Беларуская мова, прафесійная лексіка

Мова і соцыум, гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы. Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі. Функцыянальныя стылі беларускай мовы, граматычныя асаблівасці навуковага стылю. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 13.08.2014
Размер файла 131,8 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

паланізмы: моц, скарб, гузік, палац, хцівы, блакітны, агрэст, кабета, літасць, тлусты, млын;

з украінскай мовы: бадзёры, забабоны, плюгавы, журыцца, чупрына;

русізмы: азнаменаваць, вінтоўка, мясарубка, саратнік, чарцёж;

Запазычаныя словы з неславянскіх моў:

грэцызмы: акадэмія, кафедра, камедыя, геаметрыя, космас, фантазія, бібліятэка;

лацінізмы: аўтар, акцёр, дэкан, дырэктар, інспектар, прафесар, гумар, тэрмін, цэнтр, атэстат;

германізмы: жабрак, майстар, слесар, швагер, варта, рота, гандаль, ганак, ланцуг, лямпа, труна, шафа, фальварак, цукар, гафт, коўдра, цэгла, футра, барва;

з французскай мовы: абажур, абсурд, акварэль, афіша, апарат, бюро, бламанжэ;

англіцызмы: байкот, бар, баскетбол, бокс, біфштэкс, долар, танк, фільм, трэнер;

з італьянскай і іспанскай мовы: акорд, арыя, бас, віла, капэла, купал, кампазітар, фантан;

са скандынаўскіх моў: акула, вікінг, нарты, сані, тундра, якар.

Асноўныя прыкметы запазычаных слоў

Наяўнасць у слове літары ф: фарба, фабрыка.

Пачатковая галосная о, э, а : Эма, ода, атака.

Спалучэнне ге, ке, хе ў корані слоў: агент, схема, кельма.

Спалучэнне бю, кю, вю, мю, пю, фю ў корані: бюро, кювет, рэвю, камюніке, капюшон, фюзеляж.

Спалучэнне галосных у корані (ау, іо, ыо, еа, эа, іё, ыё): ідэал, Трыо, геаметрыя, аул і г. д.

Цвёрдасць зычных д, т у спалучэннях дэ, тэ, ды, ты: дэтэктыў, тэатр, дыплом, дэкаратар.

Прыстаўкі -а-, -анты-, -архі-, -контр-, -рэ-, -дэ-, -дыс-, -амфі-: амаральны, антыцыклон, рэфармацыя і г. д.

Суфіксы --ізм-, -ызм-, -іст-, -ыст-, -ір-, -ыр: арганізм, капіраваць, сацыяліст.

Наяўнасць у слове спалучэнняў -ум, -ус, -юс: подыум, конус, полюс.

Наяўнасць спалучэнняў зычных -дл-, -тл-, -шт-, -шп-: вяндліна, тлусты, штаб, шпрыц.

Наяўнасць спалучэнняў -ен-, -ён-, -эн-: маёнтак, енк, пэндзаль.

Прыток запазычанай лексікі непазбежны, як непазбежны зносіны розных народаў і краін. За кошт запазычанняў пашыраюцца сінанімічныя рады і актывізуецца тэрмінаўтварэнне. Ужыванне запазычаных слоў павінна быць апраўдана. У большасці сваёй запазычаныя кніжныя словы зусім не абавязковыя ў бытавых моўных зносінах. У беларускай літаратурнай мове шмат запазычанняў з рускай мовы. Да іх трэба падыходзіць з тымі ж патрабаваннямі, што і да ўсякіх іншых запазычанняў: “…з двух блізкіх слоў, запазычанага і роднага, лепшае тое , якое дакладней выражае паняцце” (В. Бялінскі). У газеце чытаем: “Яны, дзве маладыя і бадзёрыя дзяўчынкі, таропяцца да кароўніка”. У гэтым сказе не апраўдана ўжыты русізм “таропяцца”. У беларускай мове ёсць цудоўны адпаведнік “ спяшаюцца”. Засмечаная русізмамі мова атрымала назву “трасянка”. Неапраўданае змяшэнне рускай і беларускай лексікі ўспрымаецца як паказчык нізкай моўнай культуры.

ЛЕКЦЫЯ 10. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання

Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання. Агульнаўжывальная лексіка.

Лексіка абмежаванага ўжывання. Дыялектызмы.

Спецыяльная лексіка. Тэрміны. Прафесіяналізмы.

Размоўна-бытавая лексіка.

Асноўныя паняцці: дыялектызм, тэрмін, прафесіяналізм, табу, жаргон, арго.

1. Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання. Агульнаўжывальная лексіка

Аснову мовы складаюць усім добра вядомыя словы, якія ўваходзяць у лексікон кожнага чалавека. Гэта агульнаўжывальныя словы. Да іх можна аднесці такія словы, як “заўтра, каляндар, маці, краіна, ён, дрэва, прыгожы” і г. д. У процівагу ім існуюць словы, якімі карыстаюцца не ўсе, толькі некаторыя носьбіты мовы, якія жывуць у межах пэўнай тэрыторыі або ўтвараюць замкнутую сацыяльную ці прафесіянальную групу. Такія словы складаюць лексіку абмежаванага ўжывання: дыялектную, спецыяльную, размоўна-бытавую.

2. Дыялектная лексіка

Дыялектная лексіка (дыялектызмы) абмежавана тэрыторыяй ужывання. Вылучаюць наступныя дыялектызмы:

уласналексічныя;

этнаграфічныя;

семантычныя;

фанетычныя;

граматычныя;

словаўтваральныя.

Уласналексічныя дыялектызмы - гэта тыя назвы з'яў, прадметаў, для абазначэння якіх у літаратурнай мове ўжываюцца словы з іншай асновай, напрыклад: пасталы `лапці', гала `прастора'.

Этнаграфічныя дыялектызмы - назвы прадметаў, з'яў, якія не маюць адпаведніка ў літаратурнай мове: бодня `вялікая бочка', кабат `жаночае адзенне без рукавоў'.

Семантычныя - агульнанародныя словы, якія ўжывацца ў пэўнай мясцовасці з іншым значэннем, чым у літаратурнай мове: чалавек `муж', гуска `белая лілея', пушыцца `дзьмуцца'.

Фанетычныя - словы, што адлюстроўваюць фанетычныя асаблівасці пэўнай гаворкі: болото, забуў, штрап.

Граматычныя - такія словы, што адлюстроўваюць граматычныя асаблівасці дыялекту: хадзіцьму (форма будучага часу, літаратурная - буду хадзіць), ходзя (форма 3-й асобы адз. л. 2-ога спр.), смяяліса (зваротная форма дзеялова з постфіксам -са, у літаратурнай мове постфікс -ся, смяяліся), жывець (форма 3-яй асобы адз. л. 1-ага спр.).

Словаўтваральныя дыялектызмы - словы, якія адрозніваюцца ад адпаведных літаратурных словаўваральнымі сродкамі: настольніца - настольнік (літ.), вобуй - абутак (літ.), жаўранак - жаваранак (літ.).

3. Спецыяльная лексіка. Тэрміны. Прафесіяналізмы

Да спецыяльнай лексікі адносяць словы, якія ўжываюць і разумець людзі пэўнай спецыяльнасці. Гэтыя словы ўключаюць тэрміналагічную і прафесійную лексіку.

Тэрмін (лац. terminus `канец, мяжа') - гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў, напрыклад: менеджмент `кіраванне вытворчасцю; сукупнасць прынцыпаў, метадаў, сродкаў і форм кіравання вытворчасцю', гідрат `злучэнні рэчываў з вадой, напрыклад, медны купарвас `. Тэрмін - спецыяльнае паняцце, якое ўзнікае ў пэўнай галіне навукі, тэрмін - імя гэтаму паняццю. Асаблівасцю тэрмінаў з'яўляецца тое, што значэнне звычайнага слова можа быць растлумачана, а сутнасць тэрміна павінна быць максімальна вызначана. У тэрмінах заключаецца “максімальна дакладнае, канцэнтраванае, эканамічнае выражэнне тых агульных і прыватных паняццяў, з якімі спалучана навуковая і тэхнічная дзейнасць чалавека”. Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі называецца тэрміналогіяй. Слова “тэрміналогія” мае два асноўныя значэнні:

сістэма тэрмінаў адной галіны навукі, тэхнікі, мастацтва;

сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы.

Так, можна гаварыць аб біялагічнай, лінгвістычнай, правазнаўчай, эканамічнай, матэматычнай і іншых тэрміналогіях. Тэрміны патрабуць спецыяльнай падрыхтоўкі ў пэўнай галіне навукі, тэхнікі, культуры, яны зразумелыя толькі тым, хто вывучае, займаецца, працуе ў гэтай сферы. Прафесійная падрыхтоўка патрабуе авалодвання тэрмінамі. Для бухгалтара важна ведаць сутнасць тэрмінаў “дэпазіт, калькуляцыя, дэбет” ; для механіка - “кампрэсар, акумуляцыя” і г. д. Тэрмін валодае шэрагам асаблівасцей. Адназначнасць тэрміна. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы і тэхніцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць адзін тэрмін. Напрыклад, у матэматыцы тэрмін “каардынатная прамая” абазначае `прамая з выбранымі на ёй пачаткам адліку, адным адрэзкам і накіраваннем'; у хіміі, біялогіі тэрмін “адсорбцыя” - `паглынанне часціц газу ці растворанага рэчыва паверхневым слоем вадкага ці цвёрдага рэчыва'. Паколькі мнагазначнасць шырока прадстаўлена ў агульнай лексіцы, то яна (мнагазначнасць) знаходзіць распаўсюджанне і ў тэрміналогіі.

Асабліва яна назіраецца сярод дзеясловаў як больш абстрактных слоў: заключыць - 1)'здзейсніць здзелку', `ажыццявіць дагавор'; 2)'спыніць выступленне', `абагуліць'. Навука і тэхніка імкнецца пазбегнуць мнагазначнасці ў тэрміналогіі. У пэўных выпадках назіраецца тэндэнцыя дыферэнцыяцыі шляхам суфіксальных утварэнняў ці ўжывання розных граматычных форм. Тэрмін “дэпанент” мае два значэнні: 1)'укладчык дэпазіту', 2)'асоба, якой належыць грашовая сума, не выплачаная прадпрыемствам або ўстановай з якіх-небудзь прычын у вызначаны час. Каб пазбегнуць мнагазначнасці, са значэннем 'укладчык дэпазіту' выкарыстоўваецца тэрмін “дэпазітар”, а тэрмін “дэпанент” - са значэннем `асоба, якой належыць грашовая сума'.

Тэрмін характарызуецца адсутнасцю экспрэсіі, эмоцый. Іншы раз тэрміны шырока ўжываюцца ў паўсядзённым жыцці і зразумелы насельніцтву - гэта агульназразумелыя тэрміны: эпідэмія, банк.

Прафесійная лексіка (прафесіяналізмы) блізкія да тэрмінаў; розніца ў тым, што тэрмін - афіцыйная назва, узаконеная ў пэўнай галіне навукі ; прафесіяналізм - слова, распаўсюджанае пераважна ў гутарковай мове, сярод людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці: у шафёраў - “баранка”, у газетчыкаў - “ляп” (памылка), “паласа” (старонка газеты), “падвал” (ніжняя часка паласы газеты).

Цікава ведаць (з гісторыі тэрміналогіі): тэрміналагічная лексіка беларускай нацыянальнай літаратурнай мовы пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. Яе склад вызначаецца зместам нешматлікіх кніг і брашур вучэбнага і навукова-папулярнага характару, што з'явіліся яшчэ ў дарэвалюцыйны час на беларускай мове пасля абвяшчэння царызмам так званага “закона аб свабодзе друку”, і зместам розных артыкулаў, якія публікаваліся на старонках беларускіх газет і часопісаў таго часу. Словы і словазлучэнні, што ўжываліся для абазначэння паняццяў, мелі агульнаўжывальны характар, аднак паступова акрэсліваліся такія прыкметы тэрмінаў, як адназначнасць, сістэмнасць арганізацыі тэрмінаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі задача стварэння беларускай тэрміналогіі была аб'яўлена адной з першачарговых, і ў 1924 годзе пачалася свядомая, мэтанакіраваная тэрмінатворчасць. Галоўны прынцып дзейнасці Навукова-тэрміналагічная камісія вызначыла так: “ Што тычыцца самога характару тэрміналогіі, то ў аснову яе браліся словы, якія існавалі ў жывой народнай мове…” Але паколькі народная лексіка ўсё ж заставалася тэматычна абмежаванай і неўнармаванай, то гэта прадвызначыла шырокую дублетнасць і варыянтнасць тэрмінаў, незразумеласць семантычных сувязей паміж тэрмінамі, праектны характар першых тэрміналагічных слоўнікаў. Кіруючымі напрамкамі ў вызначэнні шляхоў развіцця беларускай мовы былі названы: арыентацыя на ўласнабеларускія лексічныя і словаўтваральныя сродкі, пераасэнсаванне семантыкі слоў, паглыбленне ў рэсурсы тэрытарыяльных дыялектаў. Аб гэтым пісалі Я. Лёсік “Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы” (1924), С. Некрашэвіч “Да пытаньня аб укладаньні слоўніка жывой беларускай мовы” (1925).

4. Размоўна-бытавая лексіка

Размоўна-бытавая лексіка ўжываецца пераважна ў размоўным стылі, хаця многія яе словы блізкія да агульнаўжывальных і сустракаюцца ва ўсіх стылях. У беларускай літаратурнай мове, якая склалася на аснове жывых народных гаворак, рэзкую мяжу паміж агульнаўжывальнымі і размоўна-бытавымі словамі наогул правесці вельмі цяжка.

Напрыклад :

размоўныя :

агульнаўжывальныя:

галёкаць

крычаць

засівіць

забяліць

згадка

успамін

зглуміць

сапсаваць

згрызота

перажыванні

лайдак

лодар

скокі

танцы

Многія размоўна-бытавыя словы ўжываюцца ў мастацкім стылі, у публіцыстычным. Найбольш экспрэсіўнай разнавіднасцю размоўнай лексікі з'яўляецца прастамоўная. Гэта стылістычна зніжаныя словы: валацуга, выперці, жлукціць, гніда, змікіціць. Прастамоўныя словы і выразы часцей маюць адмоўнае значэнне, яны ўжываюцца са спецыяльнай стылістычнай устаноўкай - для надання тэксту гумарыстычнай або іранічнай афарбоўкі:

Ды перабраў тут дзядзька меру:

На слуп узбіўся, на халеру,

Ды так аб падлу штурхануўся,

Што свет яму перавярнуўся…

Я. Колас “Новая зямля

У размоўна-бытавую лексіку ўваходзяць таксама жарганізмы ( фр. jargon `умоўная гаворка') - гэта сукупнасць лексічных асаблівасцей якога-небудзь кола людзей, аб'яднаных агульнымі інтарэсамі, сумесным дзеяннем. Большасць жаргоннай лексікі - экспрэсіўна афарбаваныя словы. У наш час жаргонныя словы сустракаюцца ў мове школьнікаў, студэнтаў, напрыклад: зазубрыць, кол, пара, засыпацца, хвост, продкі, жалезна, шпора. Да жарганізмаў належаць умоўныя словы і назвы, якія бытуюць у асяроддзі прадстаўнікоў розных прафесій і сацыяльных груповак. Гэта так званыя аргатызмы - засакрэчаны, тайны жаргон, які вядомы толькі вузкаму колу людзей ( знахараў, шаптуноў, злодзеяў).

Аргатызмамі трэба лічыць таксама лаянкавыя словы, шматлікія скарочаныя і спрошчаныя фармулёўкі, распаўсюджаныя сярод людзей, якія не сочаць за сваёй мовай, фанабэрацца “моднымі” слоўцамі, накшталт “сіла”, “стыльна”, “законна”, “жалезна”. У апошні час вылучаюць табуістычную лексіку(ад слова “табу” - `строгая забарона') як разнавіднасць жарганізмаў. Гэта найбольш грубыя лаянкавыя словы, якія абражваюць чалавека; распаўсюджаны сярод людзей нявыхаваных, няўстойлівай псіхікі. Жаргонная лексіка засмечвае літаратурную мову і не мае права існаваць у ёй. Яны зрэдку сустракаюцца пры апісанні пэўных сацыяльных з'яў, для моўнай характарыстыкі асобных персанажаў.

ЛЕКЦЫЯ 11. Шляхі і крыніцы фарміравання беларускай навуковай тэрміналогі

1.Тэрміны вузкаспецыяльныя і міжнавуковыя. Тэрміны-інтэрнацыяналізмы.

2.Адаптацыя запазычаны тэрмінаў у беларускай мове.

3.Аманімія, сінанімія, антанімія ў тэрміналагічнай лексіцы.

4.Асаблівасці перакладу тэрмінаў з рускай мовы на беларускую.

Асноўныя паняцці: тэрміны-інтэрнацыяналізмы, інтэрнацыянальныя словаўтваральныя сродкі, адаптацыя лексем; аманімія, сінанімія, антанімія тэрмінаў; транскрыпцыя і транслітарацыя.

1. Тэрміны вузкаспецыяльныя і міжнавуковыя. Тэрміны-інтэрнацыяналізмы

Тэрміны могуць быць вузкаспецыяльныя і міжнавуковыя (агульнанавуковыя). Вузкаспецыяльныя разумеюць і ўжываюць толькі спецыялісты: суфіксоіды `элементы слова, якія па сваёй ролі набліжаюцца да суфіксаў'; люмінафоры `рэчывы, што выклікаюць свячэнне'. Міжнавуковыя тэрміны ўжываюцца ў працах розных галін ведаў: сінтэз, гіпотэза, планаваць.

У беларускай мове тэрміны паводле паходжання можна падзяліць на ўласныя і іншамоўныя. Сярод іншамоўных тэрміны-інтэрнацыяналізмы займаюць значнае месца ў беларускай навуковай тэрміналогіі. Часцей за ўсё гэта словы з грэчаскай ці лацінскай моў: амонімы (грэч.homos `аднолькавы'+ onyma `імя' - homonyma); апліката (лац. applicata `прылеглая, сумежная'); вібратар (лац. vibrare `дрыжаць'); фанатэка (грэч. phone `гук'); плазматрон (лац. plasma `фізічнае рэчыва ў моцна іанізаваным стане, прычынай можа служыць высокая тэмпература ці сутыкненне часціц газу з хуткімі электронамі' + (элек)трон `генератар' - газаразрадны прыбор для атрымання “нізкатэмпературнай” плазмы.

Даволі часта ўжываюцца іншамоўныя (інтэрнацыянальныя) сродкі ўтварэння тэрмінаў:

прыстаўкі: анты-`супраць' (грэч.) антываенны, архі-`галоўны' (грэч.) архіважны, інтэр- 'паміж' (лац.), супер-`звыш' (лац.) супергульня, суб- `пад' (лац.) субінспектар, экс- `былы' (лац.) экс-прэзідэнт, дэ-`адмена' (лац.) дэмаралізацыя, ды-`два' (грэч.) дыграф, віцэ-`замест, намеснік' (лац.) віцэ-адмірал, бі- `два' (лац.) біквадратны, дэз- `знішчэнне' (фр.) дэзінфармацыя;

суфіксы: -ізм- (байранізм, дарвінізм), -іст-, -тар- (дэбітар, аўдытар);

словаўтваральныя фарманты: -ацыя (канцэнтрацыя),-лог/логія (біялогія), -фон (мікрафон), мікра `малы' (мікракосмас), макра `вялікі' (макраэканоміка), біё `жыццё' (біёлаг), тэле `далёка' (тэлеаб'ектыў), гідра `водны' (гідрастанцыя), аэра `паветраны' (аэрадынаміка), ультра `далей, зверх' (ультрагук).

2. Адаптацыя запазычаных тэрмінаў у беларускай мове

Апошнія дзесяцігоддзі 20-га і пачатку 21-га стст. характарызуюцца значным папаўненнем лексікі сучаснай беларускай мовы запазычаннямі. У першую чаргу гэты працэс тлумачыцца пазамоўнымі фактарамі - кардынальнымі пераўтварэннямі ў жыцці грамадства, развіццём навукі, тэхнікі. У беларускай мове проста адсутнічаюць адпаведныя словы, якія існуюць у мове-крыніцы; часцей за ўсё гэта звязана з адсутнасцю паняццяў, вызначаных і названых пэўнымі тэрмінамі ў мове-крыніцы. Адметныя асаблівасці запазычвання тэрмінаў:

пісьмовы шлях пранікнення запазычаных тэрмінаў;

свядомае ўздзеянне на працэс запазычвання (хоць ёсць магчымасць планамернага і заканамернага фарміравання тэрміналогій);

стан развіцця і ўжывання нацыянальнай мовы;

роля моў-суседак (у прыватнасці, праз рускую мову ідзе запазычванне ў беларускую);

пранікненне запазычаных слоў у старабеларускую мову, а затым у сучасную беларускую мову (пульс, рэцэпт, кмін, лілея, пальма).

У складзе розных тэрмінасістэм беларускай мовы выкарыстоўваюцца запазычанні з:

- лацінскай мовы: аўдыт, аўкцыён, абсорбцыя, адсарбент, аргумент;

- грэчаскай мовы: метафара, гіпс, ідэя, аналогія, гіпатэнуза;

- нямецкай: біржа, валюта, рэнтабельны, кварцавы, вінт, дросель, муфта, вентыль;

- французскай: бюджэт, акцыя, бетон, брыкет, кабіна, эксплуатацыя, рэле, жанр, кантраст, мантаж, сюжэт;

- італьянскай: мецца-сапрана, санет, гальванічны, фірма, сальда, банк, мафія;

- англійскай мовы: бізнес, бартэр, ваўчар, маркетынг, менеджмент, блок, ралі, фарсунка, тэкст, фальклор.

У сённяшнім постіндустрыяльным грамадстве роля інфармацыйных тэхналогій надзвычай важная. Менавіта ў галіне камунікацый і новых тэхналогій наглядаецца вялікая колькасць слоў з англійскай мовы (англіцызмы і амерыканізмы `запазычанні з амерыканскага варыянта англійскай мовы'). Галоўная праблема звязана з засваеннем новых слоў беларускай мовай. Хуткасць развіцця інфармацыйных тэхналогій выклікае масавыя запазычанні, якія або не фіксуюцца ў слоўніках, або адлюстроўваюцца з парушэннем арфаграфічных і арфаэпічных норм. Пры запазычванні слоў-тэрмінаў адбываецца іх частковае падпарадкаванне законам беларускай мовы, адбываецца адаптацыя слоў, якая ўключае:

1) гукі [ж, дж, р, ц, ч, ш,] вымаўляюцца цвёрда і ў арфаграфіі запісваюцца як зацвярдзелыя: брыкет, джоўль;

2) гук [г] фрыкатыўны: маркетынг;

3) пераход о,э - а (аканне): геаметрыя, канцэнтрацыя;

4) частковы пераход д - дз' (дзеканне): дзюбель, дэтэктыў;

5) частковы пераход т - ц' (цеканне): карацін, пекцін, але аўдытар, тэрмометр;

6) змяненне граматычных форм пад уздзеяннем законаў беларускай граматыкі: драма, тэарэма ( у грэч. мове - ніякі род; у бел. мове - жаночы род); эліпсіс, сепсіс ( у грэч. мове - жаночы род, у бел. мове - мужчынскі род);

7) змяненне марфемнай структуры: конус, бонус (у лац. мове - муж. род) - конус, бонус (у бел. мове) або cursus - курс; рroduktus - прадукт (канчатак us страчваецца); акварыум, дэндрарыум (um - былы лацінскі канчатак); vexillum, decretum, ellementum - вексель, дэкрэт, элемент (канчатак знік);

8) пераход у (складовага) - ў (нескладовае) пасля галоснай: роўмінг, ноўтбук;

9) адсутнасць падаўжэння ў іншамоўных лексемах: банер;

10) праяўленне пабочнага націску; некаторыя запазычаныя словы з'яўляюцца складанымі (ці з'яўляюцца ўстойлівымі спалучэннямі і ўяўляюць сабой адно фанетычная цэлае): он-лайн (англ. on- line, ад on'на' + line'лінія'). Асноўны націск перамясціўся на апошні склад.У гэтым выпадку ў першым складзе праяўляецца пабочны націск: он-лайн.

11) у беларускай мове англійскія словы набываюць катэгорыю склону: канцэрн (-а, -у, -ам, -е), эскалацыя, дысплей, сайт. Ёсць выпадкі, калі форма не змяняецца: інтэрв'ю, мультымедыя.

У сувязі з гэтым існуюць фанетыка-графічныя варыянты засваення запазычаных слоў (лексем), але гэта натуральны працэс, уласцівы кожнай мове. Якія прычыны ўзнікнення варыянтаў?

1.Уплыў моў-пасрэднікаў, у прыватнасці, рускай мовы. Так, у слове ”Інтэрнет” ужыванне галоснай е для абазначэння цвёрдасці н не адпавядае беларускаму вымаўленню і звязана з пасрэдніцтвам рускай мовы; больш правільна будзе ўжываць э. Тое ж можна сказаць аб словах “дысплей, пейджэр.

2.Розныя спосабы перадачы запазычанняў: транскрыпцыя - гукавая перадача іншамоўнай лексікі сродкамі прымаючай мовы; транслітарацыя - палітарная перадача слова: англ. browser - (спосаб транскрыпцыі)браўзер, (спосаб транслітарацыі) броўзер; англ. computer - (спосаб транскрыпцыі) камп'ютэр, (спосаб транслітарацыі) кампутэр.

3. Аманімія, сінанімія, антанімія ў тэрміналагічнай лексіцы

Тэрміны ў пэўнай тэрмінасістэме могуць уступаць у сінанімічныя, антанімічныя, аманімічныя адносіны. Сінанімічныя тэрміны характарызуюць аднолькавыя паняцці: фіцінг, муфта `дэталь, пры дапамозе якой злучаюцца пры разьбе трубы'; ахраматызм, дальтанізм `здольнасць аптычнай сістэмы не раскладаць светлавога праменя на састаўныя колеры пры пераламленні'; калумбіт, ніабіт `мінерал класа вокісаў і гідравокісаў чорнага або буравата-чорнага колеру; руда ніобію'.

Тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці. Амаль у кожнай галіне навукі, тэхнікі выдзяляюць антонімы: актыў - пасіў, лізіс 'растварэнне, аслабленне' - крызіс `паваротны пункт, рэзкі пералом'; монасемія - полісемія; бедная руда - багатая руда; вадкае паліва - цвёрдае паліва; пункт замярзання - пукт кіпення; жорсткая вада- мяккая вада; насычаныя растворы - ненасычаныя растворы; растваральныя рэчывы - нерастваральныя рэчывы; упускны клапан - выпускны клапан; закрыты фланец - адкрыты фланец; мантаж - дэмантаж; камфорт - дыскамфорт; плаўкі электрод - няплаўкі электрод і г. д. Няцяжка заўважыць, што антанімічнасць ствараецца дзякуючы розным словам з супрацьлеглым паняццем; дзякуючы выкарыстанню антанімічных прэфіксаў, антанімічных асноў (дробназярністы - буйназярністы); наяўнасці прэфікса з адмоўным значэннем у адной лексеме і адсутнасцю яго ў другой.

Аманімія тэрмінаў узнікае пры распадзе полісеміі, ці калі мнагазначнае слова ў выніку разыходжання значэнняў утварае аднолькавыя па гучанні, але розныя па значэнні словы-тэрміны. Такія тэрміны належаць розным тэрмінасістэмам, у выніку назіраецца міжнавуковая аманімія:

марфалогія (ад грэч. morphe `форма' і logos `слова, вучэнне') - у лінгвістыцы - раздзел граматыкі, які вывучае формы слоў; у біялогіі - навука аб форме і будове чалавека і жывёл; у батаніцы - навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін;

грэбень (тэх., агранам., гідраўл.);

хобат (анатам., тэх.);

абарачальнасць (эканам., хім.);

матрыкс (лац. matriks `аснова') - у біялогіі - дробназярністае рэчыва, якое запаўняе ўнутрыклетачныя структуры і прасторы паміж імі; у паліграфіі - адзін са сродкаў вырабу эластычных форм высокага друку;

дэльта `нізіна ў вусці ракі, прарэзаная вялікай колькасцю рукавоў і пратокаў' (геаграф.); у лінгвістыцы - `чацвёртая літара грэчаскага алфавіта'; у фізіцы, хіміі - `абазначэнне аднаго са станаў рэчыва, напрыклад, дэльта-жалеза'(гэта адзін са станаў жалеза, у якім яно знаходзіцца пры t ад 1401 да 1528; не магнітнае; растварае вуглярод).

4. Асаблівасці перакладу тэрмінаў з рускай мовы на беларускую

Галоўная задача пры перакладзе тэкстаў навуковага стылю з рускай мовы на беларускую заключаецца ў наступным:

- перакладаць неабходна не кожнае слова паасобку, а ў кантэксце, каб тэкст быў дакладным і мілагучным, каб кожны тэрмін адпавядаў свайму паняццю;

- неабходна памятаць, што вялікая колькасць слоў-тэрмінаў запазычана і яшчэ не канчаткова адаптавана ў беларускай мове; асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на выключэнні ў правапісе ў; е, ё - я; о, э - а; падоўжаных зычных; д - дз' і т - ц'; у большасці выпадкаў іншамоўныя словы выступаюць як выключэнні;

- тэрміны, як і агульнаўжывальныя словы, у большасці выпадкаў падпарадкуюцца законам беларускай граматыкі: скланяюцца (біржа - біржай, ліцэнзія - ліцэнзіяй), спрагаюцца (фрахтаваць - фрахтую `від арэнды (судна, самалёта)', утвараюць ступені параўнання (больш актуальна), але ў выпадку з прыметнікамі, дзеепрыметнікамі ёсць свае асаблівасці: у беларускай мове пераважаюць поўныя формы прыметнікаў (падаткавая, камерцыйнае); дзеепрыметнікі ўжываюцца ў поўнай і кароткай форме (зроблена, даследавана, даследаваная), але зусім адсутнічаюць зваротныя формы на -ся: параўнаем, вращающийся (рус.) - які варочаецца (бел); у дзеепрыметнікаў таксама абмежавана ўжыванне суфіксаў -уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ем-, -ім-, -ўш-, -ш- (кіруючыя органы, кіруемы); найбольш ўжывальныя суфіксы -ен-, -ан-, -н-, -т-, -л- (запраграмаваная, выпечаная, падагрэтая). Пры перакладзе дзеепрыметнікаў можна ўжыць блізкія па значэнні прыметнікі, дзеясловы, назоўнікі.

Пры перакладзе тэрмінаў не трэба забывацца на такую з'яву, як моўная інтэрферэнцыя. Неабходна ўлічваць адрозненні беларускай і рускай моў на ўсіх узроўнях: фанетычным, арфаграфічным, марфалагічным, сінтаксічным.

ЛЕКЦЫЯ 12. Лінгвістычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі

1.Тэрмінасістэмы (эканамічна-бухгалтарская, фізіка-тэхнічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая і г. д.).

2.Патрабаванні да тэрмінаўжывання.

3.Лексічныя, семантычныя, граматычныя асаблівасці тэрміналогіі.

4.Асаблівасці выкарыстання разам з тэрмінам сімвалаў, лічбаў.

Асноўныя паняцці: тэрміналагічная сістэма, сэнсавая афарбоўка, словы-тэрміны, словазлучэнні-тэрміны, сімвалы, формулы, лічбы.

1. Тэрмінасістэма (эканамічна-бухгалтарская, фізіка-тэхнічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая і г. д.)

Кожны тэрмін з'яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. А пэўная тэрміналагічная сістэма абмежавана адной галіной навукі. Тэрміны ў межах пэўнай сістэмы - члены адной сям'і. Яны залежаць адзін ад аднаго, кожнае слова мае сваё месца. Гэтая сістэмная залежнасць адзінак унутры тэрміналогіі - галоўная характарыстыка адзінак гэтага тыпу. Так, тэрмін выяўляе адназначнасць і атрымлівае яе менавіта праз прыналежнасць да дадзенай сістэмы. Напрыклад, слова “флюс” у медыцынскай тэрміналогіі азначае `паднадкосцевы ці паддзяснёвы гнайнік, які суправаджаецца ацёкам тканак вакол', флюс у металургіі `матэрыял, які ўводзіцца ў шыхту пры выплаўцы і пераплаўцы металаў для ўтварэння шлакаў пэўнага саставу'. Тэрміналагічныя сістэмы розных галін навукі і тэхнікі, нягледзячы на іх адрозненні, маюць агульныя рысы, паколькі складаюцца з лексічнага матэрыялу той мовы, на якой гавораць вучоныя, і з выкарыстаннем некаторых лагічных заканамернасцей. Так, напрыклад, у мінералогіі паслядоўна пры ўтварэнні тэрмінаў выкарыстоўваецца словаўтваральны сродак -іт-, -ыт-: вулканіт, гейзерыт, кальцыт; у хіміі ўжываецца словаўтваральны сродак -ый-, -ій- для абазначэння хімічных элементаў: германій, гелій, індый, натрый і г. д. Тэрміны, такім чынам, суадносяцца з іншымі найменнямі ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі і ўтвараюць разам тэрміналагічную сістэму, ці тэрмінасістэму. Можна гаварыць пра эканамічна-бухгалтарскую, фізіка-тэхнічную, медыка-біялагічную, гандлёвую, харчовую і іншыя тэрмінасістэмы. Напрыклад:

каштарыс, дэбіторская запазычанасць, трасат, трасант, пасіў - эканамічна-бухгалтарская тэрмінасістэма;

аказіянальны, вакатыў, інфінітыў, кампаратыў - лінгвістычная тэрмінасістэма;

пастэрызацыя, гамагенезацыя, нармалізацыя, ферментацыя, дэнатурацыя - харчовая (малочная) прамысловасць;

прывад, паўправаднік, інтэрпаляцыя, генерыраваць, дэфармацыя, вібрацыя - тэхнічная тэрмінасістэма.

2. Патрабаванні да тэрмінаўжывання

Асноўныя патрабаванні да тэрмінаўжывання: дакладнасць, яснасць, адназначнасць, сістэмнасць, г. зн. тэрмін павінен ужывацца ў адным значэнні, без дадатковых сэнсавых афарбовак (памяншальна-ласкальных, павелічальна-пагарджальных, прастамоўных, гутарковых), павінен адпавядаць канкрэтнаму навуковаму паняццю, якое ўжываецца ў межах пэўнай галіны навукі. У сувязі з павышэннем культурнага ўзроўню народа, з развіццём навукі і тэхнікі колькасць тэрмінаў , якія, не губляючы сваіх тэрміналагічных функцый, атрымліваюць шырокае літаратурнае выкарыстанне, значна павялічваецца. Гэтаму садзейнічаюць газеты, радыё, масавая навукова-папулярная літаратура. Аднак менавіта тут часцей за ўсё сустракаюцца выпадкі загрувашчвання тэкстаў вузкаспецыяльнымі тэрмінамі і прафесіяналізмамі. Вось урывак з артыкула ветэрынарнага ўрача (надрукаваны ў газеце):

Яшчур - вострае кантагіёзнае захворванне, якое рапаўсюджваецца ў выглядзе эпізаотыі і паражае пераважна буйную рагатую жывёлу. Хвароба характарызуецца наступнымі прыметамі:з'яўленне на венцах капытоў, у ротавай поласці, сасках вымені эрозій з выразнай здольнасцю да хуткага загнойвання.

Падкрэсленыя словы будуць незразумелыя большасці чытачоў, на якіх разлічаны артыкул. Гэта яшчэ раз даказвае, што вузкаспецыяльныя тэрміны павінны ўжывацца ў навуковай літаратуры, значэнне такіх слоў зразумела толькі спецыялістам. У іншых сферах дзейнасці трэба ўжываць або агульназразумелыя тэрміны, або пазбягаць іх выкарыстання зусім, замяняючы іх даступнымі тлумачэннямі.

3. Лексічныя, семантычныя, граматычныя асаблівасці тэрміналогіі

Тэрміны паводле будовы суадносяцца са словамі ці спалучэннямі слоў, часцей за ўсё са словазлучэннямі. Разгледзім падрабязна кожную групу тэрмінаў.

1.Словы-тэрміны не могуць існаваць па-за межамі часцін мовы, але ў якасці тэрмінаў выкарыстоўваюцца толькі назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі, дзеясловы. Асноўную колькасць слоў-тэрмінаў складаюць назоўнікі. Напрыклад: паўфабрыкат, рэкламаванне, купон, буцік, дэмпінг (слоўнік па маркетынгу); акрэдытыў, акцыз, аўдыт, аўдытар (слоўнік менеджэра); каагуляцыя, дэнатурацыя, інактывацыя, казеін, фермент (са слоўніка інжынера-тэхнолага малочнай прамысловасці). У якасці аднаслоўных тэрмінаў часта выкарыстоўваюцца ўласныя імёны, якія, перайшоўшы ў разрад тэрмінаў, становяцца агульнымі назоўнікамі. Да такіх тэрмінаў можна аднесці адзінкі вымярэння фізічных велічынь, названыя ў гонар адкрывальнікаў, напрыклад: ампер `адзінка сілы току' - па прозвішчы французскага фізіка А. М. Ампера; джоўль `адзінка энергіі' - па прозвішчы англійскага фізіка Дж. П. Джоўля; паскаль `адзінка ціску' - па прозвішчы французскага вучонага Б. Паскаля. У ролі тэрміна выкарыстоўваюцца ўласныя назоўнікі і як утваральныя асновы, напрыклад: у хімічнай тэрміналогіі выкарыстоўваюцца прозвішчы вучоных, у гонар якіх названы хімічныя элементы: Курчатаў - курчатавій, Кюры - кюрый, Мендзялееў - мендзялевій (мендзелеявіт) і г. д. Іншы раз для ўтварэння тэрміна выкарыстоўваецца спалучэнне імя і прозвішча вучонага: дацкі фізік Нільс Бор - хімічны элемент нільсборый. У якасці асновы слова-тэрміна выкарыстоўваецца геаграфічная назва - уласны назоўнік: Каліфорнія - каліфорній, Амерыка - амерыцый, францыя - францый, Рэйнская зямля - рэній, Германія - германій і інш. Уласны назоўнік становіцца часткай складаных аднаслоўных тэрмінаў: амперметр `прыбор для вымярэння сілы пастаяннага і пераменнага электрычнага току'.

У якасці слоў-тэрмінаў таксама ўжываюцца прыметнікі. У параўнанні з шырока ўжывальнымі назоўнікамі іх даволі мала. Тым менш прыметнікі-тэрміны можна сустрэць у розных тэрмінасістэмах: у эканоміцы - дэпазітны, валютны, тэрміновы, падаткавы; у хіміі, фізіцы - (жалеза) арматурнае, бромістае, вязкае, загартаванае, двухсярністае, самароднае, метэарытнае, стужачнае, перанасычанае і г. д.

Дзеясловы таксама ўжываюцца ў якасці тэрмінаў. Так, слоўнік па маркетынгу называе такія дзеяловы: ацэньваць, забяспечваць, павышаць, маркіраваць, прагназаваць, канверсаваць, інвесціраваць; у фізіцы, хіміі - дысацыіраваць, сінтэзаваць, разбаўляць, спальваць, звадкоўваць.

У ролі тэрмінаў прыслоўі ўжываюцца рэдка. Але ўсё ж сустракаюцца ў некаторых галінах навукі, культуры, тэхнікі: у тэхніцы - накрыж, шчыльна, дысперсійна, даволі пастаянна, упоперак; у медыцыне - унутрывенна, дынамічна, уручную.

2.Словазлучэнні-тэрміны шырока выкарыстоўваюцца ў навуцы і тэхніцы. Вылучаюць свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. У свабодных словазлучэннях кожны кампанент па-за межамі тэрміна можа ўступаць у сувязь з іншымі словамі, напрыклад: ёмкасць рынку, рынак пакупніка, серная кіслата, канцэнтрацыя раствору. Кожны кампанент з'яўляецца тэрмінам. У несвабодных словазлучэннях-тэрмінах можна выдзеліць кампанент, які можа і не быць тэрмінам, напрыклад: бацькоўская фірма, белы тавар - тэрміны маркетынгу, дзе `бацькоўская, белы' - словы агульнаўжывальныя, якія не маюць тэрміналагічнага значэння, калі ўжываюцца па-за тэрмінам. Тое ж можна сказаць пра тэрміны “водазліўная вежа, абсалютная велічыня, глаўберава соль”. У словазлучэннях-тэрмінах наглядаецца спалучэнне назоўніка з назоўнікам (галоўнае і залежнае слова): доза выпраменьвання, растваральнасць рэчыва, сульфат кальцыю, крыніца атрымання. У якасці кампанента тэрмінаў з галоўным словам агульным назоўнікам выступаюць уласныя назоўнікі: закон Авагадра, закон Кулона, прынцып Ферма, шкала Цэльсія, піраміда Маслава, індэкс Нільсана (у эканоміцы). Часам у склад кампанента тэрміна-словазлучэння ўваходзіць два прозвішчы адразу, носьбіты якіх мелі дачыненне да адкрыцця, напрыклад: ураўненне Клапейрона-Мендзялеева, закон Джоўля-Ленца, энергія Гібса. Радзей сустракаюцца прыназоўнікавыя тэрміны-словазлучэнні: выдаткі на захаванне, адмаўленне ад іску, кансалтынг па менеджменту. Шырока прадстаўлены тэрміны-словазлучэнні, якія ўяўляюць сабой спалучэнне прыметніка з назоўнікам, дзе прыметнік выступае ў ролі азначэння, але ўсё ж выконвае не якасную характарыстыку, а ўдакладняльную, класіфікацыйную: у эканоміцы - баланс аперацыйны, злучальны, раздзяляльны, уступны, ліквідацыйны; у фізіцы - карозія анодная, катодная, нераўнамерная, глебавая, сухая, паскораная, скразная, нажавая, паслойная; у харчовай прамысловасці - бульбапрадукты сухія, замарожаныя, абсмажаныя, ахалоджаныя, кансерваваныя, канцэнтраваныя. Прыметнік у складзе тэрміна не можа мець формаў ступеней параўнання, нават калі гэта якасны прыметнік, напрыклад: сухія прадукты, сухая карозія - тут прыметнікі маюць толькі форму скланення і не маюць форм ступеней параўнання. У складзе тэрмінаў-словазлучэнняў могуць быць вытворныя прыметнікі ад уласных назоўнікаў: рэнтгенаўскія промні (адкрыты нямецкі фізікам К. Рэнгенам), дызельнае паліва (па прозвішчы нямецкага інжынера Дызеля).

3.Адметнасцю сучаснай навуковай тэрміналогіі беларускай мовы з'яўляцца трохслоўныя і шматслоўныя тэрміны. Гэта звязана з удакладненнем, дапаўненнем галоўнага кампанента, каб больш дэталёва выразіць абазначанае паняцце, каб больш адлюстраваць колькасць прыкмет паняцця, з другога боку, гэта звязана з адсутнасцю аднаслоўных тэрмінаў. Добра было б, калі можна замяніць словазлучэнне-тэрмін аднаслоўным тэрмінам: схема размяшчэння - кампаноўка; вядучы прэзентацыі тавару -дэманстратар; уласцівасць рэчываў растварацца - растваральнасць; колькасць рэчыва, растворанага ў пэўнай колькасці растваральніка - канцэнтрацыя (раствору). Састаўныя тэрміны падобныя да простых перш за ўсё тым, што яны абазначаюць адно цэласнае паняцце. У трох- і шматслоўных тэрмінах апорным словам з'яўляецца назоўнік, напрыклад: фонд заработнай платы, бюджэтныя ўстановы і арганізацыі, метад бухгалтарскага ўліку, кантрольны пакет акцый, свабодна канверсаваная валюта. Часткова састаўныя тэрміны спрашчаюцца, утвараючы складаныя словы, абрэвіятуры: капітальныя ўкладанні - капукладанні, перфарацыйная карта - перфакарта; Амерыканская асацыяцыя маркетынгу - ААМ; Еўрапейская эканамічная супольнасць - ЕЭС. Іншы раз замяняюцца іншамоўнымі словамі: даведнік цэн па відах і гатунках тавараў або па відах паслуг - прэйскурант.

4. Асаблівасці выкарыстання разам з тэрмінам сімвалаў, лічбаў

Выдзяляюць у навуковых тэкстах і такі адметны пласт, як рознага тыпу скарачэнні, абрэвіятуры, лічбы, сімвалічныя і формульныя абазначэнні: к. к. дз. - каэфіцыент карыснага дзеяння; ВНП - валавы нацыянальны прадукт; Па - паскаль `адзінка вымярэння ціску'; кДж - кілаДжоўль `адзінка вымярэння энергіі'; Fе, О - жалеза, кісларод; корань квадратны; Н О - формула вады; СuSО 5НО - медны купарвас; 5% - пяць працэнтаў і інш. Гэта агульнапрынятыя скарачэнні, формулы; яны уніфікаваны, адпавядаюць стандарту афармлення. Шырока выкарыстоўваюцца ў навуковых (эканамічных, фізічных, хімічных і інш.) тэкстах лічэбнікі. Тут важна звярнуць увагу на граматычны бок такіх спалучэнняў. Калі слова-тэрмін (назоўнік, прыметнік, дзеепрыметнік, парадкавы лічэбнік) спалучаецца з лічэбнікамі “два, тры, чатыры”(2, 3, 4), то тэрмін будзе мець форму назоўнага склону, множнага ліку: 2 малекулы, 3 атамы. Калі ўжываецца дробавы лічэбнік і ў лічніку “два, тры, чатыры”, то назоўнік (рус.знаменатель) таксама мае форму назоўнага склону множнага ліку: тры пятыя гадзіны. Звычайна лічэбнікі ў навуковых тэкстах запісваюцца лічбамі. Ужытыя сімвалічныя, формульныя, лічбавыя абазначэнні даюць магчымасць эканоміць пісьмовую мову, больш дакладна перадаваць навуковыя паняцці.

ЛЕКЦЫЯ 13. Асаблівасці ўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі

1. Прадуктыўныя спосабы словаўтварэння.

2. Тэрміналагізацыя.

3. Уніфікацыя і стандартызацыя тэрмінаў.

4. Сучасны стан беларускай тэрміналогіі. Тэрміналагічныя слоўнікі.

Асноўныя паняцці: тэрміналагізацыя, уніфікацыя, стандартызацыя, дэрыват.

1. Прадуктыўныя спосабы словаўтварэння

Тэрміны, як і звычайныя словы літаратурнай мовы, утвараюцца паводле законаў і на аснове законаў словаўтварэння беларускай мовы. Аднак утварэнне тэрмінаў мае свае адметнасці, свае асаблівасці, вывучэнне якіх дапаможа правільнай тэрмінатворчасці, удасканальванню сучасных тэрмінаў ў беларускай мове. Так, да гэтага часу ідуць пошукі беларускага адпаведніка да рускага слова “кислота”. Спачатку было прапанавана некалькі адпаведнікаў: квас, кісля, кісласць; пазней - кіслата, кісліна, пасля рэформы 1933 года замацаваўся адзін тэрмін - кіслата.

Для беларускай мовы пытанне аб утварэнні тэрмінаў асабліва актуальнае яшчэ і па прычыне абмежаванага ўжывання беларускай мовы ў сферы навукі і тэхнікі, а як вынік гэтага - недастаткова распрацаваная і практычна рэалізаваная, ужывальная тэрміналогія. Вылучаюць наступныя спосабы ўтварэння тэрмінаў:

сінтаксічны;

суфіксальны;

прэфіксальны (прыставачны);

прэфіксальна-суфіксальны;

аснова- і словаскладанне;

абрэвіяцыя;

семантычны (тэрміналагізацыя).

Сінтаксічны спосаб - самы прадуктыўны спосаб утварэння тэрмінаў; ён прадугледжвае рознага тыпу спалучэнні:

прыметнік + назоўнік - інвентарная кніга, адсарбіраванае рэчыва, акустычная ізаляцыя;

назоўнік + назоўнік - вільготнасць паветра, вышыня гука, дысперсія хвалі, дэфекты ў крышталі;

назоўнік + прыметнік + назоўнік: адвод ахалоджанай вады, вільготнасць фармовачнай сумесі, грэбень высокага ціску, датчык актыўнага супраціўлення, ёмістасць акумуліраванай энергіі;

назоўнік + назоўнік + назоўнік - працэс удзімання кальцыю, мадулятар сістэмы сувязі;

назоўнік + прыназоўнік + прыметнік (дзеепрыметнік) + назоўнік - печ з тарцовай загрузкай, ліст для глыбокай выцяжкі, барабан з адлітымі баразёнкамі;

назоўнік + прыназоўнік + назоўнік + назоўнік - барабан для ачысткі адлівак;

назоўнік + прыметнік + назоўнік + назоўнік - працэс прамога атрымання жалеза, частата зваротна-паступальнага руху крышталізатара.

Апорным словам у такіх спалучэннях з'яўляецца назоўнік. Усе сінтаксічныя тэрміны можна раздзяліць на два тыпы паводле ступені сэнсавага раздзялення іх: непадзельныя і фармальна падзельныя. Непадзельныя тэрміны-словазлучэнні нагадваюць фразеалагізмы літаратурнай мовы: гусіныя лапкі (батан.), саляная кіслата.

Суфіксальны спосаб з'яўляецца вельмі прадуктыўным; тэрміны ўтвараюцца ад асноў уласных і агульных назоўнікаў, уласнабеларускіх і іншамоўных слоў:

ад уласных імён утвараюцца тэрміны пры дапамозе суфіксаў -ізм-, -ызм-, -эізм-, -янств-, -ўств-: дарвінізм, піфагарэізм, талстоўства, канфуцыянства;

-іт-, -ыт-: калумбіт, дамейкіт, турынгіт, прустыт;

ад агульных назоўнікаў утвараюцца тэрміны з дапамогай суфіксаў -нн-, -енн-, -к-, -ск, -н-: навядзенне, насычэнне, аўдытарскі, наладка, паверка, бартэрны.

Шырока выкарыстоўваюцца іншамоўныя ўтваральныя асновы: сінтэтыка - сінтэтычны; алюміній - алюмініраванне, алюмініевы; балансаваць - балансаванне. Выкарыстоўваюцца іншамоўныя суфіксы -ізм-, -фікацыя-, -аж-, -іст-, -ацыя- (-яцыя-) і інш.: градацыя, дрэнаж, электрыфікацыя, эгаіст, ізаляцыя, канцэнтрацыя.

Прэфіксальны спосаб характарызуецца далучэннем прэфікса да цэлага слова: антыцыклон, суперфасфат. Сярод прэфіксаў можна вызначыць уласныя і іншамоўныя, пры гэтым прэфіксы -ультра-, -звыш-, -экстра- маюць адно значэнне `шмат, звыш', але прэфікс “ультра” адрозніваецца большай прадуктыўнасцю.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ: дэцы (лац.) `дзесяць'; метр (грэч.) `вымяраю'; літр (грэч.) `фунт'; дэ (лац.) `з, на' - дэцэнтралізацыя; дыя (грэч.) `раздзяленне, узаемасувязь' - дыяспара; грама (грэч.)'запіс' - дыяграма; генез (грэч.) `паходжанне' - генезіс; графія (грэч.) `пішу' - біяграфія; доза (грэч.) `порцыя' - біядоза; дынаміка (грэч.) `моц, сіла'; аўта (грэч.) `сам'; база (грэч.) `аснова' - аўтабаза.

Прэфіксальна-суфіксальны спосаб утварэння тэрмінаў характарызуецца далучэннем прэфікса і суфікса да ўтваральнай асновы адначасова: рас-крытык-ава-ць.

Аснова- і словаскладанне - гэта спосаб, калі тэрміны ўтвараюцца ў выніку спалучэння як уласных, так і іншамоўных частак: аграфірма, відэатэрмінал, архівасховішча, вільгацеізаляцыя, землеўпарадкаванне.

Складана-суфіксальны спосаб - утварэнне тэрмінаў шляхам складання асноў і далучэннем суфіксаў, напрыклад: аднатыпны, мясарэзка, сокавыціскалка.

Бяссуфіксны спосаб - характэрная з'ява ў тэрмінатворчасці. Тэрміны ўтвараюцца шляхам адсячэння суфіксаў, напрыклад: надлом, напал, ціск, абгар, абмер.

Утварэнне тэрмінаў спосабам абрэвіяцыі разнастайнае:

складанне першых літар назвы (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства - АДСС);

складанне першых гукаў назвы (тэхніка-эканамічная інфармацыя -ТЭІ);

спалучэнне часткі слова і цэлага (зарплата, перфакарта, дзяржсектар);

спалучэнне назваў першых гукаў слоў ці іх частак і цэлага апошняга слова (ДАст);

спалучэнне цэлага слова і першых літар назвы (персанальная ЭВМ, мікра-ЭВМ.

2. Тэрміналагізацыя

Утварэнне тэрмінаў семантычным спосабам (або тэрміналагізацыя) надзвычай пашыраная з'ява, інакш кажучы, адбываецца пераасэнсаванне агульўжывальных слоў і пераход іх у тэрмінасітэму. Як правіла, тэрміналагічная намінацыя - гэта другасная з'ява. Асаблівая роля пры тэрміналагізацыі агульнаўжывальнага слова належыць матывацыі,у першую чаргу метафары і метаніміі. Метафара дае перанос значэння па падабенстве, напрыклад: рукаў `частка адзення' і пераасэнсаваныя словы, якія сталі тэрмінамі - рукаў ракі, рукаў пажарны. Асабліва метафарызуюцца назвы частак цела чалавека (вушка, язык, плячо); назвы жывых істот, частак іх цела, жылля (гняздо, крыло, лапкі, нос, пяро); назвы частак адзення (кажух, гарлавіна, рукаў, шапка) і інш.

У сучасным тэрмінаўтварэнні ў адрозненне ад перыяду 20 - 30-х гадоў агульнаўжывальныя словы набываюць тэрміналагічнае значэнне пераважна ў складзе састаўных тэрмінаў, напрыклад: альфа-промні, дымавая засаўка, лішкавае паветра, амплітуда вагання. Тэрміны адрозніваюцца ад сваіх агульнаўжывальных аманімічных слоў граматычымі формамі. Так, часта ў тэрміналагічным значэнні назоўнікі выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку, напрыклад: воды (мінеральныя), нафты, маслы. Асобныя тэрміны ўласнага паходжання ўзяты з размоўнай лексікі і выдзяляюцца ўсё ж сваім размоўна-бытавым характарам: задзірына `задранае месца на гладкай паверхні', таваразнавец і таваразнаўца, выпіхач (рус. выталкиватель). Тэрміналагізацыя характэрна ўсім тэрмінасістэмам.

3. Уніфікацыя і стандартызацыя тэрмінаў

У сучасных умовах пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы адной з важных праблем паўстае тэарэтычная і практычная распрацоўка пытанняў беларускай тэрміналогіі. Важным з'яўляецца стварэнне адзінага навуковага стылю беларускай мовы, банка яго лексічных сродкаў. Сучасная сітуацыя нагадвае час актыўнай распрацоўкі тэрміналогіі ў 20-я гады, а таксама яшчэ раней, у кан. 19 - пач. 20 ст. ст. Развіццё сучаснай тэрміналогіі неабходна даследаваць у аспекце развіцця, упарадкавання, структурна-семантычным і словаўтваральным. Важным пытаннем удасканалення моўнага афармлення беларускай тэрміналогіі выступае аналіз умоў і магчымасцей “згортвання” шматслоўных намінацый, здольных дакладна перадаваць змест паняцця: (рус.) печатающее устройство - друкавальнае прыстасаванне - прынтар. Пры арыентацыі на практыку рускага тэрмінаўтварэння і ў выніку практычнай нязручнасці аналітычнай дэрывацыі (утварэння) у тэрміналогіі часта ўзнікаюць выпадкі выкарыстання аднаслоўных запазычаных тэрмінаў у беларускай тэрміналогіі. Ёсць выпадкі, калі запазычанне не вызначаецца аб'ектыўнай неабходнасцю, так як ёсць адпаведная словаўтваральная база ў выглядзе пэўнага словазлучэння: кіруючае прыстасаванне - кіравальнік (але не можа быць “кіруючае слова”, “кіруючая лінія”). Стварэнне аднаслоўных беларускіх тэрмінаў на аснове існуючых словазлучэнняў абмяжоўваецца часта не толькі словаўтваральнымі магчымасцямі, але і дадатковымі адценнямі магчымага дэрывата, нязвычнасцю ўтвараючага фарманта: друкавальнае прыстасаванне - друкавальнік (параўнаем: `друкар' - `работнік друкарскай справы'). Стварэнне аднаслоўных тэрміналагічных намінацый неабходна з пункту гледжання зручнасці і эканомнасці моўных сродкаў, а таксама і з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці нацыянальнага тэрміна і запазычанага. Актыўнасць англамоўных слоў атрымала назву “экспансія англамоўных тэрмінаў”. Шматслоўныя рускія і створаныя на іх аснове беларускія тэрміны ніяк не могуць супрацьстаяць гэтаму актыўнаму працэсу.

Супастаўляльны аналіз беларускай, рускай, украінскай тэрміналогій з тэрміналогіяй англійскай і французскай паказвае, што ў англійскай і французскай мовах аналітычныя тэрміны (каторыя складаюцца з некалькіх слоў) хоць і складаюць значную частку тэрмінасістэм, аднак не такую шырокую, як ва ўсходнеславянскіх мовах. Тэрмінасістэма нацыянальнай мовы фарміруецца двума шляхамі:

тэрміналагічная намінацыя працэсаў, з'яў, якія ўжо вядомы навуцы; гэта звязана з расшырэннем існуючых аднаслоўных ці шматслоўных намінацый шляхам далучэння пэўных азначэнняў, дапаўненняў і іншых канкрэтызуючых кампанентаў;

тэрміналагічная намінацыя новага паняцця.

Працэс тэрмінатворчасці носіць індывідуальны характар. На яго значны ўплыў аказвае ступень нацыянальнай самасвядомасці навуковай інтэлігенцыі, ступень адаптаванасці тэрмінасістэмы да ўспрымання і засваення дасягненняў НТП, насычанасць тэрмінасістэмы. Праектаванне тэрміналагічных сістэм з зададзенымі характарыстыкамі з'яўляецца актуальнай праблемай сучаснай тэрміналагічнай работы. Прынцыпы распрацоўкі тэрміналогіі:

стыхійнае “натуральнае” складванне тэрміналагічнай лексікі;

арганізаваная, мэтанакіраваная работа.

У сучасных умовах міжнароднага супрацоўніцтва і абмену навуковай інфармацыяй праблема ўпарадкавання навуковай тэрміналогіі ў нацыянальнай мове і міжнародная каардынацыя тэрміналагічнай работы набывае міжнароднае значэнне. Уніфікацыю тэрміналогіі, як адзначаюць сучасныя спецыялісты, трэба вылучыць у якасці адной з актуальных задач моўнай палітыкі, якая можа быць вырашана дзякуючы супрацоўніцтву дзяржаў. У краінах СНД наглядаюцца дзве тэндэнцыі ў навукова-даследчай рабоце:

- развіццё навуковай тэрміналогіі ў нацыянальнай рэспубліках; развіццё навуковага стылю нацыянальных моў;

- інтэграцыя навуковых даследаванняў, імкненне да максімальнага збліжэння на аснове рускай тэрміналогіі, уніфікацыя тэрміналогіі (скарачэнне неапраўданай разнастайнасці назваў, прывядзенне слоў-тэрмінаў да аднолькавай струтуры, формы). Неабходна адрозніваць “натуральны” працэс міжнароднай (міжнацыянальнай) уніфікацыі тэрмінаў і свядомую работу па уніфікацыі. Вядучую ролю ў развіцці асноўных тэндэнцый выконвае руская мова. У цяперашні час актывізуецца роля рускай мовы як сродку міжнародных навуковых сувязей, што ў сваю чаргу звязана з узрастаннем яе ролі як сродку уніфікацыі тэрміналогіі ва ўсходнеславянскіх мовах.

4. Сучасны стан беларускай тэрміналогіі. Тэрміналагічныя слоўнікі

Распрацоўка любой тэрміналогіі - справа сур'ёзная, яна вымагае цеснага супрацоўніцтва мовазнаўцаў з прадстаўнікамі адпаведных навук. Ідэя уніфікацыі з арыентацыяй на рускую мову добра прыжылася ў навуковых і дзяржаўных установах. Але справа ў тым, што многія уніфікаваныя тэрміны знаходзяцца ў прынцыповай супярэчнасці з беларускімі моўнымі традыцыямі і арфаграфіяй. Так, сучасная фізіка-хімічная тэрміналогія ўключае звыш шасці дзесяткаў такіх элементаў. У найменнях “гелій, літый” і інш. выкарыстоўваюцца неўласцівыя беларускай мове “канчаткі” -ій-,-ый-. Падобныя няўдалыя запазычанні, узятыя непасрэдна з рускай мовы, патрабуюць уважлівага асэнсавання і большай адаптацыі ў нашай мове. Пры ўпарадкаванні хімічных элементаў, напрыклад, неабходна кіравацца наступнымі прынцыпамі: 1) па магчымасці захаваць семантыку паходжання слова; 2) прывесці напісанне ў адпаведнасць з беларускімі моўнымі традыцыямі; 3) неабходна саблюдаць мілагучнасць і лёгкасць вымаўлення; 4) неабходна прытрымлівацца міжнародных стандартаў. У.Паўловіч прапануе ўпарадкаваць элементы па наступных групах:

захаванне асновы лацінскай назвы - barium - бар, iridium - ірыд;

змякчэнне канцавой зычнай лацінскай асновы - magnesium - магнезь, aluminium - алюмінь;

ужыванне суфіксаў -ань-,-энь- - lithium - ліцень, cadmium - кадмень;

ужыванне суфікса -ель- (калі лацінсая аснова заканчваецца на -n) rhenium - рэнель;

ужыванне суфіксаў -ен-, -эн- - francium - францэн, gallium - гален;

пераклад на беларускую мову з улікам семантыкі паходжання - silicium - крэмень (або старажытная назва крэмнію “гега”); апошняя назва захавалася ў дыялектах.

Праект аўтара заслугоўвае ўвагі, але рэалізацыя яго - гэта доўгая і марудная праца.

Кожны новы тэрмін, які ствараецца, можна пракантраляваць, паколькі тэрмін фіксуецца ў працах, слоўніках. Пры Міністэрстве адукацыі РБ працуе Тэрміналагічная камісія, мэта якой - стварэнне, стабілізацыя тэрміналогіі ўвогуле і пэўных тэрмінасістэм у прыватнасці. Словы-тэрміны фіксуюцца ў слоўніках. Складаннем слоўнікаў займаецца лексікаграфія. Вылучаюць энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі. Энцыклапедычныя слоўнікі - даведачныя навуковыя выданні, якія даюць кароткія звесткі па асобных галінах навукі і тэхнікі, літаратуры і мастацтва. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, з'явы, прадметы, падзеі. У такіх слоўніках няма граматычных і стылістычных характарыстык слова, няма прыкладаў у тэксце. Лінгвістычныя слоўнікі тлумачаць значэнне слова, яго ўжыванне, паходжанне і г.д. Да лінгвістычных слоўнікаў адносяцца і тэрміналагічныя. У апошнія гады выдадзена шмат слоўнікаў розных галін навукі і тэхнікі. Гэта тлумачальныя слоўнікі і перакладныя. Воь толькі некаторыя:

...

Подобные документы

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Феномен мовы і паняцце соцыуму. Гісторыя двухмоўя на Беларусі. Этапы фарміравання беларускай мовы. Лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы. Стылістыка і функцыянальныя стылі. Навуковы стыль і яго разнавіднасці. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі.

    курс лекций [208,8 K], добавлен 30.03.2015

  • Разгорнуты адказ і тэзісны план теми "Гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы". Прыклады марфалагічнай і сінтаксічнай інтэрферэнціі. Выразы з публіцыстычнага, навуковага, афіцыйна-справавога стыля, сказы выразнай функцыянальна-стылявой прыналежнасці.

    контрольная работа [23,8 K], добавлен 08.10.2012

  • Паходжання безэквівалентнай лексікі, яе лексіка-семантычная характарыстыка і спосабы словаўтварэння. Знаёмства са слоўнікам І.Р. Шкрабы. Вывучэнне найбольш старажытнага пласта абмежаванай лексікі - дыялектызмы, якія яшчэ не засвоены літаратурнай мовай.

    курсовая работа [62,1 K], добавлен 12.01.2016

  • Вызначэнне тыповых лексіка-граматычных сродкаў арганізацыі тэксту і лексіка-сінтаксічных канструкцый. Асаблівасці стылю тэксту і правілы выкарыстання маўленчых абарачэнняў. Прыклады магчымай інтэрферэнцыі і прыклад вызначэння некаторых яе відаў.

    контрольная работа [23,5 K], добавлен 08.10.2012

  • Сучасная моўная сітуацыя. Сутнастць і асаблівасці білінгвінізму. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды. Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай. Сінтаксічныя асаблівасці беларускай мовы.

    реферат [23,9 K], добавлен 24.01.2009

  • Важні рысы заканадаўчого падстылю у кантэксце афіцыйна-справавога стылю, переважна сфера выкарыстання. Асаблівасці, уласціві для афіцыйна-справавога стылю беларускай мовы: лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці, жанры і фразеалогія.

    реферат [16,7 K], добавлен 22.06.2011

  • Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны. Фаналогія і арфаграфія, акустычная фанетыка і графіка беларускай мовы як навука. Паняцце транскрыпцыі і арфаэпіі. Вымаўленне галосных і зычных. Гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння.

    реферат [35,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Старажытна и новая беларуская лiтаратурная мова. Дыялектная мова – мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – мова аднаго цi некалькiх населеных пунктаў. Лiтаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная, унармаваная форма мовы.

    реферат [35,7 K], добавлен 15.12.2010

  • Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі, асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця. Развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага. Грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельская тэрміналогія.

    реферат [34,7 K], добавлен 25.01.2011

  • Паняцця, асаблівасці і граматычна характарыстыка часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнiк, прыслоўе, інфiнiтыў i дзеепрыслоўе. Службовыя часціны мовы. Часціцы і мадальныя словы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.

    курсовая работа [77,0 K], добавлен 25.01.2011

  • Этнамоўная самасвядомасць і развіцце беларускай мовы. Аналіз перапісаў насельніцтва. Закон аб мовах, ягоны ўплыў на цяперашні стан беларускай мовы, параўнанне з адпаведнымі законамі іншых постсавецкіх краінаў. Сучасная этнамоўная сітуацыя ў Беларусі.

    курсовая работа [70,3 K], добавлен 10.01.2011

  • Паняцці літаратурнай нормы і яе варыянтаў, нармалізацыі і нарматыўнасці мовы. Нормы беларускай літаратурнай мовы - гэта прынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы адукаваных людзей правілы узорнага вымаўлення і напісання, словаўтварэння і словаўжывання.

    реферат [35,9 K], добавлен 25.03.2011

  • Ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні наці. Лексікалогія і прадмет яе вывучэння. Вусная і пісьмовая формы мовы. Білінгвізм, яго тыпы, аспекты і разнавіднасці. Акцэнтная, фанетычная, арфаэпічная інтэрферэнцыя.

    учебное пособие [1,1 M], добавлен 23.04.2014

  • Сацыяльная прырода мовы, гіпотэзы яе паходжання. Мова і культура. У кожнай мове адбіваецца жыццевы і духоўны вопыт народа. Беларуская мова: яе паходжанне і развіцце. Формы беларускай нацыянальнай мовы. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення.

    реферат [72,3 K], добавлен 26.02.2011

  • Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства, вывучэння вусна-гутарковай мовы. Праблемы ўпарадкавання літаратурнай лексікі ў 20-х гг. ХХ стагоддзя, пачатак спецыяльнай работы па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі.

    курс лекций [29,2 K], добавлен 08.06.2009

  • Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы. Паходжанне фразеалагізмаў ў рускай, беларускай і польскай мовах. Аналіз этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам "зямля", іх класіфікацыя па лексічных значэнняў і сінтаксічныя асаблівасцяў.

    курсовая работа [31,1 K], добавлен 16.03.2010

  • Пераклад у сістэме навучання беларускай мове - адный з відаў работ па развіцці звязнага маўлення. Мэтазгоднасць выкарыстання перакладу на ўроках мовы. Тыпалогія перакладаў у залежнасці ад мэт і задач навучання, віды прыёмів. Праца над перакладам.

    реферат [25,4 K], добавлен 17.02.2011

  • Роля мовы ў грамадстве. Уменне ўсталёўваць кантакт і наладжваць дыялог з суразмоўцам. Мова і маўленне. Мовы свету і іх класіфікацыя. Мова - духоўны скарб народа. Фактычныя функцыя мовы. Асноўныя функцыі мовы, якія ўласцівыя і ўсіх тыпаў маўлення.

    реферат [34,7 K], добавлен 17.12.2010

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.