Лацінамоўны ліра-эпас у полілінгвістычнай літаратуры Беларусі XVI – першай паловы XVII ст.: традыцыя, гісторыка-эстэтычная эвалюцыя

Запатрабаванасць вялікіх паэтычных форм у літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Фарміраванне ліра-эпічнай традыцыі ў літаратуры. Здабыткі аўтараў лацінамоўных паэм, якія адносяцца да кантэксту прыгожага пісьменства Беларусі XVI – першай паловы XVII ст.

Рубрика Литература
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 98,2 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

УДК 821.124'04(476).09-131«15/16»

Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені доктара філалагічных навук

па спецыяльнасці 10.01.01 - беларуская літаратура

лацінамоўны ліра-эпас у полілінгвістычнай літаратуры беларусі xvi - першай паловы xvii ст.: традыцыя, гісторыка-эстэтычная эвалюцыя

Некрашэвіч-Кароткая Жанна Вацлаваўна

Мінск, 2012

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце

Навуковы кансультант Рагойша Вячаслаў Пятровіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Афіцыйныя апаненты: Кавалёў Сяргей Валер'евіч, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры беларусістыкі Інстытута славістыкі ўніверсітэта імя М. Кюры-Складоўскай (г. Люблін)

Тычко Галіна Казіміраўна, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў»

Штэйнер Іван Фёдаравіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны»

Апаніруючая арганізацыя УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»

Абарона адбудзецца «11» студзеня 2013 г. у 14.30 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.12 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце (220030, г. Мінск, вул. К. Маркса, 31, ауд. 62; тэлефон вучонага сакратара: 327-63-78).

З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Аўтарэферат разасланы «19» лістапада 2012 г.

Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый Хмяльніцкі М.М.

УВОДЗІНЫ

Зварот айчыннай гуманітарнай навукі ў другой палове ХХ ст. да вывучэння помнікаў лацінамоўнай паэзіі, асэнсаванне іх як арганічнай часткі нацыянальнай пісьмовай спадчыны паспрыялі ўзбагачэнню кантэксту гісторыі беларускай літаратуры, прадэманстравалі сваю навуковую мэтазгоднасць і метадалагічную плённасць. Аднак да сённяшняга дня далёка не ўсе творы, прыналежныя да лацінамоўнага ліра-эпасу ў літаратуры Беларусі эпох Рэнесансу і ранняга Барока, уведзены ў навуковы дыскурс; паэмы XVII ст., створаныя на лацінскай мове, практычна не даследаваліся. Між тым лацінамоўная паэма храналагічна часцей за ўсё папярэднічала творам вялікай паэтычнай формы на нацыянальных мовах у медыевальных літаратурах большасці народаў Еўропы, у тым ліку і славянскіх, а значыць, стаяла ля вытокаў фарміравання ліра-эпічнай традыцыі. Таму комплекснае вывучэнне пытанняў, звязаных з генезісам і эвалюцыяй лацінамоўнай паэмы ў гісторыка-літаратурным кантэксце Беларусі, - надзённая задача сучаснага гістарычнага літаратуразнаўства.

Актуальнасць абранай навуковай тэмы вызначаецца тэарэтычнымі і практычнымі задачамі сучаснага гістарычнага (прынамсі антрапалагічнага) літаратуразнаўства, звязанымі з неабходнасцю асэнсавання тыпалогіі айчыннага ліра-эпасу на працягу ўсяго перыяду яго развіцця і абумоўлена тым фактам, што з лацінамоўнай паэмай XVI - першай паловы XVII ст. звязана зараджэнне і станаўленне ліра-эпасу ў беларускай літаратуры. Даследаванне, прысвечанае пытанням генезісу, гісторыка-эстэтычнай эвалюцыі, жанравай спецыфікі лацінамоўнага ліра-эпасу, а таксама праблеме пераемнасці ліра-эпічнай традыцыі дазволіць паглыбіць тэарэтычныя ўяўленні пра канкрэтныя механізмы рэцэпцыі ў айчынным пісьменстве той багатай культуры эпічнага вершавання, якая кансеквентна і бесперапынна складвалася ў агульнаеўрапейскім культурным кантынууме пачынаючы з часоў Антычнасці.

Антрапалагічны паварот як генеральны кірунак эвалюцыі сучаснай літаратуразнаўчай навукі выяўляе сваю мэтазгоднасць толькі ў выпадку пабудовы канцэптуальных высноў на грунце скрупулёзнага прачытання і цэласнага аналізу арыгінальных тэкстаў. Да гэтага часу вялікі корпус лацінамоўных твораў у навуковым дыскурсе Беларусі быў прадстаўлены, фактычна, перакладамі адзінкавых тэкстаў або іх фрагментаў. На сённяшні дзень існуе своеасаблівая храналагічная лакуна ў даследаваннях, прысвечаных творам новалацінскай паэзіі, у прыватнасці, помнікам ліра-эпасу: паэмы творцаў эпохі Рэнесансу суадносяцца выключна з антычнымі эпапеямі Гамера і Вергілія, што сведчыць пра адсутнасць цэласнага падыходу да вывучэння працэсу эвалюцыі ліра-эпасу як у еўрапейскім, так і ў нацыянальным літаратурным кантэксце. Крытэрыі адбору твораў у якасці матэрыялу даследавання канцэптуальна карэлююцца з навуковымі ўяўленнямі пра шматмоўнасць старажытнага пісьменства Беларусі, ролю элітарнасці і традыцыі ў працэсе літаратурнай эвалюцыі, сістэму нацыянальных архетыпаў, матыўную прастору нацыянальнай літаратуры (працы М. Дабрыніна, І. Жука, У. Кароткага, У. Конана, М. Тычыны, Т. Шамякінай). Прынятая за метадалагічны арыенцір канцэпцыя гетэрагеннасці літаратуры ВКЛ (Э. Чапляевіч, С. Кавалёў), якая дапаўняецца канцэпцыяй рэгіянальнасці (С. Станкевіч, Г. Тычко), не выключае магчымасці разгляду большасці прадстаўленых у дысертацыі твораў у кантэксце гісторыі даўняга пісьменства не толькі Беларусі, але таксама Літвы і Украіны.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ

літаратура паэтычный беларусь лацінамоўный

Сувязь работы з буйнымі праграмамі (праектамі) і тэмамі

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай фундаментальных даследаванняў па тэме «Беларуская мова і літаратура» ў рамках праекта «Героіка-патрыятычны эпас у беларускай паэзіі эпохі Рэнесансу: праблема фарміравання гуманістычных ідэалаў і маральных каштоўнасцяў асобы» (2006-2010 гг., нумар дзяржаўнай рэгістрацыі: 20061707). Праца над дысертацыйным даследаваннем была звязана з навукова-даследчымі тэмамі «Беларуская шматмоўная літаратура ў эстэтычных сістэмах: ад Сярэднявечча да рэалізму» (2006-2010) і «Станаўленне мастацкай традыцыі ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XI-XIX ст.» (2011-2015), якія выконваліся на кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ.

Мэта і задачы даследавання

Мэтай дысертацыйнага даследавання з'яўляецца фарміраванне цэласнай канцэпцыі развіцця лацінамоўнага ліра-эпасу ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі перыядаў Рэнесансу і ранняга Барока. У адпаведнасці з пастаўленай мэтай вырашаюцца наступныя асноўныя задачы:

1) вызначыць асноўныя этапы і генеральны накірунак гісторыка-эстэтычнай эвалюцыі лацінамоўнага ліра-эпасу ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпох Рэнесансу і Барока ў сувязі з еўрапейскай ліра-эпічнай традыцыяй (ад Антычнасці да Барока), а таксама шляхі далейшай рэцэпцыі гэтай традыцыі ў айчынным прыгожым пісьменстве;

2) усталяваць накірункі і шляхі эвалюцыі ўзорнага для антычнай паэзіі жанру гераічнай паэмы (carmen heroicum) у старабеларускай літаратуры, паказаць асноўныя вектары развіцця гераічнага ідэалу;

3) рэканструяваць жанравую сістэму лацінамоўнага ліра-эпасу Беларусі XVI - першай паловы XVII ст. на грунце вывучэння цэласнага корпусу лацінамоўных паэм, раскрыць іх ідэйна-мастацкую спецыфіку;

4) даць адэкватную ацэнку ролі лацінамоўнага пісьменства ў працэсе фарміравання і станаўлення ліра-эпічнай творчасці ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі XVІ - першай паловы XVII ст.;

5) абгрунтаваць у дачыненні да гісторыі беларускай літаратуры тэзіс пра бесперапыннасць ліра-эпічнай традыцыі, якая сфарміравалася на пачатку XVI ст., актыўна развівалася ў XVI - першай палове XVII ст., захоўвалася на працягу другой паловы XVII і ў XVIII ст., стварыўшы культурна-гістарычны грунт для далейшай эвалюцыі ліра-эпічнай творчасці ў літаратурным працэсе Беларусі XIX - пачатку ХХ ст.

Аб'ект даследавання - помнікі лацінамоўнага ліра-эпасу ў полілінгвістычнай паэзіі Беларусі XVI - першай паловы XVII ст. Прадмет даследавання - спецыфіка і накірункі рэцэпцыі традыцый антычнага гераічнага эпасу і кніжнага ліра-эпасу краін сярэднявечнай Еўропы ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі XVI - першай паловы XVII ст.; наватарства эстэтычнай праграмы лацінамоўных паэтаў-эпікаў Беларусі; роля лацінамоўнага ліра-эпасу як герменеўтычнага патэнцыялу нацыянальнай культуры і пачатковага этапа ў фарміраванні ліра-эпічнай традыцыі.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Паэма як асноўны жанр ліра-эпасу прадстаўлена ў беларускай літаратуры XVI-XVII ст. шматлікімі лацінамоўнымі творамі. Пачатак фарміравання ліра-эпічнай (у тым ліку героіка-эпічнай) традыцыі ў гісторыі айчыннага пісьменства адносіцца да эпохі Рэнесансу і звязаны з паэтычнай творчасцю Яна Вісліцкага і Мікалая Гусоўскага. Генезіс і эвалюцыя лацінамоўнага ліра-эпасу ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі XVI - першай паловы XVII ст. з'яўляецца часткай агульнаеўрапейскага літаратурнага працэсу, што дэтэрмінуецца асобай роляй лацінскай мовы і лацінамоўнай пісьмовай культуры (Latinitas) у еўрапейскім культурным кантынууме. Пры гэтым Latinitas у пісьмовай культуры Беларусі, узнікшы на спецыфічным сацыяльна-фенаменалагічным грунце (паданне пра Палямона, адукацыйныя прыярытэты, актыўнасць міжнародных кантактаў), мела істотныя адрозненні ў параўнанні з літаратурамі замежных краін, што непасрэдным чынам адбілася на спецыфіцы эстэтычнай праграмы айчынных паэтаў-эпікаў. Яе рэалізацыя была звязана з акцэнтаваннем адметнасці ўласнага творчага «ego» ў параўнанні з мастацкай аўтапсіяй як прызнаных літаратурных аўтарытэтаў даўніх часоў, так і паэтаў-сучаснікаў.

2. Carmina heroica ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі эпох Рэнесансу і Барока ствараліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі класічных паэтык, якія вызначалі канстытутыўныя прыярытэты эпапеі (argumentum, invocatio, gesta regum ducumque, heros perfectus). Пры гэтым сarmen heroicum у лацінамоўнай паэзіі Беларусі прадстаўлены ў дзвюх асноўных разнавіднасцях: гістарычная паэма і агіяграфічная паэма. Канкрэтныя аўтары, свядома і экспліцытна арыентуючыся ў цэлым на эпічны дыскурс антычнай літаратуры, у працэсе ўласнай герменеўтычнай мастацкай практыкі прапаноўвалі разнастайныя спосабы мадэрнізацыі аднаго ці некалькіх элементаў эпічнай парадыгмы ў адпаведнасці з індывідуальнай эстэтычнай праграмай. Ян Вісліцкі, абапіраючыся на кніжныя і фальклорныя крыніцы, стварае ў «Прускай вайне» праз прызму рэтраспекцыі мастацкае ўяўленне пра ўнікальнасць гістарычнага шляху народаў, аб'яднаных уладай Ягелонаў. «Радзівіліяда» Яна Радвана выразна эксплікуе аксіялагічны прыярытэт айчыннай гісторыі як тэматычны грунт carminis heroici. У «Караламахіі» Хрыстафора Завішы рэнесансны культ «усемагутнага чалавека» карэктуецца ў адпаведнасці з задачамі хрысціянскага выхавання. Героі агіяграфічных паэм Мікалая Гусоўскага, Яна Крайкоўскага і Язафата Ісаковіча выступаюць духоўнымі рэпрэзентантамі дзяржавы ў сусветным маштабе, падкрэсліваецца дзяржаўна-патрыятычнае значэнне іх культу. У цэлым мастацкая фактура твораў, прыналежных да жанру гераічнай паэмы, выяўляе ўзмацненне лірычна-суб'ектыўнага пачатку, што і дазваляе ідэнтыфікаваць іх як помнікі ліра-эпасу.

3. Жанравая сістэма лацінамоўнага ліра-эпасу ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі XVI - першай паловы XVII ст. склалася як вынік паслядоўнага працэсу творчай рэцэпцыі айчыннымі аўтарамі жанравых форм класічнай (антычнай) паэзіі, засвоеных у працэсе шматузроўневых літаратурных кантактаў: carmen heroicum, элегія, эпінікій, сільва (эпілій), hodoeporicon. Гэтая сістэма адрознівалася ўніверсалізмам, хаця магла дэтэрмінавацца актуальнымі тэндэнцыямі літаратурнага жыцця ВКЛ і была адкрытай для нацыянальна абумоўленых інавацый, у першую чаргу змястоўнага характару. Так, «Пруская вайна» Яна Вісліцкага вырашана як гісторыка-панегірычны, або дынастычны, эпас. «Панегірык на ўзяцце Полацка» Базыля Гіяцынта - першы ў айчынным пісьменстве свядома дэклараваны аўтарам узор панегірычнай паэмы. Створаная паводле мадэлі класічнай эпапеі «Радзівіліяда» Яна Радвана мае выразныя прыкметы этыялагічнага і панегірычнага эпасу. «Караламахія» Хрыстафора Завішы набліжаецца паводле сваёй мастацкай фактуры да драматычнай паэмы. Найбольш яркі ўзор жанравага сінкрэтызму ўяўляе сабой «Песня пра зубра» Мікалая Гусоўскага.

4. Актыўная запатрабаванасць вялікіх паэтычных форм у літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу стала грунтам фарміравання тэндэнцыі да эпізацыі паэтычнага аповеду, якая праяўлялася як на метрычным, так і на вобразна-кампазіцыйным узроўнях. З канца XVI ст., на фоне развіцця тэндэнцый этыялагізму і этнаграфізму ў літаратуры, узмацнення яе суб'ектыўнага пачатку і эксплікацыі патрыятычнага пафасу ў паэтычных творах тэндэнцыя да эпізацыі вылілася ў эпічную дамінанту развіцця старажытнай паэзіі Беларусі.

5. Фарміраванне ліра-эпічнай традыцыі ў беларускай літаратуры - паступальны і цэласны працэс. Мастацкія здабыткі аўтараў лацінамоўных паэм, якія адносяцца да кантэксту прыгожага пісьменства Беларусі XVI - першай паловы XVII ст., непасрэдна або апасродкавана засвойваліся айчыннымі паэтамі другой паловы XVII, XVIII i XIX ст. На ўсіх этапах эстэтычнай рэцэпцыі лацінамоўных твораў вялікай паэтычнай формы, напісаных як замежнымі, так і мясцовымі аўтарамі, у старажытнай пісьмовай культуры Беларусі склалася непарыўная традыцыя ліра-эпічнага вершавання, якая стварыла адпаведны гісторыка-культуры грунт для далейшага натуральнага развіцця гэтай традыцыі ў новай беларускай літаратуры.

Асабісты ўклад суіскальніка

Дысертацыя ўяўляе сабой самастойнае навуковае даследаванне. Манаграфіі, артыкулы і матэрыялы канферэнцый, апублікаваныя па тэме дысертацыйнай работы, напісаны без сааўтараў і адлюстроўваюць асабісты ўклад суіскальніка ў вывучэнне гісторыі беларускай літаратуры XVI-XVII ст. Пераклады з лацінскай мовы ліра-эпічных твораў і іх каменціраванне выконваліся суіскальнікам без сааўтараў. У працэсе падрыхтоўкі вучэбна-метадычных дапаможнікаў па лацінскай мове ў сааўтарстве з Т. В. Федасеевай [100; 101] рэдпадрыхтоўка арыгінальных або адаптаваных фрагментаў новалацінскіх тэкстаў, а таксама іх каменціраванне ажыццяўляліся аўтарам дысертацыі.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі ажыццяўлялася на наступных навуковых канферэнцыях: ІІ Міжнародны кангрэс «Беларускае Асветніцтва: вопыт тысячагоддзя» (Мінск, 17-19 мая 2000 г.); рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Узаемадзеянне літаратур у сусветным літаратурным працэсе» (Гродна, 3-5 октября 2000 г.); V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (Мінск, 16-18 кастрычніка 2001 г.); навуковая канферэнцыя, прысвечаная 80-годдзю БДУ «Філалагічныя навукі: Маладыя вучоныя ў пошуку» (Мінск, 20 красавіка 2001 г.); рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Актуальныя праблемы даследавання мовы і маўлення» (Мінск, кастрычнік 2001 г.); ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Пісьменнік - мова - стыль» (Мінск, 15-16 лістапада 2001 г.); Міжнародная канферэнцыя «V Поспеловские чтения - 2001: Сравнительное изучение литератур: теоретические аспекты» (Масква, 21-22 снежня 2001 г.); ІІІ Міжнародная канферэнцыя «Глобализация современного литературного пространства и литературный процесс. Художественные модели мира» (Санкт-Пецярбург, 28-29 сакавіка 2002 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці» (Гайнаўка - Белавежа, 21-23 чэрвеня 2002 г.); Міжнародны сімпозіум «Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі» (Мінск, 9-10 ліпеня 2002 г.); ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова - літаратура - культура» (Мінск, 27-28 верасня 2002 г.); Міжнародная канферэнцыя «Славянские литературы в контексте истории мировой литературы (преподавание, изучение)» (Масква, 22-23 кастрычніка 2002 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Чалавек перад абліччам вайны, рэвалюцыі і тэрору ў святле літаратурных і паралітаратурных, гістарычных і сучасных дакументаў» (Люблін, 18-20 лістапада 2002 г.); навуковая канферэнцыя «Філалагічныя навукі: Маладыя вучоныя ў пошуку: Матэрыялы навуковай канферэнцыі» (Мінск, 25 красавіка 2003 г.); VI Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія літаратуры ў сусветным кантэксце» (Мінск, 8-10 кастрычніка 2003); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы» (Масква, 21-22 кастрычніка 2003); круглы стол філолагаў-класікаў і медыявістаў памяці Віктара Дарашкевіча (Мінск, ЕГУ, 11 чэрвеня 2004 г.); ІІІ рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Беларусь у сучасным свеце» (Мінск, 28-29 кастрычніка 2004 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова, грамадства і праблемы міжкультурнай камунікацыі» (Гродна, 23-24 лістапада 2004 г.); IV Міжнародны кангрэс беларусістаў «Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін» (Мінск, 6-9 чэрвеня 2005 г.); III Міжнародная навуковая канферэнцыя «Пісьменнік - мова - стыль» (Мінск, 29-30 верасня 2005 г.); VII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (Мінск, 12-14 кастрычніка 2005 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «The relations between writings and literature: the experience od the Grand Duchy of Lithuania» (Вільнюс, 20-21 кастрычніка 2005 г.); міжнародная навуковая канферэнцыя «Канцэпцыя УЛБ (Украіна, Літва, Беларусь) ад ідэі да рэалізацыі: Да 100-годдзя з дня нараджэння Ежы Гедройца» (Мінск, 8-10 чэрвеня 2006 г.); V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова - літаратура - культура» (Мінск, 16-17 лістапада 2006 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Леў Сапега і беларуская культура» (Гродна, 4-5 красавіка 2007 г.); Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы з гістарычнай мінуўшчыны і сучаснасці ў грамадска-гуманітарных і сацыярэлігіязнаўчых навуках Беларусі, бліжняга і далёкага замежжа» (Віцебск, 19-20 красавіка 2007 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Феномен пагранічча: польская, украінская і беларуская літаратура - уплывы і ўзаемаўзбагачэнне» (Люблін, 17-18 кастрычніка 2007 г.); VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (Мінск, 1-3 лістапада 2007 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Актуальныя праблемы сучаснай паланістыкі» (Мінск, 23 мая 2008 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуска-яўрэйскі дыялог у кантэсце сусветнай культуры» (Мінск, 28-30 красавіка 2008 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Класична філологія на сучасному етапі» (Львоў, 7-8 лютага 2008 г.); XVII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова і культура» імя праф. С. Бурагі (Кіеў, 23-27 чэрвеня 2008 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Польска-беларускія культурныя, літаратурныя і моўныя сувязі» (Люблін, 26-27 чэрвеня 2008 г.); V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Моўная, культурная і пісьмовая традыцыя ВКЛ» (Вільнюс - Сейны, 12-14 лістапада 2008 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Рэцэпцыя навуковай спадчыны акадэміка М. Я. Каліновіча ў сучаснай філалогіі” (Кіеў, 17 сакавіка 2009 г.); ІХ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (Мінск, 15-17 кастрычніка 2009 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Культурная спадчына Вялікага Княства Літоўскага: да 440-годдзя Люблінскай уніі» (Люблін, 25-26 чэрвеня 2009 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Классическая филология в контексте мировой культуры» (Масква, 10-11 лістапада 2009 г.); Міжнародны навуковы кангрэс стыпендыятаў фонда імя Аляксандра фон Гумбальдта (Эсэн, 28-30 красавіка 2010 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Нябесныя апекуны, зямныя мецэнаты» (Вільнюс, 13 мая 2010 г.); V Міжнародны кангрэс беларусістаў (Мінск, 20-21 мая 2010 г.); Міжнародны навуковы кангрэс «Integrating science and technology for sustainable energy development as basis for secure future SSF-2010» (Мінск, 3-6 чэрвеня 2010 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Грунвальд - Танэнберг - Жальгірыс 1410 - 2010. Гісторыя - традыцыя - палітыка» (Мальбарк - Кракаў, 20-24 верасня 2010 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Судьбы славянства і эхо Грюнвальда: выбор пути русскими землями и народами Восточной Европы в Средние века и раннее Новое время (к 600-летию битвы при Грюнвальде / Танненберге)» (Санкт-Пецярбург, 22-24 кастрычніка 2010 г.); рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Беларуская пісьмовая спадчына ў кантэксце еўрапейскага культурна-гістарычнага працэсу XI-XIX стагоддзяў: вытокі, традыцыі, уплывы» (Мінск, 24 мая 2010 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Антычная культура і славянскі свет (VII Супруноўскія чытанні)» (Мінск, 27 кастрычніка 2010 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя да 80-годдзя з дня нараджэння С. У. Сямчынскага (Кіеў, 19-20 мая 2011 г.); Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Роля асветнікаў у Беларусі і Турцыі» (Мінск, 19 красавіка 2011 г.); XX Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуска-польскія літаратурныя, моўныя і гістарычныя сувязі» (Мінск, 28-29 чэрвеня 2011 г.); Міжнародны кангрэс «The impact of Latin heritage on the development of identities in the lands of the Polish Crown and the Grand Duchy of Lithuania: History, Language, Literature, modeling patterns of culture and mentality» (Фларэнцыя, 28-30 сакавіка 2012 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская і руская літаратуры: тыпалогія ўзаемасувязей і нацыянальнай ідэнтыфікацыі» (Мінск, 18-19 красавіка 2012 г.).

Асноўныя палажэнні дысертацыі абмяркоўваліся на пасяджэннях кафедры тэорыі літаратуры БДУ. Даследчыцкія метады, тэарэтычныя палажэнні і практычныя матэрыялы дысертацыі апрабіраваліся пры распрацоўцы тэарэтычных, практычных і спецыялізаваных курсаў для студэнтаў спецыяльнасцяў «Беларуская філалогія», «Класічная філалогія» (філалагічны факультэт), «Сучасныя замежныя мовы» і «Культуралогія» (факультэт міжнародных адносін) БДУ, а таксама ў публікацыях па тэме дысертацыі.

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Асноўныя палажэнні і вынікі дысертацыйнага даследавання знайшлі адлюстраванне ў 101 публікацыі, сярод якіх 2 манаграфіі (500 старонак, 29,3 аўт. арк.), 23 артыкулы ў рэцэнзаваных выданнях (15,3 аўт. арк.), сярод якіх 8 замежных (7,9 аўт. арк.), 32 артыкулы ў навуковых і літаратурна-мастацкіх выданнях (15,6 аўт. арк.), сярод якіх 4 замежных (2,2 аўт. арк.), 28 матэрыялаў канферэнцый (5,5 аўт. арк.), сярод якіх 6 (1,1 аўт. арк.) - у замежных выданнях, навуковыя каментарыі да лацінамоўных тэкстаў і іх перакладаў (1,8 аўт. арк.). Агульны аб'ём апублікаваных матэрыялаў складае 67,4 аўтарскіх аркушаў.

Структура і аб'ём дысертацыі

Структура дысертацыі адпавядае мэце паказаць генезіс і эвалюцыю лацінамоўнага ліра-эпасу ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі XVI - першай паловы XVII ст., вызначыць ступень яго сувязі з агульнаеўрапейскім літаратурным працэсам і з асаблівасцямі развіцця айчыннага прыгожага пісьменства ў названы перыяд. Разглядаецца таксама праблема эвалюцыі поглядаў на паэму ад антычнасці да сучаснасці, пытанне пра дынаміку жанравай структуры лацінамоўнага ліра-эпасу. Робіцца кароткі агляд далейшай рэцэпцыі ліра-эпічнай традыцыі, сфарміраванай у лацінамоўнай паэзіі Беларусі эпох Рэнесансу і ранняга Барока, яе ўплыў на творчасць «прадвеснікаў» беларускага нацыянальнага адраджэння.

Дысертацыйнае даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі работы, шасці главаў з высновамі, заключэння, спісу выкарыстаных крыніц (476 найменняў), спісу публікацый саіскальніка (101 найменне). Агульны аб'ём дысертацыі - 256 старонак; асноўны тэкст займае 202 старонкі, спіс літаратуры - 54 старонкі.

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ РАБОТЫ

Першая глава «Станаўленне і ідэйна-эстэтычнае развіццё лацінамоўнага ліра-эпасу: тэарэтычны аспект» прысвечаны разгляду пытанняў тэрміналагічнага і жанравага дыскурсу ў дачыненні да лацінамоўнай паэмы ад Антычнасці да Барока ў еўрапейскім кантэксце літаратурнай эвалюцыі. У раздзеле 1.1 «Carmina majora: праблема размежавання тэрміналагічнага поля» акцэнтуецца адрознасць навуковых уяўленняў пра паэтычныя жанры, якія склаліся ў антычны перыяд, ад тых, якія прэзентуе сучасная літаратурная тэорыя. Шматмоўнае прыгожае пісьменства Беларусі XVI - першай паловы XVII ст. прадстаўлена значнай колькасцю твораў вялікай паэтычнай формы, да якіх у еўрапейскай літаратуразнаўчай традыцыі ўжываецца дэфініцыя «carmina majora» («творы вялікай паэтычнай формы»). Іх мастацкая фактура выяўляе цесную сувязь з антычнасцю, але ў межах гэтых твораў выспявалі новыя мастацкія тэндэнцыі. Магчыма, з гэтай прычыны ў сучасных літаратуразнаўчых даследаваннях carmina majora эпохі Рэнесансу і Барока займаюць «сярэдзіннае» становішча паміж тэрмінамі «эпас», «эпапея», з аднаго боку, і «паэма» - з другога. Гэта спрычынілася да своеасаблівага тэрміналагічнага эклектызму ў навуковых працах, дзе для іх жанравай ідэнтыфікацыі, прычым без належнага тэарэтычнага абгрунтавання, ужываюцца тэрміны «гістарычная эпіка», «гераічная эпіка», «рыцарская эпіка», «гераічная паэзія», «эпічная лацінамоўная паэзія», «героіка-эпічная паэзія» і інш.

Выбар метадалогіі даследавання дэтэрмінуецца ў першую чаргу мастацкай спецыфікай адпаведных літаратурных эпох - Рэнесансу і Барока, якія былі звязаны з першаснай задачай мастацкага ўвасаблення чалавечай асобы. У сістэме ж эстэтычных спектраў літаратуры (паводле схемы А. Андрэева Гл.: Андреев, А.Н. Целостный анализ литературного произведения : учеб. пособие для студентов вузов / А.Н. Андреев. - Минск : НМЦентр, 1995. - С. 14.) цэнтральнае становішча займае героіка. Аснову метадалагічнай базы даследавання складаюць працы С. Аверынцава, А. Андрэева, М. Вебера Х. Гофмана, В. Дарашкевіча, С. Кавалёва, Н. Капысцянскай, У. Кароткага, Д. Ліхачова, С. Нарбутаса, К. Польман, В. Рагойшы, І. Саверчанкі, Н. Тамарчанкі, Э. Ульчынайтэ, В. Халізева, Ё. Хейзінгі, І. Штэйнера і інш. У працэсе даследавання выкарыстоўваецца гісторыка-кантэкстуальны метад для вывучэння культурных з'яў далёкай мінуўшчыны, а таксама асноўныя палажэнні параўнальна-гістарычнага метаду. Дынамічнае разуменне паняцця жанра ў літаратурнай тэорыі дае грунт для выкарыстання ў межах дадзенай працы рэцэптыўна-эстэтычнай методыкі, агульную ўстаноўку на якую сфармуляваў яшчэ ў пачатку ХХ ст. І. Франко, а пазней канцэптуальна распрацаваў Г. Р. Яўс. Закладзенае ў аснову гэтай методыкі адмаўленне ад эмпірыкі пазітывісцкай школы, ад імкнення прадставіць гісторыю літаратуры як шэраг лакалізаваных у часе і прасторы шэдэўраў, устаноўка на вывучэнне мастацкіх твораў з пазіцыі не толькі крытыка, але і чытача дазваляе найбольш поўна прадставіць рэальную панараму развіцця лацінамоўнага ліра-эпасу ў старажытнай беларускай літаратуры. У дысертацыйным даследаванні працэс жанравай эвалюцыі carminum majorum разглядаецца ў чатырох сінхранічных зрэзах: першы - 10-я - 30-я гг. , другі - 40-я - 60-я гг., трэці - 80-я - 90-я гг. XVI ст., чацвёрты - першая трэць XVII ст. Гэта дазваляе высветліць спецыфіку функцыянавання твораў вялікай паэтычнай формы ў межах дзвюх вызначальных для гісторыі беларускай літаратуры і культуры эпох - Рэнесансу і Барока.

У старажытных паэтыках ад Антычнасці да Барока ў адносінах да буйнога паэтычнага твора прымяняліся тэрміны «эпас» (›poj, epos) або «эпапея» (™popoi…a, epopoeia). У раздзеле вывучаецца змястоўнае напаўненне гэтых тэрмінаў у паэтыках Арыстоцеля, Гарацыя, Дыямеда Граматыка, Іаана Гарландскага, Валянціна Экія, Франчэска Рабартэлы, Якуба Пантана, Юлія Цэзара Скалігера і іншых. Асаблівая ўвага звяртаецца на трактат «De perfecta poesi, sive Vergilius et Homerus» («Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер») Мацея Казіміра Сарбеўскага, які, працуючы ў Крожах, Вільні і Полацку, не мог не пазнаёміцца са шматлікімі ўзорамі лацінамоўнага ліра-эпасу паэтаў ВКЛ. У названым трактаце вучоны сфармуляваў асноўныя правілы стварэння эпапеі, якія ўжо замацаваліся ў папярэднім паэтычным дыскурсе.

З сярэдзіны XVIII ст. фарміруецца традыцыя супрацьпастаўлення эпапеі і рамана, што прыводзіць да тэрміналагічнага зруху: ужывання тэрмінаў «эпас» і «эпапея» пераважна ў дачыненні да празаічных твораў або помнікаў вуснай народнай творчасці. Выправіць названы перакос, які сфарміраваўся ў працах тэарэтыкаў эпохі рамантызму і некаторых мысляроў пачатку XIX ст. (напр., В. Бялінскага), магчыма шляхам тэрміналагічнай лакалізацыі старажытнай кніжнай паэмы ў межах ліра-эпасу. Аналіз вялікага корпусу лацінамоўных паэм у літаратуры Беларусі XVI - першай паловы XVII стст. дазваляе зрабіць выснову, што наяўнасць у іх лірычна-суб'ектыўнага пачатку - не спантанна прадстаўленая рыса (як, прыкладам, сцэна развітання Гектара з Андрамахай у Гамера), а канстытутыўная жанравая характарыстыка. Яна сведчыць пра эвалюцыйнае змяненне антычнага эпічнага канона. Тым не менш, стрыжнёвая жанравая прыкмета эпасу - аб'ектыўнае ўзнаўленне знешняй у адносінах да аўтара рэчаіснасці - заўсёды выходзіць у паэмах названага перыяду на першы план і вызначае іх эпічную прыроду. На гэтай падставе, прызнаючы, следам за В. Рагойшам, што ў эпічных паэмах (або эпапеях) «пэўная ліра-эпічная раўнавага можа парушацца і на карысць эпасу» Рагойша, В.П. Паэтычны слоўнік / Вячаслаў Рагойша. - 3-е выд., дапрац. і дапоўн. - Мінск : Бел. навука, 2004. - С. 493., мы разглядаем лацінамоўныя паэмы эпох Рэнесансу і ранняга Барока (у тым ліку carmina heroica) у межах пераходнага ліра-эпічнага віду.

У раздзеле 1.2 «Жанравая эвалюцыя лацінамоўнай кніжнай паэмы ад антычнасці да Барока: еўрапейскі гісторыка-літаратурны кантэкст» робіцца кароткі агляд гісторыі лацінамоўнай паэмы ў кантэксце літаратурнага развіцця Еўропы, пачынаючы з «Энеіды». У познеантычным эпасе больш выразна праяўляецца панегірычная накіраванасць, рысы дэкламацыйнага стылю. У гэты час узнікаюць шматлікія паэтычныя пералажэнні празаічных тэкстаў, у тым ліку біблейскіх, на грунце чаго фарміруецца жанр біблейскага эпасу. На фоне пошукаў новых эпічных форм класічная эпапея вергіліеўскага тыпу ніколі не пакідала еўрапейскую літаратуру. Так, у паэзіі аўтараў «каралінгскага адраджэння» бярэ пачатак своеасаблівая сярэднявечная мода на стварэнне эпічных паэм вялікага памеру - па некалькі тысяч гекзаметраў, у якіх адлюстроўваліся падзеі гераічнай сучаснасці. З'яўленне народных эпічных твораў на нацыянальных мовах (напрыклад, «Беавульф» або «Песня пра Раланда») не азначала заняпаду класічнай эпапеі вергіліеўскага тыпу. Новыя тэндэнцыі ў развіцці эпічнай паэзіі на ўсім гістарычным шляху развіваліся паралельна з працягам традыцый кніжнага паэтычнага эпасу. Гэта падмацоўвалася асаблівым культурна-сацыяльным статусам латыні, якая была не толькі моваю адукацыі і навукі, але таксама істотным кампанентам «хрысціянскага поля цывілізацыі» (У. Конан). У сферы апрацоўкі тых сюжэтаў, якія найбольш адпавядалі «гарызонту чаканняў» (Г. Р. Яўс) сярэднявечнага чытача, даволі паслядоўна назіраецца «паралельнасць» у рэцэпцыі гэтых сюжэтаў труверамі ды мінезінгерамі, з аднаго боку, і вучонымі лацінскімі паэтамі - з другога. Так, гісторыя жыцця і подзвігаў Аляксандра Македонскага стала сюжэтнай асновай не толькі рыцарскага рамана «Александрыя», але і лацінамоўнай эпапеі Вальтэра Шацільёнскага «Alexandreis» («Александрэіда»).

З сярэдзіны XV ст. значнае пашырэнне атрымаў гісторыка-панегірычны эпас - вершаваныя творы, прысвечаныя прадстаўнікам правячых дынастый Еўропы. Некалькі такіх паэм з аднолькавай назвай - «Аўстрыяда» - былі напісаны ў XVI ст. у гонар Габсбургаў. Надзвычай запатрабаванай у новалацінскай эпічнай паэзіі эпохі Рэнесансу была свяшчэнная гісторыя хрысціянства. Так, шэраг вядомых біблейскіх сюжэтаў паклаў у аснову гераічнага эпасу «Davidias» («Давідзіяда») харвацкі паэт Марка Маруліч.

У мастацтве Барока гераічнае, як і іншыя эстэтычныя катэгорыі, пачынаюць вывучацца на памежжы дзвюх бясконцых прастораў - сусвету і мікракосмасу чалавечай асобы, а таксама на грані канечнага часу і вечнасці. Больш выразнай становіцца этыялагічная накіраванасць гераічнага эпасу: І. Сукцэрвіцый (аўтар «Данеіды»), С. Кляновіч (аўтар «Раксаланіі»), Я. Бакацый (аўтар «Венгрыяды») адкрывалі чытачам малавядомыя краіны. У эпоху Барока, як і ў часы Рэнесансу, гераічная паэма напаўняецца актуальнымі падзеямі гісторыі, у тым ліку і славянскай. Шляхам вывучэння ўзораў лацінскай эпічнай паэзіі ўдасканальвалі сваё майстэрства стваральнікі паэтычных эпапей на нацыянальных мовах: Тарквата Таса, Луіз ваз дэ Камоэнс, П'ер дэ Рансар, Джон Мілтан.

Зроблены гісторыка-тэрміналагічны і гісторыка-літаратурны экскурс дазволіў прыйсці да высновы, што лацінамоўную паэму ў старабеларускай літаратуры мэтазгодна разглядаць не ў межах эпасу як паэтычнага роду, а ў межах ліра-эпасу. Гэта магчыма, у першую чаргу, з пункту гледжання семантычнага напаўнення самога паняцця «ліра-эпас»: яно аказваецца шырэйшым у параўнанні з першым. Ужыванне ж тэрмінаў «гераічны эпас», «эпапея» і «гераічная эпіка» ў вузкім (відавым) значэнні апраўдана толькі ў якасці варыянтаў намінацыі канкрэтнай жанравай разнавіднасці - гераічнай паэмы. Мастацкая фактура лацінамоўных carminum majorum у шматмоўнай літаратуры Беларусі XVI - першай паловы XVII стст., як і ў літаратуры іншых краін гэтага ж перыяду, выяўляе цесную сувязь з антычнасцю (з прадпісаннямі класічных паэтык Арыстоцеля і Гарацыя). Разам з тым, у межах новалацінскіх ліра-эпічных твораў выспявалі актуальныя мастацкія тэндэнцыі, якія, з аднаго боку, дэтэрмінаваліся ўплывам паэтычных тэорый новага часу, з другога боку, самі станавіліся фактарам фарміравання адпаведных накірункаў эвалюцыі тэарэтычных поглядаў.

Другая глава «Пачаткі паэтычнага ліра-эпасу ў літаратуры Беларусі перыяду ранняга Рэнесансу» прысвечаны ліра-эпічнай творчасці Яна Вісліцкага і Мікалая Гусоўскага. У раздзеле 2.1 «Канцэпцыя дзяржаўнага патрыятызму ў «Прускай вайне» Яна Вісліцкага» разглядаецца шырокае кола пытанняў, што датычаць гісторыі стварэння, лакалізацыі ў беларускай культурнай прасторы, перакладаў і навуковай адаптацыі паэмы Яна Вісліцкага «Bellum Prutenum» («Пруская вайна»). Вывучэнне гісторыка-літаратурнага кантэкста, у якім стваралася паэма, а таксама аналіз сюжэтна-кампазіцыйных і вобразных прыярытэтаў твора дазваляюць ідэнтыфікаваць яго як гераічную эпапею, у якой услаўленне правячай дынастыі - Ягелонаў - спалучаецца з фармулёўкай патрыятычнай канцэпцыі гісторыі ВКЛ. Паказваецца тыпалагічная сувязь «Прускай вайны» з паэмай Р. Барталіні «Аўстрыяда» (1516), прысвечанай імператарау Максіміліяну Габсбургу, пры гэтым адзначаецца арыгінальнасць ідэйна-мастацкай задумы Яна Вісліцкага. Традыцыйная ў антычных паэтаў апеляцыя да Музаў лагічна замяняецца ў паэта-хрысціяніна малітваю да Панны Марыі, што магло быць звязана як з эстэтычнымі прыярытэтамі самога аўтара (у творчасці якога паэтычная марыялогія займае важнае месца), так і з яго жаданнем нават адзін з кампазіцыйных элементаў гераічнага эпасу зрабіць сродкам дэкларацыі патрыятызму (праз асацыятыўную паралель з грунвальдскай песняй «Багародзіца Дзявіца», якая служыла ваенна-патрыятычным гімнам ратнікаў пад Грунвальдам).

Незвычайны фінал першай кнігі (нечаканы сюжэтны пераход ад Леха, Крака і Ванды да Ягайлы) служыць адмысловым мастацкім сродкам увасаблення актуальнай для грамадзянскага светасузірання еўрапейскіх народаў ідэі пераносу ўлады (translatio imperii). На пачатку другой кнігі паэмы Ян Вісліцкі ўпершыню ў еўрапейскай паэзіі прадставіў мастацкую прэзентацыю ВКЛ, якая пазней будзе паўтарацца ў іншых паэтаў, робячыся паступова мастацкім топасам (locus communis) у творах Мікалая Гусоўскага, Яна Радвана, Францішка Князьніна, а пазней і ў паэтаў XIX ст. - Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлі. Этнічны склад ВКЛ паэт абмяжоўвае трыма народамі - «белымі русінамі», «намадамі» (татарамі) і «масагетамі» (жмудзінамі) [Bellum II, 18-22] Спасылкі на творы новалацінскай паэзіі, якія былі навукова перавыдадзены ў новы час, робяцца ў адпаведнасці з традыцыямі класічнай філалогіі (з пазначэннем скарочанай назвы твора і нумару паэтычнага радка). Пералік умоўных скарачэнняў прыводзіцца ў тэксце дысертацыі.. Такім чынам ён паказвае ВКЛ як частку зямнога сусвету (orbis terrarum) і, падобна старажытнаўсходнеславянскім летапісцам, быццам бы абходзіць гэтую дзяржаву па яе межах.

У аснове паэтычнай палітры «Прускай вайны» - літаратурныя і вусныя паданні пра вайну з тэўтонцамі. У адпаведнасці з народнымі ўяўленнямі (адлюстраванымі ў фальклорных помніках) Ян Вісліцкі функцыянальна разводзіць двух валадароў, якія стаялі на чале саюзных войскаў. Ягайла ў «Прускай вайне» - rex divus (Боскі кароль), dux pacis (правадыр міру), натхняльнік войска; Вітаўт - dux belli (правадыр вайны). Менавіта Ягайла паслядоўна прадстаўляецца як эпічны heros perfectus (дасканалы герой), сілу і мудрасць якога дапаўняе яго pietas (набожнасць). Каб асобна праславіць шматлікія цноты свайго героя, паэт завяршае другую кнігу панегірыкам-«славай» яму, прыбягаючы да арыгінальнага ў мастацтве ранняга Рэнесансу прыёму «не-супастаўлення» з вядомымі героямі антычнасці. У трэцяй кнізе паэмы Ян Вісліцкі ўславіў каралеву Соф'ю Гальшанскую, выключная мудрасць і прыгажосць якой адпавядаюць эпічнай велічнасці галоўнага героя - Ягайлы.

У межах традыцыйнай жанравай формы carmen heroicum Ян Вісліцкі прапанаваў арыгінальнае вырашэнне гераічнай тэмы. Абапіраючыся на фальклорныя і кніжныя крыніцы, аўтар стварыў уласную паэтычную аксіялогію, звязаную з ацэнкай гістарычнага значэння Грунвальдскай бітвы, сфарміраваўшы шляхам гістарычнай рэтраспекцыі мастацкае ўяўленне пра ўнікальнасць гістарычнага шляху Айчыны.

У раздзеле 2.2 «Ліра-эпічная творчасць Мікалая Гусоўскага: эстэтычная праграма, індывідуальнае майстэрства» разглядаюцца ўсе вядомыя ліра-эпічныя творы Мікалая Гусоўскага. Найбольш дэталёва аналізуецца паэма «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго», 1523; далей - «Песня пра зубра»): вывучаецца творчая гісторыя, ідэйна-мастацкая спецыфіка твора, працэс яго асваення ў навуковай і культурнай прасторы Беларусі, пытанне пра час стварэння паэмы. Усё гэта дазваляе даць адэкватную жанравую характарыстыку твору, вызначыць асноўныя пункты сфармуляванай у «Песні пра зубра» эстэтычнай праграмы аўтара. У яе межах найвышэйшую аксіялагічную каштоўнасць набывае чалавек-Творца: паэт эксплікуе і аргументуе ўяўленне пра прыярытэт інтэлектуальнага патэнцыялу ў працэсе развіцця грамадства. Гэтая ідэя ўвасабляецца паэтам у кантэксце апазіцыі, выразна сфармуляванай у творчасці старажытнарымскіх аўтараў (Авідзія, Тыбула, Плінія Старшага і інш.): otia (вольны час) - labor (цяжкая праца). Слова otiа паэт ужывае, супрацьпастаўляючы паэтычныя заняткі паляванню (апошняе для яго - labor) [Carmen, 96], прычым ужывае ў гуманістычным яго разуменні, засвоеным паэтамі эпохі Рэнесансу з твораў іх куміра Цыцэрона. Гэта не проста `адпачынак, вольны час' - гэта прынцыповая пазіцыя мастака, яго інтравертаванасць, сканцэнтраванасць на ўласным унутраным свеце.

Паэма пачынаецца з супрацьпастаўлення маркіраваных падзей - відовішча бою быкоў і зубрыных ловаў; адсюль у паэме пачынаецца больш шырокае супрацьпастаўленне дзвюх цывілізацый - заходняй і ўсходняй. Паляўнічыя абразкі ў «Песні пра зубра» не толькі пластычна перадаюць жывасць і каларыт ловаў у беларускіх пушчах, - яны нясуць у сабе глыбокі ўнутраны падтэкст. На мікраўзроўні (у шматлікіх адступленнях) паэт фармулюе надзённыя праблемы палітычнага жыцця ў Еўропе, якія непасрэдным чынам тычацца лёсу яго народа. Тым часам на макраўзроўні, праз вобраз-сімвал зубра расстаўляюцца вартасныя акцэнты, звязаныя з адэкватнай ацэнкай культурнага і гістарычнага шляху беларускага народа, яго духоўных здабыткаў. Скрупулёзны тэксталагічны аналіз заключнай часткі паэмы дазваляе сцвярджаць, што яна пісалася ў некалькі этапаў і была скончана ўжо пасля вяртання паэта з Італіі на радзіму.

У паэме «Песня пра зубра» адчуваецца моцны эпічны пачатак, што звязана ў першую чаргу з увядзеннем вобраза вялікага князя Вітаўта, які ў мастацкай фактуры твора функцыянальна прэзентаваны як эпічны heros perfectus. Разам з тым, у жанравай прыродзе твора пераважае элегічная дамінанта, што абумоўлена ўжываннем адпаведнага паэтычнага памеру (элегічны двуверш) і звязана з творчай гісторыяй помніка, які першапачаткова быў задуманы як эпікграма або элегія прэзентатыўнага характару. Аднак жаданне бачыць у Мікалаю Гусоўскім беларускага Гамера абумовіла мастацкую спецыфіку перакладчыцкіх перастварэнняў, выкананых Я. Парэцкім і Я. Семяжонам, пазней - Н. Арсенневай і У. Шатонам. У сваю чаргу, гэта вызначыла адпаведны вектар даследчыцкіх інтэрпрэтацый. Так, у працах У. Калесніка, А. Лойкі і іншых вучоных назіраецца імкненне прадставіць «Песню пра зубра» нацыянальнай эпапеяй.

Паэма «De victoria <…> adversus Turcos» («Пра перамогу над туркамі», 1524), напісаная элегічным двувершам, спалучае ў сабе рысы элегіі і эпінікія (верша на перамогу). Як і ў «Песні пра зубра», асаблівая ўвага надаецца прэзентацыі духоўнага правадыра народа (караля Жыгімонта І), а таксама сцвярджэнню неабходнасці абароны хрысціянства перад наступам турак. Мікалай Гусоўскі прыбягае да натуралістычнай дэталізацыі, каб растлумачыць, чаму людзі выракаюцца веры бацькоў. Паэт падкрэслівае выключную ролю нябесных сіл у нечакана здабытай перамозе, нагадвае суайчыннікам пра іх хрысціянскі абавязак.

Яшчэ больш выразна хрысціянска-апалагетычная тэма эксплікуецца ў паэме «De vita et gestis Divi Hyacinthi» («Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта», 1525), якая з'яўляецца паэтычнай інтэрпрэтацыяй агіябіяграфіі манаха-дамініканца XIII ст. святога Гіяцынта (Яцка) Адрованжа. Паэма напісана «гераічным метрам» - гекзаметрам, аднак у дадзеным выпадку мы маем справу з асаблівай разнавіднасцю carminis heroici - агіяграфічнай паэмай (агіяграфічным эпасам), вытокі якой сягаюць у літаратуру позняй антычнасці. Неабходны на пачатку гераічнага эпасу argumentum totius epopeiae (галоўная тэма ўсёй эпапеі) зліваецца з інвакацыяй. Функцыяй апекуна паэзіі ў дадзеным выпадку надзяляецца не Муза, а сам святы падзвіжнік, да якога апелюе аўтар. Аповедны стыль жыційнай часткі паступова трансфармуецца ў стыль прапаведніцкай літаратуры, насычаны сімваламі, алегорыямі, біблейскімі алюзіямі. Усё гэта стварае арыгінальнае мастацкае палатно, у якім вырашаецца шэраг праблем духоўнага жыцця суайчыннікаў. Паэт засяроджвае ўвагу на эстэтычным аспекце хрысціянскай веры, ствараючы сваю апалогію красы.

Паэтычная спадчына Мікалая Гусоўскага - багатая крыніца мастацкіх дасягненняў і вынаходніцтваў. Яна выглядае нетыповай з'явай у тагачаснай літаратуры на фоне твораў іншых лацінамоўных паэтаў, якія спаборнічалі адзін з адным у дасканаласці рэцэпцыі антычнай літаратурнай спадчыны. Такое свядомае амаль поўнае ігнараванне антычнай вобразнасці звязана найперш з хрысціянскім светапоглядам аўтара. Усё, што звязана з хрысціянствам, - certi res (праўда; дасл. `надзейныя рэчы') для паэта. Багі старажытных рымлянаў - гэта толькі fabula (байка).

Паэты ранняга Рэнесансу стварылі першыя ўзоры паэтычнага ліра-эпасу: Ян Вісліцкі - гераічную паэму «Пруская вайна», Мікалай Гусоўскі - сінкрэтычную паводле жанравай прыроды «Песню пра зубра», элегічны эпінікій «Пра перамогу над туркамі» і агіяграфічную паэму «Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта». Абодва аўтары падкрэслівалі адрознасць уласнага творчага «ego» у параўнанні з мастацкай аўтапсіяй даўніх і сучасных пісьменнікаў. Яны выпрацавалі арыгінальную творчую методыку выкарыстання літаратурнай спадчыны антычнасці - як на ўзроўні фармальнай паэтыкі, так і ў плане вобразна-тэматычных прыярытэтаў. Імітацыя як генеральная методыка засваення антычнасці набліжаецца ў іх творах да вышэйшага ўзроўню - эмуляцыі. У межах вобразна-выяўленчай топікі старажытнарымскай паэзіі Ян Вісліцкі і Мікалай Гусоўскі стварылі арыгінальныя паводле задумы, кампазіцыі, сюжэта і ідэйна-мастацкага выканання паэтычныя творы.

У главе трэцяй «Лацінамоўны ліра-эпас перыяду позняга Рэнесансу: жанрава-мастацкая адметнасць, паэтыка» далейшы працэс эвалюцыі ліра-эпасу разглядаецца праз прызму ацэнкі значэння лацінскай пісьмовай культуры ВКЛ і яе ролі ў развіцці айчыннага пісьменства. Перанос даследчыцкай увагі ў фенаменалагічную сферу ў межах раздзела 3.1 «Latinitas у пісьмовай культуры Беларусі другой паловы XVI ст. як фактар захавання лацінамоўнай ліра-эпічнай традыцыі» дэтэрмінуецца той гістарычнай акалічнасцю, што сярэдзіна XVI ст. у літаратуры большасці краін Еўропы была адзначана навуковымі пошукамі гуманістаў. Яны імкнуліся мадэрнізаваць класічную паэтыку і ажыццявіць паварот паэтычнай творчасці да нацыянальных моў. Важную ролю ў гэтым працэсе адыграла дзейнасць паэтаў французскай Плеяды, а таксама італьянскага гуманіста Сперонэ Спероні. Тым часам у шматмоўнай літаратуры Беларусі позняга Рэнесансу латынь - цяпер ужо поруч з польскай мовай - па-ранейшаму займала дамінуючае месца як мова свецкай кніжнай паэзіі. Эпоха Рэфармацыі, якая знаменавала сабой паварот да нацыянальных моў у краінах Заходняй Еўропы, істотна не змяніла моўнай сітуацыі на нашых землях. Паказальна, што менавіта з асяроддзя кальвіністаў паходзілі лацінамоўныя паэты Беларусі Гальяш Пельгрымоўскі, Францішак Градоўскі і Ян Радван.

Культурна-гістарычным грунтам Latinitatis на нашых землях была даўняя традыцыя, якая сфарміравалася яшчэ ў часы Міндоўга і была падтрымана ў XVI ст. пашырэннем у сферы агульнадзяржаўнага летапісання легенды пра Палямона. Умацаванню лацінскай культуры ў магнацка-шляхецкім асяроддзі Беларусі перыяду позняга Рэнесансу спрыялі і іншыя акалічнасці: адукацыйныя прыярытэты, цесныя кантакты айчыннай магнатэрыі з правячымі дынастыямі Еўропы і інш. Усё гэта спрычынілася да таго, што плён мастацкай творчасці айчынных паэтаў ранняга Рэнесансу атрымаў непасрэдны працяг ужо ў 30-х гг. XVI ст. Да гэтага часу адносіцца агіяграфічная сільва (эпілій) Яна Андрушэвіча, у якой распавядаецца гісторыя віленскіх манахаў-францішканаў, забітых у часы князя Альгерда. У гэтым творы, як і ў «Прускай вайне» Яна Вісліцкага, назіраецца імкненне ўвесці ў межы ліра-эпасу айчынную гісторыю і яе герояў: Ян Андрушэвіч падкрэслівае ролю віленскага ваяводы Пятра Гаштольда ў справе ўшанавання культу святых пакутнікаў.

Пэўным чынам да развіцця ліра-эпічнай традыцыі ў літаратуры Беларусі сярэдзіны XVI ст. спрычыніўся адукаваны гуманіст, урадждэнец Іспаніі Пётр Раізій. Шэраг сваіх паэтычных твораў - сільвы, прысвечаныя каралю і магнатам, пачатковы фрагмент эпапеі «Sarmatidos liber primus» («Сарматыда, кніга першая»), агіяграфічную паэму пра святога Станіслава ён напісаў гекзаметрам. Гэтым жа памерам П. Раізій складаў тыя творы, якія паводле вызначэння да эпічнай паэзіі не адносяцца, - carmen funebre («верш на пахаванне») і carmen nuptiale («верш на шлюб»). Такім чынам, мастацкая практыка П. Раізія стала своеасаблівым каталізатарам у працэсе фарміравання тэндэнцыі да эпізацыі паэтычнага аповеду, якая паступова стала адной з генеральных мастацкіх тэндэнцый у развіцці айчыннага ліра-эпасу.

У папярэдніх даследаваннях па гісторыі беларускага пісьменства назіраецца недаацэнка ролі літаратуры паўночнага Адраджэння і, у прыватнасці, паэзіі аўтараў «нямецкай культурнай прасторы» (Г. Віганд) ў развіцці ліра-эпічнай творчасці на Беларусі. Між тым менавіта праз іх творчасць у лацінамоўную паэзію ВКЛ пранікалі актуальныя мастацкія інтэнцыі. Так, у паэме сілезца А. Шротара «De fluvio Memela <...> carmen elegiacum» («Элегічная песня пра раку Нёман», 1553) Нёман выступае сімвалам ВКЛ. Такое мастацкае рашэнне паэта - своеасаблівы пралог да сталай літаратурнай традыцыі, звязанай з паэтычным услаўленнем Нёмана, якая пачала фарміравацца ў шматмоўнай літаратуры Беларусі яшчэ ў XVI ст., а менавіта ў «Радзівіліядзе» Яна Радвана [Radivilias I, 75]. Пазней спецыфічнае мастацкае асэнсаванне Нёмана як увасаблення ліцвінскага патрыятызму набыло значэнне «сімвалічнага капітала» (П. Бурдзьё) нацыянальнай культуры ў творчасці А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, Адэлі з Устроні, Якуба Коласа.

Нямецкія гуманісты эксплікуюць у сваіх творах новае гуманістычнае разуменне ідэі herois perfecti (дасканалага героя) і гераічнай тэматыкі наогул. Яны пастуліруюць ідэю, што studia humaniora (вывучэнне гуманітарных навук) - такі ж арыстакратычны від дзейнасці, такая ж virtus (доблесць), як ратныя подзвігі на полі бітвы. Усё, што звязана з асветаю, прынамсі з паэтычнымі заняткамі, прызнаецца вартым таго, каб апісвацца «гераічным» памерам - гекзаметрам, якім былі напісаны эпапеі Гамера і Вергілія. Адпаведнае разуменне гераічнага ідэалу ўвасоблена і ў творчасці Іягана Мюліуса з Лібенродэ (? - 1585), які з 1562 па 1564 г. займаўся педагагічнай дзейнасцю і літаратурнай творчасцю пры двары магната Грыгорыя Хадкевіча. Гераічны эпінікій І. Мюліуса «Divina gratia <…> victoria de Moschis reportata a magnifico Domino Gregorio Chоdcievitio…» («Перамога над маскоўцамі, здабытая з ласкі Божай <…> яснавяльможным Панам Грыгорыем Хадкевічам…», 1564) - першая паэтычная прэзентацыя цэнтральнай падзеі Лівонскай вайны, перамогі войска ВКЛ у Чашніцкай (Ульскай) бітве. Heros perfectus Грыгорый Хадкевіч паказаны як вопытны ваенны камандзір і мудры правадыр войска, у якім - мужныя героі з ліку айчыннай арыстакратыі - Георгій Тышкевіч, Мікалай Сапега, Раман Сангушка, Багдан Саламярэцкі.

У раздзеле 3.2 «Героіка-патрыятычны пафас ліра-эпічных твораў Базыля Гіяцынта, Францішка Градоўскага і Гальяша Пельгрымоўскага» разглядаюцца паэмы «лівонскага цыкла», напісаныя Б. Гіяцынтам і Ф. Градоўскім, а таксама вывучаецца дыскусійнае пытанне пра лацінамоўную ліра-эпічную творчасць Г. Пельгрымоўскага.

Прысутнасць жанравай намінацыі «panegyricus» у назве паэтычнага твора Б. Гіяцынта «Panegyricus in excidium Polocense» («Панегірык на ўзяцце Полацка», 1580) - факт нетыповы для айчыннай кніжнай традыцыі. Такую назву маглі мець творы, прыналежныя да сферы ўрачыстага красамоўства, што пацвярджала як паэтыка Скалігера, так і мастацкая практыка пісьменнікаў ВКЛ. Такім чынам, Б. Гіяцынт стварыў першы ўзор панегірычнай паэмы ў літаратуры Беларусі. Не маючы намеру стварыць эпапею, паэт захоўвае, аднак, argumentum і інвакацыю. Праўда, тэму паэтычнага аповеду аўтару прыносіць Чутка, а замест Музы ён апелюе да самога Мікалая Радзівіла. Heros perfectus у гэтым творы - кароль Стэфан Баторый: звяртаючыся да войска, ён нагадвае пра гераічныя традыцыі часоў вялікага князя Вітаўта. З самага пачатку Б. Гіяцынт дэманструе сваю настроенасць на крытычнае пераасэнсаванне канонаў гераічнай паэзіі. Магчыма, аўтар «Панегірыка на ўзяцце Полацка» вырашыў дасягнуць мастацкай арыгінальнасці шляхам спалучэння панегірызму, узнёсласці з ключавым для паэтычнай школы Ф. Рабартэла прыёмам - іроніяй. Паэт уводзіць у свой мастацкі тэкст не толькі маналогі і дыялогі дзейных асоб, але таксама ўнутраны маналог, прадпрымаючы спробы адлюстравання псіхалагічнага стану героя, праяўляе сябе як artifex doctus (вучоны мастак).

«Hodoeporicon Moschicum <…> Christophori Radiwilonis» («Апісанне маскоўскага паходу <…> Хрыстафора Радзівіла») Ф. Градоўскага адносіцца, як гэта вынікае з самой назвы твора, да жанру паэтычнага апісання падарожжа (hodoeporicon), які зарадзіўся яшчэ ў паэзіі Старажытнага Рыму (у творчасці Луцылія і Гарацыя) і атрымаў надзвычайнае пашырэнне ў рэнесанснай паэзіі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Такім чынам, твор Ф. Градоўскага сведчыць пра няўнасць альтэрнатыўнага - побач з празаічнымі хаджэннямі - накірунаку развіцця адпаведнай жанравай структуры.

...

Подобные документы

  • Агульная характарыстыка эпохі і літаратуры першай паловы XVI ст. Францыск Скарына. Першая друкаваная скарынаўская кніга – Псалтыр. Прадмовы Скарыны як важная крыніца вывучэння яго светапогляду. Лацінамоўная паэзія Беларусі XVI–XVІIІ ст. Мікола Гусоўскі.

    курсовая работа [97,7 K], добавлен 24.02.2011

  • Агульная характарыстыка літаратуры другой паловы XVI ст. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Жыццёвы шлях славутага асветніка, чалавека універсальных ведаў і унікальнага філосафа і прапаведніка, таленавітага пісьменніка і перакладчыка Сымона Будны.

    реферат [35,1 K], добавлен 22.02.2011

  • Аналіз літаратурнай пародыі як віду мастацтва. Месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Аналіз літаратуразнаўчых крыніц, прысвечаных пародыям і эпіграмы ў беларускай літаратуры. Эвалюцыя іх у творчасці сучасных пісьменнікаў.

    дипломная работа [101,3 K], добавлен 26.06.2013

  • Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.

    реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Развіццё літаратуры і драматургіі Заходняй Беларусі. Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі. Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба. Зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча "Веснавыя мелодыі". Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у яе творчасці.

    реферат [44,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Паняцце літаратуры. Генезіс і эвалюцыя мастацкай славеснасці і поглядаў на яе. Мастацкія магчымасці слова. "Нярэчыўнасць" вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка. Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і і ў сучасным тэхнізаваным свеце.

    реферат [30,6 K], добавлен 25.02.2011

  • З'яўленне барока як вядучага мастацкага кірунку шматмоўны літаратуры Беларусі, які злучыў у сабе рэнесансную і сярэднявечную традыцыі. Характарыстыка стылю: шматзначнасць, метафарычнасць, кантрастнасць і парадаксальнасць. Творчасць Сімяона Полацкі.

    курсовая работа [58,3 K], добавлен 25.02.2011

  • Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры. Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры. Размежаванне парабалы і прытчы. Талент, паэзія і творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый. Сусветная місія беларускай літаратуры.

    реферат [33,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Асаблівасці станаўлення і асноўныя прыкметы ўласнабеларускай старажытнай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця. Летапіс як найбольш значный жанр беларускай літаратуры XV — пачатку XVI ст. Арыгінапьны твори жанра царкоўна-рэлігійнага пісьменства.

    курсовая работа [44,0 K], добавлен 24.02.2011

  • Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.

    реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010

  • Вызначэнне месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Дыферэнцыяцыя поглядаў даследчыкаў на сатырычны род. Пародыя, эпіграма, працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ ст. Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі.

    курсовая работа [49,0 K], добавлен 05.03.2010

  • Агульная характарыстыка эпохі і літаратуры. Паэзія, творчасць Андрэя Рымшы. Жанравыя формы і мастацка-стылістычныя прыёмы беларускай літаратуры. Панегірычныя (усхваляльныя) і рэлігійныя (рэлігійна-медытатыўныя) паэзія. Проза: парадыйна-сатырычныя творы.

    реферат [34,3 K], добавлен 25.02.2011

  • Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.

    дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015

  • Напрамкі і стылі ў еўрапейскай і сусветнай мастацкай культуры і літаратуры XVI-ХХ ст.: Барока, класіцызм, сениментализм, рамантызм. Агульнае паняцце пра сацыялістычным рэалізме, развіццё сусветнай і беларускай літаратуры, сучасныя думкі і погляды.

    курсовая работа [57,7 K], добавлен 25.02.2011

  • Літаратурная творчасць Янка Маўр. Напісання прыгодніцкага рамана "Амок", першага ў беларускай літаратуры. Ідэйна-эстэтычнае рэчышча маўраўскай прозы. Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці, мастацкая навізна. Пасляваенны перыяд у творчасцs пісьменніка.

    реферат [31,1 K], добавлен 24.02.2011

  • Агульнае паняцце аб літаратурным родзе, відзе, жанры. Эпас (эпічны род): сістэма эпічных відаў і жанраў. Сістэма драматычных відаў і жанраў. Лірыка (лірычны род). Ліра-эпас як адно з буйнейшых міжродавых утварэнняў. Сістэма ліра-эпічных відаў і жанраў.

    контрольная работа [57,9 K], добавлен 25.02.2011

  • Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.

    контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010

  • Актывізацыя кнігавыдавецкай справы ў Беларусі. Адсутнасць беларускамоўнай перыёдыкі. Характэрныя штрыхі беларускай літаратуры пачатку XX ст. Вытокі светаўспрымання аўтара "Ад-вечнай песні". Унутраная логіка развіцця беларускага крытычнай думкі.

    реферат [39,3 K], добавлен 11.12.2011

  • Класіфікацыя літаратурных твораў па іх мастацка-эстэтычных вартасцяў і функцыянальнай ролі ў чытацкай аўдыторыі. Адметныя асаблівасці літаратурнай класікі, масавай літаратуры і белетрыстыкі. Змены ў складзе каштоўнасна-функцыянальных слаёў літаратуры.

    реферат [34,0 K], добавлен 22.02.2011

  • Ян Баршчэўскі - вялікая і знакавая постаць беларускай літаратуры, адметная фігура ў літаратурнай спадчыне славян. "Нарыс Паўночнае Беларусі" як этнаграфічны помнік. Нацыянальныя рысы ў аповесцях "Драўляны дзядок і кабета Інсекта" і "Душа не ў сваім целе".

    курсовая работа [41,8 K], добавлен 26.03.2013

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.