобы ў ідыялекце М. Зарэцкага адносіцца графічнае выдзяленне лексем, а таксама прыёмы лексічнага і семантычнага паўтораў. Пры дапамозе графічнага выдзялення словы ў аўтарскіх кантэкстах вызначаюцца асаблівай функцыянальнай роляй, характарызуюцца дадатковымі адценнямі сэнсу. Найбольш часта аўтар выкарыстоўвае такі спосаб арганізацыі лексічных адзінак з мэтай папярэдзіць чытача аб неабходнасці адчуць, заўважыць дадатковыя аўтарскія канатацыі. Фактычна выпадкі графічнага выдзялення слоў - гэта графічна аформленыя кантэкстуальна-семантычныя пераўтварэнні ў тэкстах пісьменніка. Лексічныя і семантычныя паўторы выступаюць як спосабы перадачы падтэкставай інфармацыі: паўтараючыся, словы ці выразы могуць развіваць дадатковыя адценні сэнсу. Індывідуальнасць моўнай асобы М. Зарэцкага праявілася ў схільнасці да паўтораў найбольш важных у ідэйна-мастацкіх адносінах дэталяў, асабліва ў характарыстыках персанажаў з маральнымі заганамі. Аналіз выкарыстання семантычнага паўтору ў тэкстах М. Зарэцкага дазволіў выявіць такую важную рысу ідыялекту пісьменніка, як нівеліроўка, ураўноўванне стылістычнага статусу лексічных адзінак (пераважна кніжных і размоўных) [4; 7; 9; 10; 11; 12; 13; 15].
3. У лексіка-семантычнай структуры ідыялекту М. Зарэцкага ключавымі словамі з'яўляюцца лексемы жыццё, смерць, багна (балота), віхор (віхура), чорны. Пра тое, што вышэйназваныя моўныя адзінкі з'яўляюцца ключавымі ў ідыялекце пісьменніка, сведчаць наступныя факты: гэтыя лексемы з'яўляюцца фіксатарамі найбольш істотнай для носьбіта ідыялекту інфармацыі, характарызуюцца ідэйна-тэматычнай накіраванасцю яго твораў, з'яўляюцца высокачастотнымі ў тэкстах пісьменніка, уваходзяць у склад загалоўкаў яго твораў і назваў зборнікаў.
У тэкстах М. Зарэцкага лексічныя адзінкі жыццё, смерць, багна (балота), віхор (віхура), чорны пашыраюць лексікаграфічна ўстаноўлены аб'ём свайго значэння і набываюць дадатковыя канатацыі. Напрыклад, словы жыццё і смерць у кантэкстах М. Зарэцкага антрапамарфізуюцца, ужываюцца ў вобразных кантэкстах, развіваюць разнастайныя вобразныя канатацыі, пераважна пеяратыўныя, сімвалічна збліжаюцца з іншымі словамі (жыццё - радасць, смерць - шчасце) і інш. Супрацьлеглыя сутнасці жыцця і смерці ўраўноўваюцца ў свядомасці пісьменніка, што звязваецца з арыгінальным аўтарскім разуменнем ідэі вечнага існавання чалавека. Такое спецыфічнае ўяўленне грунтуецца на спалучэнні хрысціянскай этыкі з традыцыйнай культурай беларусаў, што ўласціва моўнай карціне свету М. Зарэцкага.
Выкарыстанне лексем багна (балота), віхор (віхура) носіць алегарычны характар. Гэтыя фальклорна-міфалагічныя вобразы, рэалізуючыся ў тэкстах носьбіта ідыялекту, узбагачаюцца новымі сэнсамі. Напрыклад, слова чорны ў тэкстах М. Зарэцкага развівае значэнне `бездапаможны, пакрыўджаны'; лексема багна ўжываецца ў наступных нетрадыцыйных значэннях: `духоўны крызіс грамадства', `маральныя заганы чалавека', `любоў', `жыццё', `неспакойная эпоха 20 - 30-ых гг. ХХ ст.'; слова віхор у ідыялекце пісьменніка выкарыстоўваецца ў такіх значэннях, як `дабратворная актыўная стыхія', `рэвалюцыя', і сімвалізуе ачышчальную сілу, высакародных людзей, жыццё, заснаванае на любові і справядлівасці. Ключавыя словы багна (балота), віхор (віхура) з'яўляюцца рэпрэзентантамі сацыяльный сферы чалавечай дзейнасці, увасабляюць веру пісьменніка ў перамогу дабра над злом, у шчаслівую будучыню. Слова чорны выступае як колерасімвал эпохі аўтара, як імпліцытны сродак выражэння жыццёвай пазіцыі М. Зарэцкага, якая звязана з яго негатыўнымі адносінамі да рэчаіснасці [4; 13; 17].
4. Пашыраны спосаб індывідуалізацыі мовы ў ідыялекце М. Зарэцкага - сродкі выражэння ацэначнай семантыкі: параўнанні (як каршун, як мядзведзь, шалёнай вужакай і інш.), метафары, пераважна субстантыўныя (хваля нецярплівасці, клубок болю, іголкі жудасці, шкарупа замкнёнасці і інш.), эпітэты (едкая падазронасць, перажаблены голас, звярыная свежасць, пергамінавы твар, глухія супярэчнасці, жорсткая згода, тупое жыццё, чорная атрута і інш.), размоўныя (шарпаніна, шалацца, шворыцца і інш.) і лаянкавыя лексемы (шлюха, сцерва і інш.), фразеалагізмы (ці не воўк за гарой здох, семяніць дробным макам, даць драла і інш.).
Пераважная большасць ацэначных сродкаў у тэкстах аўтара - параўнанні. Назіранні паказалі, што меліяратыўная ацэнка найчасцей рэалізуецца пры дапамозе фітонімаў (як кветка, як журавіны, трапятлівымі васількамі, як незабудка, як белая лілея і інш.), а пеяратыўная - заонімаў (як у жабы, як слімак, гадзюкай чорнай, чарвяком атрутным, што хорт, як у таракана і інш.). Для творчай манеры пісьменніка больш характэрныя пеяратыўныя, адмоўныя ацэнкі. Негатыўная ацэнка асоб, падзей, дзеянняў найчасцей праяўляецца ў імпліцытнай форме. Адметнасцю аўтарскага словаўжывання з'яўляецца выкарыстанне лексічных адзінак меліяратыўнай семантыкі ў якасці пеяратыўнай ацэнкі, напрыклад, лексемы любачка, ласачка, зязюлечка і інш. развіваюць у кантэкстах пісьменніка адмоўную канатацыю. Такі кантрасны характар ацэначных сродкаў стварае іранічны эфект [1; 4; 5; 6; 8; 9; 11; 13].
5. Значнае месца ў тэкстах М. Зарэцкага займаюць дыялектныя словы. Прыярытэты пісьменніка ў пашыраным выкарыстанні такіх лексем сведчаць, што народна-дыялектная лексіка добра вядомая носьбіту ідыялекту. Прадуктыўнасцю ў тэкстах аўтара найперш вызначаюцца лексічныя дыялектызмы, сярод якіх пераважаюць субстантывы: камяга, чабаты, дуля, амбарас, турбацыя, струшанка, балачынка і інш. Большасць абласных лексем з твораў М. Зарэцкага зафіксавана ў дыялектных слоўніках паўночна-ўсходняй тэрытарыяльнай прыналежнасці. Напрыклад, словы лёх, шаўлюжка, павучынка, раскеплены, шчыгульненькі, спазрыцца, лахаць, скуламесіцца і інш. вызначаюцца ў лексікаграфічных крыніцах як дыялектныя адзінкі гаворак Віцебшчыны; словы маргелка, скачок, зняцейкі, роіла, бязрупатны, чмары, жалкаваць і інш. зафіксаваны ў дыялекталагічных слоўніках на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Такая арэальная адметнасць індывідуальнага лексікона пісьменніка вызначаецца геаграфіяй пражывання М. Зарэцкага ў гэтых раёнах Беларусі. Большасць лексічных дыялектызмаў, а таксама размоўнай лексікі і фразеалагізмаў звязана з семантычным полем “Чалавек”. Напрыклад, сярод размоўных лексем пераважаюць дзеясловы са значэннем манеры хады і маўлення: шлындаць, шалацца, сноўдацца, клыпаць, прыкандыбаць, прытрусіць, замармытаць, бурчаць, плесці і інш. Большасць фразеалагізмаў перадае рысы характару чалавека, тэматычна звязана з асаблівасцямі ўзаемаадносін паміж людзьмі: плячо ў плячо, костачкі перабіраць, воч пазычаць у сабакі, выліць каму-небудзь сваю душу, адным махам, узяць сябе ў рукі і інш.
...Подобные документы
Жыццёвы і творчы шлях вядомага беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага. Тэма жаночай лёсу, развіццё характару і духоўных перажыванняў ў малой прозе і раманах "Сцежкі-дарожкі", "Вязьмо". Розныя падыходы літаратара да паказу жанчыны ў савецкім грамадстве.
курсовая работа [32,4 K], добавлен 26.11.2010Паняцце канфесійнай лексікі беларускай мовы. Тэматычны разрад рэлігійнай лексікі. Разрад абстрактнай лексікі ў складзе рэлігійнай. Семантычная класіфікацыя канфесійнай і рэлігійнай лексікі. Размежаванне канфесійнай лексікі ў залежнасці ад семантыкі.
контрольная работа [34,9 K], добавлен 05.03.2010Семантычныя, семантыка-стылістычныя, кантэкстуальныя сінонімы. Часцінамоўная прыналежнасць сінонімаў у паэтычнай мове Гілевіча. Антанімы, рознакаранёвыя лексемы. Дыялектная лексіка як крыніцай узбагачэння агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы.
курсовая работа [24,9 K], добавлен 19.11.2013Мянушка як неафіцыйнае найменне чалавека. Простыя, складовыя, складаныя мянушкі. Мянушкі, якія характарызуюць фізічныя, псіхічныя якасці. Мянушкі, што ўказваюць на месцажыхарства і нацыянальнасць. Неафіцыйныя найменні, утвораныя ад фауністычных назвау.
дипломная работа [167,9 K], добавлен 24.05.2013Сродкі суб’ектыўнай ацэнкі, якія ўжываюцца ў літаратуры. Аўтарскі стыль прозы Якуба Коласа ў аспекце ўжывання ім моўных сродкаў для стварэння суб’ектыўнай ацэнкі; аналіз ягоных твораў: трылогіі "На ростанях", аповесцяў "Дрыгва" і "На прасторах жыцця".
дипломная работа [118,8 K], добавлен 18.06.2012Творчасць Якуба Коласа як класіка беларускай літаратуры. Разумення самой беларускай літаратуры як з’явы сусветнай культуры. Фанетычныя, лексіка-семантычныя, фразеалагічныя, словаўтваральныя сродкі выражэння суб’ектыўнай ацэнкі ў прозе Якуба Коласа.
дипломная работа [96,7 K], добавлен 17.06.2012Лексіка-семантычныя комплексы, функцыі метафар. Структура параўнальных канструкцый на узроўнях слова, словазлучэння, сказа. Класіфікацыя эпітэтаў паводле сувязі з паяснёным словам. Іх функцыянальна-стылістычная роля у вершах паэта, спосабы выражэння.
курсовая работа [67,9 K], добавлен 12.01.2016Змітрок Бядуля як прадстаўніккагорты беларускіх пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак беларускай літаратуры XX ст. Кароткі нарыс яго жыцця і творчасці, агульная характреистимка і аналіз твораў, іх праблематыка. Імпрэсіянізм як галоўная якасць лірыкі.
курсовая работа [56,9 K], добавлен 25.03.2013Публіцыстычная спадчана В. Быкава з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства. Праблемы, якія ён закранаў у публіцыстычных нататках. Асаблівасці разумення вайны В. Быкавым. Наватарскія здабыткі В. Быкава ў мастацкім увасабленні задумы.
курсовая работа [46,4 K], добавлен 29.07.2016Кароль Артур - герой вялікага цыклу сярэднявечных паданняў, якія зарадзіліся ў Брытаніі і распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе. Гістарычны прататып легендарнага караля - кельцкі ваенны правадыр Артур, які жыў у V-VI ст. і атрымаў некалькі перамог над саксам.
курсовая работа [39,1 K], добавлен 27.07.2012Азнаямленне з жыццёвым і творчым шляхам А. Письмякова. Лірыка паэта наскрозь прасякнуты пачуццем патрыятызму і глубь любові да свайго роду, якія адлюстроўваюць праз апісанне прыгажосці Беларускага краю ў творах "Балада роду", "Трызненне паўстанца".
курсовая работа [35,5 K], добавлен 05.03.2010Творчасць В. Ластоўскага. Археалогія культуры ў аповесці "Лабірынты" Ластоўскага. Якія актуальныя праблемы ставіў і вырашаў пісьменнік у творы. Наватарскія здабыткі Ластоўскага ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці лабірынтаў як вобразаў-сімвалаў.
курсовая работа [54,6 K], добавлен 12.01.2016Кароткі біяграфічны нарыс жыццевага шляху і творчасці А. Глобуса - вядомага беларускага пісьменніка. Аналіз твораў, якія складаюць кнігу "Convolutus: лірыка і проза" пісьменніка. Падабенства і адрозненні твораў Глобуса ў параўнанні з народнай творчасцю.
реферат [29,1 K], добавлен 19.12.2011Хэмінгуэй - адзін з заходніх мастакоў XX стагоддзя, якія маюць дачыненне да істотнага перавароту ў сусветным мастацтве. Тыповыя прадстаўнікі "герояў кодэкса": Фрэдэрыка Генры, Роберт Джордан. Эвалюцыя тыпавога хемингуеивського героя на прыкладзе Сант'яга.
курсовая работа [63,0 K], добавлен 11.06.2012Даследавання феномена экспрэсіі, з’явы экспрэсіўнасці моўных адзінак. Аналіз сродкаў стварэння экспрэсіўнасці паэтычных твораў Л. Дранько-Майсюка на розных узроўнях мовы. Лексічныя, лексіка-семантычныя, сінтаксічныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту.
дипломная работа [112,1 K], добавлен 24.04.2013Выкарыстанне ў паэзіі М. Багдановіча індывідуальна аўтарскіх, народна-паэтычных эпітэтаў, а таксама эпітэтаў-прыдаткаў. Вызначанне найбольш выкарыстоўваемых каляровых эпітэтаў ў вершах паэта, а таксама колерав, якія аўтар ужывае ў адзінкавых выпадках.
курсовая работа [35,8 K], добавлен 27.10.2013Пачуццё абавязку у рамане Талстога "Ганна Карэніна" і "Вайна і мір". Разуменне любові Ганне Карэнінай. Элен Курагина і яе брат Анатоль - людзі, якія выклікаюць страсць, а не каханне. П'ер Бязухаў ў рамане "Вайна і мір". Трагічная рэальнасць А. Вронского.
курсовая работа [33,2 K], добавлен 11.06.2012Творчасць Алеся Разанава і мастацкія прынцыпы сюррэалізму. Асаблівасці спасціжэння рэчаіснасці ў лірыцы паэта. Асацыятыўны падтэкст твораў. Змясоўная паралель "лагічнасць і нелагічнасць" вершаў. Лінгвістычныя і экстралінгвістычныя разважанні над паэзіяй.
курсовая работа [64,7 K], добавлен 29.07.2016Міхась Зарэцкі — таленавіты прадстаўнік новай пісьменніцкай генерацыі, што прыйшла ў беларускую літаратуру на пачатку 20-х гадоў. Вера у неабходнасць рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця і ўсталяванне сацыяльнай справядлівасці. Знаёмства з раннімі творамі.
реферат [36,1 K], добавлен 24.02.2011Эстэтычныя прынцыпы Ў. Фолкнэра: тэкставыя ўласцівасці; текстоцентричны аналіз; суадносіны паняццяў "тэкст" і "мастацкі твор". Лінгвістычны статус прэдыкатыўных парантетичних унясенні ў структурна-семантычныя і прагматычныя адзінку мастацкага тэксту.
дипломная работа [54,7 K], добавлен 11.06.2012