Комплексная метадычная сістэма ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у працэсе навучання беларускай мове

Тэарэтычнае абгрунтаванне і распрацоўка комплекснай метадычнай сістэмы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V-VIII класаў у працэсе навучання беларускай мове. Рэалізацыя метадычнай сістэмы ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь.

Рубрика Педагогика
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 18.08.2018
Размер файла 84,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

35

Размещено на http://www.allbest.ru/

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

Аўтарэферат дысертацыі

на атрыманне вучонай ступені

доктара педагагічных навук

Комплексная метадычная сістэма ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у працэсе навучання беларускай мове

Гамеза Ларыса Мікалаеўна

па спецыяльнасці 13.00.02 - тэорыя і методыка

навучання і выхавання

(беларуская мова)

Мінск, 2009

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце

Навуковы кансультант -

Мурына Ларыса Аляксандраўна,

доктар педагагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі моўнай адукацыі Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Афіцыйныя апаненты:

Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч,

доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі”

Паўлоўскі Іван Іванавіч,

доктар педагагічных навук, дацэнт, галоўны навуковы супрацоўнік Навукова-даследчага цэнтра Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Чэчат Віктар Уладзіміравіч,

доктар педагагічных навук, прафесар, прафесар кафедры прыватных методык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка”

Апаніруючая арганізацыя -

Установа адукацыі “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава”

Абарона адбудзецца “2” чэрвеня 2009 г. у 14.30 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.21 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце па адрасе: 220050, г. Мінск, вул. К. Маркса, 31; тэл. 209-55-58.

З дысертацыяй можна азнаёміцца ў бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Аўтарэферат разасланы “30” красавіка 2009 г.

Вучоны сакратар савета

па абароне дысертацый

кандыдат педагагічных навук,

дацэнт Т. У. Ігнатовіч

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЦЫ

Узбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў - адна з важных задач навучання мове, ад вырашэння якой залежыць узровень маўленчай культуры вучняў. Канцэпцыя моўнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь і распрацаваныя на яе аснове адукацыйны стандарт і праграма па беларускай мове арыентуюць на фарміраванне маўленчай культуры школьнікаў, авалоданне ведамі і практычнымі ўменнямі, якія забяспечваюць эфектыўную маўленчую дзейнасць у тыповых сітуацыях камунікацыі. Аднак у апошнія гады адзначаецца ўплыў на іх маўленчую практыку прастамоўяў, жарганізмаў, запазычаных слоў. Акрамя таго, школьнікі з дастаткова высокім узроўнем лінгвістычных ведаў сутыкаюцца з цяжкасцямі пры стварэнні ўласных выказванняў. Гэта тлумачыцца ў першую чаргу адсутнасцю ў іх належнага слоўнікавага запасу для выкарыстання ў розных відах маўленчай дзейнасці.

У метадычнай навуцы да 70-х гадоў ХХ стагоддзя ўзбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў разглядалася як слоўнікавая работа, якая праводзілася выключна на практычнай аснове пры падрыхтоўцы да напісання пераказаў і сачыненняў (П. А. Афанасьеў, В. А. Дабрамыслаў, М. А. Рыбнікава).

У 70 - 80-я гады ў сувязі з уключэннем у праграмы па беларускай і рускай мовах для вывучэння ў V класе новага раздзела ”Лексіка. Фразеалогія” работа па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу школьнікаў пашырылася за кошт тэарэтычнай асновы - засваення вучнямі сістэмных сувязей лексіка-семантычнага ўзроўню: тэматычных груп слоў, сінанімічных радоў, антанімічных пар (М. Т. Баранаў, В. І. Капінос, А. Ю. Купалава, А. В. Пруднікава). У методыцы выкладання рускай мовы ў гэты перыяд былі атрыманы даныя на аснове вывучэння пісьмовых работ - пераказаў, а таксама вусных выказванняў аб нізкім узроўні слоўнікавага запасу школьнікаў пачатковых класаў (М. Т. Баранаў, І. Я. Сініца).

Праблему ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у аспекце развіцця маўлення і фарміравання лексічных уменняў даследавалі і беларускія вучоныя (Г. М. Валочка, В. П. Красней, В. А. Ляшчынская, Ф. М. Літвінка, Л. А. Мурына, Г. І. Нікалаенка, І. І. Паўлоўскі, В. У. Протчанка, М. Г. Яленскі). Адзначым, што ў даследаваннях беларускіх вучоных-лінгвадыдактаў узбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў суадносілася таксама з навучаннем лексіцы і падрыхтоўкай да напісання творчых відаў работ. Узровень слоўнікавага запасу школьнікаў як малодшых, так і старшых класаў не быў прадметам спецыяльнага даследавання. І гэта з'яўляецца аб'ектыўнай цяжкасцю пры арганізацыі работы па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучняў V - VIII класаў. У гэтых класах слова вывучаецца ў кожным раздзеле школьнага курса беларускай мовы, таму і работа па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучняў заканамерна павінна праводзіцца пры навучанні ўсім раздзелам з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж узроўнямі моўнай сістэмы.

Пачынаючы з 90-х гадоў ХХ стагоддзя аб'ектамі моўнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца мова і маўленне. У працэсе засваення ведаў аб сістэме мовы і функцыянаванні моўных адзінак у маўленні вучні авалодваюць моўнымі паняццямі (моўны напрамак); пры засваенні маўленчай тэорыі _ маўленча-камунікатыўнымі паняццямі (маўленча-камунікатыўны напрамак). Кожны напрамак мае сваю сістэму паняццяў і тэрмінаў, якія павінны складаць тэарэтычныя асновы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў для фарміравання моўнай і маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі. Акрамя таго, да тэарэтычных асноў узбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў павінны адносіцца сістэмныя аб'яднанні слоў розных часцін мовы і вобразна-выяўленчыя сродкі мовы для выкарыстання іх у розных відах маўленчай дзейнасці. Вылучаныя тэарэтычныя асновы ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў: 1) моўныя паняцці ўсіх узроўняў моўнай сістэмы; 2) маўленча-камунікатыўныя паняцці, неабходныя для фарміравання ўменняў карыстацца мовай у розных відах маўленчай дзейнасці; 3) сістэмныя аб'яднанні слоў розных часцін мовы; 4) семантычны сегмент усіх лінгвістычных з'яў (артыкуляцыйна-вымаўленчыя, фанетыка-стылістычныя характарыстыкі слоў, лексічныя значэнні слоў, лексічныя вобразна-выяўленчыя сродкі мовы, семантычная прырода словаўтваральных марфем, сэнсавыя і маўленчыя характарыстыкі марфалагічных формаў) _ з'яўляюцца сукупнасцю моўных і маўленча-камунікатыўных з'яў, паняццяў, якія знаходзяцца ва ўзаемасувязі і ўтвараюць цэласнасць і адзінства працэсу навучання і ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў і таму патрабуюць новай комплекснай метадычнай сістэмы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у працэсе навучання беларускай мове.

Метадычная сістэма ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў з'яўляецца комплекснай, паколькі прадугледжвае работу над словам у комплексе яго характарыстык з улікам існуючых сувязей паміж узроўнямі моўнай сістэмы (наяўнасць аднаго націску ў слове, фанетычная аформленасць і немагчымасць уставак і змен унутры слова, аднесенасць слова да пэўнай часціны мовы і яго граматычная аформленасць, наяўнасць значэння і асаблівасцей ужывання слова ў маўленні) і фарміраванне ўменняў асэнсаванага выкарыстання моўных, маўленча-камунікатыўных паняццяў, сродкаў мастацкай выразнасці ў тэкстах розных тыпаў, стыляў, жанраў на аснове распрацаванай трохузроўневай сістэмы вербальна-семантычных, тэзаўрусных, прагматычных практыкаванняў, што з'яўляецца канцэптуальна новым вырашэннем адной з галоўных праблем у сучаснай методыцы.

Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі, тэмамі

Тэма дысертацыйнага даследавання распрацоўвалася ў межах навуковых даследаванняў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Метадычнае забеспячэнне выкладання беларускай мовы і літаратуры ў святле рэформы адукацыі ў вышэйшай і сярэдняй школе” (1996 - 2000 гг., дзяржаўны рэгістрацыйны нумар 19962107); “Тэарэтычныя і практычныя праблемы рыторыкі і методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры ў ВНУ і сярэдніх навучальных установах” (2001 - 2005 гг., дзяржаўны рэгістрацыйны нумар 20012506); “Мадэрнізацыя і распрацоўка зместу варыятыўнай адукацыі: методык і сродкаў навучання, выхавання і ўмацавання здароўя навучэнцаў у нацыянальнай сістэме адукацыі” ў межах задання 01 “Распрацаваць навукова-метадычнае забеспячэнне гуманітарнай адукацыі ў кантэксце фарміравання ў вучняў грамадзянскай, духоўна-маральнай, камунікатыўнай і мастацкай культуры як сродку рэалізацыі асобасна арыентаванага і культуралагічнага падыходаў” (2006 - 2008 гг., дзяржаўны рэгістрацыйны нумар 20063636).

Мэта і задачы даследавання

Мэта даследавання - тэарэтычнае абгрунтаванне і распрацоўка комплекснай метадычнай сістэмы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V - VIII класаў у працэсе навучання беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж моўнымі ўзроўнямі; практычная рэалізацыя прапанаванай комплекснай метадычнай сістэмы ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь.

Дасягненне пастаўленай мэты ажыццяўлялася шляхам вырашэння наступных задач:

- выявіць тэарэтычныя асновы комплекснай метадычнай сістэмы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V - VIII класаў у працэсе навучання беларускай мове, лінгвістычныя рэсурсы ўнутрыпрадметных сувязей паміж раздзеламі прадмета;

- вызначыць сучасныя метадычныя напрамкі, падыходы, прынцыпы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у працэсе навучання беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж моўнымі ўзроўнямі;

- вылучыць новы змест узбагачэння слоўнікавага запасу: моўныя, маўленча-камунікатыўныя паняцці школьнага курса беларускай мовы; лексічныя, лексіка-граматычныя, лексіка-стылістычныя сродкі стварэння вобразнасці і выразнасці маўлення; распрацаваць тыпалогію практыкаванняў для рэалізацыі новага зместу;

- вызначыць тыповыя маўленчыя недахопы школьнікаў V, VIII класаў; выявіць прычыны ўзнікнення маўленчых недахопаў на аснове вынікаў канстатуючага эксперыменту;

- падрыхтаваць навукова-метадычнае забеспячэнне працэсу ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў: слоўнікі моўных, маўленча-камунікатыўных тэрмінаў; комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы;

- распрацаваць комплексную методыку ўзбагачэння слоўніка школьнікаў V - VIII класаў у працэсе навучання беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж моўнымі ўзроўнямі і праверыць яе эфектыўнасць.

Аб'ект і прадмет даследавання

Аб'ект даследавання - працэс узбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў пры навучанні беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж моўнымі ўзроўнямі ў V - VIII класах агульнаадукацыйных устаноў.

Прадмет даследавання - комплексная метадычная сістэма ўзбагачэння слоўніка школьнікаў V - VIII класаў моўнымі, маўленча-камунікатыўнымі паняццямі, вобразна-выяўленчымі сродкамі ў працэсе навучання беларускай мове. ўзбагачэнне слоўнікавы запас школьнік

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

На абарону выносіцца новая комплексная метадычная сістэма, накіраваная на ўзбагачэнне слоўніка школьнікаў V - VIII класаў моўнымі, маўленча-камунікатыўнымі паняццямі, лексічнымі, лексіка-стылістычнымі і лексіка-граматычнымі вобразна-выяўленчымі сродкамі ў працэсе навучання беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж рознымі моўнымі ўзроўнямі.

1. Працэс навучання беларускай мове ў агульнаадукацыйнай установе аб'ядноўвае дзве ўзаемазвязаныя мэты: засваенне сістэмы мовы і развіццё маўлення, што вызначае адбор тэарэтычных асноў комплекснай метадычнай сістэмы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V - VIII класаў для фарміравання іх моўнай, маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.

Слова як адзінка моўнай сістэмы з'яўляецца аб'ектам навучання ў кожным раздзеле школьнага курса беларускай мовы, таму работа па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучняў заканамерна павінна праводзіцца на аснове ўнутрыпрадметных сувязей адзінак усіх узроўняў моўнай сістэмы. Артыкуляцыйна-вымаўленчыя і фанетыка-стылістычныя характарыстыкі слоў, лексічныя значэнні слоў, лексічныя сродкі выразнасці, семантычная прырода словаўтваральных марфем, сэнсавыя і маўленчыя характарыстыкі марфалагічных формаў _ семантычны сегмент усіх лінгвістычных з'яў _ з'яўляюцца лінгвістычнымі рэсурсамі ўнутрыпрадметных сувязей паміж усімі моўнымі ўзроўнямі і тэарэтычнымі асновамі комплекснай метадычнай сістэмы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V - VIII класаў.

2. У адпаведнасці з мэтамі навучання беларускай мове школьнікі павінны асэнсаваць моўныя сродкі (моўны напрамак узбагачэння слоўнікавага запасу) і асаблівасці выкарыстання іх у розных відах маўленчай дзейнасці ў залежнасці ад задач маўленчых зносін (маўленча-камунікатыўны напрамак узбагачэння слоўнікавага запасу). Галоўнымі падыходамі, што вызначаюць тэарэтычную і метадычную асновы ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў, з'яўляюцца сістэмна-функцыянальны, які забяспечвае засваенне моўных паняццяў, і камунікатыўна-дзейнасны, які дапамагае вучням засвоіць маўленча-камунікатыўныя паняцці, ствараць самастойныя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў. Сфармуляваныя намі спецыфічныя прынцыпы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў (спасціжэння семантыкі і граматычнай аформленасці; выяўлення сістэмных сувязей лексіка-семантычнага, лексіка-граматычнага ўзроўняў; спалучальнасці слоў) рэалізуюцца ў працэсе навучання беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж раздзеламі “Лексіка. Фразеалогія”, “Склад слова. Словаўтварэнне і арфаграфія”, “Марфалогія і арфаграфія” на ўзроўні мнагазначнасці, сінаніміі, антаніміі, аманіміі марфем, граматычных формаў слоў.

3. Новы змест узбагачэння слоўнікавага запасу ўключае: моўныя паняцці (фанетыка-арфаэпічныя, лексіка-фразеалагічныя, марфемна-словаўтваральныя, марфалагічныя), якімі школьнікі павінны авалодваць пры вывучэнні ўсіх моўных узроўняў для фарміравання моўнай кампетэнцыі; маўленча-камунікатыўныя паняцці (тэкставыя, тыпалагічна-кампазіцыйныя, жанрава-стылістычныя), неабходныя для фарміравання маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі; вобразна-выяўленчыя моўныя (лексічныя, лексіка-граматычныя, лексіка-стылістычныя) сродкі для выкарыстання іх у тэкстах розных тыпаў, стыляў маўлення. Распрацаваная тыпалогія практыкаванняў па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучняў складаецца з вербальна-семантычных (авалоданне моўнымі і маўленча-камунікатыўнымі паняццямі), тэзаўрусных (практычнае выкарыстанне паняццяў на ўсіх моўных узроўнях), прагматычных практыкаванняў (аналіз лексічных, лексіка-граматычных, лексіка-стылістычных сродкаў у тэкстах; стварэнне вобразнага, эмацыянальнага, метафарычнага выказвання) і накіравана на фарміраванне адпаведных (моўных, маўленча-камунікатыўных) уменняў.

4. Вынікі канстатуючага эксперыменту ў V і VIII класах выявілі найбольш тыповыя маўленчыя недахопы, дапушчаныя на лексіка-фразеалагічным узроўні (падмена вызначэння лексічнага значэння слова перакладам яго на рускую мову; няўменне падбіраць сінонімы, антонімы да ўсіх значэнняў мнагазначных слоў; парушэнне лексічнай спалучальнасці і інш), марфемна-словаўтваральным узроўні (няўменне падбіраць аднакаранёвыя словы, выяўляць сінанімічныя, антанімічныя, аманімічныя марфемы і інш.), марфалагічным узроўні (няўменне ствараць сінанімічныя граматычныя канструкцыі, вызначаць сэнсава-стылістычную ролю часцін мовы, выяўляць стылістычную афарбоўку службовых часцін мовы і інш.).

Маўленчыя недахопы з'яўляюцца вынікам няведання тэарэтычнага матэрыялу па лексіцы, семантычнага і функцыянальнага аспектаў тэорыі фанетыкі, словаўтварэння, марфалогіі і абмежаванага актыўнага слоўнікавага запасу. Вучні не валодаюць дастатковай колькасцю ключавых, тэматычна абумоўленых слоў ці спалучэнняў слоў, сінанімічнымі і антанімічнымі паралелямі, вобразна-выяўленчымі моўнымі сродкамі, не ўспрымаюць часціны мовы як лексіка-граматычныя і функцыянальныя групы слоў, марфемы як носьбіты абстрактнага значэння.

5. Слоўнікі-мінімумы моўных, маўленча-камунікатыўных тэрмінаў, вылучаных на аснове дыдактычнага матэрыялу школьных падручнікаў па беларускай мове, комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы з'яўляюцца навукова-метадычным забеспячэннем тэарэтычнай і практычнай работы па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу школьнікаў. Адбор і структураванне зместу тэрміналагічных слоўнікаў ажыццяўляліся на аснове метадычных прынцыпаў (мінімізацыі тэрмінаў, размежавання тэрмінаў на ўзроўні мовы і маўлення, тэрміналагічна-апісальным). Тэарэтычнай асновай комплекснага лексічнага слоўніка беларускай мовы з'яўляюцца сінонімы, антонімы, амонімы, паронімы. Матэрыял слоўніка выбраны з літаратурных твораў, што вывучаюцца ў агульнаадукацыйных установах, а таксама тэкстаў, якія змешчаны ў адпаведных падручніках па беларускай мове. Адбор і структураванне зместу комплекснага лексічнага слоўніка беларускай мовы ажыццяўляліся на аснове лінгваметадычных прынцыпаў (частотнасці слоў, сістэмна-лексічнага, лексіка-граматычнага). Распрацаваная метадычная сістэма работы са слоўнікамі пры вывучэнні раздзелаў школьнага курса беларускай мовы прайшла праверку ў эксперыментальных агульнаадукацыйных установах і ўведзена ў практыку навучання беларускай мове.

6. Распрацаваная новая комплексная методыка заснавана на сістэмна-функцыянальным, камунікатыўна-дзейнасным падыходах, прынцыпах узбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў, новым лінгвістычным і маўленчым змесце, выдзеленым на аснове ўнутрыпрадметных сувязей, сістэме практыкаванняў, накіраванай на актывізацыю ўсяго комплексу моўных і маўленча-камунікатыўных уменняў, якія забяспечваюць замацаванне паняццяў, авалоданне практычнай дзейнасцю на аснове засвоеных паняццяў і ўвядзенне моўных і маўленча-камунікатыўных сродкаў у творчыя віды дзейнасці. Эфектыўнасць новай комплекснай методыкі ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў пацверджана ў межах навучальнага і кантрольнага эксперыментаў, што дало падставы для яе ўкаранення ў практыку навучання беларускай мове ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь.

Асабісты ўклад суіскальніка

У дысертацыі, якая з'яўляецца вынікам самастойнага даследавання аўтара, упершыню ў беларускай лінгваметодыцы:

- вылучаны тэарэтычныя асновы комплекснага ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў у працэсе навучання ўсім раздзелам школьнага курса беларускай мовы з улікам унутрыпрадметных сувязей;

- сфармуляваны ў адпаведнасці з сістэмна-функцыянальным, камунікатыўна-дзейнасным падыходамі да навучання новыя прынцыпы ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў (узбагачэнне слоўніка на аснове спасціжэння семантыкі і граматычнай аформленасці, сістэмных сувязей лексіка-семантычнага, лексіка-граматычнага ўзроўняў, спалучальнасці слоў);

- вызначаны новы змест узбагачэння слоўнікавага запасу: моўныя, маўленча-камунікатыўныя паняцці, вобразна-выяўленчыя моўныя сродкі; распрацавана тыпалогія вербальна-семантычных, тэзаўрусных і прагматычных практыкаванняў для рэалізацыі новага зместу;

- падрыхтавана навукова-метадычнае забеспячэнне працэсу ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў: слоўнікі моўных, маўленча-камунікатыўных тэрмінаў; комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы (сінонімаў, антонімаў, амонімаў, паронімаў);

- распрацавана, эксперыментальна праверана і ўведзена ў практыку навучання беларускай мове ў агульнаадукацыйных установах комплексная метадычная сістэма ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V _ VIII класаў у працэсе навучання ўсім раздзелам школьнага курса беларускай мовы з улікам унутрыпрадметных сувязей, якая забяспечвае замацаванне моўных і маўленча-камунікатыўных паняццяў, авалоданне практычнай дзейнасцю на аснове засвоеных моўных і маўленча-камунікатыўных паняццяў і ўвядзенне засвоеных моўных і маўленча-камунікатыўных сродкаў у творчыя віды дзейнасці.

Вывады і вынікі працы выкарыстаны ў вучэбна-метадычных дапаможніках па методыцы выкладання беларускай мовы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і студэнтаў філалагічных факультэтаў, на лекцыях, семінарскіх і практычных занятках, рэалізуюцца ў працэсе педагагічнай практыкі студэнтаў.

Уклад іншых выканаўцаў у сумесна апублікаваных працах не мае непасрэдных адносін да адлюстравання вынікаў дадзенага даследавання, рэалізаванага суіскальнікам асабіста.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Вынікі даследавання абмяркоўваліся на навукова-метадычных семінарах, круглых сталах на філалагічным факультэце БДУ (2000 - 2008 гг.), рэспубліканскім навукова-метадычным семінары “Обучающие игры в системе непрерывного образования” (Мінск, май 1996 г.), рэспубліканскіх канферэнцыях “Узаемасувязі выкладання беларускай і рускай моў і літаратур” (Мінск, сакавік 1991 г.), “Навучальны працэс і шляхі яго інтэнсіфікацыі” (Мінск, 1991 г.), рэспубліканскай навукова-метадычнай канферэнцыі, прысвечанай 110-й гадавіне з дня нараджэння Якуба Коласа (Мінск, лістапад 1992 г.), рэспубліканскай навукова-метадычнай канферэнцыі “Пути повышения качества профессиональной подготовки педагогических кадров с университетским образованием” (Мінск, кастрычнік 1995 г.), міжнародных навуковых канферэнцыях “Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя” (Мінск, кастрычнік 1997 г.), “Язык и социум” (Мінск, снежань 1998 г.; снежань 2004 г.), “Мова - літаратура - культура” (Мінск, 1999 г.), “Мова і культура” (Кіеў, чэрвень 2005 г.), міжнародных навукова-тэарэтычных канферэнцыях “Тэорыя і практыка навучання мовам, літаратурам і рыторыцы” (Мінск, снежань 1997 г.), міжнародных Купалаўскіх чытаннях (Гродна, 1998 г.), міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Педагогическое образование в классическом университете” (Мінск, кастрычнік 2000 г.), рэспубліканскай міжвузаўскай навукова-метадычнай канферэнцыі “Практыка як састаўная частка прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў” (Мінск, люты 2000 г.), навукова-метадычных канферэнцыях “Сацыяльна-гуманітарныя навукі ў сістэме вышэйшай школы” (Мінск, люты 2002 г.), ”Сацыяльна-культурная дзейнасць: метадалогія, змест, методыка” (Мінск, люты 2003 г.), міжнародных навуковых канферэнцыях “Многоуровневая система подготовки филологов: организация содержания и новые технологии обучения” (Мінск, кастрычнік 2003 г.), “Текст в лингвистической теории и в методике преподавания филологических дисциплин” (Мазыр, май 2005 г.), IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Текст. Язык. Человек” (Мазыр, май 2007 г.), ІХ _ ХІІ Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытаннях, прысвечаных Дням славянскага пісьменства і культуры (Мінск, май 2003 г.; май 2004 г.; май 2005 г.; май 2006 г.), міжнародным форуме русістаў “Современное языковое и литературное образование в СНГ: диалог между теорией и практикой” (Мінск, 10 - 12 лістапада 2008 г.). Асноўныя палажэнні і вынікі даследавання абмяркоўваліся на пасяджэннях кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, вучонага савета БДУ.

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Вынікі даследавання знайшлі адлюстраванне ў 73 публікацыях, з іх 19 адпавядаюць патрабаванням пункта 18 Палажэння аб прысуджэнні вучоных ступеней і прысваенні вучоных званняў у Рэспубліцы Беларусь: 1 манаграфія (8,8 д.а.), 1 слоўнік (17,7 д.а.), 18 артыкулаў у рэцэнзуемых навуковых часопісах (8,1 д.а.). Іншыя публікацыі па тэме, якія пацвярджаюць практычную значнасць дысертацыйнага даследавання: 17 артыкулаў у навукова-метадычных зборніках, 24 матэрыялы навуковых, навукова-метадычных і навукова-практычных канферэнцый, 1 тэзісы даклада, 7 вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 4 вучэбныя праграмы. Агульны аб'ём апублікаваных матэрыялаў складае 60,3 д.а.

Структура і аб'ём дысертацыі

Тэкст дысертацыі складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, чатырох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спісу і 2 дадаткаў. Поўны аб'ём дысертацыі _ 264 с., у тым ліку 16 табліц на 9 с., 2 дадаткі на 20 с., бібліяграфічны спіс (301 назва выкарыстаных крыніц і 73 назвы публікацый аўтара) на 28 с.

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ПРАЦЫ

Ва ўводзінах даецца агульная ацэнка стану распрацоўкі праблемы, паказана актуальнасць задач і вызначаюцца асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў праблемы ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў у беларускай і рускай лінгваметодыках.

У агульнай характарыстыцы працы адлюстроўваецца сувязь работы з буйнымі праграмамі і тэмамі, ставяцца мэты і задачы даследавання, выносяцца на абарону асноўныя палажэнні, адзначаецца асабісты ўклад суіскальніка, указваюцца апрабацыя і апублікаванасць вынікаў даследавання, прыводзяцца структура і аб'ём дысертацыі.

Дысертацыйнае даследаванне прысвечана тэарэтыка-метадычнаму абгрунтаванню і практычнай рэалізацыі комплекснай метадычнай сістэмы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V - VIII класаў у працэсе навучання беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей. Пад комплекснай метадычнай сістэмай узбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў разумеецца ўзаемасувязь моўнай і маўленча-камунікатыўнай сістэм узбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў, якая прадвызначае адбор напрамкаў, падыходаў, прынцыпаў, моўнага і маўленча-камунікатыўнага тэарэтычнага матэрыялу з усіх раздзелаў курса беларускай мовы і прадугледжвае наяўнасць метадычнай сістэмы практыкаванняў, якія спрыяюць увядзенню ў актыўны слоўнік вучняў моўных і маўленча-камунікатыўных паняццяў, а таксама вобразна-выяўленчых моўных сродкаў для выкарыстання ў разнастайных звязных выказваннях.

У першай главе “Тэарэтычныя асновы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у працэсе навучання беларускай мове з улікам унутрыпрадметных сувязей паміж узроўнямі моўнай сістэмы” падкрэсліваецца арганічнае спалучэнне сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага падыходаў да навучання мове, што выяўляецца ў адборы тэарэтычных звестак аб мове з улікам іх значнасці для фарміравання апорных маўленча-камунікатыўных уменняў, якія замацоўваюцца і ўдасканальваюцца пры навучанні канкрэтным лінгвістычным тэмам. Для таго каб сфарміраваць у вучняў апорныя маўленча-камунікатыўныя ўменні, стварыць сістэмнае ўяўленне аб той ці іншай моўнай з'яве, неабходна пастаянна раскрываць перад імі наступныя тэарэтычныя сувязі: а) суадносіны значэння моўнай з'явы і яе формы; б) суадносіны значэння моўнай з'явы і яе ўжывання (функцыі). Такім чынам, маўленчае развіццё вучняў, заснаванае на сістэмна-функцыянальным, камунікатыўна-дзейнасным падыходах да навучання, прадугледжвае: 1) асэнсаванне структуры, семантыкі, функцый моўных адзінак у кантэксце; 2) вызначэнне ўмоў мэтанакіраванага ўжывання адзінак мовы ў адпаведнасці з тыпам, стылем маўлення; 3) удасканаленне культуры маўлення, узбагачэнне актыўнага слоўніка; 4) фарміраванне маўленча-камунікатыўных уменняў.

Узбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў з'яўляецца кампанентам працэсу навучання беларускай мове, заснаваным на сістэмна-функцыянальным, камунікатыўна-дзейнасным падыходах.

Да 70-х гадоў ХХ стагоддзя ў тэорыі методыкі мовы і ў школьнай практыцы ўзбагачэнне слоўнікавага запасу разглядалася як слоўнікавая работа, што праводзілася ў аспекце развіцця маўлення (С. І. Абакумаў, П. А. Афанасьеў, В. А. Дабрамыслаў, К. М. Міцкевіч, М. А. Рыбнікава і інш.).

У 70 - 80-я гады ХХ стагоддзя ў тэарэтычных і эксперыментальных даследаваннях М. Т. Баранава, В. І. Капінос, А. Ю. Купалавай, А. В. Пруднікавай выяўляецца тэарэтычная аснова ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў: змест раздзела “ Лексіка і фразеалогія” школьнага курса беларускай мовы. Таму гэты раздзел з 1970/71 навучальнага года быў уведзены ў школьны курс рускай, а потым і беларускай мовы.

У якасці тэарэтычнай асновы слоўнікавай работы вылучаліся наступныя лексічныя і фразеалагічныя паняцці: лексічнае значэнне слова, адназначныя, мнагазначныя словы, словы з прамым, пераносным значэннем, сінонімы, антонімы, амонімы, агульнаўжывальныя словы, словы абмежаванага ўжывання (дыялектныя, прафесійныя, устарэлыя, новыя словы), запазычаная і спрадвечнабеларуская лексіка, фразеалагізмы; асноўнымі метадычнымі прынцыпамі навучання лексіцы, а значыць, і ўзбагачэння слоўнікавага запасу ў навуковай літаратуры вызначаліся: экстралінгвістычны (заснаваны на супастаўленні лексемы і рэаліі), нарматыўна-стылістычны (заснаваны на нарматыўным і адэкватным ужыванні лексемы ў тэкстах пэўнага стылю).

Работа па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу школьнікаў на аснове лінгвацэнтрычнага сістэмна-апісальнага падыходу пры навучанні лексіцы складалася з лексічных (лінгвістычных) практыкаванняў і слоўнікавых. Лексічныя (лінгвістычныя) практыкаванні спрыялі авалоданню лексічнымі і фразеалагічнымі паняццямі і з'явамі, слоўнікавыя практыкаванні - узбагачэнню слоўніка школьнікаў. Аснову слоўнікавай работы складалі практыкаванні на вызначэнне семантыкі слова і падбор да яго тэматычных груп слоў, сінонімаў, антонімаў, аналіз лексічных вобразных сродкаў тэксту, рэдагаванне тэксту, састаўленне словазлучэнняў, сказаў са словамі.

Праблему ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у аспекце развіцця маўлення і фарміравання лексічных уменняў даследавалі і беларускія вучоныя Г. М. Валочка, Г. І. Верашчака, В. П. Красней, В. А. Ляшчынская, Ф. М. Літвінка, Л. А. Мурына, Г. І. Нікалаенка, І. І. Паўлоўскі, В. У. Протчанка, М. Г. Яленскі.

Г. М. Валочка ахарактарызавала моўныя асаблівасці, лексічнае і лексіка-граматычнае напаўненне розных тыпаў маўлення; Г. І. Нікалаенка - жанраў школьнага курса мовы; Л. А. Мурына, І. І. Паўлоўскі, В. У. Протчанка прааналізавалі ўзбагачэнне слоўнікавага запасу ў аспекце праблем культуры маўлення і падрыхтоўкі да напісання звязных выказванняў; Г. І. Верашчака, В. П. Красней, Ф. М. Літвінка, В. А. Ляшчынская, М. Г. Яленскі вызначылі ўзбагачэнне слоўнікавага запасу ў якасці аднаго з прынцыпаў навучання лексіцы і фразеалогіі.

Адзначым, што ў даследаваннях беларускіх вучоных-лінгвадыдактаў узбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў суадносілася таксама з навучаннем лексіцы і фразеалогіі і падрыхтоўкай да напісання творчых відаў работ.

З сярэдзіны 90-х гадоў ХХ стагоддзя лінгвацэнтрычны сістэмна-апісальны падыход да навучання мове змяняецца на антрапацэнтрычны сістэмна-функцыянальны, камунікатыўна-дзейнасны. Зыходзячы з новага падыходу да навучання мове, слова разглядаецца ў сукупнасці трох аспектаў: граматычнага, семантычнага і функцыянальнага. Таму тэарэтычнай асновай працэсу ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў павінен быць не толькі лінгвістычны матэрыял раздзела “Лексіка. Фразеалогія”, але і моўныя адзінкі ўсіх раздзелаў школьнага курса беларускай мовы.

Функцыянаванне слова ў маўленні абумоўлівае неабходнасць работы над артыкуляцыйна-вымаўленчай, фанетыка-стылістычнай, арфаграфічнай характарыстыкамі слова, а таксама над асноўнымі маўленча-камунікатыўнымі паняццямі, іх сутнасцю і практычнай значнасцю.

Непасрэдна задача ўзбагачэння слоўніка вучняў вырашаецца пры вывучэнні лексікі і фразеалогіі. На лексіка-фразеалагічным узроўні сутнасць слоўнікавай работы павінна заключацца не толькі ў колькасным узбагачэнні слоўнікавага запасу, але і ў тым, каб вучні: 1) авалодвалі рознымі спосабамі выяўлення лексічнага значэння слова; 2) асэнсоўвалі сутнасць семантычнай групоўкі лексікі беларускай мовы з пункту гледжання колькасці лексічных значэнняў у слове (словы адназначныя і мнагазначныя); выкарыстання слова ў маўленні ў прамым або пераносным значэнні; узаемадзеяння ў мове слова з блізкімі або супрацьлеглымі па значэнні словамі (сінонімамі, антонімамі); семантычнага супрацьпастаўлення розных слоў, якія выпадкова супадаюць у напісанні і вымаўленні (амонімы); 3) удасканальвалі ўменне дакладнага, выразнага, лагічнага ўжывання слоў у маўленні.

Адной з істотных асаблівасцей школьнага раздзела “Склад слова. Словаўтварэнне і арфаграфія” з'яўляецца яго функцыянальна-семантычная накіраванасць. У сувязі з гэтым работа па ўзбагачэнні слоўніка школьнікаў пры вывучэнні гэтага раздзела павінна фарміраваць функцыянальна-семантычны погляд на марфему: корань - выразнік агульнага значэння роднасных слоў, без якога не можа быць слова знамянальнай часціны мовы; прыстаўкі і суфіксы, якія маюць словаўтваральныя значэнні і ў адзінстве з абстрактным значэннем кораня фарміруюць лексічнае значэнне слова; канчатак - выразнік граматычнага значэння слова.

Марфемы, што ўтвараюць слова з новым значэннем, з'яўляюцца галоўным аб'ектам пры навучанні складу слова, сродкам, які дазваляе найбольш дакладна і эканомна выражаць думку, дадатковыя адценні (эмацыянальна-экспрэсіўныя і стылістычныя). У гэтым выпадку аб'ектам слоўнікавай работы пры навучанні складу слова і словаўтварэнню з'яўляюцца: 1) марфемы граматычныя, якія служаць для ўтварэння формаў слоў і выражаюць граматычнае значэнне; 2) марфемы, якія “ўдзельнічаюць” у выражэнні лексічнага значэння слова.

Зместам работы па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу школьнікаў на марфалагічным узроўні з'яўляюцца: 1) абмежаванні ва ўтварэнні і спалучальнасці граматычных формаў слова (марфалагічныя нормы); 2) сэнсавыя і выяўленчыя магчымасці граматычных формаў, іх функцыянальна-стылістычная спецыфіка; 3) граматычная форма як элемент тэксту. Для авалодання ўменнем вызначаць граматычныя формы ў маўленні і асэнсавана іх выкарыстоўваць неабходна навучыцца ўстанаўліваць і раскрываць сістэмныя адносіны граматычных формаў: іх сінанімію, аманімію, антанімію. Асэнсаванне гэтых сістэмных адносін, сувязей у мове і маўленні неабходна, паколькі дае магчымасць выбраць з некалькіх варыянтаў той, які падыходзіць для канкрэтнага выказвання.

Паколькі слова як сістэма лінгвістычных значэнняў з'яўляецца аб'ектам навучання ў кожным раздзеле школьнага курса беларускай мовы, то работа па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучняў заканамерна павінна праводзіцца на аснове ўнутрыпрадметных сувязей адзінак усіх узроўняў моўнай сістэмы: сінанімічных, антанімічных, аманімічных марфем, слоў, словаформаў.

Разам з тым аб'ектамі моўнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах абвяшчаюцца мова і маўленне: школьнікі ў працэсе засваення ведаў аб сістэме мовы на ўсіх яе ўзроўнях (фанетыка - арфаэпія, лексіка - фразеалогія, структура слова і словаўтварэнне, марфалогія), функцыянавання моўных адзінак у маўленні, нормаў беларускай літаратурнай мовы (моўны напрамак) авалодваюць маўленча-камунікатыўнай тэорыяй, шляхамі выражэння думак моўнымі сродкамі ў розных відах маўленчай дзейнасці адпаведна мэтам і задачам маўлення (маўленча-камунікатыўны напрамак). Кожны з напрамкаў мае сваю сістэму паняццяў, якія павінны складаць сучасную моўную і маўленча-камунікатыўную тэрміналагічную аснову ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў пры навучанні мове і маўленню. Тэарэтычныя напрамкі з'яўляюцца абгрунтаваннем распрацоўкі паняційна-тэрміналагічных (моўнага і маўленча-камунікатыўнага) слоўнікаў, змест якіх неабходны для арганізацыі вучэбнай работы па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу на ўсіх моўных узроўнях; комплекснага лексічнага (сінонімаў, антонімаў, амонімаў, паронімаў) слоўніка для выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў мовы ў розных відах маўленчай дзейнасці.

Маўленчая інтэнцыя як кампанент спараджэння выказвання складаецца з унутранага праграмавання, лексічнага разгортвання, граматычнага канструявання. Лексічнае разгортванне забяспечваюць механізм выбару слоў і механізм канструявання выказвання. З дапамогай механізма выбару слоў ажыццяўляецца пошук патрэбнага слова ў памяці прамоўцы. Пошук заснаваны на семантычных і граматычных сувязях слова, яго фанетычным абліччы і частотнасці ўжывання ў маўленні.

Другая глава дысертацыі “Дыягностыка ўзроўню засваення школьнікамі V, VIII класаў моўных, маўленча-камунікатыўных паняццяў і сфарміраванасці ўменняў выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў у тэкстах” заснавана на тыпалагічным і частотным аналізе вынікаў канстатуючага эксперыменту, які праводзіўся ў 1998 _ 2000 гг. у агульнаадукацыйных установах № 1, 97, 136 г. Мінска, № 1 г. Чэрвеня Мінскай вобласці, Мінскай гарадской лінгвістычнай гімназіі-каледжы № 24 і меў на мэце выявіць узровень валодання вучнямі V, VIII класаў моўнымі і маўленча-камунікатыўнымі паняццямі і сфарміраванасць уменняў выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў у тэкстах. Форма правядзення эксперыменту - канстатуючы зрэз. У V класе ўзровень засваення лексіка-фразеалагічных паняццяў і вобразна-выяўленчых сродкаў выяўляўся пасля вывучэння фанетыкі і арфаэпіі; лексікі і фразеалогіі (атрымана і прааналізавана 976 прац школьнікаў), у VIII класе (атрымана і прааналізавана 834 працы школьнікаў) - пасля вывучэння маўленча-камунікатыўных паняццяў, марфемнага складу слова, словаўтварэння і марфалогіі.

Узровень засваення фанетыка-арфаэпічных, лексіка-фразеалагічных паняццяў і сфарміраванасці ўменняў выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў у тэкстах выяўляўся з дапамогай заданняў: на вызначэнне семантыкі фанетычна аформленых слоў і іх семантычных сувязей, устаўку слоў у кантэкст, на выяўленне іх сэнсава-стылістычнай ролі ў тэксце.

Пры навучанні марфемнаму складу слова, словаўтварэнню і марфалогіі заданні трансфармаваліся з улікам асаблівасцей граматычнага матэрыялу. Узровень засваення марфемна-словаўтваральных, марфалагічных паняццяў і сфарміраванасці ўменняў выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў у тэкстах выяўляўся з дапамогай заданняў: на вызначэнне семантыкі слоў і граматычнай аформленасці, семантычных і семантыка-граматычных сувязей слова, сэнсава-стылістычнай ролі ў тэксце. Узровень засваення маўленча-камунікатыўных паняццяў выяўляўся з дапамогай тэсту.

Вынікі праведзенага намі канстатуючага эксперыменту ў V і VIII класах агульнаадукацыйных устаноў выявілі і ўдакладнілі найбольш тыповыя маўленчыя недахопы, дапушчаныя не толькі пры навучанні лексіцы і фразеалогіі, але і складу слова, словаўтварэння, марфалогіі, а таксама фактычныя памылкі пры навучанні тэрмінам і паняццям школьнага курса беларускай мовы. Да тыповых маўленчых недахопаў адносяцца:

а) маўленчыя недахопы лексіка-фразеалагічнага ўзроўню:

- падмена вызначэння лексічнага значэння слова перакладам яго на рускую мову (нядзеля - “неделя” замест “сёмы дзень тыдня, агульны дзень адпачынку”);

- няўменне падбіраць сінонімы, антонімы да ўсіх значэнняў мнагазначных слоў (да слова чорны вызначаліся толькі сінонім вараны, антонім белы);

- змяшэнне значэнняў слоў-паронімаў: каларытны - каларыйны, улетку _ летам; гліняны - гліністы;

_ парушэнне лексічнай спалучальнасці (іграць значэнне замест іграць ролю; воўчы хлеб замест зайцаў хлеб; рошчына стравы замест рошчына цеста);.

б) маўленчыя недахопы марфемна-словаўтваральнага ўзроўню:

- няўменне падбіраць аднакаранёвыя словы (у асноўным да спецыфічных для беларускай мовы слоў тыпу праснак, лузанец з-за нявядання іх семантыкі);

- няўменне выяўляць сінанімічныя, антанімічныя, аманімічныя марфемы;

в) маўленчыя недахопы марфалагічнага ўзроўню:

- няўменне вызначаць сэнсава-стылістычную ролю часцін мовы;

- няўменне ствараць сінанімічныя граматычныя канструкцыі, напрыклад, ужываць адзін лад дзеяслова ў значэнні другога (умоўны лад у значэнні загаднага і наадварот); дзеепрыметны зварот замест складанага сказа;

- няўменне выяўляць абстрактнае значэнне і стылістычную афарбоўку службовых часцін мовы.

Да тыповых фактычных памылак пры ўжыванні тэрмінаў і паняццяў школьнага курса беларускай мовы намі былі аднесены: няведанне сутнасці паняццяў “няпарны звонкі/глухі гук”, “зацвярдзелы гук”, “мнагазначнае слова”, “сінонімы”, “антонімы”, “амонімы”, “абстрактнае значэнне марфем”, “сэнсава-стылістычная роля часцін мовы і іх функцыя”, “тэма тэксту”, “кампазіцыя тэксту”, “сродкі сувязі сказаў у тэксце” і няўменне аперыраваць імі.

Як паказалі вынікі аналізу маўленчых недахопаў, зробленых вучнямі V, VIII класаў у пераказах, да найбольш распаўсюджаных адносяцца:

_ змяшэнне значэнняў слоў-амонімаў, у тым ліку міжмоўных: насценны дыван стаяў каля ложка; перад лаўкамі - стол. На стале - ложкі;

_ неразлічэнне паронімаў: беларуская хата з іх (ручнікоў) дапамогай набывае асабістую прыгажосць. Ля сценкі стаялі хросныя.

Знешняе падабенства слоў-паронімаў нярэдка бывае прычынай таго, што іх не размяжоўваюць і блытаюць. З гэтай з'явай патрэбна таксама знаёміць вучняў. У дадзеным выпадку патрабуе тлумачэння прыклад: “Беларуская хата з іх дапамогай набывае асабістую прыгажосць”. Трэба ведаць, што асабісты - які належыць пэўнай асобе, прызначаны для яе; а асаблівы - незвычайны, выключны; трываць - цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць да пэўнага часу; трымаць - 1) узяўшы ў рукі, не даваць выпасці; 2) захоўваць за сабою, утрымліваць у сябе і інш. (усяго 16 значэнняў);

_ русізмы: чудесный (трэба: цудоўны), задумчыва (задуменна), названне (назва), надзежда (надзея), історыя (гісторыя), угнятаць (прыгнятаць), пасуда (посуд), меснасць (мясцовасць), разны (розны), удоль (уздоўж), за ісключэннем (за выключэннем);

_ лексічная неспалучальнасць: прыдаць увагу, іграць значэнне;

_ паўтор адных і тых жа слоў, ужыванне разам з назвай асабовага займенніка: стаіць печ; стаяць кухонныя рэчы; стаяць нары; стаяць шырокія ложкі, шырокія лавы і інш.; Беларусь, яна;

_ ужыванне не да месца эмацыянальна-афарбаванай лексікі: зойдзем у вельмі прыгожую беларускую хатку, якой яна была яшчэ нядаўна; замест нар стаялі шырачэзныя ложкі; стол і лаўкі былі з таўшчэзных дубовых дошак; часам замест нар стаялі шырачэзныя ложкі.

Маўленчыя недахопы з'яўляюцца вынікам няведання тэарэтычнага матэрыялу па лексіцы, семантычнага і функцыянальнага аспектаў тэорыі фанетыкі, словаўтварэння, марфалогіі і абмежаванага актыўнага слоўнікавага запасу. Вучні не валодаюць дастатковай колькасцю ключавых, тэматычна абумоўленых слоў ці спалучэнняў слоў, сінанімічнымі і антанімічнымі паралелямі, вобразна-выяўленчымі моўнымі сродкамі, не ўспрымаюць марфемы як носьбіты абстрактнага значэння, часціны мовы як лексіка-граматычныя і функцыянальныя групы слоў.

У трэцяй главе “Комплексныя метадычныя сродкі ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V - VIII класаў у працэсе навучання беларускай мове” намі быў выяўлены ў працэсе аналізу школьных праграм і падручнікаў па беларускай мове (V - VIII класы) новы змест узбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў: моўныя і маўленча-камунікатыўныя паняцці.

Моўныя паняцці: 1) фанетыка-арфаэпічныя: галосныя, зычныя, звонкія, глухія, няпарныя звонкія, фанетычнае падаўжэнне і інш.; 2) лексіка-фразеалагічныя: агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку, адназначныя і мнагазначныя словы, прамое і пераноснае значэнне слова, сінонімы, антонімы і амонімы, фразеалагізмы і інш.; 3) марфемна-словаўтваральныя: аднакаранёвыя словы, словы з эмацыянальна-ацэначнымі суфіксамі, корань, прыстаўка, суфікс, вытворная аснова і інш.; 4) марфалагічныя: агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, асабовыя, зборныя, рэчыўныя назоўнікі, род, лік назоўнікаў; зваротныя / незваротныя дзеясловы, трыванне, час, лад, асоба дзеяслова; якасныя, адносныя, прыналежныя прыметнікі, ступені параўнання якасных прыметнікаў; колькасныя, парадкавыя, зборныя, дробавыя лічэбнікі; групы займеннікаў паводле значэнняў; дзеепрыметнікі як асобыя формы дзеяслова, дзеепрыметныя звароты, дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану; дзеепрыслоўі як асобыя формы дзеяслова, дзеепрыслоўі незакончанага і закончанага трывання; групы прыслоўяў па значэнні, ступені параўнання прыслоўяў; прыназоўнік як службовая часціна мовы; злучальныя і падпарадкавальныя злучнікі; часціца як службовая часціна мовы і інш.

У праграме па беларускай мове ўказаны маўленча-камунікатыўныя паняцці, якімі павінны авалодаць школьнікі: маналагічнае, дыялагічнае маўленне; вуснае, пісьмовае маўленне; гутарковы, навуковы, публіцыстычны, афіцыйны, мастацкі стылі маўлення; тэма, асноўная думка тэксту; часткі тэксту, абзац; прыметы тэксту (тэматычнае адзінства, спосаб (тып) выкладу думкі, сэнсавая і структурная завершанасць і інш.). Дадзеныя паняцці складаюць маўленча-камунікатыўную аснову ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў.

Аналіз падручнікаў па беларускай мове V - VIII класаў паказаў, што метадычная сістэма ўзбагачэння слоўнікавага запасу пры вывучэнні ўсіх раздзелаў школьнага курса ўключае практыкаванні, якія фарміруюць моўныя, маўленча-камунікатыўныя ўменні: 1) фанетыка-арфаэпічныя: валодаць асноўнымі этычнымі, фанетыка-арфаэпічнымі нормамі і захоўваць іх у вусным маўленні; 2) лексіка-фразеалагічныя: вылучаць агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку; адназначныя і мнагазначныя словы; словы з прамым і пераносным значэннем; карыстацца сінонімамі як сродкам удакладнення і ўдасканалення напісанага; выкарыстоўваць антонімы для характарыстыкі супрацьлеглых з'яў; рэдагаваць уласныя і чужыя выказванні з мэтай пазбегнуць недакладнага, двухсэнсоўнага ўжывання слоў, іх неапраўданага паўтору; перакладаць тэкст на беларускую мову; карыстацца тлумачальным і перакладным слоўнікамі, арыентавацца ў структуры слоўнікавых артыкулаў; 3) марфемна-словаўтваральныя: адрозніваць формы слова і аднакаранёвыя словы; падбіраць да слова аднакаранёвыя; асэнсоўваць у слове значэнне асновы, канчаткаў, прыставак, каранёў, суфіксаў; 4) марфалагічныя: вызначаць сэнсава-граматычную і функцыянальную ролю назоўніка; вызначаць час, трыванне, асобу дзеясловаў, іх сэнсава-стылістычныя і функцыянальныя магчымасці; сэнсавыя магчымасці дзеясловаў абвеснага, умоўнага і загаднага ладоў; ужываць дзеясловы ў прамым і пераносным значэнні; карыстацца дзеясловамі-сінонімамі і дзеясловамі-антонімамі; ужываць сінанімічныя формы адных часоў, асоб і ладоў у значэнні другіх; сінанімічныя формы і звароты тыпу аглядаць - рабіць агляд, хлеб пахне - пахне хлебам і інш.; знаходзіць прыметнікі ў тэксце і вызначаць іх сэнсава-граматычную і функцыянальную ролю; правільна ўжываць у колькасна-іменных спалучэннях з лічэбнікамі, якія абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага полу (механік, заатэхнік, дырэктар), у спалучэнні з назоўнікамі агульнага роду (плакса, сірата), са складанаскарочанымі назоўнікамі; карыстацца лічэбнікамі пры абазначэнні даты, свята, прыблізнай колькасці; вызначаць у тэксце сэнсава-граматычную і фунцыянальную ролю займеннікаў; выкарыстоўваць асабовыя займеннікі ў адпаведнасці з этычнымі нормамі; вызначаць сэнсава-граматычную, стылістычную і функцыянальную ролю дзеепрыметнікаў у тэкстах; замяняць пры перакладзе тэкстаў неўласцівыя беларускай мове дзеепрыметнікі; пераказваць тэксты, карыстаючыся сінанімічнымі варыянтамі дзеепрыметных зваротаў, вызначаць у іх сэнсавыя адрозненні; вызначаць сэнсава-граматычную ролю дзеепрыслоўяў; карыстацца сінанімічнымі варыянтамі дзеепрыслоўяў і дзеепрыслоўных зваротаў, выяўляць сэнсавыя адрозненні; вызначаць сэнсава-граматычную ролю прыслоўяў у мове, карыстацца прыслоўямі-сінонімамі і прыслоўямі-антонімамі; карыстацца прыназоўнікамі-сінонімамі; правільна падбіраць злучнікі (у адпаведнасці са значэннем і стылістычнай афарбоўкай) і ўжываць у сваім маўленні; правільна выкарыстоўваць часціцы ў пытальных і пабуджальных сказах; 5) маўленча-камунікатыўныя: асэнсоўваць маўленча-камунікатыўныя паняцці; умець вызначаць тэму і асноўную думку; дзяліць тэкст на часткі; выяўляць тып тэксту; ствараць тэкст па структурна-кампазіцыйных схемах апавядання, апісання, разважання; адрозніваць і ствараць тэксты розных стыляў; валодаць этычнымі нормамі маўлення.

Аднак у школьных падручніках па беларускай мове V - VIII класаў адсутнічаюць у дастатковай колькасці практыкаванні на: 1) вызначэнне семантыкі слоў, словаформаў; 2) засваенне моўных, маўленча-камунікатыўных паняццяў і тэрмінаў; 3) групоўку марфем, слоў, словаформаў па пэўных лексічных, лексіка-граматычных прыметах; 4) асэнсаванне іх спалучальных магчымасцей; 5) выяўленне асаблівасцей функцыянавання марфем, слоў, словаформаў у тэкстах розных стыляў.

У адпаведнасці з сістэмна-функцыянальным, камунікатыўна-дзейнасным падыходамі да арганізацыі навучання беларускай мове намі былі вылучаны прынцыпы ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў: 1) узбагачэнне слоўніка вучняў на аснове спасціжэння семантыкі і граматычнай аформленасці слоў; 2) узбагачэнне слоўніка вучняў на аснове ўсведамлення сістэмных сувязей лексіка-семантычнага, лексіка-граматычнага ўзроўняў; 3) узбагачэнне слоўніка вучняў на аснове спалучальнасці слоў.

Пры навучанні мове на аснове сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага падыходаў фарміруецца моўная і маўленча-камунікатыўная кампетэнцыя вучняў.

У плане фарміравання моўнай кампетэнцыі задачы ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў заключаюцца ў авалоданні сутнасцю, узаемасувязямі (лексічнымі, лексіка-граматычнымі) моўных паняццяў, здольнасці імі карыстацца ў розных відах маўленча-камунікатыўнай дзейнасці.

У плане фарміравання маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі задачы ўзбагачэння слоўнікавага запасу зводзяцца да ўвядзення ў актыўны слоўнік вучняў маўленча-камунікатыўных паняццяў, выпрацоўкі на іх аснове маўленча-камунікатыўных уменняў, неабходных для стварэння тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў з адпаведнай лексікай, вобразна-выяўленчымі сродкамі мовы.

Багаты слоўнікавы запас - неад'емная частка і ўмова моўнага і маўленча-камунікатыўнага развіцця вучня. Таму ўзбагачэнне слоўнікавага запасу з'яўляецца асноўным патрабаваннем школьнай праграмы па беларускай мове і ў сувязі з гэтым важнейшым напрамкам у рабоце настаўніка. Моўнае і маўленча-камунікатыўнае развіццё школьнікаў мае наступныя ўзроўні: вербальна-семантычны (актыўны слоўнік школьнікаў); лінгвакагнітыўны (тэзаўрус школьнікаў); прагматычны, або матывацыйны (камунікатыўна-дзейнасныя патрэбнасці школьнікаў).

Таму ў працэсе авалодання словам намі ўмоўна вылучаны вербальна-семантычны, тэзаўрусны і прагматычны ўзроўні ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў. У сувязі з вылучанымі ўзроўнямі аснову сістэмы работы па ўзбагачэнні слоўніка вучняў складаюць тры тыпы практыкаванняў. Вербальна-семантычныя практыкаванні накіраваны на выяўленне семантыкі слоў, авалоданне моўнымі і маўленча-камунікатыўнымі паняццямі (сінонімамі, антонімамі, амонімамі, мнагазначнымі, аднакаранёвымі словамі, сродкамі сувязі слоў у сказах і інш.). Тэзаўрусныя практыкаванні накіраваны на навучанне практычнаму выкарыстанню моўных і маўленча-камунікатыўных паняццяў на ўсіх узроўнях школьнага курса беларускай мовы для стварэння звязных выказванняў (складанню сінанімічных радоў, антанімічных пар, лексіка-семантычных, лексіка-граматычных і тэматычных груп слоў, асэнсаванню сістэмных сувязей лексіка-семантычнага, лексіка-граматычнага ўзроўняў, ужыванню слоў у словазлучэннях, сказах). Прагматычныя практыкаванні накіраваны на забеспячэнне камунікатыўных патрэбнасцей школьнікаў: стварэнне са словамі тэкстаў розных тыпаў, стыляў, адбор адпаведнай лексікі, моўных сродкаў для той ці іншай сітуацыі маўлення, параўнанне сітуацый маўлення, тыпаў, стыляў, вызначэнне іх моўных адрозненняў.

...

Подобные документы

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.