Мастацкая рэпрэзентацыя вобразаў і матываў Антычнасці ў паэтычнай спадчыне Максіма Танка

Антычныя агульнакультурныя перадасновы паэтычнай творчасці М. Танка. Характар рэпрэзентацыі матываў і вобразаў Антычнасці ў беларускай паэзіі першай трэці ХХ стагоддзя. Асаблiвасці мастацкай рэцэпцыі антычнага матыва вандроўніцтва ў паэзіі М. Танка.

Рубрика Литература
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 16.05.2015
Размер файла 120,2 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Змены ў грамадстве ўносяць свае карэктывы ў мастацкую трактоўку вобразаў сусветнай культуры. Такі лёс напаткаў і вобраз Праметэя ў беларускай мастацкай рэчаіснасці другой паловы XX стагоддзя. Калі ў 1920-1930-я гады актуалізаваліся такія характарыстыкі антычнага вобраза, як выключная сіла волі, свабодалюбства, то, пачынаючы з другой паловы 1950-х гадоў, цікавасць беларускай паэзіі была скіравана на гуманістычныя матывы яго ўчынку. Навукова-тэхнічны прагрэс, развіццё цывілізацыі, сімвалам якіх з'яўляецца агонь Праметэя, пагражалі стратай духоўнасці. Гэты трагічны разлад адчулі М. Танк, А. Вярцінскі, У. Караткевіч і інш. Людзі аказаліся нявартымі вялікага дару Праметэя, аддалі перавагу яго разбуральнаму пачатку. Чалавечы розум дасягнуў неймаверных вышынь, а душа знебылася ў духоўным вакууме. Прычыны незваротных душэўных катаклізмаў імкнецца даследаваць М. Танк у вершы "Эстафета агню". Халодная вайна дарэшты высцюдзіла чалавечыя душы, а тэрмаядзерная катастрофа магла знішчыць і само жыццё. Час прымушаў біць у набат. Чалавечая гісторыя бачыцца паэту своеасаблівай эстафетай, шчырай перадачай з рук у рукі агню не толькі як сімвала захавання жыцця, але і духоўнай энергіі, што аб'ядноўвае пакаленні. На пачатку жывога ланцужка знаходзіцца Праметэй, а замыкае яго захавальніца жыцця - маці: “Праметэй, які вырваў агонь з рук Зеўса, // Перад тым, як закулі яго ў ланцугі, // Галавешку паспеў перадаць майму продку. // Той - у ракушцы жменю вугалля // Перадаў свайму сыну... // I так з рук у рукі // Перадавалі агонь, покуль ён // Пад надзейнай апекаю маці маёй // Не зацепліўся ў бацькаўскай хаце” [66, с. 454].

Звычайная беларуская хата вырастае да памераў космасу, бо ў яе межах адбываюцца падзеі глабальнага характару. Бацькоўская хата ў танкаўскай канцэпцыі свету - алтар духоўнасці. Адсюль цяпло чалавечнасці, любові распаўсюджваецца па ўсяму свету.

З пазіцый сучаснасці Праметэй уяўляецца сімвалам сацыяльнай актыўнасці, дзейнасным характарам. Лёс Праметэя становіцца узорам для нашчадкаў. Вобраз Праметэя набыў псіхалагічную выразнасць і сацыяльную акрэсленасць: “I я знаў тых, // Якім замала было // Нарадзіцца і памерці. // Гэта дзякуючы ім // У багоў мы адабралі // Агонь, свой лёс і крылы...” [66, с. 680].

Выразна адчуваецца ў творы тэндэнцыя да мастацкай тыпізацыі. Невыпадкова верш пачынаецца з характэрнага злучніка "і", чым надаецца значнасць, быційнасць праблемам і думкам. Паэт нібы ўступае ў гаворку аб сутнасці чалавечага жыцця. Верш з'яўляецца танкаўскім водгукам на выслоўе польскага паэта Э. Стахуры: "Былі такія, якім гэтага было мала". Няўжо чалавек прыходзіць у гэты свет дзеля такой трывіяльнай мэты - нарадзіцца і памерці? М. Танк найперш паэт-гуманіст. На яго думку, духоўны патэнцыял ёсць у кожнага чалавека, аднак без належнай падтрымкі, без самаўдасканальвання ён можа загінуць, а разам з ім і чалавечае жыццё страціць сваю значнасць.

Над праблемай сутнасці чалавечага жыцця разважае і А. Вярцінскі. Так, у вершы "Зноў шлак халодны..." паэт нібы спрабуе зазірнуць у майстэрню Бога, што імкнецца разгадаць таямніцу творчасці. Вобразы антычнай міфалогіі, у прыватнасці, вобраз Праметэя, паэт смела ўключае ў кантэкст хрысціянскага вучэння. 3 кантэксту верша вынікае трагедыя расчараванага творцы. Найвялікшыя пакуты майстру прыносіць той факт, што яго лепшае тварэнне - толькі лялька, бяздушная істота: “Зноў шлак халодны. // Толькі шлак. // Як быць з табой, мае тварэнне? // Я б'юся, я шукаю шлях, // Каб перадаць само гарэнне" [19, с. 83- 84].

Калі ў М. Танка людзі самі твораць свой лёс, то ў А. Вярцінскага яны пасіўныя спажыўцы, задаволеныя сваім бессэнсоўным існаваннем ("Непраметэі", "Абрастаем паперамі, рэчамі..."). На думку А. Вярцінскага, нараджэнне цуда магчыма толькі тады, калі ёсць любоў да працы, ёсць гарэнне. У гэтым яго жыццёвая пазіцыя супадае з танкаўскай. Спрадвечны агонь Праметэя ў кантэксце творчасці А. Вярцінскага трансфармуецца ў душэўны агонь, прагу дзейнасці.

Значным уяўляецца той факт, што лірычны герой паэзіі А. Вярцінскага нібыта раскрыжаваны. У гэтым бачыцца яго тыпалагічнае падабенства з лірычным "я" У. Караткевіча. Аднак, калі ў А. Вярцінскага ён пакутнік і прычына гэтых пакутаў, то ў свеце паэзіі У. Караткевіча ёсць тыпова рамантычнае, рэзкае супрацьпастаўленне моцнай духоўна асобы і натоўпу: " Быў. Ёсць. Буду. // Таму, што заўжды, як пракляты, // Жыву бяздоннай трывогай, // Таму, што сэрца маё распята // За ўсе мільярды двухногіх". Лірычны герой М. Танка, чалавек выключнай сумленнасці, апавядае пра пакуты Праметэя. Яго перажыванні застаюцца ў падтэксце, бо паэзіі М. Танка ўласціва ўнутраная эпічнасць.

Лірычны герой А. Вярцінскага прымае пакуты яшчэ і таму, што сам не пазбаўлены тых недахопаў, што ўласцівы натоўпу. Міжволі ў паэзіі мастака ўзнікае пачуццё сораму за недасканаласць чалавечага роду.

Пакуты лірычнага героя паэзіі У. Караткевіча абумоўлены найперш трагічным непаразуменнем паміж ім і натоўпам. У паэтычнай канцэпцыі У. Караткевіча мастак з'яўляецца сумленнем народа ("Прарок Геронім Босх", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Быў. Ёсць. Буду." і інш.). Дэтэрмінаванасць душэўнага і фізічнага болю лірычнага героя У. Караткевіча відавочная. Ён жыве з Богам у душы, што не дазваляе абыякава адносіцца да духоўнага рабства, да шэрасці.

У адрозненне ад У. Караткевіча і А. Вярцінскага, М. Танк не акцэнтуе ўвагу на хрысціянскіх характарыстыках вобраза Праметэя. Праметэй М. Танка нават пачынае сумнявацца ў мэтазгоднасці такой біблейскай дабрачыннасці, як міласэрнасць у адносінах да людзей. Тысячагоддзі доўжацца яго пакуты, а людзі так і не змяніліся.

У адпаведнасці з хрысціянскімі дабрачыннасцямі і прынцыпамі трактуецца вобраз Праметэя ў "міфалагічнай драме" А. Вярцінскага "Гефест -друг Праметэя". Любоў і ўсёдараванне становяцца светапоглядным цэнтрам жыццёвай пазіцыі Праметэя. Тытан-пакутнік любіць нават тых, хто несправядліва пакараў яго: “Зеўс пагражае гнеўна: "Пагублю! // Я да скалы прыб'ю на краі свету!" // А я ў адказ яму на гэта: // "А я край света палюблю..." // "Арол піць будзе кроў тваю!" // "Арла таго я палюблю..." // "Святла пазбаўлю, асляплю!" // "А я змрок вечны палюблю..."” [19, с. 172].

Неабмежаваная любоў Праметэя да ўсяго свету і чалавецтва становіцца ў мастацкім свеце А. Вярцінскага абвінавачваннем, своеасаблівым дакорам чалавецтву. Цяжкі груз пакут ускінуў на свае плечы Гефест, здрадзіўшы сябру. Аднак ёсць яшчэ пазафабульны аспект здрады, заключаны ў кампазіцыі твора. Першы акт, першая частка гэтай своеасаблівай драмы атрымала назву "Даведка". Так праз умоўна-псіхалагічны план праступае канкрэтыка рэальнага часу. Даведка, анкета, па законах якіх пабудавана першая частка, - новаўвядзенні нашага часу. Не жывое чалавечае спачуванне, а спроба яшчэ раз даказаць дзівацтва (а яно ў паэзіі А. Вярцінскага - крытэрый ісціннасці, духоўна-маральнай сталасці героя) Праметэя, паздзеквацца з яго неразумных разважанняў кіруе людзьмі. Стаміўся ад надакучлівых пытанняў і Праметэй. Увогуле, верш сваёй формай нагадвае працэдуру суда: допыт, ён і абвінавачванне, - сведчанні - апошняе прызнанне падсуднага. Аднак фінал застаецца адкрытым. Вынесены прысуд не Праметэю, а людзям, што здрадзілі яму. Таму яны не вартыя любові Праметэя.

Сітуацыю экзістэнцыяльнага характару мадэлюе М. Танк у вершы "Праметэй". Паэт свядома парушае прасторавыя і часавыя каардынаты міфа, яго структуру. Да нашага сучасніка скіраваны пытанні Праметэя, у якіх гучыць надзея на тое, што яго пакуты недарэмныя: “Ці людзі задаволеныя доляй?// Ці згода і любоў жыве між імі? // Ці маці цешыцца дзяцьмі сваімі? // Ці дорыць шчодрая зямля дары? // Ці ў хатах мірны мой агонь гарыць?"” [70, с. 136].

Пытанні застаюцца без адказу. I гэта зразумела: агонь Праметэя прынёс тэхнічны прагрэс, прасвятліў розум, але не ўдасканаліў чалавечую душу. Ад усведамлення гэтай ісціны крывавяць раны Праметэя; пакутуе і без таго спакутаваная душа: “Няўжо дарма я // Тысячагоддзі ў путах паміраю? // I мой агонь, // Вам дадзены гаротным, // Для свету стаў пагрозаю смяротнай?” [70, с. 136].

Па волі чалавека пакуты Праметэя працягваюцца. Толькі чалавек здольны разарваць зачараванае кола пакутаў антычнага тытана пры ўмове яго маральнага і духоўнага росту. Аднак гэтага застаецца толькі чакаць.

У заходнебеларускі перыяд дзейнасці М. Танку і яго лірычнаму герою ўласцівы праметэізм як паказчык рэвалюцыйна-вызваленчай дзейнасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі, выключнай сілы духу. Такім чынам, акцэнтуюцца бунтарскія характарыстыкі антычнага вобраза-сімвала. Паступова гэтыя рысы ўвасобяцца ў канкрэтным вобразе Праметэя. У другой палове XX стагоддзя антычны міф пра Праметэя стаў асновай для разваг беларускіх паэтаў М. Танка, У. Караткевіча і А. Вярцінскага пра духоўна-маральны стан сучаснага грамадства. У вобразе Праметэя актуалізуюцца гуманістычныя матывы яго ўчынку, што садзейнічае хрысціянізацыі антычнага вобраза. Ён сімвалізуе творчую актыўнасць, духоўнае ўдасканальванне чалавецтва. Аднак у святле працэсаў мілітарызацыі, развіцця высокіх тэхналогій і звязанага з імі расчалавечвання чалавека вобраз Праметэя набывае рысы пакутніка.

2.3 Асаблівасці мастацкай рэцэпцыі антычнага матыва вандроўніцтва ў паэзіі Максіма Танка

У антычнай літаратуры ўпершыню загучалі на поўную сілу матывы вандроўніцтва, беспрытульнасці і паяднанасці чалавека з роднай зямлёй. Матывы жыццёвай адысеі і неабходнасці вяртання да спрадвечнага былі запатрабаваны сусветнай літаратурай. Крыжовымі дарогамі пазначаны гістарычны лёс Беларусі і яе народа. Ужо на самым пачатку жыцця разам з бацькамі вымушаны быў пакінуць радзіму М. Танк, бо пачалася першая сусветная вайна. У пошуках шчасця дзядзька паэта Фадзей апынуўся ў Аргенціне. Матывы вандроўніцтва, беспрытульнасці сталі вызначальнымі для паэзіі М. Танка на самым пачатку яго творчасці. У 1932 годзе М. Танк апынуўся ў Лукішскай турме за рэвалюцыйную дзейнасць. Кіруючыся інстынктам ратавання, паэт-рэвалюцыянер не з'яўляецца на суд і вымушаны бадзяцца па краіне, хаваючыся ад паліцыі. Пазбаўленнем волі было тройчы пазначана жыццё М.Танка. Таму першаму зборніку паэт даў сімвалічную назву "На этапах". Крыжовымі дарогамі, па якіх ён ідзе супраць сваей волі, пазначана і жыццё лірычнага героя заходнебеларускай паэзіі М. Танка: “Іду па шляху пясчаным, няроўным. // Кій і торба песень вандроўных, // I ад астрога да астрога плятусь - // Беларусь ты мая, Беларусь!” [63, с. 99].

Блукаюць ад вёскі да вёскі ў пошуках начлегу і прытулку падпольшчыкі, былыя палітвязні ('Трукаючы ў дзверы", "Спатканне", "Песня кулікоў" і інш.). Халодная зімовая стыхія збівае іх з дарогі, робіць усе іх намаганні вырвацца са снежнага палону мітуснёй, што нагадвае зачараванае кола. Адчуваецца, як адзначаюць даследчыкі, відавочная паралель з купалаўскім вопытам асэнсавання гістарычнага лёсу беларусаў у вершы "Паязджане". Аднак танкаўскі лірычны герой - натура больш дзейсная, жыццёва актыўная.

Вандроўніцкія матывы, матывы жыццёвай адысеі ў заходнебеларускай танкаўскай паэзіі звязаны з вобразам птушынага выраю. Найчасцей кірунак палёту птушак супадае з дарогай лірычнага героя, які шукае шчасця для свайго народа, краю. ("На шляху дзікіх гусей", "Выраі" і інш.). Прымусовае вандроўніцтва перарастае ў жаданне бліжэй пазнаёміцца са стыхіяй народнага быцця: “Ураклі, матуля, сына твайго людзі, // Ураклі загоны і палі, Як у шоўк // вясновы прыбіралі грудзі // Шэрыя бярозы, тапалі. // Ураклі і вочы сінія краіны, // I зялёнай руні дываны, - // Нехта ў маё сэрца, сеючы, закінуў // Залатыя шолахі вясны” [63, с. 123].

Нібы Адысей, пакараны багамі дзесяцігадовым вандраваннем, лірычны герой М. Танка жыве думкамі і пачуццямі пра прыгажосць і трагічны лёс роднага краю. Трэба адзначыць, што дынаміка, унутраны рух заключаны ўжо ў назвах зборнікаў М. Танка. Птушкі і ў рэальнасці, і ў мастацкім свеце паэзіі М. Танка валодаюць значна большай свабодай дзеяння, чым чалавек ("Выраі"): "Следам глядзіш - столькі ў крылах свабоды! // А ўсё ж нават птушкам без болю не кінуць // Чубатых пасёлкаў, шнуроў, азяродаў, // Лясоў маёй роднай краіны" [63, с. 235].

Чалавек не здольны паляцець услед за птушкамі, таму ў заходнебеларускай паэзіі М. Танка ёсць ілюзія палёту, плавання: "Калі дарогі пашарэюць // I вецер з поўначы мацней // У імгле зацягне адысею // 3 крылатым табарам гусей, - // Люблю стаяць пад цяглай соснай, // Нібы пад мачтай залатой, //1 плыць туды, дзе звоняць вёсны, // Плыве і край увесь за табой" [63, с. 255].

Часта паэт звяртаецца да прынцыпу мастацкай умоўнасці. Так сасна ўяўляецца яму мачтай вялікага карабля -роднай зямлі, што мкне туды, "дзе звоняць вёсны". Ёсць у творы відавочная алюзія на краіну латафагаў з паэмы Гамера "Адысея". Паводле яе, Адысей са сваімі сябрамі апынуўся на таямнічым востраве. Дзеля разведкі ён накіраваў траіх людзей углыб вострава. Іх радасна сустрэлі і гасцінна пачаставалі стравай з пладоў лотаса, паспрабаваўшы якую, няшчасныя назаўсёды забыліся пра радзіму: "Мінулі месяцы, гады. // Шмат хто радзімы нівы // Забыў у клопатах жыцця, // Ў пагоні за нажывай" [64, с. 21].

Сытасць спараджае абыякавасць. Толькі лірычнаму герою сасновая галінка, выпадкова прынесеная хвалямі, нагадала пра родны край. Яго адзінокі човен з сасновай галінай на мачце разбіваецца аб кручу, з якой і пачаўся сон. У кантэксце папярэдняй танкаўскай творчасці з верша вынікае думка аб неабходнасці адкрыцця і матэрыяльных, і духоўных скарбаў на бацькоўскай зямлі.

Матчыну хату як крыніцу духоўнасці, чысціні апаэтызаваў Р. Барадулін. Вяртанне да родных каранёў, на думку паэта, неабходна чалавеку, як вада, хлеб, паветра. Яно гарантуе душэўную раўнавагу, захаванне святынь, памяці ("Трэба дома бываць часцей..."). Родная хата - вельмі духоўная і вельмі асабістая субстанцыя. Туды можна заўсёды вярнуцца, там чакаюць, там чалавек адчувае сябе надзейна, спакойна і ўтульна ("Зноў дома..."). Смерць родных пазбаўляе чалавека душэўнай апоры, пагражае бязвер'ем і самотнасцю душы ("Мамы не стала - не стала радзімы...").

3 другой паловы 1950-х гадоў геаграфічная прастора вандраванняў М. Танка пашыраецца за кошт шматлікіх яго паездак за мяжу. Так, лірычны герой верша "Капры" да болю выразна адчуў прыгажосць і прыцягненне чужых земляў: "Недзе песня чуваць...// О, цяпер толькі я разумею: // Як прывабна міжземныя // Могуць сірэны спяваць, // Як нялёгка было // Каля іх берагоў праплываць // Нат да мачты прывязанаму // Адысею [65, с. 133].

Невыпадкова ўзнікае вобраз Адысея, трагічнага вандроўніка, што здолеў супрацьстаяць боскаму наканаванню.

Аказваецца, адкрыць Сусвет можна ў звычных рэаліях роднага краю. Таму з такім захапленнем і адказнасцю збіраецца ў падарожжа па роднай мове лірычны герой вершаў "Я гэта люблю падарожжа" і "Перад вандроўкай".

Аднак складанасць душэўнай арганізацыі лірычнага героя паэзіі М. Танка трымаецца на адзінстве прыцягнення зямных, родных асноў і прагі новых ведаў. Важнымі кампанентамі шчасця, духоўнай асалоды жыцця з'яўляюцца элементы "поту, дарожнага пылу, роднага небасхілу" ("Шчасце"). Звычайны кавалак сала, пакладзены ў дарогу маці лірычнага героя верша "Смаленне кабана", стаў адзнакай далучанасці яго да свету народнага быцця. Так, у апантанасці вандроўкамі прызнаецца лірычны герой верша "Перад дарогай": " Відаць, я пад сонцам цыганскім радзіўся // Ці мо акрапілі бягучыя воды, // Што ўсе адпачынкі, пагожыя дні ўсе // У жыцці размяняў на вандроўкі, паходы" [65, с. 101].

Традыцыі вандроўніцкай танкаўскай паэзіі працягвае Л. Дранько-Майсюк. Так, на пачатку творчасці паэта ў зборніку "Вандроўнік" бачым сімволіку вобраза дома. 3 аднаго боку, гэта "прытулак, родны асяродак, з другога - увасабленне трывалых сувязяў, што імкнецца пазбавіцца вандроўнік" (“Гэта цень мой вярнуўся дамоў", "Бераг"). У наступнай кнізе "Над пляцам" лірычны герой марыць пра трывалае жытло для сябе і сваіх родных і блізкіх.

Адкрыццё новых даляглядаў, вандроўніцтва спрыялі духоўнаму сталенню лірычнага героя, але і пагражала стратай духоўных арыенціраў. Так, пачынаючы з 1960-х гадоў, у паэзіі М. Танка моцна загучалі матывы віны, пакаяння, звязаныя з вобразамі асуджаных на вечнае чаканне блізкіх людзей ("Бразнула клямка", "У парэпанай раме дзвярэй", "Апусцелі хаты і ў маёй Пількаўшчыне", "Вяртанне" і інш.). Вяртанне - кампенсацыя за падмануты давер ("Вяртанне"): “Калі ў сваей вандроўцы // Я адлучаюся далека // Ад радзімы // I ўжо не чую яе // Пеўняў на зары, // Не адчуваю паху яе хлеба, // Не бачу прызыўных яе агнёў, // А ў мае песні пачынаюць залятаць // Чужыя птушкі, воблакі, вятры, - // Як блудны сын, вяртаюся дамоў” [67, с. 305].

Лірычны герой чакае даравання бацькоў, і ў той жа час "аб новай марыць Адысеі". Заканамерна, што М. Танк параўноўвае сябе з Адысеем. За гады доўгіх вандраванняў ён (Адысей) стаў родным для мора. Пагэтаму яго цяжка ўявіць ва ўмовах спакойнага хатняга жыцця.

Феномен Вяртання - праява агульначалавечага пакаяння, запозненага, але выпакутаванага. Лагічным бачыцца і параўнанне лірычнага героя М. Танка з блудным сынам, вечным увасабленнем пакаяння. Матыў дакору сабе гучыць у вершах "Недзе закінуўшы..." і "Калісьці, легкадумна заглыбіўшыся...".

Трагічная метамарфоза здарылася з лірычным героем верша "Вяртанне". Ён стаў чужым дома: "Знаёмыя аблокі // Над зямлёй, // Знаёмыя чуваць // Раскаты грому, // Знаёмы дым // Над хатаю старой, I толькі я // Адзін ім -незнаемы" [70, с. 243].

Самотна пачувацца ў родным свеце чужым, аднак жыве ў душы вечнае спадзяванне на тое, "мо раптам выбяжыць з дварышча пёс, пазнаўшы валацугу Адысея" [70, с. 246]. Згадаем, што, калі Адысей вярнуўся дадому ў выглядзе старога жабрака, толькі верны сабака Аргус ды старая пакаёўка прызналі ў ім гаспадара.

Пенелопа, жонка Адысея стала сімвалам жаночай вернасці, вечнага чакання. Такой уяўляецца М. Танку і яго жонка, што чакала яго і непакоілася ў часы драматычнай маладосці, стала вернай сяброўкай на ўсё жыццё ("Як рэстаўратар", "Прасвет"). Паэт з сумам звяртаецца да часоў маладосці. Трэба адзначыць, што ў старажытным міфе Пенелопа, якая верна чакала мужа дваццаць гадоў, заставалася нязменна прыгожай. Яе хараство непадуладнае часу. Танкаўскаму лірычнаму герою, як рэстаўратару, даводзіцца аднаўляць былое аблічча каханай: " Як рэстаўратар, // Здымаю з твайго партрэта // Напластаванні дзесяцігоддзяў: // Сівізну маршчын, // Смутак перажыгых нягод" [72, с. 116]. Пенелопай уяўляецца паэту то каханая, то яе маці, "што ў мерзлым віленскім пакойчыку // Сядзіць ля грубкі // Са сваім неадлучным коцікам і пераматвае пражу" [72, с. 91].

Такім чынам, вандроўніцкія матывы і міфалагема Вяртання з'яўляюцца сродкамі выяўлення жыццёвай пазіцыі аўтара. Вандроўніцтва лірычнага героя заходнебеларускага перыяду творчасці М. Танка грунтавалася на глебе трагічнага лёсу выгнанніка. Пазней матыў вандраванняў і асацыяцыя з бадзягам Адысеем узнікнуць у сувязі з прагай набыцця новых уражанняў і неабходнасці вяртання да каранёў. Міфалагема Вяртання, асэнсаваная ў лірыцы М. Танка, засведчыла духоўную сувязь і лірычнага героя, і М. Танка з роднай зямлёй.

Заключэнне

Разгляд мастацкай рэпрэзентацыі антычных вобразаў і матываў у паэзіі М. Танка засведчыў, што антычныя рэмінісцэнцыі з'яўляюцца не толькі сродкамі інтэлектуалізацыі яго паэзіі, але і важнейшымі кампанентамі мастацкай канцэпцыі свету, раскрытай на старонках яго лірыкі, сінтэзу ў ёй канкрэтна-нацыянальнага і агульначалавечага пачаткаў. У духоўным свеце паэта, дэтэрмінаваным нацыянальнай ментальнасцю, антычныя культурныя ідэі і рэаліі страчваюць часам першапачатковую семантыку і ўваходзяць у беларускі кантэкст.

Вынікі праведзенага даследавання можна сфармуляваць наступным чынам:

1.Засваенне і абжыванне беларускай літаратурай XX стагоддзя культурнага вопыту Антычнасці ўскладнялася перапынкамі ў працэсах гістарычнай пераемнасці ў развіцці літаратурнага працэсу. Актывізацыя рэцэпцыі старажытнай спадчыны адбывалася ў моманты ажыўлення пачуцця нацыянальнай годнасці, калі на першы план у грамадскім жыцці вылучалася мэта рэпрэзентацыі народа свету і неабходнасці сцвярджэння яго высокай духоўнай культуры. Духоўная актыўнасць нацыі, яе жаданне быць далучанай да агульначалавечага культурнага вопыту ажыццяўлялася як праз зварот да адпаведных тэм, вобразаў, матываў у творчасці беларускіх паэтаў XX стагоддзя (М. Багдановіча, М. Танка, У. Жылкі, У. Дубоўкі, У. Караткевіча, А. Вярцінскага), так і пры дапамозе мастацкага перакладу твораў Гамера, Авідзія, Гарацыя.

У творчасці М. Танка антычныя і вобразы і матывы знайшлі найбольш паслядоўнае адлюстраванне, засваенне і пераасэнсаванне. М. Танк мысліць міфалагічнымі і філасофскімі катэгорыямі спадчыны Старажытнай Элады. У паэтычнай мадэлі свету відавочныя антычныя рэмінісцэнцыі, якія пад уздзеяннем беларускай ментальнасці і аўтарскага ўспрымання рэчаіснасці набылі статус першаэлементаў беларускага светаразумення і светабудовы (Венера, Муза, Пегас, Сцікс, Харон і інш.). Аперыруючы антычнымі паняццямі, вобразамі, М.Танк надае праявам нацыянальнага быцця агульначалавечую значнасць.

Творчасць М. Танка ўзрастала на глебе асноватворных фактараў Антычнасці, якія сфарміравалі агульнаеўрапейскі культурны працэс. Слынныя асобы антычнага свету (Сакрат, Платон, Арыстоцель, Гамер, Авідзій, Гарацый), скульптурныя вобразы і прадметы побыту атрымалі ўвасабленне і пераасэнсаванне ў лірыцы М. Танка. Дзеля вырашэння праблемы трагічных узаемаадносінаў мастака і ўлады, духоўнай свабоды і рабства М. Танк чэрпае гістарычныя паралелі з Антычнасці. Лёс польскага паэта Ц. Норвіда суадносіцца з лёсам Сакрата. Думка пра незапатрабаванасць мастака на радзіме і драматызме яго існавання ў антыгуманным грамадстве акцэнтуецца праз асэнсаванне вобразаў Авідзія і Дыягена. Узорам сапраўднага мастака ўяўляецца М. Танку Гамер. Праблемы прызначэння творчасці хвалявалі М. Танка, калі ён звяртаўся да спадчыны Платона, Арыстоцеля, Гарацыя. Пра высокую духоўную культуру лірычнага героя М. Танка сведчыць характар яго ўзаемадачыненняў з культурай Антычнасці. Блізкая сэрцу паэта і гуманістычная скіраванасць вобразаў антычнай скульптуры.

Антычныя матывы і вобразы ў творчасці М. Танка ўзаемадзейнічаюць з нацыянальнай плынню жыцця, вуснай народнай творчасцю. Нацыянальны культ зямлі, ушанаванне антычнага бога Дыяніса па-беларуску ўплываюць на адметнасць трансфармацыі культурнага вопыту Антычнасці. Так, танкаўская муза зусім не нагадвае вытанчаную антычную багіню, гэта хутчэй сціплая, сарамлівая беларуска. М. Танк творыць свой мастацкі свет, адштурхоўваючыся ад уласнага бачання і разумения рэчаіснасці. За артафактамі антычнай культуры бачыцца прыватна танкаўскі погляд на свет і чалавека ў ім. М. Танка прываблівае не суверэннае, самадастатковае быццё рэчаў, а духоўна-маральны свет людзей, што судакраналіся з імі.

Вобразы антычнай міфалогіі працуюць на выяўленне гуманістычных, філасофскіх, інтымных і патрыятычных пачуццяў лірычнага героя. Калі ў 1930- я гады ў творчасці паэта праявіліся найперш бунтарскія, богаборніцкія матывы антычнага міфа, то, пачынаючы з 1950-х гадоў, увага акцэнтуецца на гуманістычных матывах учынку Праметэя. Арыгінальна трансфармуюцца і дзейнічаюць у беларускім кантэксце антычныя міфалагічныя вобразы, звязаныя з мастацтвам: Апалон, Муза, Пегас і інш. Характэрна, што яны падаюцца ў травесційнай інтэрпрэтацыі. Антычная сімволіка жыцця і смерці (Сцікс, Харон, Цэрбер) выяўляе актуальнасць праблемы змястоўнасці чалавечага жыцця, яго прызначэння. Вандроўная сутнасць асобы М. Танка набывае сэнс у сувязі з глыбокай тоеснасцю лірычнага героя з вобразам антычнага бадзягі Адысея і міфалагемай Вечнага Вяртання.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Адамовіч, А. Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы / А. Адамовіч // Адамовіч А. Здалёк і зблізку: 3б. літ.-крыт. арт. - Мінск: Маст. літ., 1976. - С. 58 - 98.

2. Адамовіч, Г. 3 крыніц сусветнай літаратуры: Дапам. для настаўнікаў / Г. Адамовіч. - Мінск: БелЭН, 1998. - 351 с.

3. Адамовіч, Г. Літаратурныя ўзаемасувязі: Заканамернасці і характар развіцця/ Г. Адамовіч // Роднае слова. - 2001. - № 4. - С. 60 - 64.

4. Арочка, М. Максім Танк: Жыццё ў паэзіі. / М.Арочка - Мінск: Навука і тэхніка, 1984. - 272 с.

5. Арочка, М. Вектар пераломных падзей / М.Арочка // Полымя. - 1996. - № 9. - С. 262 - 292.

6. Аўрамчык, М. Шчодрасць паэзіі: 3 успамінаў пра Максіма Танка / М.Аўрамчык // Полымя. - 1997. - № 9.- С. 193 - 212.

7. Багдановіч , М. Поўны збор твораў: У 3 т. / М.Багдановіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1991 -- 1995. - Т. 1: Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. - 1991. - 750 с;

8. Багдановіч , М. Поўны збор твораў: У 3 т. / М.Багдановіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1991 -- 1995. - Т. 2: Маст. проза, пераклады, літ. артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. - 1993. - 600 с.

9. Багдановіч, I. Паэзія хараства і змагання / І.Багдановіч // Роднае слова. - 1992. - № 4. - С. 23 - 30.

10. Барадулін, Р. Евангелле ад Мамы: Кніга паэзіі. / Р.Барадулін. - Мінск: Маст. літ., 1995. - 462 с.

11. Баршчэўскі, Л. Літаратура Старажытнага Рыма / Л. Баршчэўскі // Роднае слова. - 1995. - №9. - С. 100 - 107.

12. Бельскі, А. "Цудадзейныя жывой вады крыніцы...": Вывучэнне творчасці Максіма Танка ў XI класе / А.Бельскі // Роднае слова. - 2000. - № 9. - С. 46 - 50.

13. Бугаёў, Д. Паэзія Максіма Танка. - 2-е выд., дап. і перапрац./ Дз. Бугаёў. - Мінск: Бел. навука, 2003. - 311 с.

14. Бярозкін, Р. Хлеб і песня / Р.Бярозкін // Бярозкін Р. Паэзія - мае жыццё: Літ.- крытыч. арт. / Склад, і аўт. прадмовы Ю.М. Канэ. - Мінск: Маст. літ., 1989. - С. 52 - 64.

15. Бярозкін, Р. Свет Купалы; Звенні: Літ. крытыка. Выбранае. / Р.Бярозкін. - Мінск: Маст. літ., 1981. - 572 с.

16. Верабей, А. Максім Танк і польская літаратура / А. Верабей - Мінск: Навука і тэхніка, 1984. - 120 с.

17. Верабей, А. Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча. / А.Верабей. - Мінск: Маст. літ., 1997. - 256 с.

18. Вітка, В. Запаветная пушча Максіма Танка / В.Вітка // Крыніца. - 1995. - № 10. - С. 14 - 23.

19. Вярцінскі, А. Хлопчык глядзіць...: Выбр. вершы і паэмы. / А.Вярцінскі. - Мінск: Маст. літ., 1992. - 318 с.

20. Гарадніцкі, Я. Думка і вобраз: Праблема інтэлектуалізму ў сучаснай беларускай лірыцы / Я Гарадніцкі. - Мінск: Навука і тэхніка, 1986. - 120 с.

21. Гаспаров, М.Л. Введение: Литература европейской античности / М.Гаспаров // История всемирной литературы: В 9 Т. / Гл. редкол. Г.П. Бердников (гл. ред.) и др.; Авт. вступ. замечаний Ю.Б. Вамер. - М.: Наука, 1983-1993. - Т. 1.- 1983. - 583 с.

22. Гніламёдаў, У. Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс / У.Гніламёдаў. - Мінск: Навука і тэхніка, 1983. - 304 с.

23. Гніламёдаў, У. Паэтычныя традыцыі і менталітэт / У. Гніламёдаў. // Полымя. - 1997. - № 11. - С. 324 - 343.

24. Голан, А. Миф и символ. / А.Голан. - М.: Русслит, 1994. - 375 с.

25. Гомер. Илиада / Гомер / Пер. с древнегреч. Н. Гнедича. - М.: Худ. лит., 1986 - 382 с.

26. Гомер. Одиссея / Гомер / Пер. с древнегреч. Н. Гнедича. - М.: Худ. лит., 1986. - 270 с.

27. Гончарова, Н.А., Из античной мудрости. / Н.Гончарова, И.Щербакова - Минск: Выш. шк, 1995. - 373 с.

28. Гурская, А. Максім Танк: Шматграннасць творчай асобы / А.Гурская // Танкаўскія чытанні: Матэрыялы навук. канф., прысвеч. 85-годдзю з дня нарадж. нар. паэта Беларусі Максіма Танка.; Адк. рэд.: М.Ф. Шаўлоўская, І.С. Шпакоўскі. - Мінск.: БДПУ, 1998. - С. 30 - 34.

29. Дранько-Майсюк Л. Ратаванне Грэцыяй / Л. Дранько-Майсюк // Дранько-Майсюк Л. Гаспода: Выбранае - Мінск: Маст. літ., 1998. - С. 209 - 220.

30. Дубоўка, У. О Беларусь, мая шыпшына: Выбранае; Уклад. Д.М. Давідоўскага, З.К. Пазняк (У. Шэкспір. Санеты). / У.Дубоўка. - Мінск: Маст. літ., 2002. - 318 с.

31. Жылка, У. Выбраныя творы / Уклад., прадм. і камент. М. Скоблы. / У.Жылка. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. - 358 с.

32. Замоцін, I. Творы: Літ.-крытыч. арт. / Склад. Я.М. Гаварушка; Навук.рэд. У.М. Конан. / І.Замоцін - Мінск: Маст. літ., 1991. - 335 с.

33. Кабаковіч, А. Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі: Гісторыка-тэарэтычны нарыс. / А.Кабаковіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1989. - 127 с.

34. Каваленка, В. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. / В.Каваленка. - Мінск: Навука і тэхніка, 1981. - 320 с.

35. Калеснік, У. Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура. / У.Калеснік. - Мінск: Дзярж. выд. БССР, Рэд. маст. Літ-ры, 1959. - 253 с.

36. Калеснік, У. Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці. / У.Калеснік. - Мінск: Маст. літ., 1981. - 189 с.

37. Калеснік ,У. Жыў-быў казачнік Рэдкі / У.Калеснік. // Калеснік У. Тварэнне легенды: Літ. партрэты і нарысы. - Мінск: Маст. літ., 1987. - С. 198 - 252.

38. Кісліцына, Г. Арфей на струнах ліры / Г.Кісліцына // Кісліцына Г. Blonde attack. - Менск: Логвінаў, 2003. - С. 70 - 80.

39. Конан, У. Беларускі Музыка-Арфей / У.Конан // Полымя. - 1992. - № 11.-- С. 149 - 159.

40. Конан, У. Адплыві на глыбіню / У.Конан // ЛіМ. - 1998.- 13 лют. - С. 13.

41. Конан, У. Арфічныя матывы і хрысціянскія архетыпы ў паэзіі Францішка Багушэвіча / У.Конан // Роднае слова. - 2001. - № 4. - С. 22 - 25.

42. Корань, Л. Дынаміка жанравых структур у беларускай прозе /Л.Корань // Корань Л. Цукровы пеўнік: Літ.-крыт. арт. - Мінск: Маст. літ., 1996. - С. 5 -155.

43. Корань, Л. Постаць Максіма Танка/Л.Корань // Корань Л. Цукровы пеўнік: Літ.-крыт. арт. - Мінск.: Маст. літ., 1996. - С. 167 - 168.

44. Куляшоў, А. Паміж наступным і былым: Вершы. Паэмы / Уклад, і прадм.

B.Куляшовай. / А.Куляшоў. - Мінск: Маст. літ., 1995. - 542 с.

45. Лебядзевіч, Д. Антычныя традыцыі ў беларускай літаратуры XIX - пач. XX стагоддзя: Дыс... канд. філалаг. навук: 10. 01. 01./ Д. Лебядзевіч. - Гродна, 1997. - 107 с.

46. Ліс, А. На разломе эпохі: Штрыхі да партрэта Максіма Танка / А.Ліс // Тэрмапілы. - 2002. - № 6. - С. 150 - 160.

47. Ліс, А. Літаратура Заходняй Беларусі / А.Ліс // Гісторыя беларускай літаратуры: У 4-x т. / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Янкі Купалы. - Мінск: Бел. навука, 1999.- Т. 2: 1921 - 1941. - С. 210 - 281.

48. Лойка, А. Уводзіны. У кантэксце сусветнай літаратуры / А. Лойка // Лойка А. Старабеларуская літаратура: Падручнік. - Мінск: Выш. шк., 2001. - С. 9 - 50.

49. Лойка, А. У Максіма Танка ёсць усё / А. Лойка // Лойка А. Галгофа. - Слонім: Слонім. друк., 2001. - С. 157 - 160.

50. Лявонава, Е. Плыні і постаці: 3 гісторыі сусветнай літаратуры II пал. XIX -XX ст.: Дапам. для настаўнікаў. / Е.Лявонава. - Мінск: Рэд. часоп. "Крыніца", 1998. - 336 с.

51. Максімовіч, В. "Каб не страціць святое штосьці...": Нацыянальны космас у творчасці Р. Барадуліна / В.Максімовіч // Роднае слова. - 1995. - № 2. - С. 25 - 32.

52. Мальчукова, Т. Античное наследие и современная литература: Текст лекций. / Т.Мальчукова. - Петрозаводск: ПГУ, 1988. - 63 с.

53. Малюковіч, С. Міфалогія: Старажытная Элада: Вучэб. дапам. для студэнтаў філал. фак.: У 2 Ч. / С.Малюковіч. - Мінск: БДУ, 2000. - Ч. 1. - 208 с.

54. Мікуліч, М. Максім Танк і сучасная беларуская лірыка / М. Мікуліч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1994. - 191 с.

55. Мікуліч, М. Максім Танк: На скразняках стагоддзя / М. Мікуліч. - Мінск: Маст. літ., 1999. - 254 с.

56. Немировский, А. Мифы Древней Эллады. / А. Немировский. - М.: Просвещение, 1992. - 318 с.

57. Пісьмянкоў, А. Тэмпература сэрца: Аб паэзіі Максіма Танка / А. Пісьмянкоў // Крыніца. -1995. - № 10. - С. 32.

58. Рагойша, В. Паэтыка Максіма Танка. / В.Рагойша. - Мінск.: Выд. БДУ імя Леніна, 1968. - 228 с.

59. Рублеўская, Л. Партрэт нацыі: Аспекты нацыянальнага міфа ў беларускай паэзіі 1910 - 1920-х гг. XX стагоддзя / Л. Рублеўская // Роднае слова. - 1995. - № 8. - С. 11 - 20.

60. Сузько, А.У. Праметэізм заходнебеларускай паэзіі / А. Сузько // Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага: 36. навук. арт. / Рэдкал.: А.І. Бельскі, B.A. Максімовіч, П.І. Навуменка і інш.; Пад агульн. рэд. Л.Д. Сіньковай. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 203 - 209.

61. Сузько, А.У. Уплыў антычнага мастацтва і культуры на творчасць беларускіх паэтаў (на прыкладзе вобраза Праметэя, X кл.) / А. Сузько // Беларуская мова і літаратура. - 2005. - № 4. - С. 42 - 46.

62. Танк, М. Лісткі календара / М.Танк. - Мінск: Беларусь, 1970. - 312 с.

63. Танк, М. Збор твораў: У 6 т. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1978 - 1984. - Т. 1.: Вершы, паэмы. 1930- 1945. - 1978. - 528 с.

64. Танк, М. Збор твораў: У 6 т. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1978 - 1984. - Т. 2.: Вершы, паэмы. 1945- 1954. -1978. - 464 с.

65. Танк, М. Збор твораў: У 6 т. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1978 - 1984. - Т. 3.: Вершы. 1954- 1964. - 1979. -560 с.

66. Танк, М. Збор твораў: У 6 т. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1978 - 1984. - Т. 4.: Вершы. 1964-1976. - 1979. - 720 с.

67. Танк, М. Збор твораў: У 6 т. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1978 - 1984. - Т. 5: Вершы; Паэмы.

68. Танк, М. Збор твораў: У 6 Т. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1978 - 1984. - Пераклады. - 1976. - 1978. - 1980. - 638 с.

69. Танк, М. За маім сталом: Вершы. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1984. - 175 с.

70. Танк М. Збор калосся: Вершы. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1989. - 301 с.

71. Танк, М. Мой каўчэг: Вершы, 1989-1992. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1994. - 207 с.

72. Танк, М. Errata: Вершы. Пераклады. / М.Танк. - Мінск: Маст. літ., 1996. - 143 с.

73. Танк, М. Апошнія вершы / М.Танк // Полымя. - 1996. - № 9. - С. 3-13.

74. Танк, М. Дзённікі. / М.Танк // Полымя. -1996. - № 9. - С. 146 - 240; 1996.- № 12. - С. 199 - 212; 1997. - №6. - С. 158 - 166; № 7. - С. 169 - 242; № 8. - С. 129 - 171; № 10. - С. 144 - 194; № 12. - С. 62 - 118.

75. Тычка, Г. Сум па добрых вершах: Максім Танк пра літаратуру / Г. Тычка // ЛіМ. - 1998. - 6 лют. - С. 6 - 7.

Размещено на Allbest.ru

...

Подобные документы

  • Творчае жыццё Максіма Танка. Духоўная, маральна-філасофская, гуманістычная эвалюцыя лірычнага героя ў паэзіі М. Танка. Праблемна-сімвалічнае поле паэзіі. Вобраз "сонца", канцэпт "дарога". Колеравая палітра вершаў. Асаблівасці паэтычнага радка М. Танка.

    курсовая работа [199,1 K], добавлен 03.02.2014

  • Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.

    дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015

  • Роля паэзіі ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны. Кантраснае спалучэнне ў творах любові і нянавісці, традыцыйных вобразаў-сімвалаў і лірычна-песенных інтанацый. Значэнне сатырычнай камедыі ў беларускай літаратуры.

    курсовая работа [65,2 K], добавлен 23.02.2011

  • Біяграфія і асаблівасці станаўлення творчай індывідуальнасці А.С. Грачанікава (1938-1991), а таксама аналіз палескіх матываў і пейзажных вобразаў у яго лірыкі. Апісанне і значэнне "малой радзімы" ў творчасці беларускіх спявае, у тым ліку і А. Грачанікава.

    курсовая работа [35,2 K], добавлен 16.03.2010

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

  • Паняцце літаратуры. Генезіс і эвалюцыя мастацкай славеснасці і поглядаў на яе. Мастацкія магчымасці слова. "Нярэчыўнасць" вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка. Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і і ў сучасным тэхнізаваным свеце.

    реферат [30,6 K], добавлен 25.02.2011

  • Характарыстыка творчасці Эдуарда Акуліна з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Суаднесенасць вобраза зямлі з "вечнымі" вобразамі. Наватарскія здабыткі Э. Акуліна ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці "вечных" вобразаў.

    курсовая работа [50,7 K], добавлен 01.01.2014

  • Ядвігін III (Антон Іванавіч Лявіцкі) — адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы — жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Рэвалюцыя 1905 г. - пераломная вяха у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і ў жыцці і творчасці Ядвігіна III.

    реферат [39,0 K], добавлен 13.12.2011

  • Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.

    дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016

  • Жыццёвы шлях беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Тэматыка і праблематыка творчасці, мастацкая вобразнасць. Уклад Р. Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі. Матывы ў творчасці: элементы паганскай міфалогіі, біблейска-хрысціянскія і фальклорныя матывы.

    курсовая работа [83,5 K], добавлен 10.11.2014

  • Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.

    курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013

  • Фарміравання светапогляду Лучыны. Уплыв пазітывізму на паэтычную творчасць і вырашэнне праблемы тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Характарыстыка пошукаў сэнсу сэнсу жыцця і шчасця ў лірыцы паэта. Адметнасці мастацкага вырашэння тэмы смерці ў яго паэзіі.

    курсовая работа [48,6 K], добавлен 27.06.2016

  • Выкарыстанне ў паэзіі М. Багдановіча індывідуальна аўтарскіх, народна-паэтычных эпітэтаў, а таксама эпітэтаў-прыдаткаў. Вызначанне найбольш выкарыстоўваемых каляровых эпітэтаў ў вершах паэта, а таксама колерав, якія аўтар ужывае ў адзінкавых выпадках.

    курсовая работа [35,8 K], добавлен 27.10.2013

  • Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.

    реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011

  • Беларускі авангард 20-х гг. і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку XX ст. "Рэвалюцыйны" авангард у беларускай паэзіі 20-х гг. "Узвышша" і сусветны мастацкі вопыт. Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы. Эсэізм як вызначальная ідэя XX ст.

    реферат [37,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Развіццё літаратуры і драматургіі Заходняй Беларусі. Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі. Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба. Зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча "Веснавыя мелодыі". Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у яе творчасці.

    реферат [44,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Тэндэнцыя, звязаная з вывучэннем і пераглядам творчасці класікаў беларускай літаратуры з пазіцый сучаснага літаратуразнаўства, пазбаўленых ідэйна-палічнай заангажаванасці, адсутнасць аб’ектыўнага і аналізу зборніка "Казкі жыцця" і ў савецкі перыяд.

    курсовая работа [43,7 K], добавлен 16.05.2015

  • М. Багдановіч – прадстаўнік паэзіі "чыстай красы", тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры. Творчасць Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну.

    реферат [65,7 K], добавлен 23.03.2011

  • Асаблівасці сінтаксісу у паэзіі Леаніда Дранько-Майсюка. Няпоўныя сказы у паэзіі і іх стылістычная роля. Аднасастаўныя сказы, іх вобразна-выяўленчыя адметнасці. Фігуры паэтычнага сінтаксісу: анадыплозіс, анафара, ампліфікацыя, дыяфара, эпіфара, падваенне.

    курсовая работа [41,1 K], добавлен 22.08.2013

  • Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.

    реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.