Мастацкая рэпрэзентацыя вобразаў і матываў Антычнасці ў паэтычнай спадчыне Максіма Танка
Антычныя агульнакультурныя перадасновы паэтычнай творчасці М. Танка. Характар рэпрэзентацыі матываў і вобразаў Антычнасці ў беларускай паэзіі першай трэці ХХ стагоддзя. Асаблiвасці мастацкай рэцэпцыі антычнага матыва вандроўніцтва ў паэзіі М. Танка.
Рубрика | Литература |
Вид | дипломная работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 16.05.2015 |
Размер файла | 120,2 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
Мастацкая рэпрэзентацыя вобразаў і матываў Антычнасці ў паэтычнай спадчыне Максіма Танка
Рэферат
Ключавыя словы: антычнасць, матыў, архетып, міф, артафакт, традыцыя, нацыянальнае і агульначалавечае, нацыянальная мадэль свету, міфалагема.
Мэта даследавання - выяўленне і аналіз мастацкай трактоўкі антычных вобразаў і матываў у творчасці М. Танка ў рэчышчы нацыянальнай традыцыі засваення духоўных і мастацкіх набыткаў старажытнай культуры (творчыя дасягненні М. Багдановіча, У. Жылкі, У. Караткевіча, А. Вярцінскага).
Змест працы адлюстроўвае вырашэнне пастаўленых задач:
– адзначыць асаблівасці рэцэпцыі ў беларускай мастацкай свядомасці, адлюстраванай у літаратуры першай трэці XX стагоддзя, вобразна-эстэтычнага свету антычнай культуры;
– выявіць агульнакультурныя перадасновы паэзіі М. Танка;
– паказаць дынаміку духоўнага свету лірычнага героя М. Танка пры ўспрыманні і асэнсаванні ім культуры Антычнасці;
– прааналізаваць механізм мастацкай трансфармацыі вобразаў і матываў Антычнасці ў паэзіі М. Танка ў адпаведнасці з нацыянальнай ментальнасцю і творчай індывідуальнасцю мастака.
У дыпломным працы на прыкладзе творчасці Максіма Танка даследуецца спецыфіка існавання і трансфармацыі ў беларускай паэзіі матываў і вобразаў Антычнасці.
Даследаванне мастацкіх набыткаў М. Танка вядзецца праз раскрыццё генетычных сувязей і тыпалагічных кантактаў беларускай літаратуры са старажытнай культурай Атычнасці. Менавіта момант творчага спасціжэння М. Танкам сусветнага мастацкага вопыту з пазіцый нацыянальнага светаразумення, беларускай ментальнасці мае агульнакультурнае значэнне. Праца над выяўленнем мастацкай функцыі антычнай вобразнасці ў лірыцы М. Танка дазваляе высветліць адметнасць мастацкага светабачання паэта. Акрамя таго, разгляд мастацкай рэцэпцыі антычных вобразаў і матываў сведчыць пра падключанасць беларускай мастацкай свядомасці да сусветных культурных працэсаў.
Змест
Рэферат
Змест
Уводзіны
Глава 1. Антычныя агульнакультурныя перадасновы паэтычнай творчасці Максіма Танка
1.1 Характар рэпрэзентацыі матываў і вобразаў Антычнасці ў беларускай паэзіі першай трэці ХХ стагоддзя
1.2 Творчая эліта Антычнасці на старонках лірыкі Максіма Танка
1.3 Артафакты антычнай культуры ў духоўным свеце лірычнага героя паэзіі Максіма Танка
Глава 2. Мастацкая трансфармацыя антычных вабразаў і матываў у паэтычнай творчасці Максіма Танка
2.1 Арфічныя матывы ў паэзіі Максіма Танка
2.2 Праметэізм як вызначальная рыса паэзіі Максіма Танка
2.3 Асаблівасці мастацкай рэцэпцыі антычнага матыва вандроўніцтва ў паэзіі Максіма Танка
Заключэнне
Спіс выкарыстаных крыніц
Уводзіны
Пастаянная цікавасць сусветнага мастацтва, у тым ліку і літаратуры, да Антычнасці абумоўлена не толькі кансерватыўнасцю, "інерцыяй традыцыі" [52, с. 51], але і мастацкай ёмістасцю і шматмернасцю яе вобразаў. Зварот да "трывалага, пастаяннага, вечнага" [20, с. 7] у XX стагоддзі можна растлумачыць таксама хісткасцю, няпэўнасцю, трагічнай зломнасцю быцця. Ды і сваім паходжаннем сусветная літаратура абавязана антычнай, бо, як "вынік народнай творчасці, старажытнагрэчаская славеснасць склалася ў вызначальныя пачаткі аўтарскага эпасу, лірыкі і драмы, стварыўшы фундамент, школу ўтварэння спачатку лацінскай, потым новаеўрапейскай, а зараз сусветнай літаратуры" [52, с. 3]. Ступень засваення нацыянальнымі літаратурамі антычнай вобразнасці сведчыць не толькі пра захаванне культурнай памяці, але і пра духоўную сталасць нацыі, яе падключанасць да агульначалавечых культурных працэсаў.
Актуальнасць тэмы даследавання. Адной з важнейшых задач айчыннай літаратуразнаўчай навукі з'яўляецца трактоўка фактаў беларускага прыгожага пісьменства ў кантэксце сусветнага літаратурна-мастацкага мыслення. Цікавасць да праблемы рэцэпцыі і мастацкай трансфармацыі культурнага вопыту Антычнасці ў беларускай мастацкай рэальнасці назіралася на працягу ўсяго XX стагоддзя. У гэтым плане відавочна вылучаюцца 20-я гады XX стагоддзя, а таксама другая палова XX і мяжа XX-XXI стст. Сёння, калі тэорыя і практыка літаратуразнаўчага даследавання актуалізуе такія паняцці, як міфапаэтычная традыцыя, архетып, міжкультурныя ўзаемадзеянні, асаблівую актуальнасць набывае і праблема рэцэпцыі антычнага мастацтва ў нацыянальнай літаратуры. Пры гэтым найбольш плённым уяўляецца зварот да спадчыны класікаў нацыянальнай літаратуры, якім, безумоўна, з'яўляецца М. Танк. I хоць да акрэсленага пытання звярталіся і звяртаюцца з той ці іншай нагоды такія навукоўцы, як А. Кабаковіч, В. Каваленка, У. Конан, Т. Шамякіна, С. Малюковіч, Д. Лебядзевіч, цэласнага навукова-тэарэтычнага даследавання рэцэпцыі культурных рэалій Антычнасці ў беларускай паэзіі сучаснаму літаратуразнаўству не стае.
Ступень распрацаванасці тэмы.
Беларуская мастацкая рэальнасць ад часу ўзнікнення развівалася ў рэчышчы сусветнага культурнага быцця. Даследаванню антычнай традыцыі ў старажытнай беларускай літаратуры і літаратуры XIX стагоддзя прысвечана работа Д. Лебядзевіча [45].
У ХХ стагоддзі сябры літаратурна-мастацкага аб'яднання "Узвышша" "ставілі задачу і практычна спрабавалі ўпісаць нашу літаратуру ў кантэкст сусветнай мастацкай культуры" [39, с. 151]. I. Замоцін першы звярнуў увагу на шырокую эрудыцыю М. Багдановіча ў галіне славянскай і сусветнай паэтычнай культуры [32]. Эстэтычны аналіз антычных рэмінісцэнцый у творчасці М. Багдановіча знаходзіцца ў цэнтры даследавання Ю. Дрэйзіна ("Антычныя матывы ў творчасці М. Багдановіча"). На думку крытыка, як памяць пра зерне на генетычным узроўні закладзена ў расліне, так і еўрапейская літаратура, і беларуская ў прыватнасці, не можа забыць пра Антычнасць. Аднак даследаванне працэсу трансфармацыі антычных вобразаў і матываў у беларускай літаратуры было спынена ў 1930 гадах. На доўгі перыяд наша літаратуразнаўства і крытыка нібы забыліся на сусветны кантэкст. Калі і гаварылася пра адлюстраванне ідэй, вобразаў Антычнасці, то эпізадычна і без грунтоўнага аналізу рэцэпцыі.
Пачынаючы з 70-х гадоў XX стагоддзя ўзнаўляецца гаворка пра творчыя кантакты беларускай літаратуры "на ўзроўні сюжэтна-тэматычнай і стылістычнай тыпалогіі" [41, с. 22]. Так А. Адамовіч, разглядаючы беларускую літаратуру ў яе сувязі з традыцыямі рускай класікі (Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага), згадвае і пра сувязь беларускага класічнага эпасу з традыцыямі антычнага эпасу (Гамер, Гесіёд). В. Каваленкі ў кнізе "Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры" разглядае айчынную літаратуру ў плане абжывання і засваення ёю міфалагічнай спадчыны. Працэс міфалагізацыі даследчык расцэньвае і як здольнасць мастака знаходзіць прыгожае і паэтычнае ў самых будзённых праявах, адухаўляць рэчаіснасць [34, с. 20 - 25]. Антычныя міфы, у адпаведнасці з яго разважаннямі, з'яўляюцца сродкамі паэтызацыі рэчаіснасці.
А. Кабаковіч [33] падкрэслівала такую важную рысу рэцэпцыі вопыту антычнай культуры, як апасродкаванасць, лічыла, што ў беларускай савецкай літаратуры, у параўнанні з усімі папярэднімі перыядамі "адраджэння", працэс засваення антычнай традыцыі "працякае досыць размерана... не ў геаметрычнай прагрэсіі, а наадварот, у арыфметычнай" [33, с. 11]. Даследчыца падрабязна спыняецца на аналізе рэцэпцыі Антычнасці ў творчасці М. Багдановіча і У. Караткевіча.
У. Конан у сваіх артыкулах і манаграфіях асэнсоўвае духоўную культуру беларусаў праз выяўленне антычных і хрысціянскіх вобразаў-архетыпаў у ёй, пачынаючы ад фальклору і да пісьмовых формаў выяўлення нацыянальнай ментальнасці - творчых набыткаў Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, М. Багдановіча, Я. Коласа. На думку У. Конана, Антычнасць стала базісам для сусветнай культуры, але ж яе вобразы і матывы пераўтвораны ў адпаведнасці з адметнасцямі нацыянальнага быцця, стылю жыцця.
Праблеме рэцэпцыі вобразаў сусветнай культуры і іх актыўнага бытавання ў беларускай мастацкай свядомасці прысвечаны даследаванні Т. Шамякінай, Е. Лявонавай, Г. Адамовіч, Л. Баршчэўскага, С. Малюковіч.
У беларускай літаратуры асабліва шчодрай на антычныя вобразы і матывы ўяўляецца творчасць М. Танка. Пастаянны зварот да агульначалавечага культурнага вопыту сведчыць пра ўніверсальнасць мастацкага мыслення паэта. "<...> Паводле таленту Максім Танк - на ўзроўні сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, калі не вышэй некаторых з іх", - слушна адзначаў У. Конан [40, с. 13]. Крытыкі і літаратуразнаўцы пісалі пра агульначалавечае гучанне лірыкі М. Танка, пра сімбіёз "думнага пошуму нарачанскіх соснаў і яркага сонца антычнасці" [57, с. 32], "ценю вясковага лірніка або музыкі і амфары з гамераўскай "Адысеі" [14, с. 56].
Лепшыя ўзоры танкаўскай лірыкі, у якіх ён звяртаўся да вобразаў і матываў Антычнасці, узніклі ў 1950-я гады. Як слушна сцвярджаў Д. Бугаёў, у гэтых вершах "культаўская рэгламентацыя і абавязковасць адчуваліся ў значна меншай ступені і дзе, такім чынам, значна менш абмяжоўваліся творчыя магчымасці аўтара" [13, с. 11]. В. Рагойша пры ацэнцы мастацкіх набыткаў паэта ў галіне вершаванай формы канстатаваў: "Асабліва ахвотна ён скарыстоўвае духоўны набытак старажытнай міфатворчасці. Гэта дае вялікія магчымасці ў "вобразнай эканоміі": агульнавядомыя ў гісторыі духоўнай культуры многія факты, імёны валодаюць надзвычайным багаццем патрэбных асацыяцый" [58, с. 37]. М. Арочка ў сваіх работах аналізуе шматлікія вершы М. Танка на антычную тэматыку. Даследчык лічыў, што зварот да вобразаў сусветнай культуры ў М. Танка абумоўлены "вельмі актуальнай праекцыяй у сучаснасць" [4, с. 212]. Творчыя набыткі М. Танка ў кантэксце сучаснай беларускай паэзіі разглядаў М. Мікуліч. На думку даследчыка, творчасць М. Танка “канцэптуальна паўплывала на ідэйна-мастацкія пошукі беларускай паэзіі як у плане мастацка-эстэтычным, так і ў плане значнасці асобы паэта, яго духоўнага свету” [54]. Выкарыстоўваючы матэрыялы сваіх гутарак з М. Танкам, пісьмы паэта, дакументы, змешчаныя ў архівах, М. Мікуліч імкнецца акрэсліць духоўныя, маральныя, філасофска-патрыятычныя асновы яго паэтычнай спадчыны [55]. Аналізу танкаўскай мастацкай інтэрпрэтацыі асобных вобразаў Антычнасці (Праметэя, Венеры) прысвечаны работы С. Малюковіч [53, с. 102]. Творчасць М. Танка ў кантэксце сусветнай літаратуры, праз узаемадачыненні творцы з суседнімі літаратурамі, у прыватнасці, з польскай, разглядалі ў сваіх працах А. Верабей [16] і А. Лойка [49].
Аднак высновы даследчыкаў, якія датычацца вельмі розных аспектаў і ўзроўняў акрэсленай праблемы, патрабуюць абагульняючага асэнсавання.
Такім чынам, відавочная патрэба ў комплексным даследаванні мастацкай рэцэпцыі і рэпрэзентацыі антычных вобразаў і матываў у творчай спадчыне М. Танка. Выбар прадмета нашага даследавання абумоўлены таксама надзённасцю праблемы прачытання беларускай літаратуры, творчасці М. Танка ў прыватнасці, у кантэксце сусветнага культурнага вопыту.
Мэта даследавання - выяўленне і аналіз мастацкай трактоўкі антычных вобразаў і матываў у творчасці М. Танка ў рэчышчы нацыянальнай традыцыі засваення духоўных і мастацкіх набыткаў старажытнай культуры (творчыя дасягненні М. Багдановіча, У. Жылкі, У. Караткевіча, А. Вярцінскага).
Змест працы адлюстроўвае вырашэнне пастаўленых задач:
– адзначыць асаблівасці рэцэпцыі ў беларускай мастацкай свядомасці, адлюстраванай у літаратуры першай трэці XX стагоддзя, вобразна-эстэтычнага свету антычнай культуры;
– выявіць агульнакультурныя перадасновы паэзіі М. Танка;
– паказаць дынаміку духоўнага свету лірычнага героя М. Танка пры ўспрыманні і асэнсаванні ім культуры Антычнасці;
– прааналізаваць механізм мастацкай трансфармацыі вобразаў і матываў Антычнасці ў паэзіі М. Танка ў адпаведнасці з нацыянальнай ментальнасцю і творчай індывідуальнасцю мастака.
Аб'ектам даследавання з'яўляецца творчасць М. Танка ў яе інтэлектуальна-культуралагічным аспекце. Пры гэтым творчасць М. Танка аналізуецца на фоне паэтычных набыткаў М. Багдановіча, У. Жылкі, А. Вярцінскага і інш.
Прадметам даследавання з'яўляюцца асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі вобразаў і матываў Антычнасці ў паэтычнай спадчыне Максіма Танка.
Метадалогія і метады даследавання.
У дыпломным даследаванні выкарыстаны канкрэтна-аналітычны, параўнальна-гістарычны і метад сістэмна-тыпалагічнага аналізу.
Тэарэтыка-гістрычным падмуркам даследавання сталі працы айчынных і замежных вучоных у галіне літаратуразнаўства Н. Ганчаровай [27], М. Гаспарава [21], А. Мальчуковай [52], М. Арочкі [4, 5], Г. Адамовіч [2, 3], Дз. Бугаёва [13], А. Вераб'я [16], У. Калесніка [35 - 37], В. Каваленкі [34] , У. Конана [39 - 41], С. Малюковіч [53], М. Мікуліча [54, 55], В. Рагойшы [58] і інш.
Практычная значнасць атрыманых вынікаў. Матэрыялы і вывады дыпломнага даследавання могуць быць выкарыстаны настаўнікамі беларускай літаратуры, вучнямі сярэдніх і сярэднеспецыяльных устаноў на факультатыўных занятках па творчасці М.Танка, пры напісанні рэфератаў і дакладаў, падрыхтоўцы паведамленняў.
Структура і аб'ём працы. Дыпломнае даследаванне складаецца з уводзін, двух глаў, заключэння, спіса выкарыстаных крыніц (75 пазіцый). Асноўны матэрыял працы займае 54 старонакі, са спісам літаратуры - 59.
Глава 1. Антычныя агульнакультурныя перадасновы паэтычнай творчасці Таксіма Манка
1.1 Характар рэпрэзентацыі матываў і вобразаў Антычнасці ў беларускай паэзіі першай трэці ХХ стагоддзя
Важнейшай перадумовай рэцэпцыі культурнага вопыту Антычнасці ў мастацтве XX стагоддзя з'яўляецца філасафічнае асэнсаванне творцамі гістарычных шляхоў уласнага народа, нацыянальнай культуры. У беларусаў задача філасофскага спасціжэння зломнасці эпохі, узаемаадносін чалавека і Сусвету ўскладнялася задачай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, самасцвярджэння. Мае рацыю Л. Корань, калі сцвярджае, што для беларускай рэчаіснасці ўласціва "дыскрэтнасць, перарывістасць і легітымнага літаратурнага працэсу, і ўвогуле дыскрэтнасць нацыянальна-паўнакроўнага быцця, быцця менталітэтнага, духоўнага, фенаменалагічнага" [42, с. 10]. Так, паўнакроўнага, бурнага творчага жыцця беларусам у пэўныя часы бракавала. Таму для айчыннай літаратуры першаснае значэнне набывае задача нацыянальнага самасцвярджэння, стварэння высокамастацкай літаратуры еўрапейскага ўзроўню.
Паводле Л. Рублеўскай, складаны гістарычны лёс беларусаў, а таму і дэфіцыт антычных рэмінісцэнцый у беларускай літаратуры, можна вытлумачыць "раздвоенасцю нацыянальнай ментальнасці" [59, с. 14]. Яна “сінтэзавала ў сабе два супярэчлівыя, але і моцныя, пачаткі: беларус-еўрапеец, што ганарыцца сваёй нацыяй, узводзіць сваю мову ў ранг паўнацэннай еўрапейскай, і беларус - падданы Вялікай Расійскай імперыі, што аплаквае няшчасны народ і, свядома ці несвядома, у сілу звычкі, прыніжае сваю мову, акцэнтуючы яе "простасць", "мужыцкасць", "нягучнасць" [59, с. 14]. Зразумела, што толькі пры ўсведамленні прыярытэтнасці "еўрапейскага" пачатку ў ментальнасці беларусаў адбываюцца якасныя прарывы ў сусветную мастацкую прастору.
Вызначальнай адметнасцю рэцэпцыі антычных вобразаў і матываў у беларускай літаратуры, на думку А. Кабаковіч, з'яўляецца тое, што "засваенне антычнай традыцыі адбываецца апасродкавана, праз больш развітыя літаратуры - рускую, польскую, украінскую і іншыя, заходнееўрапейскія" [33, с. 10].
Антычная літаратура, як і мастацтва і філасофія старажытнага свету, натхняла сваёй высокай духоўнасцю, гуманізмам новыя пакаленні людзей. У беларускім мастацкім слове XX стагоддзя апеляцыя да антычных вобразаў і матываў была дэтэрмінавана праблемай нацыянальнага адраджэння. Склалася нацыянальная мастацкая традыцыя засваення антычнага культурнага вопыту прыгожым пісьменствам Беларусь
Пачынальнікам у справе абжывання вобразнага і эстэтычнага патэнцыялу Антычнасці на новым гістарычным этапе быў М. Багдановіч. Паводле канцэпцыі паэта, беларуская літаратура "не монстр, не рарытэт, не унікум, а глыбока жыццёвая з'ява, што знаходзіцца ў рэчышчы агульнаеўрапейскага прагрэсу" [8, с. 259]. Таму заканамерным з'яўляецца яе зварот да сусветнай культуры, і да Антычнасці ў прыватнасці. На думку паэта, шлях да сцвярджэння нацыянальнага ляжыць праз спасціжэнне культурнага вопыту чалавецтва.
Антычнасць у разуменні М. Багдановіча не толькі ўзор хараства і гармоніі, школа паэтычнай культуры, але і ўніверсальная матрыца чалавечага быцця. Прычым, выбар таго ці іншага вобраза антычнай сімволікі абумоўлены духоўна-псіхалагічным светам і самога паэта, і яго лірычнага героя, адметнасцю светабачання нацыі. Так, усведамляючы першасную ролю вобраза-архетыпа зямлі ў духоўным і фізічным быцці нацыі і сваю ўласную знітаванасць з родным краем, М. Багдановіч звяртаецца да міфалогіі Старажытнай Грэцыі перыяду матрыярхату, да вобразаў антычнага тытана Антэя і яго маці - Зямлі ("Калі зваліў дужы Геракл..."). Падобна антычнай сітуацыі, сваёй жыватворнай сілай лечыць душэўныя і фізічныя раны лірычнага героя родная зямля.
Уласны драматычны лёс кіруе паэтам у характары рэцэпцыі ім антычных вобразаў і матываў. Невыпадкова ён хацеў назваць адзін з цыклаў вершаў - "Эрас". Першапачаткова ў антычнай міфалогіі гэтую назву ўжывалі ў дачыненні да сілы, дзякуючы якой узнікла ў Сусвеце жыццё, а не каханне. М. Багдановіч марыў аб каханні не толькі як аб духоўным кантакце, але і плоцкім, марыў аб працягу свайго жыцця, шкадаваў, што"ад усіх цяпер патомкі ёсць, // Ды няма адных - Страцімавых" [7, с. 317]. Паэтам кіруе прага жыцця, жаданне рэалізацыі ў гэтым жыцці, нягледзячы на абмежаваны хваробай век. Да антычнай сімволікі кахання звяртаецца паэт і ў вершах "Зорка Венера", "Купідон". Матывы жыццялюбства, культ радасцяў жыцця прывабліваюць мастака ў асобе антычнага паэта Анакрэонта ("Бледны, хілы, ўсё ж люблю я..."). Інтымная лірыка паэта падтрымлівалася таксама традыцыямі рускай паэзіі 60-х гадоў XIX стагоддзя (А. Фета, А. Майкава і інш.). Р. Бярозкін слушна даводзіць, што антычную лірыку, рускую "анталагічную" паэзію і творчасць М. Багдановіча аб'ядноўваюць "скульптурная выразнасць вобраза, прапарцыянальнасць, традыцыйныя паэтычныя памеры" [15, с. 293].
Разумеючы тую ісціну, што толькі на роднай мове вядзецца звычайна дыялог нацыі з Сусветам, паэт займаўся перакладамі Гарацыя і Авідзія на беларускую мову ("Памятнік", "Ікар і Дзедал"). Аднак і тут паэт-адраджэнец імкнецца рэпрэзентаваць нацыю свету. Так, крылы Дзедала з Авідзіевых "Метамарфоз" нагадваюць жалейку, што складалася з няроўных частак чароту; а Гарацый у "Помніку" прызнаецца ў сваім неарыстакратычным, "мужыцкім" паходжанні. Такім чынам, М. Багдановіч плённа падключаў беларускую мастацкую свядомасць да сусветнага культурнага вопыту.
Выкарыстанне антычных вобразаў і матываў у беларускай літаратуры дапаўняецца працэсам псіхалагічнай актуалізацыі іх структуры і ідэйнай скіраванасці. Паглыбленне ў стыхію нацыянальнага быцця садзейнічала агульначалавечаму рэзанансу твора. Так сталася з класічнымі ўзорамі беларускага эпасу, паэмамі Якуба Коласа "Новая зямля" і "Сымон-музыка". Па маштабнасці пранікнення ў сутнасць нацыянальнай ментальнасці, даследавання нацыянальнага характару, сцвярджэння самабытнасці свету беларусаў коласаўскую паэму "Новая зямля" можна параўнаць з класічнымі шэдэўрамі Антычнасці, паэмамі "Іліяда" і "Адысея" Гамера. Але ж лірычны пачатак, самааналіз сведчаць пра карэнныя змены ў светаразуменні грамадства. Пра ўзаемазалежнасць эпічнага адлюстравання свету і формы яго рэцэпцыі разважаў А. Адамовіч: "Іліяда" і "Адысея" магчымы былі толькі ў эпоху, калі народна-міфалагічнае светаразуменне было светаразуменнем самога грамадства" [1, с. 61]. Паэму "Новая зямля" навуковец аналізаваў ў адпаведнасці з яе тыпалагічнай сувяззю з паэмай Гесіёда "Турботы і дні", дзе на высокім эстэтычным узроўні апаэтызавана праца. Падобна антычнаму богу-майстру Гефесту, з вялікай любасцю працуюць коласаўскія героі. I Міхал, і Антось, і Ганна, і дзеці надзвычай успрымальныя да прыгажосці навакольнага свету, умеюць радавацца жыццю. Такія адносіны да рэчаіснасці збліжаюць іх стаўленне да жыцця з аптымістычным, радасным успрыманнем свету старажытнымі грэкамі.
Антычная культура, у прыватнасці, міфалогія, стала крыніцай ідэй, вобразаў, матываў для сусветнай літаратуры. Такім знакавым для агульначалавечага эстэтычна-мастацкага вопыту бачыцца вобраз Арфея. У культурнай сітуацыі розных эпох і народаў Арфей сімвалізуе творчасць, мастацтва наогул. 3 пазіцый трансфармацыі "арфізму" ў беларускай мастацкай прасторы ацэньваецца сёння паэма Я. Коласа "Сымон-музыка". Так, У. Конан адзначаў, што гэта - "унікальная ў еўрапейскім мастацтве лірычная эпапея, у якой народны паэт па-мастацку яскрава выявіў драматычны шлях станаўлення беларускага мастацкага генія..." [39, с. 149]. Такім чынам, разам са знешнім, прыватна-беларускім каларытам, коласаўскія паэмы сведчаць пра глыбокую рэцэпцыю і засваенне ў адпаведнасці з нацыянальным менталітэтам культурных ідэй Антычнасці.
Даволі складанымі былі адносіны да рэцэпцыі культурнага вопыту Антычнасці ў 1920 - 1930-я гады. Прадстаўнікі пралетарскай паэзіі марылі пра стварэнне абсалютна новай літаратуры, без уліку папярэдніх эстэтычна-мастацкіх набыткаў чалавецтва. Жорсткі, імклівы час адмаўляў гуманістычныя вартасці культуры мінулага. Аднак у творчасці паэтаў, якія ўступілі ў літаратуру ў паслякастрычніцкі перыяд, ёсць узоры рэцэпцыі класічнай спадчыны. Але ж працэс засваення ідэй Антычнасці адбываецца, як правіла, у адрыве ад нацыянальнага быцця. Рэцэпцыя гэта звязана са стыхіяй рэвалюцыйнага пераўтварэння ў краіне, з ломкай так званых "патрыярхальных" традыцый. Найбольш адпавядала часу богаборніцкая семантыка вобраза Праметэя. На думку Г. Адамовіч, "багаборніцкія імкненні Праметэя адпавядалі рэвалюцыйнаму ўздыму і грамадзянскім настроям часу" [2, с. 18]. Гэты вобраз у 1920-1930-я гады "набывае выразныя абрысы чалавека з народа, але рамантызаванага, магутнага"[34, с. 236]. Індывідуальнасць раствараецца ў масе ("Раскуты Праметэй" Я. Журбы, "Беларускі народ" Ц. Гартнага, "Праметэй" К. Крапівы і інш.). Нацыянальна-самабытны элемент семантыкі вобраза страціўся.
Трагічна склаўся лёс удзельнікаў літаратурна-мастацкага аб'яднання "Узвышша", якія ў сваёй творчасці звярталіся да мастацтва антычных часоў. У. Конан мяркуе: "Стваральнікі "Узвышша" марылі пра такую беларускую літаратуру, якая паставіла б Беларусь па развіцці мастацкай культуры на сусветны ўзровень" [40, с. 70]. Антычныя эстэтычныя катэгорыі актыўна выкарыстоўваліся ў новай культурнай сітуацыі, іх прывіццё ў беларускай літаратуры атаясамлівалася з духоўным адраджэннем нацыі.
Такім чынам, дзейнасць літаратурна-мастацкага аб'яднання стала чарговай спробай беларускай мастацкай свядомасці заявіць пра сябе свету.
Найбольш яркім прыхільнікам антычнай традыцыі ў літаратурна-мастацкай суполцы "Узвышша" быў У. Дубоўка. Паэт звяртаўся ў большасці выпадкаў да культуры Старажытнага Рыма, бо менавіта яна стала падмуркам для прафесійнай еўрапейскай культуры. У. Дубоўку пашчасціла атрымаць прафесійную літаратурную адукацыю, якая спрыяла яго далучэнню да набыткаў антычнай культуры. Як вядома, адным з духоўных імператываў "узвышаўцаў" было імкненне да прыгажосці, да абсалютнага хараства. Пошукамі прыгажосці ў жыцці, своеасаблівым самаахвяраваннем дзеля яе сцвярджэння пазначана паэзія У. Дубоўкі. Прыгажосць узбагачала духоўна і лірычнага героя М. Танка. Аднак, калі лірычны герой У. Дубоўкі шукае хараство дзеля пакланення, дзеля духоўнага спажытку, то М. Танк лічыў, што прыгажосць існуе не толькі для яе сузірання і фарміравання ў чалавечай душы эстэтычнага ідэалу, a і дзеля самога жыцця. Прыгажосць павінна практычна рэалізавацца ў жыцці.
Антычныя паняцці ікультурныя ідэі плённа працуюць у паэзіі У. Дубоўкі ў сферы яго асацыятыўнай вобразнасці. Нават назва зборніка "Credo" (у перакладзе на бел. мову "веру", "верую"), дзе быў змешчаны верш "Сцежка", сведчыць, што старажытная грэка-рымская спадчына была своеасаблівай жывой крывёй у венах сусветнай культуры. Памяць пра вытокі чалавечай культуры падсвядома жыве ў кожным творцы і прачынаецца разам з жаданнем сцвердзіцца, праявіцца. Яшчэ ў зборніку "Трысцё" ў праграмным вершы "Не дзівіся" паэт пісаў пра сваю далучанасць да Сусвету, пра тое, што ён з'яўляецца нашчадкам вялікага эстэтычна-мастацкага вопыту чалавецтва: "Бабілён, Егіпет, Фінікія // Ці не дыхалі тым самым паветрам?" [30, с. 29].
Для лірыкі У. Дубоўкі да 1925 года была ўласціва паўнагучная арфічнасць, "арфазвоннасць". "Маяк" паэта, да якога імкнецца яго душа, - гэта Беларусь, да якой ён вернецца "на шчыце ці з шчытом". Такі наказ давалі маці старажытнагрэчаскім воям, калі адпраўлялі іх у паход. Антычнае выслоўе, такім чынам, выяўляе патрыятычную скіраванасць лірыкі песняра.
Глыбінная сувязь з антычнай міфалогіяй назіраецца ў паэме У. Дубоўкі "Там, дзе кіпарысы". Кіпарыс, паводле антычнай сімволікі, - дрэва смерці. Такім чынам, ужо ў назве твора матывавана смерць гераіні Марылі. У паэме "Беларуская Арыядна" У. Дубоўка карыстаецца прыёмам персаніфікацыі: традыцыйныя персанажы, застаючыся вобразамі-сімваламі, адначасова надзяляюцца характэрнымі рысамі сучаснікаў аўтара. Своеасаблівая рэцэпцыя антычных вобразаў і матываў у цеснай сувязі з сучаснасцю характэрна для вершаў "Калісьці з ліхтаром хадзіў удзень...", "Пра палешука і персідскага цара Ксеркса", "Адраджэнцам", "Стварыў ён залатое руна" і інш. Арыентацыя на сусветную паэзію, прага хараства, патрыятызм сталі эстэтычнымі дамінантамі творчага аблічча У. Дубоўкі.
Адметнасць рэцэпцыі сусветнага мастацкага вопыту на беларускай глебе абумоўлена і трагічным падзелам Беларусі на Заходнюю і Усходнюю. Аднак, нягледзячы на страту цэласнасці нацыянальнага быцця і літаратурнага жыцця, падзея гэта мела і станоўчае значэнне для развіцця беларускай мастацкай свядомасці ў кантэксце еўрапейскіх эстэтычных пошукаў, пра што сведчыць творчасць У. Жылкі. Калі ў савецкай літаратуры ў 1920-я і асабліва ў 1930-я гады ажыццяўляўся жорсткі ідэалагічны кантроль за кожным крокам пісьменніка, то для творцаў заходняй часткі Беларусі выхад у сусветную мастацкую прастору быў неабмежаваны. Паэт з еўрапейскай адукацыяй, У. Жылка выступіў абаронцам Прыгажосці, гаварыў пра яе вызначальную ролю ў зямным жыцці: "Але па-над будзённыя трывогі // Узносіць нас туга да хараства" [31, с. 124]. У пошуках хараства і гармоніі паэт даволі часта звяртаўся да вобразнага свету Антычнасці. Высокае пачуццё гонару, вытрымка, мужнасць, нягледзячы на духоўныя і фізічныя раны, характарызавалі лірычнага героя верша "Праметэй". У. Жылка ў вершы аспрэчвае права багоў на кіраванне светам, бо яны не прытрымліваюцца ў сваіх дзеяннях справядлівасці, сумленнасці, праўды. "Мудрасць у гэтых праявах, у гэтым суладдзі адвечным" [31, с. 80], у разумнай будове прыроднага свету заўважае лірычны герой "Гекзаметраў". Філасофскае асэнсаванне імгненнасці чалавечага жыцця і яго прыгажосці таксама ўласціва лірычнай тэме верша. Хвалу жыццю спявае лірычны герой верша "Пентаметры". Ад старажытных грэкаў пераняў У. Жылка іх апантанасць жыццём, уменне цаніць каштоўнасць кожнай хвіліны чалавечага веку. Сапраўдную вартасць жыцця чалавек найбольш поўна ўсведамляе на парозе смерці. Сухоты нагадвалі мастаку пра яго асуджанасць на кароткае жыццё. Вольным перакладам верша "Exegi monumentum" Гарацыя з'яўляецца твор У. Жылкі "Прыкладзіны". На думку паэта, бессмяротнасць гарантавана яму і яго творчасці, "пакуль Пагоні меч зіхціць на Вострай Браме // І рух нясе наш бел-чырвона-белы сцяг" [31, с. 124]. Калі Гарацый просіць Музу ўпрыгожыць яго чало лаўровым вянком, то лірычны герой У. Жылкі звяртаецца да Купалкі з просьбай ушанаваць яго творчы плен валошкавым вянком. Такім чынам, нацыянальная сімволіка, нацыянальнае быццё пераважае ў адвольных жылкаўскіх перакладах.
М. Танк усведамляў актуальнасць распрацоўкі антычных вобразаў і матываў, перакладу лепшых узораў прыгожага пісьменства Старажытнай Грэцыі і Рыма для беларускай культуры. Працэс культурнай асіміляцыі антычнай спадчыны ў беларускім кантэксце, паводле М. Танка, садзейнічаў бы пераадольванню "правінцыйнасці", лакальнасці айчыннай літаратуры. Прычым, не толькі ўсведамляў, але і настойліва працаваў у гэтым накірунку.
Творчасць М. Танка ўяўляе сабой сінтэз традыцый нацыянальнага мастацтва слова ў галіне трактоўкі антычных вобразаў і матываў і ўласнага эксперыментатарства з паэтыкай і вобразным арсеналам антычнай літаратуры і культуры. Яго можна назваць ключавой фігурай у рэпрэзентацыі антычнай сімволікі ў беларускай паэзіі. Па колькасці рэмінісцэнцый з антычнай культуры творчасць мастака займае першае месца ў беларускай літаратуры. Калі ў заходнебеларускі час паэт выкарыстоўваў антычныя рэмінісцэнцыі пераважна праметэеўскага і арфічнага характару, то паступова антычныя вобразы і матывы становяцца арганічнай часткай яго ўніверсальнага мастацкага мыслення, набылі рысы беларускасці, засведчыўшы самабытнасць і высокую духоўную культуру нацыі. Менавіта М. Танка, як некалі М. Багдановіча, даследчыкі і калегі па літаратуры прызнаюць паэтам еўрапейскага маштабу. Так, М. Аўрамчык прыкмячае: "I па знешнім выглядзе, і па розуме, і па ўмельстве паводзіць сябе сярод людзей Максім Танк быў узорам сапраўднага еўрапейца. Дарэчы, і паэт ён еўрапейскі, можа, у большай меры, чым хто-небудзь іншы з нашых паэтаў" [6, с. 107]. Важным крытэрыем "еўрапейскасці" паэта з'яўляецца яго пастаянная апеляцыя да культурных ідэй і рэалій Антычнасці.
Такім чынам, характар рэпрэзентацыі вобразаў і матываў Антычнасці ў беларускай паэзіі першай трэці XX стагоддзя вызначаўся спецыфікай агульнага гісторыка-культурнага развіцця ў еўрапейскім кантэксце. Важнай характарыстыкай трансфармацыі вобразна-сюжэтнага матэрыялу старажытнай культуры з'яўляецца яе суаднесенасць з працэсам самарэалізацыі беларускага этнасу. Калі ў М. Багдановіча, У. Жылкі, У. Дубоўкі антычная вобразнасць - сведчанне высокай інтэлектуальнай культуры, набытай шляхам самаадукацыі і навучання ў прэстыжных установах, то Я. Купала, Я. Колас, творцы дэмакратычнага накірунку, выкарыстоўвалі матывы антычнай культуры, захаваныя ў глыбінях народнай свядомасці. Прыярытэтнае становішча ў асэнсаванні мастацкага вопыту Антычнасці належыць М. Танку. Беларуская паэзія акрэсленага перыяду ў працэсе засваення антычных культурных ідэй і вобразаў прайшла праз пэўную эвалюцыю: ад акцэнтацыі сацыяльна-грамадскіх аспектаў антычных вобразаў (напрыклад, вобраза Праметэя) да звароту да вобразаў старажытнай культуры, якія набылі выключную філасофскую, эстэтычную значнасць.
1.2 Творчая эліта Антычнасці на старонках лірыкі Максіма Танка
Цяжка знайсці паэта такой энцыклапедычнай дасведчанасці, як М. Танк. Ужо з самага пачатку дыяпазон творчых арыенціраў паэта пашыраўся і ўзбагачаўся за кошт яго звароту да сусветнага мастацкага вопыту. Менавіта польская культура і літаратура, на думку А. Лойкі, паспрыялі творчаму росту маладога паэта: "Паэтам высокай культуры еўрапейскага маштабу... М. Танк стаў праз сваю далучанасць да польскай паэзіі XX стагоддзя, праз сваю любоў да яе і запрыязненасць з яе творцамі" [49, с. 160]. Настаўнікамі, аднадумцамі творцы становяцца славутыя асобы Антычнасці: Гамер, Платон, Арыстоцель, Дыяген, Авідзій, Гарацый і іншыя.
Танкаўскі зварот да вопыту папярэднікаў Д. Бугаёў трактуе наступным чынам: "М. Танк актывізуе поле выразнасці беларускай паэзіі. Toe ж можна сказаць і пра нярэдкія ў паэта вершы, створаныя на аснове біблейскіх выслоўяў або адштурхоўвання ад іх, на аснове філасофскіх і не толькі філасофскіх сентэнцый антычных аўтараў, нечым адметных выказванняў многіх літаратараў пазнейшых часоў і іншых рэалій самага разнастайнага характару, якія дае сучасная культура, цывілізацыя ў распараджэнне вельмі ўдумлівага, надзвычай цікаўнага і дасведчанага чалавека, надзеленага здольнасцю з усяго здабываць сапраўдную паэзію" [13, с. 256].
Разважаючы пра спецыфіку мастацкай творчасці, месца і ролю паэта ў грамадстве, М. Танк неаднаразова звяртаўся да вопыту і высноў Платона. Як сведчаць даследчыкі, у юнацтве Платон займаўся паэзіяй, пакуль Сакрат не прывабіў яго пошукамі ісціны. У творчай спадчыне Платона з'яўляецца філасофскае абгрунтаванне неабходнасці і спецыфікі паэтычнай дзейнасці. Выключнай патрабавальнасцю да паэзіі як да своеасаблівай формы прамаўлення ісціны вызначаецца асоба М. Танка. Высокі сэнс паэзіі патрабуе ад мастака напружанай працы, духоўнага самаахвяравання. Паэта ніколі не задавальняў нізкі мастацкі ўзровень творчасці. На старонках "Лісткоў календара" М.Танк разважае: "Наш засцянковы патрыятызм узвёў у стан святых і геніяў вельмі шмат пасрэдных вершаплётаў, даўшы іх творам завышаныя ацэнкі, гучна спраўляючы 5-10-20-годдзі іх "плённай" літаратурнай дзейнасці. Мо таму "не разумеюць" нас і мала цікавяцца намі на шырокім свеце. Amicus Plato..." [62, с. 158]. Невыпадкова паэт у пошуках падтрымкі сваім перакананням прывёў афарызм, дзе згадваецца Платон. Выкарыстоўваючы пачатак выказвання Арыстоцеля аб перавазе ісціны нават над сяброўствам, М. Танк падкрэслівае сваю заклапочанасць станам сучаснай заходнебеларускай літаратуры. Боль за здзек з жывога паэтычнага слова ўласцівы М. Танку ад першых паэтычных вопытаў і да апошняга радка ("Парады", "Пачатак оды", "Эпітафія" і інш.). Такой жа строгасцю і патрабавальнасцю вызначаецца М. Танк у ацэнцы ўласнага даробку. Слушна адзначае Г. Тычка: "Здаецца, сёння ніводзін з самых прыдзірлівых спецыялістаў-даследчыкаў не быў такім строгім літаратурным суддзёй паэта, як сам М. Танк" [75, с. 6]. Такім чынам, як і Платон, вызначальнымі для сапраўднай паэтычнай творчасці беларускі мастак лічыў талент і напружаную працу пры спасціжэнні законаў і таямніц мастацтва.
Думкі і развагі Платона - сярод творчых арыенціраў М. Танка. Яны часта выступаюць у ролі фундамента ўніверсальнага мастацкага мыслення паэта. Так, у запісной кніжцы маладога Танка, паводле "Лісткоў календара", была занатавана наступная цытата з Платона: "Перад вялікім паэтам станем на калені, як перад з'явай рэдкай, светлай і цудоўнай, але не дазволім яму застацца сярод нас" [62, с. 143].
Выгнаннікамі становяцца паэты ў ідэальнай дзяржаве, вобраз якой створаны Платонам у яго філасофскіх трактатах "Дзяржава" і "Законы". Паводле яго вучэння, мастацтва павінна быць большым, чым копія. Але глыбокая праўда не патрэбна "неідэальным" уладарам дзяржавы. Яны гоняць паэтаў, таму нават вялікі Гамер павінен быць выгнаны за сцены горада, якім кіруюць філосафы.
Філасофскія высновы Платона М. Танк праецыруе на сучаснасць: "Па тым, што нас, паэтаў, // Не выганяюць, а нат запрашаюць // На розныя фэсты, // Урачыстасці, юбілеі, // Мяркую, паводлуг Платона, // Што мы яшчэ жывём // Не ў ідэальнай дзяржаве" [70, с. 252].
Ідэальная дзяржава, распазнаўшы сапраўдны сэнс творчасці паэтаў (і М. Танка, і яго паплечнікаў), выгнала б іх. Значыць, дзяржава, як апарат падаўлення індывідуальнай волі, варожая паэтычнай дзейнасці. Верш прымушае паразважаць пра маральны статус творчага чалавека. Раз запрашаюць - значыць, мы ліслівім, ману выдаем за праўду. Крывадушша садзейнічае стварэнню літаратуры нізкага мастацкага ўзроўню.
М. Танк, асэнсоўваючы праблему ўзаемаадносінаў творчага чалавека і ўлады, згадвае трагічнагы лёс польскага паэта XIX стагоддзя Ц. Норвіда, які быў непрызнаны пры жыцці і атрымаў славу пасля смерці. Невыпадкова паэт праводзіць гістарычную паралель з Сакратам, які быў пакараны смерцю за крытыку традыцыйнай рэлігіі і "шкоднае" ўздзеянне на моладзь. Аказваецца, дзеля таго, каб атрымаць прызнанне на радзіме, трэба прайсці праз вялікія пакуты і загінуць: "Чым ты, Сакраце, Афіны праславіў, // Што залаты бюст табе люд паставіў, // Перш атруціўшы?.." [66, с. 671]. Мёртвы мастак ужо не ўяўляе пагрозы для рэжыму, сістэмы.
Вялікая трагедыя XX стагоддзя адлюстравана М. Танкам у вершы "Калі эсэсаўцы расстрэльвалі Венгерку...". Крушэнне чалавечай веры суадносіцца з антычнай трагедыяй, тэорыю якой распрацаваў Арыстоцель як тэорыю катарсісу. Катарсіс разумеўся філосафам як ачышчэнне праз эмоцыі шляхам іх абуджэння. Выклікаць адпаведныя эмоцыі абавязана была фабула. Да найболып "трагічных" тэм, на думку мысляра, належалі апавяданні пра пакуты з няшчасным фіналам, дзе бяда ўзнікае як вынік чалавечай памылкі, а не выпадку. Антычны матыў "трагічнай памылкі" абыгрываецца і ў танкаўскім творы. Трагічна памыляўся Венгерка, калі спадзяваўся, што "сумленне катам не дасць спакою, будзе іх трывожыць, як хор у старажытнай грэчаскай камедыі" [65 с. 196]. Фашызм закрэсліў мараль увогуле, тым больш такія катэгорыі, як сумленне, міласэрнасць. Злачынства фашыстаў было агрэсіяй супраць усёй гуманістычнай культуры, выпрацаванай чалавецтвам на працягу тысячагоддзяў. Таму і "расстраляны усе харысты Сафокла, Эўрыпіда..." [65, с. 196]. М. Танк звяртаецца да гуманістычнай культуры Антычнасці з мэтай абароны чалавечнасці, пошукаў і сцвярджэння чалавечага ў чалавеку.
Цікавасць паэта да антычнай культуры не абмяжоўваецца толькі асобамі паэтаў. Цэлы шэраг цытат з антычных філосафаў знаходзім на старонках яго "Дзённікаў" і лірыкі. Геракліт, Дыяген, Эпікур, Цыцэрон, Ціт Лівій... Выказванні старажытных мысляроў засведчылі не толькі пра павагу да мудрасці продкаў, але і пра маральна-этычныя арыенціры М. Танка. Так, напачатку 1990-х гадоў думкі пра смерць усё часцей агортвалі паэта. На старонках дзённіка ён звяртаецца да філасофскіх выказванняў Эпікура, што вучыў любіць жыццё і спакойна адносіцца да смерці: 1991 год - "Смерць страшная не для тых, што паміраюць, а для тых, што застаюцца" [74, 1997. № 11, с. 120]; 1994 год - "Дзе знаходзімся мы - няма смерці, а дзе ёсць смерць - там нас няма" [74, 1997. № 12, 89]. Для пацвярджэння думкі пра разумнае размеркаванне часу, адведзенага на чалавечае жыццё, ён звяртаецца да Ціта Лівія, які лічыў, што "страціў дзень, калі не зрабіў нічога добрага" [74, 1997. №7, с. 233].
У эпоху элінізму побач з абагаўленнем царскай улады адбываўся працэс самасцвярджэння асобы. Так, філасофская школа кінікаў, самым яркім прадстаўніком якой з'яўляўся Дыяген, выступала з пропаведдзю жыццёвага аскетызму, што выхоўваў незалежнасць і сілу духу. Дзеянні і ўчынкі Дыягена былі, па сутнасці, "выклікам, кінутым бязлікаму натоўпу". Гуманістычнае сцвярджэнне чалавечай асобы, самаахвяраванне ў пошуках чалавечнага ў чалавеку прываблівае М. Танка ў асобе Дыягена ("Дыялог з Дыягенам"). Амаль на дваццаць гадоў раней за М. Танка да вобраза антычнага філосафа звяртаўся У. Дубоўка. Верш-санет "Калісьці з ліхтаром хадзіў удзень...", пазначаны 1958 годам, калі паэт пасля дваццаці васьмі гадоў высылкі быў фармальна рэабілітаваны. Вытрымаў ён пакуты не толькі дзякуючы фізічнай і духоўнай стойкасці, але і падтрымцы сапраўдных сяброў. Не знайшоў у сваім часе Чалавека Дыяген, зведаўшы і дабро, і зло. У. Дубоўка не збіраўся спяваць оды свайму часу, мяркуючы, што калі б філосаф дажыў да яго, то разбіў бы свой ліхтар. Ён быў бы здзіўлены не гуманнасцю часу, а тым, што ёсць людзі, "якія роўна ў радасці, у нягодах // Табе аднолькава гавораць: "Брат!" [56, с. 204]. Менавіта перад такімі людзьмі, якіх, дарэчы, і шукаў антычны філосаф, схіляецца лірычны герой У. Дубоўкі. Згадаем, што ў час працэсу над аўтарам супраць яго публічна выступіў родны брат; ратуючыся ад пагрозы зняволення, здрадзілі некаторыя сябры. Паэт зняверыўся ў сябрах па літаратуры. Аднак засталіся ўсё ж блізкія людзі. Дэфіцыт чалавечнасці, халоднасць часу, калі хрушчоўская "адліга" змянілася жорсткімі "маразамі", вымагалі апеляцыі і М. Танка да гуманістычнай культуры Антычнасці. Дзеля надання характару Дыягена драматургічнай выразнасці ён шырока карыстаецца дыялогам. Пошукі чалавека з ліхтаром пры дзённым святле закончыліся для антычнга філосафа трагічна, выгнаннем з радзімы. Думкі аб ненармальнасці грамадства, што трымае чалавека "ў турме пад стражай", аб супрацьстаянні ўлады і творчага чалавека, аб незапатрабаванасці сапраўднага таленту ў сваёй краіне заўсёды актуальныя.
Амаль ужо тры тысячагоддзі зачароўвае і натхняе творчых людзей асоба і мастацкая спадчына вялікага паэта Антычнасці Гамера.
Пад магічнае ўздзеянне творчасці легендарнага паэта трапіў і М. Танк. Танкаўская цікавасць да творчага вопыту старажытнага паэта абумоўлена найперш тым, што эпас пазначаны прасторавай і часавай шырынёй ахопу народнага жыцця, дакладнасцю выяўлення рэалій народнага побыту. Невыпадкова У. Калеснік сцвярджаў, што славутая танкаўская паэма "Нарач" з'яўляецца гераічнай. На думку даследчыка, "яна мае шмат чаго ад гераічнага эпасу, які адлюстроўвае не асабістыя лёсы герояў, а гістарычны лес народа" [35, с. 115]. Даследчык здолеў прачытаць эпічныя набыткі М. Танка ў кантэксце сусветнай эпічнай традыцыі, у іх сувязі з класічным эпасам Гамера. Безумоўна, героіка антычнага эпасу істотна адрозніваецца ад трактоўкі гераічнага ў М. Танка. У танкаўскай паэме "Нарач" узвышаюцца звычайныя людзі, аб'яднаныя ідэяй сацыяльнай справядлівасці - вяртаннем права свабоднага карыстання дарамі Нарачы. Гамераўскі гераічны эпас, хоць і суаднесены з важнай гістарычнай падзеяй мінуўшчыны, з Траянскай вайной, быў створаны на аснове міфалогіі. Нават сама Траянская вайна пэўным чынам міфалагізавалася народнай фантазіяй. Збліжае М. Танка і старажытнага творцу імкненне выявіць гістарычны лёс свайго народа, часам трагічны, часам велічны. Згадаем трагічную смерць траянскага ваяра Гектара з "Іліяды" Гамера, гора яго жонкі Андрамахі з малым дзіцянём на руках і падобны момант пагібелі Прахора, невымернае гора яго жонкі і сына, як "пугаўё, сухога", хлопчыка Дзямідкі. Слушна адзначае А. Ліс: "У заходнебеларускі перыяд творчасці, як некалі Янка Купала, толькі ўжо на новым гістарычным этапе жыцця беларускага народа Максім Танк у лірыцы і эпасе здолеў глыбока, па-мастацку ёміста выказаць існае ў сацыяльным лёсе беларуса. Паэтам створаны, па сутнасці, зборны гістарычны сягоння вобраз Заходняй Беларусі, яе сацыяльны партрэт" [47, с. 267].
Спробай мастацкага спасціжэння працэсу нараджэння гамераўскай песні з'яўляецца верш "Гекзаметр". Міфалагізуецца сам творчы працэс, важным кампанентам якога выступае пошук паэтам суладдзя з навакольным светам. Так, стварыць высокамастацкія творы, ад дэкламацыі якіх "усе багі анямелі", пашчасціла Гамеру, паводле М. Танка, толькі тады, калі сэрца забілася сінхронна, у такт з рухам і музыкай марскіх хваляў: “Доўга струны Гамер, // Пачынаючы песню, настройваў, // Браў лады ён у дрэў, // У вятроў, у сузор'яў. // Ды лады ўсё не тыя. // Хацеў быў разбіць сваю ліру, // Раптам мора гекзаметрам хваляў // Ударыла ў сэрца” [69, с. 66].
Узноўлены з дапамогай слова свет, які становіцца адлюстраваннем эмацыянальна-псіхалагічнага аблічча паэта, складае таямніцу сапраўднай творчасці.
Гамер у мастацкай сістэме М. Танка з'яўляецца своеасаблівым эстэтычным арыенцірам. Гамер - своеасаблівая мера вартасці паэтычнага слова, яго эстэтычнай важкасці і мастацкага ўзроўню. У такім ракурсе ў паэзіі М. Танка вобраз Гамера сімвалізуе адказнасць за творчую сталасць і шчырасць слова. Так, гіпербала ў вершы "На юбілеі славутым яго..." з'яўляецца сродкам ідэйна-эмацыянальнай ацэнкі "творчасці" ўмоўнага юбіляра. Верш набывае сатырычна-выкрывальны характар: "На юбілеі славутым яго // Людзей было больш, як на трызне Гамера, // Бо кожны хацеў паглядзець на таго, // Хто столькі за век свой спаганіў паперы" [66, с. 149]. Праз перавелічэнне падкрэсліваецца мізэрнасць і адсутнасць эстэтычнай значнасці "творчых набыткаў" графамана. Вартасць мастацкіх твораў вымяраецца не іх колькасцю, а якасцю. На старонках "Дзённікаў" выявіўся ўстрывожаны роздум паэта: "Цяжка, бывае, жывецца з людзьмі геніяльнымі, але яшчэ горш -- з пасрэднымі, якія лічаць сябе геніяльнымі. Стараюся ад іх трымацца воддаль, хоць мне і не заўсёды гэта ўдаецца" [74, 1997. № 6, с. 157]. Пасрэднасці з непамернымі амбіцыямі здатны апаганіць любую справу. Іранічная з'едлівасць паэта ў вершы выяўляе боль за здзек са святыні. На думку М. Танка, страшная небяспека для літаратуры хаваецца ў дзеяннях графаманаў, пра што сведчаць наступныя вершы: "Я радуюся", "Вучань класікаў", "Намячаецца скарачэнне штатаў...", "Сціло і ланцэт" і інш. У святле вечнага больш выразныя абрысы набывае грамадскае зло. М. Танк бескампрамісны да любых праяў пустазвонства і дэмагогіі ў мастацкай творчасці: “У Гамера ён вучыўся быць сляпым, // У Байрана - кульгаць, // У Поля Фора - донжуаніць, // У Хэмінгуэя - піць віскі... // I дзівіцца: чаму яго Не лічаць класікам” [66, с. 360].
Гамер у вобразна-паэтычным свеце М. Танка распачынае жывы ланцуг творчых аўтарытэтаў, літаратурных настаўнікаў. 3 сарказмам паэт адзначае, якое скажонае ўяўленне пра крытэрыі вызначэння "класікаў" часам існуе ў літаратурным асяродку. Зусім не імідж павінен быць вызначальным у ацэнцы таго ці іншага творцы, а мастацкая вартасць і агульначалавечая значнасць яго спадчыны. Толькі сапраўднаму таленту дадзена спазнаць і выказаць сутнаснае, быційнае.
Паводле традыцыйнай версіі, Гамер быў сляпым. Ужо тады старажытныя людзі зразумелі, што пазнаць свет толькі пры дапамозе вачэй проста немагчыма. Антычная канцэпцыя прарочай адоранасці, відушчасці паэта, толькі ўжо ў новых часавых варунках, распрацоўваецца ў вершы "Гамер". Старажытную ісціну, заключаную ў тым, што талент здатны пераадолець чалавечую абмежаванасць у пазнанні свету, зразумець сэнс быцця, глыбока ўсвядоміў і М. Танк у гэтым вершы. Паэт свядома парушае традыцыю атаясамліваць гэтую постаць толькі з Антычнасцю. На новым часавым зрэзе вобраз Гамера сімвалізуе сумленную, шчырую творчасць. Танкаўскі Гамер - узор мастака новага тыпу, апантанага творчасцю, працуе дзеля вечнасці. Вар'ятам, сляпым у дачыненні да канкрэтных праяў рэчаіснасці, уяўляецца звычайным людзям Гамер. Але ж трагедыя майстра ў тым, што ён сапраўды адасоблены ад рэальнасці, жыве ў свеце, створаным штучна, у мастацкай рэальнасці. Таму і не прыстасаваны для жыцця, для побыту. Творчасць падмяняе жыццё, становіцца. Лес Адысея, бяздомнага бадзягі па волі багоў, становіцца лёсам яго стваральніка. У вершы размяжоўваюцца два аспекты візуальнага ўспрымання свету: зроку і відушчасці. Апаненты Гамера бачаць толькі знешнюю абалонку жыцця, сутнаснае хаваецца ад іх зроку. Сытае, спакойнае жыццё аддаляе іх ад вечнасці. Гамер сваім талентам, творчымі здольнасцямі пераўзышоў нават багоў, пераадолеў спакусы жыцця. Таму ён варты вечнасці: “Ты, напэўна, сляпы, // Бо не бачыш пакут Наўсікаі, // Што не зводзіць з цябе // Сваіх воч, закаханых, гарачых, // Як прыносіць заўжды // Раніцой табе мёду і хлеба. // Ты ж - заняты паэмай, // Падзякаваць ёй забываеш” [66, с. 443].
Амаль праз усю творчасць М. Танка праходзіць думка аб тым, што мастак - эта дэміург; бо той, хто паспрабаваў спасцігнуць вышэйшы сэнс быцця, ужо не можа жыць, як звычайны чалавек. Мастак збірае свой свет з хаосу, а значыць, спаборнічае з самім Творцам: "Янук Сяліба", "Люцыян Таполя", "Гамер", "Гекзаметр", "Адначасна з'яўляюцца на свет...". Ад нараджэння чалавек трапляе нібы ў зачараванае кола: ён смяротны, асуджаны на забыццё. Так узнікае матыў бессмяротнасці. Супрацьстаяць жыццёвым законам можна толькі пры ўмове ўвасаблення сваёй душы, пачуццяў і памкненняў у слова. Смерць адступае перад тымі, хто дакрануўся да быційнага, сутнаснага. Сярод іх М. Танк першым называе імя Гамера: "Адначасна з'яўляюцца на свет // I чалавек і яго смерць. // І толькі нямногім - // Гамеру, Дантэ, Шэкспіру, // Пушкіну... // Перажыць удалося // Сваю неадлучную сяброўку" [71, с. 67].
М. Танк валодаў латынню. A. Ліс адзначае, што паэт "чытаў цэлыя кавалкі з Цыцэрона на памяць. Пачаткі латыні былі ўзяты ім яшчэ ў гімназіях, у тым ліку ў Радашковіцкай, дзе яе выкладаў стары, яшчэ з часоў першай Грамады беларускі дзеяч Фелікс Стацкевіч... А наогул вяршыняў чалавечай культуры Яўген Іванавіч дасягнуў дзякуючы настойлівай, сталай самаадукацыі" [46, с. 158 - 159]. Чытаў паэт ў арыгінале і Гарацыя.
Думка пра своеасаблівую культурную аўру старажытных гарадоў, дзе на кожным кроку можна ўбачыць сведчанні жыцця і творчасці таленавітых продкаў, рэалізуецца ў вершы М. Танка "Форум Раманум". Лірычны герой верша далікатна ставіцца нават да пылу і друзу Старажытнага Рыма, бо ўсё тут для яго святое, вечнае. Усё навакол захоўвае жывую энергію даўно мінулых стагоддзяў. Значнасць асобы паэта вымяраецца важкасцю яго творчых набыткаў. Для М. Танка Гарацый - узор сапраўднага творцы, чые гекзаметры выкрасалі агонь з калон Старажытнага Рыма: "У рукі возьмеш мармур спарахнелы, // Не знаеш, ці ад сонца ён гарачы, // Ці ад гекзаметраў, што празвінелі // У тыя дні, калі тварыў Гарацый" [66, с. 128].
Пра далікатныя адносіны М. Танка да гістарычнай і культурнай памяці старажытных гарадоў сведчаць і такія вершы, як "Дом Рэмбранта", "Трэска з дома Шэкспіра", "У Фларэнцыі" і іншыя.
Невыпадкова ў мастацкім спасціжэнні лёсу паэтаў Антычнасці - Гамера і Авідзія - М. Танк аперыруе такой катэгорыяй, як вечнасць. На думку беларускага творцы, сіла духу, ахвярнае служэнне свайму наканаванню акрэсліваюць для мастака дарогу ў вечнасць.
3 пазіцый вечнасці ацэньвае жыццёвы і творчы шлях Авідзія і М. Танк у вершы "Авідзію" Як вядома, у 8 годзе н.э. Авідзій з невядомай цяпер прычыны па загаду імператара Цэзара Актавіяна быў высланы з Рыма ў паўночную частку дзяржавы - горад Томы (сёння Канстанца ў Румыніі), дзе і памёр..
У лёсе Авідзія М. Танка цікавіць не сам факт выгнанніцтва, а духоўна-маральнае аблічча мастака. Час нішчыць і руйнуе матэрыяльныя здабыткі чалавецтва, няўладны ён толькі над энергіяй чалавечай душы. Гэтую ісціну, відавочна, усвядоміў М.Танк, калі наведаў Рым, які Авідзій лічыў сваёй "духоўнай радзімай": “Быў і на радзіме тваёй, // Дзе сярод пылу і друзу // Форума і Калізея, // Калон старажытнага Рыма // Знаходзіў асколкі // Гекзаметраў гулкіх тваіх” [66, с. 379].
Трагедыю творцы падкрэслівае вобраз асколкаў, што здатны параніць не толькі ў фізічным плане, але і ў духоўным. Баліць душа нашага сучасніка ад судакранання з чужой і далёкай драмай. Так узнікае праблема прызначэння таленту, надзённая ва ўсіх культурных сітуацыях. Паводле М. Танка, талент, творчасць - тэрыторыя свабоды. Таму даволі пашыранымі ў танкаўскай паэзіі з'яўляюцца вобразы аблокаў, ветру, птушак як жывых увасабленняў неабмежаванай волі. Развагі М. Танка скіраваны не толькі ў Антычнасць, але і ў сучаснасць. Служэнне ўладзе азначае поўнае падпарадкаванне, а для таленту гэта духоўная смерць. Прымусовае выгнанне Авідзія, паводле танкаўскай версіі, стала для яго своеасаблівым вызваленнем. Толькі да вечнасці павінен прымервацца паэт: “Хоць быў тут далей // Ад радзімы сваёй, // Але быў далей і ад дружбы няшчырай, // Даносаў, хлусні, // Імператарскай ласкі, // Што едзе на клячы рабой. // А побач // Апошняя песня была // I цішыня, // За якой пачынаецца // Вечнасць” [66, с. 379].
...Подобные документы
Творчае жыццё Максіма Танка. Духоўная, маральна-філасофская, гуманістычная эвалюцыя лірычнага героя ў паэзіі М. Танка. Праблемна-сімвалічнае поле паэзіі. Вобраз "сонца", канцэпт "дарога". Колеравая палітра вершаў. Асаблівасці паэтычнага радка М. Танка.
курсовая работа [199,1 K], добавлен 03.02.2014Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.
дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015Роля паэзіі ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны. Кантраснае спалучэнне ў творах любові і нянавісці, традыцыйных вобразаў-сімвалаў і лірычна-песенных інтанацый. Значэнне сатырычнай камедыі ў беларускай літаратуры.
курсовая работа [65,2 K], добавлен 23.02.2011Біяграфія і асаблівасці станаўлення творчай індывідуальнасці А.С. Грачанікава (1938-1991), а таксама аналіз палескіх матываў і пейзажных вобразаў у яго лірыкі. Апісанне і значэнне "малой радзімы" ў творчасці беларускіх спявае, у тым ліку і А. Грачанікава.
курсовая работа [35,2 K], добавлен 16.03.2010Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.
курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012Паняцце літаратуры. Генезіс і эвалюцыя мастацкай славеснасці і поглядаў на яе. Мастацкія магчымасці слова. "Нярэчыўнасць" вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка. Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і і ў сучасным тэхнізаваным свеце.
реферат [30,6 K], добавлен 25.02.2011Характарыстыка творчасці Эдуарда Акуліна з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Суаднесенасць вобраза зямлі з "вечнымі" вобразамі. Наватарскія здабыткі Э. Акуліна ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці "вечных" вобразаў.
курсовая работа [50,7 K], добавлен 01.01.2014Ядвігін III (Антон Іванавіч Лявіцкі) — адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы — жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Рэвалюцыя 1905 г. - пераломная вяха у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і ў жыцці і творчасці Ядвігіна III.
реферат [39,0 K], добавлен 13.12.2011Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.
дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016Жыццёвы шлях беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Тэматыка і праблематыка творчасці, мастацкая вобразнасць. Уклад Р. Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі. Матывы ў творчасці: элементы паганскай міфалогіі, біблейска-хрысціянскія і фальклорныя матывы.
курсовая работа [83,5 K], добавлен 10.11.2014Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.
курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013Фарміравання светапогляду Лучыны. Уплыв пазітывізму на паэтычную творчасць і вырашэнне праблемы тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Характарыстыка пошукаў сэнсу сэнсу жыцця і шчасця ў лірыцы паэта. Адметнасці мастацкага вырашэння тэмы смерці ў яго паэзіі.
курсовая работа [48,6 K], добавлен 27.06.2016Выкарыстанне ў паэзіі М. Багдановіча індывідуальна аўтарскіх, народна-паэтычных эпітэтаў, а таксама эпітэтаў-прыдаткаў. Вызначанне найбольш выкарыстоўваемых каляровых эпітэтаў ў вершах паэта, а таксама колерав, якія аўтар ужывае ў адзінкавых выпадках.
курсовая работа [35,8 K], добавлен 27.10.2013Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.
реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011Беларускі авангард 20-х гг. і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку XX ст. "Рэвалюцыйны" авангард у беларускай паэзіі 20-х гг. "Узвышша" і сусветны мастацкі вопыт. Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы. Эсэізм як вызначальная ідэя XX ст.
реферат [37,4 K], добавлен 23.03.2011Развіццё літаратуры і драматургіі Заходняй Беларусі. Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі. Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба. Зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча "Веснавыя мелодыі". Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у яе творчасці.
реферат [44,9 K], добавлен 24.02.2011Тэндэнцыя, звязаная з вывучэннем і пераглядам творчасці класікаў беларускай літаратуры з пазіцый сучаснага літаратуразнаўства, пазбаўленых ідэйна-палічнай заангажаванасці, адсутнасць аб’ектыўнага і аналізу зборніка "Казкі жыцця" і ў савецкі перыяд.
курсовая работа [43,7 K], добавлен 16.05.2015М. Багдановіч – прадстаўнік паэзіі "чыстай красы", тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры. Творчасць Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну.
реферат [65,7 K], добавлен 23.03.2011Асаблівасці сінтаксісу у паэзіі Леаніда Дранько-Майсюка. Няпоўныя сказы у паэзіі і іх стылістычная роля. Аднасастаўныя сказы, іх вобразна-выяўленчыя адметнасці. Фігуры паэтычнага сінтаксісу: анадыплозіс, анафара, ампліфікацыя, дыяфара, эпіфара, падваенне.
курсовая работа [41,1 K], добавлен 22.08.2013Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.
реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011